Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(19)/2002
Мастацтва
Нашы святыні
Мастацтва

ВЕСНАВЫЯ ГАЛІНКІ ВЯРБЫ

НАПАЛЕОН
Memoria
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЖЫЦЦЁ ПАЭТА Ў МІНІЯЦЮРЫ
Haereditas

СЛАВУТЫ ЧЫЛІЕЦ

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Мастацтва
Культура
Кантрапункт
Пра самае важнае

а. Юрась ЗАЛОСКА

ПАДСТАВЫ РЭЛІГІЙНАГА ВЫБАРУ

Аб'ектыўнай падставай існавання рэлігіі ёсць сам факт існавання чалавека, яго няўстойліва-зменная якасць і праблемны характар (існую, хоць лёгка магу гэта існаванне-жыццё страціць). Гэты факт дадзены нам ва ўнутраным самаспазнанні і інтуіцыйна асэнсоўваецца як экзістэнцыяльная «крохкасць» і абмежаванасць, што вымагаюць радыкальнага «ўзмацнення» і быццёвага дапаўнення кімсьці ці чымсьці быційна абсалютным.

На вопыце жыцця, пачынаючы з маленства, чалавек спазнае (і ўсведамляе дзякуючы здольнасці самарэфлексіі) сваю быццёвую неабсалютнасць і непаўнату, а таксама неабсалютнасць свету і ставіць светапогляднае пытанне пра сэнс існавання і яго мэту. Спробы даць адказ на гэтае пытанне (тэарэтычныя і практычныя) не адразу і не заўсёды заканчваюцца рэлігійным выбарам, паколькі зазвычай багатыя на памылкі, і нярэдка мае месца выбар паліятыўных ці неадэкватных для асабовага статусу чалавека вартасцяў (пошукі экзістэнцыяльнага ўмацавання ў свеце прыроды ці культуры). Рэчаіснасць прыроды і свет культуры толькі аспектыўна задавальняюць чалавека, паколькі няздольныя дапоўніць яго сваімі вартасцямі – часовымі і прамінальнымі – менавіта як асобу, як метафізічнае «Я», трансцэндэнтнае існаму свету. «Я» чалавека можа адэкватна дапоўніць толькі іншае «Ты», г. зн. толькі іншая асоба. Менавіта адкрытасць на асабовы дыялог і міжасабовы кантакт, на асабовую рэчаіснасць вызначае чалавека як асобу, і найбольшую чалавечую вартасць уяўляе сабой свет асобаў, а не рэчаў. І сапраўды: іншыя асобы, тыя, каго любім мы і што любяць нас, і ёсць найвялікшае наша багацце, найбольшы жыццёвы скарб.

Праблема, аднак, у тым, што іншыя асобы гэтак жа быццёва неабсалютныя і смяротныя, як і мы самі. Пытанне пра быццёва экзістэнцыяльны Абсалют, пра рэальную прычыну і апошні гарант нашага існавання застаецца адкрытым. Шляхам спантаннай інтуіцыі (найчасцей) ці метадычнага вытлумачэння свету (філасофія) альбо дзякуючы ведам, атрыманым з той ці іншай рэлігійнай традыцыі (Аб'яўленне, тэалогія) розум чалавечы знаходзіць канчатковы адказ на гэтае пытанне ў самім Богу – абсалютным экзістэнцыяльным «Ты», – які адзіны здольны радыкальна вытлумачыць, дапоўніць, гарантаваць чалавечае існаванне і стацца апошняй апорай. Ва ўсялякім разе рэальнае існаванне Бога прымаецца розумам (мусіць быць прынята пры паслядоўным метафізічным вытлумачэнні рэальнасці!) як неабходны факт, як той вызначальны экзістэнцыяльны чыннік, дзякуючы якому рэальнасць існуе як такая і – пазнаўча – становіцца зразумелай. Рэальнасць метафізічна-адэкватна тлумачыцца толькі фактам існавання Бога як першапрычыны існага, якая не вымагае далейшага экзістэнцыяльнага «тлумачэння». Адмаўленне ж гэтай прычыны было б раўназначна згодзе на метафізічную спрэчнасць (нешта існуе, хоць не мае на тое зразумелых прычынаў).

Коратка: рэальнасць самім фактам свайго існавання – неабсалютнага, «неабавязковага» і прамінальнага – дамагаецца прыняцця існавання Бога як апошняй сваёй падставы, як абсалютнага чынніка, які яе тлумачыць. Такім чынам, інтуіцыйнае сцвярджэнне існавання Бога грунтуецца на аб'ектыўных, незалежных ад чалавечай суб'ектыўнасці, падставах. Вядома ж, пазнанне і перажыванне чалавекам сваёй сувязі з Богам мае адмысловае адлюстраванне ў псіхіцы і выклікае, можа, найглыбейшы ўнутраны рэзананс (на чым засяроджаны аналізы фенаменолагаў, псіхолагаў і псіхааналітыкаў рэлігіі), аднак не псіхічныя механізмы спараджаюць рэлігійную веру, а наадварот – вера па-свойму мадыфікуе псіхіку.

Звычайна інтуіцыйнае разуменне існавання Бога – надзвычай «скарочанае» і не мае такой рэфлексійна выразнай формы, як дыскурсы дакладных ці прыродазнаўчых і гуманітарных навук. Важна памятаць, што першасны акт гэтага інтуіцыйнага разумення Бога здзяйсняецца чалавекам увогуле па-за межамі навукі, у тым ліку і па-за межамі філасофіі (тым болей – тэалогіі): ён адбываецца ў межах спантаннага (можна сказаць – наіўнага, хоць пры гэтым беспамылковага) чалавечага асэнсавання рэальнасці і характарызуе чалавека як sui generis шукальніка мудрасці, г. зн. разумення свету. Філасофія ў сваю чаргу базуецца на дадзеных спантаннай інтуіцыі існага (стадыі г.зв. «здаровага разважання») і метадычна рэфлектуе і фармалізуе іх у выглядзе філасофскай тэорыі. Тэалогія, улічваючы здабыткі філасофіі, апелюе да Божага Аб'яўлення, якое прымаецца верай і асэнсоўваецца розумам (сінтэз веры і розуму, fides et ratio).

Безумоўна, як спантаннае разважанне, гэтак і філасофія могуць быць зацемненыя – зафальшаваныя – у выніку ўздзеяння культурных фактараў, сярод якіх жыве чалавек (панаванне атэістычнага пераканання ў грамадстве, рэпрэсіі супраць вернікаў і рэлігійных інстытутаў, рэальнасць зла, уплыў якога нярэдка перашкаджае «дадумаць рэальнасць да канца» і інш.). З другога боку, рост рэлігійнасці людзей не звязаны з філасофскай асветай, ён нават незалежны ад яе, бо ўнутрана грунтуецца не на філасофскіх тэорыях, а на перадфіласофскай інтуіцыі. Менавіта на гэтай інтуіцыі найперш базуецца чалавечая рэлігійнасць, а ў перыяды масавага і праграмнага атэізму, калі адсутнічае элементарная магчымасць атрымаць веды пра Бога з той ці іншай рэлігійнай крыніцы, – толькі на ёй (вера ўлічвае пры гэтым і фактар Божай ласкі). Згадаем прыклад наіўнай набожнасці-царкоўнасці беларусаў у савецкія часы: яна мацавалася пераважна знутры, шляхам экзістэнцыяльнага вопыту і спантаннага разважання, а не сілай рэлігійнай асветы.

Аднак для запачаткавання веры аднаго пазнання існавання Бога яшчэ недастаткова. Неабходна прыняцце (выбар) чалавекам Бога як вытоку і канчатковай мэты свайго існавання, г.зн. неабходна ўстанаўленне міжасобаснай сувязі, якая з перспектывы чалавека характарызуецца не толькі яе свядомым (рацыянальным) устанаўленнем і падтрыманнем, але і асаблівым маральна-псіхічным кліматам пакоры (смирения), паколькі падставай гэтай сувязі ёсць аднабаковая залежнасць чалавека ад Бога (Бог дае, падтрымлівае і скіроўвае да сябе як канчатковай мэты чалавечае жыццё). Таму сапраўдныя рэлігійныя адносіны заўжды будзе характарызаваць экзістэнцыяльная (а значыць і маральная!) няроўнасць іх удзельнікаў (як бы ні хацелася процілеглага розным «філасофіям дыялогу»).

Па сутнасці, сапраўдная вера – гэта толькі адказ чалавека Богу на дар жыцця-існавання ў разліку на нейкі працяг і спаўненне быцця, якое знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі і добрай волі Бога як Аўтара існага. Пакора ў рэлігійным сэнсе зусім не прыніжае чалавека як асобу, а наадварот – узвышае, бо адпавядае яго аб'ектыўнаму становішчу перад Богам. Роўнасці бакоў у рэлігіі хочуць розныя іманентныя тэорыі рэлігіі (згаданыя ва ўступнай частцы), якія ў сваю чаргу ўзнікаюць на глебе апрыёрных, абстрактных канцэпцый існага (Парменід, Платон, Хайдэгер і інш.).

У праблематыцы рэлігійнага выбару прысутнічае, урэшце, яшчэ адзін істотны асобасны аспект, які вымагае прыняцця адмысловага, трансцэндэнтнага па паходжанні, чынніка. Маецца на ўвазе менавіта тое, што Бог мусіць быць апазнаны і прызнаны чалавекам не толькі тэарэтычна, як абстрактная Вышэйшая Істота, але канкрэтна-персанальна – як Бог «вось гэтага» чалавека, як яго асабістая вартасць і галоўная экзістэнцыяльная каштоўнасць, якая выклікае даверлівую прыхільнасць і скіроўвае да сябе. Такое пазнанне Бога – Істоты трансцэндэнтнай свету і чалавеку – натуральнымі чалавечымі сродкамі немагчыма. Яно можа быць здзейснена толькі пры ўмове своеасаблівай Божай дапамогі, у выніку якой Бог спазнаецца асобасна («вось гэтым» чалавекам) як галоўная асабістая каштоўнасць. Такая трансцэндэнтная і адрасна-персанальная дапамога акрэсліваецца тэалагічным паняццем «ласка».

Анталагічна дзеянне ласкі датычыць самой істоты душы (душы як субстанцыі) і выяўляецца найперш у рэлігійнай дынамізацыі чалавечай волі (у актах веры, надзеі і любові, ахвяраваннях, скіраваных да Бога і інш.). Узоры (формы) рэлігійнай актыўнасці звычайна запазычваюцца з культуры сусветных рэлігій і культаў. З-за асабовых рацый і абмежаванай даступнасці рэлігійных крыніц (фактар часу і геаграфіі) людзі выбіраюць розныя рэлігійныя ўзоры, найбольш ім блізкія і прымальныя – напрыклад, існуе яскравая дыферэнцыяцыя ў сферы хрысціянскіх узораў, выпрацаваных рознымі канфесійнымі традыцыямі дагматыкі, набажэнства, малітвы і аскетыкі.

Як бачым, чыннікі рэлігійнага выбару сведчаць аб персанальным, асабовым характары рэлігіі. Па-за асобай і яе рэлігійным выбарам рэлігіі няма, як няма і поўнай рэалізацыі чалавека як асобы без пэўных адносінаў да Бога. Рэлігія як грамадска-культурная з'ява (інстытут) базуецца на ўнутраным, асабістым стасунку чалавека з Богам.

Падсумоўваючы сказанае, падкрэслім яшчэ раз: рэлігія як з'ява чалавечай культуры абумоўлена самым глыбокім, быццёвым вымярэннем чалавека – яго экзістэнцыяльнай залежнасцю ад Бога. Не можа быць чалавека без сувязі з Богам. Чалавек – кожны з нас як асоба – звязаны з Богам самім фактам свайго жыцця, якое ад Яго паходзіць і да Яго скіравана. Носьбіт кожнага паасобнага чалавечага жыцця – духоўная і несмяротная душа, уведзеная ў існаванне стваральным актам Бога і ўсвядомленая намі як «Я». Факт нашага жыцця азначае бесперапынную сувязь з Богам як Яго крыніцай і захавальнікам. Па-за Богам ці па-за адносінамі да Бога жыцця няма, бо межы жыцця – гэта межы існага, акрэсленыя стасункам з усім, што так ці інакш існуе, да Бога як крыніцы жыцця і існавання як такога.

Рэлігія як форма культуры пабудавана на гэтай сувязі і з'яўляецца вынікам яе «прачытання», ёсць яе свядомым увасабленнем у выглядзе размаітых актаў. Вызначае рэлігію яе скіраванасць (г. зн. асабовы стасунак чалавека) непасрэдна з Богам як крыніцай і мэтай існага. Грунтам рэлігіі заўжды будзе нязменны факт залежнасці існавання чалавека ад Бога. Таму ў межах філасофскага спрашчэння можна сказаць, што людзі ўсіх часоў і народаў твораць і практыкуюць адзіную чалавечую рэлігію, якая набывае розныя формы. Што да ўдзелу ў рэлігіі ласкі Божай (Аб'яўлення), то яна не толькі не адмяняе гэтага фундаментальнага факту – сувязі чалавека з Богам, – але анталагічна на ім базуецца, унутрана яго ўдасканальвае і спаўняе.

Чалавек з'яўляецца рэлігійным ад прыроды, таму што рэлігійны характар мае яго жыццё-існаванне, якое ад Бога паходзіць і да Бога вяртаецца. І, як казаў святы Аўгустын, датуль не супакоіцца нашае сэрца, пакуль не знойдзе спакою ў Табе, Божа.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY