Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(19)/2002
Мастацтва
Нашы святыні
Мастацтва

ВЕСНАВЫЯ ГАЛІНКІ ВЯРБЫ

НАПАЛЕОН
Memoria
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЖЫЦЦЁ ПАЭТА Ў МІНІЯЦЮРЫ
Haereditas

СЛАВУТЫ ЧЫЛІЕЦ

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Мастацтва
Культура
Кантрапункт
Пра самае важнае

Здзіслаў СІЦЬКА

СЛАВУТЫ ЧЫЛІЕЦ

Да 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі

Ігнат ДАМЕЙКА. МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

Сёлетні год ЮНЕСКА абвясціла годам Дамейкі – знакамітага чылійскага асветніка, рэктара універсітэта ў Сант’яга, сусветна вядомага геолага, даследніка радовішчаў карысных выкапняў у гарах і пустынях Чылі. Гэты знакаміты навуковец, нацыянальны герой Чылі – наш суайчыннік. Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года ў маёнтку Мядзвядка, што недалёка ад славутага мястэчка Мір.

Бацькі Ігната, старшыня земскага суда Наваградскага ваяводства Іпаліт Дамейка і Караліна з роду Анцута, не толькі заахвочвалі сваіх дзяцей да навукі, але і клапаціліся пра іх духоўнае развіццё ды прывілі глыбокую любоў да Бога. Не выпадкова 10-гадовага Ігната і яго старэйшага брата аддалі вучыцца ў шчучынскую школу айцоў піяраў. Пасля Ігнат Дамейка «запісаўся на факультэт фізічных і матэматычных навукаў» Віленскага універсітэта. У нелегальных студэнцкіх таварыствах ён пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам ды іншымі «аматарамі ведаў» (філаматамі) і «аматарамі цноты» (філарэтамі), сярод якіх быў вядомы па канспіратыўнай мянушцы Жэгота (пад гэтым імем ён увасоблены ў паэме А. Міцкевіча «Дзяды»).

У чэрвені 1822 г. Ігнат Дамейка паспяхова здаў неабходныя экзамены, абараніў навуковую працу па вышэйшай матэматыцы ды атрымаў дыплом магістра філасофіі. З Вільняй, аднак, не мог расстацца. Дарэчы, духоўную повязь з гэтым горадам ён адчуваў усё жыццё. У лісце з Чылі да сваёй пляменніцы ён пісаў: «…Але найдаражэйшая для мяне памятка, да якой я часта звяртаюся з просьбай выбаўлення, – гэта Вострая Брама. Няхай Яе Бог захавае ад усялякага няшчасця…» Пасля заканчэння вучобы Дамейка яшчэ два семестры слухаў лекцыі гісторыі, вывучаў архітэктуру і марыў стаць выкладчыкам Віленскага універсітэта.

У лістападзе 1823 г. ён быў арыштаваны па справе філаматаў і філарэтаў. Пасля працяглага следства праз хадайніцтва дзядзькі быў вызвалены з-пад варты і высланы пад нагляд паліцыі ў вёску. Там, у дзядзькавым мёнтку Заполле каля Ліды, ён «з кніжкай у руках» гаспадарыў. Калі ж пачалося паўстанне 1831 года, «найлепшы ў Літве аканом» далучыўся да паўстанцкага войска генерала Д. Хлапоўскага. Простым жаўнерам кавалерыйскага эскадрону, а пасля і палкавым ад’ютантам Ігнат Дамейка ўдзельнічаў у бітвах пад Коўнам, Шаўляем. Пасля паражэння паўстання Ігнат Дамейка быў інтэрнаваны ў Прусіі, адкуль і пачаліся ягоныя эмігранцкія вандраванні па Нямечыне і Францыі, дзе ён наведваў лекцыі ў Сарбоне і вучыўся ў парыжскай Горнай школе. На запрашэнне ўраду Чылі ён у 1838 годзе паехаў выкладаць хімію і мінералогію ў гімназіі горада Какімба. Падпісаў кантракт на 6 гадоў, але пражыў у Чылі амаль паўвека, даследуючы геалогію гэтай краіны, навучаючы першае вольнае пакаленне маладой рэспублікі.

Паводле праекту Ігната Дамейкі быў утвораны універсітэт у Сант’яга, рэктарам якога нашага суайчынніка абіралі амаль 20 гадоў запар. Ягоны навуковы даробак – некалькі унікальных падручнікаў, якія выдаваліся ва ўсёй Паўднёвай Амерыцы, шматтомная «Мінералогія», манаграфіі і навуковыя артыкулы па геалогіі Чылі. Дон Ігнацыа стаў нацыянальным героем Чылі, Ягоным іменем названы два гарады і горны ланцуг – Кардыльера Дамейка. Яму была прызначана самая вялікая пенсія, якой не мелі і генералы, што змагаліся за незалежнасць Чылі. Так была выказана ўдзячнасць чылійскага народа за шматгадовую нялёгкую выкладчыцкую працу, самаахвярныя экспедыцыі ў пустыні і горы Чылі, за адкрыццё і даследаванне шматлікіх радовішчаў карысных выкапняў.

Дзённікі Ігната Дамейкі, старонкі якіх мы пачынаем друкаваць, сведчаць: сусветна вядомы навуковец усведамляў, што яго талент, любоў да творчай працы – Божы дар, што Божай ласкай ён быў уратаваны ад гібелі ў шахце і падчас землятрусу. Штодзённая малітва, удзел у набажэнствах гарманічна дапаўнялі ягонае духоўнае жыццё. Усюды і ва ўсім ён бачыў Боскую моц.

У 1884 годзе Ігнат Дамейка з сынамі выбраўся наведаць Бацькаўшчыну. Раніцай 9 жніўня ён прыехаў у родную Мядзвядку і пасля снядання пайшоў памаліцца ў мясцовую уніяцкую царкву, але тая пасля прымусовага навяртання уніяцкіх жыхароў Мядзвядкі ў праваслаўе ўжо 20 гадоў была зачыненая. «Пры дзвярах гэтага касцёла, пацалаваўшы зямлю, пацеры згаварыў…»

З малітвы – 53 гады таму – пачынаўся яго шлях выгнанніка...

Ігнат ДАМЕЙКА. МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

Камень на месцы былога маёнтка Мядзвядкі,
дзе нарадзіўся Ігнат Дамейка.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY