![](../img/pic-w.gif) |
Паэт Тамаш Агатоўскі нарадзіўся 24 верасня 1966 года – у гэты дзень яго вершы надрукаваў «Глос Ольштыньскі»: паэт нараджаецца разам са сваім словам... З 1968 года жыве ў Познані. Скончыў факультэт журналістыкі і палітычных навук Варшаўскага універсітэта. Піша таксама прозу, публіцыстыку, фельетоны. Сябра Саюза польскіх літаратараў і Саюза журналістаў. Аўтар сямі томікаў паэзіі: «Спачатку было маўчанне», «Які быў бы агонь», «Я, меншы
брат Слова» і інш.
Вершы Т.Агатоўскага перакладзены на грэцкую, украінскую, літоўскую, рускую, румынскую, англійскую, нямецкую, італьянскую і шведскую мовы.
|
|
Помнік слова
Я пастыр маіх дзён
загадваю высячы
помнік слова
У форме маста і шлюбу і мяча
слёзаў ружы сонца твараў
у форме сада акопаў гадзінніка
У форме пагібелі алтароў жамяроў
сцяжкоў гусарскіх кніжак і ракетаў
помнік вандроўкі і прызначэння
Вечны камень будоўлі і руінаў
|
Гісторыя
Цытадэлі і трупы ляжаць у травах,
а маткі далей нараджаюць новых жаўнераў,
не перасольваюць слёзы, усё яшчэ мала пацераў.
Следам крочаць, як з пяском у вачах,
кіпцюр ільва тырчыць з кожнага языка,
вежы капліцаў нясуць у далонях.
Ідуць з паходнямі помнікаў,
з міласцю Божай на тварах.
Наступныя. Наступныя. Наступныя...
|
Чаму я плачу
Бачыў матку
ў хуткім цягніку
стаяў на пераездзе
з хворым сэрцам
Не пытала адкуль маю
кветкі на перонах вакзалаў
хто мне куфаль піва
паставіў у аэрапорце
Не пытала
колькі мне гадоў
і чаму я плачу
калі нішчу машынапіс
Бачыў я матку
у цягніку хуткім
бег следам па шпалах
цалаваў край Неба
|
Бяздомнаму воля
Цвярдзей і цвярдзей бетонныя ходнікі
замучаны дзень складвае вейкі
як канцы белы клунак
Засынаюць псальмы званоў касцёлаў
нічыя рука лічыць манеты
А малітва як подушка на картонным ложку
|
Радасць
Гэткі твой крыж
заслугі
мой камень
што ляжыш
а на табе
жыццё адпачывае
|
Бурса св. Тамаша
Каскі хмараў
навальваюцца на лес
неба ў грымотах
Каскадзёр вецер
ламае сукі і галіны
скруціўся Тамаш
над ракой веры
Рака поўная жаху
святых рыбаў
бразгае берагамі
Прайшла паводка
бяжыць дзень за днём
пазней Тамаш памёр
кепска было яму з намі
|
Матка нагляду
Ты ёсць целам, якое нарадзіла цела,
подыхам, які нарадзіў подых,
адлівам, які нарадзіў прыліў,
а прыліў той будзе адлівам,
і адліў той будзе прылівам.
Матка нагляду Зямлі міласэрнай
міласці босыя ногі, а сэрца ў цернях.
|
Філосаф і паэт
Ляцяць бяздомныя птахі –
у свет са святой Ітакі.
|
|
![](../img/pic-w.gif) |