|
|
№
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Марына ПАШУК
ЗЯМЛЯ ВЕРЫ Папа на радзіме Абрагама Тэалогія
Тэрэса КЛІМОВІЧ
САМАПРЭЗЕНТАЦЫЯ БОГА МАЙСЕЮ Ў ПАЛАЮЧЫМ КУСЦЕ Тэалагічна-літаратурны аналіз фрагмента Кнігі Зыходу (3, 1–17) Постаці
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ЗАСТАВАЎСЯ ВЕРНЫМ КАСЦЁЛУ І НАРОДУ» Святар і паэт Андрэй Зязюля ў служэнні Богу і Беларусі
Кс. Артур ЛЯШНЕЎСКІ SDB
СВЯТАР, ПАДАРАВАНЫ НАМ МАРЫЯЙ Жыццё, дзейнасць і смерць кс. Станіслава Міхальскага SJ Інтэрв’ю
Асобы
Пераклады
Проза
Іканаграфія
Віталій КОЗІНЧУК
КАНЦЭПЦЫЯ ЎКРАІНСКАГА ІКОНАГРАФІЧНАГА КАНОНУ: УСХОДНЯЯ ІКАНАГРАФІЯ, ЗАХОДНІ МАСТАЦКІ СТЫЛЬ Мастацтва
|
— Калі адзін мой знаёмы пачуў, што я рыхтуюся да размовы пра апошнюю Вашу кнігу «The Next Pope» («Наступны Папа»), то падумаў, што гаворка ідзе пра серыял Паоло Саррэнціна. Падабенства назваў — гэта выпадковасць ці інспірацыя? — Праўду кажучы, я не бачыў ні першай, ні другой часткі фільма. Аднак, мяркуючы па тым, што я чуў ад знаёмых, там больш фантазіі і рэжысёрскіх прыдумак, чым глыбокага разважання аб цяперашняй сітуацыі ў Касцёле. Жыццё Касцёла і Ватыкана здольнае захапіць і здзівіць значна больш, чым фантазія сцэнарыста.
— Але цікава, як Каталіцкі Касцёл бачыцца звонку. Магчыма, аб’ектыўны назіральнік здольны паказаць нам нешта, чаго мы не заўважаем? — Каб зразумець Касцёл знутры, трэба жыць каталіцтвам. Паглядзець звонку — гэта дакладна замала, хаця відавочна, што Касцёл мусіць шукаць спосабаў евангелізаваць людзей, якія знаходзяцца звонку, і сёння гэта — вялізны выклік.
— Адкуль гэтае захапленне тэмай Касцёла і папства не толькі ў хрысціянаў, а і ў постхрысціянскай культуры? Я маю на ўвазе не толькі творчасць Саррэнціна. — Захапленне папствам, прынамсі ў такой форме, ідзе з часоў Другога Ватыканскага Сабору. Яно звязанае таксама з імкненнем сусветных СМІ ўкласці рэчаіснасць Касцёла ў чыста палітычныя катэгорыі, гэтак жа, як і ўсё іншае ў нашым грамадстве. А пасля гэтую складаную рэчаіснасць спрабуюць вытлумачыць вельмі простымі тэрмінамі: ліберальнае і кансерватыўнае. Такім чынам Касцёл нібыта ператвараецца ў чарговае палітычнае поле бітвы, а Папа, нібыта прэзідэнт ці прэм’ер-міністр, становіцца «стрэлкаю» на «вагах». Відавочна, што Папа — вельмі важная фігура ў Каталіцкім Касцёле, але Касцёл — гэта нашмат больш, чым папства.
— Няўжо да сёння сустветная грамадскасць мусіць лічыцца з папствам? Ян Павел ІІ у 80-я і 90-я гады быў аўтарытэтам не толькі для католікаў. Яго голас слухалі, з ім лічыліся. Але ці не апошні ён з такіх сусветных аўтарытэтаў? — Улада папства ў сучасным свеце — гэта ўлада сведчання і маральнага аўтарытэту, якая вынікае з таго, як Касцёл сведчыць аб праўдзе. Ян Павел ІІ карыстаўся гэтаю ўладаю з асабліваю пераканаўчасцю і моцаю, і гэты эфект, безумоўна, быў звязаны з яго незвычайнаю харызматычнаю натураю. Бэнэдыкт XVI даў свету вельмі важныя ўрокі ў цыкле так званых вераснёўскіх лекцый: у Рэгенсбургу, Парыжы, Лондане і Берліне. Але ў вачах СМІ ён не валодаў такою сілаю пераканання і не меў такой асабістай харызмы, здольнай запальваць іншых, як яго папярэднік, і ў выніку яго пасланне не выклікала такога магутнага водгуку. Тым не менш, мне падаецца, што пасланне, якое нясуць у сабе вераснёўскія лекцыі, будзе мець большае значэнне ў наступныя дзесяцігоддзі, бо Бэнэдыкт XVI прадставіў вельмі дакладны аналіз сучаснага крызісу на Захадзе Еўропы.
— Што гэта за аналіз? — Бэнэдыкт XVI развіў думку Яна Паўла ІІ аб тым, што дынамічная маральная культура ў палітыцы з’яўляецца галоўнаю ўмоваю для належнага функцыянавання дэмакратычных палітычных сістэмаў і свабоднай рыначнай эканомікі. Папа звяртае асаблівую ўвагу на тое, што агрэсіўная форма секулярызму, якая жадае вытруціць з публічнага жыцця рэлігійныя перакананні і мараль, абапертую на рэлігію, дэ факто знішчае гэтую маральную культуру. Бэнэдыкт XVI добра ведаў, што немагчыма пабудаваць сапраўды вольнае грамадства на падмурку ўтылітарызму і маральнага рэлятывізму. У рэшце рэшт даходзіць да таго, што рэлятывісцкая этыка навязваецца ўсяму грамадству прадпісаннямі закону, як, напрыклад, у выпадку закону аб абортах або новага разумення паняцця сужэнства.
— А што наконт папы Францішка? Яго вучэнне знікне пасля яго смерці? — Папа Францішак вучыць, што Касцёл — гэта супольнасць вучняў місіянераў, што кожны ахрышчаны мае пакліканне да місіянерскай дзейнасці і ўвесь свет з’яўляецца полем для місіі. Гэта развіццё канцэпцыі новай евангелізацыі Яна Паўла ІІ. Папа Францішак развівае канцэпцыю чалавечай экалогіі Бэнэдыкта XVI, ставячы ў цэнтр каталіцкага экалагічнага руху ахову навакольнага асяроддзя і годнасці кожнага чалавека ад зачацця да натуральнай смерці.
— У сваёй новай кнізе Вы прадстаўляеце цікавы разбудаваны план, які Касцёлу і Папу належала б як найхутчэй ажыццявіць. Тады чаму кніга называецца «Наступны Папа», а не «Цяперашні Папа»? Навошта чакаць, калі ўсё трэба рабіць хутка? — Я імкнуўся зрабіць высновы з Пантыфікатаў папаў Францішка, Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI. Шмат з таго, пра што я пішу, адносячы гэта да будучыні (перадусім новая евангелізацыя), у той ці іншай форме адбываецца ўжо цяпер. Задача католікаў — прыспешыць рэалізацыю праграмы, якую папа Францішак назваў «Касцёлам вучняў-місіянераў», Касцёлам, які пастаянна знаходзіцца на місіі. У сваёй кнізе я пішу, як гэта мусіла б выглядаць у адносінах да розных сфераў Касцёла, і спрабую акрэсліць перашкоды на шляху новай евангелізацыі, якія неабходна пераадолець у першую чаргу.
— Падобна да прыхаванай крытыкі папы Францішка. Вы апісваеце сучасны Касцёл, рашэнні, за прыняцце якіх адказвае Папа, яго спосаб кіравання Касцёлам і стыль яго выказванняў, і пры гэтым пішаце, што трэба змяніць. — Ніводзін Пантыфікат не дасканалы. Гэта датычыць і Яна Паўла ІІ, і Бэнэдыкта XVI, і Францішка. Я імкнуўся зрабіць станоўчыя высновы і зрабіць перасцярогі на будучыню, абапіраючыся на досвед гэтых Пантыфікатаў.
— Вы малюеце партрэт ідэальнага Папы адпаведна з патрэбамі ХХІ стагоддзя. Мне падалося, што гэта амаль партрэт Яна Паўла ІІ. Чаму Вы не назвалі кнігу «Навука быць папам Янам Паўлам ІІ»? Калі звярнуць ўвагу на колькасць спасылак, то Вы 29 разоў узгадваеце імя Яна Паўла ІІ (апроч спасылак на дакументы), а імя Бэнэдыкта XVI і Францішка ўзгадваеце 5 разоў, да таго ж імя Францішка — толькі ва ўступе да кнігі. — Нельга стварыць клон Яна Паўла ІІ, было б неразумна ісці гэтым кірункам. Ён — дзіця сваёй эпохі, яго жыццё стала вельмі дакладным адбіткам гісторыі ХХ стагоддзя: жудасці вайны, сутыкненне з двума таталітарнымі рэжымамі, рэформы ў Касцёле перад правядзеннем Сабору і рэформы пасля Сабору. Яго асаблівыя рысы характару і здольнасці нельга скапіяваць. Вучэнне Яна Паўла ІІ настолькі ўсёабдымнае, што цытаваць яго — натуральна, і Яна Паўла ІІ цытуюць нашмат часцей, чым яго наступнікаў. Калі ўвогуле можа існаваць нейкі ідэальны Папа, то ў яго асобе будуць спалучацца найлепшыя рысы Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка.
— А Вы не баіцеся абвінавачванняў у тым, што прадстаўляеце пакаленне вялікага папы Яна Паўла ІІ, далёкага і ўжо мала зразумелага для сённяшняй моладзі і людзей да 35-ці гадоў? Прайшло ўжо 15 гадоў пасля ягонай смерці… — 15 гадоў — невялікі тэрмін. Спадчына Яна Паўла ІІ яшчэ не вывучалася глыбока, а гэта абавязковая ўмова для таго, каб практычна рэалізоўваць яго вучэнне ў душпастырскай дзейнасці. Апошнія 25 гадоў свайго жыцця я прысвяціў таму, каб Ян Павел ІІ не быў забыты, не стаў мінулым.
— У кнізе Вы часта ўжываеце слова «павінен». Наступны Папа павінен зрабіць гэта, павінен чыніць вось так… Вам не падаецца, што гэта ўтопія, бо немагчыма, каб раптам з’явіўся такі рознабаковы чалавек і вывеў Касцёл з крызісу? Аднойчы падчас нашага ордэнскага капітулу мы паспрабавалі выбраць такім чынам настаяцеля: сабралі характарыстыкі ідэальнага кандыдата толькі для таго, каб зразумець, што такога чалавека сярод нас няма. — Складаючы праграму дзеянняў, ніхто не піша «можа быць», мы мыслім у катэгорыях «мусіць» і «павінен». Гэта толькі падкрэслівае важнасць таго, што «павінна» быць зроблена, але не азначае, што ўсё гэта ўдасца. Але ў любым выпадку трэба пачынаць з акрэслення таго, што і для чаго трэба зрабіць у першую чаргу.
— Апроч іншага, Вы пішаце аб праблеме «папскага пратаганізму» — аб тым, як некаторыя мясцовыя Касцёлы скідваюць на Папу і Рымскую курыю адказнасць за выкананне складаных або непрыемных задачаў. Напрыклад, некаторыя біскупы ў Польшчы так тлумачылі сваю бяздзейнасць адносна фактаў гвалту непаўнагадовых: «Рым не сказаў дакладна, як мне на гэта рэагаваць і што рабіць». Нібыта не існуе такіх паняццяў як сумленне і розум. — Гэта праблема біскупскай улады, мадэлі кіравання мясцовым Касцёлам, ёй прысвечаны адзін з раздзелаў маёй кнігі. Наступны Папа павінен гэтым заняцца. Біскупаў, якія не спраўляюцца з выкананнем няпростых абавязкаў, трэба прасіць і нават змушаць пакінуць пасаду. На іх месца трэба прызначаць наступнікаў, якія разумеюць, што прынцыпы праўды і празрыстасці ключавыя для евангелізацыі.
— Адкуль возьмуцца гэтыя біскупы? Сёння трое з дзесяці кандыдатаў адмаўляюцца прыняць біскупскую намінацыю. Значыць, з гэтай працэдурай нешта не так. — Я ўжо даўно пісаў пра неабходнасць рэфармаваць працэдуру прызначэння біскупаў. У апошняй кнізе я падкрэсліваю неабходнасць пашырэння кола асобаў, якія ўдзельнічаюць у выбары. У гэтае кола павінны ўвайсці кампетэнтныя свецкія людзі. Вылучэнне кандытата ў біскупы не можа быць падобным да выбару кандытатаў на ўступленне ў клуб, калі рашэнне прымаюць яго дзейсныя члены.
— Гэта даволі рэвалюцыйная думка. — Мудрыя нунцыі робяць гэта ўжо цяпер. У першыя стагоддзі існавання Касцёла біскупаў прызначалі ў выніку працэдуры выбараў. Калі лічыць, што гэта не вельмі добрая думка, то няма нічога рэвалюцыйнага ў тым, каб кансультавацца са свецкімі людзьмі, вызначаючы намінантаў на біскупскую пасаду.
— Давайце сур’ёзна паразмаўляем пра біскупскую місію: вызначым, якія асноўныя задачы яна ўключае. Калі біскуп ездзіць з адной афіцыйнай сустрэчы на іншую, дае інтэрв’ю, асвячае розныя аб’екты, але не мае часу пагаварыць са сваімі святарамі, не гаворачы ўжо пра свецкіх, нешта ідзе не так. Лепш няхай адмовіцца ад чатырох афіцыйных сустрэчаў у месяц і ў гэты час сядзе ў канфесіянал, каб даведацца, чым насамрэч жывуць яго вернікі і з якімі праблемамі сутыкаюцца. — На працягу апошніх трыццаці гадоў многія мае знаёмыя сталі біскупамі. Кожнаму я даваў адну і тую ж параду: калі разумееш, што больш за 40 % свайго часу праводзіш на афіцыйных сустрэчах, гэта знак таго, што неабходна перапрацаваць свой графік у адпаведнасці з першаснай місіяй. Другі Ватыканскі Сабор ясна акрэслівае: біскуп перадусім з’яўляецца галоўным настаўнікам і святаром у дыяцэзіі. Ён нясе адказнасць за асвячэнне супольнасці давераных яму вернікаў. Адміністрацыйнымі і фінансавымі справамі можа заняцца нехта іншы, у тым ліку і свецкія людзі.
— Хочаш не хочаш, а шмат дзе гэта проста неабходна, бо колькасць пакліканняў да святарства змяншаецца. Але праблема перадусім не ў недахопе кваліфікаваных кадраў. — Не, праблема перадусім у менталітэце. Адным з самых здольных іерархаў ЗША быў Чарльз Шап’ю, капуцын, біскуп Рэйпід-сіці, арцыбіскуп Дэнвера і Філадэльфіі. Падчас свайго служэння ён паўсюль атачаў сябе колам кампетэнтных свецкіх людзей, падтрымліваў іх, бо ведаў свае моцныя і слабыя бакі і не баяўся кампетэнтных спецыялістаў. Менавіта такога спосабу мыслення трэба жадаць ад кожнага біскупа.
— Спосаб мыслення змяніць няпроста. Звычайнаму ксяндзу няпроста падзяліцца адказнасцю з вернікамі… — Калі ксёндз лічыць сваім галоўным пакліканнем навучанне, прапаведаванне, асвячэнне, то ён з радасцю павінен прымаць дапамогу ад свецкіх людзей. Ён не можа несці на сабе ўсю адказнасць, і неабходна вызначыць нейкія прыярытэты. Калі ён не паставіцца да новай евангелізацыі сур’ёзна, то не будзе мець чым кіраваць!
— На працягу апошніх дваццаці гадоў Касцёл у ЗША атрымаў вельмі балючы ўрок у сувязі з сексуальным скандаламі. Здаецца, што многія іерархі гэтага ўроку не зразумелі. Замест таго каб вучыцца на чужым досведзе, яны паўтараюць самыя горшыя памылкі. Як добразычлівы назіральнік за сітуацыяй у Касцёле, дайце, калі ласка, добрыя парады біскупам. — Мне падаецца, што Касцёл павінен вучыцца ў ЗША найперш стаўленню да фармацыі і набору ў семінарыі. Рэформа семінарый неабходная, каб у будучыні пазбегнуць выпадкаў гвалту непаўнагадовых ксяндзамі. Мне здаецца, што наказы, якія прадпісваюцца іерархамі ў выпадках абвінавачвання ксяндза (або біскупа) у гвалце, выконваюцца. Пры гэтым неацэнную дапамогу аказваюць свецкія спецыялісты, якія ўваходзяць у склад дыяцэзіяльных дарадчых камісій, што даследуюць абвінавачванні ў гвалце. Але трэба сачыць, каб гэтыя працэдуры не зруйнавалі сувязі паміж біскупам і яго святарамі. Перадусім кожнаму павінна быць зразумела, што крызіс, справакаваны сексуальнымі скандаламі, з’яўляецца крызісам вернасці пакліканню: святары, якія вераць, што з’яўляюцца вобразамі вечнага святарства Езуса Хрыста, як вучыць Касцёл, не могуць учыняць ні сексуальнага, ні якога іншага гвалту. Гэта несумяшчальна! Нельга быць вобразам Хрыста і забойцам! Калі святары будуць лічыць сябе найвышэйшаю кастаю, грахі і злачынствы будуць працягвацца. Адначасова неабходна падкрэсліць, што ў Касцёле ёсць тысячы добрых і актыўных святароў. Наступны Папа мусіць ухваліць і падтрымаць іх працу і дзякаваць за іх служэнне.
— Трагедыя ў тым, што часта гвалтаўнікі былі цудоўнымі арганізатарамі, прапаведнікамі, духоўнымі настаўнікамі. Не было ніякіх скаргаў на іх служэнне, таму і ахвярам ніхто не верыў. — Д’ябал можа выкарыстаць і злых, і добрых людзей у Касцёле. У гэтым няма нічога дзіўнага, але гэта, вядома ж, трагічна.
— Думаю, што калі б у свой час стала вядомаю гучная справа Марсьяла Мацьеля Дэгалада [мексіканскі святар, заснавальнік некалькіх рэлігійных рухаў, які напрыканцы жыцця быў абвінавачаны ў шматлікіх выпадках сексусальнага гвалту, у тым ліку і непаўнагадовых. — Заўв. пер.], можна было б пазбегнуць многіх новых ахвяраў, але ўплывовае атачэнне Яна Паўла ІІ паспяхова хавала ад яго інфармацыю аб злачынствах святароў. Вы пішаце, што рэфармаванне Рымскай Курыі павінна быць у першую чаргу справаю адпаведных спецыялістаў, а не самой гэтай структуры. Але ж нават святы чалавек не змог знайсці адпаведных супрацоўнікаў. — Марсьял Мацьел быў псіхапатам. Тэадор Мак Кэррык [былы арцыбіскуп Вашынгтона, кардынал, які быў абвінавачаны ў сексуальным гвалце. — Заўв. пер.] таксама быў псіхапатам. Часткаю натуры псіхапатаў з’яўляецца іх здольнасць падманваць людзей, нават святых і прадбачлівых. Трэба таксама памятаць, што і Мацьел, і Мак Кэррык ашукалі вельмі многіх уплывовых і заможных свецкіх людзей. Памятайма і пра паняцце mysterium iniquitatis, таямніцы зла, уведзенае Янам Паўлам ІІ. У апошнія дзесяцігоддзі католікі звярталі недастаткова ўвагі на рэчаіснасць д’ябла і зла. І злы дух гэтым скарыстаўся.
— Некаторыя не затрымаліся на ўзроўні метафізікі і прыдумалі найменне mysterium iniquitatis — «лавандавая мафія». Я маю на ўвазе не толькі Фрэдэрыко Мартэля, аўтара спрэчнай кнігі «Садом» аб гомасексуалізме ў сценах Ватыкана, я кажу і пра мноства кансерватыўных католікаў, якіх цяжка абвінаваціць у кансерватызме і лявацтве. — Мартэль адразу прапануе ў сваёй кнізе тэзіс, які адносіць да ўсяго Ватыкана, таму з ім шмат пра што можна спрачацца. Але несумненна, што ў Касцёле, у тым ліку і ў Ватыкане, ёсць факты злачынстваў духавенства, з якімі трэба змагацца. Гэтыя злачынствы розныя, сярод іх і парушэнне святарскіх прысягаў праз актыўны гомасексуалізм, і ўкрыванне карупцыйных схемаў. Таму я пішу ў кнізе, што ключавым для рэфармавання Курыі з’яўляецца не змяненне працэдураў кіравання, а найманне на працу ў Рыме мужчын і жанчын найвышэйшай кваліфікацыі. Я ўпэўнены, што наступны Папа мусіць сур’ёзна заняцца прыборкаю «аўгіевых канюшняў», у якія цяпер ператварылася Рымская Курыя.
— А як гэта зрабіць? Двое апошніх Папаў вельмі стараліся, а вынікаў няма. — Наступны Папа павінен прызначыць кампетэнтнага і дзейснага сакратара дзяржавы, які спыніць злачынствы ў Ватыкане і дапаможа Папу знайсці адпаведных супрацоўнікаў. Памятайма, што мы гаворым пра Касцёл, а не пра вялікую карпарацыю, і таму мала проста замяніць злачынных кіраўнікоў, а трэба заклікаць іх да пакуты і навяртання. Гэта нашыя браты, нягледзячы на тое, як злачынна яны здрадзілі Касцёлу, і мы мусім даць ім шанец паяднацца з Хрыстом і хрысціянскаю супольнасцю.
— Ян Павел ІІ паказаў свету, у тым ліку многім маладым еўрапейцам, што поўнае і шчаслівае хрысціянскае жыццё не з’яўляецца сярэднявечным цемрашальствам. Але праз 15 гадоў пасля яго смерці здаецца, што секулярызацыю ўсё ж не ўдалося стрымаць. Можа таму, праграма кардынала Ратцынгера — малы Касцёл моцных супольнасцяў — больш актуальная? Можа менавіта ў гэтым будзе найважнейшая місія наступнага Пантыфікату? — Мне падаецца, гэта гучыць вельмі спрошчана. Сусветны Касцёл вельмі разнастайны, паўсюль ён развіваецца з рознай дынамікай. Простае супрацьпастаўленне масавага Касцёла ў хрысціянскім свеце і закрытай супольнасці, «малога статку» ў непрыхільным свеце, не адпавядае складанасці сітуацыі, гэтак жа нельга супрацьпастаўляць ліберальны і кансерватыўны Касцёл. Евангелізацыя і веравучэнне — гэта праграма не толькі на добры і спрыяльны час, а абавязковая ўмова існавання Касцёла. Несумненна, што мясцовыя Касцёлы, якія прымаюць веравучэнне і ажыццяўляюць новую евангелізацыю, квітнеюць і развіваюцца нават у постхрысціянскія часы ў секулярызаванай культуры. А мясцовыя Касцёлы, якія прытрымліваюцца «дыетычнай» версіі каталіцтва, спадзеючыся, што такім чынам хоць і не прыцягнуць новых вернікаў, але ўтрымаюць старых, скурчваюцца і паміраюць. Або ты жывеш паўнатою, або пакутуеш ад голаду. Ёсць яшчэ, вядома, і мясцовыя Касцёлы, якія лічаць, што можна перадаваць веру як нацыянальную спадчыну, быццам гэтае хрысціянства «культуры» ўратуе веру. Гэта ілюзія, якая раней ці пазней прывядзе да сур’ёзнага крызісу.
— Прыклад традыцыйна каталіцкіх краінаў, такіх як Іспанія і Ірландыя, паказвае, як моцна секулярызацыя напружвае адносіны ўлады і алтара. — Дадайце ў гэты спіс яшчэ Партугалію і Квэбэк.
— А з іншага боку, мы не павінны сыходзіць са сваёю вераю ў падзямеллі. Мы пакліканыя будаваць евангельскае грамадства. Але гэта не азначае карыстання палітычнымі метадамі, як некаторым здаецца. — Гэта і ёсць новая евангелізацыя, пра якую мы ўсцяж узгадваем у нашай размове. Я дадаў бы толькі, што Касцёл павінен вучыцца весці дыскусію ў публічнай сферы, замест таго каб загадваць і ціснуць сваім аўтарытэтам. Сёння гэта ўжо не спрацоўвае, а абапірацца на ўласны аўтарытэт азначае толькі ўскладняць працэс евангелізацыі.
— Мы ў пэўным сэнсе прайгралі барацьбу на полі культуры. Касцёл не здолеў знайсці агульнай мовы з грамадствам. Цяпер фармацыяй сумлення і светапогляду займаюцца міжнародныя медыямагнаты: HBO, Netflix, Youtube, а не прапаведнікі. — Так і ёсць, але евангелізацыя заўсёды адбываецца ў супрацьстаянні з іншымі праўдамі і каштоўнасцямі. Мне падаецца відавочным, што жыццёвая мадэль, якую прапануюць розныя медыяканцэрны, не вядзе да шчасця. Статыстыка самазабойстваў і наркаманіі, асабліва сярод моладзі, цяпер большая, чым раней. Калі мы дамо прыклад высакароднага, шчаслівага і напоўненага жыцця, людзі ўрэшце пачнуць задаваць пытанні: «Што нам рабіць, каб так жыць?». І тады мы зможам паказаць ім Езуса.
Пераклад з польскай мовы
|
|
|