Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(82)/2017
З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы

«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...»
Проза
Віншуем з юбілеем!

«ПАЧАКАЙ, ЗАТРЫМАЙСЯ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Ларыса СЫРБУ

«ДЫК З ЧАГО ТВОЙ ПАНЦЫР, ЧАРАПАХА?»

Таццяна Шчарбакова.
Віцебск, 1958 г.

У апошнія гады свайго жыцця мая мама вельмі хварэла (у яе былі частыя сардэчныя прыступы), і мы з братам начавалі каля яе па чарзе — яна баялася памерці ў адзіноце (бацькі нашага ўжо не было). Удзень мама нешта рабіла ў кватэры — прыбірала, гатавала і нават вышывала гладдзю падушачкі (гэты занятак яна вельмі любіла). Усё жыццё, з маленства, яна працавала і, калі адчувала сябе трошкі лепш, ніколі не сядзела без справы. Калі ёй было кепска, мы ўсаджваліся каля яе ложка і проста слухалі яе — мы, як высветлілася, шмат чаго не ведалі...

Мая мама нарадзілася ў 1926 годзе ў вёсцы Кардон на Шуміліншчыне, недалёка ад старажытнага мястэчка Ула, якое цяпер амаль занядбанае, а да вайны гэта быў прыстойны гарадок з ваенным аэрадромам (дарэчы, тут нарадзіўся знакаміты мастак Іван Хруцкі, які не толькі маляваў нацюрморты, але і распісваў святыні ў Вільні і Коўне). У сям’і былі тры дзяўчынкі і хлопчык — усе ахрышчаныя католікі. Дзеці ведалі польскую мову і маліліся па-польску. Наша бабуля (маці маёй мамы) Ганна Марцулевіч дзяўчынкаю хадзіла на працу ў панскі маёнтак, фундамент якога дасюль захаваўся ў яблыневым садзе. Жылі бедна, але вельмі дружна — любілі і шкадавалі адзін аднаго. Мая мама была старэйшаю з дзяцей, і яе асабліва любіў бацька — яна была прыгожаю, жывою, завадатаркаю і пявунняю (у маладосці іграла на гітары, якая вісела на сцяне ў нашай віцебскай кватэры, упрыгожаная вялікім пунцовым бантам). Дзеці былі апранутыя, як і ўсе ў вёсцы, бедна, але яны былі вясёлыя: хлеб у руку — і на вуліцу! Зімою — на вялізных санках з горкі, па сумётах... Улетку ўвогуле рай на зямлі — лес, грыбы, ягады, рэчка. Дзеці хадзілі ў школку і вучыліся з задавальненнем, а на школьных святах мая мама разам з настаўнікам спявала песні пра грамадзянскую вайну: «Шёл отряд по берегу, шёл издалека, а под красным знаменем — командир полка...» (і мы іх спявалі ў сваім школьным дзяцінстве).

Ганна Марцулевіч (злева)
з невядомаю асобаю.
Пачатак XX ст.

У Шуміліне жыў дзед маёй мамы, і яна хадзіла да яго проста праз лес — у яго быў патэфон! У Кардон на лета прыязджалі «дачнікі» з Ленінграда, і ў іх за малако, смятану, яйкі можна было набыць нейкія рэчы. Калі бацька маёй мамы — Антон Шчарбак, пачаў працаваць у сельсавеце, сям’я зажыла трошкі лепш, але 8 лютага 1938 года ўсё абарвалася — майго дзеда, бацьку маёй будучай мамы, арыштавалі разам з яго братам Сцяпанам і іншымі вяскоўцамі «за шпіянаж». І згінулі мужыкі... Наша бабуля Ганна паехала ў Віцебск і намагалася знайсці свайго мужа, але сама ледзьве не трапіла ў рукі бандытаў, якіх тады было шмат у горадзе (казалі, што яны забівалі людзей і прадавалі як мяса).

Застаўшыся адна з чатырма дзецьмі, малодшаму з якіх, Валодзю, было тры гады, наша бабуля Ганна ледзьве зводзіла канцы з канцамі. Ніякай дапамогі чакаць не выпадала — сям’я «ворага народа». Праўда, мая будучая мама сябравала з дваюрадным братам, і той часам нешта прыносіў у сям’ю са свайго стала...

Напярэдадні вайны на Ульскім аэрадроме разабралі (на рамонт) самалёты і зброю і адпусцілі ў адпачынак служачых. Немцы, якія акупавалі мястэчка ўжо ў ліпені 1941 года, ушчэнт разбамбілі аэрадром... Мая мама, якой было тады 15 гадоў, на ўсё жыццё запомніла маладога паміраючага лётчыка, які прасіў аб дапамозе. Людзі, як маглі, хаваліся ад бамбёжак, а падчас зацішша намагаліся пахаваць забітых салдатаў, якія ляжалі на палях і ўзбочынах. Дзеці хавалі забітых! Спалі з катомкамі за плячыма і думалі, што ўсё хутка скончыцца...

Сярод першых немцаў у мястэчку мая мама запомніла старога салдата, які сказаў: «Вы думаеце нам хочацца ваяваць? Пракляты Гітлер!» У лясах з’явіліся партызаны, якія прыходзілі ў мястэчка ноччу. Адны былі добрыя і проста прасілі што-небудзь, а другія забіралі ўсё і нават расстрэльвалі тых, хто супраціўляўся (магчыма, гэта былі «бандэраўцы» або «лясныя браты», якія засталіся ў нашых лясах і пасля вайны); мама казала, што яе дваюрадныя браты — адзін інвалід, без рукі, — пайшлі на заробкі ў Прыбалтыку і былі забітыя ў лесе.

...Калі ў мястэчку Ула пачалі хапаць моладзь для працы ў Германіі, схапілі і маю 15-гадовую маму. У сям’і так і не даведаліся, куды яна прапала. У Германіі яна спачатку працавала ў сталоўцы для ваенных, а потым — у фермера. Ён ніколі не крыўдзіў яе (карміў, апранаў), а недзе перад Новым годам, 1945-м, сказаў: «Наступны Новы год вы будзеце сустракаць дома...» Ведаў, што адбываецца на фронце...

Антон Шчарбак.
Пачатак 1930-х гг.

Маму (з такімі ж дзяўчатамі, як яна) вызвалілі амерыканцы і перадалі іх нашым, але ўжо ў дарозе, вяртаючыся на радзіму, яна зразумела, што2 яе, дачку «ворага народа», «польскага шпіёна», можа чакаць дома: выгнаных у Германію часта выклікалі ў КДБ і, здаралася, што абвінавачвалі ў здрадніцтве. Да таго ж, яна вярталася з выгнання не падобнаю на моцна пацярпелую, — ахайная, чыстая, прыгожая. Таму мая мама, Тоня Шчарбак, вырашыла не вяртацца ў вёску і, спыніўшыся ў Віцебску, дзе яна знайшла працу з магчымасцю жыць у інтэрнаце, стала Таняю Шчарбаковай — сваё каталіцтва таксама даводзілася хаваць. Нават калі Германія пачала праз гады выплочваць кампенсацыю пацярпелым у вайну, мая мама не прызналася ў тым, што была вывезеная на прымусовыя працы — яна баялася, і нават мы, яе дзеці, даведаліся пра яе сумную гісторыю амаль перад яе смерцю, як і пра нашага прапаўшага дзеда...

Дарэчы, пра імёны... Маміны родныя сёстры таксама іх змянілі: Ядвіга (1933–2003) стала Адаю (гэта мама Ліды Камінскай, якая актыўна супрацоўнічае з каталіцкім друкам і называе сябе каталіцкаю праваслаўнаю), а Зоя, напэўна ж, была Зосяю, хоць яна ўжо пра гэта не памятае і ўспамінаць не хоча (яна жыве ў Бешанковічах), а наш дзядзька Валодзя (1935–2005) часта называў сябе Вальдэмарам — усе яны сталі пасля вайны Шчарбаковымі, пакуль жанчыны не змянілі свае дзявочыя прозвішчы на прозвішчы мужоў. І нікому з іх, дзецям «польскага шпіёна», не прыходзіла ў галаву ахрысціць сваіх дзяцей у касцёле — зрэшты іх ужо амаль не было... Міжволі згадваюцца вершаваныя радкі Льва Халіфа, вядомыя інтэлігенцыі з самвыдату савецкага часу: «Из чего твой панцирь, черепаха? // Я спросил и услыхал в ответ: // „Из годами копленного страха — ничего прочнее в мире нет...“»

...Наша бабуля Ганна памерла ў вёсцы Кардон у 1947 годзе ад голаду — так усе казалі. Пахаваная ў вёсцы Мікалаева. Было ёй трошкі за 40 гадоў. Калі яна памірала, суседка спыталася: «На каго ж ты, Анечка, сваіх дзетак пакідаеш?», а яна прашаптала: «На Бога». Малодшаму Валодзю было 12 гадоў, але маёй будучай маме ўжо было 20 — дарослая. Яна ўсім намагалася дапамагчы, усіх шкадавала, асабліва малодшую Ядзю, і доўга, да 30-ці гадоў, не выходзіла замуж, хоць і вельмі падабалася мужчынам. Мая мама працавала і поварам, і нават матросам на нашай Заходняй Дзвіне, а ноччу і вугаль разгружала на чыгунцы, каб нешта зарабіць і лепшае купіць, апрануць — у мамы былі прыгожыя камбінацыі з карункамі, шаўковыя сукенкі, яна любіла фатаграфавацца. Калі яна была яшчэ малою дзяўчынкаю, вяскоўцы гаварылі: «Ну, Анька, твая дачка, як артыстка, пэўна, выйдзе замуж за лётчыка!» Але замуж мая мама выйшла за майго бацьку, Фёдара Казлова, які прыехаў на пачатку 1950-х з Данбаса, дзе быў на заробках, і меў ажно два касцюмы. Дарэчы, бацькава сям’я не хацела, каб ён жаніўся з маёю мамаю: яны былі праваслаўныя і католікаў не любілі — называлі маму «палячкаю». Але маю маму нельга было не палюбіць — працавітая, цярплівая, добрая, спагадлівая, яна хутка змякчыла сэрцы бацькавай радні. Жылі яны ў бараку, з «выгодамі» на вуліцы, з пячным ацяпленнем. Цяжка працавалі: бацька — на Дзвіне, у водным транспарце, мама — на заводзе электравымяральных прыбораў.

Мая мама ненавідзела Сталіна. Ненавідзела за прапаўшага бацьку, нашага дзеда (тады мы не ведалі, што яго расстралялі), за памерлую ад голаду маладую маці і за сябе — за тое, што жыла ў страху і, будучы выгнанаю ў Германію, баялася пераследу ад «нашых».

Антон Шчарбак (крайні справа) сярод аднавяскоўцаў. 1920-я гг.

У 70-я гады маміна дваюрадная сястра намагалася высветліць, што здарылася з іх прапаўшымі бацькамі — ёй сказалі, што яе бацька памёр ад туберкулёзу. І толькі нядаўна я знайшла ў інтэрнэце ў спісах ахвяраў палітычных рэпрэсій прозвішчы свайго дзеда, яго брата Сцяпана і іх аднафамільцаў з вёскі. Дзед і яго брат былі расстраляныя 4 чэрвеня 1938 года за «шпіянаж на карысць Польшчы». Амаль непісьменныя калгаснікі — шпіёны?! Дзеду было ўсяго 38 гадоў, а наша бабуля ў свае 30 гадоў выглядала сапраўды як бабуля... Нашага дзеда Антона Іванавіча Шчарбака рэабілітавалі толькі ў 1989 годзе, але нікому з родных пра гэта не паведамілі, і мама памерла, не ведаючы, як завяршылася яго жыццё...

Майго дзеда расстралялі не немцы, не бандыты, а «нашы», і нехта канкрэтны яго судзіў, дапытваў, падпісваў прысуд, расстрэльваў — вырашаў чалавечы лёс: расстрэльваючы аднаго, «расстрэльваў» усю сям’ю. Я — унучка «ворага народа», і вось пра што я часам думаю: Папа Рымскі, Ян Павел ІІ, гаворачы пра памылкі Касцёла, прасіў прабачэння ад імя Касцёла за ўвесь Касцёл, пачынаючы з Сярэднявечча, з інквізіцыі, а Германія, яе ўрад, арганізавала акцыю «Пакаянне» і выплаціла грашовыя кампенсацыі пацярпелым ад жахаў фашызму. А чаму наша «сістэма» не хоча пакаяцца за свае ахвяры? Хіба прыгожыя словы пра тое, што «ніхто не забыты і нішто не забыта» гаворацца толькі пра тых, хто загінуў на вайне? «Сістэма» апантана знішчала генафонд, і сёння дэградацыя насельніцтва (менавіта насельніцтва, не нацыі) цалкам відавочная. «Дык з чаго твой панцыр, чарапаха?»

І яшчэ адзін эпізод. Мама расказвала, што дзецьмі яны па вечарах збіраліся на печцы ў старога Людвіга, які чытаў і пераказваў ім Біблію. Ён казаў, што па небе будуць лятаць жалезныя птушкі, неба будзе аблытанае павуцінаю, і будзе шмат хлеба і булак, але іх ужо не захочацца. І мая мама горача пярэчыла яму: «Ну што ты, дзед, падманваеш! Як гэта — не захочацца булак? Такога быць не можа!»

...Даўно лятаюць «жалезныя птушкі», і неба аблытанае і нізка, і высока, і хлеба з булкамі дастаткова, і іх, сапраўды, не заўсёды хочацца...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY