![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||
№
4(82)/2017
![]() З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з Данутаю БІЧЭЛЬ з нагоды юбілею
«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...» Проза
Віншуем з юбілеем!
Паэзія
Пераклады
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура
|
Заканчэнне. Пачатак у № 2 за 2017 г. Першы касцёл св. Уладзіслава ў в. Суботнікі (Іўеўскі р-н) быў заснаваны ў 1545 г. каралём Жыгімонтам І Аўгустам (фундацыя замацавана ў 1573 г. Альбрыхтам Радзівілам). У 1755 г. уладальнікамі маёнтка Юрыем і Марыяй Абрамовічамі быў пабудаваны новы драўляны двухзрубавы касцёл базылікальнай канцэпцыі з двухвежавым галоўным фасадам-нартэксам, з барочным франтонам і ўваходным порцікам. У 1900–1928 гг. быў змураваны новы храм у стылі неаготыкі па фундацыі Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх. Драўляны касцёл Міхала Арханёла ў в. Барань (Барысаўскі р-н), паводле стылёвых прыкметаў, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. Яго выява прадстаўлена ў польскамоўным «Апісанні павета Барысаўскага» 1847 года. Гэта двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з двухвежавым фасадам-нартэксам з рысамі сармацкага барока. Чацверыкі вежаў былі накрытыя пакатымі шатрамі з заломам, увенчанымі гранёнымі «банькамі». Па баках пяціграннага алтарнага зруба мясціліся невялікія квадратныя сакрыстыі, накрытыя двухсхільнымі дахамі з дыяганальнымі вільчыкамі. Драўляны касцёл у Дамбровіцах (б. Гродзенскі п., цяпер Польшча) быў заснаваны ў 1594 г. уладальнікам маёнтка, гродзенскім ваяводам Пятром Весялоўскім, перабудаваны ў XVIII ст. Двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі пабудаваны ў традыцыях заходнепалескай рэгіянальнай школы. Надзвычай высокі вальмавы гонтавы дах меў трохвугольныя застрэшкі ў месцы злучэння квадратнага асноўнага і пяціграннага алтарнага зрубаў, а на галоўным фасадзе завяршаўся трохвугольным франтончыкам з шырокім прычолкам паміж дзвюма чацверыковымі вежамі, увенчанымі «банькамі». Па баках апсіды размешчаны невысокія сакрыстыі з рамбічнымі вокнамі, пры ўваходзе — невялікая крухта. Меў традыцыйную вертыкальную шалёўку з нашчыльнікамі і прамавугольныя вокны. Асобна стаяла двух’ярусная званіца (чацверык на чацверыку), накрытая пакатым шатром-«каўпаком». У краязнаўчай літаратуры занесены ў «цуды польскія». Юр’еўскі касцёл у в. Паланечка (Баранавіцкі р-н) быў пабудаваны ў 1751 г. у стылі барока па фундацыі біскупа Жалкоўскага, у 1899 г. рэканструяваны (арх. К. Вайцяхоўскі). Гэта двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з двухвежавым галоўным фасадам. Выцягнуты прамавугольны асноўны зруб і пяцігранная апсіда прэзбітэрыя аб’яднаныя агульным дахам з падоўжным вільчыкам. Галоўны фасад раскрапаваны па баках двух’яруснымі вежамі (чацверык на чацверыку), завершанымі высокімі шатрамі. Першапачаткова ў завяршэннях вежаў спалучаліся пакатыя шатры з пукатымі купалкамі. Пасля рэканструкцыі верхнія чацверыкі вежаў, франтон і фасады атрымалі арыгінальны неагатычны дэкор. Бакавыя фасады аздоблены стральчатымі абрамленнямі вокнаў і вертыкальнымі сцяжкамі, якія імітуюць ступеньчатыя контрфорсы, характэрныя для мураванага дойлідства гэтага рэгіёна (касцёл у Ішкалдзі, уніяцкая царква ў Вольна). Абапал прэзбітэрыя размешчаны невысокія абшырныя сакрыстыі. Унутраны бабінец і крухта вырашаны ў выглядзе двухкалонных порцікаў. Багатаю аздобаю вылучаецца інтэр’ер храма. Над уваходам на хорах размешчаны арган, зроблены ў 1897 г. віленскім майстрам Ф.Астрамецкім. Былы Троіцкі касцёл (цяпер царква) у Цялядавічах (Капыльскі р-н) пабудаваны ў 1792 г. на сродкі нясвіжскага жаночага кляштара бэнэдыктынак. У 1868 г. храм быў перададзены праваслаўным, а ў 1910 г. істотна перабудаваны. Першапачаткова ў архітэктуры будынка сумяшчаліся рысы барока і класіцызму. Гэта двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з двухвежавым галоўным фасадам-нартэксам, укампанаваным у асноўны прамавугольны аб’ём. Агульны дах над асноўным зрубам і пяціграннаю алтарнаю апсідаю ўтварае трохвугольныя застрэшкі ў месцы злучэння і вальмы над алтаром. Па баках апсіды размешчаны невысокія сакрыстыі. Інтэр’ер перакрыты люстраным скляпеннем на падугах, над вузкім нартэксам мясціліся арганныя хоры. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы і пілястры, размаляваныя ў інтэр’еры пад мармур. Пры перабудове на пачатку ХХ ст. помніку былі нададзены рысы неарускага стылю: надбудаваны 4 цыбулістыя гранёныя галоўкі (над вежамі і на вільчыку даха), зменены характар шалёўкі і дэкор франтона, над якім была надбудавана вастраверхая васьмерыковая вежа. Прафіляваны карніз аздоблены разьбяным падзорам, накшталт аркатурнага пояса, у канструкцыі даха зроблены люкарны. У наш час сцены пафарбаваныя ў блакітны колер. Каталіцкая парафія ў Ашмянах заснаваная ў 1387 г. вялікім князем літоўскім Ягайлам; у 1667 г. уладальнікамі мястэчка Андрэем і Даротаю Абнорскімі тут былі асаджаныя дамінікане. Пасля пажару ў 1797 г. быў пабудаваны новы драўляны касцёл пад тытулам Міхала Арханёла — двухзрубавы, з сакрыстыяй вакол пяціграннага алтара, з дзвюма вежамі на галоўным фасадзе, якія мелі два чацверыковыя ярусы над прафіляваным карнізам. Новы касцёл быў змураваны ў 1906—1910 гг. у стылі неабарока. Парафіяльны касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў в. Груздава (Пастаўскі р-н) заснаваны ў 1529 г. вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам. У 1773 г. парафіянамі быў адбудаваны новы храм, які складаўся з прамавугольных, асноўнага і алтарнага, зрубаў, накрытых агульным вальмавым дахам з трохвугольнымі застрэшкамі ў месцы злучэння і трохвугольным франтонам з невялікаю вежачкаю-сігнатуркаю на галоўным фасадзе. У ХІХ ст. праз невысокі бабінец была прыбудаваная двух’ярусная вежа-званіца. На мяжы ХІХ–ХХ стст. на месцы гэтага касцёла пабудавалі драўляны касцёл тыпу трохнававай двухвежавай базылікі, выява якой вядомая паводле фотаздымка Я. Балзункевіча. У пачатку ХХІ ст. была змуравана новая святыня з сілікатнай цэглы. Касцёл св. Юрыя ў в. Вялікія Свіранкі (Астравецкі р-н), помнік драўлянага дойлідства ў стылі сармацкага барока. Пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст., у пачатку ХХ ст. рэканструяваны пад царкву: зняты верхнія чацверыкі вежаў, над франтонам устаноўлена невялікая васьмігранная вежачка з шатром і крыжам. Вернуты католікам у 1998 годзе. Першы касцёл тут быў заснаваны ў 1671 г. па фундацыі віленскага капітула; у 1690 г. пры ім пабудавалі таксама драўляны кляштар ордэну місіянераў. Мае тыповую барочную структуру: прамавугольную наву, пяцігранную апсіду, дзве чацверыковыя вежы, якія выступаюць з плоскасці галоўнага фасада. Аб’ёмы накрытыя агульным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і застрэшкамі ў месцы злучэння зрубаў. Тарэц даха закрыты атыкавым франтонам, сіметрычныя раскрапоўкі па баках сведчаць пра існаванне верхніх чацверыкоў вежаў. Вокны маюць лучковыя завяршэнні. Сакрыстыі розных памераў: паўночная зроблена ў адну лінію з бакавым фасадам, паўднёвая, відавочна, пашырана пазней. Невысокая крухта (экзанартэкс) таксама накрытая двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам. Шалёўка сценаў гарызантальная, з вертыкальнаю цокальнаю панэллю, умацаваная вертыкальнымі сцяжкамі. Інтэр’ер залавага тыпу з плоскім сафітам на падугах. Унутры сцены таксама ашаляваныя, а ўнізе ўпрыгожаныя філёнгавымі нішамі, расчлянёныя пілястрамі і завершаныя прафіляваным карнізам. Усе гэтыя дэталі маюць рысы барочнага класіцызму. На поўдзень ад касцёла знаходзілася двух’ярусная мураваная званіца (чацверык на чацверыку), накрытая шатром-«каўпаком», пабудаваная ў 1910 г. на месцы старой драўлянай (разабраная ў канцы ХХ ст.). Драўляны касцёл у в. Осава (б. Пінскі павет) быў пабудаваны Карповічамі ў 1648 годзе. Невялікі двухзрубавы храм з дзвюма вежамі, накрытымі пакатымі шатрамі сармацкага тыпу зафіксаваны на малюнку Я. Драздовіча (1926 г.). Асобна стаяла двух’ярусная чацверыковая званіца. Драўляны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі місіі бэрнардынаў у в. Мсціж (Барысаўскі р-н) быў пабудаваны ў 1760 г. па фундацыі І. Л. Храптовіча, падканцлера літоўскага. Складаўся з асноўнага прамавугольнага зруба, пяціграннай алтарнай апсіды і вузкага аб’ёма бабінца, які выступаў за межы навы. Усе часткі кампазіцыі былі аб’яднаныя агульным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і невялікімі застрэшкамі ў месцы злучэння зрубаў над невысокімі сакрыстыямі з вальмавымі дахамі. Пасярэдзіне вільчыка размяшчалася гранёная галоўка на васьміграннай «шыйцы». Сцены былі ашаляваныя вертыкальна дошкамі з нашчыльнікамі і ўмацаваныя сцяжкамі-«лісіцамі». Вокны прамавугольныя. Драўляная ўніяцкая Крыжаўзвіжанская царква была пабудавана ў гэтым мястэчку ў 1649 г. па фундацыі Казіміра і Алены Сапегаў (Акты віленскай археаграфічнай камісіі, спр. 256, арк. 35).
Каталіцкая парафія ў в. Дуды (Іўеўскі р-н) была заснаваная ў 1608 г. вялікім гетманам літоўскім Каралем Хадкевічам. Першы драўляны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў 1672 г. па фундацыі караля Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага; адбудаваны пасля пажару ў 1772 г. «з дрэва цёсанага» на сродкі мясцовага старосты Гераніма Зянковіча і яго жонкі Барбары; асвячоны ў 1781 г. біскупам Т. Зянковічам. Адноўлены ў 1908 г. і ў 1990-я гады. Класічны ўзор сармацкага барока ў дрэве, відавочна, меў за ўзор мураваныя касцёлы ў Міхалішках і Засвіры. Прамавугольны асноўны і пяцісценны алтарны зруб накрыты агульным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Па баках алтарнай апсіды размешчаны квадратныя ў плане невысокія сакрыстыі, накрытыя вальмавымі дахамі з дыяганальным вільчыкам (форма пакрыцця характэрная для гэтага рэгіёна). Галоўны фасад фланкуюць дзве сіметрычныя, квадратныя ў плане вежы, шырыня якіх абумоўлівае памеры ўнутранага бабінца. Вежы маюць тры чацверыковыя ярусы, якія злёгку скарачаюцца ўгору, што надае кампазіцыі фасада вертыкальную дынаміку. Паводле фотаздымка пачатку ХХ ст., вежы завяршаліся пакатымі шатрамі з заломам і васьміграннымі грушападобнымі галоўкамі-«банькамі»; у наш час яны завершаны высокімі неагатычнымі шатрамі з трохвугольнымі франтонамі ў аснаванні граняў. Цэнтральная частка фасада заглыбленая паміж вежамі і завершаная атыкавым франтонам. Помніку ўласцівая строгасць і лапідарнасць вонкавага аблічча ў спалучэнні з багатаю аздобаю інтэр’ера. Унутры драўляная столь навы і прэзбітэрыя імітуе люстэркавае скляпенне з арнаментальнаю размалёўкаю ў стылі мадэрн. Над бабінцам размешчаны арганныя хоры. Тры познебарочныя алтары маюць калоны карынфскага ордэру і дынамічна раскрапаваныя антаблементы з ракайльнымі картушамі. Каталіцкая парафія ў м. Свіслач (Асіповіцкі р-н) была заснаваная ў 1600 г. Мікалаем Гарабурадам, кашталянам мінскім. Драўляны касцёл пад тытулам св. Барбары быў збудаваны па фундацыі Барбары Незабытоўскай (з Завішаў) у 1783–1786 гг. Гэта быў двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з дзвюма чацверыковымі вежамі на галоўным фасадзе і трохвугольным франтонам паміж імі. Паводле інвентара 1854 г., ён быў пабудаваны з брусоў, меў «бабінец унутраны», злева ад яго была лесвіца на хоры, падмурак з бутавага каменя (НГАБ, Мінск, ф. 1781, воп. 27, спр. 274, арк. 1). Драўляны парафіяльны Троіцкі касцёл у в. Амнішава (Лагойскі р-н) пабудаваны ў 1795–1797 гг. па фундацыі Юзафа Корсака і яго маці Анэлі (з Байкоўскіх). Двухзрубавы храм з пяцісценнаю алтарнаю апсідаю быў накрыты агульным высокім шматсхільным гонтавым дахам з падоўжным вільчыкам. На галоўным фасадзе над карнізам даха ўзвышаліся дзве чацверыковы вежы, накрытыя шатрамі-«каўпакамі», і значных памераў франтон, які імітаваў атыкавыя франтоны тагачасных мураваных святыняў позняга барока. Верхняя частка франтона мела пластычны абрыс і барочныя валюты па баках. Сцены былі ашаляваныя вертыкальна дошкамі з нашчыльнікамі, вокны мелі лучковыя завяршэнні. У інтэр’еры была намаляваная «на оптыку» алтарная кампазіцыя. З боку, «у адну лінію з фасадам», стаяла каркасная чацверыковая званіца, накрытая гонтавым шатром-«каўпаком». Драўляны парафіяльны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Куранец (Вілейскі р-н) быў пабудаваны ў 1652 г. Паводле інвентара 1798 г., быў двухзрубавым, з роўнавысокімі крыламі трансепта і дзвюма вежамі на галоўным фасадзе, унутры меў 3 барочныя алтары. Быў знішчаны пажарам у 1809 г., але адбудаваны ў 1810 г. на сродкі Казіміра Сулістроўскага ў стылі класіцызму. Пры гэтым касцёл набыў галоўны фасад у выглядзе шасцікалоннага порціка, увенчанага двух’яруснаю вежачкаю (васьмярык на чацверыку) з цыбулепадобнаю галоўкаю. Разабраны пасля вайны. Выява вядома па фотаздымку пачатку ХХ ст. Драўляны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Палачаны (Маладзечанскі р-н) быў пабудаваны на сродкі маршалка ашмянскага Антонія Сулістроўскага і яго жонкі Тэрэзы ў 1738 г., з 1765 г. ён вядомы як грэка-каталіцкі храм. У 2-й палове ХІХ ст. на яго месцы была пастаўлена мураваная праваслаўная царква. Першапачаткова гэта быў храм двухзрубавага двухвежавага тыпу з сіметрычнымі сакрыстыямі абапал пяціграннай апсіды прэзбітэрыя. Аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю будынка ўвенчвалі фігурныя купалы-«банькі» над вежамі і над апсідаю. Уваход быў аформлены ганкам «з балясінамі». Драўляны філіяльны касцёл бабруйскай місіі езуітаў у в. Гарбацэвічы (Бабруйскі р-н) быў заснаваны па фундацыі бабруйскага старосты Пятра Трызны ў XVII ст., перабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. Паводле люстрацыі 1773 г., cтаяў «на Слуцкім тракце, парканам старым в коло оправаджоны, новы, з дрэва тёсанага з дзвюма вежачкамі і адным купалком, гонтам пакрыты, хор, падлога з тарціц, вокнаў 7 шкла белага ў дрэва апраўленых» (РДГАСА, Масква, ф. 2188, воп. 1, спр. 60, арк. 32). Асноўнымі сродкамі мастацкай выразнасці беларускіх драўляных касцёлаў былі маналітнасць і пластычнасць іх формаў, суладдзе і дынаміка геаметрыі ліній і плоскасцяў, адсутнасць дробнага дэкору, стварэнне прасторавага ансамбля, што аптычна павялічвала маштаб камерных збудаванняў адносна навакольнага асяроддзя. Лаканізм, нават аскетызм, мастацкіх дэкаратыўных сродкаў кампенсаваўся гарманічнай выразнасцю прапорцый і рытмаў аб’ёмаў, пластыкай гонтавага пакрыцця і маляўнічай кампазіцыяй вянчаючых масаў, што падкрэслівала паслядоўную эвалюцыю стылю барока. Намі разгледжаны найбольш пашыраны ў мясцовым каталіцкім драўляным дойлідстве эпохі барока тып клецевага касцёла базылікальнай канцэпцыі, які, па нашым вызначэнні, мае падабенства з мураванымі аднанававымі святынямі Беларусі, але не тоесны архітэктоніцы класічнай архітэктурнай базылікі. Фота аўтара.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |