|
|
№
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва
Святло слова
Проза
Паэзія
Святло слова
Жана НЕКРАШЭВІЧПостаці
Нашы святыні
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
Haereditas
|
Dzianis Ramaniuk і выдавецтва «Наша Ніва» пры Беларускім інфармацыйным цэнтры ў Літве выпусцілі манаграфію прафесара Міхася Раманюка «Беларускія народныя крыжы». Гэта апошняя праца вядомага беларускага этнографа і мастацтвазнаўцы Міхася Раманюка, якую перапыніла смерць аўтара. Манаграфія рыхтавалася на працягу 25 гадоў даследаванняў і этнаграфічных экспедыцый па ўсіх рэгіёнах Беларусі, у час якіх быў сабраны унікальны матэрыял пра беларускія надгробкі, крыжы і пахавальна-памінальныя абрады. Вынікам аўтарскага вывучэння і аналізу сабраных матэрыялаў стала поўная сістэматызацыя і класіфікацыя гэтай спецыфічнай тэмы. Упершыню ў гісторыі беларускай этнаграфіі Міхась Раманюк апісаў усе формы і функцыі крыжоў, надмагільных помнікаў і месцаў іх устаноўкі, адвёўшы важнае месца пахавальна-памінальнаму абраду ў сістэме беларускай культуры. Чытачам будзе цікава апынуцца ў свеце архаікі, дзе язычніцкія традыцыі жывуць побач, а часам і пераплятаюцца з хрысціянскімі. Напрыклад, уласцівасць асіны выганяць зло, што дэманструецца нам у кінажахах, была здаўна вядомая на Беларусі. На могілкі самагубцаў, чыя смерць спрадвеку лічыцца грахом, забівалі кол, зроблены менавіта са ствала асіны, а яшчэ раней могілкі самагубцаў, аднесеныя ў бок ад цвінтара, завальвалі галлём альбо валунамі, увогуле не засыпаючы зямлёй. Могілкі дзяцей, якія памерлі няхрышчанымі, маглі засыпаць вуголлямі або пазначалі галінкай са стужкай. Сімвалам працягу жыцця ў некаторых рэгіёнах служыла пасаджанае на магіле дрэва, якое адначасова было даўгавечным помнікам. Каб не зблытаць надмагільныя дрэвы з іншымі, іх упрыгожвалі: фартухом – на жаночай магіле і ручніком – на мужчынскай. На здзіўленне, у наш урбанізаваны час на могілках у беларускай глыбінцы можна сустрэць надмагільныя жорны, камяні і нават проста цэглу. Асобнай увагі заслугоўваюць надмагільныя прыклады – апрацаваныя дубовыя бярвенні, пакладзеныя на магільны насып для таго, каб душа памерлага не турбавала жывых. Надмагільныя нарубы – міні-імітацыя вяночнага зруба вясковай хаты – выконвалі ролю дома для душы нябожчыка, куды па святах у спецыяльную адтуліну клалі пачастунак. Непасрэдна хрысціянскім крыжам прысвечана некалькі раздзелаў. У іх аўтар знаёміць чытача з вялікім мноствам надмагільных крыжоў, да драбніцаў апісваючы гэту малавывучаную частку беларускай этнаграфіі. Самай распаўсюджанай формай артадаксальных крыжоў Міхась Раманюк называе звыклыя для нас чатырохканцовыя крыжы. У кожным рэгіёне Беларусі былі свае абрысы і малюнкі крыжоў. Напрыклад, для каталіцкіх могілак Паазер'я характэрныя металічныя, каваныя ўручную дэкаратыўныя крыжы. Наўрад ці пакінуць абыякавымі чытача дзесяткі ілюстрацый, прысвечаных тканінам, якімі па святах упрыгожваюць крыжы і надмагільныя помнікі. Гэта – сапраўднае адкрыццё новага пласту народнай творчасці. З дапамогаю ручнікоў, фартухоў, стужак жанчыны ствараюць своеасаблівыя надмагільныя скульптуры-інсталяцыі. Асобны раздзел у альбоме – абракальныя крыжы. Гэтыя крыжы не маюць нічога агульнага з магіламі і смерцю. Іх функцыя – абараняць ад зла, войнаў, хваробаў, неўраджаяў. Адны з іх спрыялі шчасцю ў асобным доме (прыдамовыя крыжы) або ва ўсёй вёсцы (вясковыя і крыжы на скрыжаваннях), іншыя дапамагалі ў дарозе (крыжы прыдарожныя). Крыжы каля крыніцаў асабліва ўражваюць па святах, калі да іх збіраецца шмат людзей, каб звярнуцца з малітвамі да Бога, ачысціцца і ацаліцца з дапамогаю вады святых крыніцаў. На месцах з незвычайнымі ўласцівасцямі – прошчах – таксама ўстанаўліваюць крыжы, да якіх людзі, як правіла, ходзяць па адным з самымі запаветнымі жаданнямі або з удзячнасцю да Бога, абавязкова суправаджаючы гэты рытуал ахярай у выглядзе навязвання абракальнай тканіны (ручніка, наміткі, хусткі) на крыж. «Беларускія народныя крыжы» – гэта адзінае выданне, якое дазваляе надзвычай глыбока і ўсебакова пазнаёміцца са спецыфічнай часткай традыцыйнай культуры беларусаў. Яно разлічана на самага шырокага чытача, але ў першую чаргу на тых, хто цікавіцца краязнаўствам, этнаграфіяй, гісторыяй і фатаграфіяй. У Літве, напрыклад, за апошнія гады выдадзены аналагічныя выданні «Kryždirbyste lietuvoje» і «Lietuviš liaudies memorialiniai paminklai», але кожнае з іх закранае толькі асобныя віды культавых помнікаў, таму наша выданне можа зацікавіць і літоўскага чытача. Манаграфія «Беларускія народныя крыжы» складаецца з 29 раздзелаў, падзеленых на 3 часткі: І Класіфікацыя і разнавіднасці беларускіх надмагілляў. ІІ Семантыка і функцыі народных надмагільных кампазіцый. Язычніцтва і сучасная пахавальная атрыбутыка. ІІІ Абракальныя крыжы. Усе матэрыялы багата праілюстраваны: на 224 старонках фарматам 24х30 см змешчаны 303 фотаздымкі і 83 графічныя малюнкі, ёсць паказальнік прадметаў і паняццяў, а таксама геаграфічны паказальнік. Альбом напісаны на беларускай мове. Маюцца таксама рэзюме і подпісы да ілюстрацыяў па-англійску. Па пытаннях звяртайцеся: ramaniuk@hotmail.com.
|
|
|