Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Тэалогія
Постаці

ВЕРШЫ
Інтэрв’ю

ХТО ПАТРЭБНЫ Ў ВАТЫКАНЕ
Асобы
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН
Проза
Іканаграфія
Мастацтва

НАТХНЁНЫЯ ГОРАДАМ...

Кс. др. Сяргей СУРЫНОВІЧ

ГІСТОРЫЯ СВ. ЮЗАФА Ў АПАКРЫФІЧНЫМ «СКАЗЕ ПРА ЮЗАФА ЦЕСЛЮ»

Жорж Дзюменіль дэ Латур. «Святы Юзаф цясляр». 1642 г.

Найбольш старажытныя згадкі пра культ святога Юзафа цесляра з’явіліся на берагах Ніла. Іх лакалізацыя ў значнай ступені залежала ад старажытнага сведчання пабожнасці першых хрысціянаў, якая знайшла адлюстраванне ў апакрыфічным аповедзе ІV ст. (па версіі іншых даследчыкаў, V–VІІ)1 пад назвай «Сказ пра Юзафа цеслю» (Юц). Змест гэтага апакрыфічнага аповеду дае падставы меркаваць, што культ святога Юзафа на тэрыторыі Егіпта быў пашыраны значна раней.

Тэкст апокрыфа з’яўляецца аповедам пра жыццё святога Юзафа ад імя самога Езуса, які абвясціў яго вучням на Аліўнай гары. Пачынаецца тэкст з апісання заручынаў Юзафа з Марыяй. З тэксту апокрыфа мы даведваемся, што ў Юзафа ўжо было чацвёра сыноў і дзве дачкі ад папярэдняга шлюбу, а таксама, што ён быў удаўцом. Далей тэкст дублюе лінію з апакрыфічнага Евангелля ад Якуба, якая заканчваецца нараджэннем Езуса. З XII раздзелу пачынаецца аповед пра апошнія гады жыцця Юзафа, пра яго перадсмяротныя просьбы і надыход смерці.

Апокрыф «Сказ пра Юзафа цеслю» мае выразны рэлігійны характар, з’яўляецца сведчаннем народнай пабожнасці з характэрнымі рысамі легенды. У апокрыфе мы знаходзім наказ аўтара, каб дадзены тэкст чытаўся і апавядаўся ў дзень урачыстасці святога Юзафа. Гэтая практыка, напэўна, мела месца сярод старажытных хрысціянаў і спрыяла пашырэнню культу святога, які абапіраўся не толькі на кананічныя звесткі, але і на легенды, што знайшлі месца ў апокрыфе.

Пад тэрмінам «апокрыф» (ἀπό-κρῠφοςскрыты, таемны)2 мы разумеем творы познеюдэйскай і раннехрысціянскай літаратуры на біблійныя тэмы. У рэлігійным кантэксце гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў на тэмы старазапаветнага і новазапаветнага зместу, не прызнаных боганатхнёнымі і не ўключанымі ў біблейскі канон Старога і Новага Запавету.

Вельмі цяжка акрэсліць колькасць усіх апокрыфаў. Самы распаўсюджаны крытэрый іх падзелу — прыналежнасць да літаратурнага жанру з суаднясеннем са Старым ці Новым Запаветам. Сярод апокрыфаў па матывах Новага Запавету вылучаюцца артадаксальныя, якія не пярэчаць дактрынальным нормам новазапаветных кніг, дапаўняючы і ўдакладняючы іх, і неартадаксальныя (ерэтычныя), якія істотна адрозніваюцца па сваім змесце ад кананічных кніг Новага Запавету, прапаноўваючы іншыя звесткі пра вучэнне Езуса і Яго місію.

Артадаксальныя апокрыфы маюць вялікае значэнне не толькі для даследавання разумення вучэння Хрыста, дактрынальных крыніцаў вучэння святых айцоў Касцёла, веры і пабожных практык першых хрысціянаў, якім і былі яны пераважна адрасаваныя, але і для разумення сакральнага мастацтва, дзе часта выкарыстоўваюцца дэталі, падзеі і жыццёвыя здарэнні персанажаў Новага Запавету, не згаданыя і не адлюстраваныя ў тэкстах кананічнага Святога Пісання.

«Сказ пра Юзафа цеслю» належыць да артадаксальных апокрыфаў па матывах Новагу Запавету. Першапачаткова ён з’явіўся на грэцкай мове ў выглядзе ўмоўных дзвюх частак і 32-х раздзелаў, а да нашага часу захаваліся два варыянты поўнай кнігі: адзін — на копцкай, другі — на арабскай мове3. У XVIII ст. тэкст быў перакладзены на лацінскую мову пад назвай «Historia losephi fabri lignarii»4.

На фоне іншых апокрыфаў «Сказ пра Юзафа цеслю», ці Легенда мае выразна стрыманы дактрынальны характар. Вера ў аднаго Бога ў трох Асобах і дзявочае мацярынства Божай Маці адпавядаюць рашэнням Сабораў IV і V стагоддзяў. Тэкст падкрэслівае сапраўдную Боскасць і чалавечнасць Хрыста:

«Я памятаю, Пане, як аднойчы дзіця загінула ад укусу змяі. Бацькі яго хацелі аддаць Цябе Іраду, кажучы, што Ты забіў яго. Але Ты ўваскрэсіў яго з мёртвых і вярнуў ім. Тады, наблізіўшыся да Цябе і ўзяўшы Цябе за руку, я сказаў: „Сцеражыся, Сын мой“. Але Ты адказаў: „Ці не бацька ты Мне па плоці? Я адкрыю табе, хто Я“. І сёння, о мой Гасподзь і мой Божа, не гневайся на мяне і не асудзі мяне за гадзіну тую. Я раб Твой і сын рабы Тваёй. Ты мой Пан, мой Бог і мой Збаўца, і сапраўды Сын Божы5» (Юц XVII).

У легендзе змешчаны таксама і сумнеўныя сцверджанні пра тысячагадовае панаванне Хрыста, што існавалі сярод старажытных хрысціянаў. Усе гэтыя факты ўказваюць на складаныя этапы развіцця першага Касцёла, яго станаўленне, паслядоўнае распазнанне і разуменне Божага аб’яўлення, а таксама сведчаць пра існаванне ранняга культу святога Юзафа цесляра.

Цясляр альбо будаўнік жылля звычайна меў вядомасць сярод жыхароў Палестыны. Жыхары Назарэта адразу пазналі Пана Езуса: «Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» (Mк 6, 3). У той час Езус быў ужо вядомы як цясляр, бо пераняў справу свайго бацькі, што пацвярджае таксама евангеліст Мацвей: «Ці ж гэта не сын цесляра? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя, а братоў Ягоных — Якуб і Юзаф, Сымон і Юда?» (Мц 13, 55). Назарэтане, ідэнтыфікуючы Езуса як цесляра ці сына цеслі, узгадваюць імя Марыі, а не Юзафа, што не характэрна для габрэйскай традыцыі. Можна зрабіць выснову, што падобнае магло быць толькі ў тым выпадку, калі бацька ўжо памёр.

Біблійнае акрэсленне τέκτων, што перакладаецца з грэцкай мовы як «цясляр», а таксама лацінскае faber («рамеснік»), могуць мець на ўвазе як цесляра, так і чалавека, што працуе з камянямі і металам. Падобнае значэнне мае і арамейскае naggar, якое адначасова адпавядае значэнню паняццяў вучоны, адукаваны6. Улічваючы ўмовы Палестыны, хутчэй за ўсё, гаворка магла ісці пра каменні і майстэрства муляра.

З апокрыфаў мы даведваемся, што Юзаф выконваў цяслярскія працы разам са сваімі сынамі. За вухам ён насіў шчэпак — адзнаку сваёй прыналежнасці да рамяства, як і прадстаўнікі іншых рамёстваў у тыя часы: маляр — каляровую хусціну, шавец — шаршатку на вопратцы, пісар — пяро і г.д. Можна здагадацца, што цясляр працаваў пры варштаце, карыстаўся гэблікам і малатком. З іншых апокрыфаў можна даведацца, што святы Юзаф быў дакладна сталяром і пасадзіў дрэвы ля свайго дому, з якіх рабіў крыжы. Аднак у апокрыфах ёсць інфармацыя, што ён працаваў з каменнем, будаваў святыні і каралеўскія палацы7.

Айцы Касцёла таксама мелі наконт яго заняткаў розныя меркаванні. Св. Юстын у Дэкалагу сцвярджае, што святы Юзаф майстраваў сохі і ярмы з дрэва (раздзел 88), але з 48-й прамовы Пятра Хрызалога мы даведваемся, што ён працаваў з металам.

У «Сказе пра Юзафа цеслю» выразна акрэсліваецца занятак Юзафа як цесляра: «І Юзаф, праведнік гэты, бацька Мой паводле плоці, Абручнік Марыі, Маці Маёй, працаваў з сынамі сваімі, займаючыся сваім рамяством цесляра» (Юц II).

У Евангеллі ад Мацвея мы знаходзім словы Езуса, якія сведчаць пра Яго абазнанасць у будаўнічых справах, а не ў цяслярстве: «Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале» (Мц 7, 24–25).

Таксама ў іншых месцах Евангелляў паводле Мацвея і Лукі чытаем: «Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў» (Мц 21,33).

Праз адсутнасць згадак у Новым Запавеце аб рамястве цесляра можна зрабіць выснову, што Езус быў сынам не цесляра, а будаўніка. Гэтае сцверджанне дапаўняе і евангельскі ўрывак ад Лукі: «Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: „Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць“» (Лк 14, 28–30).

Трэба падкрэсліць, што нідзе ў кнігах Новага Запавету мы не сустракаем інфармацыі пра канкрэтны занятак Юзафа і Езуса, бо акрэсленне τέκτων у грэцкім і faber у лацінскім варыянтах Святога Пісання мае значэнне «рамеснік» без канкрэтнага ўдакладнення. Тэрмін «цясляр», што сустракаецца пераважна ва ўсіх перакладах Новага Запавету, мае, хутчэй за ўсё, апакрыфічнае паходжанне, галоўным чынам, з пабожнай Легенды, «Сказу пра Юзафа цеслю».

Аўтар тэксту апокрыфа выразна падкрэслівае дзявоцтва Багародзіцы, якое замацавалася на падставе «Сказу пра Юзафа цеслю» ў афіцыйнай дактрыне Копцкага Касцёла8. Выраз «паводле цела» (грэц. κατά σάρξ) у дачыненні да святога Юзафа акрэслівае бацьку зямнога, у адрозненне ад Айца нябеснага. Копцкая традыцыя, выкарыстоўваючы акрэсленне «бацька», мае на ўвазе галаву сям’і: «Я правёў усё Маё жыццё, не здзейсніўшы ніводнай правіны. Я называў Марыю Маці Маёй і Юзафа бацькам Маім, і Я падпарадкоўваўся ўсяму, што яны Мне загадвалі. І Я ніколі не аслухваўся іх, але заўсёды падпарадкоўваўся іх волі, як паступаюць іншыя людзі, што нараджаюцца на зямлі. Ні разу Я не разгневаў іх, не сказаў ім рэзкага слова, не адказаў з раздражненнем. Наадварот, Я выказваў ім вялікую павагу, любячы іх, як святло вачэй сваіх (Юц XI).

У легендзе вельмі дакладна акрэсліваюцца гады жыцця святога Юзафа — 111 гадоў: «І калі мінула шмат гадоў, дасягнуў старац узросту вельмі паважнага. Ён не адчуваў ніякай цялеснай немачы, ён не страціў зроку, і ні адзін зуб не выпаў з рота яго, ён захаваў здаровымі ўсе члены свае, і розум яго ні на хвіліну не зацьміўся, але падобна юнаку ва ўсе справы свае ён уносіў маладую бадзёрасць. І старасць яго была вельмі глыбокай, бо ён дасягнуў узросту ста адзінаццаці гадоў» (Юц X).

Паола дэ Матэіс. «Смерць святога Юзафа». XVII ст.

Літургічны каляндар Копцкага Касцёла падае дату ўспаміну дня смерці святога Юзафа — 26 Abib (арабская назва), якая, без сумнення, паходзіць з Легенды і адпавядае ў сучасным календары 2 жніўня9. Доўгае жыццё — узнагарода ад Бога за праведнасць, як сцвярджаюць апокрыфы. Святы Юзаф даведваецца пра час сваёй смерці ад анёла і накіроўваецца ў Ерузалем, каб памаліцца ў святыні Пана. Падрабязна пра гэтыя і іншыя падзеі апавядае аўтар Легенды: «Потым жа, калі Юзаф вярнуўся да сябе ў горад Назарэт, спасцігла яго хвароба, і ён ляжаў на ложку. І надышоў час, калі яму трэба было памерці, бо такая доля ўсіх людзей. Ён моцна пакутаваў ад гэтай хваробы, яна была першай, якая напаткала яго з дня яго нараджэння. І так угодна было Хрысту, што ён пражыў сорак гадоў да заключэння шлюбу. Жонка яго пражыла з ім сорак дзевяць гадоў, і па заканчэнні іх яна памерла.

Праз год пасля яе смерці святары даручылі Юзафу Маю Маці, Панну Марыю, каб ён захоўваў Яе да шлюбу.

Прабыўшы два гады ў яго доме, Яна, будучы ва ўзросце пятнаццаці гадоў, нарадзіла Мяне на свет праз таямніцу, якой ні адно стварэнне не можа ні зразумець, ні спасцігнуць, але толькі Я, Мой Бацька і Дух Святы, адзінасутныя са Мною» (Юц XIV).

Большую частку апокрыфа «Сказ пра Юзафа цеслю» займае аповед пра смерць святога. Мы ўшаноўваем святога Юзафа як заступніка добрай смерці, хаця ў тэкстах Святого Пісання для гэтага няма падставаў. Аўтар Легенды апавядае пра смерць Юзафа ў прысутнасці Езуса і Марыі, падкрэсліваючы, што не ад паміраючага прыходзіць дапамога ў цяжкую гадзіну, але ад Езуса і Марыі, якія стаяць каля ложка паміраючага. Інакш кажучы, чалавек заслугоўвае Іх прысутнасці па прыкладзе святога Юзафа, які ў кожнай сваёй справе славіў Бога і выконваў Яго волю.

Сучасная юзафалогія (навука пра святога Юзафа) сцвярджае, што яго ўдзел у таямніцы ўцелаўлення Божага Слова быў знешнім, маральным, ускосным. Гэта значыць, што ён па волі Божай выконваў ролю бацькі, клапоцячыся пра Езуса і Марыю, і заззяў звышнатуральным святлом у ценю Езуса і Марыі. Спраўджваецца гэтая таямніца толькі вонкава і ўскосна — праз цнатлівасць бацькі, праз повязь любові і яднанне душаў10.

Святы Юзаф працаваў, каб забяспечваць сваю сям’ю. Гэтак, як клапаціўся аб зямным Езусе, ён апякуецца і Яго містычным целам — Касцёлам. Ва ўсходняй літургіі імя святога Юзафа пачалі ўспамінаць у IV ст., а ў заходняй — у VIII. У 1621 г. папа Грыгорый XV пашырыў гэты ўспамін на ўвесь Касцёл. Папа Бэнэдыкт XIII у 1726 г. уключыў святога Юзафа ў Літанію да Усіх святых. Па просьбе айцоў І Ватыканскага Сабору ў 1870 г. папа Пій IX абвясціў святога Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла. Папа Ян XXIII 19 сакавіка 1961 года абвясціў яго апекуном II Ватыканскага Сабору. З лістапада 1962 г. яго імя вымаўляецца ў І Эўхарыстычнай малітве.

Пасля Другой сусветнай вайны культ святога Юзэфа, асабліва юзафалогія, пачаў развівацца паўсюдна і ўсебакова. З 1947 г. выдаецца часопіс Estudios Josefinos, прысвечаны вывучэнню постаці святога. У 1951 г. у Манрэалі ствараецца Дакументацыйны цэнтр святога Юзафа. У 1952 г. Pia Societa Torinese di S. Giuseppe арганізоўвае ў Вітэрба Цэнтр юзафалагічных даследаванняў і запачаткоўвае штомесячнік «Vita Giuseppina». З 1953 г. выдаецца Cahiers de josephologie, ладзяцца навуковыя сімпозіумы і канферэнцыі, вядуцца тэалагічныя даследаванні.

Дэкрэтам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 1 мая 2013 г. да II, III i IV Эўхарыстычных малітваў Рымскага Імшалу быў далучаны заклік да святога Юзафа. 8 снежня 2020 г. быў апублікаваны Апостальскі ліст Папы Patris corde — «Бацькоўскім сэрцам», прысвечаны 150-годдзю прызнання святога Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла. Ушаноўваючы рашэнне благаслаўлёнага Пія IX, агучанае ў дэкрэце Quemadmodum Deus у 1870 г., папа Францішак абвясціў у Касцёле адмысловы Год святога Юзафа, які будзе працягвацца з 8 снежня 2020 г. па 8 снежня 2021 г., а Апостальская Пэнітэнцыярыя абнародавала дэкрэт аб адпустах, прымеркаваных да Года святога Юзафа.

Зварот да «Сказу пра Юзафа цеслю» як да сведчання жывой народнай пабожнасці хрысціянаў Егіпта V ст., хочацца спадзявацца, дапоўніць і пашырыць разуменне замацаваных традыцыяў, яшчэ больш зацікавіць вернікаў асобаю святога Юзафа і паглыбіць пабожнасць нашых сучаснікаў.


  1. Гл. G. Giamberardini, Saint Joseph dans la tradition copte. — Montreal, 1969. — S. 63–65.
  2. Гл. И. Х. Дворецкий, Древнегреческо-русский словарь. — Москва, 1958, Т. 1. — С. 205.
  3. Гл. L. Th. Lefort, A propos de l’«Histoire de Joseph le Charpentier», Le Muséon 66 (1953) 204.
  4. J. Wallin, Historia losephi fabri lignarii. — Leipzig, 1722.
  5. Пераклад тут і далей аўтарскі.
  6. Гл. G. Vermes, Jezus Żyd. Wydawnictwo ZNAK. — Kraków, 2003. — S. 21.
  7. Гл. H. Daniel-Rops, Życie codzienne w Palestynie w czasach Chrystusa. Wydawnictwo Cyklady. — Warszawa, 1994. — S. 216.
  8. Гл. G. Giamberardini, II natale nella Chiesa Copta (Studia Orientalia Cristiana. Aegyptiaca 9). — Cairo, 1958. — S. 48–54; G. Giamberardini, II culto mariano in Egitto nei primi sei secoli. Origine-sviluppo-cause (Studia Orientalia Cristiana. Aegyptiaca). — Cairo, 1967. — S. 43–65.
  9. Гл. G. Giamberardini, Saint Joseph... цыт., с. 154.
  10. Гл. F. L. Filas, Joseph and Jesus. A Theological Study of Their relationship. — Milwaukee, 1952. — S. 133.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY