Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва

РОСПІСЫ ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
Святло слова
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Святло слова

Постаці

ПАВАДЫР І СЛУГА
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Кантрапункт

МАДЭРНІЗМ
На кніжнай паліцы
Haereditas

Мадэрнізм – жахлівае бедства, якое сёння, як ніколі, нішчыць хрысціянства знутры. На думку Папы Пія Х, гэта «рассаднік усіх ерасяў» і найзлейшы вораг, які калі-небудзь быў у Касцёла. Гэта злосная немач ахапіла ўвесь Захад, як пратэстантызм, так і каталіцызм, і ёсць усе падставы меркаваць, што ў хуткім часе яна можа перакінуцца на Усходнюю Еўропу. Як у мінулым, так і сёння яна распаўсюджваецца непрыкметна, таму што яе прыхільнікі дасканала валодаюць майстэрствам хаваць свае намеры. Але менавіта сёння на нашых вачах адбываюцца такія трывожныя перамены, што нам проста нельга заставацца бяздзейнымі. Таму першае, з чаго трэба пачаць, – гэта вызначыць само паняцце мадэрнізму, пазнаёміцца з яго гісторыяй, яго дактрынай, метадамі пранікнення, практычнымі наступствамі яго падрыўной працы і тым, як можна ўсяму гэтаму супрацьстаяць.

ВЫЗНАЧЭННІ

Не трэба блытаць мадэрнізм багаслоўскі – а менавіта ён нас цяпер і цікавіць – з мадэрнізмам філасофскім, сінонімам «сучаснай філасофіі», кірункам, які бярэ пачатак у філасофіі Асветніцтва, што зарадзілася ў Францыі ў ХVІІІ стагоддзі. Зрэшты, абодва яны недалёка адышліся адзін ад аднаго. Філасофія Асветніцтва лічыць чалавечы розум крытэрыем усялякай з'явы, па-за якой і вышэй якой няма нічога, і ўлада яго распаўсюджваецца да межаў усяго існага. Ужо з самога вызначэння зразумела, якое месца тут адводзіцца Богу – трэба, каб Яго розум быў зведзены да ўзроўню чалавечага, аж да таго (і гэта вельмі і вельмі імпанавала «філосафам»), што сам чалавечы розум ператвараўся ў прадмет пакланення.

Багаслоўскі мадэрнізм, са свайго боку, – і тут яго сувязь з іншым мадэрнізмам прасочваецца найлепей, – мяркуе, што ўсялякая вера ва ўмяшальніцтва звышнатуральнага Боскага ў часавую прастору і ў рэальнасць з'яўляецца ненавуковай і суадносіцца толькі з самой верай. Гэта сцвярджэнне непазбежна вядзе да аднаўлення магчымасці непасрэднага і асабістага ўдзелу Бога ў жыцці створанага Ім свету, у прыватнасці, да адмаўлення цудаў і прароцтваў.

Прапагандуючы свае ідэі, мадэрністы распаўсюджваюць наступныя сцвярджэнні: сферы веры і навукі ніякім чынам не судакранаюцца і ў выпадку супярэчанняў вера павінна саступаць навуцы. Апрача таго, змест веры павінен пастаянна абнаўляцца разам з развіццём навукі адпаведна з патрабаваннямі гістарычнага і грамадскага развіцця.

Удакладнім толькі, што вера ўяўляецца нейкай абсалютна суб'ектыўнай з'явай, звязанай з унутраным жыццём асобы, пераважна са сферай эмацыйнага, і хаця фармальна яна і ўзвялічваецца за «глыбіню», «прыгажосць» і «веліч», у сапраўднасці ж лічыцца, што яна палягае ў сферы ўяўлення або падсвядомага, куды не распаўсюджваецца Божы ўплыў. Навука супрацьпастаўляецца веры, яе лічылі і ў нейкай ступені да гэтага часу лічаць аб'ектыўнай, увянчанай мноствам вартасцяў, чужых для веры. Цікава адзначыць, што з часоў узнікнення філасофіі постмадэрнізму, што развянчаў розум, які не апраўдаў ускладзеных на яго спадзяванняў (само сабой зразумела, што гаворка ідзе толькі пра чалавечы розум, бо ніякага іншага постмадэрністы не прызнаюць), мадэрністы-тэолагі сталі блефаваць, сцвярджаючы сёння адно (напрыклад, тое, што навука з'яўляецца непагрэшным прадуктам розуму), а заўтра – другое (што розум бяссільны што-небудзь вызначыць). Але як у першым, так і ў другім выпадку вада льецца на млын мадэрністаў у іх барацьбе супраць апостальскай веры для таго, каб па магчымасці глыбей пасеяць сумненні ў гістарычнасці Евангелляў і Боскасці Збаўцы.

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА

Для даведкі варта нагадаць, што каля вытокаў мадэрнізму, – гаворка пойдзе толькі пра багаслоўскі мадэрнізм – стаялі Рэнан (1823–1892) і Луазі (1857–1940), пададзеныя ў наш час у каталіцкай энцыклапедыі «Theo» – гэтай «Бібліі» мадэрністаў – як ахвяры лацінскага імперыялізму (пры гэтым цалкам замоўчваюцца прычыны так званых ганенняў, якія яны цярпелі). Яшчэ ў ХІХ ст. гэты рух заставаўся знешнім ворагам каталіцкага Касцёла, і менавіта супраць гэтых спробаў мадэрнізму прасачыцца ў нетры Касцёла былі скіраваны дэкрэт Папы Пія Х Lamentabili (4 ліпеня 1907 г.), энцыкліка Pascendi (8 верасня 1907 г.) і Iuresiurandi formula (Клятва супраць памылак мадэрнізму) (1910 г.). Дзякуючы гэтым дакументам крызіс быў непрыкметны ажно да пантыфікату Папы Пія ХІІ. Парасткі мадэрнізму, спачатку кволыя, пачалі ўсё больш і больш набіраць сілу і выяўляцца зноў (хаця цалкам, відаць, і не знікалі) найперш у Галандыі, Германіі, Францыі. Сёння рух пашыраецца і набірае такую моц, што ўжо стала прынята гаварыць пра неамадэрнізм, хаця дакументы Папы Пія Х не састарэлі да нашых дзён і цалкам адпавядаюць вастрыні моманту.

Няма сумнення ў тым, што самыя буйныя «фабрыкі», дзе штампуюць мадэрністаў, знаходзяцца ў Германіі, але Швейцарыя, Галандыя і Францыя амаль не саступаюць ёй. Практычна немагчыма вучыцца ў Германіі і не падхапіць гэты вірус. Менавіта тут знаходзіцца вотчына нябожчыка Бультмана, які ўладарыў розумам усёй сучаснай еўрапейскай экзэгезы. Агромністым поспехам карыстаецца Дрэверман, які выступае праціўнікам улюбёнага мадэрністамі так званага гісторыка-крытычнага метаду, але на справе сцвярджае яго радыкальныя пазіцыі і які пры дапамозе глыбіннай псіхалогіі намагаецца «ажывіць» Святое Пісанне. Знакамітасцю з'яўляецца Вальтэр Каспер – тэолаг (прафесар Цюбінгенскага універсітэта) і біскуп (Ратэнбургскі і Штудгарцкі) адначасова, які без прыкметаў усялякага сумнення ў сваёй кнізе «Езус Хрыстус» заяўляе: «Мноства гісторый, данесеных да нас Евангеллямі, павінны разглядацца як міфалагічныя». (Цытуецца са зборніка Vangelo e Storicita пад рэд. Антоніо Соччы, выд. св. Альберта, стар. 9.) Ганс Кунг, чые адносіны да пытанняў маралі ўзбуджаюць усялякія чуткі і перасуды, лічыцца прызнаным аўтарытэтам. Нягледзячы на тое, што ў 1979 годзе ён быў пазбаўлены кананічнага права займацца выкладчыцкай дзейнасцю, яго прызначылі дырэктарам Інстытута экуменічных даследаванняў у Цюбінгене. Карл Ранер, неамадэрніст яшчэ больш радыкальны, чым «класічныя» мадэрністы, сцвярджае, што ідэя пра звышнатуральную аснову рэлігіі, якая адрозніваецца ад чалавечай свядомасці, не проста не мае права на існаванне, але і ўвогуле пазбаўлена ўсялякага сэнсу... Немагчыма пералічыць іх усіх, бо яны сустракаюцца на кожным кроку і з кожным новым днём іх полк памнажаецца. Іх думкі прасочваюцца паўсюль, у тым ліку на самыя паважаныя багаслоўскія кафедры. Стаць святаром у гэтай краіне і пры гэтым не мець прамадэрнісцкіх настрояў проста немагчыма.

ЗМЕСТ ДАКТРЫНЫ

Давайце звернемся да зместу гэтай пагібельнай дактрыны. На нашу думку, найлепей было б пачаць з кароткага выкладання прынцыпаў самой школы, так, як гэта было зроблена Папам Піем Х у яго энцыкліцы Pascendi. Гэта дазволіць нам, па-першае, скласці агульнае ўражанне пра мадэрнізм, які зарадзіўся на пачатку ХХ стагоддзя, па-другое, пераканацца ў тым, як нязначна ён змяніўся да нашага часу.

Прынцыпы мадэрнізму паводле Pascendi

Прыхільнікі мадэрнізму сцвярджаюць, што мяжа чалавечага розуму палягае ў сферы з'яваў, і з гэтага вынікае, што розум не можа ўзвысіцца да Бога <...> Бог не можа быць непасрэдным аб'ектам навукі (у такой ролі можа выступаць толькі ўяўленне чалавека пра Бога), а з другога боку, Бог не можа дзейнічаць у гісторыі. Ён не з'яўляецца гістарычнай асобай.

Рэлігійнае можа быць патлумачана з дапамогай такіх паняццяў, як суб'ектыўнасць, патрэба, эвалюцыя (г.зн. «прагрэс»), сімвалізм. Усё іманентна, альбо, ужываючы іх тэрміны, усё ёсць вітальная іманентнасць.

Догмы, такім чынам, тлумачацца патрэбай Боскага. Гэтая патрэба пад уздзеяннем розуму і гістарычнай «эвалюцыі» аформілася ў тое, што мы называем догмамі, так што ў іх трэба бачыць усяго толькі сімвалы або інструменты. Самі яны, у сваю чаргу, не могуць заставацца застылымі, а павінны змяняцца пад уздзеяннем прагрэсу.

Дакладна гэтак жа характарам суб'ектыўнасці надзяляецца і асоба Хрыста. Лічыцца, што падзеі жыцця Хрыста, якія выходзяць са сферы трансцэндэнтнага, былі пераўтвораны верай. Такім чынам гаворка ідзе пра з'явы, якія па сваёй сутнасці не належаць ні да гістарычных, ні да навуковых. Адсюль нараджаецца супярэчанне паміж Богам веры і Богам навукі і гісторыі: вера і навука тут, як і ўсюды ў дактрыне мадэрнізму, напачатку цалкам чужыя адна адной. Ужо потым навука навакольнымі шляхамі бярэ верх над верай да такой ступені, што той не застаецца нічога іншага, як скарыцца. Немалая роля ў інтэрпрэтацыі «падзеяў» жыцця Хрыста адводзіцца таксама сімвалізму. Паводле той жа мадэрнісцкай дактрыны, у Езусе ўбачылі Бога толькі паступова, пасля нейкага часу.

Кнігі Святога Пісання і тыя, што апавядаюць пра жыццё Хрыста, і Стары Запавет (асабліва Пяцікніжжа), разглядаюцца ў якасці збору нязвыклых перажыванняў, роднасных паводле духу паэтычнаму натхненню. Святое Пісанне сфармавалася не адразу, а шляхам дадавання асобных фрагментаў да першапачатковага кароткага аповеду, гэта вынік «вітальнай эвалюцыі», прадыктаваны патрэбамі розных эпохаў і развіццём веры.

Нават гісторыя Касцёла таксама рэдагавалася прыхільнікамі мадэрнізму, якія выявілі «патрэбы», што маглі сустракацца на яго шляху з моманту ўзнікнення. На іх думку, гэтыя патрэбы абумовілі з'яўленне на свет пэўных дакументаў, напрыклад, Святога Пісання і іншых. Гісторыя Касцёла складалася таксама з улікам закона «эвалюцыі», які сцвярджае, і ў звязку з гэтым выпадкам і ў больш шырокім сэнсе, што прагрэс ёсць нейкая раўнадзейная стрымальнай кансерватыўнай сілы, што сыходзіць ад вярхоў, і супрацьлеглай ёй прагрэсіўнай сілы, якая адпавядае патрэбам і адлюстроўваецца ў індывідуальнай і «вітальнай» свядомасці. І калі ўжо гэтыя новыя падыходы атрымалі прызнанне, усё павінна адпаведным чынам быць перагледжана і абнародавана.

Што тычыцца Касцёла, дык ён узнік з патрэбы ўсіх хрысціянаў спавядаць веру і мець сваю арганізацыю ў грамадстве. Гэта паяднаная ў адно індывідуальная свядомасць кожнага хрысціяніна, якая бярэ пачатак ад першага верніка – Езуса Хрыста (з гэтага арганічна вынікае, што ў Касцёле пануе рэлігійная свядомасць, але не Бог і што Касцёл павінен падпарадкоўвацца дэмакратыі).

Таямніцы разглядаюцца ў тым жа ракурсе. Згодна з мадэрнісцкай тэорыяй у іх аснове ляжыць патрэба надаць рэлігіі бачныя абрысы, якія маглі б садзейнічаць яе распаўсюджванню. Яны не болей, чым сімвалы, і іх уздзеянне абмяжоўваецца тым, што яны сілкуюць веру.

Мадэрнісцкая дактрына адмаўляе сам факт існавання ісціны. Калі ўсё ў выніку грунтуецца на «досведзе», на адчуванні (ледзьве не на сімвалізме), то ўсе рэлігіі праўдзівыя, бо гэтыя асновы ўласцівыя кожнай з іх. З другога боку, само паняцце ісціны разбураецца, калі да ўсяго, нават да Божага Провіду і да веравучэння прымяняць ідэю прагрэсу. Адзначым, што для мадэрністаў ісціна навуковая і рэлігійная зусім не тое ж самае. Таму мадэрністы «дароўваюць» «агрэхі» Святога Пісання, гаворачы, што да яго тэксту не пасуюць крытэрыі навуковасці, гістарычнасці і што эвалюцыя жыцця (гэтая славутая эвалюцыя!) апраўдвае гэтыя разыходжанні, бо «ісціна рацыянальная» адрозніваецца ад «ісціны вітальнай». І нарэшце яны лічаць, што гэтыя памылкі больш карысныя, чым навуковая ісціна, таму што яны займелі давер у народа (для тых, хто верыць у Божы Провід, гэта значыць, што Бог падманвае, калі Яму гэта выгадна...).

З вышэй сказанага можна меркаваць, што калі прынцып веры іманентны, то і сам Бог іманентны чалавеку; калі ўяўленні пра аб'ект веры ёсць сімваламі, то і ўяўленні пра Боскую рэальнасць цалкам сімвалічныя. З гэтага вынікае, што мадэрнізм усутыч падышоў да пантэізму і яму застаецца толькі крок да атэізму. Дададзім, што мадэрнісцкая тэорыя разбуральная для любой рэлігіі, таму што з яе падачы ва ўсіх рэлігій адна крыніца і адна гісторыя.

КРЫТЫКА МАДЭРНІСЦКІХ ТЭОРЫЙ

Калі мадэрністы адмаўляюць звышнатуральнае, асабліва відавочным і ў найвышэйшай ступені нелагічным з'яўляецца той факт, што, гучна гаворачы пра неабходнасць мець на ўвазе ўсе без выключэння дадзеныя, якія закранаюць сферу рэлігійнага досведу, яны апрыёры стаяць на тым, што звышнатуральнае не можа быць рэальным, і пры гэтым прымаюцца ўсе аргументы, апрача тых, якія прызнаюць рэальнасць існавання звышнатуральнага. Гэты феномен быў названы Бертранам Рыкенбахерам у пратэстанцкім часопісе «Супраціўляцца і ствараць» (кастрычнік 1999 г.) тэрмінам «крытычная парадыгма». Усё, што падыходзіць да арсеналу так званага гісторыка-крытычнага метаду, прымаецца на «ўра», астатняе ж не заўважаецца або падвяргаецца ўніжальнай крытыцы. Цуды можна тлумачыць усялякімі спосабамі, апрача аднаго: што яны сапраўды адбываюцца, і што яны нішто іншае, як цуды. Тыя ж патрабаванні да метадаў даследавання, у якіх без сумнення павінен прысутнічаць дух цярпімасці і свабоды пры ўмове, што магчымасць Божага ўмяшальніцтва цалкам і канчаткова адмаўляецца.

Другі прынцып прыхільнікаў мадэрнізму, прыведзены Б.Рыкенбахерам, заключаецца ў пошуку гістарычнай ісціны шляхам устанаўлення першапачатковага сэнсу тэкстаў і, можна сказаць, усіх догматаў веры. На думку Бертрана Рыкенбахера, канцэпцыя аналізу тэкстаў Святога Пісання, зыходзячы з сімвалізмаў або празелітычных патрэбаў, а я б дадала, з уплыву еўрапейскага язычніцкага асяроддзя, надзіва зручная ўсялякаму пасрэднаму экзэгету, чые перлы вельмі часта пазбаўлены ўсялякага сэнсу, і асабліва зручныя тым, каму выгадна адмаўляць гістарычнасць Боскага ўмяшальніцтва. Яшчэ раз нагадаем, што гэты метад аналізу выкарыстоўваецца не толькі ў дачыненні да Святога Пісання. Дзякуючы яму ўсе догматы, таямніцы, Паданне, практыка набажэнства пазбаўляюцца свайго сакральнага сэнсу і зводзяцца да формаў простанароднай рэлігійнасці, выніку сацыяльна-гістарычнай эвалюцыі, адным словам, спрошчваюцца да такой ступені, што Богу там проста не застаецца месца. І паколькі трансцэндэнтнае адмаўляецца ў прынцыпе, то яго не можа быць і ў першапачатковым сэнсе. Каб дыскрэдытаваць яго прысутнасць ва ўсім, што дайшло да нас, даводзіцца карыстацца ўсялякімі хітрыкамі.

Наступствам (або прычынай) гэтай тэорыі можа выступіць сцвярджэнне, што існуюць два ўзроўні ўспрымання рэлігіі: узровень простых людзей, што ўспрымаюць яе без эківокаў, такой, якой яна паўстае перад імі, і ўзровень пасвечаных і адукаваных, «дасканалых», тых, хто ведае, што схавана за ўсімі гэтымі «сімваламі» і ўсімі гэтымі «міфамі». Я сказала таксама аб прычыне гэтай тэорыі, бо магу меркаваць, што гонар ад усведамлення сваёй інтэлектуальнай перавагі, сваёй прыналежнасці да «дасведчанай» эліты, адыгрывае, хутчэй за ўсё, не апошнюю ролю ў пабудове ўсіх гэтых канцэпцый, якія ў сваю чаргу выбудоўваюцца ў нейкую міфалагічную сістэму, замкнёнае кола, па-за якім немагчыма здабыць сабе званне «вучонага».

Шмат каму (не без падставаў) мадэрнізм падаецца канструкцыяй ад розуму, зборам выдумак для вялікагаловых інтэлігентаў. Ствараецца ўражанне, што ўся гэтая свістапляска прызначана для таго, каб раздзяліць веру і розум, не дазволіць розуму ўрывацца ў сферу веры. Менавіта такая тактыка карыстаецца поспехам у разбуральнікаў рэлігіі. На іх думку, вера павінна грунтавацца на сферы адчуванняў (пачуццяў) і досведзе (унутраным досведзе, безумоўна), а навука не павінна мець да гэтага ніякага дачынення. Пад навукай, без усялякага сумневу, трэба разумець розум і інтэлект. Мы можам і нават павінны ўзяць розум на ўзбраенне ў пытаннях рэлігіі, у той час як вера павінна быць абмежаваная сферай адчуванняў (пачуццяў) і асабістага досведу. Хаця вера, якая абапіраецца толькі на вартасці, лёгка можа стаць заложніцай эмоцый, настрояў, памылковых думак. Бог даў нам розум для таго, каб ім карыстацца. У Евангеллі Збаўца дастаткова часта і сурова папракае сваіх вучняў у нежаданні думаць і тым самым дае нам дакладна зразумець, як трэба ставіцца да гэтага пытання.

Можна дадаць, што той, чыя вера сляпая, можа стаць здабычай атэістаў, якія з лёгкасцю ганьбяць веру, прыпісваючы ёй такія якасці, як схільнасць да забабонаў і невуцтва. У той час як веды зусім не падрываюць рэлігію, а наадварот, сцвярджаюць яе. Падрываць яе могуць веды падманныя і хлуслівыя, такія, напрыклад, якія прапаведуюць мадэрністы. Вось чаму сапраўдныя хрысціяне павінны быць больш адукаванымі, чым ілжэхрысціяне.

МЕТАДЫ МАДЭРНІСТАЎ

Такім чынам, давайце прааналізуем сённяшнія асаблівасці методыкі мадэрнізму і яе практычнае выкарыстанне. Зразумела, што, прыступаючы да тлумачэнняў, неабходна абавязкова звяртацца да асноўных высноваў гэтай дактрыны, такіх, як суб'ектыўнасць, неабходнасць, эвалюцыя, сімвалізм, іманентнасць, якія былі вызначаны ў Pascendi. І калі сутнасць ідэі не змянілася, то сродкі яе выяўлення, яе вербальная абалонка з часам удасканальваліся і ўзбагачаліся за кошт мноства «адкрыццяў», пра якія варта коратка нагадаць, каб вывесці іх на чыстую ваду.

Каб распаўсюдзіць сваю дактрыну, мадэрністы сёння, як і ў мінулым, выкарыстоўваюць узаемадапаўняльныя прыёмы: з аднаго боку, яны шукаюць спосабы, якія дазваляюць ім тлумачыць звышнатуральнае чымсьці адрозным ад звышнатуральнага, іншымі словамі, кіруючыся ўласнымі здагадкамі, знайсці «сапраўдныя» прычыны таго, што «прымалася» за Боскае ўмяшальніцтва, не з'яўляючыся такім; з другога боку, яны намагаюцца выдаваць прынцыпы мадэрнізму за сапраўды хрысціянскія. Для гэтага ўсе сродкі добрыя, ад самых сумніўных да самых крывадушных і хлуслівых.

Застаецца яшчэ адна, трэцяя, сістэма, якую мы таксама разгледзім. Яна заключаецца ў тым, каб распаўсюдзіць мадэрнісцкія погляды з дапамогай, як я яго называю, «сілавога метаду», або, калі хочаце, «артылерыйскай атакі».

ЯК МАДЭРНІСТЫ ТЛУМАЧАЦЬ ПРЫСУТНАСЦЬ ЗВЫШНАТУРАЛЬНАГА

Звяртаючыся да першага метаду, узятаму на ўзбраенне мадэрністамі, разгледзім, якімі хітрыкамі яны карыстаюцца для таго, каб на свой капыл патлумачыць прысутнасць Божай ласкі ў часавай прасторы. Само сабой зразумела, што большае месца адводзіцца ўяўленню, незалежна ад таго, ці ідзе гаворка пра гісторыю, уласцівую народу, ці, яшчэ лепей, жаночую істэрыю (на што робіцца асаблівы акцэнт у «паданні» пра Уваскрэсенне); пра патрэбу цуда – характэрную рысу падлеткавага ўзросту цывілізацыі ў эпоху зямнога жыцця Хрыста або пра вынаходлівасць першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія адчувалі асаблівую патрэбу ў абагаўленні Езуса: адным словам, для фантазіі экзэгетаў мадэрнізму прасціраецца агромністае поле дзейнасці. Ёсць і іншыя шляхі для выдумак, ад самых простых, напрыклад, пра тое, што неабходнасць паверыць у Богаўцелаўленне нарадзілася з сацыяльна-гістарычных умоваў, а менавіта з уціску рымлянаў і месіянскіх настрояў; да больш складаных, як тое, што называецца Formgeschichte (гісторыя формы) і Redaktiongeschichte (гісторыя рэдакцыі), сэнс якіх заключаецца ў тым, што тэксты Святога Пісання захаваліся толькі ў фрагментах, потым сабраных у адзінае накшталт канструктара, прычым гэтак, што новая форма фрагментаў не адпавядае першапачатковай. Згодна з іншымі выдумкамі, мадэрністы паўстаюць фальсіфікатарамі, якія сфабрыкавалі прароцтвы, увёўшы ў Новы Запавет урыўкі аб прароцтвах са старазапаветных тэкстаў. Карысць ад такога падыходу двайная: па-першае, яна дазваляе адмаўляць прароцтвы, па-другое, дазваляе пазбавіцца ад прыкрых урыўкаў, звесці іх да ўзроўню паданняў, ахутаных павуціннем часу. Зусім не саромеючыся, нашыя экзэгеты ад мадэрнізму дазваляюць сабе сцвярджаць, што апісанне цудаў, а таксама фактаў зямнога жыцця Хрыста былі запазычаныя з равінскіх казанняў і іншых габрэйскіх крыніцаў, без усялякай сціпласці названых «міжевангельскай літаратурай», але пры гэтым яны маўчаць пра тое, што ўсе гэтыя крыніцы значна маладзейшыя за Евангеллі.

Вельмі важным падаецца пытанне пра датаванне Евангелляў. Адмысловым манеўрам удалося ўзвесці ў шэраг догмаў меркаванне пра тое, што Евангеллі былі напісаныя пасля 70-га года, г.зн. пасля разбурэння Ерузалема і, адпаведна, пасля адыходу з жыцця ўсіх сучаснікаў Хрыста – сведкаў Яго зямнога жыцця. Такое датаванне Евангелляў вельмі зручнае, бо яно, па-першае, дае час, неабходны для стварэння міфаў (якімі б яны ні былі), па-другое, дазваляе пазбавіцца ад людзей-сведкаў, якія маглі б аспрэчыць памылкі і падман. Нашы вынаходнікі на гэтым не спыняюцца. Зусім забыўшыся пра тое, што юдэі і першыя хрысціяне ненавідзелі язычніцтва і асабліва язычніцкіх багоў, яны, не міргнуўшы вокам, сцвярджаюць, што карані Святога Пісання трэба шукаць у язычніцкай літаратуры. З-за адсутнасці крыніцаў іх можна проста выдумаць. Так, усе гэтыя экзэгеты (і не толькі мадэрністы, такая вялікая сіла іх пераканання) цалкам перакананы ў існаванні нейкай крыніцы О (абрэвіатура ад Orulle (ням.) – крыніца – заўв. пер.), якой ніхто і ніколі не бачыў у вочы і якую вынайшлі для таго, каб патлумачыць падабенства паміж Евангеллямі, бо тое, што прычына гэтага падабенства палягае ў сапраўднасці апісаных падзеяў, катэгарычна не прымаецца. Што датычыць пытання пра догматы веры, то ўхваляюцца найбольш неверагодныя выдумкі, калі яны дазваляюць сцвярджаць, што ў Святым Пісанні пра іх няма і гаворкі (бо словы змянілі сэнс, яны былі незразумелыя людзям той эпохі, якая канчаткова і беззваротна лічыцца часам наіўнасці і няспелага розуму). Паводле другой вельмі папулярнай сёння тэорыі, тыя месцы Святога Пісання, дзе непасрэдна згадваецца пра догматы, з'явіліся пазней і вельмі часта з ініцыятывы Касцёла, хворага на імперскія настроі. Таямніцы і літургію спасцігнуў той жа лёс – іх узнікненне тлумачыцца доўгімі гістарычнымі пераўтварэннямі, і дзеля гэтага ў ход ідуць скажэнні і падтасоўка тэкстаў, гностыкі абвяшчаюцца Айцамі Касцёла, апокрыфы выкарыстоўваюцца ў якасці кананічных тэкстаў. Што ж датычыць улады і касцёльнай іерархіі і Касцёла ў цэлым, то ні для каго не сакрэт, што іх лічаць вытворнымі ад такіх складовых, як палітычная сіла, воля да ўлады і найчысцейшай вады аўтарытарызм, якім, у сваю чаргу, вельмі зручна хаваць свой сапраўдны твар за ўяўным правам увасабляць Бога на зямлі. Падобнага кшталту абвінавачванні адкрыта выказваюцца на адрас Папы, калі ён у чарговы раз заклікае да захавання маральных нормаў, у прыватнасці, калі гаворка заходзіць пра забарону абортаў.

Апрача гэтага, экзэгеты ад мадэрнізму з усіх сілаў абараняюць тэзіс пра немагчымасць прымірэння Касцёла і навукі, аксіёму аб іх супрацьстаянні, выкарыстоўваюць дэзінфармацыю там, дзе заслугі хрысціянства перад навукай і навукоўцамі бясспрэчныя і відавочныя. (Яскравым прыкладам такога падыходу з'яўляецца Theo, каталіцкая энцыклапедыя – заўв. пер.). На шчасце, Ж.Дзюмон у сваёй кнізе «Невялікае падарожжа па тэамарксіі. Кароткі крытычны аналіз Theo – «новай каталіцкай энцыклікі» (выд. Аржэ) бліскуча выкрывае нежыццяздольнасць гэтага метаду. Вельмі часта для таго, каб навязаць думку пра варожасць Касцёла і навукі, выкарыстоўваецца сапраўднае замбіраванне людзей.

А вось як можна коратка патлумачыць прыроду цудаў і прароцтваў: легенды пра цуды і прароцтвы існуюць да нашых дзён дзякуючы Касцёлу, які скептычна ставіцца да ўсяго рацыянальнага і навуковага. Касцёл спарадзіў гэтыя легенды, узгадаваў і ўзвялічыў іх, разрэкламаваў і распаўсюдзіў па свеце. Першапачатковай глебай гэтых «міфаў» у аднолькавай ступені маглі выступаць як уяўленне, эмоцыі, так і патрэба ў калектыўнай свядомасці. Апрача вышэйпералічаных прычынаў, нельга таксама скідаць з рахунку прычыну сацыяльнага характару, і хаця пра гэта ніколі не гаворыцца ўслых, але ўдзел махлярства і падробак ва ўсіх гэтых «справах», мякка кажучы, не выключаецца. Падобныя развагі праходзяць пад воклічы добрапрыстойнага захаплення ў дачыненні да гэтых праяваў рэлігійнай культуры, значэнне якіх такое вялікае, што немагчыма сабе і ўявіць. Нам жа варта пагаварыць пра яшчэ адно пытанне – пытанне пра Ісціну, непасрэдна звязанае з трансцэндэнтнасцю Бога, які сказаў пра Сябе «Я ёсць Ісціна» (Ян 14, 6).

Відавочна, што Ісціны няма, і для таго, каб гэта пацвердзіць, не трэба далёка хадзіць. Ісціну можна прыраўняць да сапраўднасці, як гэта і было зроблена мадэрністамі на Другім Ватыканскім Саборы, калі яны намагаліся правесці тэкст, у якім Евангеллі абвяшчаліся «ісціннымі і сапраўднымі». Але Папа Павел VІ усё расставіў на свае месцы, правёўшы фармулёўку, у якой сцвярджалася поўная гістарычнасць Евангелляў. З гэтага моманту стала з'яўляцца мноства тэкстаў, якія тлумачылі, што адзінай гістарычнасці няма, што гісторыя суб'ектыўная. Для пацверджання гэтага тэзісу спасылаліся на эвалюцыю мовы, у выніку чаго хрысціяне са здзіўленнем даведаліся, што слова «Ўваскрэсенне» і выраз «трэці дзень» у часы Езуса мелі іншы сэнс, чым сёння. Не спыняючыся на дасягнутым, хто-ніхто стаў прапагандаваць вельмі папулярную ў наш час філасофію пра тое, што чалавечы розум не ў стане спасцігнуць якія б то ні было веды. Нашыя экзэгеты сталі на пазіцыю, што Ісціна, якой бы яна ні была, заўсёды застаецца недасягальнай і таму галоўнае – мець веру (нішто сабе?!). Тэолагі падобнага кшталту зусім не ўсведамляюць, што ў чарговы раз пілуюць сук, на якім сядзяць, бо калі б чалавек сапраўды быў няздольны валодаць якімі б то ні было ведамі, дык было б абсалютна зразумела, чаму і як яго можна чамусьці навучыць, у чымсьці пераканаць. Найлепшае, што ім варта было б зрабіць, каб цалкам не супярэчыць самім сабе, – гэта змоўкнуць. (Калі Ісціны няма, то як жа можна пераконваць у ісціннасці сваіх поглядаў? Тут мы маем справу з сафізмамі, бясконцымі, як казка пра белага бычка.)

ЯКІМ ЧЫНАМ МАДЭРНІСТЫ ВЫДАЮЦЬ СВАЁ ВУЧЭННЕ ЗА САПРАЎДЫ ХРЫСЦІЯНСКАЕ

Цяпер мы пяройдзем да другога метаду, які ўзяты на ўзбраенне мадэрністамі. Ён заключаецца ў тым, каб падаць прынцыпы мадэрнізму як цалкам адпаведныя тэалагічным ісцінам. Як ужо адзначалася, усе спосабы для гэтага лічацца добрымі. Калі бачыш прыхаванае, але метадычнае прасочванне іх вучэння і ідэалогіі ўнутр каталіцкага Касцёла, міжволі думаеш пра «тайную змову магутных сіл» і пра «сусветную змову антыхрысціянскіх сіл, якія мараць паслабіць, а калі атрымаецца, дык і знішчыць каталіцкую веру». Пра гэта гаварыў Луі Паўлс, які, паводле яго ўласных слоў, да таго, як прыняць хрысціянства, быў асабіста далучаны да ўсяго гэтага (гл. В.Мэссоры. Inchiesta sul Cristanesimo, раздзел, прысвечаны Луі Паўлсу).

Паспрабуем спачатку зразумець, што дазваляе мадэрністам «прапіхваць» іх дактрыны. Яшчэ зусім нядаўна ў іх не было магчымасці адкрыта выказваць свае ідэі: з аднаго боку, хрысціяне класічнага кірунку яшчэ занадта добра ведалі асновы веравучэння, каб дазволіць абдурваць сябе, з другога боку, касцёльныя ўлады дапускалі магчымасць прымяняць санкцыі ў адносінах да вераадступнікаў. Так што мадэрністам давялося ўзброіцца наборам сродкаў, прызначаных для таго, каб сеяць падман і памылкі, напрыклад: двухсэнсоўныя выказванні, выслоўі з двайным падтэкстам, выпрабаваная тактыка «крок наперад – два крокі назад». А далей ёсць некалькі шляхоў, якія забяспечваюць поспех усёй кампаніі. Можна, напрыклад, заяўляць: «Мы, мадэрністы, свята шануем догматы веры і захоўваем традыцыі», што трэба разумець наступным чынам: «Сапраўдныя хрысціяне – гэта мы, і ў гэтым мы пераўзыходзім і хрысціянаў першых стагоддзяў, і традыцыяналістаў»; і наадварот, можна сцвярджаць, што ролю догматаў для каталіцкага Касцёла і іншых хрысціянскіх Цэркваў не варта перабольшваць.

Такім чынам, першы прыём, якім трэба авалодаць для таго, каб лічыцца з сапраўдным хрысціянінам, заключаецца ў тым, каб набіваць сабе цану, «вучона» выказвацца (на шчасце, занадта «вучона», каб гэта было зразумела іншым), дзякуючы чаму можна беспакарана гаварыць гнюсныя рэчы. Аднак, з другога боку, гэта ж і палохае простых смяротных, якія не жадаюць паглыбляцца ў нетры разам з «вучонымі» тэолагамі – гэта значыць, што разам з мінусамі тут ёсць і свае плюсы.

Шырока выкарыстоўваецца яшчэ адзін прыём, сэнс якога ў наступным: трэба насычаць свае выступленні запэўніваннямі ў адданасці сапраўднай веры, спасылкамі на класічныя хрысціянскія паняцці. Напрыклад, выдатна дзейнічаюць словы апостала Паўла «Калі Хрыстус не ўваскрос, то марная і вера нашая». Гэтую цытату можна выкарыстоўваць як громаадвод у кантэксце прамадэрнісцкага кшталту, дзе будзе гаварыцца пра тое, што слова «ўваскрасаць» у часы апостала Паўла мела зусім не тое значэнне, да якога мы прывыклі сёння.

Баронячы мадэрнісцкае бачанне пытання <...>, вельмі часта карыстаюцца спасылкамі на іншага мадэрніста, асоба якога падаецца, само сабой зразумела, у арэоле дыпломаў і званняў, у атачэнні эпітэтаў тыпа «эксперт». Лягчэй за ўсё паказаць справу такім чынам, што думка большасці або нават усіх «экспертаў» па дадзеным пытанні супадае. Гэта надзвычай надзейны сродак, калі ёсць неабходнасць назваць чорнае белым. Апрача гэтага, аўтары прамадэрнісцкіх кніг клапоцяцца пра тое, каб іх тварэнне мела візу касцёльных уладаў і адзнаку Nihil obstat (дазволена да выхаду ў свет). Гэта робіцца для таго, каб прадэманстраваць, што характар кнігі цалкам адпавядае лініі Ватыкана, хаця няма нічога прасцей, як заручыцца гэтымі рэквізітамі ў любога біскупа або вікарыя, якія сімпатызуюць мадэрнізму. (...)

Ёсць і яшчэ адна не зусім бяскрыўдная тактыка, якая заключаецца ў тым, што мадэрністы сваю ўласную дактрыну выдаюць за залатую сярэдзіну, якую акружаюць памылковымі крайнасцямі. Такім чынам, паміж шляхам традыцыяналістаў, з выпадку названых фундаменталістамі, інтэгрыстамі, зацыкленымі на вартасцях мінулага, і шляхам Бультмана, Гарнака і а. Георгія, у выніку заўсёды артадаксальным, але па сутнасці не пазбаўленым здаровага сэнсу, ёсць царскі шлях (я не перабольшваю) таго (а на самай справе аўтара), каму ўдаецца пазбегнуць гэтых двух падводных рыфаў і захаваць раўнавагу. Як быццам бы дзеля таго, каб захаваць раўнавагу паміж тымі, хто гаворыць, што адзін плюс адзін будзе два, і тымі, хто сцвярджае, што адзін плюс адзін будзе чатыры, вы выбралі б, што гэта будзе раўняцца тром.

Калі мадэрністы заходзяць занадта далёка і выкрываюцца ў ерасі і паклёпніцтве, яны карыстаюцца вельмі папулярным выразам: «Вы не зразумелі, я ніколі гэтага не гаварыў». А паколькі іх размовы часам – суцэльнае блюзнерства, то і заблукаць у іх вельмі лёгка.

Загнаны ў кут, мадэрніст можа адступаць, а калі яго вельмі ўжо моцна паўшчувалі, выкрыўшы ў ашуканстве і хлусні, дык выкрытаму падманшчыку нічога не застаецца, як прызнаць сябе вінаватым. Але як толькі надарыцца выпадак, ён забудзецца пра ўсе свае добрыя намеры і не пашкадуе сваіх апанентаў або, яшчэ горш, пастараецца іх падмануць.

Парадаксальна, але як толькі ў пастановах Ватыкана пачынаюць гучаць прамадэрнісцкія ноткі, традыцыяналістаў адразу ж папракаюць у тым, што яны недастаткова дакладна выконваюць гэтыя пастановы. Напрыклад, адпраўляць набажэнства на лацінскай мове па статуту, які меў сілу да канца Другога Ватыканскага Сабора, было катэгарычна забаронена ажно да таго часу, пакуль сам Папа не даў на гэта дазволу (ужо ў постсаборавы перыяд. – Заўв. пер.), пры ўмове, што на гэта няма пярэчанняў з боку мясцовага біскупа. Біскупы, наадварот, вельмі часта пярэчаць. У гэтым выпадку традыцыяналістам, якія адстойваюць набажэнствы на латыні, абавязкова нагадаюць пра неабходнасць падпарадкоўвацца рашэнням Касцёла і «Сабора» (які, між іншым, ніколі не сцвярджаў, што літургія павінна адпраўляцца на мясцовым дыялекце). Папракнуць традыцыяналістаў у гэтым пункце вельмі нескладана, у прыватнасці таму, што ім па самой логіцы рэчаў належыць з асаблівым піетэтам ставіцца да дэкрэтаў Папы і Ватыкана. Але калі справа тычыцца саміх мадэрністаў, якія парушаюць тыя ж пастановы, дык яны заўсёды застаюцца беспакаранымі. Ім можна адпраўляць літургію з усялякімі дзівацтвамі і новаўвядзеннямі – няма праблем. Адпраўляць набажэнства абы як можна, а на латыні – нельга. Як не без іроніі сказаў Андрэ Фрасар: «Усе грахі дароўваюцца, адзіны грэх, які не адпускаецца, – гэта грэх традыцыяналізму». Такім чынам непаслушэнства мадэрністаў знаходзіць апраўданне, калі не сказаць падтрымку.

СІЛАВЫ МЕТАД

Пасля «мяккіх» метадаў у ход уступаюць метады сілы, метады непрыхаванай агрэсіі ў дачыненні да апанента, скіраваныя на тое, каб падавіць яго, навязаць яму свой пункт гледжання.

№ 1. Сорам.

Першы спосаб нападзення на «класічных» хрысціянаў заключаецца ў тым, каб прысароміць іх, усклаўшы на хрысціянства віну за памылкі асобных вернікаў. Трэба пераканаць хрысціянаў, што яны не лепшыя за іншых і што, наадварот, нехрысціяне пераўзыходзяць іх у маральнасці. (Павінна сказаць, што апытанні Нацыянальнага інстытута статыстыкі і пытанняў эканомікі (бюлетэнь № 570 ад сакавіка 1998 г.), якія, на жаль, не выклікалі ніякага водгуку ў грамадскасці, пацвярджаюць якраз адваротнае, тое, што вернікі з большай адказнасцю выконваюць свой абавязак перад сям'ёй і грамадствам, заключаюць шлюбы ў больш раннім узросце, маюць больш вялікія сем'і, часцей бачацца з дзецьмі пасля таго, як тыя пакідаюць бацькоўскі дом, галасуюць у два разы часцей, чым атэісты, у два разы часцей удзельнічаюць у дабрачынных акцыях, чым усе апытаныя ў цэлым, у той час як грамадскія паводзіны людзей, якія парвалі з Касцёлам, не адрозніваюцца ад сярэднестатыстычных ні ў палітычнай, ні ў прафесійнай, ні ў прафсаюзнай сферах.) Дарэчы, на Захадзе мы рэгулярна становімся сведкамі газетнай шуміхі, што ўсхваляе маральнасць цярпімасці мусульманаў, якой мы, католікі, і Папа, у першую чаргу, нібыта цалкам пазбаўленыя. У італьянскім падручніку майго сына (зразумела, каталіцкім) пад фотаздымкам усмешлівых крышнаітаў змешчаны загаловак: «Новыя шляхі да Бога».

Перад тварам гэтых «гігантаў» цярпімасці, у лабірынце іншых, нехрысціянскіх, шляхоў да Бога, якія лічацца прымальнымі, хрысціяне традыцыяналісты паўстаюць нейкімі рэтраградамі, якія смуткуюць па мінулым, баяцца ўсяго новага, усяго, што належыць гэтаму часу. У такім выпадку можна сцвярджаць, што слова Божае таксама церпіць змены і што яно не нашмат лепшае за слова чалавечае, або, іншымі словамі, Езус Хрыстус сам не разумеў, што гаворыць, сцвярджаючы: «...словы Мае трываць будуць» (Мк 13, 31). Добра было б нагадаць мадэрністам, што па іх жа логіцы іх уласныя словы, таксама падуладныя часу, хутка стануць абазначаць зусім не тое, што сёння.

Дзіўным падаецца той факт, што традыцыяналісты, якіх малююць як перапалоханы, баязлівы статак авечак, адначасова маюць славу драпежнікаў і імперыялістаў, гатовых перагрызці глотку каму заўгодна.

Безумоўна, мадэрністы, у параўнанні з імі, адкрытыя на любы дыялог, і толькі дыялог з традыцыяналістамі, безадкладнасць якога відавочная, здаецца ім немагчымым. Усе маюць права на слова, за выключэннем гэтых «старамодных» католікаў (што датычыць праваслаўных, дык, па маіх асабістых назіраннях, з імі дыялог вядзецца толькі па тых пунктах, дзе ёсць разнагалоссі з рыма-католікамі).

І ўсё ж варта было б удакладніць, з чыйго боку барыкадаў знаходзяцца сёння «інквізітары» і «імперыялісты». Некалькі прыкладаў, узятых наўздагад, могуць праліць святло на гэтае пытанне. Апошнім часам практычна ўсюды былі сілай адабраныя звыклыя для ўсіх касцёлаў і капліцаў Францыі спецыяльныя лавачкі для кленчання. Навошта? Для таго, каб вызваліць паболей месца. Але ні для каго не сакрэт, што вернікаў у касцёлах становіцца ўсё меней і меней. Дык у чым жа тады сапраўдная прычына? Справа ў тым, што пакланенне Богу, прызнанне Яго велічы і кленчанне перад Ім гэтак арганічна выяўляюцца ў паводзінах людзей у касцёле, што было вырашана пазбавіцца з касцёльнага абыходку ад усялякіх бачных праяваў чалавечага пакланення Богу, натуральна, не паведаміўшы пра гэта простым смяротным, тым, хто складае аморфны статак, якім можа тайна кіраваць пасвечаная ва ўсё эліта. Ёсць тысяча прыкладаў таго, як людзей намагаюцца пераканаць, што Бог не ўсемагутны, што Яго волю не трэба выконваць, і што Яму не трэба падпарадкоўвацца. Фактычна і ласка Божая перайшла ў шэраг катэгорый, выкінутых з абыходку. Не выпадкова, што ў новаўвядзенні постсаборавага перыяду, так званай усеагульнай малітве, якая гаворыцца непасрэдна перад ахвяраваннем дароў (католікі Беларусі называюць яе малітвай верных, увогуле ж яна не мае фіксаванай формы і можа вар'іравацца ў залежнасці ад патрэбаў супольнасці. Па сваёй ідэі яна ў якойсьці ступені нагадвае Вялікую Екценью ў праваслаўных. – Заўв. пер.), ніколі не просяць, каб Бог дзейнічаў, тварыў Сам, а наадварот, моляцца аб тым, каб Бог толькі дапамагаў чалавеку самому несці адказнасць, прымаць рашэнні і г.д. Яшчэ адзін прыклад адносна імперыялізму: так ужо выйшла, што настаўнікі катэхізісу для парафіяльных школ набіраюцца з хатніх гаспадыняў па прынцыпе іх прафесійнай няздатнасці і неадукаванасці. Адданых мадэрнізму «метадыстаў» альбо вельмі мала альбо, што хутчэй за ўсё, яны лічаць ніжэй свайго гонару апускацца да ўзроўню самай непрыстыжнай хрысціянскай аўдыторыі. Таму яны і падбіраюць для гэтай працы самых «цёмных» мамашаў і «адукоўваюць» іх у патрэбным рэчышчы.

№ 2. Покрыва таямніцы.

Прысароміўшы католікаў, прыклеіўшы ім ярлык інквізітараў, мадэрністы выкарыстоўваюць другі спосаб, які заключаецца ў тым, каб схаваць усё, што можа выкрыць хлуслівасць іх ідэалогіі, знішчыць усё, што можа перашкодзіць і супрацьстаяць іх дыктату. Так, напрыклад, усе цуды нашых дзён замоўчваюцца або падаюцца як байкі ўсюдыісных пляткарак, якія заслугоўваюць даверу не больш, чым матэрыялы танных бульварных газет, не гаворачы ўжо пра цуды мінулага, якія ўвогуле выклікаюць скепсіс. Яшчэ адзін яскравы прыклад – выпадак абата Карміньяка. Гэты бліскучы навукоўца, самы буйны спецыяліст у галіне старажытнагабрэйскай мовы па Кумранскіх рукапісах, даказаў, што напісанне Евангелляў узыходзіць да вельмі ранняга перыяду, непасрэдна блізкаму да зямнога жыцця Хрыста, а значыць, праўдзівасць фактаў, выкладзеных у Евангеллях, іх гістарычнасць цалкам бясспрэчныя, што супярэчыць мадэрнісцкім поглядам. Як толькі навуковыя доследы абата Карміньяка сталі здабыткам грамадскасці, дзверы ўсіх французскіх выдавецтваў для яго раптоўна зачыніліся, і ён быў вымушаны друкаваць свае працы за мяжой. Яго калегі па Каталіцкім Інстытуце (Парыжскім. – Заўв. пер.) перасталі з ім вітацца, права прапаведаваць было пакінута за ім толькі на перыяд адпачынкаў і студэнцкіх вакацый. Яшчэ больш драматычна падзеі разгарнуліся пасля яго смерці, а памёр абат Карміньяк раптоўна, у разгар работы над завяршэннем шматтомнай працы – выніка навуковай дзейнасці ўсяго яго жыцця, які мог стаць неардынарнай з'явай. На шчасце, яго сябры, заклапочаныя слабым здароўем абата, настоялі на тым, каб ён падрыхтаваў да друку кароткі агляд сваіх навуковых доследаў. Абату Карміньяку хацелася, каб студэнты і навуковыя супрацоўнікі маглі без перашкодаў карыстацца яго працай, і ён як чалавек прыстойны і таму няздольны западозрыць у подласці іншых, завяшчаў свае архівы ў дар Парыжскаму Каталіцкаму Інстытуту, што было з яго боку легкадумнай памылкай. Як толькі архівы абата Карміньяка, клапатліва апісаныя і пакладзеныя ў трыццаць дзве вялікія скрынкі гаспажой Дэманш, яго сакратаркай, прывезлі ў інстытут, на іх быў фактычна накладзены арышт і такім чынам ужо абсалютна ніхто не мог імі карыстацца. Пасля таго, як гэты абуральны факт быў выкрыты і абнародаваны адным з італьянскіх часопісаў, архівы адчынілі, але толькі для спецыялістаў у старажытнагабрэйскай мове. Але зноў такі, доступ быў дазволены пры мностве фармальнасцяў, пастаянным наглядзе супрацоўнікаў на строга абмежаваны час. Апрача таго, ствараецца ўражанне, што асноўная частка дакументаў з Каталіцкага Інстытута знікла, а засталіся толькі больш ці менш каштоўныя фрагменты рукапісаў. Але галоўная бяда не ў гэтым, а ў тым, што гаспажа Дэманш не вечная, і з яе адыходам не застанецца нікога, хто мог бы пацвердзіць, што яна сапраўды перадала архіў інстытуту, нікога, хто мог бы засведчыць, чаму канкрэтна прысвечаны працы абата Карміньяка.

№ 3. Абразы.

Гісторыя з абатам Карміньякам дастаткова красамоўна гаворыць пра тое, што яшчэ адзін рэцэпт мадэрнісцкай кухні заключаецца ў тым, каб абражаць і пераследаваць незаўгодных. Можна толькі дадаць, што ахвяры падобнага кшталту акцый далёка не адзінкавыя.

№ 4. Падман.

Варта спыніцца на адным з самых брыдкіх прыёмаў мадэрнісцкай ідэалогіі, з якім мы ўжо даволі блізка сутыкаліся ў гісторыі фальсіфікацыі Евангелляў, – падмане. Такім чынам, сыходзячы з тактыкі мадэрнізму, не варта пагарджаць нічым: ні махлярствам, ні фальсіфікацыяй, ні распаўсюджаннем памылак і нават хлусні. Фальсіфікацыя тыражуецца для нас у газетных артыкулах, тэлеперадачах, на ўроках катэхізісу, на семінарах. Усе выпады супраць хрысціянства прымаюцца на «ўра», асабліва калі яны датычацца мінулага. Затое факты, якія гавораць пра заслугі хрысціянства, напрыклад, пра паляпшэнне сацыяльных умоваў (што было асабліва характэрна для ХІХ ст.), дэмакратызацыю адукацыі, развіццё навукі і мастацтва, абарону помнікаў матэрыяльнай культуры, барацьбу з непісьменнасцю – шмат кім успрымаюцца як байкі, таму што людзям даказваецца, удзёўбваецца ў мазгі, выкладаецца ў школах цалкам супрацьлеглае.

Яшчэ адзін прыклад з іншай сферы. Гаворка пойдзе пра Турынскую плашчаніцу. Штосьці незразумелае адбылося з яе фрагментамі пасля таго, як яны былі аддзеленыя ад палатна з мэтай наступнага вывучэння, бо яе вага, якая фігуруе ў дакладах, адрозніваецца ад масы толькі што забраных узораў, і гэта красамоўна пацвярджаюць кадры кінастужкі, дзе адлюстраваны сам працэс атрымання кантрольных кавалачкаў тканіны. Падазроныя парушэнні, махлярства, валтузня – пра ўсё гэта гаворыцца ў кнізе Эмануэлы Марынэллі і Арацыо Петрасілло «Плашчаніца, загадка, неспасцігнутая навукай» (1990–1991). Турынская плашчаніца – занадта відавочны факт, каб пакінуць яе без увагі. Таму яе трэба нейтралізаваць.

КУДЫ НАС ВЯДЗЕ МАДЭРНІЗМ

Пасля такім чынам падрыхтаванай глебы можна не сумнявацца ў тым, што на ёй цудоўна ўзыдуць парасткі цярпімасці і сінкрэтызму. Як аказалася, ад сцвярджэнняў тыпу: «Добрае ёсць ва ўсялякай рэлігіі» да заяваў «Усе рэлігіі добрыя», потым «Усе рэлігіі аднолькава добрыя» і, нарэшце, «Бог аднолькава гаворыць ісціну праз кожную рэлігію» – рукой падаць.

Дастаткова нават кароткага погляду на перлы, што выкарыстоўваюцца для выказвання падобнага роду ідэяў, каб скласці ўяўленне пра маштабы бедства. Пачнем з выслоўя прафесара Парыжскага Каталіцкага Інстытута айца дамініканца Клода Жэфрэ, узятага з яго працы «Месца рэлігіі ў плане збаўлення» (часопіс «Spiritus», № 132 за люты 1995 г.), на якую спасылаецца Ані Ларан у сваёй кнізе «Жыццё з ісламам» (выд. св. Паўла, Версаль, 1997, стар. 177):

«Калі Божая задума выратавання распаўсюджваецца на розныя рэлігійныя традыцыі, то гэта значыць, што сума ўсіх рэлігій заключае ў сабе больш рэлігійнай (курсіў аўтара) ісціны, чым усе рэлігіі паасобку, у тым ліку і само хрысціянства».

Прывядзем два выказванні Жыля Куўрэра, упаўнаважанага «Сакратарыяту па сувязях з ісламам» пры біскупстве Францыі:

«Неабходна прызнаць парытэт Адкрыццяў» (г.зн. адкрыццяў, успрынятых рэлігіяй Старога Запавету і хрысціянствам, з аднаго боку, і адкрыццяў ісламу, з другога боку, – заўв. пер.).

«Слова Божае па сваёй сутнасці адзінае, яно падаецца ў розных формах у хрысціянстве, дзе Езус Хрыстус – Логас, і ў ісламе, дзе Каран – Слова Божае. У залежнасці ад розных асаблівасцяў вернік асімілюе яго шляхам актуалізацыі ва ўласнай асобе» (Жан-Мары Обер, Жыль Куўрэр, «Місія і міжрэлігійны дыялог». Факультэт тэалогіі Ліёна, 1991, стар. 25–26) – цытуецца Ані Ларан, тамсама, стар. 179.

Як цудоўна сказаў Папа Пій Х, апошнім крокам пасля сінкрэтызму будзе атэізм.

У дадатак да ўсяго, не жадаючы спыняцца на дасягнутым, мадэрністы прыкладаюць велізарныя высілкі, каб трапіць туды, дзе пахне ўладаю; так, нацягнуўшы на сябе авечыя шкуры, гэтыя ваўкі бяруць у аблогу біскупскія рэзідэнцыі, семінарыі, тэалагічныя факультэты і нават Ватыкан. Як гаварыў Папа Павел VІ, у Касцёле «засмярдзела сатаной». Маці Божая Фацімская засцерагала, што перад гэтым бедствам не ўстояць нават самыя высокія духоўныя іерархі.

Трэба прызнаць, што бедства набывае гіганцкі размах, а яго прыхільнікі ўсё часцей і часцей дзейнічаюць адкрыта. Дзяжурныя напышлівыя фразы, двайная гульня, апраўданні тыпу: «Я ніколі гэтага не гаварыў, мяне не так зразумелі» адыходзяць на другі план, саступаючы месца цынічным «ісцінам», ад якіх яшчэ зусім нядаўна абураныя вернікі маглі б пасыпаць галовы попелам. І пакуль ваўкі ходзяць у авечых шкурах, ёсць усе падставы разлічваць, што голад прымусіць іх скіраваць погляды на Усход. (...) І тады можна чакаць паўтарэння заходняга сцэнару: спачатку гульня ў хованкі, каб надзейней падмануць, а далей – непрыхаванае ваўчынае ашчэрванне, калі шляхі для адкрытага нападу будуць падрыхтаваныя.

***

Сапраўды вартая здзіўлення тая апантанасць, з якою мадэрністы бэсцяць хрысціянства. Столькі было напісана артыкулаў і кніг, арганізавана канферэнцый, пастаўлена перадачаў, і ўсё гэта дзеля таго, каб даказаць, што Езус Хрыстус – не Бог, што ўсё было выдумана першымі хрысціянскімі супольнасцямі або самім Касцёлам як інстытутам. Калі б аўтары ў сапраўднасці былі ўпэўненыя ў тым, што ўсё гэта хлусня, ці ж маглі б яны дазволіць сабе марнаваць столькі часу на выкладанне сваёй дактрыны? Хіба каму-небудзь прыйдзе ў галаву даказваць, што Дзеда Мароза няма? І разам з тым вось ужо два гады запар на тэлеканале «Арт» выходзіць серыя перадачаў, мэта якой – адсекчы ад Евангелля Хрыстовы мукі, пастарацца паказаць, што ўсё гэта выдумка, што Ён ніколі не ўваскрасаў. Відэаверсія гэтай перадачы доўжыцца 10,5 гадзінаў, а ўявіце сабе, колькі часу пайшло на тое, каб усё гэта адзняць?! Мне ніколі не даводзілася бачыць, каб столькі часу, энергіі, грошай было змарнавана на тое, каб выкрываць іслам, індуізм або яшчэ якую-небудзь рэлігію. Самае вялікае, што можа выклікаць небяспеку, – страты, якія яны могуць прынесці. Калі рэлігія не прыносіць шкоды, то, на агульную думку, і не варта ўмешвацца ў яе. Сапраўды, «калі гэта каму-небудзь не падабаецца, то чаму б і не»?! Хрысціянства ж, наадварот, выклікае столькі злосці, столькі нянавісці, на якія не шкада ні маральных, ні матэрыяльных высілкаў. Чаму? Калі адказваеш на гэтае пытанне, адразу ж згадваеш таго, каго Збаўца назваў «бацькам хлусні» і «душагубам ад пачатку» (Ян 8, 44). Няма сумнення ў тым, што менавіта з-за таго, што Ісціна прабывае ў Хрысціянскай Царкве, на яе і абрушваецца гэтая велізарная, нястрымная, разбуральная сіла. Але «вароты пекла» дарэмна шалеюць, бо «не адолеюць яе» (Мц 16, 18).

НЕБЯСПЕКА МАДЭРНІЗМУ

Росквіт мадэрнізму сёння пагражае велізарнай небяспекай, з якой Касцёл сутыкнецца ўжо заўтра. Сёння касцёлы пусцеюць, семінарыі зачыняюцца, святары складаюць з сябе духоўныя саны, а да сакрамантаў з кожным годам прыступае ўсё меншая і меншая колькасць людзей. Лічбы, якія апісваюць сучасны стан справаў, засмучаюць. Ніжэй я прывяла дадзеныя па Францыі, але, на жаль, становішча ў Германіі і Галандыі яшчэ больш драматычнае. Там у семінарыях і на тэалагічных факультэтах мадэрнізм шалее на поўную сілу. Швейцарыя, і я сама гэтаму сведка, таксама стала ахвярай масавага распаўсюджвання гэтай дактрыны. Сітуацыя ў ЗША і Англіі, відаць, не нашмат лепшая. У раманскіх краінах небяспека не такая вялікая, як усюды, але нервовыя канчаткі таксама закранутыя, таму невядома, як доўга антымадэрністы змогуць трымаць абарону.

Такім чынам, статыстычныя дадзеныя па Францыі: у 1990 г. 84,1% насельніцтва краіны было хрышчаным, у 1996 г. – толькі 58%. У касцёл адносна рэгулярна хадзілі ў 1948 г. – 37%, у 1958 г. – 35%, у 1968 г. – 25%, у 1988 г. – 13% французаў. Quid (штогадовая французская энцыклапедыя, складзеная ў форме пытанняў і адказаў, – заўв. пер.), з якой узятыя гэтыя дадзеныя, прыводзячы лічбы за 1994 г., паведамляе, што 5% французаў хадзілі ў касцёл рэгулярна; 15% – дастаткова рэгулярна; 31% – не рэгулярна; 47% – не хадзілі ўвогуле; 1% – устрымаліся ад адказу. Што датычыць заключэння касцёльных шлюбаў, то ў 1980 г. шлюб бралі 65% сужэнцаў, тады як у 1996 г. – толькі 50,5%. Лічбы, якія датычаць святарскіх пасвячэнняў, гавораць самі за сябе: да 1951 г. колькасць асобаў, што прынялі духоўныя саны, даходзіла да 1000, у 1960 г. іх стала толькі 595, у 1970 г. – 285, у 1980 г. – 111, і з гэтага часу лічба вагаецца каля 120 святарскіх пасвячэнняў у год. Трэба адзначыць, што сярод святароў, якія нядаўна прынялі сан, большасць – традыцыяналісты, і што паралельна гэтай тэндэнцыі пачасціліся выпадкі «адступніцтва», г.зн. складанне святаром свайго духоўнага сану. Колькасць святароў у Францыі была: у 1978 г. – 40 300, у 1980 г. – 38 676, у 1985 г. – толькі 36 203, у 1992 г. – усяго толькі 32 267. У мяне, на жаль, няма лічбаў адносна больш спрыяльных часоў першай паловы ХХ стагоддзя, але, несумненна, яны павінны былі адрознівацца ад тых, якія мы маем сёння. Застаецца прывесці лічбы, здольныя выклікаць вялікае здзіўленне. З 79% каталіцкага насельніцтва Францыі 66% – веруючыя, а гэта значыць, што сярод 27% французаў, якія лічаць сябе атэістамі, 14% – католікі. Сапраўды, у некаторых людзей вера настолькі спустошана, што застаецца толькі традыцыя, звычка залічваць сябе да католікаў, што красамоўна сведчыць пра стан рэлігійнай культуры ў нашы дні.

Нягледзячы на тое, што лічбы гавораць пра сапраўдную катастрофу, усё падаецца такім чынам, каб нікому і ў галаву не прыйшло паглядзець праўдзе ў вочы, надаць гэтаму большае значэнне. Вось чаму трэба адкрыта гаварыць пра згубныя наступствы мадэрнізму, і хаваць гэта злачынна. На самай справе, як могуць людзі верыць у Бога, калі самі пастыры гавораць, што вера падманлівая? Часта можна пачуць: любоў да камфорту, матэрыялізм, геданізм і г.д. – вось што адпрэчвае людзей ад Касцёла і сакрамантаў, але тыя, хто так думае, блытаюць прычыну з наступствам. Людзі забыліся пра Бога не таму, што шукаюць толькі зямных асалодаў, а наадварот: яны кідаюцца за марнымі, мітуслівымі, ілюзорнымі радасцямі кожнага дня, таму што іх пазбавілі Бога. Невыпадкова гэтыя бедакі, адпаўшы ад Касцёла, пачынаюць шукаць прыстанку ў сектах, захапляюцца New Age, экалогіяй, эзатэрызмам, – усім, што можа імітаваць Касцёл і што квітнее ў нашы дні гэткім буйным цветам, як ніколі раней. Адначасова тыя, каму ўдалося захаваць веру, зрабілі гэта, нанёсшы шкоду ведам. Гэта адбылося, з аднаго боку, з-за таго, што яны зразумелі, што як толькі ім захочацца паглыбіць веру, то дзякуючы «адкрыццям» (чытай «дыктату») сучаснай тэалогіі яны яе непазбежна страцяць, так што рэлігійная культура ў цэлым стала выклікаць у людзей вялікі недавер; з другога боку, таму што і з амбоны, і са старонак газет ім увесь час даводзіцца слухаць пра несумяшчальнасць веры і навукі. Вынік апраўдаў усе чаканні мадэрністаў: людзі неадукаваныя, іх вера суб'ектыўная, эмацыйная, і – бо ўсё ўзаемазвязана – у ёй з'явілася больш сінкрэтызму: як гэта я, нічога не ведаючы, магу мець рацыю? Апрача таго (о, жаданы плод!) вера стала больш чуллівай і ўспрымальнай да гнастыцызму. Калі цяпер пачаць выкладаць праблему гнастыцызму, гэта можа адхіліць нас ад тэмы, але ўсё ж заўсёды трэба памятаць, што менавіта з-за яго чума мадэрнізму набыла такі размах, і менавіта з ім мы сутыкаемся ўсюды, дзе ідзе барацьба супраць Бога – сапраўднага Бога, Бога – Асобы. Бога Аўраама, Ісака і Якуба, які любіць нас і якога любім мы.

СУПРАЦЬДЗЕЯННЕ МАДЭРНІЗМУ

Хто ведае, можа нас выратуе тое, што малыя і ўбогія, жанчыны і дзеці, – тыя, да каго Бог мае міласэрнасць, – не ўяўляюць ніякай цікавасці для ілжэвучоных багасловаў і псеўдамоцных гэтага свету. «Слаўлю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям» (Мц 11, 25). Як ні прызнаць таго факту, што свецкія людзі больш паслядоўна і адважна выступаюць супраць антыкасцёльных настрояў, чым людзі духоўнага звання, што вельмі часта дзеці прыводзяць да веры сваіх бацькоў, што апораю хрысціянства, хочам мы гэтага ці не, з'яўляюцца жанчыны, якія выхоўваюць сваіх дзяцей і складаюць большасць з тых, хто моліцца ў святынях. Асабліва гэта датычыць тых цудоўных бабуляў, якія ва ўмовах камуністычных рэпрэсій здолелі таемна, але непахісна захаваць веру і перадаць яе сваім дзецям. Мяркую, што ні рускія, ні беларусы, ні ўкраінцы не будуць сумнявацца, калі ў іх запытаць, каму яны павінны быць удзячныя за тое, што іх вера жывая. Ці не жанчына, нікім не заўважаная на сваёй бацькаўшчыне, была самым вялікім, дасканалым, цудоўным Божым стварэннем? «Ці не цесляў Ён Сын? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя?..» (Мц 13, 55).

Узнікненне рэакцыі пры такім стане рэчаў было, відаць, непазбежнае. Самай вядомай і знакамітай была і застаецца апазіцыя монсеньёра Лефэбра і яго паслядоўнікаў. Нязгода канчаткова аформілася з увядзеннем новага Ordo Missae – парадку Імшы, паводле якога касцельныя набажэнствы не маглі адпраўляцца на латыні, скасоўваліся грыгарыянскія спевы, а мноства рытуалаў і абрадаў (напрыклад, кленчанне, парадак прычасця вернікаў) былі змененыя або скасаваныя. Гэта і было той кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення. Наступствам быў разрыў з Рымам. Ад гэтага руху, у сваю чаргу, сталі адыходзіць тыя, хто лічыў традыцыяналізм монсеньёра Лефэбра недастатковым.

Ва ўсёй гэтай гісторыі найбольш засмучае менавіта факт «схізмы» з Рымам. Гэта дало магчымасць мадэрністам паказаць паслядоўнікаў монсеньёра Лефэбра ў вачах католікаў розных кірункаў, асабліва тых, хто сімпатызуе традыцыяналістам, як ерэтыкоў-раскольнікаў. Такога выпаду яны сабе ніколі б не дазволілі ні на адрас якой-небудзь іншай рэлігійнай канфесіі, ні на адрас тых уяўных католікаў, чые касцёльныя службы ахайваюць Бога, чые ерэтычныя погляды і казанні, напэўна, выклікалі б непрыманне нават у язычнікаў дахрысціянскага свету.

Якраз у час радыкальнага разрыву з рымскім Касцёлам (які лефэбрысты сталі называць саборавым або постсаборавым) ад гэтай плыні адышла група вернікаў, вядомая сёння як «рух індульту» (па назве папскага дакумента, які дае якія-небудзь прывілеі, – заўв. пер.). У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра дазвол Папы адпраўляць набажэнствы па старым абрадзе (так званым абрадзе св. Пія V), калі на гэта даецца згода мясцовага біскупа (хаця не ўсе біскупы ахвотна ідуць на гэта). Такім чынам, у многіх мясцінах Францыі і Італіі сталі стварацца вельмі актыўныя супольнасці традыцыйнай арыентацыі, якія цяпер знаходзяцца ў няпростай сітуацыі, бо, з аднаго боку, ім даводзіцца цярпець ганенні мадэрністаў, а з другога боку, яны намагаюцца з усіх сілаў захаваць вернасць і сыноўняе паслушэнства Папу і касцёльнай іерархіі. Самыя вядомыя з гэтых супольнасцяў – кляштар у Барру, брацтва апостала Паўла, Духоўны інстытут Хрыста – Валадара і Вярхоўнага Святара, мноства бенедыктынскіх абацтваў, напрыклад, у Фангамбо, дамініканскае брацтва святога Вінцэнта Фер'е, Інстытут Святога Крыжа ў Рыамонтэ, кляштар рэгулярных канонікаў Багародзіцы (Opus Marie). Мноства такіх супольнасцяў знаходзіцца ў ЗША, так што іх спіс далёка не поўны.

Незалежна ад усіх гэтых арганізаваных рухаў ёсць велізарная колькасць вернікаў, супраціўленне якіх мае ананімны характар і пазбаўлена ўсялякай дэманстратыўнасці. Нягледзячы на град насмешак і крыўдных эпітэтаў, такіх як «традыцыяналісты» (што лічыцца абразай), «інтэгрысты» (хрысціянскія інтэгрысты тое ж самае, што і мусульманскія), «фундаменталісты», гэтыя людзі спакойна працягваюць спасцігаць ісціны веры, працягваюць прымаць прычасце на каленях, па-ранейшаму ўзнімаюць галасы пратэсту нават тады, калі яны гучаць у поўнай цішыні. Пасля выхаду ў свет маёй кнігі (Мары-Крыстын Чаруці-Сандрые, «Евангеллі – гэта рэпартажы», выд. Тэкі, 1997 г. – заўв. пер.) я атрымала мноства лістоў ад такіх герояў і нават пакутнікаў, дзе гаворыцца пра іх барацьбу, пакуты, прыніжэнні, але таксама і пра перамогі. Мне пісалі і пішуць да гэтага часу людзі ўсіх саслоўяў, усіх узростаў, святары і свецкія, гараджане і вясковыя жыхары з усіх куткоў Францыі, Канады, Бельгіі, Швецыі.

Сярод тых, хто не баіцца на ўвесь голас абвясціць пра сваю нязгоду з сапраўдным становішчам справаў, ёсць і вельмі вядомыя людзі, такія як Мішэль дэ Сэн-П'ер, Марк Дэм і, відаць, самы значны з іх – Андрэ Фрасар з яго штодзённымі публікацыямі ў «Фігаро», яго бестселерамі, тэлеінтэрв'ю, з яго гумарам і тым бясспрэчна вострым розумам, які заўсёды абяззбройвае.

Апрача таго, ёсць нямала вучоных, якія выступаюць у абарону веры. Гэта Карміньяк, Трэсмонтан, О'Каллаган, Фесцюж'ер, пра якіх мы ўжо гаварылі, вучоныя-пратэстаны, напрыклад, Цід, і нават вучоныя-атэісты, напрыклад, гаспажа Жано-Бісмут (Цід і Жано-Бісмут сцвярджаюць гістарычнасць Евангелляў). Я, вядома ж, не назвала іх усіх, ды і немагчыма, каб я іх усіх ведала, але мне не раз гаварылі пра іх мае карэспандэнты, якія адгукнуліся на публікацыю маёй кнігі. Такім чынам, ёсць усе падставы меркаваць, што гэта толькі вяршыня айсберга, і што самой глыбы проста не відаць з-за таго, што веруючым-немадэрністам не даюць слова, іх не прызнаюць, яны церпяць ганенні.

СРОДКІ АБАРОНЫ

Першы сродак абароны – быць напагатове, бо пачуццё непахіснасці, поўнай абароненасці вельмі падманлівае і небяспечнае. Кожны можа апынуцца ў сітуацыі ахвяры, і мой асабісты досвед паказвае, што пазіцыя «калоса», як правіла, самая хісткая.

Каб пазбегнуць прамых удараў, трэба навучыцца распазнаваць мадэрнізм, нават калі ён хавае свой сапраўдны твар. Варта звярнуць увагу на некаторыя яго характэрныя рысы, якія павінны служыць сігналам трывогі.

Так, вельмі часта адэптаў гэтай дактрыны перапаўняе пачуццё ўласнай перавагі, пагарды да простых смяротных і асабліва да традыцыяналістаў. Яшчэ адна паказальная рыса – адсутнасць пачуцця гумару, характэрная атмасфера занудлівасці і недасягальная для разумення мова. Патэнцыйнай ахвяры не патрабуецца вялікай пільнасці для таго, каб зразумець, што палымяных пропаведзяў Валадарства Божага там няма і на дух, што выратаванне душаў і хвала Божая займаюць зацікаўленых асобаў значна менш, чым іх уласная «кар'ера»... Але нават ведаючы ўсе іх хітрыкі, змагацца з імі, спадзеючыся толькі на ўласныя сілы і не просячы Божай дапамогі, немагчыма. Так што першы, самы важны і самы эфектыўны сродак – гэта малітва (для мадэрністаў – гэта пусты гук, бо ў дзейную сілу малітвы яны па сутнасці не вераць). Малітва аб тым, каб чыстыя сэрцам не трапілі ў сіло, аб тым, каб яны перасталі хлусіць, малітва перад тым, як выступіць у ролі апанента, малітва за выратаванне іх душаў, малітва аб іх навяртанні і, безумоўна, малітва, якая ўслаўляе Бога і Яго Адзінасутнага Сына Езуса Хрыста, заклікае на дапамогу Багародзіцу і Усіх Святых, асабліва святых Ірынея і Афанасія, якія пераможна змагаліся з папярэднікамі мадэрністаў, малітва да святой Кацярыны Сіенскай і святога Дамініка і многіх іншых – вось тая ідэальная невычэрпная сіла зброі, даступная ўсім і заўсёды.

«...суцешцеся... Я перамог свет» (Ян 16, 33).

Пяройдзем да другога сродка абароны, больш зямнога, але не менш важнага. Гаворка пойдзе пра веды. «Трэба, – як гаворыць адзін мой сябра, – быць нашмат больш адукаванымі, чым яны». Трэба авалодваць ведамі і шчодра імі дзяліцца. Чым можна патлумачыць папулярнасць прыхільнікаў мадэрнізму? Тым, што яны перакрылі доступ да ведаў для іншых, забралі падручнікі катэхізісу і замянілі іх на кнігі расплывістага зместу на тэму агульначалавечай маралі, тым, што яны забаранілі іншым шлях на багаслоўскія кафедры, палічыўшы іх уласнай вотчынай, тым, што яны перашкаджаюць выданню кніг незаўгоднага ім зместу, тым, што падмяняюць навуку сапраўдную фальшывай. Вельмі часта яны нават услаўляюць невуцтва і дзякуючы гэтаму адчуваюць сябе гаспадарамі сітуацыі, сцвярджаючы, што толькі дабрадзейнасць мае значэнне, дабрадзейнасць, якая ў іх потым пераймяноўваецца ў дыялог і ў пачатак руху... Многія пападаюцца на гэтыя хітрыкі, забываючыся, што першая з маральных каштоўнасцяў – Ісціна, а хлусня – гэта выяўленне пагарды да чалавека; забываючыся, што апошнія настаўленні Езуса Хрыста перад Яго Ушэсцем, і пра гэта сведчаць Евангеллі ад Мацвея і ад Лукі, заключаліся менавіта ў гэтым патрабаванні пропаведзі і асветы ўсіх народаў. Ці дапушчальна, каб хрысціяне не паслухаліся вялікай запаведзі свайго Настаўніка, які загадаў ім хрысціць і навучаць?

«Я – Дарога, Праўда і Жыццё» (Ян 14, 6) – гаварыў Ён, і таму іншага шляху, іншай ісціны, іншага жыцця не дадзена.

«Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37).

Пераклад з італьянскай мовы


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY