![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||
№
4(82)/2017
![]() З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з Данутаю БІЧЭЛЬ з нагоды юбілею
«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...» Проза
Віншуем з юбілеем!
Паэзія
Пераклады
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура
|
Пасля палявання на мядзведзя ў Бланкенбургскім лесе Конрад, граф Морслебена і Хорнбурга, скача вярхом разам з дванаццаццю ўзброенымі спадарожнікамі да сваёй галоўнай рэзідэнцыі. Ён скача, не разбіраючы шляху, праз балоты і ручаі. Зноў і зноў дарогу перагароджваюць валуны і паламаныя дрэвы. Жарабец графа пужаецца кожнай новай перашкоды. Конрад бярэцца за бізун, прымушае свайго каня зрабіць скачок. Граф стрымгалоў імчыцца наперад, пакідаючы ззаду сваіх людзей. Сёння, 1 верасня 1005 года, яго падганяе навіна: Амульрада, ягоная жонка, адчувае родавыя болі. Вельмі хутка яна народзіць дзіця. Графу Конраду было прадказанне: «Толькі калі ён, стаўшы бацькам, ужо ў дзень нараджэння возьме немаўля на рукі, дзіця ўчыніць штосьці вялікае для чалавецтва». Далей ён скача галопам. Хутка з ляснога масіву Гроссэр Фальштайн становіцца бачнаю мэта вандроўкі. Вартавая вежа Хорнбурга, што стаіць высока на ўзгорку, узвышаецца над гарадскімі валамі і хатамі. Яшчэ не развяваецца на вежы сцяг у знак нараджэння, але яно неўзабаве адбудзецца. У сваім замкавым пакоі ляжыць у пасцелі Амульрада. Дыханне перарывіста вырываецца ў яе з грудзей, яна курчыцца ад болю. Павітуха Ізольда гладзіць графіню па валасах, падбадзёрвае яе, спявае дзіцячую песню. Дзве служанкі рыхтуюць радзільнае крэсла, высцілаючы яго палотнамі. Затым яны асцярожна падымаюць графіню, падтрымліваюць яе, пакуль яна з выцягнутымі нагамі не ўсядзецца на радзільнае крэсла. Павітуха стаіць перад ёю на каленях. Яна пяшчотна кладзе рукі на ўлонне маці, навобмацак вызначае пазіцыю дзіцяці. Галоўка намацваецца, ляжыць зручна. Ізольда націрае родавыя шляхі і дае графіне парады, як ёй трэба дыхаць і тужыцца. Раптам усё адбываецца вельмі хутка: Амульрада нараджае хлопчыка. Немаўля крычыць і перабірае ручкамі і ножкамі, здаецца, што гэта абсалютна здаровае дзіця. Хлопчыка мыюць і спавіваюць. Хутка пасля гэтага граф Конрад трымае свайго сына на руках. Смяротнасць сярод немаўлятаў шырока распаўсюджаная, таму спешна рыхтуецца хрост. Кажуць: «Нябёсы адчыненыя толькі для ахрышчанага». Праз некалькі гадзінаў у замкавай капліцы з малітваю і пры свечках адбываецца хрост дзіцяці. Хлопчыка будуць зваць Суітгерам. Яшчэ ў паўзунковым узросце Суітгер соваецца па пакоях. Калі ён асмельваецца зрабіць першыя крокі і пачынае хадзіць, ён даследуе замак, стайні і вежу да самых зубцоў. Як толькі ён навучыўся ездзіць верхам, ягоная прага ведаў выганяе яго вонкі. Ён усё лепш знаёміцца з наваколлем Хорнбурга. На поўдні яго вабяць горы Гарца. З цікаўнасцю ходзіць ён па лясах, узбіраецца па ўцёсах на высокі Брокэн. Ён ездзіць верхам уздоўж берага ракі Ільзэ да яе вусця, дзе яна ўпадае ў Окер. Ён накіроўваецца ўслед за ракою на поўнач, знаходзіць месца кладу ў Альтэвіку, дзе каля пераправы праз Окер праходзіць гандлёвы шлях ад Рэйна да Эльбы. У гэтым паселішчы распараджаюцца бруноны. Са свайго замка яны кантралююць гандаль на Океры і патрабуюць дарожную даніну. З усходу і захаду сыходзіцца разнамасны народ. Каля Альтэвіка, вакол святога Мікалая — драўлянай царквы — стаяць крытыя саломаю хаціны. Яны служаць месцам адпачынку і ўцехаў для падарожнікаў. З шынкоў гучыць гоман, звонку каля лавак зазывалы расхвальваюць свае тавары. Тут прапаноўваюцца рэчы адусюль: бурштын з Усходу, тканіны з Брабанта, амулеты, кальчугі, мячы і яшчэ шмат таго, што жадаюць людзі. Граф Брун прыязджае з замка верхам. Паперадзе яго мчацца ягоныя ахоўнікі. Яны трымаюць на павадках сабак. Палкамі і ўдарамі бізуноў яны ачышчаюць вуліцу. Жабракі ўцякаюць. Адзін з іх спатыкаецца аб свае мыліцы. Граф Брун прышпорвае жарабца, рэзка збівае калеку з ног. Суітгер спяшаецца жабраку на дапамогу, падымае яго і падтрымлівае, пакуль той ізноў можа стаяць. Ахоўнікі праганяюць Суітгера.
Манах Гунтрам — настаўнік Суітгера. Ён суправаджае яго з дзяцінства. Гунтрам — шчаслівы выпадак для маладога графа: гэты манах разумны і разбіраецца ў жыцці. Ён жыў у Ерузалеме, у Візантыі і ў Рыме. Ён ведае Біблію і шматлікія працы вучоных. Ён умее апрацоўваць поле, прадказвае буру і ведае пра лекавую сілу многіх раслінаў. Гунтрам перадае свае веды Суітгеру, размаўляе і чытае з ім па-грэчаску і па-латыні. З кожным днём веды Суітгера павялічваюцца. Ён валодае алгебраю, ведае філосафаў і можа падкаваць каня. Ужо хутка скончыцца дзяцінства Суітгера. Ён яшчэ вагаецца, не ведае, ці зрабіцца яму правіцелем, ці святаром. У гэты час пошукаў ён скача ў Пфальц Верла. Ён часта наведвае каралеўскі палац на крутым беразе Окера, да якога ўсяго толькі гадзіна язды верхам ад Хорнбурга. Пфальц з’яўляецца для яго месцам вучэння, асабліва ў тыя дні, калі кайзер праводзіць сеймы. Тут сустракаюцца магутныя людзі з усіх канцоў імперыі, што раскінулася ад Міжземнага да Паўночнага мора. Герцагі, графы, святары высокага рангу. І ўсе яны прыязджаюць са світаю. У такія дні Суітгеру сустракаюцца многія незнаёмыя людзі. Ён размаўляе з панамі і са слугамі і слухае, што адбываецца ў далёкіх мясцінах і што новага ў свеце. Сёння ў палацы знаходзіцца кароль Конрад II. На свабодным месцы паміж палацам і царквою ўстаноўленыя трыбуны. Пасярэдзіне сядзяць кароль і каралева ў атачэнні дваранства і высакародных дамаў. Два рыцары пачынаюць коннае спаборніцтва. Пераможцам стане той, хто кап’ём выб’е праціўніка з сядла. Прастора для змагання роўная даўжыні пяцідзесяці коней. У кожным канцы дыстанцыі стаіць адзін з абодвух рыцараў і цэліцца ў свайго праціўніка. Кожнага з іх абараняюць даспехі, грудзі і ногі закрытыя панцырамі. Галава схаваная ў жалезны шлем. Народ чакае знаку. Кароль узнімае руку. Адразу ж гучыць барабанны дробат. Потым раздаюцца гукі трох трубаў. Сцяганосец апускае сцяг, і змаганне пачынаецца. Вершнікі нясуцца адзін на аднаго. На іхніх конях — гунькі. Бакі пакрытыя чырвоным сукном. Галовы схаваныя пад чорнымі маскамі. Відаць толькі вушы. З вузкіх проразяў пазіраюць вочы коней. Іхні позірк паверх намаляваных цмокавых зубоў здаецца злосным. Кожны вершнік трымае ў руцэ кап’ё і накіроўвае яго на свайго праціўніка. Усё хутчэй і хутчэй набліжаюцца яны адзін да аднаго. Раптам яны наносяць коп’ямі ўдар. Ён трапляе ў аднаго з вершнікаў. Праз удар кап’ё разломліваецца на кавалкі. Частка дрэўка ўтыкаецца рыцару ў горла. Ён хістаецца, узнімае рукі ўгору, выпадае з сядла. Ягоны конь устае на дыбкі, падае і прыдушвае яго сваім целам. З усіх ярусаў гучаць крыкі радасці. Пераможца накіроўвае свайго каня да трыбуны. Ён адкрывае забрала і кланяецца каралю. Гэтае пабоішча наганяе на Суітгера жах. Ён скача прэч. Па дарозе назад у Хорнбург ён сустракае свінапаса Ота. Той здымае шапку і пачынае скардзіцца: «Малады пан, выслухай мяне, калі ласка. Ахоўнікі з Верлы пазабіралі ў мяне маю жывёлу». Заўсёды, калі кароль спыняецца ў палацы, яму і ягонай свіце патрэбныя хлеб, мяса і фрукты. Сялянаў вымушаюць сплочваць даніну. Часта перад нападам світы правіцеля яны гоняць кароваў у лес, хаваюць тое, што можна выратаваць, каб не памерці з голаду. Нястачы сялянаў выклікаюць у Суітгера спачуванне. Ён думае, якім чынам ён можа дапамагчы гэтым людзям. Таму ён шукае дапамогу ў бэнэдыктынаў. Ён канчаткова пакідае Хорнбург і ідзе ў Хельмштэдт, у кляштар святога Людгера. Манахі жывуць тут у пакоры, у цноце і веры ў Бога. Яны выкарчоўваюць лес вакол кляштара, робяць пустку пладароднай, выкопваюць сажалкі, каб разводзіць рыбу. Яны захоўваюць збожжа і фрукты ў свірнах і склепах для запасаў на зіму. Яны будуюць шпіталь і даглядаюць там хворых, аблягчаюць іхнія болі травамі з кляштарнага саду. Кожны дзень голад гоніць беднякоў да дзвярэй кляштара. Натоўп калекаў і абадраных дзяцей просіць літасці. Манахі раздаюць жабракам хлеб і суп. Суітгер дапамагае па меры сілаў. Ён адчувае сябе на сваім месцы, тым больш што тут ён можа дапамагаць людзям і, апрача таго, памнажае свае веды ў кляштарнай бібліятэцы. Жыццё з манахамі фармуе яго, робіць гатовым да святарства. Так, у 1032 годзе ён становіцца канонікам сабора ў горадзе Хальберштадт. Хутка пасля гэтага арцыбіскуп Герман прызначае яго прыдворным святаром у сваё біскупства ў Гамбург і Брэмен. У якасці прыдворнага святара ён сустракае караля Генрыха III. У гэты час кароль атрымаў ліст ад італьянскага манаха Пятра Даміяні. Той скардзіцца на распусту рымскага духавенства. Кароль звяртаецца да Суітгера за параду і хутка вельмі ўражаны ягонымі дабрачыннасцямі і ведамі. Генрых разумее, што Касцёлу патрэбныя такія святары, як Суітгер.
Летам 1040 года памірае Эберхард, біскуп Бамберга. Пасля гэтага кароль прапаноўвае Суітгера на пасаду біскупа Бамберга. 28 снежня 1040 года ў Мюнстары мітрапаліт Барда, арцыбіскуп Майнца, пасвяціў Суітгера ў біскупы. Калі Суітгер уязджае ў Бамберг і з узгоркаў бачыць рознакаляровыя фахверкавыя дамы, калі ён чуе, як журчыць рака Рэгніц, нарэшце, калі ён уваходзіць у сабор і бачыць ягонае хараство, ён усклікае: «Які прыгожы горад, тут хачу я дзейнічаць, хачу прымірыць зямное з нябесным». Ён здзяйсняе гэты намер: ён суцяшае людзей і дапамагае ім. Па яго наказе жабракі атрымліваюць ежу, а хворыя догляд. Апрача таго, ён засноўвае бэнэдыктынскі кляштар святой Тэрэзы. Дзякуючы часу, які ён правёў сярод манахаў у Хельмштэдце, ён ведае, якую карысць прыносяць людзям кляштары. У разгар ягонай дзейнасці ў біскупстве яго выклікаюць да караля. У пачатку верасня 1046 года ў Бамберг конна прыязджае ганец. Ён перадае біскупу ліст. Генрых III выклікае ў паход у Рым. Ён хоча, каб Папа Рымскі каранаваў яго імператарскаю каронаю. Магутных людзей імперыі выклікаюць на зборы ў Аўгсбург. Суітгер ад’язджае, яго суправаджае Гунтрам, ягоны самы блізкі сябар з дзяцінства, і яшчэ дзесяць паплечнікаў. З усіх мясцовасцяў краіны збіраюцца вялікія асобы: герцагі, графы, біскупы, абаты. Разам з іхняю світаю і ўзброенымі суправаджальнікамі яны ўтвараюць моцнае войска. У канцы верасня яны пакідаюць горад і пачынаюць свой паход у Рым. Пасля пераходу праз Альпы Генрых III праводзіць у Павіі службовы дзень. Прама перад славутаю школаю права ён паказвае, хто ў краіне гаспадар. Далей яны выпраўляюцца на поўдзень па старой рымскай дарозе. Тым часам войска моцна павялічылася за кошт далучэння біскупаў з Бургундыі, Савоі і Ламбардыі. Тым не менш, яны хутка рухаюцца наперад. У сярэдзіне снежня войска дасягае біскупскага горада Сутры, што знаходзіцца на шляху ў адзін дзень на поўнач ад Рыма. Тут кароль сустракаецца з манахам Пятром Даміяні. Той у якасці вандроўнага прапаведніка і прапаведніка пакаяння падарожнічае па Еўропе і нястомна заклікае да абнаўлення Касцёла. Ён змагаецца супраць сіманіі, шырока распаўсюджанай дрэннай традыцыі купляць за грошы касцёльныя пасады. У першую чаргу ён скардзіцца на становішча ў Рыме. Гарадское дваранства складаецца з двух лагераў, якія бязлітасна змагаюцца паміж сабою. Кожная група прызначыла свайго Папу і прагнала дзеючага Пантыфіка, так што ў цяперашні час паміж сабою спрачаюцца тры Папы — Грыгор VI, Бэнэдыкт IX і Сільвестр III; кароль Генрых II бачыць, што яго каранаванне імператарскаю каронаю ў небяспецы. Яшчэ ў Сутры па яго загадзе праходзіць пасяджэнне Сінода і гэтых трох Папаў знімаюць з пасадаў. 23 снежня 1046 года кароль са сваёю світаю дасягае Рыма. Ужо на наступны дзень выбіраюць новага Папу: гэта Суітгер, біскуп Бамберга. Згодна з кананічным правам, яму на плечы накідваюць чырвоную мантыю. У апсідзе cабора святога Пятра ён сядае ў крэсла, што стаіць на ўзвышэнні. У доўгія чэргі выстраіліся магутныя людзі краіны. Кожны з іх становіцца на калені перад новым Папам і прысягае яму на вернасць. Пасля гэтай інтранізацыі да яго ўрачыста падыходзяць тры кардыналы-біскупы і з нагоды пасвячэння кажуць малітву благаслаўлення за новага Пантыфіка. Пасля гэтага архідыякан Рымскага Касцёла кладзе яму на плечы палій. З гэтага моманту Суітгера завуць Клімэнт II. Ён пакідае cабор святога Пятра, сядае на белага каня, скача да Латэранскай базылікі і сімвалічна ўступае ў валоданне сваім біскупскім касцёлам. Адразу ж пасля літургіі пачынаецца каранацыя імператарскаю каронаю. Папа Клімэнт II разам з каралём Генрыхам II уваходзіць на чале працэсіі ў сабор святога Пятра, дзе пасля ўрачыстай Імшы адбываецца намашчэнне Генрыха, і Папа ўручае яму імператарскія рэгаліі. На сваёй новай пасадзе Клімэнт II адразу пачынае абнаўляць Рымскі Касцёл: ён выступае пасрэднікам паміж варагуючым паміж сабою духавенствам, змагаецца з сіманіяй, бярэ кляштар Клюні пад папскую ахову. Ён першым залічае да грону святых жанчыну — манашку Выбараду. Нястомна едзіць ён па краіне, каб сачыць за парадкам і несці людзям суцяшэнне. У сярэдзіне верасня 1047 года ён з невялікаю світаю скача на сустрэчу з Пятром Даміяні. Манах з’яўляецца прыёрам бэнэдыктынскай супольнасці пустэльнікаў у Фонтэ Авелана. Ён змагаецца за чысціню Касцёла і, як прыхільнік рэформаў, становіцца саюзнікам новага Папы. Атрад вершнікаў рухаецца наперад вельмі павольна. Гарачае паветра дрыжыць, нідзе няма ценю, паліць сонца. Папа Клімэнт хістаецца ў сядле, ягонае цела нахіляецца ўбок, і ён вось-вось упадзе з каня. Гунтрам ловіць яго і спехам укладвае на зямлю. Падарожжа перарываецца. У недалёкім кляштары Сан-Тамаза група знаходзіць прыстанішча. У сціплай манаскай келлі для хворага Папы рыхтуюць пасцель. Клімэнт адчувае, што ягоная смерць блізка. Аднак ён працягвае весці свае службовыя справы. Ён дыктуе лісты, прызначае біскупаў, падпісвае дакументы. Ён захаваў за сабою сваю пасаду біскупа Бамберга і дакладна прадпісвае, каб яго пахавалі не ў Рыме, а ў Бамбергу. Ужо на смяротным ложы ён дае ясныя ўказанні пра сваё бальзамаванне. 9 кастрычніка 1047 года папа Клімэнт II памірае ва ўзросце 42-х гадоў.
Манах Гунтрам, паплечнік і верны суправаджальнік Суітгера, рыхтуе перавозку цела. Абат кляштара Сан-Тамаза патрабуе сэрца мёртвага Папы, ягоныя лёгкія і ягоную кроў. У капліцы рыхтуюць магілу і ўрачыста хаваюць унутраныя органы. Цела мыюць у травяной ванне. Грудзі, жывот і ўсё ўнутры напаўняюць пакуллем. Нос, задні праход, рот і вушы напіхваюць міраю, ладанам, алоэ, а горла напаўняюць рознымі вострымі травамі. Пасля гэтага цела добра выціраюць і ўціраюць у скуру бальзам. Пасля таго як усе часткі цела з галавы да ног туга абгорнутыя ў прамочаныя воскам тканіны, усё цела ўпрыгожваюць папскім адзеннем і, як мае быць, кладуць у труну. Перавозка мёртвага цела патрабуе смеласці і хітрасці. На доўгім шляху ў Бамберг падсцерагаюць выкрадальнікі мошчаў. Гарады і кляштары прагнуць мець папскую магілу. Асаблівай сквапнасцю вызначаюцца жыхары Равэнны. Яны ўжо доўгі час плануюць павысіць каштоўнасць ратонды Тэадэрыха з дапамогаю папскіх мошчаў. Гунтрам аддае таемны загад пагрузіць труну на запрэжаную аслом павозку. Воз маскіруюць мяхамі, напоўненымі рысам. Ноччу, у святле поўні, ён разам з пяццю вернымі сябрамі пакідае кляштар Сан-Тамаза. Яны рухаюцца наперад праз даліну Фоглія. Каля Пезара яны неўпрыкмет дабіраюцца да мора. Там чакае рыбак Джузэпэ. Ён пагружае людзей, асла і павозку ў сваю лодку. Шмат дзён яны плывуць па моры на поўнач, да таго месца, дзе рака Адзіджэ вымыла ў вусці шырокае рэчышча, так што Джузэпэ можа весці сваё судна ўверх па цячэнні. За два дні шляху на ўсход ад Вероны Гунтрам са сваім грузам прычальвае да берага. Тут праходзіць стары гандлёвы шлях да пераходу Брэнэр. Дарога ажыўленая, з павозкамі, паломнікамі і конніцаю. Гунтраму з ягоным возам удаецца незаўважна далучыцца да падарожнікаў. Небяспека пагражае яшчэ раз, калі ў Альпах снежная лавіна амаль уцягвае запрэжаную аслом павозку ў прорву. З гэтага моманту падарожжа становіцца лягчэйшым, і пасля шматлікіх тыдняў язды маленькі атрад дасягае сваёй мэты.
Заўвагі. Папа Рымскі Клімэнт II быў першым Папам Сярэднявечча, які праводзіў рэформы. Плён яго дзейнасці распаўсюджваецца і на сучаснасць. Ягоная магіла знаходзіцца ў заходнім хоры Бамбергскага катэдральнага сабора і з’яўляецца адзінаю захаванаю папскаю магілаю на поўнач ад Альпаў. Хорнбург — горад нараджэння папы Клімэнта II — і італьянская парафія Мантэлабатэ з кляштарам Сан-Тамаза — месцам смерці Папы — з 1987 года з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі. У асобнай зале музея Хорнбурга пра папу Клімэнта II нагадваюць тэксты, карціны, дакументы і рэчы. Перад пратэстанцкаю царквою Beate Mariae Virginis у Хорнбургу знаходзіцца статуя папы Клімэнта II, якую зрабіла скульптар Сабінэ Хоппэ.
Пераклад з нямецкай мовы
Літаратура:
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |