Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(19)/2002
Мастацтва
Нашы святыні
Мастацтва

ВЕСНАВЫЯ ГАЛІНКІ ВЯРБЫ

НАПАЛЕОН
Memoria
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЖЫЦЦЁ ПАЭТА Ў МІНІЯЦЮРЫ
Haereditas

СЛАВУТЫ ЧЫЛІЕЦ

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Мастацтва
Культура
Кантрапункт
Пра самае важнае

Тамаш ВЛОДАК

ЧАГО НЕ СКАЗАЎ МУФЦІЙ САУДАЎСКАЙ АРАВІІ?

Трапіла мне ў рукі паведамленне Каталіцкага Агенцтва Інфармацыі (КАІ) пра звышцікавае інтэрв’ю рэлігійнага лідэра Саудаўскай Аравіі. Гучыць яно так: «Найвышэйшы духоўны правадыр Саудаўскай Аравіі, шэйх Абдалхазіз аш-Шайк, асудзіў забойствы хрысціянаў і жыдоў у мусульманскіх краінах. Дадаў, што іслам забараняе падобныя злачынствы. «Тыя, што забіваюць тых, хто падпісаў пагадненне і тым самым атрымаў ад нас гарантыю бяспекі, не спазнаюць раскошы раю» – гэтак сказаў шэйх у інтэрв’ю для мясцовага, саудаўскага, часопіса «ар-Рівад». Муфцій такімі словамі вяртаўся да самога прарока Магамета і яго дамоваў з вернікамі юдаізму і хрысціянства, якія апынуліся ў мусульманскіх краінах на самым пачатку пашырэння ісламу як рэлігіі. Шэйх сцвердзіў, што забойствы будуць мець «паважныя наступствы, у тым ліку агітацыю, бунты і заняпад бяспекі». Шэйх прыгадаў, што іслам забараняе забойствы. Такія словы, на думку каментатараў, непасрэдна датычыліся выказаў прэс-сакратара арганізацыі Осама бэн Ладэна, «аль-Кайды», які ў тым выказе пагражаў жыццю брытанцаў і амерыканцаў у краінах Персідскага Заліву. Бо той прэс-сакратар, Сулейман Абу Гайт, паабяцаў, што яго арганізацыя загадала брытанцам і амерыканцам пакінуць гэты рэгіён, Паўвостраў Арабскі, таму што «з Божай дапамогай зямля тая будзе гарэць пад іх нагамі». Шэйх, прызначаны на сваю рэлігійную пасаду асабіста каралём Саудаўскай Аравіі, быў страшна абураны, калі ў красавіку высокія мусульманскія асобы выступалі са сваімі фатвамі, свайго роду рэлігійнымі загадамі, а мноства мусульманаў адчула сябе самотнымі, кінутымі, пры гэтым частка з іх асуджала – як супярэчныя ісламу – тэрарыстычныя акцыі палестынскіх самазабойцаў-камікадзэ ў Ізраілі.

Паглядзеў я на крыніцу той інфармацыі – аказалася, што гэта Асошыэйшн Прэс, КАІ толькі распаўсюджвае яе. Шкада, што пры тым не звяртаюць увагі на шэраг акалічнасцяў, скрытых у інтэрв’ю муфція, не надта зразумелых тым, хто не ведае жыцця на Бліжнім Усходзе. Таму я дазволю сабе пра тое пагаварыць, пачынаючы ад самога кантэксту.

Даволі даўно, але яшчэ болей па нападзе на Сусветны Гандлёвы Цэнтр у Нью-Ёрку, у СМІ паўстаў пчаліны рой экспертаў ад ісламу, якія паўтараюць нейкую «інтуісцкую мантру»: «Іслам – гэта рэлігія спакою. Іслам не дазваляе прымушаць няверных да свае веры сілай. Фанатыкі – бэн Ладэн, Хамейні ці мулла Амар – не маюць дачынення да сапраўднага ісламу». І гэтак далей. Надта прыгожа – толькі няпраўда.

Ёсць адно найістотнейшае адрозненне паміж хрысціянствам і ісламам. Хрысціянства заснаваў Езус, пра якога нават Яго ворагі мусяць прызнаць, што быў гэта мала таго што бясшкодны дзівак, які за жыццё нікога не пакрыўдзіў, а толькі хадзіў з поля да поля і рабіў цуды, каб нарэшце Яго забілі за парушэнне тагачаснай дактрыны. Таму нават сцвярджэнне, што той ці другі просты чалавек адступаў ад ідэалаў Евангелля і меў мала агульнага з сапраўдным хрысіцянствам, мае пад сабой глебу. Хрысціянства пачыналася як рэлігія бедных, рэлігія нявольнікаў. А ў часах Рымскай імперыі зрабілася рэлігіяй дзяржаўнай, пануючай зусім не праз забойства сваіх ворагаў – няхай перад тым хрысціянаў пераследавалі з жорсткасцю не да ўяўлення. Пазней па-рознаму трактаваліся першапачатковыя ідэалы хрысціянства, але ў самім зародку яго быў поўны і абсалютны пацыфізм.

З ісламам адбывалася інакш. Ад пачатку гэта была рэлігія змагароў і ваяроў. Сам Магамет асабіста вырэзваў неахвотных да новай веры – і пра гэта цудоўна ведае кожны, хто хоць трохі знаёмы з гісторыяй ісламу. Ад Індыі да Атлантыку няма аніводнай мусульманскай краіны, дзе іслам не запанаваў бы выключна агнём і мячом. Гаворка пра тое, што сучасныя фундаменталісты быццам бы не маюць дачынення да сапраўднага ісламу, не мае сэнсу. Бо менавіта фундаменталісты ўвасабляюць найбольш чысты, першабытны іслам, бліжэйшы да прарока Магамета. Бо няма іншага ісламу. А мусульмане, якія сцвярджаюць, што іслам – гэта рэлігія спакою, – а такіх шмат! – гэта ерэтыкі.

У мусульманскім праве свет падзелены на дзве сферы: dar al islam, альбо абшары пад мусульманскай уладай, і dar al Harad, альбо абшары вайны. Абшары вайны – гэта краіны пад уладай немусульманаў. Таму што ўся зямля належыць Аллаху, а таму ўладцы немусульманскіх краінаў незаконныя (!) і таму толькі часовыя (!). Прыйдзе час – у іх усё паадбіраюць. Таму не думайце, што ў Злучаных Штатах ці ў Польшчы ёсць нейкая законная ўлада! Бо адна мусульманская ўлада ў законе. Раней ці пазней абшары няверных будуць заваяваныя і падданыя ўладзе іх сапраўдных гаспадароў – мусульманаў.

Тэхналагічная і гаспадарчая перавага Захаду прывяла да таго, што рэдкі з мусульманскіх лідэраў публічна выказвае падобныя погляды. Аднак паціху – зусім іншая справа. Калі больш уважліва прыслухацца да таго, што гавораць імамы з Парыжа, Лондана ці Берліна, чаму навучаюць у мусульманскіх школах, можна даведацца мноства цікавага. На жаль, не ўсе спрабуюць да таго прыслухацца, а тых, хто асмельваецца гаварыць пра тое, што яны чуюць і бачаць, у нас звычайна кваліфікуюць як расістаў з усімі наступствамі, якія з таго выцякаюць.

Мусульмане, якія пад час сваіх пераможных войнаў апанавалі многія хрысціянскія абшары, сутыкнуліся з праблемай – што рабіць з нявернымі – і сталі вяртацца да пачынанняў Магамета. Той у часы сваіх першых заваёваў ахвотна ішоў на дамовы з хрысціянамі і жыдамі, а сэнс тых дамоваў быў наступны: калі няверныя пагодзяцца добраахвотна прызнаць яго ўладу, ён дазволіць ім жыць, але за права жыць яны павінны плаціць немалы падатак charadz плюс пагалоўшчыну dzizja. На тое накладаліся яшчэ іншыя паборы, браныя выключна з волі ўладцы. Да таго ж, жыды і хрысціяне былі змушаныя пагадзіцца на розныя абмежаванні – забарона на дзяржаўную службу, на шматлікія прафесіі (збройнікі етс.), увогуле на любыя месцы, дзе маглі б апынуцца вышэй за мусульманаў. Часам былі нават такія абмежаванні, як забарона вярхом на кані ездзіць. Тых, хто паддаваўся мусульманам, называлі dhimni, а мусульманскае права абавязвала пакідаць іх у спакоі да таго часу, калі... паразумнеюць і прымуць іслам. Пакуль хрысціяне і жыды згаджаліся на тое, каб быць людзьмі другога і трэцяга гатунку, ім дазвалялі жыць. Як толькі яны пачыналі шумець і дамагацца роўных правоў, пачыналіся рэчы страшныя.

Статус dhimni залежаў ад добрай волі ўладцы. Бо ўладца меў права самасційна паставіць умовы, якія давалі б няверным шанц выжыць – зразумела, такія ўмовы, якія былі карысныя толькі яму самому.

Сёння публіцысты адзін перад адным пішуць, што іслам – гэта рэлігія талерантнасці, якая абавязвае ажно да абароны няверных. Дайце веры! Гангстэр Аль Капонэ таксама не ламаў дробным гандлярам рукі і ногі, калі тыя згаджаліся плаціць мафіі за абарону – але гэтая «абарона» наўрад ці цягне на талерантнасць.

Кантэкст палітычны

У Саудаўскай Аравіі пануе адзін з найбольш абрыдлых дэспатычных рэжымаў. Цікава, што сёння гэта адзіны край на свеце, чыя назва паходзіць ад назвы яго ўладнага клану. Нідзе больш галава дзяржавы не ёсць поўным уладцам свайго краю і сваіх падданых. Край гэты амаль закрыты для ўсіх чужых. Аднаго з амбасадараў ЗША папрасілі пакінуць краіну, бо той амбасадар гаварыў па-арабску не горш за любога араба, што спрошчвала яму здабычу самай рознай інфармацыі. Рэдкі іншаземец арыентуецца ў мясцовай палітыцы. Аднак з многіх фактаў вынікае, што пануючая дынастыя Саудаў цяпер мае клопат: гаспадарка не выглядае найлепей, а ўплывы ісламскіх фундаменталістаў растуць з кожным днём. Таму палітыка саудаўскіх манархаў няўстойлівая: бэн Ладэна пазбавілі саудаўскага падданства, але Саудаўская Аравія была адной з рэдкіх краінаў, якія фінансава, збройна і палітычна... падтрымлівалі рэжым талібаў у Афганістане. Цяпер, пад час адкрытай вайны з тэрарызмам, быццам бы падтрымала Злучаныя Штаты, але... не дазволіла карыстацца ваенна-паветранымі базамі на сваім абшары. А калі некалькі гадоў таму мясцовыя, саудаўскія, тэрарысты высадзілі ў паветра амерыканскія казармы (паліцыя знайшла тых тэрарыстаў імгненна!), то следам... тэрарыстам пассякалі галовы за адну ноч, абы амерыканская разведка не ўзяла іх на допыт. Хто ведае, што б тыя тэрарысты маглі расказаць наперад, скажам, пра падтрымку фундаменталістаў ісламу на цэлым свеце з боку пануючага саудаўскага дому ў Саудаўскай Аравіі.

Што муфцій сказаў вернікам?

Калі рэлігійныя фанатыкі кінулі кліч забіваць хрысціянаў у арабскіх краінах, муфцій апынуўся паміж молатам і кавадлам. Бо асуджэнне ісламістаў азначала падтрымку Злучаных Штатаў, а тое азначала адначасова перавярнуць сабе ўсё жыццё. Падтрымка ж ісламістаў азначала канфлікт з Амерыкай... і з каралём! І маўчаць было нельга. Што рабіць?

Муфцій выйшаў з гэтай жыццёвай дылемы геніяльна. Асудзіў заклікі да насілля супраць хрысціянаў у арабскіх краінах, што ў разуменні наіўнага Захаду зрабіла з яго апостала спакою і талерантнасці. Аднак, калі перачытаць яго адозву больш уважліва, то з яе вынікае, што ён не асудзіў пераследу хрысціянаў як пераследу ўвогуле. Ён толькі асудзіў тых, хто пераследуе людзей, якія згадзіліся на статус dhimni. Тых хрысціянаў, якія згадзіліся падпарадкавацца мусульманскай уладзе, трэба пакінуць у спакоі, але што рабіць з тымі, хто такой улады прызнаваць не хоча, бо жыве ў хрысціянскіх краінах? Пра гэта муфцій нічога не сказаў, аднак кантэкст яго выказвання зразумелы: як на такіх няверных сабакаў, то няхай рука ваша вольнаю будзе...

Добра, добра, але ці я не дапісваю ад сябе? Ці мы ўсе не ўкладаем у вусны муфція штосьці такое, чаго ён не гаварыў? Можа. Але важны кантэкст сказанага. Трэба не забываць, што муфцій гаворыць ад імя краю, дзе хрысціянам не толькі забаронена будаваць святыні, але нават маліцца дома, прыватна. Нават крыжык на шыі насіць забаронена, не гаворачы пра распаўсюджванне Бібліі. І трэба не забываць, што муфцій звярнуўся да людзей, якія ў Афганістане трымаюць у турмах іншаземцаў толькі за хрысціянскае веравызнанне, і за гэта ім пагражае кара смерці. Муфцію не прыйшло ў галаву звярнуцца да талібаў, каб вызвалілі тых людзей. Не заікнуўся ён пра тое, што зняволенне людзей іншай веры супярэчыць законам ісламу. Ён заўважыў толькі, што нельга забіваць тых, хто прызнаў статус dhimni. А місіянераў забіваць можна.

Цяпер прашу звярнуць увагу на тлумачэнне муфція, чаму нельга забіваць хрысціянаў. Не таму, што гэта зло. Але не трэба іх забіваць, бо гэта пацягне за сабой бунты, агітацыю супраць ісламу і поўны крах цяперашняга спакою і бяспекі. Так і просіцца аналогія з вядомым малюнкам Анджэя Млечкі, на якім хлопчык б’е дзяўчынку ў пясочніцы на падворку, а мама яму тлумачыць: «Ясенька, не бі яе лапаткай па галаве, бо спацееш і захварэеш...».

Цяпер прашу ўсіх падумаць, што б гэта было, калі б сталася так: група палякаў перабіла дзесяткі людзей у Егіпце. Нехта малюе на мурах у Гданьску «мусульмане вон!». І тады Прымас гаворыць: «Людзі, якія пэцкаюць муры антымусульманскімі лозунгамі, гэта не хрысціяне, бо калі б мы выгналі ўсіх мусульманаў, Польшча выглядала б не найлепей».

Адчуванне двухсэнсоўнасці

На заканчэнне варта прыгадаць дэбаты на тэму тэрарыстычных акцый з удзелам самагубцаў. Былі тыя дэбаты ў пачатку 2001 года, а дэбатавалі пра тое, «ці самагубцы з бомбамі апраўданыя мусульманскай тэорыяй». Былі тры галоўныя пункты гледжання – сярод рэлігійных лідэраў. Па-першае, такія акцыі справядлівыя, а тэрарысты – гэта мучанікі. Па-другое, такія акцыі забароненыя, ну, хіба што супраць Ізраіля – тады можна. Бо супраць таго Ізраіля любыя сродкі добрыя. Да гэтай думкі далучыўся і шэйх Юсаф аль-Карад, вельмі шаноўны рэлігійны лідэр з Егіпта. А трэцюю пазіцыю заняў... муфцій Саудаўскай Аравіі Абдулхазіз аш-Шайк: любыя падобныя акцыі знаходзяцца па-за мусульманскім правам. Муфцій патлумачыў, што іслам... асуджае самазабойства. І тут зноў найцікавейшае пытанне: а як муфцій лічыць, ці можна ўжываць бомбу з гадзіннікавым механізмам альбо з радыёкіраваннем. Здаецца, што муфцій любіць пакідаць двухсэнсоўнасць сказанага.

Неразуменне і паражэнні не трапляюць да ўвагі асобаў, якія не адчуваюць рэаліяў Бліжняга Усходу. Шкада, як і ў выпадку тых недамоваў. Бо менавіта тое, чаго не сказаў муфцій, куды больш цікавае за тое, што ён сказаў, ці не праўда?

Пераклаў з польскай мовы
А. Чобат


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY