Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва

РОСПІСЫ ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
Святло слова
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Святло слова

Постаці

ПАВАДЫР І СЛУГА
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Кантрапункт

МАДЭРНІЗМ
На кніжнай паліцы
Haereditas


Дадатак да артыкула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

СЮЖЭТ УВАСКРЭСЕННЯ Ў СТАРАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ

Ні адно з кананічных «Евангелляў» не апісвае, як адбылася найвялікшая падзея хрысціянства – Уваскрэсенне Хрыста на трэці дзень пасля смерці. Мацвей толькі піша, што калі ў нядзелю рана Марыя Магдалена і другая Марыя прыйшлі паглядзець магілу, зрабіўся вялікі землятрус, «бо анёл Божы, які сышоў з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім; выгляд жа ягоны быў, як маланка, і ўбранне ягонае белае, як снег. І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі, як мёртвыя». Анёл паведамляе перапалоханым жанчынам, што ўкрыжаванага Езуса тут няма, Ён уваскрос, як і сказаў, і запрашае паглядзець месца, дзе ляжаў Пан і перадаць гэтую вестку Ягоным вучням (гл. Мц 28, 1–7). Паводле Марка, жынчын было тры. Яны ішлі, каб намасціць цела Хрыста, і турбаваліся пра тое, хто ім адваліць цяжкі камень ад магільных дзвярэй. Аднак камень быў ужо адвалены. Увайшоўшы, яны жахнуліся, бо нечакана ўбачылі анёла-юнака ў белых шатах. Далейшае супадае з апавяданнем Мацвея, толькі жанчыны нікому нічога не сказалі, бо баяліся (гл. Мк 16, 1–8). Паводле Лукі, калі жанчыны стаялі ў разгубленасці, не знайшоўшы цела Езуса, раптам паўсталі перад імі два мужы ў бліскучых строях і растлумачылі, што Ён уваскрос (гл. Лк 24, 1–9). Больш разгорнута і драматычна выкладае падзеі евангеліст Ян. Да магілы спачатку прыйшла Марыя Магдалена і, не знайшоўшы цела, паклікала Пятра і другога вучня (як можна здагадацца, Яна). Яны пераканаліся, што ў магіле засталіся толькі палотны, і вярнуліся да сябе. Марыя засталася і плакала, а нахіліўшыся да магілы, убачыла двух анёлаў і паскардзілася ім, што знеслі Пана яе, і яна не ведае, дзе паклалі Яго. У гэты момант яна, абярнуўшыся, убачыла Езуса, і ў першы момант не пазнала Яго, прыняўшы за садоўніка (гл. Ян 20, 1–18). Доказам Уваскрэсення сталі далейшыя з'яўленні Езуса сваім вучням.

Адсутнасцю непасрэднага апавядання ў кананічных Евангеллях тлумачыцца тое, што на працягу І тысячагоддзя хрысціянства мастакі паказвалі «Уваскрэсенне» сімвалічна, да прыкладу, як вывяржэнне старазапаветнага прарока Іоны з чэрава кіта, а потым у выглядзе двух ахоўнікаў пад штандарам Хрыста без Збавіцеля, ці дзвюх жанчын пры магіле, калі анёл паведамляе ім радасную вестку. Спачатку ў мініяцюрах раннесярэднявечных псалтыраў, а з ХІІ ст. і ў алтарах на Захадзе з'яўляецца франтальная постаць Хрыста з крыжоваю харугваю ў руцэ над саркафагам. Побач – адзін ці два анёлы, ахоўнікі спяць па вуглах або падаюць, аслепленыя яркім містычным святлом. У італьянскім мастацтве Джотта ўпершыню паказаў Хрыста ў святлістым німбе, узнятага над зямлёй. У ХV – пачатку ХVІ ст. такая выява распаўсюдзілася і ў Цэнтральнай Еўропе, самы вядомы прыклад – Ізэнгеймскі алтар Грунэвальда 1. Тым не менш і пазней, у эпоху Рэнесансу і барока, ды і ў ХІХ ст. мастакі ахвотна звярталіся да ранніх рэалістычных евангельскіх варыянтаў увасаблення «Уваскрэсення».

У старабеларускім мастацтве «Уваскрэсенне Хрыста» адпаведнае візантыйскай традыцыі як «Сыходжанне ў пекла». Сюжэтную аснову складае паведамленне апакрыфічнага «Евангелля Нікадэма», «Слова Яўсевія», «Паслання апостала Пятра» і «Псалтыры»2. Паводле Нікадэма, калі ўкрыжаваны Езус выпусціў дух, у гэты момант Ён спусціўся ў пекла, зламаўшы яго вароты, і вывеў адтуль Адама і Еву, а таксама Авеля, Давіда, Саламона і іншых старазапаветных прарокаў і праайцоў, якіх Ён сваёй ахвярай вызваліў ад першароднага граху. Апакрыфічныя тэксты аб судзе над Хрыстом і Уваскрэсенні былі здаўна вядомыя на землях Вялікага Княства Літоўскага. Захаваліся старабеларускія рукапісныя зборнікі канца ХV – пачатку ХVІ ст. з тэкстам пра Крыжовы Шлях і Уваскрэсенне Хрыста. У іх так апавядаецца пра сыходжанне Хрыста ў пекла. Пачуўся голас з неба, моцны, як гром, да сатаны, князя смерці і пекла «...нине пренечистыи отвори ворота твоя, а войдет Царь славы. А на тых местъ задрыжал пекел и ворота смертная замка и ретези (ланцугі – А.Я.) железные упали и зламалисе у покои учинене уси замки пекелне. А князь сотона зостыл посеред пекла и стоял зесромочон и выкинен. Тогъды пришол Царь славы Пан Исусъ во образе человечем, а вечные светльсти осветил, и зламал нерозвязные перековы резорвал помоцю непереможнее моци, наведил нас у темностях грехов и во тьме смерти...» Сатана ж са сваімі слугамі спалохаўся і прызнаў перамогу Цара Славы. Хрыстус звязаў «шкаредніка» і сапхнуў у глыбіню пякельную, сказаўшы пеклу: «Будзе сатана пад моцаю тваёю на месцы Адама і сыноў яго». І прасцёршы руку, сказаў усім святым: «Поидите уси святые до Мене, которыи держите образъ и подобеньство Мое, которые через дерево и через дъябла потуплены были есте нине черес дерево крижово видели есте дъябла звитеженого и потупленого... А стягнувшы Хрыстос руку свою, учинил знаме на Адама и на вси святые свое, а держа руку Адамову правую. Выступи Адам ис пекла, а вси святые вышли уси из Збавителем нашым полишивше сотону и пекле и всих беззаконных у пекле из бесы»3.

Сярод вядомых «візантыйска-рускіх» фрэсак у Люблінскай замкавай капліцы (1418 г.) і ў капліцы Св. Крыжа на Вавелі ў Кракаве (1470 г.) ёсць і «Сыходжанне ў пекла». Сюжэт «Жонкі міраносіцы каля труны Госпада» меўся на сцяне супрасльскай Дабравешчанскай царквы, размаляванай у сярэдзіне ХVІ ст.4. У роспісах Тупічэўскага манастыра, магілёўскіх і віцебскіх цэркваў эпохі барока (ХVІІ–ХVІІІ стст.) сюжэт «Уваскрэсенне» падаецца ўжо ў заходнееўрапейскім варыянце і часам нагадвае «Ушэсце»5.

Як вядома, наогул абразы з першых стагоддзяў хрысціянізацыі на Беларусі не захаваліся. Уяўленне пра іканаграфію ранніх полацкіх абразоў можа даць «Сыходжанне ў пекла» 2-й пал. ХІV ст. з Траццякоўскай галерэі, умоўна залічанае да суседняй пскоўскай школы іканапісу6. Яго кампазіцыя бярэ пачатак у візантыйскім мастацтве (вядома ўжо па фрэсках кіеўскай Сафіі ХІ ст.) і ў асноўных рысах нагадвае пазнейшыя творы беларускага іканапісу ХVІІ ст. У цэнтры, на фоне прамяністай славы (арэола), стаіць над прорвай пекла Хрыстус у правым павароце, з крыжам у руцэ. Па баках – старазапаветныя праведнікі. На краі прорвы на каленях стаяць Адам і Ева, Хрыстус бярэ Адама за руку. Такая ж кампазіцыя ў наўгародскіх абразах ХІV ст., толькі Езус павернуты ўлева і можа быць не асветлены славай7.

На абразе «Сыходжанне ў пекла» з царквы Нараджэння Багародзіцы ў сяле Лахва Брэсцкай вобласці ў цэнтры, не ў сярэдзіне блакітнай мандорлы (як, напрыклад, у «Блакітным Успенні»), а на яе фоне Хрыстус у вішнёвым хітоне і светла-вохрыстым плашчы спускаецца ў пекла. Нахіліўшыся да ўкленчанага сівабародага Адама і маладжавай Евы ў чырвонай сукні, Ён выводзіць за рукі нашых праайцоў з пекла, абое стаяць ужо на яго разбураных варотах. За імі ідуць дзве мілавідныя старазапаветныя праведныя жанчыны ў светлых адзеннях і некалькі мужчын, сярод якіх выдзяляецца персанаж у гарнастаевай мантыі і каралеўскай кароне (верагодна, цар Давід). Велізарны чорны праём за іх спінамі ўвасабляе ўваход у пекла. На процілеглым краі стаіць першасвятар з посахам, у чырвоным плашчы і двурогім галаўным уборы (хутчэй за ўсё, Майсей), а за ім – група пачцівых мужоў. Над імі ўзвышаюцца невысокія горкі і невялікі квадрат разьбянага нябеснага фона. У самым нізе валяюцца раскіданыя цяжкія драўляныя створкі варотаў пекла; з незвычайнаю дэталёвасцю мастак вымаляваў каваныя завесы, вырваныя прабоі, замок і ланцугі, разарваныя Хрыстом. Н.Ф.Высоцкая датуе гэты абраз сярэдзінай або другой паловай ХVІІ ст.8.

Вельмі блізкі па іканаграфіі да Лахвенскага абраз «Сыходжанне ў пекла» з Чачэрска. Надзвычай падобнае дэкаратыўнае аздабленне рамы наводзіць на думку аб паходжанні абразоў з агульнай майстэрні. Але, магчыма, усё гэта, як і аднолькавая кампазіцыя, сведчыць пра стылёвае адзінства беларускай школы іканапісу ў ХVІІ ст. Кірылічны надпіс на раме паведамляе, што «сей образ оферовал Янъ Санковичъ до храму Воскресенія Христова в Чечерску на честь и на хвалу Господу Богу. Року 1678». Хрыстус у чырвоным хітоне і залацістым плашчы, абведзены светлым авальным ззяннем, стаіць на скрыжаваных створках зламаных варотаў пекла. У Яго левай руцэ – доўгая піка, завершаная крыжыкам і прапарам. Як і ў Лахве, мастак любоўна намаляваў металічныя дэталі, фактуру паверхні дрэва. Гэтак жа, як на палескім абразе, размешчаны групы асобаў абапал Хрыста, падобны таксама і колер іхніх адзенняў. Але чачэрскі абраз вызначаецца больш высветленым каларытам, колькасна павялічаны групы персанажаў, рысы іх твараў буйнейшыя. За пажылым каралём (Давідам) стаіць малады круглатвары Саламон. З правага боку – велічная постаць святара ў белым двурогім галаўным уборы, з тонкім посахам у руцэ. Гэта павінен быць першасвятар яўрэйскага народу Аарон, ззаду – яго малодшы брат Майсей са скрыжалямі Божых запаведзяў. Паміж чорным пеклам і арнаментаваным раслінамі разьбяным фонам узвышаецца вузкая паласа з ружовых і вохрыстых горак9.

З Уваскрэсенскай царквы ў вёсцы Альгомель, якая належала ў ХVІ–ХVІІІ стагоддзях турава-пінскім епіскапам, захаваліся два абразы «Сыходжанне ў пекла» канца ХVІІ ст., кампазіцыйна блізкія да папярэдніх, але з самастойнай трактоўкай у дэталях. Дзея адбываецца на чорным фоне пякельнай бездані. Езус, ахінуты плашчом, імкліва выйшаў з шэра-зеленаватай мандорлы, ступіўшы адной нагой на разбураныя дзверы і ўзняўшы над імі крыж, а другой адпіхнуўшы смерць з касою. Адам і Ева трымаюць у руках злашчасныя яблыкі. Незвычайна тое, што сярод праведнікаў – пераважна жанчыны; трое з іх змясціліся перад Адамам каля Хрыстовых ног, у левым ніжнім вугле – паясная выява накшталт данатарскай, а правая група над нейкім сталом (ці вечкам Хрыстовага гроба?) цалкам жаночая. Такі зместавы акцэнт быў бы зразумелы, калі б абраз паходзіў з жаночага манастыра, напрыклад, пінскага Варварынскага.

Абраз 2-й паловы ХVІІ ст. з Троіцкай царквы ў в. Бездзеж Брэсцкай вобласці належыць да рэдкага для старажытнабеларускага іканапісу таго часу заходняга іконаграфічнага тыпу «Уваскрэсення». У цэнтры кампазіцыі паказана, як анёл у светлым адзенні скідвае века з мармуровага гробу, другі анёл сядзіць на супрацьлеглым краі і да яго набліжаюцца жанчыны-міраносіцы з сасудам міра. Над белым (мармуровым?) саркафагам да самага верху абраза ўзнімаецца велічная постаць Езуса Хрыста ў хітоне пурпуровага колеру і ў ружовым плашчы, распісаным асістам. Залатое ззянне з язычкамі і прамянямі зліваецца з арнаментаваным фонам. Рукі Хрыста з ранамі на далонях разведзены ў бакі, як ва «Ушэсці», у левай – чырвоны прапар з мальційскім крыжам. Вакол гроба па вузкай паласе зямлі раскіданы ў розных позах узброеныя шаблямі і пікамі воіны-ахоўнікі, адзетыя ў характэрныя касцюмы і боты. Некаторыя, здаецца, праспалі незвычайную падзею, іншыя паваліліся ад страху, адзін сядзіць, адвярнуўшыся. Пралом з рваным краем увасабляе пекла, тут, пасярэдзіне, арханёл Міхал, нахіліўшыся, прабівае кап'ём лоб рагатага д'ябла з ланцугом на шыі, з левага боку ўслед за арханёлам бяжыць Адам, за ім – група асобаў з Давідам і Саламонам. Справа – Ева ў доўгай сукенцы і чырвоным плашчы, прарок са скруткам, малады першасвятар і іншыя асобы. У бездзежскім абразе выразна бачны барокавыя рысы: дынаміка руху, свабода і дыяганальнасць кампазіцыі. Манера пісьма невядомага таленавітага мастака нагадвае жыційныя сюжэты «Параскевы» 1659 г. з той жа царквы. Магчыма, «Уваскрэсенне» – крыху больш позні твор таго ж майстра.

Ад праваслаўнага Уваскрэсенскага манастыра ў Дзісне на Полаччыне захаваўся храмавы абраз «Сыходжанне ў пекла» апошняй чвэрці ХVІІ ст. – выдатны прыклад уплыву мастацтва барока на беларускі іканапіс. Ён адметны незвычайна разгорнутай шматпланавай кампазіцыяй, багатым іконаграфічным зместам, засвоеным з заходнехрысціянскага мастацтва эпохі Рэнесансу, мноствам біблейскіх персанажаў. На пярэднім плане на створцы варотаў пекла стаіць велічны Хрыстус у чырвоным хітоне і светла-вохрыстым гімаціі; незвычайна тое, што ў благаславенні ўзнята левая рука, правая ж прытрымлівае доўгую, амаль у вышыню абраза, кананічную піку з крыжыкам і чырвонаю харугваю. На думку Н.Ф.Высоцкай, такая асаблівасць з'явілася ў выніку люстранога выкарыстання гравюры-прататыпа. Яна ж звярнула ўвагу на адсутнасць мандорлы, што, бясспрэчна, сведчыць пра стыль заходняй іканаграфіі10. Адзначым, што трохчвэрцевы паварот постаці ўправа, таксама процілеглы звычайнаму леваму, як ва ўсіх папярэдніх беларускіх абразах, нагадвае пра раннія абразы Пскова і Ноўгарада. Позірк Езуса скіраваны ўніз, на Адама, які ўжо выходзіць з пекла, працягнуўшы руку да Збавіцеля; побач, верагодна, адзін з каралёў-вешчуноў. У шмат'ярусным размяшчэнні персанажаў прыкметна восевая сіметрыя адносна Хрыста. Еву мастак змясціў на супрацьлеглым левым краі абраза, паміж іншымі двума вешчунамі. Велічнаму сівабародаму першасвятару (Захарыю?) і Яну Хрысціцелю, што ўзвышаецца над ім, адпавядаюць два маладыя юнакі (адсутнасць сімвалаў не дазваляе акрэсліць іх дакладней). Пад бласлаўляючай рукой апынуўся Давід, які іграе на псалтыры. Далей стаіць яшчэ мноства асобаў, сярод якіх выдзяляюцца цары ў каронах рознай формы, патрыярх у адзенні праваслаўнага біскупа, юнакі, што з уздымам вітаюць Уваскрэсенне Збавіцеля. На заднім плане, на зялёнай узгоркавай зямлі, бачна маленькая фігурка ўваскрослага Хрыста на гробе (выява, вядомая ў заходнім мастацтве) і з'яўленне Хрыста Марыі Магдалене. Ужо на самой лініі далягляду віднеецца невялічкая камяніца. На думку стваральніка дзісненскага абраза, пасля Уваскрэсення Збавіцеля пекла не зусім апусцела: язычкі пякельнага агню ліжуць пакінутых там трох маладзіц барокавага кшталту. Аголенае цела адной з іх, магчыма, характарызуе не зусім сціплыя паводзіны пры жыцці, урэшце, здаецца, усе яны ўжо плачуць і каюцца.

Проста над галавой Хрыста, па восі абраза, на залатым фоне стаіць брама ў валадарства нябеснае, стромкі шацёр яе даху ўпіраецца ў блакітную сферу Сусвету, над якой размяшчаецца Новазапаветная Тройца. Залаты фон абраза перасякаюць клубы воблакаў, якія пачынаюцца ад німба вакол галавы Хрыста, утвараючы своеасаблівы шлях да неба. Постаць Збавіцеля была аздоблена сярэбранай шатай і каронай, надпіс на адвароце кароны сведчыў пра яе ахвяраванне Геранімам Пятровічам з брацтва кравецкага цэху Уваскрэсенскай царкве ў 1707 г. Такім чынам, дзісненскі абраз намаляваны не пазней за гэтую дату.

Нельга не заўважыць, што ўсе вышэй згаданыя абразы належаць да апошняй трэці ХVІІ ст. і з'яўляюцца своеасаблівым водгукам на гістарычныя падзеі таго часу. Зруйнаванае і змучанае вайной 1654–1667 гг. Вялікае Княства Літоўскае страціла амаль палову насельніцтва і ўсё ж цудам выжыла, цяжка і пакутліва ўваскрасаючы з попелу. Гэта не рытарычны выраз, бо на самай справе многія гарады і паселішчы, касцёлы і уніяцкія цэрквы ў час вайны былі спалены ці разбураны. Дастаткова прачытаць інвентар Віленскай дыяцэзіі 1674 г. біскупа суфрагана Мікалая Слупскага.

З ХVІІІ ст. вядомы два абразы: са святочных радоў іканастасаў у Аброве і Шарашове. Аброўскае «Уваскрэсенне» (1754–1757 гг.) належыць да заходнееўрапейскага тыпу. Кампазіцыя вельмі лаканічная: на запячатаным саркафазе стаіць Хрыстус у белым перызоніі (набедраная павязка) і чырвоным гімаціі, бласлаўляючая рука трымае пальмавую галінку, апушчаная левая – харугву. Збоку – гара Галгофа, пазначаная трыма крыжамі. Верхняя частка неба ярка высветлена. Шарашоўскі ж абраз захоўвае традыцыйны, нават архаічны, варыянт «Сыходжання ў пекла»: з нешматлікімі групамі персанажаў, Хрыстус у чырвоным хітоне і залацістым гімаціі, без крыжа. Зноў можна заўважыць, што і гэтыя, больш сціплыя ў параўнанні з ХVІІ ст., творы з'яўляюцца каля сярэдзіны ХVІІІ ст., калі ў краіне пачынаецца эканамічны і сацыяльны ўздым пасля Паўночнай вайны, пошукі выхаду з крызісу.

Наогул, падобна да таго, што «Уваскрэсенне Хрыста», не апісанае ў кананічных Евангеллях, выклікала ў старабеларускіх мастакоў пэўную асцярогу і, магчыма, страх памыліцца пры ўвасабленні вялікай таямнічай Падзеі. Таму колькасць абразоў, напісаных на гэты сюжэт да ХІХ ст., нязначная, а ў касцёлах наогул мы знаходзім толькі скульптуры Уваскрослага Хрыста.


  1. Lexikon der Kunst. T.I., Александр Майкапар. Новый Завет в искусстве. М., 1996. С. 277–279.
  2. Евангелле Нікадэма з'явілася ў ХІІІ ст. і стала вельмі папулярным на Захадзе. Ва ўступе невядомы аўтар сцвярджае, што ў часы Феадосія знайшоў кнігу Нікадэма, пісаную па-габрэйску, якую пераклаў на грэцкую мову. У першай частцы Нікадэм апісвае судовы працэс над Хрыстом. У другой гаворыцца аб уваскрашэнні ў момант смерці Збавіцеля на крыжы двух сыноў старца – Сімяона Луцыя і Карына (ці гэта была адна асоба?). Гэтыя Луцый і Карын сведчаць аб сыходжанні Хрыста ў пекла (Podręczna encyklopedia kościelna. T. IX–X. Warszawa, 1906. Ewangelie apokryficzne). Па сведчанні Ал. Брукнера, «Евангелле Нікадэма» было пашырана сярод старадрукаў ХVІ ст. і нават у канцы ХІХ ст. у правінцыі друкавалася «для простага люду» (Podręczna encyklopedia kościelna. T. I–II. Apokryfy polskie).
    Фантастычна выглядае Уваскрэсенне Хрыста ў апакрыфічным «Евангеллі ад Пятра». На світанку ў нядзелю воіны-ахоўнікі пачулі моцны голас з неба і ўбачылі, як нябёсы раскрыліся, і двух мужоў, што сышлі адтуль у ззянні і наблізіліся да магілы. Камень жа, прывалены да дзвярэй, сам сабой адсунуўся, і юнакі ўвайшлі туды. Воіны пабудзілі цэнтурыёна і старэйшынаў, якія таксама былі там. Калі воіны расказвалі, што бачылі, з магілы выйшлі трое: двое падтрымлівалі аднаго і крыж ішоў за імі. І галовы двух дасягалі неба, а ў Таго, каго вялі за руку, галава была вышэй за неба. І яны пачулі голас з неба: «Ці абвесціў Ты памерлым?» І быў адказ з крыжа: «Так». А пакуль тыя раіліся, ці гаварыць аб убачаным Пілату, зноў раскрыліся нябёсы, і нейкі чалавек сышоў і ўвайшоў у магілу. Тыя, што ўбачылі гэта, разам з цэнтурыёнам паспяшаліся да Пілата, пакінуўшы грабніцу, якую пільнавалі, і абвесцілі пра ўсё, што бачылі, у вялікім хваляванні, кажучы: «Напраўду, Сын быў Божы». Тады ўсе прасілі яго (Пілата) загадаць цэнтурыёну і воінам нікому не казаць аб тым, што бачылі (Свенцицкая И. Апокрифические евангелия. М., 1996. С. 121).
  3. Страсти Христовы в западно-русском списке ХV века. Труд Н.М.Тупикова. – Памятники древнерусской письменности и искусства. № 140. 1901 г. Тэкст аповесці вывучалі такія вядомыя філолагі, як Я.Карскі і А.Сабалеўскі. Апошні лічыў, што гэта пераклад з лацінскага або польскага тэксту, зроблены адным з заходне-рускіх католікаў у ХV стагоддзі. Аб заходнім паходжанні сведчаць спасылкі ў тэксце на святога Берната (відавочна, маецца на ўвазе св. Бернард з Клерво). Аднак ніводнаму з даследчыкаў (А.Брукнер, Я.Карскі) не ўдалося знайсці гэты замежны прататып.
  4. Рогов А.И. Фрески Супрасля. Древнерусское искусство. Мнументальная живопись ХІІ–ХVІІ ввю М., 1980. С. 348.
  5. Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс ХІ–ХVІІІ стст. Мн., 1986.
  6. Антонова В.И., Мнева Н.Е. Каталог древнерусской живописи. Т. 1. М., 1963. № 146.
  7. Смирнова Э.С. Живопись Великого Новгорода. Середина Х – начало ХV века. М., 1976. С. 181–184.
  8. Жывапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў. Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980. № 47.
  9. Жывапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў. № 49.
  10. Іканапіс Беларусі ХV–ХVІІІ стагоддзяў. Мн., 1994. № 52–54.
  11. Тэмперны жывапіс Беларусі канца ХV–ХVІІІ стагоддзяў. Каталог. Мн., 1986. С. 114, 118.
  12. Жывапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў. № 105.

Дадатак да артыкула: Галерэя


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY