Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(82)/2017
З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы

«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...»
Проза
Віншуем з юбілеем!

«ПАЧАКАЙ, ЗАТРЫМАЙСЯ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ

На ўспамін пра ксяндза Яна Такарскага

Святар салезіянін Ян Францішак Такарскі (1900–1974).

Ад Першай Камуніі і споведзі ў маёй памяці найперш — Неба. Як на славутым палатне «Зямля» (1898) Фердынанда Рушчыца (1870–1936).

Хто не чуў пра геніяльнага нашага мастака з Багданава на Валожыншчыне і не ведае, пра што гаворка, удакладню: на гэтай карціне намаляваныя валы2; яны цягнуць рала-плуг, за якім ідзе аратай. Араты ўзмахнуў праваю рукою з заціснутаю ў ёй пугаю, сырамятка якой можа быць пустою пагрозаю, а можа й апячы валовыя хрыбты. Леваю рукою араты моцна ўчапіўся ў чапегі сахі. Постаці аратага з валамі хоць і цэнтравыя, але намаляваныя на другім плане, удалечыні, на высачэзным адхоністым узгорку раллі, а ўвесь пярэдні план карціны займае зямля — глыбокія барозны з адваленымі чорнымі скібамі. Выгляд гэтых скібаў, парэзаных лемяшом, амаль даносіць пах поту й выжыльванне плугара. Прастору нібы напаўняе велічны старажытны харал — гімн-хваласпеў стваральнай працы аратая. Ва ўяўным харале, створаным пэндзлем жывапісца, услаўляецца еднасць зямлі і стваральнай працы на ёй, пра якія ў Бібліі выразна сказана: у поце чала свайго будзеш здабываць хлеб свой (Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння…). Карміцелька-зямля і жывіцель свету знітаваныя ў адно, а над усім пералічаным на палатне (тое ўсё — толькі траціна, чацвярціна карціны) — бялюткія, бухматыя, нібы вазы, наладаваныя воўнаю, — хмары, якія беллю сваёю раскаціліся ў нябёсах так, што блакіту амаль не відаць. Кантраст зямлі і неба няўмольна сведчыць, што толькі адгараваўшы на чорнай зямлі ў поце чала свайго, чалавек здабудзе вечны адпачынак у небе.

…У той момант, калі матуля, трывожна азіраючыся, ціха наблізілася да мяне з немаведама адкуль узятымі і заціснутымі ў руках бялюткімі аркушамі, вырванымі з вучнёўскага сшытка, яны падаліся мне тымі аблокамі, што апалі на сляпуча-зялёную сенажаць. Каровы, якіх мы пасвілі, утомна прылеглі на лугавінцы: жвакавaлі.

Гэта толькі скаціна мела права на пярэдых, а пастушкам такі «перапынак» даваў магчымасць пазбіраць шчаўе. Але, як выявілася, не тым разам...

— Прысядзем, сынок, тут, пад кустом.

Кусты захіналі нас ззаду ад местачковых хацін. А паперадзе высілася высачэзная Міронавая Гара — Міронаўка. Там бавілася ўся дзетвара Ракава, прыходзячы сюды з далекаватых местачковых раёнаў Букраўкі, Пасёлку, Слабады і суседніх вёсак — Паморшчыны, Моняк, Гярвеляў.

Лета ўбіралася ў аксамітную раскошу. Мне было гадоў 7-10, і мяне чакала пільная навука, бо на тых бялюткіх аблоках, што апалі на сенажаць, кожны аркуш быў старанна спісаны.

ОЙЧЭ НАШ, КТУРЫ ЕСТ В НЕБЕ,
СЬВЕНТ СЕН ІМЯ ТВОЕ,
ПШЫЙДЗЬ КРУЛЕВСТВО ТВОЕ,
БОНДЗЬ ВОЛЯ ТВОЯ,
ЯКО В НЕБІ ТАК І НА ЗЕМІ.
ХЛЕБА НАШЭГО, ПОВШЭДНЕГО
ДАЙ НАМ ДЗІСЯЙ….

Словы былі выпісаны выразна, кожная літара запаміналася зрокава. Усё на тых аркушах трэба было вывучыць на памяць, іначай да споведзі ксёндз мяне не дапусціць, — умольна тлумачыла мне матуля, час ад часу круцячы галавою, ці не падслухоўвае хто…

 
Высокія будні ксяндза пробашча Яна Такарскага ў мястэчку Ракаў.
Споведзь у каплічцы. Святы хрост на плябані.
Канец 1950 – пачатак 1960-х гадоў.

Я нарадзіўся ў той час, калі танцаваць, як і спяваць, мог не кожны. Трэба было нямала напружвацца, каб навучыцца вальса ці польку. І не было таго тлумнага, натоўпам, шаманскага дрыгання-віхляння. І тэксты літаратурныя (неабавязкова паэтычныя) прамаўляліся старымі людзьмі з памяці (непісьменныя дзяды не былі вялікім дзівам). І да касцёла, а ў маіх местачковых рэаліях слыннага Ракава — цвінтарнай капліцы на ўскрайку мястэчка, дзятве трэба было прабірацца пакрыёма, праз «заградительные отряды» — ланцугі, у якіх на Каляды й Вялікдзень адважна, плячо да пляча, паўставалі парторгі розных савецкіх кантораў, дырэктары, завучы й настаўнікі школаў, міліцыянты й сексоты, якія сцвярджалі, што «бога — нет» (акурат так, з малой літары), а «религия — опиум для народа».

Тым не менш, гэта быў яшчэ той час, калі да бацькоў звярталіся толькі на «Вы». І цалавалі іхнія рукі: татаву — каб вымаліць прабачэнне ды пазбегнуць пакарання дзягаю; матуліну — на знак вялікай радасці й шчырай удзячнасці за набытую каляровую круцёлку ці які настольны футбол. Наогул лічылася прынятым, вітаючыся, цалаваць руку ў кожнай жанчыны. А мужчыны віталіся на вулках, схіляючыся ў пашане й прыпадымаючы капялюш ці скідваючы з галавы магерку. А яшчэ ўсе без выключэння, кабеты й мужчыны, дзеці й нямоглыя старыя, цалавалі руку ксяндзу, калі той завітваў пад чыюсьці страху.

Гэта яшчэ быў той час, калі сямейка сядала за вялікі ці малы стол і ўсе сямейнікі — тры-пяць-сем або дзясятак душ — чэрпалі лыжкамі з адной супольнай місы (найсмачней было есці з драўляных лыжак, падстаўлячы спадысподу лусту) і мачалі хлеб у агульную патэльню. Выпадкова скінуты са стала акраец абавязкова падымаўся з падлогі, цалаваўся й клаўся на край стала (хай нават не самім на спажытак, а ўжо толькі скаціне) са словамі: «Даруй, Божухна».

Частка патрыярхальных рэалій, выцягнутых з маёй малечай памяці, была рэаліямі жыцця нашага мясцовага ксяндза-пробашча Яна Такарскага, хоць паходзіў святар ой як далёка ад Ракава над Іслаччу.

Ян Францішак Такарскі нарадзіўся 12 красавіка 1900 года ў Вялікіх Мехавічах на Тарноўшчыне (ля Тарноўскай Дубровы). Гэты абшар на самым поўдні Польшчы (ваяводства Малапольскага з цэнтрам у Кракаве) ляжаў пад аўстрыйскай імперыяй. Сям’я Казімера й Марылі Такарскіх была вялікаю: Уладзіслаў (1889-1943), Караліна (1893), Ян Непамук (1896-1898), Марыяна (1897-1935). Пазней прыйдуць на свет Зося (1901-1939), Юлляна (1903-1980), Станіслаў (1906). Тры браты й чатыры сястры. Жылі з уласнай раллі і… кузьні. Казімер быў кавалём з залатымі рукамі. Крыж на тамтэйшай святыні, акаваныя касцельныя дзверы, могілкавыя агароджы, плугі, бароны — плён працы не толькі каваля Такарскага, а і ягоных сямейнікаў, сярод якіх Ясь найбольш прападаў-дапамагаў у кузьні. Ставала працы ад ранняй вясны да позняй восені і нават узімку, бо «калі на дварэ лядок — кавалю мядок». На непадкаваным кані не паедзеш анікуды… Басаногі Ясь Такарскі не толькі ў кузьні свяціў голымі лыткамі, але гэтак завітваў і ў касцёл, дзе змалку прыслугоўваў міністрантам. Басаногасць была часткова ад звычкі, часткова ад бядоцця, з якога шматдзетная сям’я Такарскіх не магла выбавіцца. Басаногае маленства гартавала сэрца і выкоўвала чуллівасць да ўсіх пакрыўджаных, пагарджаных, паняволеных. Калі адраджалася Польшча, 19-гадовы Ян Такарскі ахвотнікам пайшоў у шэрагі толькі што створанага Польскага войска. У 1919-1923 гадах ваяваў пад Кіевам, Бярдычавам, Львовам. Малады дзяцюк замест уласнай навукі ў гімназіях ды ўніверсітэтах ахвярна змагаўся за будучыню народа, каб наступнікі мелі дзе вучыцца на роднай польскай мове, чаго, вядома, пад аўстрыяцкім панаваннем бракавала не менш, чым беларускаму слову пад акупацыяй маскоўскай.

Там, ва Украіне, ён упершыню пачуе пра ордэн салезіянаў. Не шукайце гэтае слова ў Тлумачальным слоўніку беларускай мовы — там яго няма. Салезіянскае таварыства заснаваў святы Ян Боска, які назваў яго ў гонар свайго нябеснага апекуна — святога Францішка Сальскага. Мэта заснавання таварыства была акрэсленая ў першых словах яго статута: «Хрысціянская дасканаласць ягоных сяброў дасягаецца духоўнымі і цялеснымі намаганнямі на карысць моладзі, асабліва маламаёмаснай, а таксама падрыхтоўкай юнакоў да святарства». Станаўленне салезіянаў адбылося ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. У 1857 годзе ксёндз Боска склаў першы статут таварыства і праз год наведаў Рым, каб атрымаць падтрымку ад свайго заступніка — папы Пія IX. У 1859 годзе кс. Боска склікаў першы з’езд кангрэгацыі, на якім і было заснавана Таварыства святога Францішка Сальскага. Калі на нашых землях палыхала паўстанне 1863–1865 гадоў, акурат тады былі адчыненыя першыя салезіянскія каледжы ў Мірабела, Манферата і Ланца.

 
Пробашч Ян Такарскі кіруе
рамонтам тына
вакол Ракаўскіх могілак.
На здымку крайні справа —
муляр Уладзімір Патаповіч
(па мянушцы «Бімбала»).
У аб’ектыў пазірае Стась Сянькевіч.
Ракаў, 1960-я гады.
  Працэсія на Ракаўскіх могілках.
Канец 1950 – пачатак 1960-х гадоў.
Хто, апроч ксяндза Такарскага,
пазнаецца сёння
на гэтым фотаздымку?
Я распазнаў родную матулю,
Марылю Ірэну...

Гады навучання будучага ксяндза Яна Такарскага прыпалі на час Другой сусветнай вайны. Клерыку Такарскаму давялося давучвацца патаемна — у летувіскім Сальдуціскісе. 16 сакавіка 1941 года Ян Такарскі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Напачатку была праца ў самой Вільні (дапамагаў пры салезіянскім касцёле святога Стэфана). Потым яго чакала Беларусь: Гарадзея на Нясвіжчыне, Дубровы, Пяршаі, Ракаў.

Смерць хадзіла побач з ім усю вайну. Папярэдніка кс. Такарскага ў Гарадзеі, ксяндза Юзафа Гагалінскага, застрэлілі немцы, а ў Дубраве тамтэйшага святара Мірончыка — «партызаны». Прыйшлі проста пад плябанію, папрасілі паклікаць ксяндза і, як толькі ён з’явіўся ў дзвярах — застрэлілі. Магчыма, і там, у Гарадзеі, было забойства партызанаў, ды па традыцыі савецкай гісторыі ў нас шмат што спісвалі на гітлераўцаў. Аднак арыштавалі кс. Такарскага расейцы. Мая цётка Ядзвіня (маміна родная малодшая сястра 1930 г.нар.) прыгадвае той рашучы настрой, якім поўніўся пробашч Такарскі за тыдзень да арышту. Падчас апошняй навукі-казання ў ракаўскім касцёле ён высока ўзнёс ўгору рукі – ажно рукавы сутаны апалі па локці — і, патрасаючы імі, прамовіў:

— Папомніце адно: Бог не выдасць — свіння не з’есць.

А іншы сведка, не з Ракава, а з Дубрава, Уладзіслаў Лапа, які нарадзіўся 31 сакавіка 1929 г., памятае, як перад самым арыштам ксяндза Такарскага прывезлі да іх на хутар, на сховы. Мясцовы люд папярэдзіў пробашча, што на яго ўжо запісаны чорны «варанок», таму няхай схаваецца, перачакае. Ксёндз пасяліўся на хутары ў лепшай святліцы. Шмат чытаў. Калі жадаў выйсці з хаты ў бліжэйшы бярозавы гай (там было бялютка-бялютка ад бярозаў, ажно вочы адымала, як ад снежнай белі), дык апроч малітоўніка, Брэвіярыя, браў з сабою жаночую хустку і накідваў яе на галаву, каб здалёк здавалася, што гэта крочыць кабета. Але аднойчы ўранку, прыгадаўшы хіба што сваю ваярскую маладосць, секануў рашуча, па-кавалерыйску:

— Што будзе — тое будзе! На ўсё воля Божая. Вяртаюся да сваіх авечак…

«Палітычна небяспечны вораг савецкай улады», святар Ян Такарскі быў арыштаваны сярод белага дня 16 чэрвеня 1948 года. У той самы дзень яго вывезлі ў Вілейку на допыты. Энкавэдысцкія катаванні доўжыліся чатыры месяцы (16.06 – 20.11.1948), у свае 48 гадоў ксёндз Такарскі выйшаў з турмы бяззубым старым. Прысуджаны яму тэрмін выглядаў «сціпла»: усяго 10 гадоў.

Ракаўскага пробашча спачатку этапавалі ва Усходнюю Беларусь, у Віцебск. Паводле пазнейшых успамінаў святара, умовы там былі «прымальныя», хоць наперадзе чакалася зіма і спаць даводзілася на замерзлых, прысыпаных снегам нарах. Ужо адтуль у 1949 годзе пробашча Такарскага вязуць у канцэнтрацыйную Інту — паміж Пячораю і Варкутою. Там, у турэмных лёхах, разлічаных на 6 катаржнікаў, зняволеных напакоўвалі да трох дзясяткаў душ — схуднелых, схварэлых, занядбаных…

У жывёльных варунках Інты сплыло два гады. У 1951 годзе саветы вяртаюць ксяндза Яна ў Беларусь, у маладзечанскую турму — на перасуд! І цяпер прысуд быў вынесены адпаведны, варты нялюдскай савецкай улады — 25 гадоў! Але і гэта было зніжкаю, бо судовая пастанова гучала жахліва патрабавальна: «Смяротнае пакаранне». Чаму яго змянілі зняволеннем на чвэрць стагоддзя?

Над магільнаю плітою ксяндза-вязня — паплечнікі,
якія таксама прайшлі ГУЛАГ і вярнуліся служыць свайму люду.
Імшу ўзначаліў ксёндз Пётра Пупін (1912–1979) з Рубяжэвічаў.
Ракаўскія могілкі, снежань 1975 г. (?).

Развітваючыся з мясцінамі, што сталі яму роднымі, святар Такарскі відавочна і не думаў пра мажлівасць вяртання. І тады, хіба, паўстала першая легенда, звязаная з ягоным жыццём. Не маючы мажлівасці сачыць за сабою штодня, ксёндз адгадаваў бараду, якая ўжо тады бялела сівізною і рабіла вязня на дзясятак гадоў старэйшым за сапраўдны ўзрост. Ад гэтага крыху ніякавелі самыя азвярэлыя канваіры. Таму салезіянін даў зарок: «Божа, няхай сівая барада мая стане маім абярэгам на ўсе 25 гадоў, і я згалю яе тады, праз чвэрць стагоддзя. Калі дажыву...»

Гэтае абяцанне скончылася па тэрміне за год да яго смерці (1948+25 = 1973).

Ужо па вяртанні кс. Такарскі любіў паўтараць, пагладжваючы зрадзелую бараду: «Гэта не барада, гэта мая ратаўніца». Яшчэ адна акалічнасць, якая зрабілася вядомаю пазней: у Сібіры нейкім чынам удалося кс. Такарскаму запісаць свой узрост роўна на 10 гадоў большым (г. зн., 1890 г. нар.), таму пасля смерці Сталіна ён і трапіў у першую чаргу вызваленых, бо 65-гадовым вязням належала амністыя…

Жыццё па вяртанні ў Ракаў не было простым. Прыехаўшы летнім днём (ці не ў жніўні), падаўся на даўнюю вуліцу Віленскую, у хаціну Волеся Лукашэвіча, якому перад арыштам аддаў «сваё дабро гаспадарскае». У Лукашэвічавай хаце ўжо мясцілася калгасная кантора, і святара ўзяла да сябе старая Маеўская (па мянушцы Пштычышка), якая жыла побач з хацінаю майго роднага дзядулі, Станіслава Грыбоўскага. Неяк увечары, вяртаючыся гародамі дахаты, сын гаспадара (таксама Станіслаў — гэта мой родны дзядзька 1933 г. нар.) убачыў людзей, якія корпаліся ў гародзе ў барознах, выкопваючы бульбу. «Што за справа такая?! — уляцеў дзяцюк у хату. — Там злодзеі нейкія бульбу нашую падкопваюць!» Але бацька не даў яму разводзіць размовы: «Маўчы, сыне! Не твайго розуму тут справа». Тады й даведаўся юнак, што бацька саступіў колькі там барознаў з бульбаю ксяндзу Такарскаму на пражыццё...

Кожны парафіянін, ракаўчукі й жыхары навакольных вёсак, спрыялі святару як маглі. У хаціне Маеўскай, што стаяла пры цэнтральнай вуліцы Віленскай (паўз хаціны мястэчка ішоў самы кароткі шлях Мінск-Вільня, Мінск-Гародня), ксёндз доўга заставацца не мог, бо вельмі ж шмат вернікаў набівалася ў хаціну і стаяла на надворку падчас Імшы. Прадстаўнікам акупацыйнай савецкай улады гэта здавалася выклікам, таму неўзабаве кс. Такарскі перасяліўся на вуліцу Радашкоўскую, 11. Гэта была вялізная хата Фэлькі і Стафаніі Лукашэвічаў (па мянушцы Швэд), дзе адзінока жыла Манька (Швэдзішка), і стаяла хата побач з маім родным домам, усяго праз адну хаціну Казюка Лукашэвіча, аграмаднага мужчыны, якому адняло ногі ў маладыя гады (займаўся памежным мытніцтвам, цудоўна апісаным у раманах Сяргея Пясэцкага). Туды, у хаціну Швэдзішкі, і хадзіў я на іспыты перад першай споведдзю.

З жыцця ксяндза на Радашкоўскай вуліцы памятным было здарэнне, калі мой старэйшы брат, Фэлька, спаліў галёшы ў шчыліне паміж нашай дрывотняю й сцяною хаціны Казюка Лукашэвіча. Ксёндз ахвярна кінуўся тушыць чорны дым (у звыклы будзень мужчынаў па хатах не было). «Платаю» яму стала разадраная сутана (ублытаўся ў цясніне паміж будынкамі) і абгарэлая сівая (легендарная!) бародка.

Ксёндз Такарскі характарам быў гарачым, троху нервовым, хоць я ніколі сам за ім нічога такога не заўважаў, а мо проста не памятаю з-за малалецтва. Аднак парафіянам з Дубрава кс. Такарскі запомніўся словамі, сказанымі пад гарачую руку: «Божа, мой Божа, я прасіў Цябе, едучы сюды служыць, каб Ты даў мне людзей, а Ты паслаў мне свіней».

Папрокі пробашча Яна Такарскага ў бок ракаўчукоў гучалі больш стрымана: «Пшанічка за мяжу паехала, а куколі (жыцікі, пустазелле) засталіся». Але і тут мне бачыцца наследаванне запаветаў ксяндза Боска, які за motto жыцця абраў словы: «DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE» («Дай мне душы, усё астатняе забяры»). Калі ў нейкі момант перад ксяндзом Янам паўстала магчымасць выбару новай парафіі з пераездам ва Украіну, ракаўчукі ў адзін голас сталі ўпрошваць ксяндза застацца, ведаючы, што замены яму не будзе аніякай, бо не было святароў на паднявольнай савецкай Беларусі. Яшчэ кс. Такарскага цанілі за чынны ўдзел у грамадскай працы стваральнаю талакою. Народны звычай працаваць разам («Калі робіш у кyпе, не баліць і ў пyпе») відавочна быў блізкім кс. Такарскаму змалку. Чаго вартая толькі адна каменная агароджа — МУР, — пастаўленая па перыметры вакол абшарных Ракаўскіх могілкаў. Як згадвае мой родны дзядзька Станіслаў-Стах Грыбоўскі, нават спрактыкаваных ракаўскіх муляроў пробашч тым даймаў, што кожны камень вадой абмываць загадаў: маўляў, гэтак трывалей мур стаяцьме. Праўда, хапала і крытычных закідаў: напрыклад, чаму ксёндз у каменны мур устаўляе даўнія паваленыя, параскіданыя па цвінтары помнікі, над якімі не злітаваўся не толькі час, але й саветы-камуністы?! Няўжо каменняў на палях мала?

Што да цвінтара… Згадваецца памятнае з майго маленства: публічнае распіццё спіртных напояў за саветамі каралася, але… толькі не на могілках! Новая савецкая камсамольская моладзь (з вуснаў старэйшага люду тое «кансамольцы» гучала абразліва, набліжаючыся фанетычна да «камсы» — дробнай таннай марской рыбкі) пад уздзеяннем «зялёнага змія» пачынала неміласэрна нявечыць пахаванні — бадай палова магілаў у тыя дзесяцігоддзі пазбавіліся надмагільных крыжоў...

Надмагілле кс. Яна Такарскага на Ракаўскіх парафіяльных могілках.

Аднаўленне парафіяльных могілкаў — бясспрэчная і відавочная заслуга ксяндза Яна Такарскага. Слова «праца» ў салезіянскай духоўнасці выкарыстоўваецца для абазначэння не толькі самой працы, але і пабожнага, стваральнага жыцця на зямлі. Можна сказаць, што салезіянскае жыццё ёсць любоўю ў дзеянні, а не ў пустаслоўі. Згодна з навучаннем святога Яна Боска, трэба любіць не адно словам альбо языком, але канкрэтнымі ўчынкамі і праўдаю. Кожная хвіліна чалавечага жыцця павінна прысвячацца, апроч малітоўнай удзячнасці Творцу, яшчэ і апостальскай фізічнай працы, дзякуючы якой чалавек нараджаецца нанова як зямны творца, створаны на падабенства Бога. Ксяндзу Яну Такарскаму, які прайшоў па лагерным канвееры смерці і выжыў, салезіянскага аскетызму было не займаць — будаўнічыя цяжкасці ў Ракаве здаваліся яму дзіцячымі забаўкамі ў параўнанні з дзікаю бязглуздаю працаю на сібірскіх лесапавалах…

Ну, а хто працуе — той і мае. Хлеба ксяндзу Такарскаму ў ракаўскай парафіі хапала дзякуючы і самому працавітаму салезіяніну, які перайшоў у новую хаціну, набытую ў 1960-я гады на імя кухаркі Міхалінкі Станкевічанкі, і завёў уласную гаспадарку. «Ксяндзоўскі дом», як адразу ахрысцілі яго ў мястэчку, быў агароджаны высозным плотам, дзе гаспадарылі адразу некалькі сабак: сквалыжны, віскатлівы дварнячок Карусь і тлусты, бульдогападобны Мунгарт. Сабакі прывучана паслухмяна суправаджалі пробашча Такарскага падчас ягоных доўгіх шпацыраў па ваколіцах, калі даводзілася пакрыёма спавядаць людзей на лугавінах і ў пералесках, а кухарка Міхалінка потым адвячоркам разносіла выспаведаным Гостыю — Камунію. Татка мой, як цырульнік, часта мусіў наведвацца да пробашча, асабліва ў апошнія гады, калі ксёндз Такарскі згаліў бараду. Святар дзіўным чынам памаладзеў перад смерцю…

Смерць напаткала ксяндза Такарскага ў снежні 1974 года. Цукровы дыябет і іншыя «радасці», набытыя ў расейскіх турмах, моцна дакучалі яму. Да абвастрэння фізічных пакутаў спрычыніліся духоўныя: дзіўным збегам абставінаў у 1973 годзе (за год да смерці ксяндза) ракаўская капліца на могілках была двойчы абрабаваная, што балюча адбілася на самапачуванні пробашча. Першым разам ксёндз ляжаў крыжам у збэшчанай святыні, просячы ў Бога вяртання зрабаваных рэчаў: манстранцыі, васьмі кандэлябраў па тры свечкі і асабліва — цудоўнага старадаўняга алтарнага крыжа… Злодзеяў неўзабавае злавілі, а скрадзеныя рэчы знайшлі прыхаванымі ў блізкай дрывотні. Аднак пры паўторным рабунку шмат чаго не вярнулася.

...Стоячы на малітве ў нашай знакамітай цудоўнай святыні над Іслаччу, я часта думаю: «А колькі малітваў, шчырых і сімвалічных укрыжаванняў учыніў над сабою ксёндз Такарскі, выпрошваючы ў нябёсаў, каб хоць па ягонай смерці святыня вярнулася вернікам!»

І гэтак сталася.

Хто б з якога боку ні пад’язджаў да Ракава — з Расеі, з Польшчы, з Летувы ці Украіны — кожнага вандроўніка прыхільна прывітаюць у рушчыцаўскім вечна блакітным небе вежы нашай святыні, нібы малітоўна ўскінутыя рукі — «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі…»

 

Літаратура: Waldemar Witold Żurek SDB. Ksiądz Jan Franciszek Tokarski // Jeńcy na wolności: Salezjanie na terenach byłego ZSRR po II wojnie światowej. — Kraków, 1998. — S. 177–206.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY