Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(19)/2002
Мастацтва
Нашы святыні
Мастацтва

ВЕСНАВЫЯ ГАЛІНКІ ВЯРБЫ

НАПАЛЕОН
Memoria
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЖЫЦЦЁ ПАЭТА Ў МІНІЯЦЮРЫ
Haereditas

СЛАВУТЫ ЧЫЛІЕЦ

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Мастацтва
Культура
Кантрапункт
Пра самае важнае


Данута Бічэль нарадзілася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. У 1962 г. закончыла Гродзенскі педінстытут імя Я. Купалы. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Аўтар кніг паэзіі: «Дзявочае сэрца» (1960), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты – гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990), «Божа, мой Божа» (1992).
 

анёлкі

ўбіраюцца ў пер'е анёлкі
расой засяваюць пагоркі
растуць паміж хмаркай і земкай
бялеюць ад холаду зімкай


* * *

як хаваюцца духі ў падполле
як стамляюцца зоркі ў прыполе
як выводзіш Ты сонейка ў поле
як салодка баліць Твая воля

на паўвыспе ратунку ў тым гаі
што на ноч салавейкаў наймае
на ўвесь май
на ўвесь месячык срэбны
на ружанец маёвы хвалебны


да Жыровіцкай Боскае Маці

вітай у жыровіцкім садзе
ў анёльскай пастаці
у шэрым клубочку туману
у снах пастушкоў недаспаных

у цёплай зямлінцы
у грэшнай гаручай слязінцы

мы з просьбаў усклалі хаціну
Табе Твайму Богу і Сыну
са шчэпленых рук склалі вежу
дай Боская Маці нам веку


буслікі і хлопчыкі

нёс маленькі пакуначак бусел
да святой Маці Боскай ў Будслаў
на збаўленне да Божага Дома
ды змагла таго бусліка стома

і малы не прайшоў балаціны
паляцеў на вайніцу загінуў

маці-грэшніцы родзяць анёлкаў
не сабраць ад іх сэрцаў асколкаў


малітва дзяўчынкі

не абходзь нашу чыстую хатку
падаруй майму татачку працы
ці на сподачку тым як святому ягнятку
ці ў якім пераплеценым гарцы

а як зорка з нябёс залатая
ў гарачынь нашу студзеньку студзіць
мама ў зоркі паўднёвай пра шчасце спытае
падкажы ёй – няхай яно будзе

Ясна Сонейка поўнае ласкі
Ты штодня саграваеш як лета
зноў спаткаю Цябе каля той пералазкі
дзе слядкі Твае – дзякуй за гэта


* * *

небакрай
і хмурынка дрыжыць
у бярозавы гай
дзе твой род спачывае – не спіць
адлятай

у галлі
у сутонні галля
уздыхае бяссонна зямля
у зямлі бессмяроцця шукай
уздыхай

часу хвалі
схавалі ўцяклі
у нябёсы бярозкі ўраслі
сам з сабой як з сям'ёй размаўляй
а стамлёных малітвай збаўляй
маеш Край


* * *

стаміліся струны ў старым піяніна
пабіўся збаночак – стамілася гліна

як бура ў бары – гэтак сэрданька ные
як плачуць зубры ваўчаняткі малыя
скавыча падвей на страсе

Ты ведаеш Боская Маці Марыя
чаму мне тут здрадзілі ўсе


Будслаў з самалёта

да ганаровай савецкай галоты
лёталі ў Менск і далей самалёты

бачылі рысы барокавых вежаў
Будслаў
касцёл Божай Маці належаў

гэтак мы ў самалётах у небе былі
а святыя цярпелі на грэшнай зямлі


містыка

у неспакоі
туліць Малога левай рукою
Ён Ёй цярэбіць пальчык правіцы,
а самалёцік ляціць да сталіцы

ды зарастаюць імшалкамі сцежкі
таму што мы не ідзем да іх пешкі
але сышліся ў ззянне Іх змроку
сталі прад Імі відушчымі ў змроку


* * *

ад Ловаці да бездарожжа
ды ад Баброўнік да Сожа
Ты не даеш стаптаць наша збожжа

усе звяры ў Белавежы
і рыбы ля вёскі Межы
спачатку ў Твае трапляюць мярэжы

прабегла бура ліхая
заступніца з Гудагая
стаць вёсцы Краем дапамагае

не будзем забытым ценем
не будзем забіты стрэлам
нас корміць Бог сваім Целам


* * *

чорную каву
ноч згатавала
цемрай начной
груганы прыляцелі
просім у Божай Маці так мала:
не шкадаваць добрай смерці
ў пасцелі

добрая смерць не прыносіць бяды
птушкай ляціць невядома куды
душачка свечка грамнічка
чыстая пара з імбрычка


экспрэсія

і са злабы і з разбою
і каб не быць мне сабою
лупілі чужым загадам
труцілі гадзючым ядам
спецназаўкі на абцасах
і мелі за тое ў касах

усё што ад Божай волі
магло не адбыцца ніколі

праз шчылінку мяккай пыскай
мяне цалаваў над калыскай
заспаную ў бессмяроцці
таксама заспаны коцік

ды торгала сэрца салодка
ад шэрых вачэй аднагодка
яно і разбілася б можа
ды склейвае сэрданькі Божа


* * *

словаў малітваў так многа
ружачкі перабірай
адзінота з малітваў да Бога
зямны рай

а калі выганяюць з дому
без малітваў
без лішніх вачэй –
кроў чарнее і холад чорны

холад холад холад пячэ


* * *

малюся
каб затрымацца
ў таямніцы святога ружанца
ў Будслаўскай Божай Маці
косткай бусленіка
між пальцаў


* * *

змрок
падвячорак
маладзічок як сцізорык
і сорак зорак

змрок растане
сябе нябёсам ахвяраванне
чаканне –
будзе змёртвыхпаўстанне


* * *

я не вынесла б гэтага змроку,
гэтых крыкаў са столі паўночы,
каб з абразіка ў рамачцы збоку
не збаўлялі мяне Твае вочы


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY