Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва

РОСПІСЫ ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
Святло слова
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Святло слова

Постаці

ПАВАДЫР І СЛУГА
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Кантрапункт

МАДЭРНІЗМ
На кніжнай паліцы
Haereditas


Сучасны выгляд Мінскай архікатэдры, былога езуіцкага касцёла. Фота М. Мельнікава.
Тамара ГАБРУСЬ

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА

<< Пачатак

Характэрнай рысай езуіцкага храмабудаўніцтва пачатку ХVІІІ ст. стаў адыход ад кананічнай схемы крыжова-купальнай базылікі, які можна назіраць у шэрагу сакральных збудаванняў. Амаль адначасова з гродзенскім касцёлам езуітаў былі ўзведзены мураваныя святыні таго ж ордэна ў Мінску і Магілёве, але тут замест класічнай праграмнай «езуіцкай» трохнававай крыжова-купальнай базылікі з планам у верхнім сячэнні ў выглядзе лацінскага крыжа пабудаваны трохнававыя базылікі без трансепта, з прамавугольным планам як на ўзроўні падлогі, так і ў верхнім сячэнні. У гэтым увасоблена тэндэнцыя да канфесійнай талерантнасці, якую мы ўжо адзначалі ў тагачасным будаўніцтве «жабрацкіх» ордэнаў у стылістыцы «сармацкага» барока.

Пра гісторыю будаўніцтва мінскага касцёла і калегіума грунтоўныя артыкулы з шматлікімі архіўнымі звесткамі апублікавалі А.Квітніцкая, У. Дзянісаў, С.Адамовіч, Е.Пашэнда, якія ў цэлым не супярэчаць адзін аднаму. Езуіты аселі ў Мінску ў 1654 г. па фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзідэнцыі мураваную сядзібу з драўлянай капліцай на вуглу вуліцы Койданаўскай і Высокага рынку. Будынкі рэзідэнцыі да канца ХVІІ ст. паступова мадэрнізаваліся, і толькі 24 красавіка 1700 г. ва ўрачыстай абстаноўцы быў асвечаны краевугольны камень новага мураванага касцёла, які існуе па сённяшні дзень. Будаўніцтва вялося даволі хуткімі тэмпамі: скляпенні і дах узведзены ўжо ў 1705 г. Храм асвечаны пад тытулам Езуса, Дзевы Марыі і св. Барбары 16 красавіка 1710 г. біскупам віленскім Цыпрыянам Бжастоўскім. Характэрна, што ў «Слоўніку мастакоў-езуітаў» Я.Паплатэка і Е.Пашэнды (прынамсі на час будаўніцтва мінскага касцёла) адсутнічаюць дакументы з імёнамі архітэктараў-езуітаў. Адзначым толькі, што напярэдадні, у 1688–1699 гг., у мінскай рэзідэнцыі выкладаў архітэктар Уладзіслаў Дзягілевіч, беларус па паходжанні, манах ордэна з 1691 г., які пазней быў суперыёрам (з 1710 г.) у Мсціславе, дзе адначасова кіраваў будаўніцтвам.


Касцёл і калегіум езуітаў у Мінску. Канец ХІХ ст.
Але дабудова мінскага касцёла езуітаў працягвалася яшчэ доўгі час. У 1719 і 1722 гг. да вімы прэзбітэрыя былі далучаны квадратныя ў плане аб'ёмы, якія арганічна злучылі бакавыя навы з алтарнай часткай. У адной з іх размяшчалася закрыстыя (пазней перароблена ў капліцу Святой Тройцы і ўвенчана складаным верхам), у другой, ад пачатку перакрытай купалам, знаходзіцца капліца св. Феліцыяна (фундацыі роду Завішаў). У ёй пахаваны адзін з асноўных фундатараў – ваявода мінскі Крыштоф Завіша (1666–1721), аўтар вядомых мемуараў. Першыя імёны архітэктараў-езуітаў, што ўдзельнічалі ў манументальна-дэкаратыўным аздабленні святыні, тычацца толькі 2-й паловы ХVІІІ ст.: Францішак Караў (1763–1764), Базыль Шляхта (1767–1768), Андрэй Жаброўскі (1763–1771). Пасля касацыі ордэна ў 1773 г. касцёл стаў парафіяльным, а з 1789 г. па 1869 г. – катэдральным. У гэты перыяд у яго рэканструкцыі прымаў удзел мінскі губернскі архітэктар Казімір Хршчановіч. У 1948–1951 гг. касцёл быў рэканструяваны пад спартыўны клуб Таварыства «Спартак» (архітэктар М.Драздоў), а ў 1990-я гг. рэстаўраваны як архікатэдральны касцёл Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.


План касцёла езуітаў у Мінску.
Архітэктоніка мінскага касцёла езуітаў, паўтараючы ў асноўным структуру папярэдніх мураваных святыняў горада, магчыма ўпершыню ў храмабудаўніцтве ордэна ў ВКЛ парушае іх устойлівую ідэалагічна-праграмную схему. Будынак касцёла ўяўляе трохнававую базыліку без трансепта, з вылучанай, больш вузкай і нізкай за цэнтральную наву, апсідай прэзбітэрыя, якая мае больш нізкі асобны дах, у чым нельга не адзначыць водгук мясцовага рэнесансу. Дынаміка кампазіцыі традыцыйна нарастае ад больш нізкіх аб'ёмаў алтарнай часткі да дзвюхвежавай пласціны галоўнага фасада-нартэкса. Будаўніцтва верхніх ярусаў вежаў было завершана ў 1730–1732 гг. на пачатку станаўлення «віленскага барока», таму іх пластыка адносна стрыманая ў параўнанні з больш познімі завяршэннямі вежаў гродзенскага касцёла. Аднак колькасць ярусаў над узроўнем карніза цэнтральнай навы ў Мінску большая: тут іх тры і яны выразна змяншаюцца па памерах, ствараючы «тэлескапічную» структуру (адчуваюцца павевы новага стылістычнага кірунку). Відавочна, што ў той жа час створаны познебарочны франтон-«дыядэма» над алтарнай часткай.

У дэкоры галоўнага фасада на ўсіх ярусах паслядоўна вытрыманы іянічны ордэр. Ніжняя частка фасада даволі важкая і статычная. У нішах-табэрнакулах на 2-м ярусе вежаў былі размешчаны скульптуры святых Пятра і Паўла, а ў цэнтры атыкавага франтона – скульптура Панны Марыі, энергічна падкрэсленая сегментным франтонам над балкончыкам для музыкаў. Экспрэсія формаў паступова нарастае ўгору і выяўляецца ў дынамічных спружыністых вертыкалях вежаў. Спалучэнне плоскіх пілястраў на вежах касцёла (дарэчы, ужо не адзінкавых, а слаістых, што з'яўляецца прыкметай «віленскага барока») з сакавітым аб'ёмным ордэрам цэнтральнай часткі фасада надае яму мастацкую выразнасць і адметнасць. У адной з вежаў у 1730-я гг. быў устаноўлены прывезены з Гданьска гадзіннік, «каб быў вядомы ўсялякі час». 4 званы на вежах мелі ўласныя імёны: Казімір, Тадэвуш, Феліцыян і самы вялікі – Якуб. Агульны ансамбль з вежамі касцёла складала вежа-званіца размешчанага побач калегіума. Першыя звесткі пра яе датаваны 1738 годам. У 1750 г. яна была рэканструявана. Менавіта тады на ёй змясцілі вялізны звон з імем фундатара Язэпа Салагуба (адліты ў Крулеўцы).

Унутры базыліка касцёла мае трохчасткавае прасторавае чляненне сістэмай апорных слупоў, міжнававых і папярочных падпружных арак, што падтрымліваюць цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. Адметнасць інтэр'еру святыні надае незвычайны малюнак антаблемента, што апярэзвае цэнтральную наву. Яго верхняя карнізная цяга не строга гарызантальная, як звычайна, а «разарваная»: лініі архітэктурных профіляў нібыта сцякаюць уніз і закручваюцца ў маленькія валюты. Такі незвычайны творчы прыём надае мастацкаму абліччу інтэр'ера ўсхваляванасць і экстатычнасць, што сведчыць пра высокі ўзровень разумення эстэтыкі барока. Міжнававыя аркады раскрапаваны пілястрамі карынфскага ордэра, якія аздаблялі ўмацаваныя на кансолях дынамічныя рухавыя скульптуры дванаццаці апосталаў. Фрэскавыя роспісы святыні маюць некалькі пластоў рознага часу, што стварае складанасць іх аднаўлення.


Магілёўскі езуіцкі касцёл. Здымак пачатку ХХ ст.
Блізкую да мінскага касцёла езуітаў архітэктоніку меў касцёл таго ж ордэна ў Магілёве (на жаль, ён не захаваўся). Езуіты з'явіліся тут адносна позна, у 1678 г., і мелі спачатку драўляныя касцёл і калегіум. Мураваны калегіум пачалі будаваць у 1686 г. у Старым горадзе, каля Каралеўскай брамы. У 1697 г. стольнік Пятра І П.А.Талстой сведчыць у сваім дзённіку: «...в Могилеве же вновь строят езуиты кляштор каменный, то есть монастырь немалый, построено уже много того монастыря каменным строением». Падмурак мураванага касцёла быў закладзены ў 1699 г., на год раней, чым у Мінску, але будаўніцтва працягвалася даўжэй, да 1723 г., а вежы, як звычайна, былі завершаны яшчэ пазней. Святыня кансэкравана ў 1725 г. у гонар св. Францішка Ксаверыя і святых Анёлаў-ахоўнікаў. Будаўніцтва комплексу працягвалася да 1820 г. З ім звязаны імёны архітэктараў-езуітаў Язэпа Алендзкага (1756–1757), прафесара матэматыкі Войцаха Абранпольскага (1786–1796) і іншых. У 1833 г. касцёл быў перароблены пад праваслаўную Васкрасенскую царкву, а пасля другой сусветнай вайны, у 1950-я гг., цалкам знішчаны.

Магілёўскі езуіцкі касцёл. План.

Магілёўскі езуіцкі касцёл. Фрагмент малюнка Ю.Пешкі.
Блізкасць архітэктонікі мінскага і магілёўскага езуіцкіх касцёлаў адзначала яшчэ А.Квітніцкая. Абедзве святыні – трохнававыя базылікі без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам. Адрозненні меліся ў будове алтарнай часткі. У магілёўскім касцёле цэнтральная нава завяршалася не апсідай, а роўным з ёю па вышыні прэзбітэрыем, па баках якога размяшчаліся не купальныя капліцы, а трохі перакошаныя ў плане прамавугольныя закрыстыі. Уласна базыліка мела тое ж трохчасткавае чляненне з вылучаным нартэксам і аналагічную сістэму перакрыццяў – скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках. Купал адсутнічаў, пра што сведчыць малюнак Юзафа Пешкі і архітэктурныя абмеры пачатку ХІХ ст. У 1848 г. над дахам надбудавалі несапраўдны купал, які даволі ўдала паўтараў завяршэнні вежаў і ўзбагачаў сілуэт святыні (яго можна бачыць на здымках пачатку ХХ ст.). Стылістыка галоўнага фасада адпавядала пераходнаму этапу ад сталага да позняга барока: ордэрная пластыка адначасова насычаная і строгая. Гарызантальныя цягі, унізе амаль класічныя, уверсе набываюць усхваляванасць і складаныя абрысы, што стварае ўражанне барацьбы канструкцыі і формы, масы матэрыялу і духоўных памкненняў. Вежы маюць толькі адзін ярус над узроўнем карніза цэнтральнай навы ў выглядзе даволі масіўных чацверыкоў, завершаных складанымі шмат'яруснымі барочнымі купалкамі маляўнічага абрысу.

Спецыфічную архітэктоніку, якая ўяўляла творчы сімбіёз праграмнай тэмы езуіцкага будаўніцтва (плана пад купалам і арганізацыі ўнутранай прасторы ў выглядзе лацінскага крыжа) і мясцовай тэндэнцыі да змяншэння ролі трансепта (дзеля міжканфесійнай «мімікрыі») меў езуіцкі касцёл Міхала Арханёла ў Мсціславе, пабудаваны ў 1730–1739 гадах. У 2-й палове ХVІ–ХVІІІ ст. Мсціслаў быў буйным горадам з развітымі рамёствамі і гандлем, адміністрацыйным цэнтрам Мсціслаўскага ваяводства.

Прывілеем караля Жыгімонта ІІІ Вазы ад 1614 г. першым у Мсціславе быў заснаваны фарны касцёл, пры якім з 1637 г. служылі законнікі ордэна кармелітаў. Верагодна, у той жа час распачалося будаўніцтва мураванага касцёла (па фундацыі Караля Якуба Мадлінскага). З 1648 г. Мсціслаў быў ахоплены казацкімі хваляваннямі, а ў 1654–1661 гг. заняты маскоўскімі войскамі. Будаўніцтва касцёла кармелітаў завяршылася ў 2-й палове ХVІІ стагоддзя. З таго часу ацалелі каштоўныя фрэскавыя кампазіцыі: «Узяцце Мсціслава рускімі войскамі ў 1654 г.» і «Трубяцкая разня, ці забойства ксяндзоў», якія з'яўляюцца не толькі творамі манументальнага выяўленчага мастацтва, але і фактычнымі гістарычнымі крыніцамі.

Рэгіён Мсціслава моцна пацярпеў і ў Паўночную вайну: 30 жніўня 1708 г. тут адбыўся гістарычны бой рускіх войскаў са шведамі. Касцёл кармелітаў быў рэканструяваны ў 1746–1750 гг. у стылі віленскага барока архітэктарам І.Глаўбіцам. Пра ранняе паходжанне трохнававай трохчасткавай базылікі без трансепта сведчыць пяцігранная форма апсіды прэзбітэрыя, масіўнасць сцен і апорных слупоў. Аднак магутнасць пласціны фасада-нартэкса спалучаецца з вытанчанымі прапорцыямі ордэна і тэлескапічнай структурай вежаў, хвалістымі абрысамі профіляў і франтона. Інтэр'ер святыні і далучанай да алтарнай апсіды «цёплай» капліцы адметны багатым сінтэзам мастацтваў: разьбой, лепкай, фрэскавым роспісам (больш за 20 кампазіцый).

Комплекс касцёла і калегіума езуітаў існаваў у Мсціславе з 1690 да 1820 года. Мураваны касцёл Міхала Арханёла, узведзены ў 1730–1738 гг., звязаны з імёнамі архітэктараў Уладзіслава Дзягілевіча (1706–1714 гг.), Юзафа Алендзкага (1754–1755), Базыля Шляхты (1762–1764), прафесароў архітэктуры Антонія Абрамсперга, Войцаха Абранпольскага, Мансвета Скакоўскага (усе яны працавалі ў канцы ХVІІІ ст.), але імя архітэктара-будаўніка касцёла дакладна невядома. Параўнаўчы аналіз мсціслаўскіх касцёлаў кармелітаў і езуітаў паказвае, што архітэктура першага, больш ранняга, паўплывала на фармаванне структуры апошняга, але з пэўнымі мадыфікацыямі. Гэта тая ж трохнававая трохчасткавая базыліка з двухвежавым фасадам-нартэксам, але яе канструкцыі і ўнутраная прастора разлічаны больш дакладна і зроблены больш лёгкімі. Апсіда прэзбітэрыя мае паўкруглае завяршэнне, па баках вімы размешчаны прасторныя закрыстыі. Найбольш адметны момант архітэктонікі збудавання – наяўнасць трансепта, але ў рудыментарнай форме. Для кананічнай схемы езуіцкай крыжова-купальнай базылікі характэрна роўная вышыня і шырыня цэнтральнай навы і трансепта, якія ўтвараюць дакладны падкупальны квадрат. У дадзеным выпадку замест класічнага трансепта ў першай ад прэзбітэрыя травеі бакавых наваў вылучаны больш высокія аб'ёмы, кожны з якіх перакрыты двума крыжовымі скляпеннямі. Такім чынам у плане збудавання ўтвараецца лацінскі крыж, але падкупальнага квадрата і, адпаведна, сапраўднага купала тут няма. Падобны трансепт, які не звязвае арганічна паміж сабою канструкцыю збудавання і семантыку кампазіцыі, а толькі вольна інтэрпрэтуе яе, можна назіраць яшчэ ў шэрагу сакральных збудаванняў ХVІІІ ст.

У 1832 г. касцёл і будынкі калегіума езуітаў у Мсціславе былі перададзены праваслаўнаму Тупічэўскаму манастыру, у 1836 г. распрацаваны праект рэканструкцыі касцёла пад Мікалаеўскі сабор (РДГА Санкт-Пецярбург. Ф. 1289. Воп. 2. Спр. 735. Л. 1, 2), паводле якога над дахам надбудаваны паўсферычны купал на круглым барабане, а над вежамі – невялікія паўсферычныя купалы, што надало збудаванню рысы посткласіцызму. Адначасова пад царкву Аляксандра Неўскага быў рэканструяваны мураваны бернардзінскі касцёл Найсвяцейшай Панны, пабудаваны ў Мсціславе ў 1727 г. па фундацыі Івана Туркі, харунжыя віцебскага. Гэты касцёл (вядомы па піктаграфічнай карце бернардзінскіх кляштараў ВКЛ ХVІІІ ст., знішчаны ў 1930-я гг.) быў злучаны з езуіцкім касцёлам падземным ходам.

Да групы езуіцкіх трохнававых базылік без трансепта мінска-магілёўскага рэгіёна далучаецца таксама касцёл святых Пятра і Паўла ў Бабруйску. Фарны касцёл быў фундаваны тут у 1615 г. старостам бабруйскім Пятром Трызнам, які ў 1625 г. «асадзіў пры ім айцоў-езуітаў». На працягу існавання ў горадзе езуіцкай калегіі (1625–1773 гг.) з ёй звязаны імёны архітэктараў Уладзіслава Дзягілевіча (1699–1700), Казіміра Мацелякоўскага (1735–1736), Тамаша Жаброўскага (1746), Габрыэля Лянкевіча (1747–1748) і Францішка Карава (1757–1758). Аднак час будаўніцтва мураванага касцёла акрэслены прынамсі ўдзелам у ім муляра Якуба Руофа (1732–1747 гг.).

«Люстрацыйны інвентар касцёла Бабруйскай калегіі езуітаў» (РГАСА, г. Масква. Ф. 2188. Воп. 1. Спр. 60. Л. 1) паведамляе: «Касцёл мураваны на тракце, па вуліцы Вялікай... фронт касцёла з 2 вежамі з муру высока ўзнесены, паміж якім фацыята (цэнтральная частка фасада – Т.Г.) мурованая, на якой кружганак (балкончык – Т.Г.) драўляны з балясамі стары. На вежах купалы пакрыты бляхай белай з кружганкамі вакол, крыжы з ветракамі (флюгерамі – Т.Г.). У тых купалах з аднаго боку гадзіннік з боем, а на другім баку матэматычны компас, унутры званы... У фрамугах тых вежаў статуі драўляныя на пастаментах мураваных св. Ігнацыя, св. Бергіяша, св. Ксаверыя і св. Станіслава...».

Пры будаўніцтве ў 1-й палове ХІХ ст. Бабруйскай ваеннай крэпасці былы езуіцкі касцёл карэнным чынам перабудавалі пад цэйхгаўз. Паводле абмерных чарцяжоў таго часу, касцёл – трохнававая базыліка без трансепта з паўкруглым завяршэннем прэзбітэрыя, дзвюма сіметрычнымі закрыстыямі па баках вімы і двухвежавым фасадам-нартэксам. Вежы падзяліліся на тры ярусы, паміж верхнімі чацверыкамі размяшчаўся фігурны франтон з валютамі. Унутры навы былі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на здвоеных падпружных арках, якім на фасадах адпавядалі здвоеныя пілястры, у чым можна бачыць прыкмету позняга барока. Пры ўваходзе мясціўся «хор мураваны на 2 філярах са сходамі з абодвух бакоў». Невялікія хоры размяшчаліся таксама над закрыстыямі. Галоўны алтар, які ўключаў 8 познебарочных скульптур святых, 6 бакавых алтароў, амбона, усё сакральнае начынне інтэр'ера былі драўлянымі, добрай «сніцарскай работы» майстроў Язэпа Шылы і Антона Марціноўскага. Сцены былі распісаны «al fresko», а сярод абразоў знаходзіліся «сармацкія» данатарскія партрэты караля Жыгімонта ІІІ Вазы і Пятра Трызны. Вядома, што касцёл дадаткова пацярпеў ад пажара ў 1885 г.


План касцёла езуітаў у Крывошыне. Сучасная Пакроўская царква.
Да разгледжанай групы помнікаў езуіцкага храмабудаўніцтва перыяду позняга барока мінска-магілёўскага рэгіёна па архітэктанічных характарыстыках далучаецца адпаведная група, якую можна вызначыць як палескую. Даволі незвычайным з'яўляецца размяшчэнне рэзідэнцыі ордэна езуітаў у вёсцы Крывошын (былым мястэчку, сучасны Ляхавіцкі раён). Існуе лацінскі афарызм, які перакладаецца так: «Бернард любіў даліны, Бенедыкт – горы, Францішак – невялікія гарады, Ігнацы – знакамітыя сталіцы», дзе маюцца на ўвазе заснаваныя гэтымі асобамі розныя каталіцкія ордэны, якія мелі пэўныя традыцыі размяшчэння сваіх місій. Ордэн езуітаў, заснаваны ў 1540 г. св. Ігнацыем Лаёлам, мясціўся пераважна ў буйных гарадах. У Крывошыне рэзідэнцыя езуітаў з'явілася ў 1620 г. пры драўляным касцёле, фундаваным у 1588 г. біскупам віленскім Юрыем Радзівілам. Мураваны касцёл быў пабудаваны па адных крыніцах у 1679 г., па другіх – у 1740 г., што больш верагодна паводле яго стылёвых характарыстык. Мураваны галоўны алтар, дзе мясціўся славуты цудатворны абраз Маці Божай Крывошынскай, выкананы па фундацыі ксяндза Міхала Кяршкоўскага. У 1863 г. крывошынскі касцёл езуітаў быў карэнным чынам рэканструяваны пад праваслаўную Пакроўскую царкву ў псеўдарускім стылі: цалкам зменена пластыка бакавых наваў і галоўнага фасада, узведзены масіўны несапраўдны купал. Аднак у асноўным ацалела архітэктоніка трохнававай базылікі без трансепта і архітэктурная пластыка інтэр'ера. Цэнтральная нава завершана выцягнутым прэзбітэрыем з паўкруглай алтарнай сцяной і адной паўднёвай закрыстыяй. У адрозненне ад езуіцкіх базылік мінска-магілёўскага рэгіёна крывошынскі касцёл мае не трохчасткавае, а чатырохчасткавае чляненне базылікі, завершанай з захаду масіўнай аб'ёмнай пласцінай двухвежавага фасада-нартэкса. Вежы істотна перабудаваны ў псеўдарускім стылі. У ордэрным дэкоры інтэр'ера захаваліся элементы аўтэнтычнага характару ў стылістыцы позняга барока: слаістыя пілястры, хвалісты прафіляваны антаблемент, вытанчаныя ляпныя дэталі (РДГА Санкт-Пецярбург. Ф. 1789. Воп. 14. Спр. 21. Л. 1, 1 адв.). Адзначым, што апорныя канструкцыйныя вузлы ў першай ад прэзбітэрыя травеі бакавых наваў умацаваны контрфорсамі, магчыма, існаваў (ці меркаваўся) рудыментарны трансепт.

Кола езуіцкіх трохнававых базылік баз трансепта завяршае касцёл Нараджэння Маці Божай у Юравічах (сучасны Калінкавіцкі раён). Першыя звесткі пра рэзідэнцыю ордэна ў гэтым невялікім мястэчку на Беларускім Палессі пазначаны 1677–1678 гг. і звязаны з прывілеямі караля Яна ІІІ Сабескага (ЦДАСА г. Масква. Ф. 2188. Воп. 8. Спр. 94). Спачатку пабудовы комплексу, як звычайна, былі драўляныя (знішчаны пажарам у 1705 г.). Мураваны касцёл быў узведзены ў 1726–1746 гг. амаль адначасова з бабруйскім і крывошынскім касцёламі езуітаў. У «Люстрацыйным інвентары Юровіцкай калегіі езуітаў», складзеным пры касацыі ордэна, адзначана: «Касцёл вялікі, мураваны, пышны, дахоўкамі крыты, з 2 вежачкамі наперадзе...». У адной з вежаў быў вялікі гадзіннік, які біў кожную чвэрць гадзіны, у другой – «звонаў дужых 3». Вежы на той час былі пакрыты меднымі лістамі, але яшчэ не завершаны. У 1817 г. комплекс стаў маёмасцю бернардзінцаў (тады і было складзена яго апісанне). У 1832 г. касцёл перарабілі пад праваслаўную царкву (на сённяшні дзень знаходзіцца ў напаўразбураным стане).


Агульныя чарцяжы касцёла і калегіума езуітаў у Юравічах. ХІХ ст.
Паводле абмерных чарцяжоў, выкананых у 1835 і 1865 гг., касцёл – трохнававая базыліка без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам і апсідай прэзбітэрыя з паўкруглым алтарным завяршэннем, роўная па вышыні з цэнтральнай навай, але з больш нізкім асобным дахам. Па баках апсіды размешчаны сіметрычныя двухпавярховыя прамавугольныя закрыстыі. Хаця чатырохчасткавая ўнутры структура базылікі амаль адпавядае крывошынскаму касцёлу, малюнак плана і арганізацыя прасторы ў юравіцкім касцёле адрозніваюцца больш выразнымі познебарочнымі рысамі. Апорныя слупы маюць складаную канфігурацыю, адпаведна ім навы і травеі падзелены здвоенымі і слаістымі падпружнымі аркамі. Ступеньчаты абрыс вертыкальных апораў надаваў цякучасць і неакрэсленасць прасторы травей, якія маюць авальны план і перакрыты такімі ж авальнымі скляпеннямі. Уваходная частка нартэкса таксама мела форму авала, па баках якога мясціліся вітыя ўсходы на хоры. Як вядома, авальны план – улюбёная форма заходнееўрапейскага барока, якая дазваляла стварыць геаметрычна адвольную прастору інтэр'ера. Галоўны фасад мае складаную выпукла-ўвагнутую структуру, гарманічныя суадносіны якой паступова мяняюцца пры ўспрыманні з розных пунктаў агляду. Вязкі пілястраў разрываюць гарызантальныя прафіляваныя цягі, карункавыя абрамленні праёмаў і нішаў-табэрнакулаў ствараюць вытанчаную светлаценевую нюансіроўку і зменлівую гармонію формаў. Трэба адзначыць вялікае падабенства галоўнага фасада юравіцкага касцёла езуітаў з фасадам касцёла таго ж ордэна ў Крамянцы-Падольскім (Украіна), узведзеным у 1731–1772 гг. паводле праекта вядомага «на ўсходніх крэсах» архітэктара Паўла Гіжыцкага. Інтэр'ер святыні аздаблялі 9 алтароў, галоўны з якіх названы ў інвентары «старасвецкім», з абразом Маці Божай, выкананым яшчэ да завяршэння будаўніцтва касцёла ў 1732 г. рэзчыкам Тарасам Аршыцкім і вызалачаным майстрам Сцяпанам Пятроўскім (ЦДАСА Ф. 2188. Воп. 4. Спр. 3221. Л. 8, 9).


Касцёл і калегіум езуітаў у Пінску. Гравюра канца ХІХ ст.
Архітэктоніка і стылістыка касцёла езуітаў св. Станіслава ў Пінску вылучаецца сярод іншых святыняў ордэна. Гісторыя яго будаўніцтва працяглая і складаная. У 1631 г. староста пінскі Станіслаў Альбрыхт Радзівіл асадзіў у горадзе езуітаў. Іх рэзідэнцыя спачатку змяшчалася ў драўлянай капліцы. У 1635 г. быў закладзены падмурак мураванага касцёла, асвечанага ў 1646 г., але недабудаванага. У 1651 г. пры ім, у «адпаведнасці з праетам», пачалі ўзводзіць двухпавярховы мураваны калегіум. Кіраваў будаўніцтвам «архітэктар рамяства мулярскага» Матэвуш Фалькоўскі. Гэтае імя адсутнічае ў вядомым «Слоўніку мастакоў-езуітаў», але наяўнасць яго аўтографа ў альбоме Бернадоні, мяркуемы ўдзел майстра ў перабудове жодзішкаўскага кальвінскага збору пад езуіцкі касцёл св. Тадэвуша, а таксама два будаўнічыя кантракты, заключаныя ім з кіраўніцтвам пінскай калегіі, сведчаць пра актыўную ролю М.Фалькоўскага ў езуіцкім будаўніцтве сярэдзіны ХVІІ ст. З кантракта, падпісанага Матэвушам Фалькоўскім разам з Рыгорам Валовічам 7 сакавіка 1654 г., вынікае, што яны «жыхары Вільні». Вядомы таксама імёны іншых будаўнікоў комплексу: муляраў Станіслава Багдзевіча (1638–1639) і Крыштофа Стэфановіча (1653–1654).

Падчас «казацкіх войнаў» у 1657 г. быў закатаваны вядомы езуіт-палеміст Андрэй Баболя, званы «пінскім апосталам», які прапаведаваў таксама ў Бабруйску. Яго мошчы доўгі час захоўваліся ў крыпце касцёла, а ў 1823 г. былі перанесены ў Полацкую езуіцкую акадэмію ў сувязі з кананізацыяй Андрэя Баболі. Відавочна, што падчас вайны сярэдзіны ХVІІ ст. моцна пацярпеў увесь комплекс пінскай калегіі. Пасля вайны павялічваецца колькасць дакументаў і кантрактаў, звязаных з будаўніцтвам калегіума і аднаўленнем касцёла. У іх прысутнічаюць імёны «майстроў рамяства каменнага, жыхароў віленскіх» Даніэля Драздоўскага, Якуба Вайтаховіча, Яна Вінцэнта Сальвадора, «віленскага магістра», Войцаха Ярашэвіча, Балтазара Шынкера, Казіміра Пятроўскага, Яна Талкача. З канца ХVІІ ст. і на працягу ўсяго ХVІІІ ст. у дакументах згадваюцца імёны архітэктараў, сярод якіх Рыгор Энгел і Ян Клаус (гэтыя асобы звязаны таксама з будаўніцтвам драўлянага Троіцкага касцёла езуітаў у Слуцку), Францішак Караў і Юзаф Алендзкі, вядомыя па раней разгледжаных езуіцкіх помніках. У 1748–1769 гг. работы працягваў прафесар архітэктуры Матэвуш Кісялеўскі. Захавалася таксама шмат імёнаў цесляў, кавалёў, мастакоў, злотнікаў, якія ўдзельнічалі ў аздабленні інтэр'ера святыні, аднак вызначыць удзел кожнага складана.

У «Люстраным інвентары пінскага езуіцкага калегіума», зробленым пасля касацыі ордэна ў 1773 г., пазначана, што касцёл незавершаны пасля пажару і абвалу яго скляпенняў, «новы ад фундамента, у форме крыжа, вялікі і пышны», мае дзве вежы, аздоблены балкончыкам, пакрыты гонтай і меднымі лістамі. Падкрэслены таксама адметнасці святыні: «вежы гэтыя падперты 2 бакавымі скрыдламі, нанова ад фундамента, вышынёй роўна з магістрацкім мурам. Пад бакавой, па правай руцэ, капліцай склеп мураваны, у ім – цела Баболі» (ЦДАСА. Ф. 2188. Воп. 4. Спр. 6. Л. 1, 2). У 1787 г. касцёл перайшоў да уніятаў і быў перароблены пад царкву, пасля 1795 г. – праваслаўную, у гонар Нараджэння Багародзіцы. Складаная гісторыя напаткала пінскі па-езуіцкі комплекс таксама ў ХІХ і ХХ стст.: пажары, перадачы ў розныя ведамствы, рэканструкцыі і рэстаўрацыі. У 1956 г. касцёл цалкам знішчылі, на сённяшні дзень ацалеў толькі трохпавярховы мураваны будынак калегіума (буйнейшага на Беларусі пасля Полацка). Цалкам комплекс пінскага езуіцкага калегіума вядомы па абмерных чарцяжах 1800 г. і фотаздымках пачатку ХХ ст., з якіх відавочная значная роля гэтага архітэктурнага ансамбля ў планіроўцы і забудове цэнтра. Даволі ўмоўная схема планіроўкі касцёла прысутнічае на сітуацыйным плане комплексу канца ХVІІІ ст.

Гісторыка-мастацтвазнаўчы аналіз архітэктуры касцёла св. Станіслава дазваляе зрабіць выснову, што яго агульная архітэктоніка сягае, у асноўным, да 1-й паловы ХVІІ ст. (часоў ранняга барока), а стылістыка формаў належыць пераважна да 2-й паловы ХVІІІ ст. Паводле планавай схемы храм уяўляў сабою трохнававую базыліку з трансептам і паўкруглым прэзбітэрыем, роўнымі па вышыні і шырыні цэнтральнай наве. Характэрнай адметнасцю святыні з'яўляюцца вельмі вузкія бакавыя навы (гэтую адметнасць мы лічым рэгіянальнай: вузкія бакавыя навы мае таксама касцёл францішканцаў у Пінску і меў касцёл бернардзінак у Брэсце). У дадзеным выпадку гэтая асаблівасць дазволіла «апрануць» базыліку ў суцэльны двухсветлавы аб'ём, што зрабіла яе «псеўдабазылікай» (накшталт гродзенскага фарнага касцёла) і падкрэсліла такім чынам форму лацінскага крыжа ў агульных масах збудавання. Унутры гэтай велічнай крыжовай кампазіцыі былі схаваны ўбудаваныя ў трансепт закрыстыі і паўсферычны купал. Пазней для ўзбагачэння сілуэта збудавання над сяродкрыжжам надбудавалі несапраўдны барабан з цыбулепадобным верхам.

Зусім незвычайную стылістыку меў галоўны фасад святыні. Першапачаткова нартэкс у ёй адсутнічаў (прыкмета стылістыкі ранняга барока). Чацверыковыя вежы выступалі наперад, утвараючы адкрытую прастору, пазней забудаваную «фацыятай» (верагодна, Янам Тупальтам). Ім жа ўзведзены, па дакументах, верхнія ярусы вежаў, пэўная «кволасць» якіх абумоўлена малымі памерамі бакавых наваў, і спецыфічныя «скрыдлы» – падпорныя сценкі, пастаўленыя дыяганальна да вежаў. Яны стварылі прасторава-разгорнутую структуру раней вузкага фасада, зрабілі яго больш устойлівым і гасцінным. Абрыс «скрыдлаў» на абмерным чарцяжы 1800 г. і здымках ХХ ст. адрозніваецца: у першым выпадку ён ступеньчаты, у другім – гарызантальны і рытмічна аздоблены цыбулепадобнымі галоўкамі, што, верагодна, было зроблена пры перабудове іх пад званіцу праваслаўнай царквы.

Працяг >>


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY