|
|
№
1(11)/2000
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Проза
Да юбілею 2000 Года
Паэзія
Постаці
Погляд збоку
|
Італьянскі пісьменнік Ігнацыё Сілонэ (сапр. імя Сэкандзіно Транквіллі) нарадзіўся ў 1900 годзе ў правінцыі Аквіла (Абруцца) і там жа атрымаў пачатковую адукацыю. Рана страціў бацькоў і далей вучыўся ў пансіёнах, затым перапыніў навучанне і пераехаў у Рым, дзе падчас першай сусветнай вайны (1917) працаваў у перыёдыцы сацыяльнага і пацыфісцкага кірунку. З прыходам фашызму разам з Антоніо Грамшы стаў актывістам падполля і ў хуткім часе мусіў пакінуць краіну. Пасля кароткага знаходжання ў Францыі пасяліўся спачатку ў Лукарна, потым у Цюрыху, дзе пражыў пятнаццаць гадоў. У гэты час распачалася яго актыўная пісьменніцкая дзейнасць. Лёс склаўся такім чынам, што многія творы пісьменніка спачатку выйшлі на замежных мовах, напрыклад, «Фантамара» (1933), «Хлеб і віно» (1936), «Школа дыктатараў» (1938), «Насенне пад снегам» (1941), драматычны твор «І ён схаваўся...» (1944). Літаратурная і публіцыстычная творчасць прынеслі пісьменніку шырокую вядомасць; яго кнігі ў перакладзе на польскую мову беларускія пісьменнікі чыталі яшчэ напрыканцы 30-х. Максім Танк згадваў у дзённіку, што аповесць «Фантамара» зрабіла на яго незабыўнае ўражанне. Сілонэ вярнуўся ў Італію пасля вызвалення краіны і цалкам прысвяціў сябе літаратурнай і публіцыстычнай дзейнасці. З-пад яго пяра выйшлі новыя раманы і эсэ: «Прыгаршчы ажынаў» (1952), «Сакрэт Лукі» (1956), «Лісы і камеліі» (1960), «Запасны выхад» (1965), «Здарэнне з бедным хрысціянінам» (1968). Памёр Ігнацыё Сілонэ ў Жэневе 22 жніўня 1978 года.
У аснову апошняй кнігі Ігнацыё Сілонэ «Здарэнне з бедным хрысціянінам» ляглі сапраўдныя падзеі. Бедны хрысціянін — гэта не хто іншы, як П’ер Анджалерыё з Маронэ, папа «вялікай адмовы», што ўзышоў на папскі трон пад імем Чалясціно V у выніку канклава, які доўжыўся два гады. Чалясціно V быў папам з 5 ліпеня да 13 снежня 1294 г. Цікава, што Дантэ ставіўся да яго адмовы ад папства як да «маладушнасці», у той час як Петрарка яе ўхваляў. Для Ігнацыё Сілонэ папа Чалясціно V — гэта народ і сам пісьменнік, а Баніфацый рэпрэзентуе тую сілу, барацьба з якою часта мае трагічны фінал. Раман часткова напісаны ў драматургічнай форме.
Прапаную ўвазе чытачоў урывак з твора ў сваім перакладзе.
|
|
|