Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(82)/2017
З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы

«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...»
Проза
Віншуем з юбілеем!

«ПАЧАКАЙ, ЗАТРЫМАЙСЯ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Юрый ПІСКУН

ПАМЯЦІ АЛЯКСАНДРА ЯРАШЭВІЧА —
ДАСЛЕДЧЫКА БЕЛАРУСКАЙ ДАЎНІНЫ

Аляксандр Ярашэвіч падчас музейнай экспедыцыі.
Вёска Добруш, 1984 г

Мінуў год, як не стала Аляксандра Адамавіча Ярашэвіча — вядомага беларускага гісторыка мастацтва, краязнаўцы, архівіста, музейнага работніка, самааданага ў справе даследавання, выратавання і зберажэння беларускага сакральнага мастацтва.

Аляксандр Ярашэвіч (28.08.1940–28.10.2016) нарадзіўся ў вёсцы Любкаўшчына Стаўбцоўскага раёна ў сялянскай сям’і. Там, ля вытокаў Нёмана, прайшло яго дзяцінства сярод мілых сэрцу беларускіх краявідаў, апетых у «Новай зямлі» Якубам Коласам. Вучыўся Алесь Ярашэвіч у школе ў Мікалаеўшчыне, роднай вёсцы вялікага паэта, скончыў яе з залатым медалём. Родныя мясціны, багатыя на помнікі гістарычнай даўніны — Новы Свержань, Стоўбцы, а далей — Нясвіж, Мір, Ішкалдзь, Новая Мыш, Вольна, дзе вандраваў калісьці і Уладзіслаў Сыракомля, у маладосці скалясіў на ровары Аляксандр Ярашэвіч, ужо тады захоплены таямнічай прыгажосцю старажытных беларускіх замкаў і храмаў.

Пасля заканчэння ў 1962 г. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «атамная фізіка» ён працаваў настаўнікам на брэсцкім Палессі, вучыўся ў аспірантуры, затым працаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі. Але захапленне старажытным беларускім мастацтвам перамагло і, пачынаючы з 1970-х гадоў, стала галоўнаю справаю жыцця Аляксандра Ярашэвіча. Па шчаслівых акалічнасцях, напэўна, не выпадковых, а наканаваных, яго прафесійнае далучэнне да беларускага старажытнага мастацтва адбылося ў коле беларускіх фізікаў-атамшчыкаў. Разам з Ю. Хадыкам, І. Быцевай, В. Філіпавым, Э. Максімавай і інш. фізікамі А. Ярашэвіч стаў удзельнікам мастацтвазнаўчага семінара, якім кіравала яркая, таленавітая даследчыца старажытнабеларускага іканапісу Элеанора Вецер. Яе лекцыі па гісторыі сакральнага мастацтва ў залах Дзяржаўнага мастацкага музея БССР і заняткі семінара ў сектары збора помнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР згуртавалі з ліку маладых беларускіх вучоных-атамшчыкаў кола аднадумцаў, неабыякавых да беларускай даўніны, гісторыі старажытнабеларускага мастацтва. Удзельнікі семінара самаахвярна, у свой вольны час прымалі ўдзел у экспедыцыйных паездках па цэрквах і касцёлах Беларусі, удзельнічалі ў распачатай беларускім акадэмічным Інстытутам мастацтвазнаўства ў падрыхтоўцы выдання «Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Разам з вядомымі даследчыкамі беларускага мастацтва Л. Дробавым, В. Шматавым, В. Церашчатавай дзейсны ўдзел у гэтых экспедыцыях прымаў і А. Ярашэвіч.

Ганна Фурс, Ларыса Геніюш, Вольга Церашчатава, Аляксандр Ярашэвіч. Зэльва, 1982 г.

У 1970-я гады, калі ў краіне панавала ідэалогія ваяўнічага атэізму, вывучэнне і збіранне царкоўных рэчаў было свайго роду актам апазіцыі, грамадзянскага супраціву. У час, калі святыні зачыняліся і руйнаваліся, менавіта дзякуючы экспедыцыйным паездкам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР на чале з Н. Высоцкай і экспедыцыям Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору пад кіраўніцтвам В. Церашчатавай удалося выратаваць ад знішчэння і сабраць з паўразбураных, патрабуючых тэрміновай рэстаўрацыі прадметаў царкоўнай даўніны ўнікальныя калекцыі твораў стажытнабеларускага іканапісу, скульптуры, дэкаратыўнага мастацтва, старадрукаў, якія склалі фонды старажытнабеларускага мастацтва НММ РБ і Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. Менавіта з гэтымі музеямі звязаў свой лёс Аляксандр Ярашэвіч. У 1979 г. ён прыйшоў на работу ў Музей старажытнабеларускай культуры на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка, галоўнага захавальніка фондаў.

Фарміруючы экспазіцыю музея, клапоцячыся пра захаванне і рэстаўрацыю выратаваных ад разбурэння твораў сакральнага беларускага мастацтва, Аляксандр Ярашэвіч падчас шматгадовай работы ў Музеі старажытнабеларускага мастацтва (1979–2004) і сам сфарміраваўся як глыбокі даследчык беларускай мінуўшчыны. Ён грунтоўна падыходзіў да даследавання старажытнабеларускага мастацтва, заснаванага на глыбокім стылёвым аналізе, архіўных пошуках і яго агульнаеўрапейскім кантэксце, літаратурных, іконаграфічных крыніцах — усё гэта дамінавала ўжо ў яго першых публікацыях, прысвечаных вывучэнню беларускай барочнай алтарнай скульптуры ў касцёлах Гродна, Новай Мышы, Волпы, Будслава і Міхалішкаў. Гэтыя публікацыі, дапоўненыя іншымі глыбокімі даследчымі матэрыяламі, склалі аснову абароненай А. Ярашэвічам кандыдацкай дысертацыі.

Музей старажытнабеларускай культуры на працягу больш дзесяці гадоў праводзіў экспедыцыйныя паездкі па цэрквах і касцёлах Беларусі, складаючы поўны звод захаваных у гэтых храмах помнікаў мастацтва, гісторыі і культуры, робячы іх фатаграфаванне і навуковае апісанне. Дзейсны ўдзел у гэтых экспедыцыях разам са сваімі калегамі В. Церашчатавай, М. Мельнікавым, М. Яніцкай, А. Лявонавай і інш. прымаў Аляксандр Ярашэвіч. У 1990-я гады ён ўдзельнічаў у экспедыцыях музея на чале з В. Шматавым у чарнобыльскую зону, дзе была сабрана ўнікальная, адзіная ў краіне калекцыя помнікаў народнага мастацтва і побыту з адселеных вёсак.

Юрый Піскун, Аляксандр Ярашэвіч, Аляксандр Белакоз
(дырэктар Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея),
Вольга Церашчатава, Ала Лявонава з супрацоўнікамі музея.
Вёска Гудзевічы Мастоўскага р-на, 1983 г.

Вялікаю заслугаю А. Ярашэвіча падчас яго працы ў Музеі старажытнабеларускай культуры стала падрыхтоўка і выданне першага вялікага альбома музейнага збору, дзякуючы якому ўнікальная калекцыя беларускай даўніны, сабраная ў музеі, набыла шырокую вядомасць не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі. Мэце міжнароднага прызнання каштоўнасці сакральнага беларускага мастацтва мінулага, яго значэння ў кантэксце ўсходнееўрапейскай мастацкай спадчыны, спрыялі выступленні і публікацыі А. Ярашэвіча на міжнародных навуковых канферэнцыях і ў навуковых зборніках, выдадзеных у Маскве, Кіеве, Луцку, Вільнюсе. Вядомыя вучоныя-мастацтвазнаўцы Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы вельмі высока ацэньвалі ўклад Аляксандра Адамавіча ў даследаванне сакральнага мастацтва позняга Сярэднявечча і эпохі Барока. З многімі вядомымі даследчыкамі з гэтых краінаў А. Ярашэвіч меў блізкія, сяброўскія стасункі. Сумесна з польскім даследчыкам Т. Чарняўскай у 1996 г. А. Ярашэвічам было зроблена апісанне Кальварыйскіх могілак у Мінску (T. Czarniawska, A. Jaroszewicz. «Rzymsko-Katolicki cmentarz Kalwaryja w Mińsku na Białorusi» (I tom z serii «Cmentarze na dawnych kresach Rzeczypospolitej». Warszawa, 1996).

Вызначальнымі рысамі Аляксандра Ярашэвіча як даследчыка былі яго вялікая эрудыцыя, энцыклапедызм, глыбіня аналізу, якія сумяшчаліся з яснасцю, прастатою выкладання матэрыялу. Ён быў выдатным папулярызатарам, які імкнуўся данесці сваё захапленне старажытнабеларускім мастацтвам як мага большаму колу людзей, абуджаць у іх любоў да роднай спадчыны. Таму так актыўна і шмат (больш за тры сотні артыкулаў) пісаў ён пра беларускую даўніну — касцёлы, цэрквы, манастыры, кляштары, помнікі мастацтва і архітэктуры, канфесійныя ўтварэнні і мастацкія цэнтры — у энцыклапедычныя выданні: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», «Рэлігія і Царква Беларусі», «Вялікае Княства Літоўскае». Ён быў пастаянным аўтарам і сябрам рэдкалегіі часопіса «Наша вера». Для шырокага кола чытачоў і вандроўнікаў прызначаны падрыхтаваныя і выдадзеныя ім ў выдавецтве «Беларусь» альбомы-пуцевадзіцелі па славутых храмах Беларусі ў Будславе і Гродне (альбом пра гродзенскі паезуіцкі касцёл, выдадзены ў суаўтарстве з В. Бажэнавай).

З 2004 года і да апошніх дзён жыцця А. Ярашэвіч працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела старажытнабеларускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Тут яскрава праявілася яго здольнасць данесці да наведвальнікаў музея свае глыбокія веды і сваё бясконцае захапленне мастацкай спадчынай Беларусі. Ім былі распрацаваны навуковыя канцэпцыі пяці экспазіцый у Мірскім замку, прысвечаных войнам XVI–XIX стагоддзяў, і пры яго непасрэдным удзеле былі падрыхтаваныя такія значныя тэматычныя выстаўкі старажытнабеларускага мастацтва, як міжнародная «Праваслаўная ікона Расіі, Украіны і Беларусі» (2008), «Алтарны жывапіс Беларусі» (2009), «Беларускі іканастас» (аўтар канцэпцыі выстаўкі, 2015), «Вобраз Хрыста ў іканаграфіі краін Усходняй Еўропы» і «Святло нябеснае на зямлі» (2016); напісаны ўступныя артыкулы да каталогаў гэтых выставак і артыкул пра старажытнабеларускае мастацтва ў альбом-каталог грандыёзнага выставачнага праекту НММ РБ і Белгазпромбанка «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі» (2014). Дзякуючы старанням Аляксандра Адамавіча ў збор Мастацкага музея былі перададзены з Жыровіцкага Успенскага манастыра ўнікальныя творы беларускага іканапісу канца XVII ст., ён быў адным з кансультантаў па стварэнні ва Усіхсвяцкім саборы ў Мінску новага іканастаса ў беларускіх традыцыях.

Аляксандр Ярашевіч напісаў шэраг артыкулаў для альбома-каталога «Партрэты ўладароў і магнатаў ВКЛ», які рыхтуецца да друку. У апошні год свайго жыцця ён у суаўтарстве з Аленаю Карпенка працаваў над альбомам-каталогам «Гістарычны партрэт канца XVI — пачатку ХІХ стагоддзя ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь».

Навуковая пазіцыя А. Ярашэвіча вызначалася неангажыраванасцю, прынцыпамі экуменізму. Для яго было аднолькава каштоўным і цікавым як мастацтва, створанае ў рэчышчы беларускай праваслаўнай традыцыі, так і мастацтва Уніяцкай Царквы і Каталіцкага Касцёла. Ён добра разумеў і мог вызначыць асаблівы шлях развіцця старажытнабеларускага мастацтва, які сплавіў у адзінае цэлае поствізантыйскую традыцыю ўсходняй Царквы з традыцыямі заходняй Царквы, уплывам каталіцкага мастацтва Рыма, Германіі, Польшчы. Вялікім захапленнем Аляксандра Адамавіча было даследаванне цудадзейных абразоў Божай Маці, праслаўленых і ў беларускіх праваслаўных і ўніяцкіх храмах, а таксама і ў беларускіх касцёлах. Яго кніжка пра абразы Божай Маці Снежнай у храмах Беларусі — выдатнае таму сведчанне. Апошняе навуковае даследаванне Аляксандра Ярашэвіча, прысвечанае цудадзейнаму абразу Божай Маці Мінскай (у суаўтарстве з Э. Шаўчэнка), было надрукавана ў «Праваслаўнай энцыклапедыі» ў Маскве ўжо пасля яго смерці.

Аляксандр Ярашэвіч назаўжды ўвайшоў у кола тых выдатных даследчыкаў старажытнабеларускага мастацтва, дзякуючы якім нашы веды пра беларускую мастацкую спадчыну сталі больш грунтоўнымі. Да друку рыхтуецца кніга А. Ярашэвіча аб сакральнай і мемарыяльнай скульптуры Беларусі, а таксама выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, прысвечаная яго памяці.

Юрый Піскун.
Фота Міколы Мельнікава.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY