|
|
№
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Марына ПАШУК
ЗЯМЛЯ ВЕРЫ Папа на радзіме Абрагама Тэалогія
Тэрэса КЛІМОВІЧ
САМАПРЭЗЕНТАЦЫЯ БОГА МАЙСЕЮ Ў ПАЛАЮЧЫМ КУСЦЕ Тэалагічна-літаратурны аналіз фрагмента Кнігі Зыходу (3, 1–17) Постаці
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ЗАСТАВАЎСЯ ВЕРНЫМ КАСЦЁЛУ І НАРОДУ» Святар і паэт Андрэй Зязюля ў служэнні Богу і Беларусі
Кс. Артур ЛЯШНЕЎСКІ SDB
СВЯТАР, ПАДАРАВАНЫ НАМ МАРЫЯЙ Жыццё, дзейнасць і смерць кс. Станіслава Міхальскага SJ Інтэрв’ю
Асобы
Пераклады
Проза
Іканаграфія
Віталій КОЗІНЧУК
КАНЦЭПЦЫЯ ЎКРАІНСКАГА ІКОНАГРАФІЧНАГА КАНОНУ: УСХОДНЯЯ ІКАНАГРАФІЯ, ЗАХОДНІ МАСТАЦКІ СТЫЛЬ Мастацтва
|
Кс. Артур ЛЯШНЕЎСКІ SDB
СВЯТАР, ПАДАРАВАНЫ НАМ МАРЫЯЙЖыццё, дзейнасць і смерць кс. Станіслава Міхальскага SJ
Кожны ксёндз мае ў сваім жыцці святара, які быў з ім каля пачатку яго паклікання, які здолеў паказаць прывабным служэнне Богу праз асабісты прыклад жыцця і досвед веры. Такія прыклады святароў на дарозе паклікання маю і я. Адным з такіх Божых слугаў быў святар, якога я ніколі асабіста не бачыў і не пачуў, аднак менавіта гэтая постаць з’яўляецца для майго паклікання найважнейшаю. Калі я быў малым хлопцам, мая бабуля Лілія Ляшнеўская кожны раз пасля святой Імшы паводле невядомага тады для мяне звычаю вяла мяне за касцёл у напрамку званіцы. Там мы падыходзілі да магілы кс. Станіслава Міхальскага SJ, маладога езуіта, колішняга пробашча нашай парафіі ў Вішневе. Бабуля казала стаць на калені і маліцца «Ойча наш…» і «Вітай, Марыя…» ў інтэнцыі новых пакліканняў з нашай зямлі. Так мы чынілі з года ў год пасля кожнай Эўхарыстыі. Мне здавалася, што гэта пэўны абрад, якога я не разумею, як і шмат чаго не разумеў у тыя часы ў касцёле. Аднак, сталеючы, я пачаў задавацца пытаннем: чаму мы молімся на магіле за новых святароў? Пытанне я задаў бабулі падчас каляднай пілігрымкі да касцёла. Адна Імша ва ўрачыстасць Нараджэння Хрыстовага пры кс. Уладзіславу Чарняўскім MIC цэлебравалася за душу гэтага законніка штогод. «Чаму? — адказала бабуля, і сляза пакацілася па яе шчацэ. — Гэты ксёндз уратаваў нашу сям’ю ад голаду». «Як?» — з цікавасцю працягваў задаваць я пытанні. «Калі на нашую зямлю ў 1939 годзе прыйшлі бальшавікі, твой прадзед а мой тата Пётр Кавалеўскі, быў вельмі багаты. Ён жыў у засценку „Шыльвы Бор“, яго цяпер не знойдзеш на мапах. У яго было шмат зямлі, шмат жывёліны і нават парабкі былі. Савецкая ўлада ўбачыла ў гэтым зло і абвясціла нас кулакамі, а маёмасць канфіскавала. Забралі ўсё. Разабралі будынкі, пакінуўшы нам адну старую прыбудову, якую не кранулі, бо баяліся, што разваліццца пры транспарціроўцы. Мой тата хварэў на сухоты. Здзекваючыся, бальшавікі збілі хворага так, што вельмі хутка ён памёр. Мая матуля засталася адна з грамадкаю дзяцей — дзевяць душаў. Падчас вайны савецкія партызаны расстралялі семярых, апраўдваючыся тым, што нібыта «палячкі» разам з немцамі за адно... Каб выкарміць сям’ю, мая матуля Караліна ўзяла другі шлюб з Антоніем Фабіцкім. Ён быў добрым бацькам. Быў майстрам, які рабіў прыгожы абутак. У іх нарадзілася яшчэ пяцёра дзяцей, і маці зацяжарыла шостым. Аднак спакойна жыць „кулакам“ савецкая ўлада не думала даваць. Айчыма Антонія асудзілі як бунтаўшчыка і загаворшчыка супраць савецкай улады і загналі ў Сібір, дзе год і дзевяць месяцаў ён быў пад следствам. Пасля здзекаў, допытаў і пакутніцкага жыцця ў лагеры яго адпусцілі. Ён вярнуўся, але, схварэлы і абяссілены, пажыў зусім нядоўга. Антоній вельмі сябраваў з вішнеўскім пробашчам ксяндзом Станіславам Міхальскім. Яны былі землякамі — абодва з Польшчы, адзін — вялікапалянінам, а другі — заядлым сьлёнзакам. Менавіта ксёндз Станіслаў падрыхтаваў паміраючага Антонія да годнай смерці... У тыя часы ксёндз Міхальскі хадзіў па хатах, збіраючы сродкі на касцёл, на рамонт даху святыні. Зайшоў і ў нашу ўбогую хаціну, дзе мясціліся сямёра дзяцей і цяжарная матуля. У той год мы рыхтаваліся да галоднай смерці. Маці дастала белы абрус з шафы, заслала на стол, паставіла крыжык, свечку і фігурку Марыі — адзіную памятку аб „Шыльвым Бары“. Святар паблагаславіў дзяцей, зірнуў на басоту вакол яго і моцна маліўся пры стале. „Гроша ўдавы“, які падрыхтавала маці, не ўзяў і вельмі хутка выбег з дому. Збіраючы абрус са стала, маці ўбачыла грошы, пакінутыя святаром, каб мы выжылі. Гэта быў святар, дадзены нам з неба. Ён памёр маладым: яго забілі, таму магіла яго — месца святое. Перад смерцю ён прасіў маліцца на яго магіле аб новых пакліканнях з нашай зямлі, каб заўсёды ў Беларусі хапала жняцоў на Божай ніве, такіх, як ксёндз Станіслаў Міхальскі»... ...Такое сведчанне для юнака сталася нібы стралою, якая працяла сэрца. Цяпер, свядома молячыся аб новых пакліканнях на магіле святара-мучаніка, я прасіў Бога і кс. Станіслава, каб, калі Ён гэтага пажадае, і мяне забраў у шэраг выбраных слугаў сваіх. На магіле гэтага святара я распазнаваў сваё пакліканне і прасіў Бога стаць такім жа верным Яму да канца, як гэты пакутнік нашага Касцёла... Заўсёды задаваўся пытаннем, чаму ж такога святога і гераічнага ў сваёй вернасці святара ў нашых краях як бы прызабылі. Памятаю старажылаў, якія распавядалі пра яго са слязьмі на вачах, але цяпер іх няма. І каму расказаць пра жыццё і смерць пакутніка? Лічу сябе пакліканым гэтым святаром і пакорна бяруся за гэта. Прагну сабраць успаміны бабулі і іншых людзей, усе матэрыялы і дакументы ў адзіны аповед, дзе жыццё святога будзе паўставаць як жыццё Хрыстовага пакутніка з Вішнева.
* * * Станіслаў Міхальскі ўбачыў гэты свет упершыню 1 мая 1912 года ў сям’і Юзафа і Юзэфы з дому Дзьвецкіх. Яго радзіма — гэта вёска Мэлпін, гміна Дольск Малапольскага ваяводства. На жаль, нічога невядома пра яго дзяцінства, аднак можам з упэўненасцю сцвердзіць, што Міхальскія былі богапаслухмянымі католікамі і вучылі свайго сына любові і ахвярнасці, бо ўжо ў 16 гадоў Станіслаў вырашае прысвяціць сябе Богу як законнік. 8 жніўня 1928 года ён уступае ў ордэн езуітаў у Калішы. Пасля пачатковай фармацыі настаяцелі дазваляюць яму з Божай дапамогай распачаць навіцыят у тым жа горадзе. Пасля навіцыяту ён накіроўваецца на Палессе, дзе ў знакамітым калегіуме, у якім працаваў св. Андрэй Баболя, атрымлівае сярэднюю адукацыю (атэстат сталасці атрымаў 12 мая 1935 года). Знакаміты ў Пінску і на Палессі Баболя, напэўна, быў для яго натхненнем і ўзорам сапраўднага езуіта — духоўнага сына св. Ігнацыя Лаёлы. Св. Андрэй рыхтаваў яго быць верным да канца1. 1 верасня 1935 года Станіслаў накіроўваецца ў Кракаў, дзе вывучае філасофію, рыхтуючыся да святарства. 30 мая 1938 года настаяцелі просяць яго прыехаць у Вільню, каб у езуіцкай гімназіі ён заняў пасаду сакратара. Менавіта ў старадаўняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага маладога езуіта сустрэла Другая сусветная вайна. Падчас нямецкай акупацыі Вільня належала да Генеральнай акругі «Літва» (Generalbezirk Litauen) — адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў складзе рэйхскамісарыяту «Остланд» з цэнтрам у Каўнасе. Генеральным камісарам Літвы быў прызначаны Тэадор Адрыян фон Рэнтэльн2. З-за вялікай колькасці польскага духавенства ў складзе Віленскай архідыяцэзіі адносіны паміж рэйхам і Касцёлам не былі найлепшымі. Палякі, як і каталіцкія святары на гэтых тэрыторыях, атаясамліваліся з дзеяннем Арміі Краёвай — узброенай падпольнай арганізацыі на акупаванай нацысцкай Германіяй Польшчы і частцы тэрыторыі былога СССР (Заходнія Беларусь, Украіна і Літва). Навучанне семінарыстаў ва ўсіх манаскіх законах і архідыяцэзіі ў такіх умовах было спынена. Каб рыхтаваць новых святароў, настаяцелі ладзяць канспірацыйныя курсы вывучэння тэалогіі, неабходнай для прыняцця святарства ў цалкавітай таямніцы. Адважна ідучы за Хрыстовым святарствам, Станіслаў Міхальскі распачынае сваё небяспечнае навучанне. Польскае паходжанне і канспірацыйная навука сталіся 26 сакавіка 1942 года прычынаю яго арышту гестапаўцамі. Законнік разам з іншымі духоўнымі быў змешчаны ў віленскіх Лукішках, дзе будучы пробашч Вішнева, прабыў сем доўгіх месяцаў да 30 кастрычніка 1942 года і без суда разам з іншымі духоўнымі быў вывезены ў лагер пад Каўнасам. 9 ліпеня 1944 года Станіслаў Міхальскі выйшаў з лагера, бо савецкая армія набліжалася да Каўнаса. Прайшоўшы небяспечны шлях праз лінію фронта, 5 жніўня 1944 года ён вярнуўся ў Вільню, дзе працягваў патаемна рыхтавацца да святарства. Урэшце жаданы дзень настаў: 3 кастрычніка 1944 года езуіт Станіслаў Міхальскі прымае сакрамэнт святарства з рук Віленскага мітрапаліта, арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага ў езуіцкай капліцы ў Вільні. Разам з Міхальскім павінен быў прыняць святарства і Уладзіслаў Чарняўскі MIC, наступнік Міхальскага ў Вішневе, аднак супольнага пасвячэння не адбылося па просьбе арцыбіскупа, які перашкаджаў Чарняўскаму на шляху да святарства з-за яго прыхільнасці да беларушчыны і памкненняў беларусізацыі Літургіі. Аб гэтым успамінаў кс. Уладзіслаў у адным з нумароў «Хрысціянскай Думкі»3. Міхальскі і Чарняўскі ведалі адзін аднаго і нават сябравалі.
...Падчас акупацыі ў Вішневе адбылася трагедыя. У мястэчку жыло вельмі шмат габрэяў, якіх пераследавала нацыская Германія. У Вішневе было ўтворана гета, дзе знішчаліся сотні габрэяў. Мясцовы пробашч кс. Зыгмунт Мілкоўскі пачаў дапамагаць у іх ратаванні, за што паплаціўся жыццём. У жніўні 1943 года ён быў арыштаваны разам з іншымі парафіянамі і вывезены ў валожынскую турму, пасля якой быў расстраляны ў Старой Вілейцы. Пасля смерці пробашча парафія год не мела святара4. Мітрапаліт Ялбжыкоўскі звяртаецца да законных уладаў Вільні, каб яны дапамаглі ў рэалізацыі «Місіі Усход» — працы віленскіх святароў у асірацелых парафіях архідыяцэзіі на ўсходзе ад Вільні. Езуіты адгукнуліся ў 1944 годзе, і кс. Міхальскі разам з іншымі сабратамі вырушыў у Вішнева. Да заканчэння вайны кс. Міхальскі быў у Вішневе толькі вікарыем, а пробашчам быў іншы святар, імя якога, на жаль, мы не ведаем. Пасля акупацыі немцаў настала акупацыя камуністаў. Адзін за адным зачыняюцца касцёлы, над ксяндзамі здзекуюцца, высылаюць у лагеры і нават забіваюць. Існаванне езуіцкай місіі ў Вішневе было пастаўлена пад пытанне. Паміж святарамі ўзнік падзел: двое хацелі збегчы, каб уратаваць жыццё, але кс. Міхальскі быў супраць, лічачы, што вучань Хрыстовы павінен быць з авечкамі. Аднойчы маладому святару, як сведчыць спадарыня Ірына Станкевіч, жыхарка вёскі Букатова, прысніўся дзівосны сон: ён убачыў Найсвяцейшую Багародзіцу каля вішнеўскага касцёла, якая звярнулася да законніка словамі: «Не пакідай Маіх дзяцей у Вішневе. Як узнагароду атрымаеш Валадарства Майго Сына».
Таямнічае пасланне Марыі, цвёрдасць і глыбіня веры не дазволілі кс. Станіславу ўцячы. Яго сабраты, у тым ліку і пробашч, неўзабаве збеглі, а кс. Міхальскі застаўся ў Вішневе адзін. З 1945 года ён таксама займаў месца пробашча мясцовага касцёла ў Вішневе і Багданаве, дзе доўгі час не было святара. Вернікі былі ўпэўнены, што гэтага святара падаравала ім сама Марыя, Апякунка парафіі, якая не хацела пакінуць сваіх дзяцей без Бога... Мая прабабуля, Фабіцкая Караліна, успамінала: «Такога святара ў нас ніколі не было, ён быў сапраўдным дарам для нас. Ён быў нашым суцяшэннем, нашай радасцю, нашай надзеяй…». З выслуханых сведчанняў магу сказаць з упэўненасцю, што кс. Міхальскі сапраўды быў любімым. Жыхарка вёскі Лінкі, спадарыня Ядвіга Мароз, упамінала: «Кс. Станіслаў да кожнага звяртаўся з любоўю. На жанчын казаў „мае ружы“, а мужчын называў „дубочкамі“. Калі гаварыў казанне з амбоны, плакалі ўсе, бо казаў не як усе, казаў проста з сэрца. А з якой вераю ён трымаў святую Гостыю! Гледзячы на яго, хацелася маліцца. Любілі мы Міхальскага, толькі мала ён пабыў у нас». Апрача душпастырскай дзейнасці, кс. Станіслаў займаўся будоўляй. Прыгожая цагляная двухпавярховая плябанія была знішчана падчас вайны. Святару не было дзе жыць. Кс. Станіслаў папрасіў, каб кожная вёска парафіі ахвяравала па бервяну, і з гэтага «падатку», ён неўзабаве пабудаваў новую плябанію недалёка ад касцёла. Намаганнямі гэтага святара ў Вішневе быў пабудаваны ля касцёла грот Маці Божай Люрдскай. Матэрыялы для грота ў Вішневе незвычайныя: гэта не камяні — кс. Міхальскі выкарыстаў рэшткі жалезнай руды з даўняга металургічнага завода Храптовічаў, таму вішнеўскі грот асаблівы. Калісьці гэты завод праславіў мястэчка на ўсю Рэч Паспалітую, бо менавіта тут была ўтворана першая на гэтых землях доменная печ. Будаўніцтва грота ў такі нялёгкі для веры час магло быць матывавана толькі і выключна дзівосным сном пра Марыю, якая з’явілася святару ля касцёла. У Вільні быў набыты ім новы фэрэтрон з абразом Марыі і св. Тэрэзы. Гэты фэрэтрон быў меншы і спецыяльна быў набыты для таго, каб у працэсіі яго насіла моладзь. Цікава, што мая бабуля, пакуль магла, у працэсіі насіла менавіта гэты фэрэтрон, падараваны парафіі кс. Міхальскім. Быць ксяндзом у тагачаснай Беларусі ўжо было мучаніцтвам. У Каталіцкім Касцёле савецкая ўлада бачыла ворага рэжыму, якім кіруе варожы да СССР Ватыкан на чале з Папам Рымскім. Кожны святар успрымаўся як «шпіён Ватыкана», які хоча знутры знішчыць савецкую дзяржаву. Кожная няўдача ў Беларусі, асабліва ў справе калектывізацыі, заканчвалася пошукам вінаватых — ворагаў дзяржавы. Святароў абвінавачвалі ва ўсім: у шпіянажы, змове супраць урада, агітацыі супраць калгасаў, знішчэнні прадпрыемстваў, антыпатрыятызме. Для таго каб быць абвінавачаным (і нават асуджаным) за антыпатрыятызм альбо „супрацоўніцтва з замежнай разведкай“, не трэба было факту падпольнай антысавецкай дзейнасці: дастаткова было мець сваякоў за мяжой, напрыклад, у Польшчы5. Так вярнуўся тэрор, які ўжо быў пяць гадоў таму... Сітуацыя ў Вішневе была вельмі складаная. Улады, пазачыняўшы ўсе касцёлы ў Валожынскім раёне, глядзелі на храм у Вішневе як на апошні аплот веры, які трэба было тэрмінова знішчыць. У гэты перыяд касцёлы знаходзіліся ў распараджэнні ўлады. Парафія, якая хацела мець святыню, павінна была наймаць свой жа касцёл для малітвы, плацячы каласальныя сумы за арэнду. Многія парафіі ў той перыяд з-за недахопу сродкаў былі вымушаны аддаць свае храмы камуністам6. Вішнеўцы стойка баранілі свой дом Божы: ахвярна збіралі сродкі па вёсках, каб сплачваць савецкі падатак. Аб ахвярнасці парафіянаў сведчыць сам кс. Станіслаў у лісце ад 1946 года да законных уладаў, дзе езуіт скардзіцца, што падатак з месяца ў месяц павышаюць, каб не было магчымасці вернікам яго асіліць7.
Найлепшым спосабам канфіскаваць касцёл у той час была адсутнасць святара. Такія касцёлы вельмі хутка адбіраліся ў парафіі і перарабляліся ў склады і збожжасховішчы. Такі лёс мог напаткаць і вішнеўскі касцёл, але ў рэалізацыі гэтага плану была адна перашкода — кс. Станіслаў Міхальскі. Святара трэба было знішчыць... Адным са спосабаў барацьбы з духавенствам было зневажанне і катаванне святароў на плябаніях і ў касцёлах. Многім святарам давялося перажываць і жорсткія фізічныя пакуты ад камуністаў і ад камсамольцаў. За здзекі над духавенствам ніхто не нёс адказнасці: святары былі цалкам безабаронныя. Злачынствы, часцей за ўсё, здзяйсняліся ноччу, каб схаваць доказы. Менавіта ад такіх злодзеяў веры і цярпеў кс. Міхальскі амаль кожны дзень... У сваіх успамінах жыхар Галянова, спадар Вінцэнт Герасімовіч, успамінае: «Мы сябравалі з кс. Міхальскім. Я часта прыходзіў да яго на плябанію. Ён пастаянна скардзіўся, што камуністы-злодзеі прыходзілі здзекавацца над ім. Не раз паказваў свае плечы, сінія ад пабояў. Кс. Станіслаў казаў, што білі жалезным прутом». Іншыя сведкі апавядаюць, што ранняй вясной, калі толькі пачаў трэскацца лёд на возеры ля касцёла, камсамольцы выганялі кс. Міхальскага з плябаніі і гналі ў возера, прымушаючы па пояс заходзіць у ледзяную ваду, і трымалі яго так амаль гадзіну»... Спадарыня Зінаіда Пялэйка з Вішнева ўспамінае наступны выпадак: «Кс. Міхальскага мясцовыя ўлады абвінавачвалі ў агітацыі моладзі за тое, што шмат дзяцей і моладзі хадзіла да касцёла. За гэта яго выклікалі ў сельсавет, білі, крыўдзілі. Горай за ўсё, што ён да канца не разумеў, што яму казалі, бо не ўмеў па-руску размаўляць. Гэта ўжо пазней мой стрыечны брат Уладзіслаў Трыпуцька, які быў арганістам, хадзіў на гэтыя выклікі ў сельсавет разам з ім. Ён і распавядаў, як ксяндза ў грудзі білі і гразілі, што задушаць. Таксама памятаю пра пахаванні, за якія ксяндза збілі. Памерла камусьці ў вёсцы дзіцятка. Сваякі пайшлі ў сельсавет, каб паперы ўзяць для пахавання, а тыя, ведаючы, што да ксяндза пойдуць, кажуць не, ды каб аж у панядзелак прыйшлі. А хто ж цела будзе трымаць тры дні? Пайшлі да Міхальскага, а ксёндз, гледзячы на гора бацькоў, без папераў пахаваў тое дзіцятка. На заўтра ўжо выклікаюць ксяндза, абвінавачваючы, што праз гэта пераступіў савецкі закон. Моцна яго мучалі»... Намагаліся ксяндза забіць і праз падступныя дзеянні. Аб гэтым сведчыць таксама Зінаіда Пялэйка: «Аднойчы ксяндза абакралі. Забралі нават усе харчы. Гаспадыняй тады была пані Ружа Канаўка з Войштавічаў. Кс. Міхальскі запытаўся яе: усё забралі? Гаспадыня кажа, што пару бульбін і масла чамусьці пакінулі. Тады Міхальскі сказаў ёй кінуць масла на гарачую патэльню. Не разумеючы святара, гаспадыня так і зрабіла. Калі масла растапілася, пані Ружа з жахам убачыла ў патэльні дробна пабітае шкло. Гэта ж яго забіць так хацелі, але Матачка Божая дала яму зразумець, дзе смерць схавана»... Святару часта не давалі скончыць набажэнства, калі людзей у касцёле не было альбо было мала. Святара збівалі і ў сакрыстыі, і нават ля алтара. Некаторыя сведчаць, што камсамольцы бралі гуляцца літургічныя начынні і адзенне, налівалі ў імшальны келіх гарэлку і сілаю лілі кс. Станіславу ў горла, а пасля прымушалі яго танцаваць у касцёле8. Усе атрыманыя ахвяраванні ён быў вымушаны аддаваць злодзеям. Спадар Вінцэнт Герасімовіч сцвярджаў таксама наступнае: «Аднойчы Міхальскі папрасіў мяне дастаць нейкі абутак. Я запытаўся, ці не маеце ў чым хадзіць, ойча? Не мне, Вінцук, ім… злодзеям. Сказалі, што калі не раздабуду, заб’юць да смерці».
Вернікі стараліся бараніць святара і часта наведвалі плябанію. Яны вельмі баяліся, што законнік пасля ўсіх гэтых катаванняў не вытрымае і ўцячэ, як яго папярэднікі. Падчас адной з Імшаў кс. Міхальскі, адчуваючы страх вернікаў, сказаў: «Не бойцеся. Я не пакіну вас без Бога». Настаяцелі Таварыства Езуса, да якога належаў кс. Станіслаў, намагаліся зрабіць дакументы аб пераездзе законніка на радзіму. Даведаўшыся аб гэтым, кс. Станіслаў 28 студзеня 1946 года напісаў настаяцелям: «З вялікай радасцю і ахвотай я б вярнуўся на родныя землі, да маіх умілаваных братоў, усё ж там бы мне было спакайней і бяспечней, аднак, калі б па нейкай прычыне гэта не было б магчымым, калі б дабро душаў гэтага патрабавала, каб у так вялікай парафіі (7 тыс.) быў ксёндз, бо ўжо падчас вайны з немцамі на цэлы год была пазбаўлена яна духоўнай апекі, бо пробашч быў арыштаваны, а цяпер у суседняй парафіі няма ксяндза, а ў другой пробашч цяжка хворы, таму дзеля гэтага прашу ўмілаванага айца, каб быў ласкавы папрасіць дастойнага ксяндза правінцыяла, каб дазволіў мне застацца і надалей у вішнеўскай парафіі. Маё гарачае жаданне цяпер трываць надалей на гэтым месцы, нават калі б тут было вельмі цяжка, — прагну вытрываць да канца, так, як Добры Пастыр, які аддае душу сваю за свае авечкі»9. Настаяцелі задаволілі просьбу кс. Міхальскага.
У 1948 годзе да ўсіх пакутаў святару дадалася таксама і цяжкая хвароба сэрца, што сталася вынікам страху і нечалавечых пакутаў. Аднак, нягледзячы на тое, што балела сэрца, ён аддана працягваў служыць Богу ў касцёле, церпячы пакуты і прыніжэнні камуністаў. 22 альбо 23 снежня 1950 года адбылася апошняя экзекуцыя над святаром: ён яшчэ не паспеў зняць арнат пасля Эўхарыстыі, а ў касцёл уляцела група маладых людзей з прутамі. Яны павалілі святара ля алтара і пачалі збіваць жалезнымі прутамі па жываце. Нехта з вернікаў, адчуваючы небяспеку, убег у касцёл. Ксёндз ляжаў амаль непрытомны. Спадарыня Ванда Шаўцова ўспамінае, што ў ксяндза быў моцна збіты жывот. «Паднялі арнат, а там чырвона. Міхальскага пасадзілі ў крэсла. Пачакаўшы, перанеслі ў плябанію. Вішнеўцы пачалі збірацца каля яе і маліцца». Кананне вернага сына Лаёлы доўжылася пару дзён і таксама ўсю вігілійную ноч да раніцы 25 снежня. Вернікі трывалі на малітве ў касцёле і на плябаніі нават ноччу. Хтосьці запаліў на акне плябаніі свечку, каб людзі ведалі, што пакуль яна гарыць, жыве іх ксёндз... Ядвіга Мароз успамінала: «Мы на Пастэрку прыехалі, а тут такое… Маліліся ўсе аддана, шкада ксяндзочка нам. Ужо ноччу на вігілію ён слаба нават вочы адкрываў. Жывот быў завязаны анучамі. Убачыўшы нас на малітве, знямоглы кс. Станіслаў паблагаславіў нас паўвялай рукою і наказаў: «На маёй магіле маліцеся аб новых пакліканнях з гэтай зямлі, каб былі ксяндзы тут».
Кананне доўжылася аж да 25 снежня. Да касцёла прыехала шмат людзей з навакольных вёсак. Ніхто не ведаў, што дзеецца, бо людзі на Імшу прыехалі. Прысутны ў той ранак спадар Юзаф Гардынец напісаў наступнае: «Надышоў паранак Божага Нараджэння. Людзі шматліка пачалі збірацца ў святыні. Малітвы плылі так заўзята, так горача, як ніколі, увесь касцёл блісцеў у святле. Усё было падрыхтавана з наказу кс. Станіслава. Людзі плакалі, спяваючы замест калядных песняў «Перад твае вочы…» і «Святы Божа…» — не хапала толькі пры алтары святара. Людзі, якія былі на плябаніі, маліліся Ружанец, кс. Станіслаў у апошні раз зірнуў на сабраных, як пастыр на свае авечкі, якія кленчылі каля ложка, потым уздыхнуў і спакойна апусціў сваю галаву на падушку, нібы яму да сну пачалі жалосна енчыць званы, просячы Бога аб адпачынку для свайго слугі, але яшчэ болей енчылі людскія сэрцы, якія страцілі свайго апекуна, айца і пастыра. Гэта быў адзіны слуга Божы — святар у нашай парафіі за ўсё яе існаванне»10. Кс. Станіслаў Міхальскі адышоў у дом Нябеснага Айца 25 снежня 1950 года ў 11:15. Паводле сведчання тагачаснага арганіста парафіі, спадара Уладзіслава Трыпуцькі, перад смерцю памерламу было ўдзелена адпушчэнне грахоў, святая Камунія і намашчэнне алеямі11.
Цела памерлага было змешчана на плябаніі для ўсеагульнага развітання. Тры дні да цела кс. Міхальскага, нібы да бэтлеемскай стаенкі, ішлі пілігрымы. Люд маліўся, плакаў, развітваўся з тым, хто даваў ім Хлеб з Неба. 27 снежня цела памерлага пад гук званоў было перанесена ў касцёл. 28 снежня ў 13:00 адбылася жалобная святая Імша за душу памерлага. Люд Божы не змяшчаўся ў касцёле. Пасля Эўхарыстыі і традыцыйнай працэсіі з труной вакол касцёла ксяндза пахавалі на дзядзінцы касцёла, каля званіцы. Гэта была апошняя воля спачылага — быць пахаваным ля касцёла і каб людзі маліліся аб новых пакліканнях ля яго пагосту... Мая сям’я ведае да сённяшняга дня, што пасля касцёла для нас святым месцам з’яўляецца магіла кс. Станіслава Міхальскага. Ані мая прабабуля, ані бабуля, ані яе браты і сёстры ніколі не абміналі гэтую святую рэліквію — месца спачынку святара-мучаніка за веру. Так мяне вучыла бабуля, і да сённяшняга дня я, нібы прыцягнуты нейкаю сілаю, кожны раз, прыязджаючы ў Вішнева, іду да кс. Станіслава, станаўлюся на калені і прашу аб сіле і вернасці ў пакліканні, якое вымаліў на яго магіле, на магіле святара, падараванага нам Марыяй.
|
|
|