Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва

РОСПІСЫ ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
Святло слова
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Святло слова

Постаці

ПАВАДЫР І СЛУГА
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Кантрапункт

МАДЭРНІЗМ
На кніжнай паліцы
Haereditas

Міхась КАЗЛОЎСКІ

ПАВАДЫР І СЛУГА

«Прасіце, і дасца вам;
шукайце, і знойдзеце;
стукайцеся, і адчыняць вам;
бо кожны, хто просіць, атрымлівае,
і хто шукае, знаходзіць,
і хто стукае, таму адчыняць»
(Мц 7, 7–8).

Была поўнач. Мястэчка даўно ўжо спала, зморанае цяжкой сялянскай работай. А на двары шалела завіруха. Бледны месяц выглядваў на хвілінку з-за грувасткіх чорных хмараў і тут жа, як бы спалохаўшыся нечага, хаваўся зноў. На вуліцах было пустынна і пякельна-змрочна. Здавалася, што царства ночы назаўсёды апусцілася на гэтую святую і грэшную зямлю. І толькі ў хацінцы мясцовага пробашча на самай ускраіне мястэчка гарэла святло. Там працавалі. Невысокага росту, крыху паўнаваты святар з добрым і шчырым тварам нешта апантана пісаў. Побач ляжалі кнігі. Айцец Уладзіслаў Чарняўскі на імгненне адарваўся ад напісанага і паглядзеў у цёмнае вакно. Завіруха не сціхала. Галінка маладзенькай вішанькі манатонна стукала па аканіцы, як бы просячыся ў хатняе цяпло. Айцец Уладзіслаў, нешта ўзгадаўшы, усміхнуўся. Праца паступова рухалася да заканчэння. Заставалася некалькі старонак тэксту, і плён ягонага жыцця будзе завершаны. На душы было светла і радасна і чамусьці невымоўна сумна. І неяк раптоўна, як бы птушкі з далёкага выраю, уварваліся ў яго памяць успаміны. Успомніліся бацькі, родная вёска, невялічкая рэчка Беражанка, мілыя, родныя, такія непаўторна прыгожыя краявіды і першыя крокі па зямлі…

Нарадзіўся Уладзіслаў Чарняўскі на стары Новы год па Юліянскім календары, 14 студзеня 1916 года ў патрыярхальнай і набожнай каталіцкай сям'і. Якраз стаялі страшэнныя маразы і лютавалі злыя мяцеліцы.

Радзіна Чарняўскіх была вялікая і працавітая. Дванаццаць дзетак паслаў Бог бацькам. Уладзіслаў быў адзінаццаты. Ішла першая сусветная вайна, таму і нарадзіўся хлопчык не ў роднай вёсцы Біцяняты, што на Смаргоншчыне (якую захапілі немцы), а ў засценку Амбружына каля Гальшанаў, у доме далёкіх сваякоў па матцы.

З маленства давялося паспытаць рознага. Голад і холад былі вернымі спадарожнікамі яго дзіцячага жыцця. Старэйшым сёстрам было крыху прасцей, бо яны працавалі наймічкамі ў людзей, а вось «малодшыя браты і сёстры з горам пражывалі».

У 1919 годзе сям'я вярнулася на радзіму. Запомнілася маленькаму Уладзіку з тае пары старая хата на два канцы. Чамусьці жылі толькі ў адным, а другі выкарыстоўвалі пад кладоўку, дзе захоўвалі ўсё самае каштоўнае: куфар з сувоямі палатна, грошы, мёд у бутэльцы. Час быў вельмі складаны. Як капрызнае надвор'е, мяняліся ўлады. Не паспявалі сысці немцы, як ім на змену спяшаліся палякі, а за імі бальшавікі… Праз нейкі час усё паўтаралася. І ўсе прыходзілі пад знакам вызвалення беларускага народа. Праўда, ад каго ці ад чаго, ніхто не тлумачыў.

Жылося сям'і Чарняўскіх, ды не толькі ім, у той час вельмі цяжка. Харчаваліся як маглі. Даводзілася збіраць «траву з шышачкамі», умешваць у муку ці бульбу, каб пячы аладкі. Не дзіва, што ў хуткім часе Уладзіслаў захварэў на дызентэрыю, ці, як тады гаварылі, на крываўку. Сямейныя думалі, што ён ужо не жылец, аж бачыш, паправіўся, бо на ўсё – Божая воля. Хоць акрыяў, але доўга яшчэ адчуваў слабасць і боль у целе.

Як лісточкі з дрэва, ападалі гады. Бы крамяны баравічок пасля дажджу, падрастаў і Уладзік. Хоць і быў самым малым у сям'і, работы і яму хапала. Пасвіў гусей, свіней, а крыху падросшы – кароў. Рабіў і іншую працу па гаспадарцы. У дзевяць гадоў пайшоў у школу. Спачатку ў суседнюю вёску Арляняты, а потым крыху далей, за кіламетры тры ад дома, у Вішнеўку. Вучыцца вельмі хацелася. Пазней пра той незабыўны час згадваў: «Для мяне было не вучыцца – не жыць. Ад кніжкі адганялі – так мяне ў навуку цягнула. Прыходжу са школы і чакаю, каб скарэй у школу. Я больш так ніколі не вучыўся. Браты не хацелі вучыцца, а ў мяне – толькі школа». Беларускіх школ не было, давялося займацца ў польскай. Гэта стварала пэўныя цяжкасці, бо не ўсё разумеў у той польскай мове просты вясковы хлопчык. І тым не менш, заўсёды лічыўся адным з лепшых вучняў. У вольны ад заняткаў час любіў маляваць. Калі не хапала паперы, маляваў на печках, сценах, дошках. І Бог ведае, што магло атрымацца з гэтага хлапчука, каб не праклятая беднасць, вечнае безграшоўе. Ды і бацькі былі не вельмі задаволеныя яго вучобай. Асабліва бацька, які лічыў, што для сялянскага сына дастаткова навукі ў пачатковай школе. І мусіць так яно і было б у далейшым, каб не дапамог выпадак.

Прыкладна ў канцы 1929 года, калі Уладзіслаў заканчваў чацвёрты клас Вішнеўскай школы, прыехаў у Крэва для медыцынскай праверкі вучняў доктар Шыманскі. Чалавек ён быў разумны, цікаўны, таму і вырашыў адначасова з медаглядам наладзіць для вучняў своеасаблівыя экзамены. І як жа быў здзіўлены той лекар, калі просты вясковы хлапчук без замінкі адказаў на ўсе ягоныя пытанні. Гэта і вызначыла далейшы лёс Уладзіслава Чарняўскага. Вярнуўшыся ў Крэва, доктар запрасіў бацьку Уладзіка да сябе і пераканаў, што хлопцу трэба вучыцца ў гімназіі. На наступны, 1930 год, запрогшы каня, бацька павёз сына ў Ашмяны. У гімназію.

«У Ашмянах складалі экзамены. Злажыў добра. Лепш за панскіх дзяцей, бо быў абчытаны», – так пазней напісаў Уладзіслаў Чарняўскі. Праўда, шчасце тое было нядоўгім. Восенню бацька перадумаў і загадаў сыну застацца на гаспадарцы. Бракавала ў сям'і сродкаў на яго ўтрыманне. Ды і здароўе маці пачало падпадаць, а потым і ўвогуле яе не стала. З болем у сэрцы, але давялося таму загаду падпарадкавацца. Год пражыў дома, а потым пайшоў у 5 клас Крэўскай школы, «бо было бліжэй». Праз пару месяцаў надарылася магчымасць перайсці ў Барунскую настаўніцкую семінарыю, што з радасцю і зрабіў.

У Баруны прыехаў з крэўскімі школьнымі сябрамі. Настаўніцкая семінарыя, што задумвалася і стваралася як беларуская, на той час была цалкам польскай навучальнай установай, дзе ўсе прадметы вяліся па-польску, і толькі два разы на тыдзень выкладалася беларуская мова як прадмет. Выкладчыкам яе быў, як тады казалі, прафесар Дамарацкі – чалавек цікавы, камунікабельны, эрудзіраваны. Яго многія любілі, у тым ліку і Уладзіслаў, бо ён далучаў вучняў да прыгажосці роднай мовы, літаратуры, культуры. Рабіў моладзь нацыянальна свядомай. Хоць, што праўда, свядомасць тая з'явілася ва Уладзіслава Чарняўскага значна раней, яшчэ тады, калі быў пастушком і пасвіў кароў разам з хлапчукамі каля Арлянятаў, адкуль паходзіў вядомы беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч ксёндз Адам Станкевіч. Ойчачка Адам часта падыходзіў да хлопчыкаў, распытваў пра жыццё-быццё, расказваў пра Беларусь, іншы раз дапамагаў матэрыяльна. Паважалі яго сяляне, і вельмі моцна паважалі. Часта можна было пачуць з іх вуснаў: «Ого, наш Адаська – светлая галава!» Любіла яго моладзь і асабліва дзеці. Ведалі пра яго добрае сэрца, залатую душу.

Вялікую ролю ў фармаванні грамадзянскай пазіцыі Чарняўскага адыграў і ягоны аднавясковец, актыўны грамадовец Міхась Шумінскі, які выпісваў беларускія газеты і часопісы. Ды і родны дзядзька, айцец Францішак Чарняўскі, таксама, відаць, паўплываў на нацыянальнае самасцвярджэнне юнака. Стары беларускі дзеяч, каталіцкі святар, а. Францішак яшчэ з гадоў маладосці быў звязаны з беларускім вызваленчым рухам. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, а потым папскі Усходні інстытут у Рыме. Меў навуковую ступень магістра тэалогіі. Быў актыўным у беларускім рэлігійным жыцці. Менавіта за свой патрыятызм у 1929 г. быў накіраваны ў Францыю для місіянерскай дзейнасці, а з 1957 года жыў у ЗША. Там і завяршыў сваю зямную дарогу.

А вучоба давалася Уладзіславу лёгка. Праўда, праз два гады, у 1933 г., Барунскую настаўніцкую семінарыю зачынілі. З тае пары засталіся ў памяці смешныя кепуркі-«баторувкі», якія насілі ў семінарыі, ды час ад часу напамінаў пра сябе сапсаваны страўнік, бо даводзілася харчавацца тым, «што меў у куфэрку».

Пасля закрыцця семінарыі хацеў паступіць у лётную школу (куды не трапяць беларусы!), але «не прынялі па здароўі». Давялося ізноў цэлы год прасядзець дома. «Лавіў улетку рыбу, сабіраліся аднагодкі, гулялі ў пікера, качалі кацёлку, гулялі ў карты, у запалкі, снавалі. Міма таго, я чуўся адзінокім, нешчаслівым, часам і ня жыць рашаўся, смуткаваў». Так прыпаміналіся тыя не вельмі шчаслівыя ў ягоным жыцці гады. Каб не губляць дарэмна часу, стараўся шмат чытаць. Праўда, чытанне тое было бессістэмнае – што трапляла ў рукі, тым і задавальняўся. Вялікае ўражанне на юнацкую душу зрабіла кніга пра жыццё «святой малой Тэрэзкі». Стаў усё больш паглядаць на неба, просячы дапамогі ў Бога.

Былі моманты, калі здавалася, што пра вучобу пара забыцца і трэба па-сапраўднаму ўпрагацца ў цяжкое сялянскае жыццё. Але памаглі родныя: параілі напісаць дзядзьку а. Францішку ў Францыю, дзе той святарыў. Напісаў. Адказ не прымусіў сябе чакаць. Дзядзька раіў ехаць у Друю. У кляштар марыянаў. Абяцаў дапамагчы матэрыяльна і аплачваць вучобу. Як і раней, бацька запрог каня і павёз сына ў «невядомы, няблізкі свет». У Солах развіталіся. Відаць, нешта прадчуваючы, бацька моцна плакаў. Больш яны ніколі ў гэтым жыцці не спаткаліся...

Друйскі кляштар айцоў марыянаў – адметная старонка ў беларускім рэлігійным жыцці. Ён быў заснаваны па ініцыятыве віленскага біскупа і генерала ордэна марыянаў а. Юрыя Матулевіча (Матулайціса) у 1923 г. Першым кіраўніком друйскага ордэна марыянаў быў славуты беларускі каталіцкі святар архімандрыт а. Андрэй Цікота (між іншым, сваю душпастырскую дзейнасць ён пачаў у 1917 г. у Маладэчне). Значную ролю ў адкрыцці кляштара адыгралі грашовыя ахвяраванні шчырай беларускай патрыёткі княгіні Магдалены Радзівіл. Ордэн марыянаў ствараўся як беларускі рэлігійны асяродак, як кузня беларускай хрысціянскай інтэлігенцыі. У 1924 г. пры кляштары пачала працаваць школа, якая праз шэсць гадоў атрымала статус гімназіі імя Стэфана Баторыя. З яе сцен выйшлі славутыя дзеячы беларускай эміграцыі: мастак Віктар Жаўняровіч, доктар Язэп Малецкі, гісторык Віктар Ярмалковіч, біскуп Чэслаў Сіповіч, доктар філасофіі а. Тамаш Падзява ды іншыя. Пры кляштары была заснавана гаспадарка, дзе працавалі манахі і вучні гімназіі. І самае галоўнае, ордэн марыянаў забяспечваў духоўныя патрэбы пяцітысячнай Друйскай парафіі.

Вось сюды і прыехаў у 1934 г. Уладзіслаў Чарняўскі. Пасяліўся ў інтэрнаце пры друйскім кляштары. У той час выкладанне ў гімназіі вялося на польскай мове, хоць, праўда, выкладчыкі на перапынках размаўлялі з вучнямі па-беларуску. Дырэктарам гімназіі быў архімандрыт а. Андрэй Цікота. Уладзіслаў Чарняўскі ў сваіх успамінах пісаў: «Цікота быў вельмі паважны. Усе школьнікі мелі павагу да яго. Як ідзе: хлопцы, рукі па швах. Цікота здабыў для кляштара правы дзяржаўнай гімназіі. Ён выкладаў лаціну, і калі выпускнікі паступалі далей, то ніхто яе не правальваў...»

Спачатку вучыцца было цяжкавата, але потым уцягнуўся і хутка ўжо уваходзіў у дзясятку найлепшых вучняў. З'явіліся сябры, новыя зацікаўленні. І тут, як гром сярод яснага неба, звалілася напасць: пачаў ізноў моцна даймаць жывот. Не прайшло бясследна яго нішчымнае харчаванне. Бывалі моманты, калі здавалася, што не выжыве. І так усё жыццё – рэдка калі адчуваў сябе цалкам здаровым. Ратаваўся малітвамі, усё часцей звяртаючыся па дапамогу да Маці Божай. І хваробы адступалі.

Што тычыцца парадку ў кляштары, то ён быў ідэальны. Нягледзячы на тое, што законнікам належала каля 70 га ворнай зямлі, яе ўсю апрацоўвалі ўласнымі сіламі. Вучні самі касілі, аралі, вязалі, звозілі. Яны ж даглядалі вялікі сад, пчолаў, кароў, коней. Чарняўскі не раз гаварыў, што за лета, бывала, так напрацуюцца, што адна думка ў галаве: хутчэй бы ў школу. Аканомам у кляштары быў ксёндз Казімір Смулька. Чалавек вельмі набожны, шчыры, незвычайна добры. У 1921 г. ён скончыў каталіцкую семінарыю ў г. Улацлавак у Польшчы. Быў першым манахам друйскага кляштара айцоў марыянаў. За вельмі кароткі тэрмін здолеў так паставіць работу, што гаспадарка лічылася ўзорнай. З яе і жылі.

У 1937 г. Уладзіслаў Чарняўскі закончыў Друйскую гімназію. Пытанне, куды пайсці далей, перад ім не стаяла. Ён вырашыў стаць слугою Божым і павадыром для свайго народа. Цяга да пастырскай дзейнасці жыла ў душы Уладзіслава яшчэ з дзяцінства. Чамусьці вельмі хацела бачыць яго святаром маці. Часта называла ці то жартам, ці то ўсур'ёз «мой ксяндзочак». І як напрарочыла. У 1938 г. яшчэ ў Друі ён паступіў у навіцыят ордэна марыянаў. Але доўга там не прабыў: летам таго ж года паліцыя выселіла з кляштара шэсць айцоў марыянаў, у тым ліку і апекуна навіцыята айца Віталіса Хамёнка. Давялося перабрацца ў Вільню, дзе існаваў Дом студыяў марыянаў, заснаваны ў сярэдзіне 30-х гадоў з ініцыятывы друйскіх святароў. Жылі на Зыгмунтоўскай вуліцы, «непадалёк ад «Зялёнага маста», у Доме друйскіх айцоў, які быў куплены а. А.Цікотам за золата, дадзенае Радзівіліхай», а вучыліся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У тым Доме студыяў займалася 11 клерыкаў-марыянаў. Іх апекуном быў а. Язэп Германовіч, вядомы ў Заходняй Беларусі паэт, які пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны. Вучыцца было цяжка. За Домам і апекуном бесперастанку сачылі. Аднаго разу а. Язэп расказаў Уладзіславу Чарняўскаму пра такое здарэнне. Была восень. Дождж ліў, як з вядра. Каля вакна нехта стаяў. Айцец Язэп зразумеў, што гэта віж. Ён па-асенняму апрануўся, узяў парасон і пайшоў на шпацыр. Прайшоў адну вуліцу, другую. Віж не адстае. Тады ойча спыняецца, падыходзіць да яго і пытае: «Як пану подоба сен подруж?» Той адказвае: «Цо зробіш, така служба». Вось так і жылося нацыянальнай інтэлігенцыі ў тыя няпростыя для беларушчыны гады...

1 верасня 1939 года пачалася другая сусветная вайна. Якраз напярэдадні паехалі клерыкі-марыяне пад Белавежскую пушчу, дзе былі іхнія дамы адпачынку. Там і застала іх страшная навіна. Спазналі шмат жахаў. Вакол неразбярыха. Мабілізацыя. Немцы пачалі бамбіць. З неверагоднымі высілкамі дабраліся да Вільні. А там ужо семінарыя зачынена, кіраўніцтва разбеглася. Давялося ехаць у Друю, куды ў хуткім часе прыйшла Чырвоная армія. З Друі Чарняўскі перабраўся ў Літву ў г. Укмерге. Жыў у марыянаў. Працаваў памочнікам ксяндза. І толькі ў пачатку 1942 г. здолеў аднавіць вучобу ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі на тэалагічным факультэце, а жыў пры літоўскім касцёле святога Ігната. Нягледзячы на розныя цяжкасці, той час ён згадваў з незвычайнай цеплынёй, бо быў малады, поўны сілы і веры ў лепшую будучыню сваёй Беларусі.

На доўгім жыццёвым шляху Уладзіславу Чарняўскаму даводзілася спатыкацца з вельмі цікавымі людзьмі, якія пакінулі значны след у ягонай душы, а некаторыя адыгралі выключную ролю ў фармаванні яго як асобы. Сустракаўся з Міхасём Забэйдам-Суміцкім, неаднойчы бываў на кватэры ў ксяндза Адама Станкевіча. Між іншым, гэта дзякуючы а. Уладзіславу мы ведаем пра апошнія гадзіны знаходжання а. Адама ў Вільні. Расказваў, як арыштаваны ў 1949 г. Станкевіч папрасіўся зайсці ў сваю хату. Яму дазволілі. Зайшоў, уключыў патэфон, паставіў плыту Забэйды-Суміцкага. Нейкую хвіліну паслухаў, роспачна заплакаў і пайшоў з дому. Назаўсёды... Ведаў Чарняўскі і іншых выдатных дзеячаў беларускай культуры: Адольфа Клімовіча, Янку Багдановіча, ксяндзоў Ідэльфонса Бобіча, Казіміра Кулака...

У 1944 годзе Уладзіслаў Чарняўскі нарэшце быў высвенчаны на ксяндза. Праўда, крыху раней тэрміну, бо яшчэ год давялося вучыцца ў семінарыі. Ён згадваў: «Мелі мяне свянціць разам з ксяндзом-езуітам Станіславам Міхальскім у езуіцкай капліцы. Але хтосьці данёс на мяне, што я быццам не люблю польскай мовы і штосьці падобнае. Арцыбіскуп Ялбжыкоўскі асцерагаўся мяне свянціць. Марыяне настойвалі. Тады перадаў свянціць мяне біскупу Мечыславу Райнісу, каторы ўдзяліў мне субдыяканату, дыяканату і святарства ў 1944.Х.4. у Віленскай катэдры». Прыміцыі вырашыў адпраўляць на Беларусі, бо належаў да Барунскай парафіі, але сваякі папярэдзілі, што барунскі ксёндз Карпінскі не любіць беларусаў. Давялося ехаць у Крэва, дзе ксёндз быў добра знаёмы яшчэ з даваенных часоў. У канцы кастрычніка 1944 г. ужо святар а. Уладзіслаў Чарняўскі адправіў сваю першую Святую Імшу ў Крэве. Да гэтай знамянальнай падзеі быў надрукаваны ў Літве і абразок-памятка па-беларуску. Пасля прыміцыі зноў вярнуўся ў Вільню. Працягваў жыць пры касцёле святога Ігната. Адпраўляў ранішнія набажэнствы, Імшу, спавядаў, а вечарам ішоў на вучобу ў семінарыю. Але пад канец 1945 г. новыя ўлады зачынілі семінарыю, пры гэтым сказаўшы: «Літоўцы хай едуць у Каўнас, а палякі ў Польшчу». Айцец Уладзіслаў застаўся ў Вільні. У канцы 1949 г. яго прызначылі пробашчам касцёла святога Мікалая. Праўда, служба тая працягвалася нядоўга. Праз тры месяцы яго адправілі служыць у Літву. Спачатку ў г. Укмерге, потым у Гегужыне, Ёрнішкі, Варэну, Эйшышкі… Жыў сярод літоўскага насельніцтва, дзе і мовы іншай, акрамя літоўскай, не ведалі. Спатрэбіліся яму тыя веды літоўскай мовы, якія здабываў у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. На нейкі час давялося сесці і за падручнікі, «бо парафіі ўсе былі літоўскія, і казанні, чытанні трэба было рабіць па-літоўску». Будучы па натуры чалавекам добрым, шчырым, адкрытым, айцец Уладзіслаў вельмі хутка заваяваў усеагульную любоў і павагу сярод парафіянаў. Ды і з літоўскай мовай праблем не стала. Вывучыў яе так, што літоўцы прымалі за свайго.

Але цягнула на Беларусь. Ды і землякі не забывалі. Прыязджалі цэлыя дэлегацыі з просьбай вярнуцца на Радзіму, бо святароў там заўсёды не хапала. Пасля доўгай бюракратычнай валтузні, адмоваў біскуп нарэшце згадзіўся адпусціць а. Уладзіслава з парафіі. Вырашыў ехаць у Воранава, «але калі пераехаў у Беларусь, прапісаўся ў Смаргонях і абжыўся ў Чухнах», з усіх бакоў пачалі сыпацца запрашэнні наведаць і іншыя парафіі. Стараўся па магчымасці не адмаўляцца, і тады яго шляхі пралягалі праз Крэва, Войстам, Вішнева. І ўсюды ён нёс праўду, шчырае Божае слова, веру ў дабрыню і чалавечнасць. Былі і цяжкасці, непрыемнасці, інтрыгі, асабліва, калі захацеў пераехаць у Вішнеўскую парафію. Доўга не прапісвалі, стваралі перашкоды, праблемы. Давялося шмат паездзіць. Згадваў, што «два разы ездзіў у Мінск, многа разоў у Маладзечна да ўпаўнаважанага і толькі пасля таго, як наведаўся ў Маскву, атрымаў даведку аб уладкаванні на працу ў парафіі Вішнева».

У Вішнева прыехаў у 1954 годзе. Мясціны там вельмі прыгожыя. Мястэчка размешчана блізка ад чыгуначнай станцыі Багданава, ды і Валожын не за гарамі. Узгорыстая мясцовасць, спакойная звілістая рэчка Альшанка, блізкая сінь лясоў стваралі ідылічную карціну старадаўняга, Богам забытага беларускага паселішча. На заходняй ускраіне мястэчка, на высокім пагорку стаяў касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны яшчэ ў 1424 годзе князем Вітаўтам. Першапачаткова ён быў драўляны, але ў 1637–41 гг. на яго месцы князем Храптовічам (ён пахаваны ў крыпце правай капліцы) была ўзведзена велічная мураваная святыня, якая лічыцца помнікам архітэктуры эпохі барока. Вось у гэтым незвычайна прыгожым касцёле і стаў пробашчам айцец Уладзіслаў Чарняўскі.

Адразу па прыездзе пачаў весці службу па-беларуску. Шмат каму такое новаўвядзенне не спадабалася, пачалі абурацца, пісаць ананімныя лісты, даходзіла нават да таго, што дэманстратыўна пакідалі касцёл, «бо не падабалася ім, што спяваюць рэлігійныя песні на роднай мове». Пазней а. Уладзіслаў успамінаў: «Колькі разоў рабілася крыўдна, думаў, кіну, вярнуся ў Літву. Але шкада было развітвацца з роднымі месцамі. Другі раз думаў: не буду навуку казаць, таксама адпускаўся. Так цягнулася гады. Памалу самыя ўпорыстыя сталі прывыкаць». Чалавек глыбокіх ведаў, выключнай дабрыні, сапраўдны і шчыры пастыр усё жыццё жыў як пракляты. І за што? За тое, што меў смеласць лічыць сябе беларусам, часткай свайго народа. Меў смеласць гаварыць з Богам на роднай мове. Але ж у Бібліі напісана: «І слаўце імя Маё мовай сваёй»! Ды што тыя словы манкуртам? «Нас большасць і мы не жадаем тую беларускую мову ў касцёле», – гавораць яны, забываючыся на тое, што менавіта большасць распяла Хрыста. Забываючыся, што не заўсёды большасць мае рацыю. Забываючыся на ўсё, што было ў іх далёкай і не вельмі гісторыі. Забываючыся на пагарду да іх і іх мовы, традыцыяў, звычаяў, культуры...

Хрушчоўская «адліга» дала нейкія спадзевы на перамены ў краіне, але Беларусь яны мала закранулі. Дэнацыяналізаванае чынавенства працягвала змагацца з іншадумствам, уяўным нацыяналізмам і «рэлігійным цемрашальствам». Закранула гэта барацьба і а. Уладзіслава. Хоць, праўда, не арыштоўвалі і не высылалі (час быў не той), але пасады пазбаўлялі некалькі разоў. Заставаўся зусім без сродкаў для існавання. Даводзілася тады выбіраць некалькі каштоўных кніг з багатай уласнай бібліятэкі і везці на продаж у Мінскі абласны краязнаўчы музей у Маладэчна. З таго і жыў. Дапамагалі крыху і парафіяне.

З другой паловы 60-х гадоў распачалося сталае ліставанне У.Чарняўскага з беларускай эміграцыяй. У прыватнасці, з дзядзькам а. Францішкам Чарняўскім, пралатам а. Пятром Татарыновічам, біскупам Чэславам Сіповічам. На просьбу апошняга пачаў рэгулярна дасылаць беларускія кнігі і часопісы ў Беларускі дом айцоў марыянаў у Лондане. І калі ў 1971 годзе там адчынілася Беларуская бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны, то значную частку іх фондаў склалі матэрыялы, дасланыя а. Чарняўскім.

Дзякуючы беларускаму каталіцкаму духавенству на эміграцыі і, перадусім, біскупу Сіповічу, у 1967 годзе а. Уладзіслаў атрымаў запрашэнне наведаць Апостальскую Сталіцу. Вось як ён пра тое ўспамінаў: «За год да паездкі я атрымаў пісьмо з Рымскай Курыі, ад сакратара Стану, у якім паведамлялася, што Папа Рымскі прызначае мяне адміністратарам для католікаў на Беларусі, калі на гэта згодзяцца савецкія ўлады. А праз нейкі час другое пісьмо на французскай мове з паведамленнем, што мяне прызначаюць дараднікам ад Кангрэгацыі Абрадаў і з запрашэннем у Рым». Як адрэагавалі на такія прапановы савецкія ўлады? Катэгарычнай адмовай. Але наведаць Рым не забаранілі. Давялося тэрмінова рыхтаваць адпаведныя дакументы, і праз год, у 1968 годзе, айцец Уладзіслаў ужо быў у Апостальскай Сталіцы. Разам з біскупам Чэславам Сіповічам прысутнічаў на аўдыенцыі ў Папы Паўла VI. Размаўлялі на лацінскай мове. Папа сказаў, што хоча бачыць а. Уладзіслава беларускім біскупам, распытваў пра рэлігійную сітуацыю на Беларусі, гаварылі і на іншыя балючыя тэмы. Потым быў званок з папскай адміністрацыі ў савецкую амбасаду з просьбай станоўча вырашыць пытанне з біскупствам. У адказ – катэгарычная адмова. У той жа прыезд айцец Уладзіслаў атрымаў даручэнне ад Кангрэгацыі па Божым кульце перакладаць Біблію.

Вярнуўшыся на Беларусь, ён заняўся гэтай пачэснай і высакароднай справай. Перакладаць было цяжкавата: не хапала адпаведнай літаратуры, распрацаванай беларускай рэлігійнай тэрміналогіі, бракавала святароў-аднадумцаў. Першы год інтэнсіўнай працы даў плён: Уладзіслаў Чарняўскі пераклаў сем тамоў літургічных тэкстаў. Праз нейкі час іх вартасць пацвердзіў Рым, але выдаць іх у тагачасным Савецкім Саюзе было немагчыма. І адзін Бог ведае, што было б з тымі тэкстамі, каб не «перабудова», якая і паспрыяла ў хуткім часе з'яўленню спачатку «Катэхізмоўкі», потым «Кнігі Роду» і, нарэшце, «Новага Запавету». Засталося зусім мала часу, каб свет пабачыла ў поўным аб'ёме і Галоўная Кніга чалавецтва…

…Завіруха не сціхала. Здавалася, што нехта жалобна плача па незваротна страчаным, даўно адышоўшым. Гучна патрэсквала на марозе старое маўклівае дрэва. Айцец Уладзіслаў уздыхнуў, узяў важкі рукапісны том і паклаў яго каля настольнай лямпы. Скупаватае святло асвяціла загалоўную старонку рукапіса, даўшы прачытаць некалькі слоў. І словы тыя былі простыя і велічна-мудрыя: «Біблія, пераклаў на беларускую мову айцец Уладзіслаў Чарняўскі».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY