Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(82)/2017
З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы

«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...»
Проза
Віншуем з юбілеем!

«ПАЧАКАЙ, ЗАТРЫМАЙСЯ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Марына ПАШУК

БЕЛАРУСКІЯ ПЕРАКЛАДЫ СВЯТОГА ПІСАННЯ Ў ПЕРЫЯД З 1926 ПА 2017 гг.

«Новы Запавет». Выданне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, 2017 г.

Значнай падзеяй у гісторыі кожнага народа з’яўляецца выданне Бібліі на роднай мове. Некаторыя народы ганарацца тым, што маюць шмат перакладаў Святога Пісання на сваёй мове, асабліва ганарацца старажытнымі перакладамі, бо лічаць іх вялікім скарбам і каштоўнай спадчынай. Беларусы таксама могуць ганарыцца як старажытнымі перакладамі Бібліі, так і яе шматлікімі перакладамі на родную мову, здзейсненымі ў ХХ і на пачатку ХХІ стагоддзя.

У гэтым годзе мы святкавалі вялікі юбілей — 500-годдзе першай друкаванай кнігі ўсходніх славянаў, якой была менавіта Біблія на старабеларускай мове, называная Бібліяй Францішка Скарыны. Пасля яе выдання, а таксама пасля выдання на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах Евангелляў паводле Мацвея, Марка і пачатку Евангелля паводле Лукі ў перакладзе пратэстанта Васіля Цяпінскага ў 70-я гг. XVI ст., справа біблійных перакладаў на беларускую мову, у сувязі з рознымі гістарычнымі падзеямі, спынілася амаль на чатырыста гадоў. Пачаткам новых выданняў Бібліі на беларускай мове становіцца 1926 г., калі пратэстанцкі пастар Лукаш Дзекуць-Малей у супрацоўніцтве са знаўцам грэцкай мовы, католікам і пазней пратэстантам Антонам Луцкевічам у выдавецтве «Компас» у Лодзі (Польшча) па чарзе пачынае выдаваць перакладзеныя на беларускую мову Евангеллі. Плёнам гэтай сумеснай працы стала выданне ў 1931 г. у Хельсінках усяго Новага Запавету разам з Кнігай Псальмаў. З таго часу па сённяшні дзень на Беларусі з’явілася больш за 20 біблійных перакладаў: ананімных, аўтарскіх i калектыўных, поўных і паасобных кніг, а таксама біблійных фрагментаў. Сярод іх вылучаюцца 17 найбольш значных i поўных перакладаў. Да іх адносяцца тры пераклады Бібліі (Старога і Новага Запавету) на беларускую мову: пратэстантаў Яна Станкевіча i Майсея Гітліна (1973); пісьменніка Васіля Сёмухі (2002) і кс. Уладзіслава Чарняўскага пад рэдакцыяй Жанны Некрашэвіч-Кароткай (2012). У гэтым годзе Біблійнае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь узнавіла гэтае выданне, выкрэсліваючы, на жаль, прозвішчы кс. У. Чарняўскага, на падставе рукапісаў якога былі зроблены папярэднія выданні, а таксама Таццяны Федасеевай, якая звярала тэкст папярэдніх выданняў на адпаведнасць лацінскаму арыгіналу, і пастара Антонія Бокуна, які рабіў літаратурную апрацоўку тэксту.

З поўных перакладаў Новага Запавету пасля Лукаша Дзекуця-Малея асобна былі выдадзеныя яшчэ чатыры пераклады: пісьменніка Анатоля Клышкі (2014); Новы Запавет з Кнігай Прыпавесцяў пратэстанцкага пастара Антонія Бокуна (2016); пераклад Біблійнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (2017) і Секцыі па перакладзе пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (2017).

«Чатыры Евангеллі і Апостальскія дзеі», пер. кс. В. Гадлеўскага, 1939 г.

Акрамя поўных, ёсць таксама два няпоўныя пераклады Новага Запавету: афіцыйна выдадзеныя Каталіцкім Касцёлам пераклады 4-х Евангелляў разам з Дзеямі Апосталаў кс. Вінцэнта Гадлеўскага (Вільня, 1939) і пераклады 4-х Евангелляў і Дзеяў Апосталаў (Рым, 1954), а таксама Лістоў св. Апосталаў (Рым, 1974) кс. Пятра Татарыновіча.

Сярод выдадзеных паасобных кніг Новага Запавету трэба згадаць пераклад Евангелля паводле Яна пратэстанцкага прапаведніка Яна Пятроўскага (1991) і пераклад Евангелляў паводле Мацвея і Марка (Мічыган, 1998) Міхася Міцкевіча, брата Якуба Коласа.

Такім чынам, у гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі выданне «Новага Запавету» (2017) з’яўляецца першым поўным выданнем, трэцім афіцыйным (г. зн. зацверджаным) выданнем біблійных тэкстаў на беларускай мове (пасля перакладаў кс. В. Гадлеўскага і кс. П. Татарыновіча) і чацвёртым, са зробленых католікамі, перакладам, пасля перакладу кс. У. Чарняўскага, упершыню выдадзенага ў 1999 годзе.

З фрагментарных біблійных перакладаў найбольшую вартасць маюць г. зв. Лекцыянарыі — падрыхтаваныя прынагодныя літургічныя чытанні, якія выдалі кс. Адам Станкевіч — «Божае слова на нядзелі і святы», а таксама «Лекцыі і Евангеллі на нядзелі і святы» (Вільня, 1938); архімандрыт Мікалай Мацукевіч — «Напрастольнае Евангелле» (1988); Біблійная Камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы — «Святое Евангелле» (2007); Секцыя па перакладзе пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — Лекцыянарый у 6-ці тамах (2002–2005).

Са Старога Запавету асобнай кнігай у 2016 г. у Мінску выйшаў пераклад з Сэптуагінты Кнігі Псальмаў святара Грэка-каталіцкай Царквы Аляксандра Надсана. Іншыя пераклады паасобных кніг Старога Запавету, зробленыя ў Нямеччыне ў 40–50-х гг. ХХ ст. Леанідам Галяком і Вітаўтам Тумашам, існуюць толькі ў машынапісным варыянце.

На працягу амаль стагоддзя ў Беларусі і па-за яе межамі — у Рыме, у Нямеччыне, Вялікабрытаніі, ЗША i Канадзе — інтэнсіўна ствараліся біблійныя пераклады. Выдаваліся яны не толькі кірыліцай, але таксама лацінкай, што з’яўляецца сведчаннем розных пошукаў i імкненняў перакладчыкаў да пэўнай рэлігійнай і нацыянальнай адметнасці. Прыкладам такіх выданняў могуць служыць пераклады каталіцкіх святароў В. Гадлеўскага, А. Станкевіча, П. Татарыновіча і паэтычныя пераклады псальмаў кс. Я. Германовіча.

Характэрнай рысай беларускіх біблійных перакладаў з’яўляецца тое, што гэта пераважна аўтарскія пераклады, здзейсненыя свецкімі і духоўнымі асобамі. Калектыўныя пераклады здзяйсняюць толькі Секцыя па перакладзе пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і Біблійная Камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Адметнай рысай беларускіх біблійных перакладаў з’яўляецца таксама канфесійнасць. Розныя хрысціянскія вызнанні рыхтуюць свае пераклады Бібліі, паколькі маюць свой падыход да перакладу, сваю тэрміналогію і рэлігійную лексіку.

Геаграфічна плямёны ўсходніх славянаў знаходзіліся паміж двума полюсамі культурнага ўздзеяння — Бізантыяй i Рымам. Беларусь на працягу амаль усёй сваёй гісторыі з’яўлялася і з’яўляецца шматканфесійным грамадствам, у склад якога ўваходзяць католікі, праваслаўныя, уніяты і пратэстанты, што вядзе да ўзаемнага ўплыву розных культурна-рэлігійных традыцый, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў тэанімічнай лексіцы. Да сённяшняга дня для азначэння Бога адначасова выкарыстоўваюцца 4 лексічныя адзінкі: Пан; Спадар, Госпад i Гасподзь; для азначэння Езуса таксама існуюць 4 варыянты: Езус, Ісус, Ізус i Іісус; для азначэння супольнасці веравызнаўцаў ёсць паняцці Касцёл (Каталіцкі) i Царква (Праваслаўная, Уніяцкая, Пратэстанцкая).

З даследавання працэсу фарміравання розных перакладчыцкіх падыходаў да біблійнага тэксту, а таксама з лексікальнай варыянтыўнасці перакладаў вынікае, што на Беларусі існуюць дзве моцныя перакладчыцкія традыцыі — Slavia Latina i Slavia Ortodoxa (заходняя i ўсходняя). Прыхільнікі заходняй традыцыі аддаюць перавагу запазычанням з лацінскай мовы, напр., Галгота замест Галгофа, блюзнерства замест хула, а прыхільнікі ўсходняй традыцыі аддаюць перавагу лексіцы старацаркоўнаславянскага і грэцкага паходжання, напр., ладан замест кадзіла, архірэй замест першасвятар.

З існаваннем гэтых дзвюх перакладчыцкіх традыцый, галоўнымі прадстаўнікамі якіх на Беларусі з’яўляюцца Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква, звязаны не толькі выбар адпаведнай лексікі, але і колькасці кніг у каноне, іх парадак і назвы, а перадусім выбар крыніцы перакладу. Для тых, хто ідзе за традыцыяй Slavia Ortodoxa, асноўнай крыніцай для перакладу Старога Запавету застаецца Septuaginta, для Новага Запавету — Textus Receptus і ў некаторых выпадках крытычныя выданні грэцкага тэксту. Аднак узорам заўсёды застаецца ў першую чаргу царкоўнаславянскі пераклад з максімальным набліжэннем да рускага Сінадальнага перакладу, пра што сведчыць выкарыстанне адмысловай лексікі (пар. ангел, адкравенне, благадаць, блажэнны, свяшчэннае, свяшчэннік, першасвяшчэннік, прастол).

Для католікаў, як прыхільнікаў Slavia Latina, сёння крыніцай перакладу з’яўляюцца Bibliа Hebraica Stuttgartensia (для протакананічных кніг Старога Запавету), Сэптуагінта (для дэутэракананічных кніг Старога Запавету), крытычныя выданні грэцкага тэксту Новага Запавету, г. зв. выданні Нэстле-Аланда, лацінскі тэкст, a менавіта Сікстынска-Клементынская Вульгата, а таксама крытычнае выданне Вульгаты Гераніма. Пры гэтым перакладчыкі выкарыстоўваюць сучасную беларускую лексіку і імкнуцца да таго, каб у перакладах было як найменш архаізмаў і царкоўнаславянізмаў.

З прыналежнасці да пэўнай традыцыі перакладу (г. зв. заходняй — Slavia Latina ці ўсходняй — Slavia Ortodoxa) вынікаюць матывы выбару крыніцы перакладу, спосабу і стылю, а таксама адпаведнай лексікі пры перакладзе. У згаданых вышэй біблійных выданнях прасочваецца эвалюцыя сакральнай лексікі, намаганні перакладчыкаў ствараць лексічную базу новай спецыялізаванай мовы і новага моўнага стылю — біблійнага.

Значную ролю ў фарміраванні не толькі рэлігійнай лексікі, але і пэўнага біблійнага стылю на Беларусі мае Каталіцкі Касцёл, аб чым сведчыць ахвярная праца яго святароў: В. Гадлеўскага, Я. Германовіча, А. Станкевіча, П. Татарыновіча, У. Чарняўскага, а таксама шматгадовая i плённая праца Секцыі па перакладзе пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прыкладам чаго з’яўляецца выданне ўсіх літургічных кніг, Літургіі гадзінаў, 4-х Евангелляў (2012), якія былі прадстаўленыя Святому Айцу Бэнэдыкту XVI, а таксама ўсяго «Новага Запавету» (2017).

«Святое Евангелле
і Апостальскія дзеі»,
пер. кс. П. Татарыновіча, 1954 г.

З прычыны выбару розных крыніц перакладу, а таксама з-за неаднастайнага і ненавуковага падыходу да перакладу біблійных тэкстаў большасці перакладчыкаў цяжка гаварыць пра іх адпаведнасць арыгінальным тэкстам. З прадстаўленых 17-ці перакладаў толькі ў сямі ва ўступах указаная крыніца перакладу: для кс. В. Гадлеўскага гэта была Вульгата (грэцкі тэкст толькі тады, калі лацінскі тэкст быў недастаткова ясны); для кс. П. Татарыновіча — грэцка-лацінскі тэкст Новага Запавету ў апрацоўцы прафесара Папскага Біблійнага Інстытута A. Аўгустына Мэрка TJ (1944 г.); для Секцыі па перакладзе пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — 27-е і 28-е крытычныя выданні Нэстле-Аланда (NA27, 28); для Біблійнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы — Textus Receptus; для кс. У. Чарняўскага — Новая Вульгата; для пастара А. Бокуна — Textus Receptus (для Новага Запавету) і выданне Кука (для Кнігі Прыпавесцяў); для а. А. Надсана — Сэптуагінта. Астатнія перакладчыкі не называюць зыходныя тэксты сваіх перакладаў, акрамя заўвагі кшталту «з арыгінальных моў», «са старагабрэйскай і старагрэцкай мовы» або ўвогуле без ніякіх тлумачэнняў. Толькі ў некаторых артыкулах і інтэрв’ю, змешчаных на старонках газет ці часопісаў, перакладчык мімаходзь кажа, якія тэксты былі для яго крыніцай перакладу, напрыклад, для В. Сёмухі гэта была руская Сінадальная Біблія, а для A. Клышкі рускі пераклад біскупа Касьяна Безабразава і невядомы грэцкі тэкст, атрыманы ад пастара Эрнста Сабілы.

Каб прасачыць залежнасць ад традыцыі перакладу і адпаведнасць арыгінальным тэкстам, параўнаем фрагменты некаторых перакладаў. Пра ўплыў перакладчыцкай і рукапіснай традыцыі на перакладчыкаў сведчыць перадача на беларускай мове некаторых уласных назваў, напрыклад, назвы райскага саду Эдэм / Эдэн (габр. עֵדֶן [`ëºden], гр. Εδεμ). З’яўленне зычнага «м» (гр. μ) на канцы слова Эдэм у перакладзе Я. Станкевіча i M. Гітліна, якія перакладалі тэкст з габрэйскай мовы, пра што ёсць згадка ў падтытуле, цяжка растлумачыць інакш, як толькі ўплывам Сэптуагінты i царкоўнаславянскай рукапіснай традыцыі (пар. Быц 2,10):

וְנָהָךּ֙ יֹצֵ֣א מֵעֵ֔דֶן לְהַשְׁק֖וֹת אֶת־הַגָּ֑ן (BHS)

Et fluvius egrediebatur ex Eden ad irrigandum paradisum (NVg).

І рака выцякала з Эдэна для абваднення раю (NK).

З Эдэну выцякала рака для навадняньня раю (Cz-R).

З Эдэну выцякала рака для абвадняньня раю (Cz-P).

ποταμὸς δὲ ἐκπορεύεται ἐξ Εδεμ ποτίζειν τὸν παράδεισον (LXX).

І рака выходзіла з Эдэму дзеля навадненьня саду (JSt).

З Эдэма выплывала рака на арашэнне раю (Sch).

Той самы ўплыў можна прасачыць у перакладзе В. Сёмухі. Прыхільнікі заходняй традыцыі пакідаюць на канцы слова зычную «н» згодна з габрэйскім тэкстам (габр. נ [n] — «нун»), што можа ўказваць на паходжанне слова ад заходнесеміцкага кораня עדן [ʿḗḏen], які выкарыстоўваецца для азначэння раскошы, празмернасці багацця, прыемнасці.

Уплыў традыцый перакладу бачны ў перакладзе ўласных імёнаў і назваў з тэафарычным элементам — эль (габр. אֵל [ʼēl]): Ізраіль, Эмануіл замест Ізраэль, Эмануэль, хоць ёсць супольнае для ўсіх перакладчыкаў слова Бэтэль — «дом Бога» з захаваннем гэтага тэафарычнага элемента (напрыклад, Быц 28,19).

У беларускіх перакладах можна заўважыць таксама тэндэнцыю калькавання i асіміляцыі словаў старацаркоўнаславянскага паходжання і ўплыў заходніх тэкстаў, што выразна бачна ў перакладзе, напрыклад, грэцкага слова χιτών. Прыхільнікі ўсходняй традыцыі пакідаюць грэцызм хітон, а прыхільнікі заходняй традыцыі выкарыстоўваюць лацінскі адпаведнік tunica (пар. Ян 19,23):

Erat autem tunica inconsutilis, desuper contexta per totum (Vgc).

erat autem tunica inconsutilis desuper contexta per totum (Vgst).

Erat autem tunica inconsutilis, desuper contexta per totum (NVg).

A tunika była nia šytaja, tolki ŭsia ad vierchu tkanaja (Tat).

была ж туніка ня сшытая, цэлая вытканая із самага верху (JSt).

А туніка была не шытая, але ўся тканая зверху ўніз (NK).

Туніка была не шытая, уся ад верху тканая (Sk).

ἦν δὲ ὁ χιτὼν ἄραφος, ἐκ τῶν ἄνωθεν ὑφαντὸς δι᾽ ὅλου (NA).

хітон жа быў ня шыты, але ўвесь вытканы ад верху (DzM).

хітон-жа быў ня шыты, але ўвесь вытканы ад верху (JP).

быў жа хітон ня cшыты, цэлы вытканы з самага верху (Mac).

Быў жа хітон не шыты, а тканы суцэльна ад самага верху (Kł).

а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху (Sch).

хітон жа быў не шыты, а суцэльна тканы ад верху (KB).

У беларускіх перакладах здараюцца частыя дадаткі або пропуск словаў і нават сказаў, што таксама сведчыць аб прыхільнасці да пэўнай перакладчыцкай традыцыі ці аб памылках перакладчыкаў. Напрыклад, у большасці перакладаў Мк 3,15 ёсць дадатак пад уплывам Textus Receptus: [улада аздараўляць немачы] i выганяць дэманаў, якога няма ў крытычным тэксце NA, а таксама ў самым новым крытычным выданні Новага Запавету, падрыхтаваным вучэбным цэнтрам «Ціндэйл-Хаўс» у Кембрыджы — GNT.

I наадварот, па невядомых прычынах толькі Л. Дзекуць-Малей у тэксце Мц 3,10 прапускае прыметнік добры, які ёсць ва ўсіх іншых перакладах:

кожнае дрэва, якое не дае плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь (DzM).

πᾶν οὖν δένδρον μὴ ποιοῦν καρπὸν καλὸν ἐκκόπτεται καὶ εἰς πῦρ βάλλεται (NA).

Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь (Sk).

Цэлы сказ прапускае В. Сёмуха пры перакладзе Лк 6,32: бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць, захаваны ва ўсіх іншых тэкстах.

Парушэнне зместу выказвання з прычыны незразумення або памылковага прачытання зыходнага тэксту ёсць, напрыклад, у В. Сёмухі пры перакладзе 1 Вал 19,19, дзе ён замест дзеяслова араў (у Сінадальным перакладзе царкоўнаславянскае орал ужыта ў значэнні пахал) выкарыстоўвае дзеяслоў крычаў:

І пайшоў ён адтуль і знайшоў Елісея, сына Сафатанавага, калі ён крычаў (Sch).

וַיֵּ֣לֶךְ מִ֠שָּׁם וַיִּמְצָ֞א אֶת־אֱלִישָׁ֤ע בֶּן־שָׁפָט֙ וְה֣וּא חֹרֵ֔שׁ (BHS)

Дык, пайшоўшы адтуль, Ілля знайшоў Элісея, сына Сафата, які араў (NK).

І пайшоў ён стуль, і знайшоў Елісэя Шафацёнка, а ён араў (JSt).

З-за складанасцяў у распрацоўцы рэлігійнай тэрміналогіі ўсе перакладчыкі сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі пры выбары адпаведнага транслята, напрыклад, для назвы свята Шатроў (Ян 7,2): адны называюць яго свята Буданоў, Будак, Кучак, кушчаў, другія — свята Палатак, Шатроў, Табэрнакаў.

Бачны таксама разыходжанні і недакладнасці ў перадачы пры дапамозе беларускай мовы розных паняццяў, якія належаць да рэлігійнай сферы і гістарычных з’яваў: напрыклад, мілата замест ласка; міліцыя замест жаўнеры.

«Святое Евангелле».
Выданне Каталіцкага Касцёла
ў Беларусі, 2012 г.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што ў сваёй перакладчыцкай працы амаль усе аўтары, у большай ці меншай ступені, трымаюцца лексікі і перакладчыцкай традыцыі сваёй канфесіі, таму на Беларусі застаюцца папулярнымі канфесійныя пераклады. Аднак гэта не выключае магчымасці стварэння з часам міжканфесійных перакладаў на падставе ўжо існуючых уласных перакладаў.

Паколькі мова знаходзіцца ў пастаянным развіцці — узбагачаецца яе лексіка, змяняецца кантэкст успрыняцця біблійнага зместу — працэс перакладу Бібліі і даследаванне біблійных перакладаў будзе працягвацца. Хочацца толькі пажадаць, каб біблійныя пераклады заставаліся не толькі правільнымі, але і неслі людзям Божае слова на годнай і зразумелай мове.

Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі таксама актыўна далучаецца да гэтай справы. 25 лістапада 2017 г. ён з радасцю прадставіў першае поўнае і афіцыйнае выданне Новага Запавету на беларускай мове, для перакладу якога з арыгінальнай мовы паслужылі 27-е і 28-е крытычныя выданні Нэстле-Аланда (Nestle-Aland).

Новы Запавет з’яўляецца часткаю хрысціянскай Бібліі, у якой пададзена вучэнне Езуса Хрыста, Божага Сына і нашага Збаўцы, а таксама пераказ Яго вучэння і асэнсаванне вялікай Пасхальнай таямніцы: мукі, смерці і ўваскрасення Езуса боганатхнёнымі аўтарамі. Новы Запавет складаецца з 27-мі кніг, сярод якіх галоўнае месца займаюць чатыры Евангеллі.

У каталіцкім выданні «Новага Запавету» перад кожнай з кніг, а таксама перад групай тэкстаў — Евангеллямі, пасланнямі св. Паўла і каталіцкімі пасланнямі — змешчаныя ўводзіны, дзе апісаны акалічнасці і прыкладны час напісання кніг, а таксама іх галоўная тэалагічная думка. Акрамя ўводзінаў, паводле каталіцкай традыцыі, у біблійным тэксце ёсць падзагалоўкі, узятыя ў асноўным з папулярнага французскага каталіцкага перакладу «La Bible de Jérusalem» (Paris, 2011), якія дапамагаюць арыентавацца ў змесце кожнай з кніг Новага Запавету.

Адметнасцю гэтага выдання з’яўляецца дадатак, у якім знаходзяцца карты, якія знаёмяць з геаграфіяй тагачаснага свету, біблійны слоўнік, а таксама храналагічная табліца падзеяў, звязаных з гісторыяй збаўлення і агульнай гісторыяй чалавецтва.

Спадзяемся, што гэта шматгадовая праца Рыма-каталіцкага Касцёла, якая з’яўляецца першым этапам афіцыйнага каталіцкага перакладу Бібліі на сучасную беларускую мову, прынясе духоўную карысць вернікам, а чытанне Божага слова на роднай мове паспрыяе ўзрастанню веры.

 

Гл. таксама:
АЛЕСЬ ЖЛУТКА :: ФРАНЦІШАК СКАРЫНА: ЖЫЦЦЁ ДЗЕЛЯ СЛОВА ::
ЯЎГЕН МАЛІНОЎСКІ :: АСОБА НА РОСТАНЯХ: ПСІХАЛАГІЧНАЯ РЭФЛЕКСІЯ БЕЛАРУСА НА ТЛЕ ПОСТАЦІ ФРАНЦІШКА ::

 

Спіс скарачэнняў:

BHS Biblia Hebraica Stuttgartensia, ed. K. Elliger and W. Rudolph. — Stuttgart, 19975.
Cz-P Біблія. Пяцікніжжа, пер. з лац. У. Чарняўскага, пад рэд. С. Акіньчыца. — Менск, 2002.
Cz-R Біблія. Кніга Роду, пер. a. У. Чарняўскага MIC. — Менск, 1997.
DzM Новы Запавет і псальмы. — United Bible Societies, 1991.
GNT The Greek New Testament, ed. D. Jongkind and P. Williams. — Tyndale House, Cambridge, 2017.
JP Паводля сьв. Яна Эвангеле Госпада нашага Ісуса Хрыста, на беларускую мову з грэцкага тэксту пераклаў Ян Пятроўскі. — Менск — Лёндан — Нью-Ёрк, 1991.
JSt Сьвятая Бібля. Кнігі Сьвятога Пісьма Старога й Новага Закону, з мовы габрэйскае а грэцкае на беларускую нанава перакладзеныя. — Ню-Ёрк, 1973.
KB Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Іаана. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. З паралельнымі месцамі, пер. на бел. мову Біблейскай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Мінск, 2005.
Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста паводле Яна Святое Дабравесце, пер. і кам. А. Клышкі, «Спадчына», 1992, № 3, с. 10.
LXX Septuaginta, ed. A. Rahlfs. — Stuttgart, 1979.
Mac Напрастольнае Сьвятое Евангельле, уклад. архіепіскап Mікалай, першы герарх БАПЦ. — Таронта, 1988.
NA Novum Testamentum Graece, ed. B. and K. Aland, J. Karavidopoulos, C. M. Martini, B. M. Metzger. — Stuttgart, 201228.
NK Біблія, на падставе рукапісаў У. Чарняўскага, навук. рэд. пер. Ж. Некрашэвіч-Кароткая, Дж. Элволд, рэц. Т. Федасеева, літ. апрац. тэкста А. Бокуна. — Мінск, 2012.
NVg Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum, ed. typica altera. — Libreria Editrice Vaticana, 1986.
Sch Біблія, пер. В. Сёмухі. — Мeнск, 2002.
Sk Святое Евангелле, Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ. — Мінск, 2012.
Tat Śviataja Evanelija i Apostalskija Dziei, pierakłaŭ i padaŭ vyjasnienni Mns. Dr. Piotr Tatarynovič. — Rym, 1954.
Vgc Biblia Sacra juxta Vulgatam Clementinam, ed. electronica Michaele Tvveedale. — Londini, 2005.
Vgst Biblia Sacra Iuxta Vulgatam Versionem, edited by R. Weber, B. Fischer, J. Gribomont, H. F. D. Sparks, W. Thiele. — Stuttgart, 1983.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY