![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||
№
4(82)/2017
![]() З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з Данутаю БІЧЭЛЬ з нагоды юбілею
«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...» Проза
Віншуем з юбілеем!
Паэзія
Пераклады
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура
|
Пальцы мае мярцвеюць, баляць рукі, асабліва ноччу, а ўсё таму, што ў горадзе пілуюць старыя дрэвы. А навошта іх пілаваць? Зрабіць падпоркі, абгарадзіць старое дрэва плотам, абпілаваць сухія сукі — лячыць старое дрэва, як лечыць дзятлік, і няхай паціху само дажывае. Няхай выцягне сваю песню да апошняй ноты — яго ж пасадзілі людзі, якіх ужо няма. Дрэвы — сведкі гісторыі, яны калышуць успаміны, аберагаюць магілы… Цяпер модна спілоўваць дрэвы на старых могілках, каб карані не знішчалі помнікі, каб лягчэй было прыбіраць. Жывыя робяць гэтак, каб ім самім было добра. А ў старых дрэвах спявалі салоўкі і кувалі зязюлі, калыхаючы вечны сон тых, хто заснуў… Дрэва роду… Родавае дрэва. Тут галоўнае слова — дрэва. Людзі падобныя да дрэваў. Нашы продкі спяць у каранях, а дрэва роду зелянее нашчадкамі. Наіўна, як дзіця на пяску пруцікам, малюю дрэва духоўнага роду, ці дрэва сяброўства… З тых гістарычных мясцінаў, якія мне, беднай на вандроўкі, пашчасціла наведваць, захаваліся менавіта вобразы дрэваў. Бывае, на досвітку ці ў бяссонныя ночы вяртаецца ў памяць іх пошум, іх графіка — яны мне сняцца… Не задумваюся над гэтым, але, відаць, гэта — язычніцкі, паганскі атавізм: памятаць пра дрэвы, як пра людзей. Але ёсць гэтаму і апраўданне: Кастуся Каліноўскага я ўяўляю толькі з фотапартрэта — з латкаю на шэрых портках, ды з малюнка Пятра Сергіевіча. Сасна на пагорку ў Мастаўлянах, на месцы, дзе стаяла хата, у якой ён нарадзіўся, памятае нацыянальнага героя жывым і нам можа перадаць жывое паданне пра яго… Калі там пабудуюць новую хату для музея ці паставяць помнік, а сасну спілуюць, то разам спілуюць і жывую памяць. Шэсцьдзясят год жыць хочаш — то пасадзіш таполю… Два стагоддзі жыць хочаш — пасадзі сабе ліпку — вось такая народная мудрасць. Ліпкі абапал дарожкі ад вёскі Раманаўцы да сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы — гэта знакі ахвярнага подзвігу Кастуся на шыбеніцы «за нашу і вашу свабоду». Мы туды ездзілі ў 1988 годзе «рафікам» Саюза пісьменнікаў. Спыніліся ў Раманаўцах. Ішла я тады з Янкам Брылём па прысадзе паміж старых ліпаў, па смецці, у якім купалася чародка стракатак з занядбанага хутара… Цень Марачоўшчынскай сведкі-таполі ценем Касцюшкі вандруе па полі… І старыя таполі ў Лябёдцы-Галавічполі каля зарослага возера, хутчэй ставу, вядуць да прыгожага, эклектычнага, занядбанага дому родных братоў Іваноўскіх — асветнікаў, змагароў за Беларусь, Літву і Польшчу. Дом з мансардамі, з байніцамі, рознымі архітэктурнымі лішнякамі… Сем таполяў стаялі на габрэйскіх могілках, і ў іх шчабятала птаства Гародні — гэта быў іх птушыны горад, але таполі спілавалі пад стадыён «Нёман»… Скульптар Аляксандр Ліпень казаў мне, што ніколі не заходзіў на стадыён, пабудаваны на могілках… А я жыву каля стадыёна. Але за ім, за будынкамі, праглядаюцца вежы базылікі імя Францішка Ксавэрыя — я жыву на вуліцы Кастуся Каліноўскага, на самай высокай горцы Гародні… Там, за гасцінцам, наш тата некалі пасадзіў таполю. Глеба была пясчаная, і таполя вырасла крохкаю, але ахоўвала хаціну ад вятроў і залеваў, ды хутка пастарэла… Ужо без таты таполя ўпала, а камель застаўся на тым жа месцы — ён служыў нам лаўкаю. Калі наша мама памерла, я нават не магла заходзіць у сваю хаціну. Калі з Крыстынаю Лялько дамаўляліся спаткацца каля хаты, яна ехала з Менска на свой хутар у Хадзюкі за Лідаю або ў Менск, а я чакала яе на таполі… «О, Беларусь, азёрная старонка, // пастаў мяне бярозкай у палях…» — пісала наша таленавітая Жэня Янішчыц… Каля дома, у якім на першым паверсе я дажываю сваё жыццё, ёсць стромкія бярозы-спарышы, і адна бярозка, ад якой я набіраюся моцы, прытуляючыся да шурпатага камля з аб’імшэлага боку. Бярозкі — вястункі сонейка, найпрыгажэйшыя, калі растуць бярэзнікам. Каля хутара Крыстыны Лялько яе дзядуля пакінуў такі светлы прыгожы бярэзнік, і хоць яго спілавалі, на падворку і ў садзе засталося шмат дрэваў на памяць па родавым дрэве, па маме… У нашых Біскупцах казалі, што дубок садзіць небяспечна: калі ён узнімецца і дагоніць ростам таго, хто яго пасадзіў, чалавек памірае. А паміж нашым і Ігналёвым полем якраз вырас кучаравы малады дубок, які доўга быў невідочным з-за сасонак, але ўзняўся, разросся ва ўсёй сваёй красе. Праўда, да таго часу ад Ігналёвай сям’і нікога ўжо не засталося: гаспадара замардавалі, пераблытаўшы яго з Хвёдарам, які выдаваў саветам асаднікаў, ды яшчэ, адпраўляючы іх у высылку, насыпаў у мяшок з мукою бітага шкла. Малодшага сына Фадзея забілі стрэлам з абрэза ў жывот на вечарынцы ў Бурдуках. Міша памёр ад туберкулёзу. Маці Марыля памерла ад смутку па сынах, а ў Галінкі знайшлі лімфагрануламатоз; Колік, яе бацька, які быў хворы на сухоты і, мусіць, таму не ажаніўся з дзяўчынаю, якую кахаў, а ўзяў Валю з-за Нёмана, памёр з роспачы пасля пахавання дачкі. Хворы на менінгіт Коля памёр услед за бацькамі, а Толік згарэў разам з хатаю, перанёсшы яе ў вёску… Хату патушылі, ад яе застаўся «шкілет» ад падрубы да коміна. Дубок спілавалі, калі пракладвалі новую дарогу з Еўропы на Маскву… На гумнішчы ў швагра Мікалая і маёй сястры Рэні стаяў стары разгалісты дуб. Ніводзін хлопец мяне так не прытуляў, як гэты дуб. Можна было пра ўсё забыцца, схаваўшыся на вялізным ніжнім суку, а можна было падняцца на верхні сук, да сіваваронкі, і слухаць дуэт дуба і птушкі. «На магіле ўзыйду дубам…» — наша Цётка, Алаіза Пашкевіч, напісала менавіта так, яе нашчадкі так і зрабілі — пахавалі Алаізу Сцяпанаўну пры дарозе ў Старым Двары, пасадзілі каля магілы дрэвы, а беларуская інтэлігенцыя паставіла над магілаю каменны крыж — уся народная любоў змясцілася ў гэтым помніку! Па дзядах маіх стаялі драўляныя крыжы. Над бабуляй Франусяй, у нагах дзеда Адама, цётка Яніна пасадзіла рабіну. І рабіна звалілася, а корчык застаўся. Так цётка Яніна захавала магілы бабулі і дзеда... Вядомы краязнаўца Міхал Ляпеха з любоўю да Францішка Багушэвіча ад хаты паэта да гістарычнага каменя «Мацею Бурачку» пасадзіў сваімі рукамі шэсцьдзясят дубоў — столькі гадоў пражыў паэт. Дзе ён іх выкапаў, узрасціў ці купіў, колькі з іх прыжылося?.. У Кушлянах шмат дзівосных дрэваў: напрыклад, кляновая альтанка — кляны пасаджаныя кругам так цесна, што іх камлі зрасліся. Дзе жывуць прыгожыя людзі, там растуць і прыгожыя дрэвы… Непрыгожых дрэваў не бывае… У мяне была такая мара — абысці берагам возера Свіцязь… Аднойчы я паехала туды, спынілася ў прафілакторыі, дзе якраз адпачывалі людзі з чарнобыльскай зоны. Я абышла берагам возера Свіцязь, прывіталася з рэліктавымі дрэвамі, якія аберагаюць яго чысціню. Некаторыя з іх скрыпелі, нібы самі сябе палохалі, а можа, скрыпелі ад суму, я іх і паслухала… Мая вандроўка заняла крыху больш, чым паўдня… Ішоў дробны дожджык.
Пакуль я дабіралася да сядзібы Адама Міцкевіча ў Завоссі, дуб мяне не дачакаўся, але ад пня ўзнялося шмат маладых пасынкаў... Аляксандр Ліпень і Апанас Цыхун апекаваліся васьмісотгадовым дубам на беразе Пыранкі, недалёка ад Парэчча, — у дупле яго быў прымацаваны металічны крыж, да якога лясныя людзі збіраліся на Ружанец і адмаўлялі яго на дзвюх мовах — літоўскай і беларускай (сябры лічылі, што гэта і ёсць яцвяжская мова). Калі дуб упаў, крыж забраў нехта з мясцовых жыхароў, а рамку аддалі мне, я змясціла ў яе абразок Езуса Міласэрнага і перадала ў музей Карскага пры гімназіі… У Гародні, горадзе шэрага колеру, які фарбуюць замежнымі фарбамі, толькі дрэвы — надзейныя сябры… Каштаны хварэюць, як і людзі, але зацвітаюць увосень другі раз у год… Грэцкія арэхі ламаюць, знішчаюць — толькі вароны зрываюць іх, трушчаць наляту, шпурляючы аб асфальт, і дзяўбуць гэткую смакату… Я вітаюся з дубамі праз вокны ў тралейбусе — зрэдку яны мяне выцягваюць са старэчай ляноты прайсціся пешкі па вуліцах маладосці… Іду да пляца Тызенгаўза — за мосцікам на рэчцы Юрысдыцы мяне чакаюць, абняўшыся, два дубы, называю іх «Карпюк» і «Быкаў»: бачу, як маладыя сябры Васіль і Алёша з жонкамі Надзяй ды Інай манерна прытуляюцца плячамі да дубоў… Праўда, забыла — гэта было на яве ці ў сне… Рэальна — на фатаграфіі ў Карпюка… Васіль Быкаў неяк распавёў мне такую гісторыю: калі ў Гародні 12 снежня 1586 года паміраў Стэфан Баторый, яго малады сябра Леў Сапега, у той час падканцлер Вялікага Княства, быў пры князю і ў памяць аб іх сяброўстве пасадзіў два дубы… Апанас Цыхун запісаў гэтае паданне: на тым месцы пахаваны яцвяг з яцвяжкаю, якіх упаляваў Стэфан Баторый… — Няўжо іх прывезлі з пушчы, каб пахаваць у горадзе? — пярэчыла я, пачуўшы паданне. — Яцвяжка была ведзьмаю, — сказаў мне Цыхун, — іх пахавалі, прабітых адным кап’ём. Дубы самі выраслі на магіле, ніхто іх не садзіў… Гродзенскі краязнавец-самавук Ромка Баран ведае, што дубы прывёз з Ліёна Жан Эмануэль Жылібер, сябра Антонія Тызенгаўза, значыць, у другой палове ХVIII ст., і нібы пра гэта ёсць згадка ў кнізе «Флора Літвы». Жылібер даследаваў, як адчуваюць сябе дрэвы пры змене клімату. Дуб, які апынуўся на асфальце, хварэе, некалькі сукоў пасохла, на ім святлейшае лісце. Але жалуды растуць на абодвух дубах… Некалі быў тут іншы горад, пакуль за дубамі не пабудавалі вялізны дом гарвыканкама, а перад домам не паставілі помнік. Частку горада разабралі для пляца… Рака Гараднічанка цякла сваім руслам, тут была драўляная кладачка, да якой скакала лесвічка з драўлянымі парэнчамі. На тым прагале ад пляца Тызенгаўза і да вуліцы Віленскай знікла некалькі малых вулак: за дамамі вуліцы Ажэшкі знікла вулка Няцэлая; дзе цяпер на азярцы з’явіліся скульптуры лебедзяў, там была вулка Смелая. Тут, на пагорку, ніхто не памятае дакладнае месца, некалі стаяла старая царква святога Мікалая, а на вуліцы святога Мікалая засталіся толькі два старыя дамы. Вось яны на фатаграфіі, зробленай ад вуліцы Віленскай: за меншым з іх відаць вершаліны маіх дубоў… Як жа яны прыгожа пераплятаюцца сваімі галінамі! Але цяпер каля іх дваровыя службы выканкама паставілі сметніцу…
Іду я ў нядзельку сонечным днём на святую Імшу па-беларуску да касцёла, зварочваю да дубоў, каб набрацца ад іх моцы. Скінула абутак, стала на корань, прытулілася да шурпатай кары, а хлопец, які фатаграфуе азярцо, дзе Юрысдыка ўпадае ў Гараднічанку, заўважыў мяне і пачаў «страляць» па мне з фотаапарата. Кажу яму: «Я не прасіла цябе, каб ты мяне пстрыкаў…» — «Так Вы ж самі пазіруеце…» — «Я не пазірую, а лячуся…» Дубы дзеляцца са мной здароўем, і я не хачу, каб іх спілавалі раней, чым мяне. Няма ў нашым горадзе дрэва Максіма Багдановіча. Праўда, на тым месцы, дзе стаяў дом Агульнікаў, растуць яблынькі-самасейкі. Калі мне дрэнна, пайду туды, сарву зялёны яблык ды падумаю: чым садзіць дрэвы, лепей пісаць вершы… Максімава маці рана памерла, затое яе магіла засталася ў Беларусі. Дзіўна выглядаюць тыя, хто пачынае ўспамінаць, як знайшлі магілу… Чалавек памірае, яго хаваюць — вось і ўся гісторыя. Але ж гэта маці вялікага паэта… Пасля Васіля Быкава ў Гародні ў двары дома па вуліцы Траецкай, дзе яго сям’я жыла на першым паверсе ў трохпакаёвай кватэры, застаўся стары яблыневы сад. Я хаджу напрасткі дварамі ад Дома народнай творчасці, які размясціўся ў кляштары дамініканаў, і, бывае, вырву яблык, нібы даў мне яго Васіль Быкаў… У двары дома па вуліцы Маладзёжнай расце дуб, які ён пасадзіў… Аляксей Карпюк пакінуў некалькі бярозаў перад домам па вуліцы Кастуся Каліноўскага, 3-а, дзе ён жыў у чатырохпакаёвай кватэры на першым паверсе (вокны выходзілі на паўднёвы захад, на поўнач і на ўсход). Ад Алёшавых дрэваў засталася адна бяроза. Суседзі чамусьці не любяць беларускіх пісьменнікаў, а таму спілавалі Карпюковы бярозы. А гэтай вясною ішла я напрасткі па сцежцы і ледзь не самлела — там Карпюк пасадзіў арэшынку, яна грэла вочы сваімі каташкамі зімою, а малечы не злазілі з яе ўвосень, урадлівая была арэшынка, — ад яе засталіся два дубцы. Не любяць суседзі Алёшавых арэхаў… Мая сяброўка Валя Крачкоўская вучылася ў школе ў Гародні, прыходзіла ў музей Максіма Багдановіча, а цяпер яна жыве ў Магілёве. Неяк Валя пачула па радыё, што ў Гародні каля Каложы растуць платаны, клёны без скуры, яна іх бачыла ў Рыме, калі ездзіла ў пілігрымку. Яна напісала мне, і я пайшла да платанаў (гэта было ў кастрычніку) але лісты ўжо апалі і толькі малыя шышачкі целяпаліся на ветры… 2 лістапада, у Дзень успаміну памерлых пасля Імшы на могілках, пакуль мая дачка Віка развітвалася ў Біскупцах з борам ды папялішчам хаты, у якой Марылька з Яськам некалі адпойвалі смятанкаю і любоўю нас усіх, я чакала яе ў стрыечнай сястры Яні. Спытала ў Яні пра буслоў, якія пасяліліся ў вёсцы не на дрэве, а на слупах лініі электраперадач. Буслы паляцелі ў вырай, а ў Барташэвічавай унучкі кожны год нараджаецца па дзіцятку. Барташэвічыха вырашыла, што гэта буслы прыносяць праўнукаў, якіх ёй трэба гадаваць. У мінулым годзе зімой наняла яна двух разбойнікаў і ноччу, каб ніхто не бачыў, буслянку разбурылі. А 25 сакавіка буслы вярнуліся з выраю, склалі новую буслянку на слупах і заклекаталі. Вёска паціху адлятае ў вырай, а буслы вяртаюцца з выраю… У Яні каля плоту ажно гнуцца ад буйных ягадаў кусты каліны. «Ты не збіраеш каліны?» — пытаю. — «Навошта збіраць! Захочацца, сарву галінку ды з’ем!» — кажа сястра. Але прыляцелі амялушкі, склявалі ягады. «Птушак таксама трэба карміць!» — кажа Яня. …Неяк бацюшка-паэт Павел Каспяровіч запрасіў нас у малітоўнае падарожжа ў Зэльву, Сынкавічы і Жыровічы. Галоўная святыня ў Жыровічах — цудоўная маленькая іконка Маці Божай з Дзіцяткам. Маці Божая аб’яўлялася ў Жыровічах праз абразок двойчы. Першы раз — на камені яшмы, якую пастушкі знайшлі на грушцы ў 1470-м (або ў 1493 г.), другі раз — калі згарэла царква ў 1520 г., Маці Божая аб’явілася пастушкам у ззянні на камені з абразочкам у руках… Дзецям аб’явілася, а дарослыя не ўбачылі… Назаўтра на тым жа месцы дзеці знайшлі абразок. Камень абгарадзілі. З-пад яго прабілася святая крыніца… Пабудавалі царкву, і цяпер цудоўны абразок знаходзіцца ў ёй. Светла сумаўляцца з Маці Божай Жыровіцкай, цалаваць цудоўны Яе Лік і адчуваць, што Яна заўсёды — наша Суразмоўніца, Абаронка і Сяброўка. Жыровіцкі комплекс знаходзіцца ў найпрыгажэйшым месцы на зямлі. Святасць, спакой, містычнасць — запаветныя рэліктавыя дрэвы. Можна зразумець Алега Бембеля, які аднойчы прыехаў сюды памаліцца і застаўся на ўсё астатняе жыццё. Алег завёз нас на самы высокі пагорак за могілкамі, адкуль відаць увесь царкоўна-манаскі комплекс, пасля мы паехалі да святой крыніцы. Мужчыны акунуліся ў жыватворнай купелі, шафёр нашай машыны набраў святой вадзіцы, каб вылечыць маму пасля аперацыі, а мы з паэткай Алінай Паўлоўскай абмылі твар і напіліся з гаючай крыніцы… Прысела я на лаўку, заслухалася, як шэпчуць хвалу Богу старыя дрэвы запаветнай зямлі. Уявіла, як сядзела тут Ларыса Геніюш, складала верш:
Дрэвы, дрэвы…
Гл. таксама:
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |