Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва

РОСПІСЫ ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
Святло слова
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Святло слова

Постаці

ПАВАДЫР І СЛУГА
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Кантрапункт

МАДЭРНІЗМ
На кніжнай паліцы
Haereditas


Аксана Данільчык нарадзілася ў Мінску. Закончыла філфак БДУ і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН РБ. У гэтым жа інстытуце працуе малодшым навуковым супрацоўнікам. Выдала зборнік вершаў «Абрыс Скарпіёна» (1996). Перакладае з італьянскай мовы, займаецца даследаваннем італьянскай літаратуры.
 

* * *
Ноч звініць над нашай хаткай,
Ля тваіх стаіць вачэй.
Спі, дзіцятка, спі, зярнятка,
Засынай, сынок, хутчэй.
Ад матулінай усмешкі
Выпраўляйся ў доўгі шлях
Можа конна, можа пешкі
Вандраваць па дзіўных снах.
Аксамітныя дубровы
Раскідаюць жалуды.
Па кілімах адмысловых
Зоркі коцяцца сюды.
Іх у кошык пазбіраю –
Будзе заўтра з чым гуляць.
Ручка цёплая, малая
Стала пальцы мне сціскаць...

Кожны вечар блаславенне
Мілагучнай цішынёй.
Проста ты сваім з'яўленнем
Нейкі цуд зрабіў са мной.
У маладзіковы рожкі
Захінуў фіранкі край.
Я твае цалую ножкі
І спяваю баю-бай.

* * *
У пошуках блакітных сілуэтаў
Імкнуцца вочы ахапіць прасцяг,
І словы пераўзыдзеных сюжэтаў
Знікаюць з хуткаплыннасцю быцця.
Прыгладжаная шчыраю рукою
Зіхоткага паветра мітусня
У зменлівасці сонечных настрояў
Лунае час і вабіць вышыня...
А над Міжземным морам аблачыны
Плывуць, як шмат гадоў таму назад,
Пра што ж сумуеш, юная жанчына,
Калі глядзіш за гэты далягляд?
Пра тое, што сядзіць у сэрцы стрэмкай
Пяшчотны боль, нявыказаны верш,
Што ты заўсёды будзеш чужаземкай
Для ўсіх, а для самой сябе найперш,
Што недзе без паўднёвых дэкарацый
Ёсць край самотны ў восеньскай слаце,
І да яго – крычаць не дакрычацца,
І да яго – ляцець не даляцець...

* * *
Па сутнасці радасць па выгляду шчасце
Аднойчы складзецца і ўжо назаўсёды
Пад белым шыфонам схаваныя страсці
Цяпер не парушаць сусветнае згоды
Кароткія словы імклівыя рукі
Зямля раскрывае дрыготкае ўлонне
Сціраюцца твары сціраюцца гукі
У белым шыфоне у белым шыфоне
Прасцёртых далоняў шляхі і сцяжынкі
Злятаюцца ластаўкі на падваконне
І круціцца лісце ляцяць парушынкі
У белым шыфоне у белым шыфоне
Адзінай дарогай адным разуменнем
Куды твае мары пялёсткі на скронях
Пялёсткі на вуснах пялёсткі праменяць
На белым шыфоне на белым шыфоне...

* * *
Аніякіх адчуванняў –
Ні пакоры, ні дакораў,
Я жыву ў зачараванні
Гарманічнасцю прасторы.
Галасоў сугучча звонкіх,
Шамаценне ліп ля дому,
Мне дае сваю далоньку
Нейкі хлопчык незнаёмы.
Свет – ад Бога і да Бога.
Мо спакой завецца раем?
Я не ведаю нічога,
Я нічога не чакаю.
Ціха-ціха ў нашай хаце
Ды чуваць, як б'ецца сэрца,
Бо душа майго дзіцяці
Ўжо пастукала ў акенца.

* * *
выплываюць з віроў глыбокіх
расцвітаюць на сіняй вадзе
кветкі лотасы

выгарэзваюць між сцяблінамі
ловяць сонца бакамі бліскучымі
рыбкі дробныя

уздымаюцца хвалі светлыя
дасягаюць туды дзе песціцца
лісце цёплае

за штуршком штуршок пачынаецца
мяккім дотыкам мой малюсенькі
прачынаецца

* * *
кожны тыдзень – прыступка
на якую павольна ўзыходзіш
кожны тыдзень як парастак
прабіваецца ў неба
і таму ля цябе завіхаюцца
непрыкметныя служкі-анёлы
днём гуляюць з праменнямі сонца
уначы калыхаюць гардзіны
дабрынёй насычаюць паветра
каб утульна было і спакойна

Бог ахоўвае крокі жанчын
якія ведаюць
што ў іх народзяцца дзеці


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY