Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва

РОСПІСЫ ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
Святло слова
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Святло слова

Постаці

ПАВАДЫР І СЛУГА
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Кантрапункт

МАДЭРНІЗМ
На кніжнай паліцы
Haereditas

Валянціна МАЛЮШЫНА

АРНАМЕНТ У КНІГАХ ДУХОЎНАГА ЗМЕСТУ

Кніга была і застаецца асноўнай захавальніцай духоўных багаццяў чалавецтва. Вывучэнне кнігі як прадмета матэрыяльнай культуры звязана з вывучэннем яе як з'явы сацыяльнай, бо пытанне пра тое, як створана кніга нельга аддзяліць ад асобы стваральніка, ад мэтавага прызначэння кнігі.

Галоўным у кнізе, вядома ж, быў і застаецца яе змест, які ўвасабляецца з дапамогай тэксту і перадаецца сродкамі шрыфтавых знакаў. Але кніга не толькі крыніца ведаў, яе адначасова можна разглядаць як своеасаблівы помнік мастацтва. Кнігі, паводле выказвання англійскага філосафа ХV–ХVІ стст. Ф.Бэкана, гэта – караблі думак, якія падарожнічаюць па хвалях часу і беражліва нясуць свой каштоўны груз ад пакалення да пакалення1. І каб належным чынам данесці да нашчадкаў, а таксама і сучаснікаў дасягненні чалавечай мудрасці, стваральнікі кнігі заўсёды дбалі пра эстэтычнасць сваіх выданняў, разумеючы, што мастацкімі сродкамі ўзмацняецца ўздзеянне зместу кнігі на чалавека. У арсенале гэтых сродкаў значная роля належыць графічнаму ўбранню, якое дасягнула высокага мастацкага ўзроўню ўжо на самых ранніх этапах развіцця дэкаратыўнага аздаблення кнігі. Для старажытнай кнігі стаў традыцыйным ансамбль украсы з гравюраў, ініцыялаў, арнаментыкі. На апошнім паняцці мы спынімся больш падрабязна. Слова «арнамент» мае лацінскае паходжанне: «ornamentum» – убранне – эстэтычная якасць формы, сукупнасць арнаментальных і іншых дэкаратыўных сродкаў і прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца для мастацкага афармлення кнігі2. Арнаментыка садзейнічае раскрыццю зместа кнігі, стварэнню яе цэльнага мастацкага аблічча. Асноўнымі сродкамі арнаментыкі з'яўляюцца арнамент, дэкаратыўныя пазатэкставыя малюнкі і фактуры, а таксама развіццё нефункцыянальных дэкаратыўных бакоў у шрыфце, колеры, у сярэдзіне ілюстрацый, кампазіцыі. Арнамент – адна з самых характэрных прыкметаў гістарычных мастацкіх стыляў, «почырк эпохі»3, паколькі акумулюе ў сабе накопленыя за шмат стагоддзяў прыёмы мастацкага абагульнення. Па арнаменце робяць атрыбуцыю твораў мастацтва. У ім, неперагружаным сэнсавай, зместавай, ідэалагічнай нагрузкай, найбольш яскрава і дакладна адлюстроўваюцца фармальныя асаблівасці таго ці іншага мастацкага стылю4. Паслядоўны разгляд арнаментальных дэталяў упрыгожванняў дае магчымасць, па-першае, выявіць элементы, неабходныя для датавання кніг; па-другое, – для іх лакалізацыі; па-трэцяе, аналітычны падыход да мастацкага матэрыяла дапамагае дакладней вызначаць вытокі мастацкага афармлення друкаванай кнігі. Арнаментыка ў выданнях як кірыліцкага друку, так і польска-лацінскага дапамагае ўспрымаць мастацтва, якое развівалася ў ХVІ–ХІХ стст. на тэрыторыі Беларусі, у кантэксце еўрапейскай культуры, што садзейнічае далейшаму вывучэнню нашай культурнай спадчыны ў цэлым.

Для правільнага асэнсавання арнаментыкі ранняга этапу друкаванай кнігі неабходна ўлічыць яе сувязь з асноўнымі відамі арнаментыкі рукапіснай кнігі. Гэта дае ключ да разумення крыніц развіцця арнаментыкі кніг больш позняга часу. Ва ўсходнеславянскіх рукапісах сфармаваліся такія асноўныя прынцыпы аздобы кніг, як функцыянальнасць, эстэтыка, імкненне выявіць сэнс мастацкімі сродкамі. У дэкоры вылучаюцца такія ярка акрэсленыя элементы, як застаўка, ініцыял, рамка вакол тэксту альбо мініяцюры. Гэтыя галоўныя элементы сустракаюцца ў старажытных ілюмінаваных кнігах з ХІ ст. ва ўсіх краінах Еўропы.

У дэкоры заходняй кнігі, у адрозненне ад славянскай, дзе дамінавала застаўка, галоўнае месца, як правіла, адводзілася ілюмінаваным ініцыялам, каляровым стужкам, якімі запаўнялі пустыя канцы радкоў (выконваліся ў адным стылі з ініцыяламі і былі як бы мастом для пераходу да новага радка тэксту); бардзюрам на палях; арнаментаваным рамкам вакол тэксту альбо ілюстрацый. Насычэнне аздобамі залежала ад прызначэння кнігі і таленту мастака. І традыцыя адыгрывала тут немалаважную ролю, асабліва ў кнігах духоўнага зместу. У ХІV – 1-й палове ХV ст., як і ў ХІІІ ст., ілюстравалі кнігі Святога Пісання, шэраг богаслужэбных кніг (місалы, градуалы, антыфонарыі, брэвіарыі), а таксама кнігі, прызначаныя для чытання парафіянамі – псалтыры і часоўнікі.


Градуал. Італія, XIV ст.
Градуалы, як і антыфонарыі, уяўлялі сабой своеасаблівы від літургічнага рукапісу: вялікага памеру нотныя кнігі, якія ставілі ў час богаслужэння на пюпітр. Тэкст і ноты пісаліся буйна, каб іх мог бачыць хор. Аздабленне гэтых фаліянтаў мела свае асаблівасці5. Часцей за ўсё яны ўпрыгожваліся буйнымі каляровымі ініцыяламі і мініяцюрамі, але, у адрозненне ад часасловаў, у градуалах і антыфонарыях мініяцюры ніколі не рабілі на поўны ліст, каб не перарываць запісы царкоўнага песнапення і не ствараць нязручнасці для хору. Мініяцюры займалі толькі частку ліста, іх змяшчалі ўсярэдзіне вялікіх ініцыялаў, дэкор якіх часам дапаўняўся арнаментаванай рамкай.

Асноўную арнаментальную, а часам і сэнсавую нагрузку нёс ініцыял, які ўжо з ХІІІ ст. стаў важным элементам украсы старонак. З ХІV ст. мастакі многіх еўрапейскіх краін прымянялі ініцыял для афармлення розных па змесце кніг (культавых, навуковых, свецкіх). Ініцыялы падраздзяляліся на вялікія і малыя. Першымі пачыналіся раздзелы, другімі – абзацы. Дамінавалі малыя ініцыялы. Раскіданыя па старонках, яны сваёй вытанчанай празрыстасцю філіграняў разбівалі манатоннасць тэксту і аблягчалі зрокавае ўспрыманне інфармацыі. Для прыкладу згадаем інкунабул, што захоўваецца ў бібліятэцы імя Я.Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, – Біблія – Biblia germanica (Lubeck, typogr. Steffen Arndes, 1494 г. Фармат 2о, 492 л.). Асноўным убраннем кнігі служылі толькі ініцыялы (памерам 2 х 2 см і 3 х 2 см). На адным развароце іх сустракаецца па некалькі відаў. У штамбах літараў можна ўбачыць завіткі з лісцяў аканту і марскіх хваляў, выявы рыбаў. Усярэдзіне ініцыялаў часам змешчаны выявы скамарохаў, кветак, гронак вінаграду. Відавочна, што іх малюнкі ніяк не звязаны са зместам кнігі: так выяўлялася дваістае ўспрыманне свету чалавекам сярэднявечча. У выявах арнаменту ініцыялаў пануе жыццярадаснасць, усё тое зямное, што знаходзіцца за межамі зместу кнігі, як бы на іншым баку свету.


Біблія. Майнц. І. Гутэнберг, 1455 г.
Буйныя ініцыялы ўражваюць сваёй пышнасцю: чароўныя карункі займаюць амаль усю прастору бакавых верхніх альбо ніжніх палёў, утвараючы маляўнічы бардзюр (Градуал, Італія, ХV ст. С. 142–143, 135. Экз. маскоўскай Дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І.Леніна). З 30-х гадоў ХV ст. ва ўсіх еўрапейскіх краінах малюнак бардзюра становіцца больш складаным і пышным. Парасткі галінак ад яго разрастаюцца ў розныя бакі, абвіваючы тэкст завіткамі лісцяў і кветак, утвараючы замкнёную рамку. Бывае, што бардзюр перамяшчаецца ў сярэдзіну ліста і знаходзіць сабе месца паміж дзвюма калонкамі тэксту (Біблія. Гютэнберг. Майнц). Такім чынам, знешні малюнак ініцыяла канчаткова адрываецца ад яго, пераходзіць у самастойную арнаментальную адзінку – рамку. Агульным у іх застаюцца стыль, каляровая гама, а таксама функцыянальнае прызначэнне.

Варта адзначыць, што да канца ХV ст. кнігі на лацінскай мове ілюстравалі мала ў адрозненне ад кніг, напісаных жывой нацыянальнай мовай альбо перакладзеных з лацінскай. Калі адну і тую ж кнігу выдавалі на лацінскай і нацыянальнай мове, то кніга з лацінскім тэкстам, як правіла, выпускалася без ілюстрацый, бо разлічвалася на больш адукаванага чытача6. Гартаючы інкунабулы, якія ашчадна захоўваюцца ў беларускіх бібліятэках, можна ўпэўніцца ў гэтым. Так, кніга «Vitae et sententide philosophorum» D.Zairtius (выд. J.Ragazonibus, Bologna, 1495) мае толькі адно ўпрыгожванне – вялікі ініцыял «Р» (4,5 х 3,8 см) на пачатку тэкста. Змешчаны ён у прамавугольніку на чорным фоне з раслінным арнаментам, які складаецца з завіткоў галінак вінаграднай лазы і выцягнутых лісцяў аканту. Кампазіцыя акрэслена лінейнай рамкай. Перапляценні вінаградных лісцяў часта сустракаюцца ў архітэктурна-дэкаратыўнай пластыцы: напрыклад, у капітэлях Рэймскага сабору, у паўарках прытвораў хораў сабора Нотр-Дам у Парыжы, што сведчыць пра ўзаемасувязі розных відаў мастацтва. У сярэдзіне ХV ст. у Венецыі і Падуі ў выніку росквіту мастацтва з'явіўся незвычайны стыль. Стваральнікамі гэтага арнаментальнага венецыянска-падуанскага стылю лічацца Андрэ Мантэньё і Марко Зоппо, якія працавалі ў майстэрні Франчэска Скварчоне7. Характэрнай асаблівасцю гэтага стылю з'яўляюцца ініцыялы, якія маюць падабенства з рэльефам у надпісах на камянях. У аздобах гэтага тыпу выкарыстоўваюцца выявы помнікаў класічнай архітэктуры. Ствараецца ўражанне, што тэкст старонкі кнігі напісаны на мураванай пліце альбо стэле. Да такога тыпу ўпрыгожванняў і належыць вышэйназваны ініцыял «Р». У беларускіх старадруках таксама можна ўбачыць аздобы, выкананыя ў венецыянска-падуанскім стылі, у прыватнасці – у кнігах Францыска Скарыны,

Арнаментальнае афармленне старонкі ў выданнях Ф. Скарыны, 1517—1519 гг.
якія адрозніваюцца багаццем і разнастайнасцю арнаментальных матываў. Ансамбль украсы яго кніг апроч фігурных гравюраў складаецца з арнаментаваных тытульных аркушаў, заставак, ініцыялаў. Застаўкі і ініцыялы, паводле выказвання самога выдаўца, маюць функцыю раздзялення і адыгрываюць эстэтычную ролю. Арнамент некаторых літараў пражскіх выданняў (кірыліцкіх) 1517–1519 гг. створаны пад уплывам архітэктуры, скульптуры і манументальнага жывапісу, напрыклад, літары «Л», «Б», «В», «Г», «Е», «З», «Р». Ілюмінатары кніг Ф.Скарыны ў аздабленні ініцыялаў прытрымліваліся стылю сваіх знакамітых сучаснікаў. І ў гэтым сэнсе арнаментыка беларускага друкара тыпова рэнесансавая, асабліва калі гаварыць пра мову арнаментальных матываў, іх формаў, адлюстраванне прасторы і перспектывы.

У віленскіх выданнях Ф.Скарыны арнаментыка паводле стылю таксама блізкая да венецыянска-падуанскага стылю эпохі Адраджэння.

Рэльефы палаца герцагаў Д’Эсцье. Падуя. Антоніо Ламбардзі, 1458—1516 гг.
Падобныя выяўленчыя матывы, як, напрыклад, у застаўках «Малой падарожнай кніжкі», знойдзены на дэкарацыйных рэльефах палаца герцагаў Д'Эсцье, выкананых венецыянскім скульптарам Антоніо Ламбардзі (1458–11516). Аднак, на думку В.Ф.Шматава8, у застаўках Ф.Скарыны значна перапрацаваны венецыянскія першакрыніцы. Іх аўтары ствараюць самабытныя ўзоры арнаментальнай аздобы, зыходзячы з функцыянальнага прызначэння і праблемы дэкарацыйнай арганізацыі выданняў.

Калекцыя польска-лацінскіх кніг Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту невялікая, але і гэтыя экспанаты дэманструюць залежнасць іх знешняга выгляду ад прызначэння і часу стварэння выданняў. Напрыклад, малітоўнікі, выдадзеныя ў ХІХ ст. і набытыя сялянамі ў той час Мінскай, Віленскай, Віцебскай і інш. губерняў аформлены вельмі сціпла. Гэтыя танныя выданні былі разлічаны на малаёмаснае насельніцтва. Яны невялікага памеру, некаторыя нават змяшчаюцца на далоні. Большасць экзэмпляраў маюць скураную вокладку з мастацкім цісненнем. Тэкст дадзены без ілюстрацый, без арнаментальнага суправаджэння. Асноўным убраннем некаторых кніг служаць адзінкавыя ўзоры аздаблення. Так, «Dodatek do śpiewnika kościelnego» (Варшава, 1842) мае адну застаўку з наборнага арнаменту ў выглядзе выцягнутага па гарызанталі прамавугольніка, адначасова яна выкарыстана для абрамлення назвы кнігі, змешчанай на 1-й старонцы, дзе ўяўляе сабою ажурную рамку.

Зусім іншы тып застаўкі ў малітоўніку, якім доўгі час карысталіся ў в. Вяжы Браслаўскага раёна. Кніга выдадзена ў ХІХ ст. (памерам 11 х 7,5 см), друк чорна-белы. Адметнай рысай афармлення гэтай кнігі (інв. № НД-3784), як і іншых малітоўнікаў з музейнай калекцыі, з'яўляецца сціпласць унутранага ўбрання. Уся вынаходлівасць афарміцеляў была скіравана на застаўку, дзе назіраецца ўзмацненне выяўленча-ілюстрацыйнага пачатку. У сярэдзіне лінейных рамак адна за другой паказаны сцэны пакутаў Езуса Хрыста. Застаўка набліжаецца да ідэйна-сэнсавай будовы кнігі. Такога роду застаўкі змешчаны і ў беларускіх кірыліцкіх старадруках ХVІІ ст., напрыклад, у Евангеллі вучыцельным (Еўе, 1616), Евангеллі (Вільня, 1644) і інш.

Зрэдку сустракаюцца арнаментальныя аздобы, як застаўкі, так і канцоўкі, якія ўяўляюць сабой свабодныя, не акрэсленыя рамкамі кампазіцыі з розных прадметаў. У вышэйназванай кнізе ў якасці застаўкі змешчаны малюнак свечачніка з запаленай свечкай і двума ўкрыжаваннямі, перакладзенымі крыжам (с. 196).

У малітоўніку (інв. № НД-6154), надрукаваным, як і папярэднія, на польскай мове прыкладна ў 1860 г., змешчана ўсяго адна арнаментальная гравюра – чорна-белая канцоўка. Яна складаецца з набору прадметаў: на падстаўцы раскрытая кніга, крыж, ружанец і чэрап. Выявы сімвалічныя, яны маюць сэнсавую сувязь з тэкстам. Відавочна, што тая ці іншая ідэя зместу кнігі спалучаецца з яе мастацкім дэкорам. У шэрагу іншых кніг гэта асаблівасць выяўляецца яшчэ ў большай ступені, – напрыклад, у Евангеллі з кароткім тлумачэннем да яго – «Ewangelie i Lekcyje krótkiem ich objasnieniem, które Kościoł Rzymskokatolicki naznacza do czytania na niedziele i święta całego roku» (Жытомір, 1888) памерам 18 х 12 см (310 с.), друк чорна-белы, у каленкоравай вокладцы (інв. № 389). Кніга паступіла ў музей з хатняй бібліятэкі. Цікавасць уяўляюць упрыгожванні некаторых яе раздзелаў, у прыватнасці каляндар са звесткамі пра святых. Тэкст дадзены ў абрамленні арнаментаванай рамкі, верхняя планка якой служыць адначасова і застаўкай з сюжэтна-тэматычным, як і ў канцоўках, шматпланавым малюнкам. На стар. 51 запаўненне застаўкі максімальна набліжана да ілюстрацыйнай змястоўнасці. Малюнак тут больш архітэктанічны, замкнуты ў больш дакладныя абрысы. У цэнтры кампазіцыі мастак стварыў барэльефную пабудову з выявай авечкі, а з двух бакоў у абрамленні расліннага арнаменту змешчаны сцэны са Святога Пісання. На той жа старонцы надрукавана канцоўка, якая ўяўляе сабой жанравую кампазіцыю: дзве птушкі на абадку фігурнай чашы.


Старонка з Місала «Mission Romanum», 1880 г.
Вельмі цікавае выданне кнігі «Wielki Tydzień to jest wszystkie Nabożeństwa...» (Вільня, 1777 г.). Кніга раней знаходзілася ў дунілавіцкім касцёле, а ў музей трапіла ў 1986 г. ад жыхара вёскі Зарэжжа Пастаўскага раёна. Кніга элегантна аформлена. Гэта – узор выдавецкага майстэрства на Беларусі ХVІІІ ст. Асабліва цікавыя канцоўкі, якія задаюць тон у мастацкім вырашэнні выдання. Загалоўныя літары не арнаментаваны, а толькі выдзелены большымі памерамі і больш яркімі фарбамі. Застаўка адна. Галоўны матыў яе арнамента – гнуткая галінка чартапалоху з выцягнутымі абрысамі лісцяў. Малюнак сіметрычны, не акрэслены рамкай, мадэляваны чорным па белым. Канцовак пяць відаў, і змешчаны яны ў кнізе па некалькі разоў. Уражваюць памеры: некаторыя з іх займаюць ледзь не палову вышыні набору тэкста, як, напрыклад, на старонках 277, 268 і інш. Гэтыя свабодныя кампазіцыі выкананы ў стылі ракако, для якога характэрны фрагментарнасць малюнка, узбуйненне арнаментальных матываў, знікненне рамак, парушэнне сіметрыі. Узор складаецца з вытанчаных кветак, пераплеценых лісцяў садавіны, ніцяў і стужак, завіткоў ракайляў. На старонцы 55 малюнак канцоўкі мае выгляд стылізаванага сэрца, утворанага мноствам перапляценняў стужкі. На старонках 42, 70 і тытульнай канцоўкі вынаходліва скампанаваны з матываў расліннага арнаменту. У канцы кнігі (стар. 277) малюнак канцоўкі складзены з фантастычных ракайляў. Гэта выданне з'яўляецца адным з узораў высокага мастацкага ўзроўню графічнай творчасці ў ХVІІІ ст. на Беларусі. У мастацтве афармлення кнігі прыёмы, сюжэты, формы заставак, канцовак, ініцыялаў ужо выглядаюць інтэрнацыянальнымі. Галоўнымі цэнтрамі кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім, а разам з ім і мастацтва афармлення кнігі ў стылі ракако становяцца Вільня, Магілёў, Супрасль, Нясвіж, Гродна, Лагойск, Полацк, Слуцк9. На з'яўленне новых рысаў у арнаментыцы выданняў другой паловы ХVІІІ ст. супрасльскай друкарні, звязаных з традыцыямі французскай школы гравіравання, якая ў тыя часы знаходзілася на ўздыме, указваў Ю.А.Лабынцаў. Гэтыя традыцыі, на думку даследчыка, уздзейнічалі на Супрасль праз пасрэдніцтва варшаўскіх майстэрняў А.Г.Падзебранскага, а таксама яго вучня Завадскага. Але, калі арнаментыка супрасльскіх выданняў (кірыліцкіх) і магілёўскіх выканана ў стылі ракако ў спалучэнні з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, то ў названым віленскім выданні, надрукаваным на польскай мове, адчуваецца арыентацыя мастака на прафесійнае заходнееўрапейскае мастацтва.

Віленскія выданні богаслужэбных кніг на лацінскай мове аформлены з улікам іх прызначэння – вельмі строга, сціпла і лаканічна. Дырэкторыі на 1889, на 1903 гады і інш. наогул не маюць графічных упрыгожванняў. Адпаведна заходнееўрапейскім традыцыям выглядае «Compendium antiphonarii et breviarii romanum», 1982 г., брэвяр (Рацісбон, 1840) і інш. У якасці дэкаратыўнай «уверцюры» да кніг на тытульных лістах выступаюць канцоўкі з арнаментам расліннага характару альбо складзенага з выяваў розных прадметаў. Яны з'яўляюцца адзіным упрыгожваннем гэтых выданняў.

Зусім інакш створаны ансамбль украсы Місала – «Mission Romanum» – літургічнай кнігі для каталіцкіх набажэнстваў, выдадзенай у 1880 г. на лацінскай мове. Кніга вялікага фармату (37,5 х 27,5 см, 395 л.). У дэкор уваходзяць застаўкі, ініцыялы, канцоўкі. Багацце і разнастайнасць аздобы, а таксама высокае прафесійнае майстэрства яе выканання надаюць выданню святочнасць і дазваляюць разглядаць кнігу як помнік графічнага мастацтва.

Застаўкі настолькі вялікага памеру, што займаюць ужо ледзь не палову ліста. Кампазіцыя шматчасткавая. Арнамент тут адступае на другі план. Майстар гравюры робіць акцэнт на адлюстраванне вобразаў святых і іх дзеяў, а потым на дэкарацыйнае атачэнне. Да функцыі раздзялення застаўкі і яе эстэтычнай ролі дадаецца функцыя суправаджэння. Застаўка становіцца інфармацыйнай і цесна звязанай са зместам кнігі.

Ініцыялы выкананы ў лепшых заходнееўрапейскіх традыцыях. У квадратных рамках загалоўныя літары чырвонага колеру змешчаны на арнаментаваным фоне. Вытанчаныя разнастайныя ўзоры расліннага характару мадэляваны чорным па белым. Па сваім стылі малюнак ініцыялаў узыходзіць да ініцыялаў французскіх выданняў ХVІ ст., у прыватнасці работы Ж.Торы.

Канцоўкі і па форме, і па памерах больш разнастайныя. Сярод іх ёсць ажур з завіткоў галінак, з вінаграднымі гронкамі, змешаныя кампазіцыі з арнаментальнымі матывамі расліннага, прадметнага і арнітаморфнага характару.

У цэлым арнаментыка старадрукаў цікавая і надзвычай каштоўная з'ява, што ўзбагачае самабытную мастацкую спадчыну. Творчае пераасэнсаванне нацыянальных традыцый, заходнееўрапейскіх і рускіх адыграла станоўчую ролю ў фармаванні адметнасці беларускага мастацтва кнігі, а імкненне мастакоў і друкароў старажытнай кнігі да сінтэзу, творчага пошуку, стварэння новых форм у арнаменце адлюстроўвала сучаснасць, прагрэсіўнасць нацыянальнага мастацтва. Праз аналіз асобных узораў друку раскрываюцца істотныя моманты культурнага жыцця краіны.

Валянціна МАЛЮШЫНА,
загадчык фондаў
Беларускага дзяржаўнага музея
народнай архітэктуры і побыту


  1. Бэкон Ф. Сочинения: В 2-х т. Т. 2. М., 1972. С. 282.
  2. Книговедение: энциклопедический словарь. М., 1982. С. 332.
  3. Соколова Т. Орнамент – почерк эпохи // Аврора. Л., 1972. С. 22.
  4. Власов В.Г. Стили в искусстве. Спб., 1995. С. 391.
  5. Alexander I. J.g. Italian Renaissance illuminations. London. 1977, p. 22.
  6. Киселёва Л.И. Западноевропейская книга ХІV–ХV вв., Л., 1985. С. 208.
  7. Avril Tr. Renaissance. – In.: Dix siecles d'enluminure italienne (VI–XVI siecles), Paris. 1984, p. 110.
  8. Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік. Мн., 1988. С. 311.
  9. Кулагин А.Н. Архитектура и искусство рококо в Белоруссии. Мн., 1989. С. 100.
  10. Лабынцаў Ю.А. Графіка беларускіх выданняў Супрасля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 2. С. 30.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY