|
|
№
1(19)/2002
Мастацтва
Нашы святыні
Мастацтва
Memoria
Паэзія
Проза
Haereditas
Мастацтва
Культура
Кантрапункт
Пра самае важнае
|
Прыгадаем радкі з Евангелля ад святога Марка: «І многія пасцілалі адзежу сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецце з дрэваў і ўсцілалі ім дарогу». Так віталі ўезд Езуса Хрыста ў Ерусалім перад пачаткам Пасхі яго сучаснікі. Калі хрысціянства прыйшло на нашу зямлю, то менавіта вярба, галінкі якой найхутчэй пакрываюцца гатовымі да жыцця пупышкамі, стала адметным хрысціянскім сімвалам, які наш народ пранёс праз усю сваю вялікую гісторыю. У канцы ХІХ ст., калі шляхецка-панская культура перажывала эстэтычны крызіс (эклектыкі, саладжавай салоннасці), вялікія дзеячы духоўнага і нацыянальнага адраджэння ўбачылі выйсце ў апірышчы на хрысціянскія традыцыі. Значную ролю ў гэтай справе адыграў таленавіты мастак, тэарэтык сучаснай культуры Фердынанд Рушчыц, які ўзвысіў святочныя віленскія вербы да вялікага віду народнага мастацтва нацыянальнай вагі (гл.: Наша вера, 1999, № 1, Лабачэўская В. Віленскія пальмы, с. 92–97). Руплівыя даследаванні сувязі народнага мастацтва з развіццём дэмакратычнай беларускай культуры ХХ ст. былі падхоплены ў 1920-я гады Інбелкультам у Мінску – новай сталіцы маладой Беларускай рэспублікі. Мастакі ездзілі ў этнаграфічныя экспедыцыі, збіралі творы народнага мастацтва, рыхтавалі выставы, складалі альбомы з традыцыйнымі ўзорамі рукатворнага майстэрства. Аўтарам аднаго з асаблівых альбомаў, прысвечаных вялікай народнай спадчыне, з’яўляецца Міхась Філіповіч. Ён быў уражаны народнымі набіўнымі тканінамі, дзе ў арнаментыцы вельмі характэрны матыў веснавога квітнення. У 1820-я гг. мастак аднавіў на паперы больш за 60 матываў набіванак з Віцебшчыны. Іх вытанчаная графіка не можа не захапляць, хоць гэта зусім простыя сродкі выразу: кропачкі ды рысачкі. Але ў цэлым яны складаюцца ў жывы вобраз веснавога абуджэння зямлі. Сярод такіх узораў мастак вызначыў для свайго альбома пад нумарам 1-м менавіта святочную вербную кампазіцыю. Плаўна згібаюцца гнуткія галінкі, на якіх дробнымі рысачкамі пазначаны першыя парасткі. Побач – кветка-сонейка, што сваімі парасткамі-праменнямі ажыўляе раслінкі-сцяблінкі. (Якая з жанчын не жадала б мець такога святочнага ўзору на сваім фартуху ці спадніцы, асабліва, калі трэба ісці ў храм Божы на Вербніцу!) Мастак-даследчык убачыў у народных малюнках вялікі вобразны сэнс і значнасць для далейшай творчай распрацоўкі ўжо ў сучасным дэкаратыўным мастацтве. Такім чынам, галінкі вярбы атрымалі ў прыкладной графіцы 1920-х гг. пацверджанне свайго вытанчанага хараства, сталі неад’емнай часцінкай скарбонкі нацыянальнай арнаментыкі, якую трэба было прапагандаваць, пашыраць, замацоўваць як каштоўнасць у свядомасці сучаснікаў. Так бачыў народную творчую будучыню Міхась Філіповіч. І гэта не быў голас у пустэльні. Яго працу сучаснікі ўспрынялі як вялікае адкрыццё. Народныя традыцыі пачыналі набываць эстэтычную вагу. Тое самае, па сутнасці, захапляла і мастакоў-даследчыкаў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі і іншых цэнтральных еўрапейскіх краін. Творцы знаходзілі натхненне і вобразныя здабыткі ў народных рытуалах свайго роднага асяроддзя. Мастакоў чакала пашана і слава. Сёння яны лічацца класікамі. А тады на Беларусі канца 1920-х гг. пачалася сапраўдная бязбожная вайна з лепшымі нацыянальнымі духоўнымі традыцыямі. Былі незлічоныя ахвяры, разбурэнне, адцуранне, забыццё. Спатрэбілася каласальнае намаганне не аднаго мужнага адраджэнца пасляваеннага часу, каб зноў вярнуць беларускаму мастацтву натуральную любоў да традыцыйнай веснавой сімволікі.
Так, беларускае мастацтва 1980-х гадоў перажывала Свята вярбы. Перш за ўсё мастакам-графікам, сярод якіх творчасць Уладзіміра Савіча была ў гэтым сэнсе найбольш плённай, лягло на сэрца звярнуцца да народных строяў, іншых этнаграфічных каштоўнасцяў. Жанчыны ў намітках, на фоне старажытнай архітэкту– ры – вобразнае бачанне Радзімы. Веснавы сімвал у руках быў вельмі шматзначны. Ён заклікаў вярнуцца да хрысціянскіх перакананняў, якія не згубіў просты вясковы люд у часы антыхрысціянскага шаленства. Заклік графікаў падхапілі і жывапісцы, сярод якіх вельмі лірычную ноту ўнеслі мастакі Зоя Ліцвінава і Р.Сіплевіч. Вобраз жанчыны з старажытным сімвалам у руках пачаў мадэрнізавацца, станавіцца па-сталічнаму інтэлектуальным. Сёння гэта не толькі традыцыйны вобраз у ауры мінуўшчыны, але і па-сучаснаму апранутая мінская прыгажуня, якая дэманструе непарушную сувязь з духоўным скарбам сваёй нацыі. Што ж тычыцца абагульненых вобразаў жанчын у народных строях, яны неяк самі пачалі перарастаць разам з вербачкамі ў дэматэрыялізаваныя постаці і ўсё больш нагадваюць анёлаў. Яны па сутнасці былі вобразным прадчуваннем анёлаў, якія сталі вельмі частымі гасцямі ў творах беларускіх мастакоў 1990-х гг.
Чыстая, вялікая тэма вярнулася ў наша сучаснае мастацтва. Яна не можа не ўзвышаць нашых сучаснікаў, бо далучае іх да Вясны ў хрысціянскім сусветным кантэксце – да Уваскрэсення. А лепшыя творы застаюцца як узор для новых ідэй, пошукаў і здабыткаў.
|
|
|