Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(19)/2002
Мастацтва
Нашы святыні
Мастацтва

ВЕСНАВЫЯ ГАЛІНКІ ВЯРБЫ

НАПАЛЕОН
Memoria
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЖЫЦЦЁ ПАЭТА Ў МІНІЯЦЮРЫ
Haereditas

СЛАВУТЫ ЧЫЛІЕЦ

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Мастацтва
Культура
Кантрапункт
Пра самае важнае

Дадатак да артыкула: Галерэя
Тамара ГАБРУСЬ

ТУТ ГУЧАЛА МАЛІТВА ФРАНЦІШКА З АСІЗІ

Сярод паслядоўнікаў Хрыста праз паслушэнства, беднасць, цнатлівасць і міласэрнасць найбольшай шчырасцю, непасрэднасцю і паэтычнасцю рэлігійнага пачуцця вылучаецца асоба святога Францішка Асізскага, які злучыў аскетычны ідэал Сярэдневечча з гуманізмам новага часу. Моц яго ідэалу аскетызму і міласэрнасці, жыцця па Хрысту ўзрушыла тысячы сучаснікаў і працягвае жыць праз стагоддзі. Для Францішка Асізскага жабрацкае жыццё ператварылася ў апостальскае служэнне: ён скінуў абутак, падпаясаўся вяроўкай і пачаў прапаведваць евангельскую беднасць. Каго не ўразіць яго пранікнёная малітва:

Пане Божа, зрабі мяне вартым
Быць прыладаю спакою Твайго,
Дараваць там, дзе крыўдзяць,
Каб я любіў там, дзе ненавідзяць,
Мірыў там, дзе варагуюць,
Даваў веру там, дзе ўводзяць сябе ў зман,
Даваў надзею там, дзе пануе роспач,
Даваў радасць як вышняе святло ў цемру!

Пане Божа, зрабі мяне годным суцяшаць,
а не чакаць суцяшэння,
разумець, а не чакаць паразумення,
любіць, а не чакаць любові,
бо хто дае, той атрымоўвае,
хто забывае пра сябе, той набывае,
хто даруе, таму будзе даравана,
хто памірае, той прачнецца для
жыцця Вечнага!

Пінск. Касцёл і кляштар францішканцаў. Агульны выгляд. Фота 1970-х гг.

З розных жыццеапісанняў Францішка Асізскага вядома пра яго адметнае стаўленне да святыняў. Сучаснай мовай яго можна было б назваць адным з першых абаронцаў сакральнай архітэктурнай спадчыны. Ён адчуваў да закінутых святыняў такое спачуванне, нібы яны былі жывымі істотамі. Яго ідэйны разрыў з бацькам, заможным купцом, адбыўся ў 1207 г., калі Францішак пасля продажу тавараў аддаў усе грошы на выратаванне касцёла святога Даміяна ў Асізі. Яшчэ два гады пасля гэтага разам з малітвай і казаннем ён займаўся аднаўленнем і рамонтам святыняў вакол Асізі, дзеля чаго збіраў ці выпрошваў камяні. Каля адноўленай ім напаўразбуранай капліцы Панны Марыі на гары, званай Парцынкула, святы Францішак пабудаваў сабе шалаш, дзе жыў шмат гадоў. На гэтым «райскім узгорку» ў дзень Святой Тройцы збіраліся яго паслядоўнікі – у 1219 г. іх сабралася каля 5 тысяч. У жабрацкім адзенні яны хадзілі па гарадах і вёсках, заклікалі да міру і пакаяння, а каб пражыць – займаліся фізічнай працай, дапамагаючы сялянам.

Францішак Асізскі памёр 4 кастрычніка 1226 г. і ўжо праз 2 гады быў кананізаваны папам Грыгорыем ІХ, які шанаваў святога яшчэ пры жыцці. На «райскім узгорку», дзе ён жыў, пачалі ўзводзіць гатычны сабор, сцены якога распісаў фрэскамі вялікі мастак Джота, адзін з пачынальнікаў італьянскага Рэнесансу. На адной з іх паказана вянчанне святога Францішка з алегорыяй беднасці – прыгожай, але змарнелай, у падраным адзенні жанчынай, на якую накідваецца сабака, а дзеці і дарослыя кідаюць у яе камяні і замахваюцца палкамі.

З брацтва «мужоў духу», як пачалі называць паслядоўнікаў святога Францішка з канца ХІІІ ст., склаўся жабрацкі ордэн францішканцаў са статутам, які патрабаваў зароку беднасці, поўнай адмовы ад маёмасці – яны не маглі мець нават другой пары вопраткі. Пад уплывам строгасці статуту францішканцаў адпаведныя змены ўнёс у статут заснаванага ім жабрацкага ордэна святы Дамінік. У адрозненне ад дыдактычна-вучонай прапаведніцкай дзейнасці дамініканцаў характар казанняў ордэна францішканцаў вылучаўся сваёй маральна-практычнай скіраванасцю. У 1219 г. яны з’явіліся ў Германіі і Францыі, у 1220 г. – у Англіі, у 1228 г. – у Венгрыі, потым у Бельгіі, Польшчы, Даніі, Нарвегіі і Ісландыі.

Казанні вандроўных братоў-францішканцаў мелі шмат прыхільнікаў не толькі ў Італіі, але таксама ў Іспаніі, Францыі, Сірыі, аднак далейшае пашырэнне іх місіянерскай дзейнасці ў краінах Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы было абцяжарана шэрагам абставін. Перш за ўсё кліматычныя асаблівасці гэтых рэгіёнаў не дазвалялі абыходзіцца мінімальнай маёмасцю, вымагалі змены адзення і абутку. Спачатку па статуту францішканцы не маглі мець уласных касцёлаў, але паступова маёмасныя абмежаванні запатрабавалі паслаблення і прызнання калектыўнай уласнасці. У выніку з 1565 г., адпаведна булы папы Клімента Х, ордэн атрымаў дазвол прымаць ахвяраванні, будаваць храмы і кляштары.

У Вялікім Княстве Літоўскім францішканцы пачалі місіянерскую дзейнасць пры вялікім князю Гедыміну. У сярэдзіне ХІV ст. быў заснаваны першы кляштар (канвент) у Вільні, потым канвенты ў Ашмянах, Лідзе, Пінску, якія належалі да польскай правінцыі ордэна. У 1625 г. была створана самастойная Руска-Літоўская правінцыя (св. Антонія Падуанскага), якую ў 1686 г. падзялілі на асобныя – Рускую і Літоўскую (св. Казіміра). Колькасць францішканскіх канвентаў на беларускіх землях паступова ўзрастала – у 1772 г. іх было 21, аднак, нягледзячы на раннія даты заснавання, большасць францішканскіх касцёльна-кляштарных комплексаў доўгі час будавалася пераважна з дрэва – традыцыйнага і таннага будаўнічага матэрыялу, што адпавядала спецыфіцы і сферы місіянерскай дзейнасці ордэна сярод бяднейшых пластоў насельніцтва.

Даследаванні сучасных беларускіх гісторыкаў паказваюць, што амаль усе даты ўзвядзення мураваных францішканскіх святыняў, якія фігуравалі раней у клерыкальна-краязнаўчай літаратуры, не адпавядаюць сапраўднасці. Мураваны касцёл францішканцаў у Гродна ўстойліва датаваўся 1635 г. па даце яго фундацыі старостам упіцкім Яўстафіем Курчам і яго жонкай Зузаннай, якія падаравалі францішканцам фальварак Панямонь пад Гроднам. Гэты фундуш быў пацверджаны каралём Уладзіславам ІV у красавіку 1639 г. Даследаванні апошняга часу паказалі, што, паводле архіўных крыніц, у 1675 г. касцёл згадваецца яшчэ як драўляны і толькі ў 1700 г. упершыню – як мураваны, з гатовай алтарнай кампазіцыяй. З гэтага вынікае, што храм змураваны ў апошняй чвэрці ХVІІ ст., у часы сталага барока, а кансэкраваны ў гонар Панны Марыі Анёльскай толькі ў 1744 г. біскупам інфлянцкім Язэпам Пузынам, а пасля пажару і аднаўлення ў 1761 г. рэкансэкраваны біскупам-суфраганам Феліксам Тавяньскім.

План касцёла
і кляштара францішканцаў у Гродне.
Комплекс францішканскага кляштара ў Гродне размешчаны на высокім плато на левым беразе Нёмана. Складанасць рэльефа абумовіла асіметрыю яго кампазіцыі. Касцёл – класічная трохнававая шасціслуповая базыліка без трансепта, з выцягнутай алтарнай часткай у выглядзе паўкруглага завяршэння цэнтральнай навы з вялікім прэзбітэрыем, па баках якога размешчаны сіметрычныя закрыстыі. Бязвежавы галоўны фасад храма падзяляецца гарызантальнымі цягамі на два ярусы адпаведна вышыні бакавых і цэнтральнай навы і завершаны сціплым атыкавым франтонам з трохвугольным тымпанам. Плыстычная аздоба фасада даволі стрыманая і нагадвае першапачатковы выгляд гродзенскага касцёла езуітаў, пабудаванага прыблізна ў той жа час. Асноўным выразным сродкам з’яўляецца рытм шматлікіх вертыкальных элементаў, пры гэтым пілястры выразна раскрапоўваюць антаблементы, каб візуальна пераадолець важкаватасць кампазіцыі фасада. У адну лінію з ім да паўночна-заходняга вугла касцёла прылягае трох’ярусная вежа, ніжні чацвярык якой мае з фасадам аднолькавы дэкор і агульны антаблемент, што сведчыць пра адначасовасць іх узвядзення. Больш за тое, у плане параметры вежы адпавядаюць першай травеі базылікі, у якой (у адрозненне ад больш ранняга гродзенскага касцёла бернардзінцаў) адсутнічае нартэкс. Лічыцца, што вежа пабудавана пасля пажару ў 1753 г., але гэта, верагодна, тычыцца толькі перабудовы яе верхніх ярусаў, пластычнае вырашэнне якіх зусім іншае: вуглы зкруглены і аздоблены пілястрамі-валютамі, што з’яўляецца прыкметай стылістыкі віленскага барока. Дзякуючы сваёй вышыні, стромкасці, ажурнай пластыстыцы, фігурнаму спічастаму завяршэнню вежа відавочна дамінуе ў ансамблі кляштарнага комплексу, які канчаткова сфармаваўся ў другой палове ХVІІІ ст. З прычыны складанага рэльефу мясцовасці крылы двухпавярховага, пабудаванага «ў тры лініі» кляштара далучаюцца да касцёла пад вострым вуглом і ўтвараюць нероўнабаковы замкнуты ўнутраны двор (клуатр). Бакавыя фасады амаль пазбаўлены аздобы, толькі вокны маюць пругкія лучковыя завяршэнні, характэрныя для сталага барока.

У інтэр’еры гродзенскага францішканскага касцёла дамінуе цэнтральная нава, перакрытая крыжастымі скляпеннямі на падпружных арках. Яна прасторава злучана з прэзбітэрыем, што падкрэслена агульнай цягай шматпрафіляванага антаблемента. Гэта стварае цэласную і велічную сакральную прастору. Магутны крок міжнававых аркадаў, аформленых куліснымі алтарамі, надае інтэр’еру выразную падоўжную дынаміку, завершаную мураванай шмат’яруснай архітэктанічнай кампазіцыяй галоўнага алтара, выкананай ў стылі сталага барока. У першым ярусе, размешчаным на высокім п’едэстале, паміж аб’ёмнымі калонамі карынфскага ордэра ў нішах-табернакулах месцяцца дынамічныя барочныя скульптуры св. Францішка Асізскага і св. Антонія Падуанскага, у цэнтры – абраз «Панны Марыі Анёльскай». Над ім, у другім ярусе, знаходзіцца абраз «Стыгматыты святога Францішка», яшчэ вышэй – гарэльефная кампазіцыя «Ушанаванне Панны Марыі». Алтары і арган створаны па фундацыі Канстанцыі (з Юндзілаў), жонкі кашталяна мсціслаўскага Самуэля Лазавога (яны, дарэчы, фундавалі і галоўны алтар гродзенскага касцёла езуітаў) і ваяводы наваградскага Радзівіла. У багатым мастацкім начынні інтэр’ера, дзе вылучаецца шыкоўная амбона, увенчаная каронай са скульптурай Арханёла Міхала, спалучаны рысы позняга барока і ракако.

Стылёвая палітра мураванага сакральнага каталіцкага дойлідства ХVІІІ ст. даволі складаная і неаднародная. Многія касцёлы будаваліся шмат гадоў, іншы раз на працягу дзесяцігоддзяў, і таму рэдкія з іх маюць аднародныя стылёвыя характарыстыкі. Звычайна яны ўяўляюць складаны розначасовы, але дастаткова арганічны стылёвы кангламерат, у якім захоўваецца агульны прынцып мастацкага светапогляду эпохі. У іх яскрава выяўлены заканамерны ход агульнаеўрапейскай стылёвай эвалюцыі і аналагі культурна-гістарычных працэсаў. Складанае ўзаемадзеянне мясцовых архітэктурна-будаўнічых традыцый з заходнееўрапейскімі мастацкімі ўплывамі яшчэ больш рэльефна выяўляе самабытнасць позняга беларускага барока. У сувязі з гэтым мы канцэнтруем увагу пераважна на датах заснавання мураваных касцёлаў, таму што менавіта пры гэтым адразу вызначалася архітэктоніка будучага збудавання, якая пазней магла атрымаць іншую, адпаведную свайму часу стылёвую афарбоўку.

План касцёла францішканцаў у Пінску.
Адным з характэрных гэтаму прыкладаў з’яўляецца архітэктурнае вырашэнне касцёла кляштара францішканцаў у Пінску. Яго заснаванне адносяць да канца ХІV ст. (па фундацыі князя пінскага, тураўскага і старадубскага Жыгімонта Кейстутавіча і яго жонкі Ганны Мазавецкай). У шэрагу гістарычных крыніц сцвярджаецца, што першы мураваны касцёл тут быў узведзены па фундацыі караля Жыгімонта І Старога і яго жонкі каралевы Боны. Вядома, што ў 1648 г. кляштарны комплекс спалілі казакі, але ў 1651 г. яго аднавілі. У 1687 г. была створана літоўская правінцыя ордэна францішканцаў і з гэтай нагоды складзены інвентар пінскага кляштара, дзе зафіксавана наяўнасць у ім мураванай са скляпеннямі закрыстыі, верагодна, рэшткаў старога мураванага касцёла. Астатнія пабудовы ў той час былі драўляныя. Падчас Паўночнай вайны, у 1705 г., кляштар спалілі шведы. Пасля іх адыходу ад Пінска, каля 1706 г., пачалося ўзвядзенне мураванага касцёла. Ужо ў 1712 г. адбылася яго бенедыктацыя – першапачатковае асвячэнне, якое дазваляла адпраўляць у святыні Імшу. Кансэкрацыя касцёла біскупам луцкім і брэсцкім Стафанам Рупнеўскім у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася 7 мая 1730 г. Як лічыць мастацтвазнаўца А. Ярашэвіч, які грунтоўна даследаваў архітэктурна-скульптурны ансамбль пінскага касцёла францішканцаў, яго стваральнікам быў, магчыма, гвардыян кляштара доктар тэалогіі Антоній Аляхновіч, пазначаны ў метрыцы памерлых за 1725 г. францішканцаў правінцыі літоўскай і беларускай як «будаўнік храма». Фасад святыні быў завершаны толькі ў 1766–1769 гг. Адначасова з гэтым змураваны 2-павярховы Е-падобны кляштарны корпус. У 1817 г. ансамбль дапоўніла пастаўленая асобна трох’ярусная вежа-званіца, пабудаваная архітэктарам Казімірам Каменскім, верхнія ярусы якой надбудоўваліся ўжо ў ХХ ст.

Па сваёй архітэктоніцы пінскі францішканскі касцёл – трохнававая базыліка, а не аднанававы храм, як памылкова сцвярджаюць сучасныя энцыклапедычныя даведнікі. Пра гэта сведчыць наяўнасць у ім тыповага базылікальнага сячэння (з верхнім асвятленнем цэнтральнай навы), але навы тут надзвычай вузкія і падзелены суцэльнымі перагародкамі на асобныя неглыбокія капліцы, што адрознівае арганізацыю інтэр’ера святыні ад большасці барочных касцёлаў Беларусі, якім уласцівая адкрытая і ўзаемазвязаная прастора бакавых наваў. Аналагічны прыём можна назіраць у шэрагу касцёлаў Слёнска (Польскай Сілезіі), напрыклад, у касцёле францішканцаў у Легніцы, пабудаваным у 1724–1720 гг. як езуіцкі. Больш за тое, вельмі вузкія навы, нават аб’яднаныя з цэнтральнай навай пад адным дахам ў псеўдабазыліку, былі ў пінскім касцёле езуітаў, а таксама ў брэсцкім касцёле ордэна бернардзінак, таму мы лічым гэтую адметнасць уласцівай мураванаму сакральнаму дойлідству брэсцка-пінскага рэгіёна. Афармленне інтэр’ера пінскага касцёла францішканцаў, якое вызначаецца багаццем і разнастайнасцю мастацкіх сродкаў, расцягнулася на доўгі час. Вялікую алтарную апсіду, крыху вузейшую за асноўную наву, і 6 капліцаў у бакавых навах аздабляюць разьбяныя барочныя алтары ў выглядзе складаных архітэктурных кампазіцый з вітымі калонкамі і скульптурнай пластыкай, выкананай, па меркаванню польскага даследчыка К.Кантака, майстрам-разьбяром Янам Шмітам (які, зноў жа, вядомы тым, што з’яўляецца аўтарам непаўторнага шматфігурнага галоўнага алтара гродзенскага касцёла езуітаў). Асноўны акцэнт зроблены на велічным галоўным алтары, у цэнтры якога размешчана жывапісная карціна «Унебаўзяцце Марыі» (копія з Б.-Э. Мурыльё). Барочную экспрэсію алтарнай кампазіцыі надаюць магутныя двухметровыя фігуры апосталаў Пятра і Паўла ў бакавых інтэркалумніях. Алтар увенчаны картушам з гарэльефнай кампазіцыяй «Стыгматыты святога Францішка», выкананай, як лічыцца, паміж 1766 і 1817 гг. Выдатным творам манументальнага мастацтва з’яўляецца разьбяная амбона, на гранях якой зроблены рэльефныя выявы чатырох евангелістаў, а навершша ўвенчана дынамічнай барочнай скульптурай Міхала Арханёла з мячом і шалямі ў руках. З 1837 г. у касцёле францішканцаў існуе цудоўны арган (майстар Ф. Градзецкі). У 1909 г. скляпенні і падпружныя аркі былі размаляваныя шматколернымі арнаментальнымі фрэскамі (мастакі С. Рудзінскі, Б. Вішнеўскі). У стварэнні жывапісных карцін бакавых алтароў на пачатку ХХ ст. прымаў удзел мастак А. Ромер.

План пафранцішканскага касцёла ў Івянцы.
Сярод даволі аскетычных па архітэктоніцы францішканскіх святыняў да стылёвай плыні пышнага і маляўнічага позняга віленскага барока можна аднесці толькі касцёл Міхала Арханёла ў Івянцы (Валожынскі раён). Кляштар францішканцаў з драўляным касцёлам быў заснаваны ў Івянцы ў 1702 г. стольнікам і падстаростам мінскім Тэадорам Антоніем Ваньковічам (фундуш пацверджаны Галоўным Літоўскім Трыбуналам 19.11.1704 г.). Узвядзенне мураванага касцёла пачалося на ахвяраванні пляменніка фундатара Уладзіслава Тадэвуша Ваньковіча і мясцовых мяшчан-дабрачынцаў. Будаўніцтвам кіраваў (па розных крыніцах) айцец Альберцін альбо івянецкі мешчанін Анзэльм Чаховіч (магчыма, гэта мірское імя манаха). Бакавы алтар у гонар Маці Божай Чанстахоўскай быў кансэкраваны ў 1757 г., з чаго вынікае, што ўзвядзенне муроў прыпадае на сярэдзіну ХVІІІ ст. Гэтаму адпавядае і пышная «віленская» стылістыка храма, арыентаванага алтаром на захад. Яшчэ тры (з пяці) алтары, выкананыя ў тэхніцы стуку (з штучнага мармуру) з пазалотай, асвечаны ў 1769 г.

Архітэктурна-мастацкае вырашэнне івянецкага касцёла францішканцаў вызначаецца высокім прафесіяналізмам і разуменнем эстэтыкі позняга барока на агульнаеўрапейскім узроўні. Гэта дазваляе меркаваць, што да стварэння «абрысу« святыні і яе мураваных і стукавых алтароў далучыўся славуты майстар віленскага барока І.К.Глаўбіц. Аднанававы храм, перакрыты крыжастымі скляпеннямі на адзінкавых падпружных арках, з прамавугольнай апсідай прэзбітэрыя, мае аб’ёмна-прасторавую структуру ў выглядзе лацінскага крыжа. Велічны галоўны двухвежавы фасад-нартэкс як шырма закрывае наву, выступаючы за яе межы на шырыню ніжніх чацверыкоў вежаў, што дазваляе трактаваць яго як цалкам самастойную мастацкую кампазіцыю. Вышэй карніза навы, якая падзяляе фасад на ўстойлівую аснову і дынамічнае завяршэнне, ярусы вежаў пачынаюць імкліва змяншацца па памерах, што стварае моцную стэрыяскапічную перспектыву. Паміж ажурнымі шмат’яруснымі вежамі размешчаны фігурны атыкавы франтон, аздобены валютамі з «грабеньчыкамі» і дэкаратыўнымі вазамі-пінаклямі. Тыя ж матывы паўтораны на вуглах ярусаў вежаў. Фасадная сцяна мае трохмерную глыбінна-прасторавую будову з хвалістай паверхняй, утворанай разнастайнай групоўкай пластычных дэталяў. Канфігурацыя ўсіх элементаў фасада вызначаецца вытанчанасцю і палётам фантазіі.

Франтону галоўнага фасада адпавядаюць фігурныя барочныя франтоны над алтаром і рамёнамі трансепта. Выпукла-ўвагнутая форма апошніх увогуле унікальная ў кантэксце беларускага сакральнага дойлідства. У плане бакавым часткам трансепта, дзе размешчаны капліцы Укрыжавання Хрыста і св. Ануфрыя, нададзены незвычайныя валютападобныя формы: яны нібыта самі сабою перацякаюць у прастору малітоўнай залы. Дыяганальныя развароты перадалтарных пілонаў і пластычны абрыс арганных хораў акрэсліваюць інтэр’ер кафалікона накшталт авала. Дастаткова прасторны і канструцыйна лагічны нартэкс адкрыты ў бакавыя памяшканні з вітымі ўсходамі ва ўнутраных вуглах вежаў. З тэктанічнай дасканаласці збудавання трохі «выпадаюць» несіметрычныя закрыстыі па баках прэзбітэрыя, якія, відавочна, прыбудавалі самі манахі. Імі ж ўзведзены двухпавярховы Т-падобны кляштарны корпус і мураваная агароджа вакол усяго комплексу з барочнай брамай і прысадзістай васьміграннай вежай, з дапамогай якой удала пераадолены перапад рэльефу. Простасць і лагічнасць кляштарных муроў надалі гэтаму архітэктурнаму шэдэўру высокага еўрапейскага ўзроўню самабытную мясцовую ауру.

Найбольшая актыўнасць мураванага храмабудаўніцтва францішканцаў назіралася ў апошняй трэці ХVІІІ ст. на поўначы Беларусі, у віцебскім і гродзенскім рэгіёнах, і ў параўнанні з іншымі ордэнамі яно вызначаецца большай стылёвай кансерватыўнасцю і стрыманасцю формаў. Эталонам для збудаваных тут святыняў з’яўлялася трохнававая базыліка без трансепта (з 12 вядомых мураваных францішканскіх святыняў да гэтага тыпу належаць 9, з іх адна з трансептам). Нягледзячы на панаванне эстэтыкі позняга барока, базылікі францішканцаў мелі строгія прамавугольныя планы, простыя сэчэнні слупоў і адзінкавыя падпружныя аркі скляпенняў. У наданні барочнага аблічча святыням найбольш пашыраным быў бязвежавы галоўны фасад з двух’ярусным чляненнем гарызантальнымі цягамі на ўзроўні карнізаў бакавых і цэнтральнай наваў, завершаны фігурным франтонам.

У Наваградку місія ордэна францішканцаў існавала ўжо ў 1323 г., што вынікае з ліста вялікага князя літоўскага Гедэміна да Папы Рымскага. Дата пабудовы імі тут першага драўлянага касцёла – 1434 год. Прынамсі на яго месцы па вуліцы Бернардзінскай да 1780 г. (дата асвячэння) на ахвяраванні Алены Радзівіл, жонкі мясцовага ваяводы, у стылі позняга барока быў пабудаваны мураваны касцёл св. Антонія – трохнававая базыліка без трансепта, з пяціграннай апсідай і сіметрычнымі закрыстыямі па баках прэзбітэрыя. Строгі раманскі вобраз базылікі ў інтэр’еры падкрэсліваюць адзінкавыя падпружныя аркі і крыжовыя скляпенні травеяў бакавых наваў. Вузкі бязвежавы фасад-нартэкс адзіны нёс у сабе элементы познебарочнай стылістыкі, што выявілася ў двух’яруснай дынамічнай групоўцы ордэра і фігурным атыкавым франтоне. У 1839 г. касцёл зачынілі і да 1846 г. пераабсталявалі пад праваслаўную царкву, асвечаную ў гонар св. Мікалая, якая дзейнічае і сёння. Пасля пажару 1852 г. храм перабудавалі ў псеўдарускім стылі, пры гэтым барочны франтон на галоўным фасадзе замянілі на званіцу, завершаную глухім драўляным васьмерыком з цыбулепадобнай галоўкай. Па баках увахода ў аб’ёме нартэкса размешчаны сіметрычныя вітыя ўсходы, што вядуць у паддашак. Двухпавярховы Г-падобны мураваны кляштарны корпус са сціплымі фасадамі, пабудаваны па фундацыі падстолія наваградскага Т.Вайніловіча пасля 1714 г., выкарыстоўваецца як жылы дом.

План касцёла і кляштара францішканцаў у Гальшанах.
Грунтоўнымі комплекснымі архіўнымі і археалагічнымі даследаваннямі беларускіх рэстаўратараў устаноўлена, што касцёл францішканцаў у Гальшанах (Ашмянскі раён) нанава (ад падмуркаў) змураваны ў канцы 1770-х гг. Галоўны алтар асвечаны ў гонар Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста. Першы касцёл тут вядомы па гістарычных крыніцах з пачатку ХVІ ст., у другой палове стагоддзя ён быў перададзены пад кальвінскі збор. Уладальнік Гальшанаў Павел Сапега вярнуў яго католікам і ў 1618 г. заснаваў пры ім кляштар францішканцаў. Паводле інвентара 1675 г. першы мураваны касцёл у Гальшанах быў аднанававы, з дзвюма капліцамі: св. Францішка і фундатарскай, дзе знаходзілася надмагілле Паўла Сапегі і трох яго жонак з «пышным эпітафіумам», вырашанае накшталт алтара. На тым жа месцы манахі-францішканцы ўласнымі сіламі паставілі новы мураваны храм, які сваёй манументальнасцю і простасцю ўвасабляў ідэал ордэнскага храмабудаўніцтва. Гэта амаль антычная трохнававая базыліка з простым прамавугольным планам і класічным базылікальным сячэннем. У ёй няма трансепта, канструкцыйна не вылучаны прэзбітэрый і закрыстыі. Познебарочнае паходжанне збудавання выдаюць складаная канфігурацыя апорных слупоў, што падтрымліваюць тонкія спараныя падпружныя аркі цыліндрычнага скляпення з распалубкамі, ілюзіяністычная размалёўка плоскай алтарнай сцяны і амаль ідэнтычныя галоўны і алтарны тарцовыя фасады базылікі. Даволі плоскасныя вертыкальныя і гарызантальныя чляненні галоўнага фасада дакладна адпавядаюць структуры базылікі, як гэта было ў перыяд ранняга барока, але тут ужо з’яўляюцца звязкі пілястраў, фігурныя абрысы франтонаў і аконных праёмаў, ажурныя дэкаратыўныя манстранцыі.

Пры вонкавай лапідарнасці масаў збудавання ў інтэр’еры апорныя слупы маюць форму латарынгскага крыжа і адпаведную сістэму тонкіх спараных падпружных арак, што падтрымліваюць цыліндрычнае з распалубкамі скляпенне цэнтральнай навы і крыжовыя скляпенні бакавых наваў. У выніку скрупулёзнага падліку кожнай раскрапоўкі нясучых канструкцый пры інвентарызацыі касцёла складальнік інвентара зазначыў, што скляпенні абапіраюцца на 89 слупоў (замест 8). Гэтую трохі здрабнёную рэзка прафіляваную канфігурацыю апорных слупоў і вытанчанасць падпружных арак у структуры інтэр’ера францішканцы, відавочна, «пазычылі» ва уніяцкай царквы ў Барунах, пабудаванай да 1763 г. у стылі віленскага барока ўсяго за 10 км ад Гальшанаў. Аднак цікава параўнаць розныя семантыка-сімвалічныя ідэі, закладзеныя ў аснову архітэктонікі гэтых збудаванняў: сістэма перакрыццяў укарочанай базылікі уніяцкай царквы ўтварае папарна роўнаканцовы крыж, а францішканцы ўвасобілі ідэю раннехрысціянскай базылікі.

У інтэр’еры плоская алтарная сцяна сродкамі фрэскавага жывапісу ілюзорна ператворана ў паўкруглы прэзбітэрый з трох’яруснай алтарнай кампазіцыяй. У ніжнім ярусе змешчаны сюжэт «Вадахрышчэння» ў абрамленні архітэктурнага стафажу ў выглядзе паўратонды з калонамі карынфскага ордэра. Над ёю размешчана выява Яна Евангеліста з яго сімвалам – арлом. Вышэй жывапісныя архітэктурныя формы разрываюцца ў блакіт нябёсаў, дзе лунаюць анёлы з гербам фундатара. Сцены навы ўверсе апярэзаны вузкай галерэяй з разьбянай драўлянай балюстрадай. Аздобу інтэр’ера дапаўняюць 7 кулісных алтароў, прысвечаныя Езусу Хрысту, Бязгрэшнаму Пачаццю Панны Марыі, святым Антонію, Ганне, Юзафу, Францішку і Тадэвушу Апосталу, вырашаныя ў выглядзе архітэктанічных кампазіцый, а таксама хоры з арганамі.

Роду Сапегаў належыць таксама фундацыя кляштара францішканцаў у Сянно. Ён размяшчаўся на беразе аднайменнага з мястэчкам возера, каля старажытнага замка бастыённага тыпу, узведзенага Львом Сапегам, які ў 1613 г. асадзіў тут францішканцаў. Мураваны касцёл па стылёвых прыкметах пабудаваны ў другой палове ХVІІІ ст., да 1772 г. (вядома, што ў гэтым годзе сюды па ініцыятыве князёў Агінскіх прывозілі з Рыма мошчы св. Фартуната). Пры кляштары існавала 4-класнае вучылішча для бедных. Касцёл быў часткова разбураны ў Вялікую Айчынную вайну (знішчаны дах і скляпенні), а пасля канчаткова зруйнаваны. Гэта была строга прамавугольная ў плане трохнававая базыліка са «свабодным» неканструкцыйным трансептам (роўным па шырыні кроку, а не пралёту базылікі) і прамавугольным прэзбітэрыем з нізкімі сіметрычнымі закрыстыямі па баках. Плоская алтарная сцяна і тарцы трансепта завяршаліся простымі трохвугольнымі франтонамі. Са сціпласцю і лапідарнасцю агульнай кампазіцыі кантраставаў пышны галоўны фасад, які па сваёй стылістыцы нагадваў віленскі касцёл св. Яна, створаны архітэктарам І.К.Глаўбіцам, з цэнтральнай часткай, вылучанай дынамічнай групоўкай спараных паўкалон, што энергічна раскрапоўвалі антаблемент. Завяршэнне фасада, вырашанае ў выглядзе пляскатага аднавежавага а’ёма з накладным атыкавым франтонам, мела ўжо рысы барочнага класіцызму.

Да таго ж часу і рэгіёна адносіўся мураваны касцёл францішканцаў у Дзісне (Міёрскі раён), пабудаваны каля 1773 г. Кляштар ордэна быў заснаваны тут каралём Стэфанам Баторыем яшчэ ў 1583 г. У 1882 г. касцёл перарабілі пад праваслаўную царкву, знішчаную пажарам пасля апошняй вайны. Па сведчанні вядомага гісторыка мастацтва і кансерватара архітэктурнай спадчыны ў Заходняй Беларусі ў 1930-я гг. М.Маралёўскага, гэта быў аднанававы храм з драўляным люстэркавым скляпеннем, бязвежавым фасадам і прысценнай алтарнай кампазіцыяй у стылі ракако. Як бачым, большасць мураваных францішканскіх святыняў лакалізавана на Віцебшчыне.

Кляштар францішканцаў у вёсцы Удзела (Глыбоцкі раён), заснаваны ў 1642 г. вядомым у гэтым рэгіёне рэлігійным мецэнатам Язэпам Корсакам, доўгі час меў драўляныя будынкі. Мураваны касцёл быў закладзены ў 1766 г., кансэкраваны ў 1791 г. пад тытулам Беззаганнага Пачацця Панны Марыі. Будаўніцтва кляштарнага корпуса завяршылася толькі ў 1805 г., але ўжо ў 1809 г. комплекс пацярпеў ад пажару. У 1837 г. касцёл быў істотна перабудаваны ў стылі позняга класіцызму: зменены характар пакрыцця і завяршэння галоўнага фасада, а таксама афармленне інтэр’ера, дзе адзінай барочнай прыкметай застаўся крывалінейны абрыс арганных хораў. Па тэктанічнай схеме удзелскі касцёл – прамавугольная ў плане трохнававая псеўдабазыліка з паўкруглым алтарным завяршэннем цэнтральнай навы і сіметрычнымі закрыстыямі па баках. Цэнтральная нава не мае верхняга асвятлення і ўсе навы накрыты агульным пакатым класіцыстычным дахам, што надае збудаванню важкую манументальнасць. Познебарочны характар святыні відавочны толькі ў ніжняй частцы галоўнага фасада-нартэкса, які да 1809 г. завяршаўся дзвюма вежамі і фігурным франтонам. Паверхні фасада нададзена барочная хвалістасць і вытанчаная нюансіроўка святла і ценю з дапамогай разгорнутых пад вострым вуглом пілонаў, аздобленых пілястрамі вялікага ордэра. Гэта была дастаткова пашыраная, амаль знакавая адметнасць мясцовага познебарочнага храмабудаўніцтва.

Падобную структуру галоўнага фасада меў касцёл св. Антонія кляштара францішканцаў у Полацку, змураваны ў 1763–1775 гг., які ўяўляў сабою трохнававую базыліку з двухвежавым фасадам і познебарочнай стукавай аздобай інтэр’ера (знішчаны пажарам у 1861 г.). Кляштар францішканцаў існаваў тут з 1628 г. па фундацыі Тэафіла і Хрысціны Храпавіцкіх, але быў скасаваны пасля паўстання ў 1833 г.
План пафранцішканскага касцёла святога Яна Хрысціцеля ў в. Грыневічы (Свіслацкі р-н).
Двухпавярховы П-падобны кляштарны корпус змураваны ў 1778 г. і часткова разабраны ў 1882 г. Даволі незвычайны, параўнальна з разгледжанымі помнікамі віцебскага рэгіёна, узор познебарочнай архітэктуры прадстаўляе касцёл Яна Хрысціцеля пры кляштары францішканцаў у вёсцы Грыневічы (Свіслацкі раён), змураваны да 1792 г. Па архітэктанічным тыпе – трохнававая базыліка з бязвежавым фасадам і прамавугольным прэзбітэрыем – гэты касцёл нічым істотна не адрозніваецца ад разгледжаных вышэй францішканскіх святыняў, але суадносіны частак яго агульнай кампазіцыі зусім іншыя. Уласна базыліка тут надзвычай кароткая – усяго 2 крокі слупоў складанай канфігурацыі са спаранымі падпружнымі аркамі цылінрычных скляпенняў. Вялікі прэзбітэрый па ўсіх параметрах – шырыні, вышыні і нават даўжыні – роўны цэнтральнай наве і звонку з’яўляецца яе натуральным працягам. Бакавыя навы, наадварот, вельмі вузкія і нізкія параўнальна з цэнтральнай наваю, аддзелены ад яе прысадзістымі аркадамі, што падкрэслівае яе дамінантную ролю ў кампазіцыі. Адметную будову мае таксама галоўны фасад святыні, які магутным паўкружжам ахоплівае цэнтральную наву, утвараючы нартэкс сегментнай формы з арганнымі хорамі і вітымі ўсходамі ў тоўшчы сцяны. На тарцах бакавых наваў сцяна фасада, наадварот, прагінаецца ў глыбіню, утвараючы паверхню трайчастай крывізны. Гэтая цякучая пластычная пуката-ўвагнутая паверхня мае плоскасны ордэрны дэкор, размешчаны ў два ярусы, і завершана фігурным атыкавым франтонам. Пры рэканструкцыі касцёла пад праваслаўную царкву ў 1870 г. над маляўнічым абрысам фасада ўзвялі ажно 5 цыбулепадобных галовак, што зафіксавана на фотаздымку Я.Балзункевіча пачатку ХХ ст. Мастацкая адметнасць грыневіцкага касцёла Яна Хрысціцеля прынамсі ў яго «нізавым» мясцовым бачанні барочнай эстэтыкі, што было ўласціва ордэну францішканцаў, набліжанаму да простага сялянскага люду.

Мураванае храмабудаўніцтва жабрацкага ордэна францішканцаў у Беларусі ў ХVІІІ ст. было, як бачым, актыўным і масавым, мела рэпрэзентатыўны характар і высокі архітэктурна-мастацкі ўзровень. Іх святыні, якія звычайна сумяшчалі функцыі кляштарных і парафіяльных касцёлаў, мелі значную ўмяшчальнасць і ў большасці выпадкаў па архітэктанічным тыпе былі трохнававымі базылікамі з выяўленымі стылістычнымі рысамі розных этапаў беларускага барока. Адухоўленасць і ўзнёсласць, што выявілася ў архітэктуры францішканскіх святыняў, жывілася малітвамі іх нябеснага патрона – святога Францішка – пакорлівага паслядоўніка Хрыста.

Дадатак да артыкула: Галерэя


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY