Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(15)/2001
Дакументы
Haereditas
Мастацтва

РОСПІСЫ ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
Святло слова
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Святло слова

Постаці

ПАВАДЫР І СЛУГА
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Кантрапункт

МАДЭРНІЗМ
На кніжнай паліцы
Haereditas


Надзея Салодкая нарадзілася ў вёсцы Шэркіна Лёзненскага раёна. Пасля заканчэння васьмі класаў Лёзненскай СШ № 2 і полацкага медвучылішча працавала ў Удзелаўскай участковай бальніцы на Глыбоччыне, потым – у полацкай аб'яднанай газеце. Па-сапраўднаму захапілася паэзіяй з 1996 г. Супрацоўнічае з кампазітарамі Ізмаілам Капланавым і Леанідам Захлеўным: імі напісаны песні на вершы паэткі, якія сёння выконваюць заслужаная артыстка Беларусі Нэлі Багуслаўская, Ізмаіл Капланаў, ансамбль народнай музыкі «Бяседа». Творы Н.Салодкай друкаваліся ў мясцовай, абласной і рэспубліканскай перыёдыцы. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» рыхтуецца да выдання кніжка вершаў «Свечка жаліцца небу».
 

СВЕЧКА ЖАЛІЦЦА НЕБУ
Воскам плакала свечка,
І празрыстыя слёзы
На высокі падсвечнік плылі.
Нам суровая Вечнасць
Пасылала заклёны,
Каб журботныя дні знебылі.

Чуеш, шчодрая Вечнасць
Падарыла прызнанне
І сугучную песню-мальбу.
Толькі час хуткацечны
Нам гадуе расстанне,
І труба падыграе альту.

На прыпынку канечным
Зноў сустрэнуцца душы
У празрыстай бясконцасці дня.
Нам гаючая Вечнасць
Слёзы болю асушыць
І супыніць ліхога каня.

Свечка жаліцца небу,
У бяздоннасць прасторы
Голас-кропля плыве і плыве.
Плачуць Вечнасць і Небыць –
Вечнай сцэны акцёры,
Слёзы пояць асмяглы Сусвет.

* * *
Кроіць сумленне жыццё адмыслова,
Ладзіць учынкаў найстрогі агляд.
Як жа балюча за кожнае слова,
Як жа балюча за кожны пагляд,
Крыўдай пякучай што ранілі сэрца,
Стрэмкаю вострай прабілі душу...
Божа магутны, карай міласэрна.
Я прад Табой даравання прашу.

* * *
Не маё – баязлівае слова
Болем просіцца з нетраў душы,
Залатой апранахай-абноваю
На паперу кладзецца ў цішы

І ўзрывае знямелую восень,
Прагнай шчодрасцю дорыць матыў,
Патрабуе і моліць, і просіць,
Каб гарачы агмень не астыў.

Не маё, незнаёмае слова –
Я прасіла падставіць плячо...
Залатой апранахай-абноваю
Адарыў Бог нямое дзяўчо.

ДАЧАКАЮСЯ
Дачакаюся
жаўрукоў з зімы.
Дачакаюся!
Дождж тугу адмыў.
Шчыра каюся.
За ўчарашні дзень.
За спакойны сон.
За спачын надзей.
Непачуты звон.
Дачакаюся –
груганню назло!
Шчыра каюся.
Вінаватасцю
адбалелых слоў
прычашчаюся...

ПАДАРУНКАМ ПРЫМАЮ СЛОВА
Загадала сабе паверыць
У расквечаны май зімой.
Госці ў дом! – адчыняю дзверы:
Вырак мой і ратунак мой.

Знічка ў небе, былінка ў полі,
Што на лёс наракаць дарма...
Не шукала – расціла долю,
Пустазеллем была сама.

Падарункам прымаю слова,
Маю што ад яго сказаць.
Не ганіце мяне, панове,
На паўслова прыйду назад.

Адгарну з пажаўцелай кнігі
Нечытаных старонак стос.
На мяжы зімы і адлігі
Мне руку падае Хрыстос.

* * *
Кожны творыць сваю малітву,
Кожны рознае просіць –
Нехта моліць удачы ў бітве,
Іншы сэрцам галосіць

Па забітых, забытых, родных.
Камяні – у далоні! –
Хто шпурляе нам невыводна,
Як не самі, на зломе

Ведаў, невуцтва і ляноты
Душ, пажадай спавітых?
А пчала напаўняе соты –
Тым і творыць малітву.

* * *
Я прасіла ў Бога не багацця –
Шчырую, самотную душу,
Не спакою ў апусцелай хаце –
Голаса, якому не схлушу.

Чысты аркуш, лямпа і аловак,
І радкоў пранізлівы акорд.
Набірае сілу голас слова,
І сыходзіць нематы дакор.

ВОЧЫ...
Пазіраю ў вочы Сына-Бога
і малю мяне не адлучаць
ад Пагляду светлага, жывога,
у якім маркоціцца свяча;
аплывае, меншае, танчэе –
саступае боль, сыходзіць страх.
Ведаю, Сваім цяплом сагрэе,
выбавіць з нягожых апранах...
Без Яго – ні кроку, ні паўкроку,
без Яго – адзін нямы цяжар.
І адкрыты ўнутранаму зроку
вечны цень пакутнага Крыжа.

***
Свет кладзецца на плаху
З уласнае волі,
Паміж Небам і Жахам
Скуголіць ад болю.
Пасінеўшы ад смагі,
Маркоціцца прагай;
Скурчанеўшы ад жалю,
П'янее на балях;
Вытанцоўвае мройна
Ў скамечаных строях...
Дзьме з дзіравага даху...

Згубіўшы патолю,
Свет кладзецца на плаху
І з нашае волі.

***
Мы – аглухлыя Божыя дзеці,
Ўсё, што мелі, даўно прадалі,
Ненасытнаю сквапнасцю мецім
Свой скрываўлены след на зямлі.

Хто ж так нашы дарогі знявечыў?
Размянялі жыццё на грашы...
І скавыча у прыцемку вецер
Над нішчымніцай хворай душы.

ДАЙ МНЕ ЧАС...
Невыносны боль. Дранцвее цела.
Недзе ўверсе сполахі грамніц.
Я малюся Ўладару, няўмела
І няўклюдна падаючы ніц.

Божа, Добры, Справядлівы, Вечны!
Не прашу адвесці страх і боль –
Дай мне сілы перанесці немач;
Вось я тут, уся перад Табой.

Да мяне рахункаў гэтак многа,
І згрызот сумлення не суняць.
Не прашу судзіць мяне не строга –
Дай мне час усе даўгі аддаць.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY