Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

Дадатак да артыкула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

Сюжэты Звеставання ў беларускім мастацтве

Са святаў, прысвечаных Маці Божай, «Звеставанне» (Annunciatio angeli ad beatam Mariam, festum incarnationis, festum conceptionis Christi) - самае старажытнае. Першым коранем усіх святаў называе яго Ян Златавусны (ІV ст.). Святкаванне гэтай падзеі пачалося, як мяркуюць даследчыкі, у Канстанцінопалі: у V ст. яно яшчэ не было ўсеагульным, але неўзабаве ўвайшло ў асноўныя дванаццаць хрысціянскіх святаў. Выявы падзеі ў галілейскім горадзе Назарэце невядомыя ў катакомбным мастацтве. Яны маглі з'явіцца не раней за Трэці (Эфескі) сабор (431 г.), які, асудзіўшы нестарыянскую гэрэзію, увёў шанаванне Марыі як Багародзіцы. У асноўнай гістарычнай крыніцы пра наведанне Марыі Арханёлам Габрыэлем - «Евангеллі ад Лукі» (1, 26-38) - не апавядаецца пра якія-небудзь рэалістычныя абставіны, неабходныя для ўвасаблення падзеі ў мастацтве. Дапаўняльныя звесткі раннехрысціянскія аўтары і мастакі знаходзілі ў апакрыфічным «Протаевангеллі Якуба». Адтуль паходзіць звестка, што Арханёл з'явіўся Марыі ў доме, калі яна па выбару першасвятара прала пурпурныя ніткі, каб выткаць завесу для Ерузалемскага храма. У тым жа апокрыфе гаворыцца, што спачатку арханёл Габрыэль паказаўся Марыі каля крыніцы: «І, узяўшы збан, пайшла па ваду, і пачула голас: Радуйся, Дабрадатная! Пан з Табою, благаславёная Ты сярод жанчын. І пачала азірацца Яна, каб пазнаць гэты голас. І, спалохаўшыся, вярнулася дадому, паставіла збан і, узяўшы пурпур, стала яго прасьці. І тады перад Ёю паўстаў Анёл Панскі...». Такі варыянт («Перадзвеставанне») вядомы, напрыклад, у мазаіках ХІ ст. касцёла св. Марка ў Венецыі1.

Найбольш старажытная ілюстрацыя «Звеставання» захавалася сярод мазаікаў трыумфальнай аркі ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ ў Рыме (ІV ст.). Марыя ў прыгожым адзенні сядзіць на ўзвышэнні, трымаючы ў руках нітку воўны аранжавага колеру. Побач стаяць два анёлы, зверху спускаецца Арханёл і Святы Дух у выглядзе галубкі. Убаку стаіць Юзаф, якому анёлы абвяшчаюць пра Беззаганнае Пачацце. На кафедры Максіміяна ў Равэне (556 г.) Марыя сядзіць з верацяном і ніткамі ў руках, перад Ёю справа стаіць Арханёл з жэзлам у руцэ. Такім жа паказана «Звеставанне» ў Евангеллях VІІ-VІІI стст. і Акафістах, такім яно даволі рана (з VІ ст.) перайшло ў храмавыя роспісы2. У мазаіках ХІ-ХІІ стст.і больш позніх роспісах яно часцей за ўсё змяшчалася на заходнім баку слупоў, што аддзяляюць алтар ад асноўнай часткі храма (гэта бачна ў Кіеўскай Сафіі, так было ў Ерузалемскім храме Уваскрэсення, захаваліся рэшткі выяваў і ў наўгародскіх фрэсках). Са з'яўленнем у Царкве высокага іканастасу «Звеставанне» з перадалтарных слупоў перамясцілася на царскія вароты. Адпаведная сімвалічная падстава для такога размяшчэння гучыць у радках «Акафиста»: «Радуйся, райских дверей отверзение», «Радуйся, честного таинства дверь», «Радуйся, дверь спасения»3. У візантыйскім і паўднёваславянскім мастацтве на царскіх варотах часта паказана толькі «Звеставанне», як, напрыклад, у капліцы Панагіі манастыра св. Кацярыны на Сінаі (ХІІ ст.) ці ў разьбяных варотах канца ХVІ пачатку ХV ст. у Народным музеі ў Белградзе3. Часам у Благавешчанскім сюжэце ўзнікаюць постаці прарокаў Ісаі, Саламона, Давіда, патранальных святых (напрыклад, Фёдара Цірона ў адным з наўгародскіх абразоў).

У больш старадаўнім і асноўным на працягу многіх стагоддзяў (Х-ХVІІ стст.) варыянце Марыя паказана ў доме. Яна стаіць або сядзіць з пражай ці верацяном у руках і, схіліўшыся да Арханёла, які часта трымае ў руцэ жэзл - сімвал пасланніцтва, слухае нечаканую вестку. Арханёл Габрыэль адлюстроўваецца ў статычнай паставе або робіць шырокі крок да Марыі («бяжыць»). З ХІ ст. у кампазіцыі з'яўляюцца праменні з неба ў выглядзе сегмента, потым - Святы Дух у выглядзе галубкі. У ХVІ-ХVІІ стст. новыя элементы кампазіцыі становяцца звычайнымі, адначасова з'яўляецца выява Бога-Айца, з вуснаў якога выходзіць прамень з галубкаю - Святы Дух - і даходзіць да галавы ці грудзей Маці Божай. Так сімвалізуецца Увасабленне Хрыста праз Святы Дух, што сышоў ад Бога. У Маскве сабор 1666-1667 гг. забараніў гэтую дэталь «як неразумную выдумку народнага ўяўлення»4. Іншы раз замест галубкі малявалі Дзіця Хрыста, але пазней такая інтэрпрэтацыя была асуджана Рыма-Каталіцкім Касцёлам5. У творах ХVІ-ХVІІ стст. сведкаю неверагоднай падзеі часам з'яўляецца служанка.

Найбольш даўнія іканапісныя выявы «Звеставання» вядомыя з ХІІ ст. У грэцкім мастацтве дзея адбываецца ў доме. Панна Марыя стаіць перад кафізмай (столікам) з верацяном у левай руцэ, Арханёл паказаны са світкам, Святы Дух сыходзіць на галаву Марыі. Мастацтвазнаўца В.Лазараў згадвае мазаіку Успенскага храма ў Нікеі, на якой Маці Божая паказана з уваходзячым у яе ўлонне Хрыстом, а да галавы Яе ідзе прамень ад рукі Божай (Арханёла наогул няма). Ва «Усцюжскім Звеставанні» ХІІ ст., якое паходзіць з Наўгародскага Юр'еўскага манастыра, ад бласлаўляючай рукі Бога-Айца да Марыі ідзе блакітны прамень, на грудзях Яе паказаны аголены Хрыстус Эмануіл. Напэўна, такімі ж «грэцкімі» рысамі вызначаліся і тагачасныя полацкія абразы.

У ХІ-ХІІ стст. у мастацтве хрысціянскага Захаду з'явіўся новы іконаграфічны варыянт -«Звеставанне з кнігай», вытокі якога маюцца ў апакрыфічным Евангеллі Псеўда-Мацвея, распрацаваным св. Епіфаніем Крыцкім і адным з айцоў заходняга Касцёла Амвросіем Медзіяланскім. Яны пісалі, што Марыя любіла чытаць Святое Пісанне і што ў момант з'яўлення Арханёла Яна чытала кнігу прарока Ісаі, дзе ёсць прароцтва, паўторанае евангелістам Мацвеем: «Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае з намі Бог» (Мц 1, 23). Пазней далейшае тлумачэнне такой выявы Звеставання зрабіў цыстэрскі манах Бернард Клервоскі (1090-1153). У ХІV-ХV стст. «Звеставанне з кнігай» у заходнім мастацтве стала асноўным (згадаем імёны Сімонэ Марціні, Гірландайо, Рабера Кампэна, Мельхіёра Брудэрлама, Генцкі алтар Яна ван Эйка). Тады ж з'явілася лілея ці ў руцэ Арханёла (звычайна ён у белым адзенні), ці ў вазе на стале (сімвал дзявочай цноты Панны Марыі). Зрэдку бывае, што Марыя паказана без кнігі ці пражы, а Арханёл без жэзла і лілеі (Франчэска дэль Коса, Фра Бэата Анджэліка). Італьянскія мастакі любілі паказваць «Звеставанне» на фоне адкрытай лоджыі, паўночнаеўрапейскія - у памяшканні. У часы Контррэфармацыі пабудовы знікаюць, фон утвараюць воблакі і неба з анёламі (напрыклад, у Эль Грэка цэлы хор з музычнымі інструментамі).

Розныя жэсты рук Марыі нагадваюць пра розныя псіхалагічныя моманты евангельскай падзеі, але могуць сведчыць і пра час напісання абраза. Узнятая з-пад мафорыя да твару і ледзь адведзеная ўбок кісць рукі азначае, што Марыя перастала прасці і прыслухоўваецца да слоў Арханёла. Часцей на абразах ХІV ст. паказана рука, узнятая да грудзей далонню да Арханёла, што перадае разгубленасць Марыі («Як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?»). Найбольш кананічны жэст - прыкладзеная да грудзей рука ў знак пакорлівасці волі Божай («Тады Марыя сказала: вось Я, Слуга Панская, хай будзе Мне паводле слова Твайго»). У палеалогаўскую эпоху (ХVІ ст.) былі распаўсюджаны разнастайныя тыпы выяваў з напоўпаваротам да Арханёла і рознымі жэстамі Марыі (5). Пазней тое ж назіралася ў мастацтве барока.

* * *

На беларускіх землях у памяць пра вялікую падзею Звеставання была асвечана вядомая Віцебская царква ХІІ ст., ператвораная абласнымі багаборцамі ў 1961 г. у руіны. Без сумненняў, у гэтай царкве знаходзілася адно з найбольш ранніх у мастацтве Беларусі ўвасабленне евангельскай падзеі ў роспісах і абразах. Напэўна, быў і сюжэт Звеставання на перадалтарных слупах Полацкай Сафіі (сярэдзіна ХІ ст.) і сярод бельчыцкіх роспісаў ХІІ ст. У Спаса-Праабражэнскай царкве на паўднёвай сцяне так званай малельні Еўфрасінні Полацкай захавалася фрэска, якая іконаграфічна вельмі нагадвае «Звеставанне»: Марыя сядзіць на ўзвышэнні, схіліўшы галаву да Арханёла, які стаіць злева перад Ёю.

Сярод так званых візантыйска-рускіх роспісаў польскіх касцёлаў, якія могуць мець пэўныя адносіны да мастацтва Беларусі, вядома «Звеставанне» ў калегіяце ў Вісліцы, а таксама на перадалтарнай арцы Люблінскай капліцы св. Тройцы3. Непасрэдна да сярэднявечнага мастацтва Беларусі належаць роспісы Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (ХVІ ст.). Сярод іх «Звеставанне» паказана ў двух месцах. На алтарнай сцяне ў ніжнім ярусе яно прысутнічае як храмавы патранальны сюжэт. Дзея адбываецца на фоне архітэктурных кулісаў, над якімі перакінуты вэлюм. Справа на чатырохгранным подзіуме стаіць, схіліўшы галаву, Марыя з клубком нітак у левай апушчанай руцэ, правая прыціснута да грудзей. Злева перад Паннай - Арханёл Габрыэль, які ўзняў руку ў бласлаўляльным жэсце. Другая выява «Благавешчання», дзе Марыя нічога не трымае ў руках, знаходзіцца на паўднёвай сцяне ў цыкле роспісаў на тэму «Акафіста Багародзіцы». Гэта пачатковая кампазіцыя цыкла адпаведна пачатку тэкста самога «Акафіста»: «Ангел предстатель с небесе послан бысть рещи Богородице: радуйся, и с бесплотным гласом воплощаема тя зря, господи, ужасашеся и стояше зовый к ней таковая: радуйся...»

«Звеставанне» досыць частае сярод манументальных роспісаў усходнебеларускіх храмаў эпохі барока. У магілёўскай Мікольскай царкве «Звеставанне» 1-й паловы ХVІІІ ст., намаляванае па сухой тынкоўцы, захавалася ў барабане купала на прасценку паміж вокнамі ў цыкле святочных сюжэтаў. Можна меркаваць, што абраз мог быць у сістэме роспісаў з 38 сцэн Куцеінскага манастыра і Багаяўленскай брацкай царквы ў Магілёве. У драўлянай Святадухаўскай царкве Тупічэўскага манастыра ў Мсціслаўлі на паўночнай сцяне знаходзіўся цыкл на тэму Акафіста Маці Божай, у тым ліку сюжэт «Звеставанне», магчыма, 2-й паловы ХVІІ ст., але больш верагодна, што ХVІІІ стагоддзя. Меркаваць пра абраз цяпер можна толькі па даваеннай публікацыі Т. Ржавускай: «Падоўжаная кампазіцыя добравешчаньня мае традыцыйнае размяшчэньне фігур - з левага боку намаляваны Арханёл, а з правага Марыя. Але палажэньне фігуры Арханёла ня зусім звычайнае для беларускага малярства, ён трактаваны ляцячым у верхняй частцы кампазіцыі, і цела яго перарэзвае наўскось вугал, прычым левая рука паказвае Марыі ўгару, а правая трымае лілею. Адзенне складаецца з зялёнай, сярэдняй даўжыні, падпярэзанай кашулі з шырокімі да локцяў рукавамі, і пакрыцця, якое ледзь ахоплівае тулава ніжэй сярэдзіны і хістаецца адзаду. Твару амаль нельга разгледзець, але ён, здаецца, незвычайнага для беларускага малярства тыпу - зусім круглы і з кароткімі валасамі. Пад Арханёлам унізе змешчаны дзве ступені, намаляваныя правільна ў перспектыўных адносінах, вышэй гарызонту, і на канцы другой, ужо ў правай частцы карціны, пастаўлены вуглом простакутны пюпітр, каля якога сядзіць Багародзіца. Твар Яе зусім сцёрты, а фігура разьмешчана з маленькім нахілам уперад, рукі складзены на грудзёх. Апранута Яна ў даўгое белае адзеньне з вузкімі рукавамі, паўзверх якога маляўніча накінута блакітнае пакрыццё. На пюпітры перад Марыяй ляжыць раскрытая кніга. Яшчэ правей ад гэтай часткі кампазіцыі спускаецца зверху, на простай лініі, закручаная чырвоная заслона, а перад ёю, ззаду Марыі ўздымаецца воблака, якое канчаецца ўверсе галоўкай анёла - з кароткімі хвалістымі валасамі, абрамаванай крыламі»10.

Больш пашанцавала познебарокавым роспісам пакармеліцкага касцёла Панны Марыі ў Мсціслаўлі (сярэдзіна ХVІІІ ст.). Хоць і пашкоджаныя, яны ўсё ж захаваліся да нашага часу. Марыя схілілася над аналоем з вялізнай раскрытай кнігай, правая рука прыкладзена да грудзей у знак паслухмянасці, валасы коратка падгорнуты і замацаваны белай стужкай, апранута ў цёмна-чырвоную сукенку з белай палярынай, на плечы накінуты блакітны плашч. Злева на фоне воблакаў да Марыі спускаецца Арханёл. У левай узнятай руцэ ён далікатна, двума пальцамі, трымае лілею, правая апушчана ўніз, аднак пальцы складзены як для блаславення. Хітон на Арханёле светлы, гімацій (жоўтага колеру з вохрыстымі ценямі) перакінуты праз левую руку і перасякае фігуру па дыяганалі, ніжні край скамечаны віхрам ад імклівага палёту анёла, крылы шырока раскрыты. Роспісы невядомага мастака вызначаюцца вытанчаным малюнкам і прыгожым халодным каларытам.

Алтарны абраз «Звеставанне» ў навамышскім касцёле - самы старадаўні і дасканалы пераказ гэтага сюжэта ў беларускім іканапісе. Ён прывезены ў канцы ХІХ ст. з нясвіжскага касцёла бенедыкцінак, аднак яго першапачатковае паходжанне яшчэ патрабуе дакладнага даследавання.

«Звеставанне» намалявана тэмперай па ляўкасе на дошкавай лісцёвай аснове памерам 250 х 160 см. Пра высокую якасць тэхнічнага выканання абраза сведчыць добрая захаванасць грунту і фарбавага слою. Кампазiцыя не мае блізкіх аналогiй нi ў вiзантыйска-рускiм, нi ў апублікаваным беларускiм iканапiсе, ні ў рэнесансавым жывапісе Італіі і Паўночнай Еўропы. Шырокая паласа залатога фону з прыгожым разьбяным арнаментам падзяляе прастору на зямную i нябесную сферы. Унiзе адбываецца сама падзея «Звеставання» ў традыцыйнай іканапіснай іканаграфіі. Злева, укленчыўшы на адно калена, з лілеяй у левай руцэ, правая ўзнята ў блаславенні, стаіць на пышным воблаку з херувімамі Арханёл Габрыэль. Марыя стаіць перад аналоем з кнігай, паклаўшы на яе руку, нібы перагортвае старонку; левая рука прыкладзена да грудзей; каля Яе ног, на падлозе, - ваза з букетам кветак. Нельга не адзначыць высакародную пластыку фігур і прыгожыя чырвоныя, блакітныя і жамчужна-светлыя колеры адзенняў. Зусім не традыцыйна вырашана верхняя частка абраза. На воблачных паясах стаяць на каленях тры рады анёлаў у адзеннях чырвоных, сініх, зялёных і жоўтых колераў. Анёльскія рады пачынаюцца з восевага цэнтру, дзе на воблачку, спіной да гледача, тварам да завяршэння абраза, стаіць на каленях анёлак. Над воблачнай дугой на ззяючым фоне намалявана «Новазапаветная Тройца», ад якой зыходзiць святло. Гэты абраз нагадвае творы мастакоў Паўднёвай Германii эпохi Адраджэння, напрыклад, Альтдорфера13. Сярод больш познiх аналогiй можна назваць працы Эль Грэка, а ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў - творы мастакоў ранняга перыяду Контррэфармацыi, калi мастацтва вiзантыйскага кiрунку выразна ўплывала на алтарны жывапiс Касцёла.

Не выключана, што да ХVІІ ст. належыць абраз гарызантальнай кампазіцыі ў верхнім ярусе галоўнага алтара касцёла Яна Хрысціцеля, фундаванага Казімірам Леонам Сапегам у 1630-я гг. у Воўпе, каля Ваўкавыска. «Звеставанне» паказана як Sancta Conversaсione («святая размова»): Арханёл і Марыя стаяць абапал століка з кнігай і вазай з кветкай лілеі. Постаці паказаны франтальна да гледача, галава Арханёла павернута да Марыі, якая, злёгку схіліўшыся, прыклаўшы левую руку да грудзей, слухае пасланца з нябёсаў. За Арханёлам бачныя дзве фігуры (невыразныя з-за пацямнеласці старога жывапісу на палатне).

«Звеставанне» 1-й паловы XVIII ст. у гродзенскім брыгіцкім касцёле можна аднесці да лепшых твораў барокавага алтарнага жывапісу на Беларусі, але разам з тым у ім захаваліся многія іконаграфічныя і сімвалічныя элементы з іканапісу. Марыя ў чырвонай сукенцы і цёмна-сінім плашчы сядзіць з раскрытай кнігай каля стала, засланага чырвоным абрусам. Побач, на другім стале, стаіць ваза з букетам ружаў і лілеяў. Пліткавая падлога пад нагамі таксама сведчыць пра тое, што падзея адбываецца ў памяшканні. Над галавой Марыі расхінуты цёмна-сіні занавес, які звісае з-пад шатровага даху з ламбрэкенам, над ім у сінім небе лунаюць анёлкі-пуцці з букетамі кветак у ручках. Жэст правай рукі Марыі азначае паслухмянасць волі Божай, звернутая да Арханёла адкрытая далонь апушчанай левай рукі нагадвае пра хвіліну разгубленасці Панны. Басаногі, прыгожа ўбраны Арханёл Габрыэль, ідзе да Марыі па воблаку, што спусцілася на падлогу. Плашч за яго спіной у складках, нібы надзьмутых ветрам. У верхнім вугле карціны з асветленых вохрыстых воблакаў выступае паясная выява Бога-Айца - добрага старога ў шэрым хітоне. Яго чырвоны плашч перакінуты, нібы перавязаны наўкось, левай узнятай рукой ён праз плячо благаслаўляе галубку, якая злятае да Марыі, накіроўваючы да Яе спавітае немаўля. Такая незвычайная ілюстрацыя Беззаганнага Пачацця існавала ў візантыйскім мастацтве і на карцінах мастакоў Протарэнесансу, але пазней не ўхвалялася ні Усходняй Царквою, ні Заходнім Касцёлам і вельмі рэдка сустракаецца ў сакральным мастацтве Новага часу, а на Беларусі гэта адзіны вядомы прыклад.

Напэўна, з уніяцкага алтара паходзіць абраз 1-й паловы ХVІІІ ст. з Праабражэнскай царквы в. Коматава (ваколіцы Гродна)(14). Абраз намаляваны ў традыцыйнай тэхніцы - тэмперай і алеем па ляўкасе, на дошцы значных памераў (127 х 100 см), стылістычна ён цалкам належыць да эпохі росквіту барока. Магутная фігура Габрыэля, паказаная ў профіль, абгорнутая чырвоным плашчом, займае ледзь не палову кампазіцыі. Арханёл так імкліва наблізіўся да Марыі, што Яна нават адхіснулася назад, нібы абараняючыся нясмела ўзнятай правай рукой, а левай абапіраючыся на падстаўку з раскрытай кнігай. Стройная фігура Марыі павернута ў складаным ракурсе так, быццам Яна слухае Арханёла і паглядае на яго з недаверам. Над Ёю і цёмнай умоўнай пабудовай звісае белы вугал занавесу. Блакітнае неба ўверсе змяняецца вохрыстымі воблакамі з жоўтым прасветам вакол злятаючай галубкі; голенькія анёлкі-пуцці кідаюць перад Марыяй раскрытыя кветкі - белыя ружы, цюльпаны, канваліі, нарцысы (гэта можна разглядаць як уплыў ракако).

Ад уніяцкіх часоў, з ХVІІІ ст., захаваўся ў Дывінскай царкве на Брэстчыне разьбяны алтар з абразом «Звеставанне». Яго кананічную кампазіцыю з архітэктурнымі кулісамі майстар ажывіў своеасаблівымі дэталямі. Марыя стаіць на каленях перад аналоем з кнігай злева; Арханёл з'яўляецца з-за Яе спіны, жэст яго рукі можна зразумець як благаславенне і ўказанне на Святога Духа ў небе. Марыя не бачыць нябеснага пасланца (можа толькі чуць яго). Фігуру ж Бога-Айца на воблаках малер-іконнік наогул выдзеліў, перанёсшы ў верхні картушавы ярус алтара.

Ствараецца ўражанне, што уніяцкія мастакі ў ХVІІІ ст. або пайшлі ўслед за нейкім новым агульным прататыпам, або ў пошуках уласнай іконаграфічнай схемы ў кампазіцыі «Звеставання» самастойна свядома памянялі месцамі Марыю і Арханёла. Прыклады гэтаму ёсць у храмах розных куткоў Беларусі. У абразе 1759 г. з царквы ў Альгомелі (сяло належала турава-пінскім біскупам) Арханёл узвышаецца над аналоем справа, прытым кніга пакладзена так, што толькі ён можа чытаць тэкст, Марыя ж левай рукой як бы трымае патрэбную старонку. «Звеставанне» з вядомай Латыгаўскай групы абразоў (Віцебшчына) дапоўнена павялічанай пакаленнай выявай св. Параскевы з рымскім крыжам у руцэ і своеасабліва завязанай белай хусцінкай на галаве. Праўда, святая ўсё ж аддзелена воблакам, на якім Габрыэль плыве да Марыі з правага боку. Апрача раскрытай кнігі на аналоі, малер-прымітывіст даў Марыі ў руку яшчэ адну, закрытую. На абразе са святочнага раду Зёлаўскага іканастасу15 Марыя ў цёмна-ружовай сукенцы і зеленавата-блакітным мафорыі стаіць на каленях перад аналоем (на левым краі) на фоне намёту з чырвонай завесай. Арханёл з лілеяй у апушчанай левай руцэ «бяжыць» да Марыі ззаду (справа), правай рукой паказваючы ўверх, на Святога Духа. Букет з трох лілеяў стаіць ў вазе на падлозе.

Такую ж прасторавую перастаноўку зрабіў і слуцкі іканапісец Васіль Маркіянавіч (выхаванец праваслаўнай Кіева-Пячэрскай школы) на «Звеставанні» для царквы ў вёсцы Вялікі Рожан на Случчыне16. Дзея адбываецца ў доме з плітачнай падлогай. Марыя, адарваўшыся ад чытання кнігі на аналоі і павярнуўшыся ў профіль, слухае Арханёла Габрыэля, які, апусціўшыся на воблаку, стаіць за Яе спіной. Як і ў зёлаўскім абразе (наогул прыкметным іншым па манеры выканання) тут, апрача лілеі ў руцэ Арханёла, на падлозе стаіць ваза з букетам ружаў і лілеяў і плецены кораб, у якім ляжаць кніга і белая тканіна. Святочны, урачысты абраз хутчэй нагадвае ранні протарэнесансавы жывапіс, чым старажытны іканапіс. Прыгожа ўбраныя Марыя і Арханёл нібы пазіруюць перад гледачамі, і нават галубка не ляціць, а стаіць на воблаку на хвасце, расставіўшы крылы. Тэатральнасць выявы падкрэслівае рассунуты па вуглах зялёны занавес.

«Звеставанне» як адно з найвялікшых багародзічных святаў часта ўводзілася ў святочны рад іканастасу. З такіх радоў паходзяць згаданыя вышэй абразы з Зёлава і Вялікага Рожана (а, верагодна, і з Латыгава). У Аброўскім іканастасе 1754-1757 гг. падзея адбываецца ў пакоі з вялікім вакном. Марыя ў аранжава-чырвоным хітоне і сінім мафорыі стаіць справа перад аналоем з раскрытай кнігай. Ззаду, над ложкам з падушкамі, апускаецца полаг. Арханёл Габрыэль размешчаны насупраць, з лілеяй у правай руцэ, левая ўзнята ў блаславенні. У іканастасе шарашоўскай Прачысценскай царквы Звеставанне паказана ажно двума абразамі (можа, тут ёсць нейкая сувязь з тым, што знакам герба Шарашова з'яўляўся Арханёл Габрыэль). Незвычайную трактоўку аднаго з сюжэтаў, які можна разглядаць як «Перадзвеставанне», мастацтвазнаўца Н.Высоцкая лічыць апакрыфічнай. Марыя ў блакітным хітоне і чырвоным мафорыі стаіць на зямлі, склаўшы рукі ў малітве. Галава Яе звернута да неба, дзе з радужнага сегменту выступае бласлаўляючая рука. Падзея адбываецца на адкрытай прасторы з зялёным фонам і дрэвам, удалечыні ўзвышаюцца светлыя вяршыні гор з залатым небам. Другі абраз намаляваны ў светлым блакітна-шэрым каларыце, з традыцыйнай расстаноўкай фігур. На аналоі няма кнігі, і ў руках Марыі нічога няма, а да Яе галавы ідуць тры промні ад Святога Духа17.

З даволі шматлікіх тыповых выяваў «Звеставання» ХІХ ст. у духу акадэмічнага царкоўнага жывапісу незвычайна свабоднай кампазіцыяй выдзяляецца вялікая алтарная карціна канца ХVІІІ - пачатку ХІХ ст. з царквы ў Пінкавічах (не выключана, што яна паходзіць з нейкага пінскага храма). Унізе злева, склаўшы рукі на грудзях, укленчыла ахінутая блакітным плашчом Марыя. Перад Ёю ўзвышаецца да самага правага краю архітэктурная пабудова накшталт адкрытай італьянскай галерэі на калонах з ружовага мармуру, завешаная блакітным полагам з залатымі кветкамі. У самым версе напаўляжыць на воблаках і глядзіць уніз Саваоф - высакародны сівабароды стары. Правай рукой з берлам ён абапіраецца на блакітную сферу (знак Сусвету), левай паказвае шлях вельмі маладому юнаку Габрыэлю. Той, хоць і ўзняў руку ў прывітанні, але спускаецца ўніз, кудысьці ўбок, як бы не заўважаючы Марыю ці не вырашыўшы, як да Яе наблізіцца. Ад Бога-Айца на зямлю накіроўваецца Святы Дух - белая галубка з чырвонымі лапкамі. Неабходна адзначыць дасканалы класіцыстычны жывапіс алтарнай карціны з Пінкавічаў, водгук у ёй італьянскага рэнесансавага жывапісу і мясцовы тып твару Марыі.

У абразах на палотнах, створаных у канцы ХVІІІ і ХІХ стст., знікаюць бытавыя дэталі «Звеставання» (а часам і выява Бога-Айца), застаецца Святы Дух з праменнямі, Арханёл Габрыэль малюецца яшчэ ў палёце, над зямлёй, з лілеяй у руцэ, замест прывітання ці благаславення Арханёл паказвае на нябёсы; Марыя адлюстроўваецца за чытаннем кнігі (абраз 1791 г. з царквы ў Залессі, падпісаны ініцыяламі «A.L», познеуніяцкі абраз з вёскі Вялікае Падлессе), ці наогул без усялякіх атрыбутаў (абраз у бакавым алтары Троіцкага касцёла ў Паланечцы, дзе Марыя проста сядзіць, а разведзеныя рукі перадаюць складаную гаму Яе пачуццяў). У «Звеставанні» з олтушскай царквы выява галубкі змешчана ў сярэдзіне шасціканцовай зоркі.

У каталіцкіх абразах Маці Божай Ружанцовай Звеставанне часам з'яўляецца ў дадатковых мініяцюрных сюжэтах (накшталт жыційных клеймаў праваслаўных абразоў). У пінскім кафедральным касцёле на фоне абраза алтара Маці Божай (паходзіць з касцёла дамініканцаў) нібы ў раскрытых бутонах ружаў намаляваны Звеставанне, Наведанне Марыяй Альжбэты, Нараджэнне Хрыста, Ахвяраванне і Хрыстус-падлетак у храме. Другі вядомы прыклад - абраз у радуньскім касцёле (які, магчыма, паходзіць з Калеснікаў), дзе фігура Маці Божай у рост абкружана ўсімі сюжэтамі Ружанца.

З-за неапублікаванасці помнікаў пакуль што немагчыма амаль нічога сказаць пра Звеставанне ў беларускай мініяцюры. Безумоўна, такія выявы былі, мяркуючы хоць бы па цудоўным малюнку ў пачатку Ірмалоя 1761 г., напісанага айцом Себасцьянам Снітко для царквы базыльянскага манастыра ў Цяпры, каля Клецка18. Ёсць «Звеставанне» і ў так званым «Кіеўскім Псалтыры» сярод шматлікіх малюнкаў на палях. (Выдатная кніга, перапісаная ў 1397 г. манахам Спірыдоніем на заказ смаленскага епіскапа Міхаіла з 1518 да 1833 г. належала віленскай Мікалаеўскай царкве.)

Калі звярнуцца да беларускіх старадрукаў, то сціплы дрэварыт «Звеставанне» ў стылі Паўночнага рэнесансу можна ўбачыць ужо ў віленскай «Малой падарожнай кніжыцы» (1522 г.) Францішка Скарыны перад «Акафістам Багародзіцы». Сярод цудоўных дрэварытаў Куцеінскага «Трыфалагіёна» (1647 г.), якія, на думку Н.Высоцкай, паслужылі прататыпамі для некаторых беларускіх абразоў, ёсць і «Звеставанне» (амаль на старонку). Марыя спакойна стаіць на ўзвышэнні за аналоем з кнігай, Арханёл з лілеяй - злева; усю верхнюю палову кампазіцыі ўтварае рэнесансавая архітэктура з вялізнай адкрытай аркай-занавесам, дапоўненая невялікім воблачкам з Святым Духам.

Для самай аздобленай віленскай лацінскай кнігі ХVІІ ст. «Rosarium et Officium B. Mariae Virginis» (1677-1678) выдатны беларускі мастак Аляксандр Тарасевіч выканаў на метале дзве гравюры «Звеставання». У пачатку «Primum Mysterium» - мініяцюрная кампазіцыя, размешчаная ў падоўжаным па гарызанталі авале; за спіной Арханёла (на левым краі) - акно з відам на пабудовы, аналой з кнігай за спіной Марыі, быццам Яна выйшла насустрач; ад Святога Духа разыходзяцца праменні. Другая гравюра (значнага вертыкальнага фармату) змешчана ў кнізе тройчы. Кампазіцыя ў стылі высокага барока шматпланавая. На пярэднім плане справа - басаногая Марыя развяла рукі ад нечаканасці. Збоку ад Яе стаіць крэсла, на якое зверху, запаўняючы пакой, наплывае цёмнае воблака. Вышэй - светлыя воблакі, што займаюць палову прасторы; на іх фоне да Марыі набліжаецца прыгожы Юнак-Арханёл, які далікатна, двума пальчыкамі, трымае лілею (ён укленчыў на адно калена, і гэта выглядае, як скачок уперад). Ззаду Марыі - столік з раскрытай кнігай і рэнесансавая сцяна з букетам у нішы.

Невядомы гравёр магілёўскай школы ў «Акафістах штодзённых» (1698 г.) змясціў «Звеставанне» ў шырокую рамку з пышных парасткаў з раскрытымі бутонамі. Складальнік базыльянскага «Буквара языка славенскага» (Вільня, 1766) змясціў «Звеставанне» як тытульны сюжэт, падаўшы пад ім кароткую малітву выключнай выразнасці: «Покланяюся Тебе, пресвятая Богородице, Твоим Рождеством явившая нам свет истинный, Царице Неба и земли, надежде ненадеждным, помощнице немощным, и ходатайце всем грешным; Ты мя покрый и заступи от всех бед и нужд душевных и телесных и буди ми молюся Заступница всесилными Твоими молитвами».


  1. Майкапар Александр. Новый Завет в искусстве (Очерки иконографии западного искусства). М. Крон-Пресс. 1998, с.36—44.
  2. Евангелие въ памятникахъ иконографии, преимущественно византийскихъ и русскихъ. Н.Покровского. СПБ, 1892, с.12—40.
  3. Смирнова Э.С. Живопись Великого Новгорода. Середина ХІІІ — начало ХV века. М., 1976, с. 167.
  4. Евангелие въ памятникахъ иконографии, преимущественно византийскихъ и русскихъ. Н.Покровского, с. 12—40.
  5. Майкапар Александр. Новый Завет в искусстве... с.41.
  6. Смирнова Э.С. Живопись Великого Новгорода. С. 216—218.
  7. Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс ХІ—ХVІІІ стст. Мн., 1986, с. 60—65.
  8. Антонова В.И., Мнева Н.Е. Каталог древнерусской живописи (ГТГ), І. М.,1963, с.55—56.
  9. Жывапіс Беларусі ХІІ—ХVІІІ стагоддзяў. Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980. № 94, 96.
  10. Тэмперны жывапіс Беларусі канца ХV—ХVІІІ стагоддзяў у зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Каталог. Мн.,1986, с. 154.
  11. Тэмперны жывапіс Беларусі канца ХV—ХVІІІ стагоддзяў, с. 112.
  12. Ржавуская Т. Насценныя роспісы ў царкве б. Тупічэўскага манастыра ў Мсціслаўлі. Зап. Камісіі гісторыі мастацтва Аддзела гуманітарных навук ІБК. Мн.,1828, кн. 6, с. 141—166.
  13. Хадыка Ю., Быцева І. Разьба на фонах абразоў як датуючая прыкмета. Помнiкi культуры. Мн., 1985, с. 44.
  14. Музей старажытнабеларускай культуры. Каталог экспазіцыі. Мн., 1984.
  15. Іканапіс Беларусі ХV—ХVІІІ стагоддзяў. Мн., 1992, № 129.
  16. Іканапіс Беларусі ХV—ХVІІІ стагоддзяў... № 119.
  17. Жывапіс Беларусі ХІІ—ХVІІІ стагоддзяў... № 94, 98.
  18. Kałamajska-Saeed Maria. Portrety i zabytki książąt Olelkowiczów w Słucku. Inwentaryzacja Józefa Smolińskiego z 1904 r. Warszawa, 1996, s. 19.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY