|
|
№
1(19)/2002
Мастацтва
Нашы святыні
Мастацтва
Memoria
Паэзія
Проза
Haereditas
Мастацтва
Культура
Кантрапункт
Пра самае важнае
|
Бог шчодра надзяліў яго талентамі. Ён быў мастаком, кампазітарам, піяністам, педагогам. І праз гэтыя таленты нястомна дасканаліў сваю душу – тое самае патаемнае, дзеля спраўджвання якога ўсе мы прыходзім на зямлю. Бацькі назвалі яго Напалеонам, і ён, як той ваяр, адваёўваў у нябыту найпрыгажэйшыя куточкі Бацькаўшчыны – яе касцёлы, цэрквы, кляштары, замкі, палацы, сядзібы, каб падарыць нашчадкам тую Беларусь, пра якую без яго пэндзля, без яго душы і сэрца мы маглі б ніколі не даведацца. Ён ствараў мастацкі вобраз Радзімы. Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 г. у маёнтку Варацэвічы, што стаяў на ўскраіне вёскі з такой жа назвай непадалёку ад Пінска (на жаль, сёння ад фальварка, якім Орды валодалі з ХVІІІ ст., нічога не засталося). Бацька Напалеона Орды Міхал (ён рана памёр) быў маршалкам Кобрынскага павета, а па спецыяльнасці – інжынерам-фартыфікатарам (будаваў дарогі і каналы на Палессі). Маці – Юзафіна (дачка пінскага мечніка і гарадскога суддзі Мацея Бутрымовіча) – была таленавітай піяністкай. Мяркуючы па даволі рэдкім імені сына, бацькі не толькі захапляліся французскім імператарам, але і звязвалі з яго асобай спадзяванні на адраджэнне былой Рэчы Паспалітай. У пэўнай ступені гэта імя вяло Напалеона Орду па жыцці амаль ад самага яго пачатку: будучы студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага універсітэта, ён апынуўся сярод удзельнікаў тайнага студэнцкага таварыства «Заране», за што ў 1827 г., на ІV курсе, быў выключаны з універсітэта і арыштаваны. У 1830 г. Напалеон Орда служыў салдатам у расейскай коннай гвардыі Літоўскага корпуса, а калі выбухнула паўстанне, стаў у шэрагі паўстанцаў. За асабістую мужнасць ён атрымаў самую высокую ўзнагароду – Залаты Крыж «Virtuti Militari» (Воінская доблесць), але як афіцэр (у корпусе Гераніма Рамарыны яму далі званне капітана), што здрадзіў прысязе расейскаму прастолу, быў прыгавораны да пакарання смерцю і таму мусіў уцякаць за мяжу. Амаль год ён блукаў па Еўропе, пакуль у верасні 1833 г. трапіў са Швейцарыі ў Парыж (з пашпартам на чужое імя, як слуга свайго сябра Цітуса Плонскага). На шчасце, Напалеона Орду пазнаёмілі з графам Людвікам Платэрам, які меў добрыя стасункі з уладамі і паспрыяў уцекачу атрымаць статус эмігранта. У Парыжы Напалеон Орда, які ў маленстве вучыўся музыцы, пазнаёміўся з Фрэдэрыкам Шапэнам, і той хутка стаў не толькі яго настаўнікам у музыцы, але і сябрам. Па парадзе Ф. Шапэна ў 1833 г. Орда выдаў свае творы для фартэпіяна (паланэзы, вальсы, мазуркі, серэнады), ухваленыя Ф.Шапэнам і Ф.Лістам, а таксама рамансы і песні на словы Стэфана Вітніцкага і Адама Плуга (Антона Пяткевіча). У 1838 г. Н. Орда апублікаваў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», даход ад выдання якога ахвяраваў бедным суайчыннікам. Цікава, што ў Парыжы наш слынны зямляк два гады быў нават дырэктарам славутага тэатра Італьянскай оперы (так беларускі Напалеон заваёўваў Францыю). Пасля дырэктарства ён займаўся выкладаннем музыкі і кампазітарствам. У тагачасным Парыжы жылі Адам Міцкевіч, Анарэ дэ Бальзак і Стэндаль, Фрэдэрык Шапэн, Ферэнц Ліст, Джаакіна Расіні, Джузепэ Вэрдзі, Шарль Гуно, Гектар Берліёз, а таксама Паліна Віардо і Іван Тургенеў. Яны прынялі Орду ў сваё асяроддзе. У мастацкай студыі П'ера Жэрара ён вучыўся жывапісу і разьбе. У 1843 г. Напалеон Орда ўзяў шлюб з францужанкай Ірэнай Бугле.
На радзіме яго чакалі цяжкія выпрабаванні. Маёнтак быў канфіскаваны: пасля паўстання 1830–1831 гг. улады ўзнялі пытанне аб «отобрании имения у преступника ІІ разряда»1. Маці Напалеона Орды доўга змагалася за сваю маёмасць. Акрамя «мяцежнага» сына ў яе былі яшчэ чатыры дачкі, якія мелі права на частку маёнтка. Справу вёў спачатку гродзенскі, потым кобрынскі суд, а далей – Сенат. Мясцовыя ўлады нават намагаліся дапамагчы Юзафіне Ордзе. Кобрынскі павятовы прадвадзіцель дваранства так характарызаваў сям'ю Ордаў перад высокімі ўладамі: «Что же касается поведения и благонадежности сей помещицы и сына ея Напалеона, последний, знакомый мне еще с молодых лет, поведения очень хорошего и совершенно благонадежен. Г-жа же Юзефина Орда по высокому воспитанию и врожденным чувствам нежности, кротости и тихости нрава, будучи всегда примерною матерью, достойною госпожою и истинною христианкою сими отличающими ее нравственными качествами приобрела всеобщее почитание»2.
Гэта было апошняе, што ўдалося зрабіць у маёнтку.
З 60-х гадоў Напалеон Орда пачаў шмат маляваць. Немагчыма падлічыць тыя вёрсты, што ён праехаў і прайшоў з планшэтам па дарогах Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Першыя эскізы ён рабіў яшчэ ў Еўропе. Графічныя аркушы мастака часта называюць літаграфіямі ці акварэлямі, але арыгіналы яго працаў выкананы кітайскай тушшу і спалучаюць пяшчотныя нюансы манахромнай адмыўкі з сухім графічным малюнкам пяром, што надае творам вытанчанасць і адначасова дакументальнасць. Пяро заўсёды было з мастаком, таму што часта замяняла пэндзаль, і Орда хаваў яго ў капялюш (гэта дэталь перададзена ў помніку мастаку скульптара Ігара Голубева – ён стаіць у Іванаве). Скрупулёзна-дасканалыя творы Орды сёння сталі каштоўнай навуковай крыніцай для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў, таму што большасці з адлюстраванага ўжо няма. У Каталогу архітэктурных малюнкаў Напалеона Орды, выдадзеным Кракаўскім нацыянальным музеем, значацца 977 малюнкаў і акварэляў. Толькі на Беларусі таленавіты мастак з натуры зрабіў больш як 200 архітэктурных замалёвак. Сярод іх шмат хрысціянскіх святыняў: Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўская царква ў Полацку, Барысаглебскія цэрквы ў Наваградку і Гродне, кляштары ў Полацку, Нясвіжы, Смілавічах, касцёлы і кальвінісцкія зборы ў Свіслачы, Кобрыне, Іванаве, Ішкалдзі (Баранавіцкі р-н), Гнезне (Ваўкавыскі р-н), Койданаве, Фашчаўцы (Шклоўскі р-н), Сар'і (Верхнядзвінскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Варанянах (Астравецкі р-н), Ружанах (Пружанскі р-н) і інш. Паводле малюнкаў і акварэляў Н.Орды ў 1873–83 гг. мастаком А.Місурэвічам былі створаны і выдадзены літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях) – «Альбом пейзажаў Польшчы». Вялікая колькасць малюнкаў мастака захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве.
У 1873 г. у Варшаве выйшла Ордава «Граматыка музыкі, ці тэарэтычны і практычны дапаможнік па гармоніі і мелодыі з кароткім дадаткам пра фугу, кантрапункт і аркестравыя інструменты». Гэта кніга была значным падручнікам па тэорыі музыкі. Выданне рэцэнзаваў Станіслаў Манюшка, які пісаў: «З асалодай чытаў я працу пра гармонію, выкладанне якой мне здаецца найбольш поўным і даступным для разумення <...> сканфужаны дабрынёй Н.Орды, які прысвяціў мне такую дастойную кніжку». ...З бясконцых вандровак Орда ўзімку вяртаўся да сястры Гартэнзіі (некаторы час ён жыў на Валыні ў маёнтку магната Адама Ржавускага). Памёр Напалеон Орда 26 красавіка 1883 г. у Варшаве, дзе ён знаходзіўся па справе выдання свайго альбома, але, згодна з завяшчаннем, быў пахаваны ў Янаве (цяпер Іванава Брэсцкай вобласці) у родавым склепе.
|
|
|