|
|
№
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Марына ПАШУК
ЗЯМЛЯ ВЕРЫ Папа на радзіме Абрагама Тэалогія
Тэрэса КЛІМОВІЧ
САМАПРЭЗЕНТАЦЫЯ БОГА МАЙСЕЮ Ў ПАЛАЮЧЫМ КУСЦЕ Тэалагічна-літаратурны аналіз фрагмента Кнігі Зыходу (3, 1–17) Постаці
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ЗАСТАВАЎСЯ ВЕРНЫМ КАСЦЁЛУ І НАРОДУ» Святар і паэт Андрэй Зязюля ў служэнні Богу і Беларусі
Кс. Артур ЛЯШНЕЎСКІ SDB
СВЯТАР, ПАДАРАВАНЫ НАМ МАРЫЯЙ Жыццё, дзейнасць і смерць кс. Станіслава Міхальскага SJ Інтэрв’ю
Асобы
Пераклады
Проза
Іканаграфія
Віталій КОЗІНЧУК
КАНЦЭПЦЫЯ ЎКРАІНСКАГА ІКОНАГРАФІЧНАГА КАНОНУ: УСХОДНЯЯ ІКАНАГРАФІЯ, ЗАХОДНІ МАСТАЦКІ СТЫЛЬ Мастацтва
|
Так здарылася, што я, мінчанін, Беларусь адкрываў для сябе збольшага толькі ў сталыя гады дзякуючы сваёй прафесіі. Як журналіст я пабываў у шмат якіх гарадах і паселішчах, але некалькі важных кропак на мапе нашага Краю я наведаў раней і па ўласнай ініцыцятыве. Так яшчэ ў студэнцкія гады я трапіў ў Гродна. Тады, на першым спатканні з горадам, мне ўжо муліла вока абсурднае спалучэнне ў ягоным абліччы велічы і занядбанасці, шляхетнасці і хамства. Было ўражанне, што ўсё, што рабілася ў Гродне ў савецкі час, усё што тут паўстала за саветамі, — жытло, адміністрацыйныя гмахі, прадпрыемствы, установы культуры, транспартныя камуканіцыі, будавалася такім чынам, каб знішчыць гістарычную аўру каралеўскай сталіцы, разбурыць структуру, што складвалася цягам стагоддзяў, а калі не атрымлівалася разбурыць, дык знівеляваць архітэктурныя дамінанты, перайменаваць вуліцы, выкрасліць з гістарычнай памяці Гродна Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, БНР, магдэбургскае права, 1863 год — усё, што складае гонар і славу горада і краіны ўвогуле. Меліся зрабіць самы беларускі, самы шляхетны горад нашай краіны брутальна савецкім... Сёння Гродна адраджаецца ў былой велічы, і я шчаслівы, што гэта адбываецца і на маіх вачах. І вось што мне падумалася… Калі б у чалавека, які жыве за нашай усходняй мяжой і чыё стаўленне да Беларусі грунтуецца на пастулатах расійскай імперскай і савецкай ідэалогіі, надарылася б магчымасць наведаць наш Край не праездам з Масквы ў Варшаву ці Берлін, а прыехаць у Беларусь менавіта дзеля самой Беларусі і няспешна агледзець яе цікавосткі, ён бы адкрыў для сябе «неверагодны факт»: Беларусь — не Расія. І яшчэ ён быў бы здзіўлены тым, што яна зусім не маленькая. Так, на палітычнай мапе свету ў параўнанні з нашай усходняй суседкай Беларусь выглядае сціпла, дарэчы, як і большасць еўрапейскіх дзяржаў. А вось паводле цывілізацыйнай насычанасці і патэнцыяле культуры яна, безумоўна, дасць фору многім рэгіёнам на ўсходзе ад Віцебшчыны ці на поўдні ад Гомельшчыны. Нездарма для паспалітых расіянаў сёння Беларусь стала тым, чым у савецкі час для іх была Прыбалтыка — блізкім Захадам. І яшчэ адкрыццём будзе тое, што Беларусь неаднародная, шматаблічная. Сутнасна нашы рэгіёны не антаганісты, але іх адрозненні відавочныя. Ёсць у Беларусі свой Усход і ёсць свой Захад, якія падзяляе, як сказаў вялікі амерыканскі пісьменнік Амбраз Бірс, «ледзь заўважная прорва». Гэта наступствы міжваеннага часу, калі адна частка нашага Краю апынулася ў складзе Польскай дзяржавы, а ў другой усталяваўся камуністычны рэжым з характэрнымі для яго зняважлівым стаўленнем да культуры папярэдніх сацыяльных фармацый і агрэсіўным атэізмам. І калі ў 1939 годзе абедзве часткі ўз’ядналіся, высветлілася, што людзі адной крыві, адной мовы і ў значнай ступені адной ментальнасці належаць да розных культураў. Скажам так — як немцы ГДР і ФРГ. На Захадзе былі захаваныя, нават закансерваныя пэўныя формы традыцыйнага, даіндустрыяльнага грамадства, а на Усходзе камуністы скіравалі жыццё ў новае рэчышча — паўстала прамысловасць, непазнавальна змяніўся лад жыцця, грамада, пераважна вясковая і местачковая, набыла рысы дынамічнай урбанізаванай супольнасці. Нібыта, і някепска. Але, каб зразумець, якім коштам быў дасягнуты гэты прагрэс, наведайце мемарыял Курапаты ў Мінску на мяжы горада... Адсюль і адносна добрая захаванасць культурнай спадчыны на Захадзе краіны, і значна горшая ў гэтым сэнсе сітуацыя на Усходзе, а неафіцыйнай сталіцай беларускага Захаду, безумоўна, з’яўляецца Гродна. Даруйце за доўгую прадмову, але яна патрэбна, каб патлумачыць, чаму Гродна (шырэй — Гродзеншчына) мае ўнікальны, на зайздрасць сталіцы, асяродак культуры, уласную мастацкую традыцыю і адметнае кола творцаў, якія годна прэзентуюць свой горад на агульнанацыянальных імпрэзах і годна прэзентуюць усю Беларусь, калі апынаюцца за яе межамі з творчай місіяй. Чалавека выхоўвае асяроддзе. Гродзенскія мастакі сутнасна такія як ёсць, бо натхняюцца сваім цудоўным горадам. Згадаю некаторых з іх.
Вікторыя Ільіна. Нарадзілася ў Гродне. Мастацкую адукацыю атрымала ў Мінскай вучэльні імя Глебава і на аддзяленні станковага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якую скончыла ў 1988 годзе. Атрымаўшы дыплом, вярнулася ў родны горад. Як і ўсе маладыя мастакі, марыла пра тое, што будзе жыць з творчасці, але так рэдка каму шчасціць. Рэдка здараецца той збег абставінаў, які дазваляе мастаку на доўгі час заставацца сам-насам з палатном ці з аркушам, засяроджвацца на сваіх думках, эмоцыях і рэфлексіях. Нават пры наяўнасці вялікага таленту і вялікага натхнення лепей мець стабільную працу з гарантаваным заробкам. Для ўладальнікаў дыпломаў мастацкіх ВНУ такім месцам звычайна з’яўляецца выкладчыцкая праца ў дзіцячых мастацкіх школах. Пайшла на такую працу і спадарыня Вікторыя. Напачатку яна, можа, і лічыла, што гэта будзе ў яе біяграфіі эпізодам, але гэтая праца сталася яе лёсам. Штодзённыя сустрэчы з дзецьмі з іх кранальнай шчырасцю дапамаглі мастачцы знайсці свой непаўторны стыль, акрэсліцца з творчай канцэпцыяй і тэматыкаю твораў. Малюе Вікторыя Ільіна ў асноўным краявіды і нацюрморты: часам яны адпавядаюць рэчаіснасці, але бываюць і фантазійнымі. Я бачыў некалькі выставаў Вікторыі Ільіной, і ад іх у мяне заставалася ўражанне, нібыта я меў шпацыр па прыгарадным лесе ў калядную ноч. Адчуванне ціхага свята побач з шумным мегаполісам... Я параўнаў бы яе карціны з сямейным кіно ці з сямейнай чытанкаю, калі тэкст ці відэашэраг зразумелыя і дарослым, і дзецям, але трактуецца па-рознаму. Фактычна яна малюе казку, але сюжэты для гэтага аповеду падказвае рэчаіснасць...
Сяргей Грыневіч. Нарадзіўся на Гарадзеншчыне. Вучыўся ў легендарным «Парнаце» — Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Далей — аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дыплом абараніў у 1983 годзе. Паспеў папрацаваць паводле спецыялізацыі, запісанай у дыпломе — рабіў вітражы, роспісы. Потым, калі была «перабудова», дзяржаўная сістэма захісталася, а калі ў будынка расколіна ў падмурку, становіцца не да аздобы фасаду… Найбольш балюча гэтая незапатрабаванасць адбілася на манументальным мастацтве як на самым праца- і рэсурсазатратным. Не стала грошай на «манументалку», не стала работы ў манументалістаў. Грыневіч засяродзіўся на станковым жывапісе, а паколькі ён прафесіянал найвышэйшага класу — малюе так, што Мікеланджэла пазайздросціў бы — дык даволі хутка на яго карціны знайшліся і гледачы, і замоўцы. Мноства станковых твораў Сяргея Грыневіча былі набытыя замежнікамі. Я назваў бы яго жывапіс брутальным, але пры гэтым вельмі пачуццёвым. Эстэтыка яго твораў агрэсіўная, але не злая, і адначасова вельмі прывабная. І яна вельмі адпавядае задачы праўдзівага адлюстравання нашай драматычнай рэчаіснасці. Мяркую, што найвышэйшым творчым дасягненнем Сяргея Грыневіча з’яўляюцца карціны на біблійную тэматыку. Гэта свядомы адыход ад хрысціянскага выяўленчага канону, які ў агульных рысах сфармаваўся ў часы Рэнесансу, і якім мастакі ва ўсім свеце карыстаюцца дагэтуль. Карціны такога кшталту выбудавныя паводле законаў тэатральнай мізансцэны: тут і выразная «субардынацыя» дзеючых асобаў, і візуальны акцэнт на галоўнага героя, і абавязковы разварот усіх персанажаў да гледачоў так, каб тыя бачылі фас ці профіль і ні ў якім разе не спіну. Адно слова — тэатр! Мастак жа ўзяў на сябе смеласць намаляваць так, як яно магло быць насамрэч, і робіць ён гэта для таго, каб наблізіць Езуса да людзей, выявіць і падкрэсліць чалавечую іпастась Збаўцы. Менавіта пакутуючым чалавекам малюе ён Езуса на крыжы. Складаныя ракурсы падкрэсліваюць трагізм падзеі і выразна сведчаць пра зямныя пакуты Хрыста. Магчыма, біблійныя сюжэты ў версіі Сяргея Грыневіча — лепшае, што мы маем у нашым рэлігійным мастацтве распачатага ХХІ стагоддзя, хіба што творы Андрэя Дубініна і Сяргея Шэмета можна паставіць з імі побач, але гэта ўжо іншая эстэтыка, іншы канцэптуальны падыход...
Юрый Якавенка. Нарадзіўся ў Прыморскім краі Расійскай Федэрацыі, а дзяцінства правёў у Гродне. «Парнат», аддзяленне графікі нашай Акадэміі мастацтваў — звычайны шлях мастака ў прафесію. Дыплом абараніў у 1992 годзе. Па размеркаванні трапіў на «Беларусьфільм». Як мастак-пастаноўшчык зрабіў мультыплікацыйны фільм «Месяц» — нібыта дзіцячы, а атрымалася для дарослых. У спадара Юрыя былі ўсе шанцы стаць зоркаю беларускай анімацыі, але кінастудыя не здолела вырашыць побытавых праблемаў маладога спецыяліста, і ён, адпрацаваўшы год на «Беларусьфільме», вярнуўся ў Гродна, дзе засяродзіўся на тым, чаму яго вучылі ў Акадэміі, — на друкаванай графіцы. Кажа, што напачатку сумаваў па Мінску, але потым прызвычаіўся і знайшоў ў «правінцыйным жыцці» свае зручнасці, якіх няма ў сталіцы. Сёння Юрый Якавенка адзін з лепшых у краіне майстроў эстампу. Творца ўшанаваны мноствам узнагародаў на прэстыжных конкурсах эстампу і кніжнай графікі. Юрый Якавенка — ганаровы сябра Расійскай акадэміі мастацтваў. Апісваць тое, што робіць Юрый, не мае сэнсу: гэта трэба бачыць сваімі вачыма. У маёй бібліятэцы ёсць аформленая ім кніга Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». У кнізе — не ілюстрацыі ў звыклым разуменнні, калі пісьмовы аповед «перакладаецца» на візуальную мову: мастак малюе не дзею, а эмацыйнае ўражанне ад тэксту. Фармальна стыль твораў Юрыя Якавенкі можна аднесці да сюррэалізму, але толькі фармальна, бо ў нашага мастака няма ўласцівай гэтаму кірунку спантаннасці і рэфлексійнасці: у Юрыя Якавенкі ўсё грунтоўна асэнсавана, трывала зроблена. Звяртаўся мастак і да Бібліі: ілюстраваў «Песню Песняў». Дарэчы, рабіў гэты праект для каталіцкай Італіі...
Уладзімір Панцялееў. Нарадзіўся на Магілёўшчыне. Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут скончыў у 1980 годзе. Вучыўся на аддзяленні скульптуры. Яго дыпломная работа «Мікалай Гусоўскі» ўпрыгожвае дворык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У Гродна трапіў па размеркаванні. Каб азнаёміцца з творчасцю гэтага мастака, няма патрэбы набівацца да яго ў госці ў майстэрню: можна проста зладзіць шпацыр па гарадзенскіх вуліцах. Ён стварыў цікавыя скульптуры: «Пакроў Прасвятой Багародзіцы» каля Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, «Гараджанін ХVІІІ стагоддзя», «Стэла Алімпійскай славы», «Купідон» каля будынка ЗАГСу, «Гараднічанка» — як увасабленне легендарнай гарадзенскай рачулкі, «Ладдзя» — як знак даўняй гісторыі. Яго апошняя манументальная работа, «Алень святога Губерта», мае ўсе шанцы стаць афіцыйным сімвалам горада, а яшчэ на яго творчым рахунку — мемарыяльныя шыльды і дэкаратыўныя скульптуры, выкананыя ў часе пленэраў: яны аздабляюць грамадскую прастору ў розных частках Гродна. Скульптар кажа, што яму даспадобы працаваць з каменем і дрэвам. Да бронзы звяртаецца толькі тады, калі ёсць афіцыйная замова на скульптуру ў такім матэрыяле. Вельмі шкадуе, што Гродна не мае ўласнай ліцейнай вытворчасці і для адліўкі работы ў бронзе трэба выпраўляцца ў Мінск. Калі бачыш ягоныя работы, выкананыя ў розных матэрыялах, можна падумаць, што яны належаць розным мастакам, а справа ў тым, што Уладзімір Панцялееў імкнецца выявіць у камені ці дрэве тое, што закладзена ў іх самой прыродай, і ўжо потым прыўносіць сваё, аўтарскае. Такі ашчадны «экалагічны» падыход у цэлым для нашай пластыкі нехарактэрны, і гэта вылучае скульптара з кола яго калегаў. Цяпер ён працуе над помнікам Стэфану Баторыю, які будзе стаяць у адноўленым Гродзенскім замку. У адрозненне ад згаданых вышэй мастакоў, Уладзімір Панцялееў не звязаны з Гродна ні фактам нараджэння, ні праведзеным тут дзяцінствам. Ягоная творчасць — прыклад натуралізацыі, калі для прыезджага чалавека горад становіцца родным, а сам ён — патрэбным гораду. Я яго разумею, бо і сам цесна звязаны з Гродна праз родных і блізкіх мне людзей. Такі горад неабходны нашай краіне, каб Мінску было на каго раўняцца, як Маскве — на Пецярбург. Я гэта кажу як мінчук...
Дадам, што мастакі, згаданыя ў гэтых нататках, — мой суб’ектыўны выбар. Гэта творцы, якія сваёй ментальнасцю, сваім бачаннем свету і сваёй стылістыкай блізкія менавіта мне. Між тым, сучаснае мастацтва Гродна і Гарадзеншчыны ў шырокім сэнсе вартае сур’ёзнага вывучэння як сацыяльна-культурны феномен, як самабытная школа і магчымая перспектыва для ўсёй нацыянальнай культуры ў святле таго, што адбываецца сёння ў нашай краіне. Скажам так: у нашай нацыянальнай свядомасці апошнім часам акрэслілася тэндэнцыя дыстанцыі ад савецкай спадчыны, абыякавасць да ўсходняга вектару і павольны, але няўхільны дрэйф у заходнім кірунку. Пачынаючы з так званай «перабудовы», калі ў савецкай «жалезнай заслоне» з’явіліся заўважныя шчыліны, мастакі нашых заходніх рэгіёнаў распачалі шырокамаштабнае плённае супрацоўніцтва з калегамі і інстытуцыямі культуры па той бок дзяржаўнай мяжы, што і сёння застаецца важным чыннікам культурнага жыцця рэгіёна. Сярод гарадзенскіх мастакоў, чыя творчасць вартая ўвагі, варта згадаць яшчэ і Алеся Сільвановіча, які выдатна спалучае дэкаратывізм і прадметнасць у межах хрысціянскага міфа; і Валянціну Шоба, якая апавядае пра звыклае моваю, запазычанай у міфалогіі. Гэты пералік можна доўжыць, а значыць і згаданая вышэй тэндэнцыя з’яўляецца яшчэ і вектарам перспектыўнага развіцця.
|
|
|