|
|
№
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва
Святло слова
Проза
Паэзія
Святло слова
Жана НЕКРАШЭВІЧПостаці
Нашы святыні
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
Haereditas
|
Багародзічная паэзія мае даўнюю традыцыю ў літаратуры хрысціянскіх народаў. Першапачаткова яна існавала ў межах кананічных жанраў рэлігійнай паэзіі. Агульнапрынятыя малітвы, літаніі, акафісты, каноны паслужылі крыніцай творчага натхнення для многіх майстроў старажытнага слова. Да вобразу Маці Божай звярталіся ў сваёй творчасці Кірыла Тураўскі, манах Яфрэм (аўтар «Жыція Аўраамія Смаленскага»), Грыгорый Цамблак. Асаблівае месца займалі малітоўныя звароты да Панны Марыі ў творчасці паэтаў-новалаціністаў Вялікага Княства Літоўскага ХVІ стагоддзя. Паэтычнымі малітвамі да Багародзіцы багатая творчасць паэтаў кракаўскай суполкі, на чале якой стаяў прафесар Ягелонскага універсітэта Павел Русін з Кросна. Яго пяру належаць два паэтычныя творы, прысвечаныя Багародзіцы. Адзін з іх – Сапфічны верш пад назваю «Гімн-экспромт да Боскай Панны Марыі» – быў апублікаваны ў першым выданні твораў паэта ў 1509 годзе. Верш пабудаваны на ўзор малітвы і складаецца з дзвюх частак: панегірычнай і малітоўна-прасіцельнай. Першая частка напоўнена традыцыйнымі эпітэтамі і вобразамі рэлігійнай паэзіі:
У адпаведнасці з традыцыямі новалацінскай паэзіі ў гімне Паўла з Кросна назіраецца змешванне рэалій хрысціянскай і антычнай язычніцкай культуры. Так, па словах паэта, Багародзіца «знаходзіцца на высокім Алімпе». У другой, малітоўнай, частцы аўтар просіць «улагодзіць святою малітвай вялікага Грамавержца». У дадзеным выпадку традыцыйны эпітэт Юпітэра ўжываецца ў якасці эпітэта Езуса Хрыста. Свае канкрэтныя просьбы Павел з Кросна змясціў у пятай страфе гімна. Звяртаючыся да Багародзіцы, ён выказвае cамыя надзённыя, набалелыя пажаданні:
Слова «прэч» («procul»), ужытае ў траістым анафарычным паўторы, указвае на магчымую сувязь з паэтыкай фальклорнай замовы і ўзмацняе эмацыйнае гучанне аўтарскай малітвы. Просьба да Багародзіцы абараніць людзей ад чумы невыпадкова завяршае дадзенае чатырохрадкоўе: менавіта тады, у пачатку ХVІ стагоддзя, страшэнная эпідэмія апанавала многія еўрапейскія краіны, у тым ліку і Вялікае Княства Літоўскае. Пазней, у 1515 годзе, Павел з Кросна напіша яшчэ адзін марыялагічны верш, сама назва якога адгукаецца рэхам той далёкай народнай трагедыі: «Элегічны пентаметр… да Панны Марыі з просьбаю аб адвядзенні страшэннай чумы». Вучань Паўла з Кросна, Ян Вісліцкі, вядомы на сённяшні дзень як аўтар і складальнік паэтычнага зборніка «Пруская вайна» (Кракаў, 1516). Цэнтральным творам у ім з'яўляецца аднайменная паэма, прысвечаная каралю Рэчы Паспалітай Жыгімонту Старому. Гэты твор – выдатны паэтычны помнік Грунвальдскай бітве 1410 года – складаецца з трох частак, або, як класіфікуе іх сам аўтар, кніг. Першая кніга паэмы «Пруская вайна» змяшчае ў сабе паэтычную малітву да Багародзіцы, да якой паэт звяртаецца як марскі вандроўнік:
Непасрэдны зварот да Панны Марыі Ян Вісліцкі пачынае з традыцыйнага ўжывання разгорнутага эпітэта («ты чыстага неба цудоўны пачатак»), але пасля першага ж падобнага пасажу скіроўвае ўсю сваю ўвагу (і ўвагу чытача) на праблемах паэтычнай творчасці, заявіўшы, што Святая Панна – «для паэтаў убогіх натхнення струмень невычэрпны». Надалей (як, зрэшты, і па ўсёй паэме) пераважае «марская» метафорыка, хутчэй за ўсё як следства выключнага ўздзеяння на Вісліцкага паэзіі Вяргілія. Так, Багародзіца прыпадабняецца да Геспера на той падставе, што, як вячэрняя зорка ззяе, асвятляючы шлях нявопытным маракам, так і Прачыстая Маці дапамагае ў першую чаргу слабым, зняможаным людзям у самыя цяжкія хвіліны іх жыцця. Яе святая воля становіцца моцнай падтрымкай,
Цікава, што Ян Вісліцкі просіць Багародзіцу дапамагчы яму не толькі як звычайнаму чалавеку, хрысціяніну, але перадусім – як паэту. Ён спадзяецца на падтрымку Найяснейшай Панны ў справе напісання паэмы «Пруская вайна». Відавочна, што дадзеная паэтычная малітва далёка адышла ад свайго кананічнага правобраза. Фактычна яна выконвае ролю славутага гамераўскага «Mήνιν αείδε Θεά…» («Гнев, богиня, воспой…»). Менавіта ў паэме Яна Вісліцкага адбылося цудоўнае функцыянальнае змяшэнне Багародзіцы з Музай як абаронцай і памочніцай паэтаў. З творчай спадчыны Яна Вісліцкага вядомы таксама асобны марыялагічны твор – «Элегія да Багародзіцы Панны Марыі аб утаймаванні чумы». Пачатак элегіі адзначаны арыгінальнасцю, замаскаванай пад традыцыйнасць. Рэдкая для хрысціянскай рэлігійнай паэзіі згадка пра Багародзіцу як нашчадка з роду Ісаі1 цалкам апраўдана тым, што паэт адразу ж «лакалізуе» тэму свайго малітоўнага звароту. Ён просіць заступніцтва ад чумы менавіта для Сарматыі (так у тагачаснай літаратуры называлі Польшчу і падуладныя ёй беларускія і ўкраінскія землі), для сваіх суайчыннікаў – палякаў2. Згадка пра паходжанне Панны Марыі пэўным чынам павінна была характарызаваць і тлумачыць патрыятычныя пачуцці паэта, узмацняць уздзеянне малітвы. Аўтар удала кампануе лексічныя сродкі для стварэння эмацыйнай паэтычнай выявы смяротнай эпідэміі як народнага бедства. Разбуральную, згубную сутнасць чумы падкрэсліваюць дзеясловы з адпаведнай семантыкай: «прыгнятаць», «руйнаваць», «знішчаць», «забіваць». Звяртаючыся да вобразу бязлітаснай паркі Атропы як увасаблення ліхога наканавання лёсу, Ян Вісліцкі ўжывае гульню слоў: «не шкадуе… Парка» ў арыгінале гучыць «nec parcit… Parca». Пасля жудаснага апісання страшэннай навалы Ян Вісліцкі звяртаецца да Багародзіцы з адной толькі балючай мальбою: памаліцца за няшчасных суайчыннікаў паэта Пану Богу нашаму, каб Ён злітаваўся над няшчаснымі людзьмі і прынёс выратаванне, спыніўшы крывавае шэсце чумы, «ад якой стогне Сарматыя ўся». Павел з Кросна і Ян Вісліцкі, звяртаючыся да традыцыйнага вобраза хрысціянскай паэзіі, імкнуліся ў межах гэтай традыцыйнайсці выявіць сваю творчую індывідуальнасць. Магчыма, менавіта гэтым тлумачыцца адна мастацкая адметнасць, уласцівая кожнаму з разгледжаных вышэй твораў. Паэты-новалаціністы імкнуцца пазбегнуць ужывання ў сваіх вершах тых лексем і асабліва эпітэтаў, якія выкарыстоўваюцца ў тэксце славутай малітвы «Ave Maria» ў дачыненні да Багародзіцы: «gratiae plena (ласкі поўная)», «benedicta (благаславёная)», «sancta (святая)», «Mater Dei (Маці Божая)», «ora pro nobis (маліся за нас)». Гэта сведчыць яшчэ і пра тое, што ў эпоху Рэнесансу творцы паэтычных малітваў да Панны Марыі часцей за ўсё адступалі ад першавобразаў – кананічных малітваў і ўзораў традыцыйнай рэлігійнай паэзіі. Пад пяром адукаваных паэтаў-лаціністаў малітоўныя звароты набывалі грамадзянскае гучанне, у іх уздымаліся найбольш актуальныя і набалелыя праблемы сучаснасці. Асоба аўтара выяўлялася тут непаслядоўна, аднак бясспрэчна, што ўсе паэты імкнуліся выказаць у марыялагічных вершах уласныя, заўсёды вельмі пачцівыя і часта надзвычай пяшчотныя адносіны да Яе – і той, якая вынасіла ў сваім лоне Збавіцеля, і Той, якой кожны з нас абавязаны жыццём. Жана НЕКРАШЭВІЧ
Павел з Кросна
ГІМН-ЭКСПРОМПТ
ДА БОСКАЙ ПАННЫ МАРЫІ
Ян Вісліцкі
З ПАЭМЫ «ПРУСКАЯ ВАЙНА»
ЭЛЕГІЯ ДА БАГАРОДЗІЦЫ ПАННЫ МАРЫІ
|
|
|