|
|
Язэп Драздовіч, «Дарога на Германавічы». 1917 г. |
З псальму
Шчаслівы, хто ў раду благіх ня ўступае,
Хто выбраў вузкую дарогу,
Да неба йдзе ёю, гасцінцы мінае,
Што цягнуць да пекла парогу.
Шчаслівы, хто Богу на службу аддаўся,
Каб шчыра араць Яго ніву,
Шчаслівы, хто верным ва ўсім Яму стаўся,
Здалеўшы натуру ляніву.
Шчаслівы, хто ўчуўшы гаротных стагнанне,
Па вузкай, цярністай дарозе
Пайшоў з добрай волі сваёй на спатканне
Ім бедным — і стаўся ў спамозе.
Хто зважыў марноту дачаснасці гэтай,
Па сцежцы цясноты йдзе смела,
Ды злучаны верай са светлаю мэтай
Душу сваю любіць — ня цела.
Хто йшоў па асколках прыкладам Хрыстовым,
Пьючы горкі келіх цярпення,
І кожную хвілю пайсці быў гатовы
За праўду на здзек засляпення.
Хто выпаўніў шчыра прыказ мілавання,
Як сам сябе бліжняга свога,
Дзяліўся з убогім кусочкам надання,
Успамогшы ў патрэбе чым змога.
Хто верны быў Богу ў прызванні заўсёды,
Спачатку да самай канчыны —
Вось той толькі вечнае варты нагроды —
Быць сынам нябеснай айчыны.
|
Ружанец
Вячорная цемра зямлю абняла,
Чутны звон касцельны наўкола —
Грамадка сялянаў маліцца прышла
Да блізкага ў вёсцы касцёла.
У касцёлку ўбогім алтар зіхаціць
Святлом мігатлівым ад свечак:
Дымок з кадзільніцы ў неба ляціць,
Моў дымок сівенькіх авечак.
У манстранцыі яснай бялеецца хлеб,
А ў ім Спас наш Езус укрыты
Гатоў прыхіліцца да нашых патрэб,
Да просьбаў вясковае сьвіты.
З пакорай у сэрцы, з пагодным чалом,
Прыкленчыўшы, ксёндз прад алтарам
Ружанец гаворыць ціхім галаском,
З пабожным, раз’ясненым тварам.
Людцы на каленьнях ў размыслах сьвятых
Пацёркі ў сьлед адмаўляюць,
Чуваць паміж імі гарачы ўздых,
І ўсхліпы, як сьлёз ня ўстрымаюць.
Да Матанькі Божай енк скаргі паплыў
У мольбах, адбіўшыся рэхам,
А ў сэрцы збалелым учуцьцяў прыліў
Боль гоіць, салодзіць пацехай…
Апошнія словы малітвы святой
Уціхлі; ня чутна аргану,
Ні песьні спяванай усей грамадой:
Люд чэсць дае Езусу Пану.
Жалосна званочак сьцішка зазваніў,
Людцы хіляць нізенька твары…
Ксяндзок Найсьвяцейшым пабагаславіў,
І Бога схаваў у алтары.
Пяюць пахвалёны хай будзе ад нас
Павек Найсьвяцейшы Сакрамант,
Цяпер і заўсёды: у Ім Бог наш і Спас
Дае Цела-Кроў на трактамант.
Скрапіўшыся борзда свячонай вадой,
Людцы ўжо выходзяць з касцёла,
І ціха да хаты ідуць грамадой
Пад стражай Рафала анёла.
А Божая Маці ў Ружанцы Святым
Удзеліць ім з неба падмогі:
У душах засвеціць святлом залатым,
Яны не саб’юцца з дарогі.
|
Голас крыжа
Спакойся дух, стрывожаны нягодай,
Стрымай нудлівыя парывы жалю;
Зірні на крыж, адвечных праўд скрыжалю
І кліч пачуй адтуль: «Ты мне жыццё дай!»
Жыццё дай мне між болю і цярпенняў;
Ахвотна йдзі цярністаю сцяжынай
Да мэты тэй апошняй і адзінай,
За голасам усіх людзкіх сумленняў.
Цярпі, трывай, злыдню не паддавайся,
З пакусай у бой адважна йдзі;
Спакойна ў даль жыцця глядзі,
За плуг узяўшыся, назад не азірайся.
Ары, карчуй дзірван духовай нівы,
Падатны грунт для Ласкі ўрабляй:
Яна ўзрасце — надзеі ня губляй; -
Працуй ты з ёй і будзеш век шчаслівы.
А шчасце гэтае ня кончыцца з табою,
Яно прадоўжыцца за гробам, — там,
Дзе за труды і гора дасць Бог нам
Сябе ўвідзець у вечным супакою.
Дык проч трывога, сум! У спакою і вяселлі
Для шчасця душ тут трэба працаваць,
З тугой і злом адважна ваяваць,
Аж да канца, пакуль душа у целе.
|
Беларусь
Ёсць слоўца цэннае ўсім і знамяніта,
Што вымаўляецца з пашанай дзіцянём,
У якім паняцце Бацькаўшчыны скрыта, —
То Беларусь, то край, дзе мы здаўна жывём.
Старонка мілая, Ты многімі забыта,
Шмат спіць сыноў Тваіх адвечным сном!
Зямелька родная, слязьмі і потам зліта,
Мы да жыцця з Табою зноў уваскрасём.
Хоць знойдзецца ў Табе выродны валакіта,
Катораму Твая не да спадобы світа,
І не адзін прадасць Цябе Іскарыёт,
Але Табе яшчэ ўсё ж, Маці семяніта,
Сяляне верныя, што сеюць жыта, —
А з іх паўстане Твой народ.
|
Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: «ЗАСТАВАЎСЯ ВЕРНЫМ КАСЦЁЛУ І НАРОДУ» ::
|
|