|
|
№
1(19)/2002
Мастацтва
Нашы святыні
Мастацтва
Memoria
Паэзія
Проза
Haereditas
Мастацтва
Культура
Кантрапункт
Пра самае важнае
|
Здзіслаў СІЦЬКА. СЛАВУТЫ ЧЫЛІЕЦ «З усходам сонца коні ўжо былі асядланыя; стаяла чэлядзь каля ганку – для развітання. Неяк было не па сабе. Перад выйсцем агарнула не вядомая дасюль трывога; затрымаўся і ў пакой свой вярнуўся, думаючы, што чагось забыўся; глянуў на гадзіннік – ужо пара. Іду, і зноў на парозе, як, нібыта, мяне хтось за крысо прытрымаў. Згадалася мне ў думках маці мая, як бы з папярэджаннем, што нядобра пачынаю, не параіўшыся з Богам, не заклікаўшы Яго на дапамогу. Вярнуўся ў спальню, зачыніў за сабою дзверы і, укленчыўшы, згаварыў «Ойча наш…» і малітвы, якіх мяне ў дзяцінстве навучылі; і былі да душы мне гэтыя словы: «Пане Божа Усемагутны, у Святой Тройцы адзіны, учыні, каб думкі мае, словы і ўчынкі на служэнне Табе і хвалу Тваю былі скіраваныя і ніколі волі Тваёй святой не працівіліся». Ад таго моманту праз пяцьдзесят гадоў, дзе б ні быў, аж да сённяшняга дня, была і ёсць для мяне абярэгам гэтая малітва і дадае мне сілы; прамаўляю яе штодня і ў кожнай прыгодзе». І калі паўстанцкае войска генерала Хлапоўскага пасля цяжкага бою пад Коўнам адступіла на Жмудзь ды праходзіла маршам паўз вясковы каcцёлік, ад'ютант Дамейка зайшоў туды памаліцца і палягчала ў яго на душы. 13 ліпеня 1831 г. паўстанцкі корпус генерала Хлапоўскага быў інтэрнаваны ў Прусіі, недалёка ад Мемеля (Клайпеды). Там выгнаннікаў суцяшаў «адзін набожны святар, які, нікому нічога не гаворачы, далучыўся да нас ад Куршанаў, прыхапіўшы з сабою касцёльнае начынне; і быў ён для нас сапраўды на радасць. Кожную нядзелю мы наладжвалі ўранні пад дрэвамі алтар; павешаны на дрэве званок склікаў усіх; наш ксёндз правіў чытаную Імшу; слухалі яе, кленчачы на зямлі, а пасля Імшы спявалі з ксяндзом: «Святы Божа» ды «Бог наш прытулак і моц у прыгнёце, які апанаваў нас вельмі, таму не будзем баяцца, калі парушыцца зямля…» Трэба было чуць, як ахвотна і голасна ўсе спявалі, і бачыць, як спакойна, задумаўшыся, разыходзіліся». Трапіўшы ў Нямеччыну, а адтуль з Адамам Міцкевічам – у Францыю, Дамейка затрымаўся ў Страсбургу, «каб агледзець горад, катэдру і вежу Мюнстар».
У Францыі выгнаннікі вандравалі па розных гарадах, дамагаючыся дазволу ехаць у Парыж, каб там пачаць вучобу. Жывучы ў правінцыі Шампань, яны наведвалі розныя гістарычныя мясціны, не міналі і святыняў. «З Атылавых акопаў паехалі ў парафіяльны касцёлік у Эпінаў, якога цудоўны алтар Найсвяцейшай Панны Марыі прываблівае сюды два разы на год тысячы людзей. Сам касцёлік гатычны, захаваўся добра, аздоблены каменнымі паўзунамі і змеямі. Старадаўні абраз Божай ласкай ацалелы ў столькіх рэвалюцыях, дзіўна падобны на абраз Маці Божай Жыровіцкай; і яшчэ дзіўней: распытваючы пра паданні і пра гісторыю гэтага абраза, даведаліся, што тут, як і ў Жыровічах, абраз перш аб'явіўся ў агністым кусце, асвечаным нейкім невядомым святлом; заўважылі гэта пастушкі, і на тым месцы збудавалі касцёл, у які з усіх куткоў Францыі люд сходзіцца на набажэнствы: хворыя шукаюць выздараўлення, няшчасныя – суцяшэння. Гэтага помніка даўняй веры і набожнасці не здолелі збурыць дэмагогія і якабінства, а тым часам схізма спрафанавала наш Жыровіцкі касцёл, увёўшы ў яго папоў і нявернага Сямашку». Там, у французскай правінцыі, падчас святкавання ўгодкаў ліпнёвай рэвалюцыі ў гарадку Сюіпэ, Дамейка і Міцкевіч удзельнічалі ва ўрачыстасцях: «…зайграў аркестр, і ўсе дружбакі, магістрат і камандзір павятовай роты нацыянальнай гвардыі, узяўшы нас дваіх з сабою, пацягнуліся павольным трыумфальным паходам да касцёла, дзе адправілі кароткі нешпар і «Te Deum». Напісаў кароткі, бо не была пара на набажэнства. Барабаншчыкі так забарабанілі, што не чуваць было спеву двух ксяндзоў, што, паводле французскай літургіі, хадзілі на хорах. Ледзь толькі сціхлі барабаны, заігралі «Марсельезу», што так узрушыла публіку, аж забыліся на Бога. Жаўнеры ўскідвалі зброю, афіцэры падавалі каманды – касцёл напоўніўся штыкамі, нібыта на вайне. Дзіўна адбіваўся гэты рэвалюцыйны хаас на твары старога, ссівелага закрыстыяна, які спакойна выглядваў з-за дзвярэй закрыстыі і, здавалася, не разумеў, што сталася з народам і французскім касцёлам.
Першае ўражанне, якое выклікае парыжскі касцёл, непрыемнае. Мы прызвычаеныя да нашых лаваў, дзе сядаюць паводле стану, да адасаблення простага люду, да спявання ў парафіяльных касцёлах нашых песняў у нацыянальнай мове, да спакойнага, не надта вытанчанага абраду і да нашых, звычайна вельмі простых у абыходжанні, ксяндзоў, якія не дбаюць пра знешнасць. Здзіўляе нас гэты французскі звычай купляць месца; швэнданне, не зважаючы на ўрачыстасць, па касцёле жанчынаў, якія збіраюць су то за адно, то за два крэслы для кожнага; уражвае нас надзьмуты, выстрункаваны, убраны, як у вялікі свет, прыдзвернік, што з кульбаю ходзіць па касцёле, не падабаецца, што падчас Імшы, баючыся, каб не разышлася публіка, збірае грошы прыгожа апранутая пані з асістэнтам; падаецца нам таксама занадта цырыманіяльным, нібыта тэатральным, абрад цэлебрацыі, ненатуральнае ўскідванне кадзіла ўверх, грыгарыянскі спеў, да якога не прызвычаеныя, духавыя інструменты, да якіх трэба прывыкнуць; паводзіны на амбоне некаторых прапаведнікаў, што залішне махаюць рукамі ды кідаюцца ў бакі, мітусяцца. Але ўсё гэта, на першы погляд нібыта не адпаведнае, даецца хутка вытлумачыць, выяўляецца сур'ёзным і так хутка становіцца звыклым, што на трэці ці чацвёрты тыдзень сэрца польскага каталіка ўжо вабіць касцёл, нібыта родны, і атрымліваеш асалоду, як быццам жывеш на Радзіме. Што тут ёсць добрага, лепшага, чым у нас, дык тое, калі ўжо хто ходзіць у касцёл, то не з цікаўнасці, звычкі ці прымусу, а толькі з унутранага прыцягнення. Не відаць тут ні элегантна апранутых паняў, ні панічоў што ідуць у касцёл, каб свяціць строямі ды на першай лаўцы сесці, ані лёкаяў, што нясуць ім кніжкі на набажэнства. Не відаць і беднага сялянства, і грубай сярмягі. Пазбаўлены колішніх багацця і сталых прыбыткаў, Касцёл утрымліваецца сёння з асабістых ахвяраванняў, а не з рэнты ды падаткаў; не стае на гэта шчуплага бюджэту, прызначанага Палатамі. Таму, магчыма, большых высілкаў і няспыннай працы дакладаюць пробашчы, каб не пакінулі іх парафіяне. Не апраўдваю ўладаў, што заграбасталі касцёльную ўласнасць і абмежавалі незалежнасць ксяндза, бо гэты ўчынак новага імперства нягодны і, відаць, за кару і на выпраўленне зла такое Бог дапусціў.
Быў у той час знакаміты сваёй навізной касцёл на прадмесці Сан-Марцін, які людзі прагрэсу мелі намер зладзіць паводле новага плану рэфарматараў ліпнёвай рэвалюцыі. Час, здавалася, адпаведны на гэта; кароль і новыя палаты дазвалялі, не без прычыны, пробаваць рэформы. Пайшоў тады ў нядзелю рана пасля Імшы ў той французскі касцёл на прадмесці Святога Марціна а дзесятай гадзіне і ці знайшоў бы яго так лёгка, каб не афішы на вуліцы, якія агалошвалі вялікі фэст таго дня ў гэтым касцёле. Сапраўды, шмат людзей ішло да аднаго дому, на якім замест крыжа і вежаў быў толькі надпіс: «Тут французскі касцёл». На дзядзінцы таго дому была вялікая, на скорую руку збудаваная нейкая павець, а каля ўваходу ў яе – мноства афішаў, кніжныя навінкі, музычныя праграмы, праграмы касцёльных абрадаў, Імшы, новых казанняў і катэхізму; былі і плакаты, якія знаёмілі з вызнаннямі веры, казаннямі супраць пракляццяў ды іншае. На вялікім аркушы на дзвярах былі напісаныя прычыны, якія схілілі заснавальніка гэтага касцёла, п. Шатэль, да рэформы: бескарыснасць, любоў да бліжняга, і ўсе касцёльныя абрады – танна, дарма – танны касцёл, Імша па-французску і г.д. Вулічныя гандляры падыходзілі аж да дзвярэй, прадаючы ліберальныя памфлеты, памаду, сярнічкі ды іншае. Усярэдзіне сцены пабеленыя, уся зала ўстаўлена крэсламі, алтар, падобны на звычайныя алтары, свежа памаляваны, са свечкамі; праваруч – фартэпіяна, леваруч – амбона і нейкае ўзвышэнне для кагосьці старшага. Аднак зала была перагароджаная на тры часткі; каля ўваходу – таннейшыя крэслы для бяднейшых, пасярэдзіне – для сярэдняга класу, а далей, каля алтара і амбоны, – месцы зарэзерваваныя, дзе сядзела шмат прыгожа ўбраных паняў, якія, нібы ў салоне, размаўлялі паміж сабою. Нейкая ветлівая жанчына запрасіла мяне сесці поруч з ёю, на першым месцы. Праз хвіліну з'явіліся пеўчыя, запалілі свечкі; пасля ўвайшлі міністранты ў адпаведных комжах і сам абат Шатэль, галава гэтага рэспубліканскага Касцёла. Апрануты быў нібыта біскуп, у фіялетавай сукні з пелерынай, зграбна скроенай, кармазынавай тканінай падшытай, у элегантных туфлях, з прыгожа ўкладзенымі валасамі – вочы ўзнятыя ўверх. Выйшаў нарэшце і ксёндз у арнаце, з імшалам; пеўчыя пачалі спяваць урыўкі з французскіх і італьянскіх опер; хлопцы, што прыслужвалі, не кленчылі, але сядзелі каля алтара; ніхто не меў кніжкі для набажэнства ў руках, а калі ксёндз па-французску заспяваў «Глорыя!», пачалі дамы і мужчыны шаптацца: «Ах! Як гэта прыгожа, як чароўна: на шчасце, разумеем, што кажа ксёндз, бо прамаўляе па-французску». Нягледзячы на тое, што ксёндз вельмі выразна чытаў імшал і чытаў па-французску, каб усе яго разумелі, ягамосця, што сядзела каля мяне, не была задаволеная і сказала суседу, французу: «Цікава б мне было, каб разумела хоць бы адно ягонае слова». «Прашу мець цярпенне, прашу мець цярпенне», – адказаў француз, які навастрыў вушы і, здавалася, дакладна ведаў Імшу. Ледзь дайшло да «Святога», як ветлівая жанчына, што была запрасіла мяне на вышэйшае месца, пайшла браць плату за крэслы; ад нас патрабавала тры су ад асобы, ад тых, што сядзелі за мною, – два су, ды па адным су ад тых, што сядзелі каля дзвярэй. Пасля Імшы ўвайшоў малады прамоўца – абат Шатэль перажагнаў яго здаля, з свайго месца. Казанне было кароткім, супраць кляцьбы, аднак жа закончылася праклёнамі на каталіцкіх ксяндзоў і ўсю касцёльную іерархію. Калі скончыў і зышоў з амбоны, узышоў туды сам біскуп, які называўся мітрапалітам, – пан Шатэль, з дзіўна тэатральнай паставай: у правай руцэ меў газету «Канстытуцыянэль», а ў левай – «Месаджэра». Ён прыгожа пакланіўся, узняў вочы ўгару, апусціў долу і патэтычным, выразным голасам прамовіў прыблізна такія словы: «Браты мае, – сказаў, – неабходна, каб мы лепей запазналіся; трэба, каб добра пазнаёміліся з вашым пастырам, і таму перадаю вам нумар учарашняга «Месаджэра», у якім ёсць і мая біяграфія», ды пачаў чытаць артыкул: «Масьё абат Шатэль нарадзіўся за часоў рэстаўрацыі, быў тым і тым, пераследаваўся, чынна ўдзельнічаў у ліпнёвай рэвалюцыі, а цяпер заснаваў новы Касцёл, вольны ад розных злоўжыванняў і памылак, першы Касцёл і г.д. Прачытаўшы артыкул, дадаў, што перадавыя парыжскія журналісты прызналіся яму: чвэртку калонак трымаюць для ягоных загадаў, і ён імі можа распараджацца. Пасля перайшоў да сур'ёзных матэрыяў, разважаючы пра неабходнасць рэлігіі і любові да бліжняга, а заўважыўшы сярод публікі некалькіх палякаў, звярнуўся з прамовай да нас, падаючы нас за прыклад «гэтай гераічнай Польшчы», што паказалі цуды мужнасці і не падаюць духам таму, што шануюць рэлігію і ніхто ў іх не жыве без рэлігіі. Гэта апошняе адступленне і лоўкі да яго пераход спадабаліся публіцы і дайшло б, напэўна, да воплескаў, каб адразу ж, без перадыху, не пачаў агалошваць спісы шлюбаў і запаведзі. Доўгі быў ліст сужонкаў з пералікам прафесіі маладых; былі там анучнікі, работнікі, шаўцы, пакаёўкі, гандляры, некалькі літаратараў і звычайных мяшчанаў. Запытаўся ў маёй суседкі, якая праз размову з студэнтам, што сядзеў за ёю, падалася мне літаратаркай і аўтаркай раманаў, якая прычына, што тут больш шлюбаў, чым у якім то б ні было парафіяльным касцёле? «Што ж вы хочаце, тут шлюбы вельмі танныя і абат Шатэль не вымагае ніякіх фармальнасцяў ані захавання касцёльных канонаў – спраў настолькі нудных, што бедны люд не можа іх перасцерагаць. «Зрэшты, дадала, гэты інтарэс добра зразумелы, бо наколькі ксёндз Шатэль страціў праз зніжку платы за шлюб, то двойчы набыў на ліку сужонкаў, якія да гэтага часу жылі без шлюбу ды цярпелі дарма, то цяпер не маюць чаго баяцца. Ксёндз Шатэль жэніць усіх». «Калі гэта не дапаможа», – перарваў малады француз з-за спіны, – то не зашкодзіць. А літаратарка дадала: «Перш за ўсё – здаровы розум і рэлігія». І так добра пайшло пану Шатэль, што праз тры месяцы ўжо меў за што заснаваць касцёл на вуліцы Святога Ганорыя. Але гэтым разам прадпрымальнасць займела характар больш знаходлівы: утварылася акцыйная суполка, ладзілі Імшу і святы згодна з густам і ўпадабаннямі асобаў, якія іх наведвалі, прыкладам, урачыстасць у гонар Мальера; і падвышалі, і паніжалі цэны крэслаў паводле акалічнасцяў і коштаў акцыяў...
Эмігранты з Рэчы Паспалітай трымаліся разам і часта ладзілі разнастайныя патрыятычныя зборы. Чытаем, прыкладам, пра ўрачыстасць 29 лістапада 1833 года: «Раніцай каля магілы караля Яна Казіміра з паўтараста нашых эмігрантаў слухалі Імшу, пасля якой ксёндз Скужыньскі, як быў у арнаце, так і ўкленчыў, і па-польску прачытаў малітву за выбаўленне нас і краю ад непрыяцеляў…» Па дарозе ў Чылі Ігнат Дамейка наведаў Лондан. І там ён завітаў у мясцовыя святыні ды вось што запісаў 4 лютага: «А палове дванаццатай раніцы касцёл Святога Паўла быў ужо зачынены; а трэцяй апоўдні быў у Вестмінстары. Пускалі ўсіх без платы, але тая частка касцёла, дзе даўней люд маліўся, была зачыненая, бо ў ёй знаходзяцца дамавіны вялікіх людзей, што толькі за грошы паказваюць. Сённяшняе ж набажэнства і сённяшні люд месцяцца на колішніх хорах, на месцы, што толькі для святароў і касцёльных рытуалаў прызначанае. Алтар, а, дакладней, месца алтара засталося нічым не занятае, і назіраў, што людзі падчас набажэнства шмат разоў паварочваліся ў той бок, не ведаю, ці міжволі, ці паводле рэгламенту. З усіх пратэстанцкіх збораў тут толькі і ў касцёле Святога Паўла пакінулі музыку і пеўчых, на што, як мне казалі англічане, урад не шкадуе выдаткаў. Не быў гэта дзень адпаведны для аглядання касцёлаў, калі ў іх сходзіліся людзі на навуку, – адклаў сваё зацікаўленне на заўтра. 5 лютага. Так, у панядзелак апоўдні ўвайшоў у касцёл Святога Паўла. Пры ўваходзе казалі мне заплаціць чатыры пенсы, бо інакш не пускаюць нікога. Людзі, што бралі грошы, абедалі ў касцёле, а шмат цікаўных, у капелюшах і з кійкамі, прахаджвалася ў тым магутным гмаху. Апроч велічыні муроў, прыгажосці формы, нічога не сведчыла, што гэта Божы дом. У вялікім алтары, дзе мы прывыклі бачыць Цела і Кроў Езуса, стаіць агромністая статуя кагосьці з вялікіх англійскіх людзей, леваруч – Нэльсан, праваруч – Колінвуд ці Норсэск, калі не памыляюся. Нейкія роспісы на купале губляліся ў смузе. Пад велізарнымі калонамі свяціліся новыя мармуровыя статуі, відаць, нядаўна пастаўленыя, разглядаў іх – былі гэта статуі ваяроў: пад кожнай амаль напісана, што разбіў французаў. Не магу не сказаць, што гэты касцёл усярэдзіне два разы меншым падаўся, чымся ягоны вонкавы выгляд абяцае. Шырокія чатырохкантовыя калоны закрываюць значную частку прасторы, яны цяжкія і не маюць той лёгкасці стройных, узнёслых філяраў, якімі так упрыгожаныя каталіцкія касцёлы. Да таго ж, дзве агромністыя фасадныя вежы гэтага касцёла, пабудаванага на ўзор ватыканскіх, не відныя збоку і ўсярэдзіне не дадаюць гмаху велічы. Дзіўна, зацятыя на сваім і шмат дбаючы пра тое, каб знаку крыжа і ніякіх знешніх прыкметаў не пакінуць свайму касцёлу, пратэстанты пабудавалі касцёл у форме крыжа, нібыта заглядзеўшыся на апостальскую сталіцу, якой не любілі. Трэба ж знаць, што сучасны касцёл Святога Паўла стаіць на месцы старога, які ў 17 стагоддзі згарэў, а меў 690 стопаў даўжыні ды вежу вышынёй 540 стопаў. Сучасны на 130 стопаў карацейшы: купал узвышаецца на 470 стопаў. Ён быў пабудаваны з падатку на вугаль, з чаго вельмі цешыцца выдавец Камдэн, сцвярджаючы, што гэты спосаб будаўніцтва нашмат лепшы ад колішняга, калі збіралі ахвяраванні. Холадна мне зрабілася; мармуровая падлога ад вільгаці была нібыта палітая вадою; дрыжыкі мяне прабіралі; яшчэ раз акінуў вокам пустыя сцены і выйшаў.
Зачараваны прыгажосцю гэтай капліцы і прыгадваннем стагоддзя, у якім была створаная, прахаджваўся паўз каралеўскія саркафагі, з большай, мабыць, абыякавасцю, чым звычайна яе аглядаюць наведвальнікі. Не магу, аднак, замоўчваць уражання, якое спазнаў. Сярод каштоўных і шматлікіх помнікаў адзіныя пабожныя, поўныя хрысціянскай праўды і прастаты, што просяць рэлігійнага паратунку, – надгробкі каталіцкіх князёў і паноў, якія ў панцырах і са зброяй, са складзенымі рукамі ствараюць уражанне слугаў і жаўнераў Божых, а ляжаць узбоч, пры зямлі, пад філярамі, не ўпрыгожаныя ніякімі архітэктурнымі аздобамі. А як набліжаешся да навейшых, знікае выраз гэтай рыцарскай праўды і набожнасці. Апавядаюць, што Генрых Восьмы, устаноўца новага Касцёла, не толькі дзеля сябе абумовіў жалобнае набажэнства. На саркафагу, нібы на троне, прызначаным для Елізаветы, майстра не паклаў нічога, апроч пыхі, цярпення, зайздрасці – тых самых рэчаў, якія так верна перадаў у сваёй карціне Дэларош, выяўляючы смерць гэтай каралевы. І сапраўды, калі ўбачыў гэты саркафаг, успомнілася мне тая непрыгожая карціна з люксембургскай галерэі, якая, пэўна ж, таксама магла служыць надгробкам Елізавеце, як і гэты дарагі, мармуровы. Ад таго саркафагу аддзяляе надгробак Марыі (Тудор, каралевы Англіі з 1553 г.) тая самая капліца Генрыха Сёмага, такая прыгожая і набожная, у якой даўно ўжо сціхлі песні за паяднанне нябожчыкаў і перапросіны Бога».
Пераклад з польскай мовы і публікацыя
Здзіслава СІЦЬКІ Здзіслаў СІЦЬКА. СЛАВУТЫ ЧЫЛІЕЦ
|
|
|