Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

Павел ПШЭЦІШЭЎСКІ

БЕЛАРУСКІЯ КАТАЛІКІ — ЯКІЯ ЯНЫ?

(...) Беларуская рэчаіснасць інакшая, чым расійская ці ўкраінская. Гэта як быццам супрацьлегласць украінскай. На Украіне польскае сялянства ўкраінізавалася, на Беларусі ў сваім часе беларускае сялянства паланізавалася. На Украіне сустракаем украінцаў-каталікоў, якія з паходжання палякі, а на Беларусі амаль усе, хто лічыць сябе палякамі, беларусы з паходжання.

Крэсы каронныя (украінскія) і Крэсы літоўскія (беларускія) з часоў Люблінскай Уніі былі як два розныя сусветы. Калі было б іначай, не паўсталі б дзве нацыі з абсалютна розным менталітэтам, якія лучыць толькі блізкасць моваў, агульная традыцыя Рэчы Паспалітай і агульны лёс савецкіх часоў, а ўсё астатняе дзеліць.

Гаворачы пра ролю палякаў у каталіцкім Касцёле лацінскага абраду «на Усходзе», часам дапускаюць шэраг спрошчванняў і пераіначанняў. Напрыклад, памінаючы візантыйска-славянскі абрад (называны яшчэ «ўсходнім»), сцвярджаюць, што той абрад не апраўдаў сябе як «будучае Касцёла», а перадваенныя спробы ўмацавання яго былі, як быццам,небяспечнымі мроямі, пазбаўленымі рэальных падставаў. Справа ж у тым, што ў СССР гэты абрад не меў ніякіх шанцаў, не пусціў каранёў на беларускіх і ўкраінскіх землях ІІ Рэчы Паспалітай, быў фізічна ліквідаваны пасля 1939 году. Таму будучае не так пацвярджае непрыдатнасць таго абраду, але няма там для яго шанцаў на выжыванне.

«Я тутэйшы, я каталік — то хіба паляк», — прыблізна гэтак адказваюць беларускія каталікі з вёскі на пытанне пра нацыянальнасць. Здараюцца і больш пэўныя адказы: «раз каталік, то паляк!». Сярод маладога пакалення часцей гавораць больш проста: «я паляк», але яшчэ часцей, асабліва сярод вернікаў з вышэйшай адукацыяй адбываецца выбар беларускай нацыянальнасці і да таго ж у непарыўнай лучнасці з паслугаваннем беларускай мовай, а гэта сведчыць, што такі выбар не прадыктаваны кан’юнктурай, бо на цяперашняй Беларусі найбольш складаная сітуацыя менавіта ў свядомых беларускамоўных беларусаў. Куды лягчэй быць «палякам», гэтаксама лягчэй адчыніць у школе польскі клас — зразумела, толькі пры належнай падтрымцы з Польшчы! — чым утрымаць і тым больш утварыць беларускі клас. Такі парадокс, што чыноўніцтва ў РБ, само вясковага паходжання, імкнецца ліквідаваць уласную нацыянальную плынь, каб не мець лішніх клопатаў і пакутаў сумлення ва ўласнай памяці.

Неразрыўная сувязь каталіцызму і польскасці, якая ўсталявалася на беларускім этнічным грунце і хатняй беларускай мове, «голасе душы», змушае зрабіць выбар. Тут трэба не забываць, што сярод беларускіх каталікоў яшчэ жывая памяць пра Польшчу, дакладней, пра яе ідэалізаваны вобраз. І вось паўстае выбар — паміж «душой» і «вобразам». Цяпер на Беларусі мільён трыста тысяч практыкуючых каталікоў, а поўны лік каталікоў, наяўных і патэнцыйных, гэта значыць, якія выйшлі з дамоў каталіцкай традыцыі, складаюць два з паловай мільёны. Значыць, чацвёртая частка насельніцтва Рэспублікі Беларусь — гэта аснова каталіцкага Касцёла. Шмат для каго з іх, маладых, толькі пачынаючых самастойнае жыццё, справа выбару, нацыянальнай адаптацыі, далей застаецца справай адкрытай. Свядомы выбар беларускасці, «голасу душы», цяжэйшы. Выбар польскасці, «вобразу», падмацаваным легендай аб сучаснай Польшчы, якая ўяўляецца краем дабрабыту, Захадам, вымагае адрачэння ад ўласнай душы, аддзялення ад сваіх каранёў. Вымагае таксама «самалепкі» на вобраз і падабенства палякаў з Польшчы, як гэта робяць лідэры польскіх арганізацый нацыянальных меншасцяў. Палякі ў Польшчы не заўважаюць і не разумеюць, што можна быць палякам толькі з выбару, адначасова застаючыся, нават загразшы ў духоўнай рэальнасці сваёй сапраўднай Айчыны, сваім этнічным паходжанні, тым нязломным gente albarutheni. Гэтую праблему быццам бы бачаць, але аналізуюць павярхоўна.

Калі ў рэшце рэшт маладыя людзі выбіраюць беларускасць, то не абавязкова таму, што паходзяць яны з мешаных сем’яў і выбіраюць нацыянальнасць «няпольскай» часткі той сям’і. Не можа быць прычынай і пазітыўны ўплыў беларускай культуры, які прапагандуецца і падтрымваецца іх Краем. Пра нейкую падтрымку можна было гаварыць хіба ў 1991—94 гадах і тое вельмі ўмоўна. Актуальна ж сітуацыя нагадвае нейкі парадокс, калі тая Беларусь адначасова існуе, а быццам і зусім не існуе. Выбар нацыянальнасці ўвогуле хіба самы цяжкі выбар, а выбар беларускай нацыянальнасці ў сучасных умовах патрабуе выключна моцнага «голасу душы». Ачышчэнне тае душы ад ідэалізаванага вобразу Польшчы, а гэта складнік свядомасці кожнага беларускага каталіка і хіба кожнага інтэлігента, прынамсі, гуманітарыя, таксама азначае вельмі цяжкі выбар лёсу. Бо гэта выбар... назаўжды застацца па-за ўласным Краем. Выбар польскасці дае хоць нейкую надзею, што «сапраўдная Айчына» тут, за мяжой, і, калі будзе трэба, прыйдзе на дапамогу. І таму тыя людзі, якія выбралі польскасць, робяць усё, каб альбо быць абсалютна падобнымі да палякаў з Польшчы, альбо... выкінуць, як баласт, усё сваё gente albarutheni. Вучацца па-польску, а хатняй мовай выбіраюць выключна рускую — тым самым цалкам адразаюць сябе ад той духоўнай рэальнасці, у якой выраслі. І гэта несумненна трагічны выбар. І нельга забываць пра існаванне такіх «палякаў», тым болей, што ў меншасным нацыянальным асяроддзі іх большасць. На жаль, сярод маладых беларускіх свецкіх вернікаў амаль што няма. Людзей з гэтага асяроддзя амаль не заўважаюць. Там рашучую перавагу мае свядомая беларускамоўная інтэлігенцыя.

Гавораць таксама, што раней палякі мелі ажно дзевяноста працэнтаў сярод вернікаў на Украіне і Беларусі. І што адным са спосабаў аслаблення польскай нацыянальнай свядомасці і памяншэння колькасці палякаў была спроба яшчэ савецкай улады стварыць значную статыстычную лічбу каталікоў-беларусаў і каталікоў-украінцаў. На Беларусі тэзіс пра значную перавагу беларусаў сярод каталікоў стаўся часткай ідэалагічнай прапаганды, і як аргумент выкарыстоўваецца факт, што каталікі не ведаюць польскай мовы. Што ж, цяжка сцвярджаць, што сярод беларускіх каталікоў на самай справе заўжды пераважалі беларусы.

Варта нагадаць, што ў 20-я гады саветы спрабавалі змагацца з польскасцю не шляхам аслаблення нацыянальнай свядомасці, а — наадварот! — шляхам стварэння новай польскай свядомасці, «пралетарскай». На Беларусі і Украіне паўставалі «аўтаномныя» адміністрацыйныя польскія адзінкі. Дайшло да таго, што нацыянальныя беларускія дзеячы абвінавачвалі савецкую ўладу... у «паланізацыі» Усходняй Беларусі. Гэта было ўжо занадта, але... не зусім беспадстаўна. Калі ж бальшавікі і былі зацікаўленыя паменшыць лічбу палякаў, то вынікала гэта не з іх «антыпольскасці», а хутчэй з антыкаталіцызму і ўвогуле антырэлігійнай тэорыі і практыкі: хіба ніхто не запярэчыць, што закаранелая ў каталіцызме польскасць была адным з чыннікаў трываласці Касцёла ў СССР. А барацьба з польскасцю пачалася ў СССР значна пазней, у 30-я гады.

Імкнуцца не заўважаць таксама, што атаясамленне тутэйшага паляка-каталіка з сапраўдным этнічным і культурным палякам пачало масава адбывацца на Беларусі толькі падчас буяння розных нацыяналізмаў альбо ў першых дэкадах ХХ стагоддзя, але так і не скончылася па сённяшні дзень. Даўней люд Вялікага Княства Літоўскага, па-за мацаваннем свае нацыянальнай свядомасці на грунце этнічнай Літвы (летувіскім), нават не ведаў самога пытання пра нацыянальнасць — у ідэалагічным значэнні гэтага тэрміна. Усе, ад Радзівілаў і да паншчынных мужыкоў з Палесся, зваліся ліцьвінамі — і была гэта народная саманазва. Расійскасць была таму люду чужой культурай — і таму ўцякалі ад праваслаўя, якое сілай сюды вярталася. Беларускія мужыкі рабіліся з уніятаў каталікамі, але заставаліся ліцьвінамі і не перашкаджала ім, што «палякамі» пісалі іх царскія ўлады, бо паняцце «ліцьвін» у ХІХ стагоддзі было адным са складнікаў больш шырокага паняцця «паляк», што для Адама Міцкевіча, напрыклад, азначала ўсяго толькі грамадзянства, прыналежнасць да супольнасці даўнейшай Рэчы Паспалітай. І толькі значна пазней, калі адукаваныя летувіскамоўныя каталікі сталі называць сябе «літваманамі» і парабіліся літоўцамі, усе астатнія былі непасрэдна, а не праз «ліцьвінскасць», акрэсленыя як «палякі». Бо «палякі», будучы каталікамі, ніяк не маглі быць «рускімі»! Гэта значыць, русінамі, якіх у дакументах тыя ж царскія ўлады і запісвалі «рускими», па-цяперашняму «россиянами»! З гэтага каталіцкі люд здзекваўся і называў такіх «маскалямі». Але «палякаў» і «рускіх» не адрознівала анічога — па-за канфесіяй. Усё астатняе было такім самым.

Беларуская мова сёння

У вялікіх местах Беларусі, нягледзячы на паўсюднае і амаль выключнае штодзённае паслугаванне «вулічным рускім языком» (трасянкай), амаль палова жыхароў Мінска, Гродна і Гомеля лічыць беларускую мову сваёй роднай. А ў меншых местах, асабліва ў такіх, дзе пераважвае каталіцкі люд, у Наваградку, Баранавічах, Вілейцы ці Маладзечне, гэтая доля перавышае семдзесят пяць адсоткаў. На вёсках усяго паўночна-заходняга паса Беларусі, дзе пераважаюць каталікі, гэтая лічба вагаецца ад дзевяноста да дзевяноста пяці адсоткаў, толькі ў Гродзенскім, Воранаўскім і Браслаўскім раёнах не дасягае дзевяноста. Такая рэальнасць гэтай зямлі і гэтых людзей, якія хоць і лічаць сябе палякамі, але гэта мае абсалютна іншае значэнне, чым проста быць «нармальным» этнічным палякам. Гэтыя людзі прывязаныя да літургічнай польскай мовы, якая годна замяніла латынь і захавала прыгожую старажытную паралітургію. Але найчасцей гэтыя ж людзі не разумеюць польскіх казанняў, а да прыехаўшых з Польшчы ксяндзоў, калі зусім не могуць па-польску, звяртаюцца «па-руску». Руская мова на тых землях у сваім часе замяніла польскую як дзяржаўная, афіцыйная, урачыстая. Польскія ж ксяндзы звычайна ўспрымаюць мясцовы «рускі язык» як... мясцовую мову — і не толькі ў большых местах, як прынята лічыць, але і на вёсцы на тым «рускім языку» вядуць душпастэрку, гавораць казанні, а часта адпраўляюць літургію. І тым самым несвядома прычыняюцца да русіфікацыі вернікаў.

Укараненне беларускай мовы ў літургію і казанні часта сутыкаецца з супрацівам, асабліва з боку старэйшага пакалення, якое лічыць сябе палякамі нават там, дзе беларуская мова родная і штодзённая для дзевяноста пяці адсотак жыхароў. Трэба зламаць комплекс непаўнавартасці свае хатняй мовы, трэба вывесць яе па-за вузкае сямейнае кола, зрабіць урачыстай, асвечанай. Псіхалагічна гэта вельмі цяжка. «Простая мова» заўжды была недзе на збочу. Уся штодзённая рэчаіснасць супраць яе. Увесь «колхоз» і народжаныя ўцекачамі з яго скупіска шматпавярховых блокаў супраць яе. Ментальнасць постсавецкага тлуму на Беларусі — гэта на кожным кроку ментальнасць першабытных абарыгенаў, ментальнасць парадаксальных «инородцев», для якіх усё, што аўтэнтычнае, прыроджанае, сваё — адназначна горшае за чужое. «У нас нічога няма» — гэтая пагаданка яскрава характарызуе стаўленне людзей да ўласнага Краю і ўласнай традыцыі. Як рэальную вартасць трактуюць толькі спадчыну сацыялізму. Цяжка абвінавачваць улады ў спецыяльнай русіфікацыі — хутчэй ужо ў падтрымцы масавай прымітыўна-тубыльскай псеўдакультуры, якая мае за чужыя і варожыя без выключэнняў усе іншыя вартасці, а з культурай Расіі тое тубыльства лучыць выключна ўжыванне савецкай версіі рускай мовы.

Несумненна, трагедыя Беларусі ў тым, што ў «спальныя раёны» шматпавярховак, а тым болей у правінцыйныя мястэчкі і вёскі сапраўдная культура, якая расце на сваім грунце, якую развіваюць і напрацоўваюць свае майстры, амаль што не даходзіць. Згубленыя якія-кольвек сувязі чалавека з чалавекам. Беларускасць і духоўнасць — смяротная небяспека для тубыльства і местачковага ўладнага самадурства. У такой сітуацыі па радыё гучаць адны сентыментальныя пустазвонныя пагаданкі па-беларуску, адны фальклорныя песенкі, ды і тыя выціскае поп-музыка і пасавецкая эстрада. Горай на беларускім тэлебачанні — яно да такой ступені безвыразнае і безназоўнае, што ніякай канкурэнцыі з расійскім тэлебачаннем не вытрымлівае. «Народныя ансамблі» стараюцца «як лепей» і бязбожна перакручваюць народныя ж рускія песні, не адчуваючы ні іх смаку, ні духу. Творчасць польская — пад націскам польскага чакання з самой Польшчы! — чым далей, тым болей робіцца творчасцю паланійнай, якая нагадвае творчасць палякаў-эмігрантаў на цэлым свеце. І гэтак губляе ўсялякія сувязі са сваёй уласнай зямлёй і ўласнай традыцыяй каталіцкай вёскі і крэсовага двара. Але — і двор, і нават даўняя вёска ўжо занадта далёка ў мінулым, каб іх уваскрашаць. Культура польская развіваецца ў асяродках, якія сталіся «палоніяй», не жадаючы таго, тая культура ўсё часцей чужая і варожая ўсяму мясцоваму, свайму, сапраўднаму. І гэтак робіцца толькі люстэркам афіцыйнай культуры, яшчэ адной, толькі не правай, а левай, культурай дэградацыі — магчыма, нават... часткай афіцыйнай постсавецкай культуры.

Сувязь «паланійнай культуры» з каталіцкім Касцёлам слабая. Хутчэй, фармальна-традыцыйная, толькі на ўзроўні знаёмства з ксяндзом-пробашчам і выкананнем у яго прысутнасці танцаў гуральскіх, кракаўскіх ці куяўскіх у абавязкова прывезеных з Польшчы «людовых» строях, рэдка пашытых па тых жа ўзорах на месцы, таксама да высылання дзяцей на нядзельную катэхізацыю, што канчаецца Святой Камуніяй, яшчэ бывае шлюб і бываюць памінкі. І зусім не відаць свецкіх вернікаў, якія сустракаліся б па-за касцёлам і гаварылі між сабой па-польску. Рэлігійны беларускі друк, хоць і робіць першыя крокі, развіваецца ўсё хутчэй, з’яўляецца ўсё больш выданняў, і тыя выданні з нумара ў нумар робяцца больш цікавыя. (...) На Беларусі няма ў будучым месца для аўтэнтычнасці і духоўнага жыцця па-за беларускай мовай. Яго носьбіты цудоўна тое адчуваюць, але яны павінны пазбавіцца комплексаў хамскай мовы, нягледзячы на тое, што надалей у сваім Краі іх трактуюць як «инородцев» і навязваюць духоўную пустку, тубыльскае lingua franca, што мае няшмат агульнага з Аляксандрам Пушкіным і айцом Аляксандрам Менем. Развіццё беларускага друку, зрэшты, не толькі каталіцкага, але і праваслаўнага, а таксама прысвечанага мастацтву, педагогіцы і адукацыі, паказвае, што беларусы, здольныя гаварыць усю праўду пра сябе і быць атракцыйнымі для іншых толькі ў сваёй моўнай стыхіі. І толькі на сваёй мове ўсе этнічныя беларусы, каталікі ці праваслаўныя, на кожны дзень польска- ці рускамоўныя, умеюць выказаць сваю душу.

Моўная будучыня Касцёла

Польская Імша і польская літургія чым далей, тым болей робяцца сентыментальным рэквізітам мінуўшай эпохі, куды не здолеў дабрацца савецкі і постсавецкі дух. Гэта было нечым накшталт закляцця, якое лучыла парафіянаў, давала сілы на адпор рэчаіснасці. Польская літургія была сугучная латыні, якая гучала містычна, але знаходзілася дзесьці занадта высока. Запальвала да вяртання касцёла, да адбудовы парафіі. Таму у тых святароў, што прыязджалі з Польшчы, складвалася ўражанне, што яны сустракаюцца тут з аднымі палякамі. Зрэшты, на Крэсах было і так, але, хутчэй, ужо на Украіне. Адраджаючыся, каталіцызм і на Беларусі прамаўляў па-польску. Прысутнасць польскіх святароў — ёсць шанцам тамтэйшага Касцёла. Але — ці ўдасца адбудаваць яго на польскасці? Ці польская мова ёсць будучае таго Касцёла? За 15 месяцаў свайго побыту на Беларусі я прыйшоў да высновы, што абсалютна не.

Магчыма, удасца ўтрымаць там некалькі, няхай нават некалькі дзесяткаў сапраўды добрых польскіх парафій. Аднак яны будуць змушаныя чэрпаць свае духоўныя сілы выключна з касцёлаў Польшчы. Зрэшты, таксама, як і парафіі ў Нямеччыне, Англіі, Францыі альбо ў Злучаных Штатах. Тутэйшыя свядомыя палякі, палякі з выбару, усё больш і вельмі хутка робяцца падобнымі да «палонусаў», гэта значыць, да польскіх эмігрантаў. А па-за імі запаўняюць святыні выключна польска-беларускія бабулі і дзядулі. Дзякуючы ім каталіцызм выжыў і выжыла польскасць — як вобраз і прапанова лепшага жыцця. І хіба менавіта як вобраз і прапанова.

Старэйшае пакаленне «тутэйшых палякаў», прывязаных да польскай мовы і абраднасці, павымірае. Пакіне па сабе крыжы з польскімі надпісамі і польскім правапісам сваіх беларускіх прозвішчаў звычайна з канчаткам на -іч, носьбіты якіх зрабілі такі аграмадны ўклад у культуру Польшчы. Пакіне пасля сябе адроджаныя парафіі і вернутыя касцёлы. Гэта пакаленне здзейсніла вялікую справу на беларускай зямлі. Але Касцёл вечны, ён дзейнічае sub specie aeternitatis, ён павінен абапірацца на аўтэнтычныя сувязі, на аўтэнтычную духоўнасць, а іх можа даць толькі сапраўдная душа народу. А ўсё, што праўдзівае, што сапраўды аўтэнтычнае і вялікае ў тым Касцёле, тое робіцца з дапамогаю беларускай мовы. Не новая тая мова ў Касцёле, як гэта беспадстаўна сцвярджаюць! Што праўда, не песціла яе даваенная польская рэчаіснасць, бо да тагачаснай адміністрацыйнай практыкі было само сабой зразумелым пасылаць на Крэсы ксяндзоў з Польшчы, якія чыталі тут Евангелле і прамаўлялі казанні на сваёй роднай мове. Але цяпер Касцёл на Беларусі паступова і непазбежна робіцца беларускім Касцёлам і іншага шляху яму няма. Бо альтэрнатыва тут толькі штучнае падтрыманне польскасці, якая пасля вымірання яе носьбітаў знікне сама, што можа ўвесці Касцёл у духовую пустку тубыльскай расійскасці.

Тыя самыя працэсы датычаць і праваслаўя на Беларусі, якое беларусізуецца само, знізу, пад націскам вернікаў і ўскрэшаных царкоўных брацтваў, з якіх найбольш вядомым з’яўляецца мінскае брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў. Праваслаўная прэса, гэты выразнік голасу душы, таксама становіцца беларускаю, як і каталіцкая.

Пераход да моўнай беларускай рэальнасці для абедзвюх хрысціянскіх канфесій на Беларусі непазбежны і здзейсніцца сам па сабе, унутрана, арганічна і без нічыёй дапамогі звонку. Не перашкодзяць яму галосныя пратэсты, якія даносяцца ад кіраўніцтва Саюза палякаў на Беларусі, гэтаксама як не падгоняць штучна гэты пераход звароты да Папы з просьбаю не прысылаць святароў з Польшчы, як робіць гэта кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту. Адных і другіх я добра разумею. Першыя — і слушна — баяліся сваіх унутраных канфліктаў і пераходу моладзі да беларушчыны нават насуперак моцнай прывязанасці да традыцыі старэйшага пакалення. Другія баяцца «паланізацыі» вернікаў, што перад вайною было цалкам рэальна, з’яўлялася нават галоўнаю мэтаю палітыкі Польшчы на Крэсах. А калі не баяцца «паланізацыі», то баяцца (...) нейкай «тубыльскай русіфікацыі» ці «псеўдарусіфікацыі», ці як яе там назавем. Была яна непажаданая, але ў нейкай ступені, пры выпадку, уяўляла рэальную пагрозу. Пра тое, што гэта былі небеспадстаўныя трывогі, сведчыць хоць бы і той факт, што некаторыя аўтары адным махам залічваюць да «мясцовых», гэта значыць, аўтахтонных, моваў разам з беларускай і ўкраінскай яшчэ і... рускую. Але ці руская мова гэта «мясцовая» мова на Беларусі?! Адказваю — абсалютна не. Мясцовая — гэта тубыльская расійская гаворка, «язык» вуліцы і «канцылярыт» чыноўніцтва, які мае вельмі мала агульнага з сапраўднай рускай мовай. І гэтаксама не ёсць «мясцовай» тая «пальшчызна», якая ў сваім часе спарадзіла мясцовы дыялект. Наступствам ліста дзеячаў БНФ да касцельных уладаў было — як уважаюць мясцовыя каталікі — распараджэнне тых уладаў пра ўвядзенне прынамсі раз на тыдзень абавязковай беларускай літургіі. А ўвядзенне яе, нават нечакана для старэйшага пакалення, выклікала... пратэст дзеячаў Związku Polaków na Białorusi! І гэтак палітычнае кола замкнулася. Усе гэтыя справы павінны вырашыцца самі — без палітыкі, — абапіраючыся на адзіную аснову для каталіцкага Касцёла ў межах Краю, а такою асноваю ёсць духоўная беларуская рэальнасць.

Пераклала з польскай Данута Бурнос.
Фотаздымaк Анатоля Клешчука.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY