Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва

РОСПІСЫ ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
Святло слова
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Святло слова

Постаці

ПАВАДЫР І СЛУГА
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Кантрапункт

МАДЭРНІЗМ
На кніжнай паліцы
Haereditas

---

ВУЧЭННЕ ДВАНАЦЦАЦІ АПОСТАЛАЎ

Дыдахэ

«Дыдахэ» (ад гр. Διδαχή — вучэнне), ці «Вучэнне дванаццаці апосталаў», як названае яно ў загалоўку рукапісу — найважнейшы раннехрысціянскі твор, у якім акрэсленыя галоўныя прынцыпы дзейнасці першых хрысціянскіх абшчынаў, асновы іх арганізацыі, наказы, што датычылі літургіі і абрадаў. Змест «Вучэння» і кантэкст яго выкарыстання дазваляюць сцвярджаць, што яно выконвала ролю першага катэхізіса для тагачасных хрысціянаў і, асабліва, для нованавернутых.

Твор быў адкрыты грэцкім праваслаўным мітрапалітам Нікомэдыі Філётэосам Брыэніёсам у 1873 г. у бібліятэцы Ерузалемскага манастыра Гробу Панскага у Канстантынопалі. Апрача «Дыдахэ», Ерузалемскі кодэкс (Codex Hierosolimitanus 54) змяшчаў таксама іншыя вядомыя раннехрысціянскія творы: ліст Барнабы, два лісты Клімента Рымскага да карынцянаў і дванаццаць лістоў Ігнацыя Антыёхійскага. Захаваны рукапіс мае 120 аркушаў (240 старонак) і напісаны адной рукою. Тэкст «Вучэння» падаецца на аркушах 76а—80. Адмысловы надпіс «Ляон, натарый і грэшнік» паведамляе нам імя перапісчыка, а лічбаю 6564, змешчанаю на апошнім аркушы (120а) пазначаецца час яго працы над рукапісам «ад стварэння свету». Пры пераводзе гэтай даты ў летазлічэнне ад Н.Хр. атрымліваем 1056 г. Але пратограф рукапісу сягае да значна ранейшага часу — ІV—V ст. Тэкст жа самога «Вучэння дванаццаці апосталаў», на думку большасці даследчыкаў, паўстаў між 50 і 150 гг. пасля Н.Хр., а найверагодней — у другой палове І ст. У 1875 г. Брыэніёс апублікаваў лісты Клімента з гэтага рукапісу, а ў 1883 г. — «Вучэнне дванаццаці апосталаў» з уводзінамі і каментарамі». Пасля публікацыі «Дыдахэ» былі выяўленыя яго фрагменты ў іншых раннехрысціянскіх рукапісах. V ст. датуецца коптскі фрагмент. Два ўрыўкі з твора захаваліся ў Аксірынхскім рукапісе канца ІV ст. Амаль цалкам тэкст дайшоў таксама ў грузінскім перакладзе ў рукапісе з ХІХ ст., адкрытым у Канстантынопалі. Пераклад быў зроблены раней за V ст. У яго загалоўку звяртаюць на сябе ўвагу словы «напісанае ў 90-я ці 100-я гады пасля Хрыста Пана».

Аўтар тэксту невядомы, але не выключана, што некаторыя часткі могуць паходзіць ад апосталаў, альбо нават былі створаныя імі. Не вызначанае таксама і месца напісання: сярод найбольш верагодных называюць рэгіён Сірыі — Палестыны, але магчымыя таксама Антыёхія і Егіпет.

«Вучэнне» мела вялікі аўтарытэт і было добра вядомым хрысціянскім пісьменнікам да ІV ст. На яго спасылаліся і абапіраліся Клімент Александрыйскі (140—215) і Арыген (185—254), Эўсэбій Кесарыйскі (265—340), св.Атаназы (292—373) і Руфін (345—410). Выяўленыя шматлікія адпаведнасці паміж тэкстам «Дыдахэ» і раннехрысціянскімі творамі ад 125 г. да ІV ст. Відавочнае, напрыклад, вялікае падабенства з т.зв. «Лістом Барнабы». У некаторых сваіх частках «Вучэнне» амаль даслоўна супадае з «Пастырам» Гермы. Яшчэ больш збежнасцяў з т.зв. «Апостальскім царкоўным парадкам» егіпецкага паходжання. Але найбольш паралеляў тэкст мае з «Апостальскімі пастановамі», якія змяшчаюць больш за палову «Вучэння».

Твор быў неад’емным ад новазапаветнай традыцыі. Найчасцей цытуецца ў ім Евангелле ад Мацвея, але аўтар ведаў і Евангелле ад Лукі. Ёсць месцы адпаведныя выразам і думкам з Евангелля ад Яна. Выглядае на тое, што аўтар «Дыдахэ» быў знаёмы і з усім комплексам лістоў Паўла.

І ўсё ж, пачынаючы з ІV ст., у сувязі са зменамі ў жыцці хрысціянскіх абшчынаў твор паступова пачаў страчваць сваю актуальнасць.

Умоўна «Вучэнне дванаццаці апосталаў» можна падзяліць на чатыры часткі: вучэнне пра два шляхі (раздз. 1—6), літургічныя наказы (раздз. 7—10, 14), наказы наконт дысцыпліны ўнутры хрысціянскай абшчыны (раздз. 11—15), эсхаталагічны эпілог да твору (раздз. 16).

Пераклад са старагрэцкай зроблены з тэксту «Дыдахэ», надрукаваным у: La doctrine des douze Apotres (Didache) / Introduction, texte, traduction, notes, appendice et index par Willy Rordorf et AndréTuilier. Collection «Sources Chrétiennes» Nr. 248. Ed. Du Cerf. Paris, 1978 і перадрукаваным у: Символ. № 29. 1993.
С. 275—287.

ВУЧЭННЕ ДВАНАЦЦАЦІ АПОСТАЛАЎ
(ВУЧЭННЕ ПАНА, ДАДЗЕНАЕ ДВАНАЦЦАЦЦЮ АПОСТАЛАМІ НАРОДАМ)

    1. Ёсць два шляхі: адзін – жыцця, другі – смерці, і вялікая розніца між двума шляхамі1.
    2. Шлях жыцця такі: па-першае, ты палюбіш Бога, які стварыў цябе, па-другое, – бліжняга твайго, як самога сябе (Лев 19, 18; Мк 12, 30–31); і ўсяго, чаго не хочаш, каб сталася з табою, і ты не рабі іншаму (Тоб 4, 15; Мц 7, 12; Лк 6, 31)2.
    3. Вучэнне ж гэтых словаў такое: бласлаўляйце праклінаючых вас, маліцеся за ворагаў вашых і пасціцеся за пераследуючых вас (Мц 5, 44), бо якая аддзяка, калі любіце тых, хто любіць вас? Хіба і паганцы не робяць гэтага (Мц 5, 46–47)? Вы ж любіце тых, хто ненавідзіць вас (Мц 5, 44; Лк 6, 27), і не будзеце мець ворага.
    4. Устрымлівайся ад плоцкіх і цялесных жаданняў (1 Пётр 2, 11): калі хто дасць табе поўху ў правую шчаку, павярні да яго і другую (Мц 5, 39; Лк 6, 29) і будзеш дасканалым; калі хто прымусіць цябе ісці мілю, ідзі з ім дзве (Мц 5, 41); калі хто забярэ ў цябе вопратку, дай яму і адзенне (Мц 5, 40; Лк 6, 29); калі хто возьме ў цябе тваё, не патрабуй вярнуць, бо не можаш3.
    5. Кожнаму, хто просіць цябе, дай і не патрабуй назад (Лк 6, 30), бо Айцец хоча, каб кожнаму давалася ад Ягоных дароў. Шчаслівы, хто дае паводле запаведзі, бо ён бездакорны. Гора таму, хто бярэ, бо калі бярэ, маючы патрэбу, будзе бязвінны, калі ж не маючы патрэбы, адкажа па справядлівасці дзеля чаго і навошта ён браў. Апынуўшыся ў вязніцы, ён будзе дапытаны пра тое, што ўчыніў, і не выйдзе адтуль, пакуль не аддасць апошняга кадранта (Мц 5, 26).
    6. Але і пра гэта сказана: «Хай міласціна твая запацее ў руках тваіх, пакуль не будзеш ведаць, каму ты даеш».
    1. Другая запаведзь вучэння:
    2. Не забівай (Вых 20, 13; Друг 5, 17), не чужалож (Вых 20, 14; Друг 5, 18), не разбэшчвай дзяцей, не распуснічай, не крадзі, не займайся чараўніцтвам і знахарствам (Дрг 18, 10), не забівай дзіця ў аборце4 і не знішчай народжанага, не жадай таго, што належыць бліжняму твайму (Зых 20, 17).
    3. Не кляніся непраўдзіва, не сведчы фальшыва (Мц 5, 33; 19, 18), не кажы злога і не памятай зла.
    4. Не будзь дваістым ні ў думках ні ў слове (Сір 5, 9, 14): бо дваістасць – пастка смерці.
    5. Хай слова тваё не будзе ілжывым і пустым, але напоўненым справаю.
    6. Не будзь хцівым, сквапным, крывадушным, зламысным, пыхлівым; не задумляй кепскага на бліжняга твайго.
    7. Не май нянавісці да кожнага чалавека, але адных дакарай, за другіх маліся, а іншых палюбі больш за душу сваю.
    1. Дзіця маё, уцякай ад усяго кепскага і ўсяго, што падобнае да яго.
    2. Не будзь гняўлівым, бо гнеў вядзе да забойства, ані раўнівым, ані схільным да спрэчак, ані зласлівым, бо з усяго гэтага нараджаюцца забойствы.
    3. Дзіця маё, не будзь пажадлівым, бо пажада вядзе да блуду, ані брыдкаслоўным, ані чалавекам з нясціплым вокам5, бо з усяго гэтага нараджаецца чужаложства.
    4. Дзіця маё, не варажы па птушках, бо гэта вядзе да служэння ідалам, не будзь заклінальнікам, ані астролагам, ані ачышчальнікам, і не жадай ні глядзець на гэта, ні чуць гэтага, бо з усяго гэтага нараджаецца служэнне ідалам.
    5. Дзіця маё, не будзь хлуслівым, бо хлусня вядзе да крадзяжу, ані срэбралюбцам, ані пустахвалам, бо з усяго гэтага нараджаюцца крадзяжы.
    6. Дзіця маё, не наракай, бо гэта вядзе да блюзнерства, не будзь самаўпэўненым, ані зламысным, бо з усяго гэтага нараджаюцца блюзнерствы.
    7. А будзь лагодным, бо лагодныя возьмуць у спадчыну зямлю (Мц 5, 5).
    8. Будзь доўгацярплівым, спагадным, незласлівым, спакойным, добрым і заўсёды трымці перад словамі, якія пачуў.
    9. Не ўзвышай сябе і не аддавай душы сваёй зухвальству. Хай не прывязваецца душа твая да ганарыстых, але вадзіся са справядлівымі і прыніжанымі.
    10. Усе падзеі, якія здараюцца з табою, прымай як добрыя, ведаючы, што нічога не адбываецца без Бога.
    1. Дзіця маё, днём і ноччу памятай пра таго, хто абвяшчае табе слова Божае, і шануй яго як Пана; бо там, дзе абвяшчаецца панаванне, там і ёсць Пан.
    2. Кожны дзень шукай аблічча святых, каб быць падтрыманым словамі іхнімі.
    3. Не рабі расколу, а прыміры варагуючых; судзі справядліва, не зважай на асобы, выкрываючы правіны.
    4. Не сумнявайся, ці будзе (што) ці не6.
    5. Не працягвай рук, каб узяць, і не сціскай іх, даючы (Дрг 15, 7).
    6. Калі маеш (што) ад (працы) рук сваіх, дай на адкупленне грахоў сваіх.
    7. Не вагайся даваць і не наракай даючы, бо ты ўведаеш таго, хто ёсць добрым аддаўцам узнагароды.
    8. Не адварочвайся ад таго, хто ў нястачы, але дзяліся ўсім з братам тваім і не кажы, што гэта – тваё ўласнае; бо калі вы саўдзельнікі ў несмяротным, дык ці не больш – у смяротным?
    9. Не адымай рукі сваёй ад сына свайго, ці ад дачкі сваёй, але з маладых гадоў вучы іх страху Божаму.
    10. Не загадвай у злосці слузе свайму ці служцы сваёй, якія спадзяюцца на таго ж самага Бога, каб яны не перасталі баяцца Бога, які над (вамі) абодвума. Бо ён не прыходзіць заклікаць паводле аблічча, але да тых, у кім падрыхтаваў дух.
    11. А вы, слугі, падпарадкоўвайцеся панам сваім, як вобразу Божаму, з павагаю і страхам.
    12. Узненавідзь усялякую крывадушнасць і ўсё, што нямілае Богу.
    13. Не пакідай запаведзяў Пана, але захоўвай тое, што атрымаў, не дадаючы і не адымаючы (Дрг 4, 2).
    14. На сходзе (абшчыны) спавядайся ў правінах сваіх і не прыступай да малітвы сваёй з кепскім сумленнем. Такі шлях жыцця.
    1. А шлях смерці гэткі: перш за ўсё ён – няправедны і поўны пракляцця; (на ім) забойствы, чужаложствы, пажадлівасць, распуста, крадзяжы, служэнне ідалам, варажба, знахарства, рабункі, фальшывыя сведчанні, крывадушнасць, дваістасць сэрца, падступнасць, пыха, подласць, самаўпэўненасць, хцівасць, брыдкаслоўе, зайздрасць, дзёрзкасць, ганарыстасць, самахвальства, (адсутнасць страху Божага).
    2. (На ім) пераследнікі добрых, ненавіснікі праўды, прыхільнікі хлусні, якія не ведаюць пра ўзнагароду справядлівасці, не трымаюцца ні дабра ні справядлівага суда, чуваюць не дзеля добрага, а дзеля злога; яны далёкія ад лагоды і цярплівасці, любяць марнае, гоняцца за ўзнагародаю, не спачуваюць убогім, не працуюць за спрацаванага і не ведаюць таго, хто стварыў іх. (На ім) забойцы дзяцей, разбэшчвальнікі стварэння Божага, якія адварочваюцца ад таго, хто ў нястачы, а мучаць прыгнечаных; абаронцы багатых і беззаконныя суддзі бедных, найвялікшыя грэшнікі. Сцеражыцеся, дзеці, усяго гэтага.
    1. Глядзі, каб хто не звёў цябе з гэтага шляху вучэння, бо ён вучыць цябе па-за Богам.
    2. І калі ты зможаш панесці ўвесь цяжар Божы, будзеш дасканалым; калі ж не зможаш, то рабі, што можаш.
    3. Што да ежы, то прынясі, што можаш, але цалкам устрымлівайся ад ахвяраванага ідалам (Дз 15, 29); бо гэта – служэнне мёртвым багам.
    1. Што да хросту, то хрысціце так: сказаўшы ўсё папярэдняе, хрысціце ў імя Айца і Сына і Святога Духа (Мц 28, 19) ў вадзе жывой7.
    2. Калі ж не маеш жывой вады, хрысці ў іншай вадзе; калі не можаш у халоднай, то ў цёплай.
    3. Калі ж не маеш ні той ні другой, вылі ваду тройчы на галаву ў імя Айца і Сына і Святога Духа.
    4. Перад хростам папярэдне няхай посцяцца той, каго хрысцяць, і той, хто хрысціць, а калі могуць то і некаторыя іншыя, таму ж, хто прымае хрост, наказвай пасціцца за дзень ці за два.
    1. Пасты ж вашыя няхай не будуць з крывадушнікамі, бо яны посцяцца ў панядзелак і чацвер, вы ж пасціцеся ў сераду і пятніцу.
    2. І не маліцеся як крывадушнікі, але як наказаў Пан у сваім Евангеллі, гэтак і маліцеся:
      Ойча наш, які ў небе,
      Свяціся імя Тваё,
      Прыйдзі валадарства Тваё,
      Станься воля Твая, як на небе так і на зямлі,
      Хлеба нашага надзённага дай нам сёння,
      І адпусці нам віну нашую,
      Як і мы адпускаем вінаватым нашым,
      І не ўвядзі нас у спакушэнне,
      Але збаў нас ад злога.
      Бо Твая ёсць сіла і слава на векі8 (Мц 6, 9–13; Лк 11, 2–4).
    3. Гэтак маліцеся тройчы ў дзень (Пс 55,17–18; Дан 6,11).
    1. Што да Эўхарыстыі, то дзякуйце гэтак:
    2. Спярша за келіх:
      Дзякуем Табе, Ойча наш,
      За святы вінаград Давіда, слугі Твайго,
      Які Ты адкрыў нам праз Езуса, Дзіця Тваё,
      Табе слава на векі.
    3. Аб ламаным хлебе:
      Дзякуем Табе, Ойча наш,
      За жыццё і веду,
      Якую адкрыў Ты нам праз Езуса, Дзіця Тваё,
      Табе слава на векі.
    4. Як гэты ламаны хлеб быў рассеяны на пагорках і сабраны стаўся адным,
      Хай гэтак збярэцца і Касцёл Твой ад краёў зямлі ў валадарства Тваё,
      Бо Твая ёсць слава і сіла праз Езуса Хрыста на векі.
    5. Хай ніхто не есць і не п'е ад вашай Эўхарыстыі, а толькі хрышчаныя ў імя Пана, бо пра гэта сказаў Пан: «Не давайце святое псам» (Мц 7, 6).
    1. Пасля ж насычэння дзякуйце гэтак:
    2. Дзякуем Табе, святы Ойча,
      За святое імя Тваё,
      Якое ўсяліў Ты ў сэрцы нашыя,
      І за веду, веру і несмяротнасць,
      Якія Ты адкрыў нам праз Езуса, Дзіця Тваё,
      Табе слава на векі.
    3. Ты, Валадару ўсемагутны,
      Стварыў усё дзеля імя свайго,
      Даў ежу і піццё людзям на спажыванне, каб яны дзякавалі Табе.
      А нам падараваў духовую ежу і піццё, і жыццё вечнае праз (Езуса) Дзіця Тваё.
    4. Перадусім, дзякуем Табе, што Ты магутны;
      Табе слава на векі.
    5. Успомні, Пане, пра Касцёл Твой, збаў яго ад усяго злога,
      І ўдасканаль яго ў любові Тваёй.
      І асвечаным збяры яго ад чатырох вятроў
      У Тваё валадарства, якое Ты падрыхтаваў яму.
      Бо Твая сіла і слава на векі.
    6. Хай прыйдзе ласка і пройдзе свет гэты.
      Гасанна Богу Давіда.
      Калі хто святы, хай прыходзіць,
      А калі не, хай пакаецца.
      Мараната (1 Кар 16, 22)9.
      Амэн.
    7. А прарокам дазваляйце дзякаваць, колькі хочуць.
    1. Дык калі хто, прыйшоўшы, будзе вучыць вас усяму, сказанаму раней, прыміце яго.
    2. Калі ж сам настаўнік, адвярнуўшыся, будзе навучаць іншаму вучэнню, каб разбурыць (сапраўднае вучэнне), не слухайце яго, калі ж дзеля таго, каб памножыць справядлівасць і веду Пана, прыміце яго як Пана.
    3. Што да апосталаў і прарокаў, то, паводле наказу Евангелля, рабіце гэтак:
    4. Усялякі апостал, які прыходзіць, хай будзе прыняты як Пан.
    5. Але хай не застаецца (больш за) адзін дзень, калі ж будзе неабходнасць, то і другі (дзень), калі ж застанецца тры дні, то ён – фальшывы прарок.
    6. Адыходзячы, апостал хай не бярэ нічога, апрача хлеба (на той час), пакуль не заначуе, калі ж папросіць срэбра, то ён фальшывы прарок.
    7. І кожнага прарока, які прамаўляе ў духу, не выпрабоўвайце і не судзіце, бо ўсялякі грэх будзе адпушчаны, гэты ж грэх адпушчаны не будзе (Мц 12, 31).
    8. Не кожны, хто прамаўляе ў духу, ёсць прарокам, але толькі калі мае звычаі Панскія. Бо са звычаяў будзе распазнаны фальшывы прарок і (сапраўдны) прарок.
    9. І ўсялякі прарок, які прызначае трапезу ў духу, не спажывае ад яе, калі ж наадварот, то ён фальшывы прарок.
    10. Усялякі ж прарок, які навучае праўдзе, калі не робіць таго, чаму вучыць, ёсць фальшывым прарокам.
    11. А ўсялякі прарок выпрабаваны, сапраўдны, які робіць (штосьці) дзеля зямной таямніцы Касцёла, але не вучыць рабіць тое, што сам робіць, хай не будзе асуджаны вамі, бо мае суд у Бога, бо так рабілі і даўнія прарокі.
    12. Калі ж хто скажа: дай мне грошай ці штосьці іншае, не слухайце яго; але калі скажа даць для іншых, хто ў патрэбе, хай ніхто не асуджае (яго).
    1. Усялякі, хто прыходзіць у імя Пана (Пс 117, 26; Мц 21, 9), хай будзе прыняты; а затым, выпрабаваўшы яго, уведаеце (яго), бо будзеце мець разуменне правага і левага.
    2. Калі ж той, хто прыходзіць, ёсць падарожным, дапамажыце яму, як толькі можаце; але хай не застаецца ў вас больш за два ці тры дні, калі будзе неабходнасць.
    3. Калі ж ён, будучы рамеснікам, хоча пасяліцца ў вас, няхай працуе і есць.
    4. Калі ж не мае рамяства, паклапаціцеся пра яго паводле вашага разумення, каб хрысціянін не жыў з вамі без занятку.
    5. Калі ж не хоча рабіць гэтак, то ён – хрыстапрадаўца, сцеражыцеся гэткіх.
    1. Усялякі ж сапраўдны прарок, які жадае пасяліцца ў вас, варты ежы сваёй.
    2. Гэтак жа і сапраўдны настаўнік варты, як працаўнік, ежы сваёй (Мц 10, 10).
    3. Таму, узяўшы ўсялякую першыню ад вытвораў вінаграднага гнёту ці зерневага току, ад валоў і ад авечак, дай гэтую першыню прарокам, бо яны – першасвятары нашыя.
    4. Калі ж не маеце прарока, дайце бедным.
    5. Калі ж расчыняеш хлеб, то ўзяўшы першыню, дай паводле запаведзі.
    6. Гэтакжа, калі ты адкрыў збан віна ці алею, узяўшы першыню, дай прарокам.
    7. І ўзяўшы першыню ад грошай і вопраткі і ўсялякага набытку, як табе будзе здавацца слушным, дай паводле запаведзі.
    1. Сабраўшыся разам у дзень Панскі, пераламіце хлеб і падзякуйце, прызнаўшыся перад гэтым ў правінах вашых, каб чыстая была ахвяра вашая.
    2. Усялякі, хто мае спрэчку з сябрам сваім, хай не далучаецца да вас, пакуль яны не памірацца, каб не была апаганеная ахвяра вашая.
    3. Бо гэткае ёсць Слова, сказанае Панам: «У кожным месцы і часе (будуць) прыносіць мне ахвяру чыстую, бо я вялікі Уладар, – кажа Пан, – і дзівоснае імя Маё між народаў» (Мал 1,11).
    1. Абірайце сабе біскупаў і дыяканаў, годных Пана, мужоў лагодных, несрэбралюбных, сапраўдных і выпрабаваных, бо і яны здзяйсняюць для вас служэнне прарокаў і настаўнікаў.
    2. Не пагарджайце імі, бо вам трэба шанаваць іх разам з прарокамі і настаўнікамі.
    3. Выкрывайце адзін аднаго не ў гневе, а ў спакоі, як загадана ў Евангеллі, і з кожным, хто схібіў у дачыненні да іншага, хай ніхто не гаворыць і ён хай нічога не чуе ад вас, пакуль не пакаецца.
    4. Малітвы ж вашыя і міласціны і ўсе справы вашыя чыніце так, як напісана ў Евангеллі Пана нашага (Мц 6, 1–6).
    1. Чувайце над жыццём вашым: хай не згаснуць светачы вашыя, хай не будуць расперазаныя паясніцы вашыя (Лк 12, 35), а будзьце гатовымі, бо не ведаеце гадзіны, у якую прыходзіць Пан наш (Мц 24, 42; Лк 12, 40).
    2. Часта збірайцеся, шукаючы адпаведнае душам вашым, бо не паможа вам увесь час веры вашай, калі не будзеце дасканалымі ў апошнюю пару.
    3. Бо ў апошнія дні памножацца фальшывыя прарокі і згубнікі, і абернуцца авечкі ў ваўкоў, і любоў абернецца ў нянавісць.
    4. Бо калі ўзрасце беззаконне, узненавідзяць адзін аднаго і будуць пераследаваць і здраджваць (Мц 24, 10); і тады з'явіцца аблуднік свету, нібы сын Божы, учыніць знакі і цуды (Мц 24, 24), і зямля будзе перададзеная ў рукі ягоныя, і ўчыніць беззаконні, якіх ніколі не было ад веку.
    5. Тады прыйдзе стварэнне чалавечае ў агонь выпрабавання, і многія спакусяцца і загінуць, але тыя, што пратрываюць у веры сваёй, будуць уратаваныя самім пракляццем10.
    6. І тады з'явяцца знакі праўды: па-першае, знак раскрыцця на небе, потым знак гуку трубнага і, па-трэцяе, устанне мёртвых,
    7. Але не ўсіх, а як сказана: «Прыйдзе Пан і ўсе святыя з Ім» (Зах 14, 5).
    8. Тады ўбачыць свет Пана, які ідзе па аблоках нябесных... (Мц 24, 30)

Са старагрэцкае мовы пераклаў
Алесь Жлутка


  1. Вучэнне пра «два шляхі» бярэ пачатак яшчэ са Старога Запавету (Ер 21, 8). У раннехрысціянскай традыцыі яно набыло іншы сэнс з акцэнтам на этычны бок.
  2. Гэта т.зв. «негатыўная форма Залатога Правіла», якая існавала не толькі ў раннехрысціянскай пісьмовасці, але вядомая таксама ў юдаісцкай традыцыі і ў іншых рэлігіях і філасофска-рэлігійных сістэмах – індуізме, будызме, канфуцыянстве, ісламе, антычнай філасофіі.
  3. Сэнс апошніх словаў не зусім зразумелы. Як лічыць каментатар да расійскага перакладу (Символ. № 29. 1993. С. 290), тут, магчыма, маецца на ўвазе тое, што чалавек, які абраў шлях выканання запаведзяў, ужо не можа жыць паводле сваёй старой грахоўнай прыроды.
  4. Дзеяслоў φονεύω (забіваю) ужыты тут паказвае, што і першымі хрысціянамі аборт лічыўся забойствам.
  5. Літ. «з высока паднятымі вачыма». Паводле К.Папова (Учение двенадцати Апостолов. Киев, 1885. С. 28), у творах Айцоў Царквы давалася парада пры размове з жанчынамі апускаць вочы долу, каб пазбегнуць спакусы.
  6. Сэнс сказу загадкавы.
  7. Жывая вада – свежая праточная вада.
  8. Тэкст Малітвы Панскай, пададзены тут, крыху адрозніваецца ад яе формы ў Евангеллі ад Мацвея. Пар.: «у небе» замест «у нябёсах», «віну» замест «віны». Апрача таго дзеяслоў «адпускаць» у Дыдахэ стаіць не ў аорысце, а ў цяперашнім часе.
  9. Транслітэрацыя арамейскага выразу са значэннем: «О наш Пане, Прыйдзі!».
  10. Фраза складаная для разумення. Для яе тлумачэння многія каментатары раяць супаставіць гэтае месца са словамі Новага Запавету – Гал 3, 13, дзе сказана, што Хрыстус сам стаўся «за нас пракляццем». Пар. таксама Дрг 21, 23.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY