Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Тэалогія
Постаці

ВЕРШЫ
Інтэрв’ю

ХТО ПАТРЭБНЫ Ў ВАТЫКАНЕ
Асобы
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН
Проза
Іканаграфія
Мастацтва

НАТХНЁНЫЯ ГОРАДАМ...

Ірына БАГДАНОВІЧ

«ЗАСТАВАЎСЯ ВЕРНЫМ КАСЦЁЛУ І НАРОДУ»

Святар і паэт Андрэй Зязюля ў служэнні Богу і Беларусі

У часе Вялікага посту ў касцёлах Беларусі вельмі часта можна пачуць прыгожую рэлігійную песню, з якой кожны вернік добра ведае на памяць прынамсі некалькі строфаў: «Распачаўся пост вялікі — // Кайся, Евіна сям’я; // Хай пакутныя усклікі // Ўчуе вечны наш Суддзя! // Станавіся на калені, // Уздымай далоні ўвыш, // І з грахоў сваё сумленне // Ачышчай, ўзірай на крыж…» Гэты велікапосны спеў глыбока кранае душы; не будзе нацяжкай сцвердзіць, што ён стаў ужо па сутнасці народнай духоўнай песняй, якая надзвычай дакладна і пранікнёна перадае настрой гэтага літургічнага перыяду і пачуцці вернікаў. Аднак, напэўна, мала хто ведае сёння, што тэкстам для гэтай песні стаў верш «У посце», які напісаў беларускі каталіцкі святар Аляксандр Астрамовіч (ён жа паэт Андрэй Зязюля; 26.11.1878 — 17.01.1921) яшчэ ў самым пачатку ХХ стагоддзя: верш быў апублікаваны 27 лютага 1914 г. у каталіцкай газеце «Biełarus», што выходзіла ў Вільні ў 1913–1915 гг.

Кс. Аляксандр Астрамовіч
(Андрэй Зязюля).
Фота 1911–1912 гг.

Андрэй Зязюля належаў да шэрагу тых святароў адраджэнцаў, якія прыкладалі ахвярныя намаганні, каб Касцёл у Беларусі стаў беларускім, каб адрадзіўся беларускі народ, а беларуская мова вярнулася ў святыні. Ягонымі паплечнікамі ў гэтай справе, а таксама блізкімі сябрамі па духу і творчасці былі таксама святары паэты Казімір Сваяк (кс. Кастусь Стэповіч), Вінцук Адважны (кс. Язэп Германовіч), ксёндз-асветнік і пісьменнік Адам Станкевіч і іншыя вядомыя беларускія рэлігійныя дзеячы, якія заклалі падмурак адраджэння Касцёла ў Беларусі, асаблівым чынам рупячыся пра набажэнствы на беларускай мове. Андрэй Зязюля, маючы сапраўднае прозвішча Астрамовіч, этымалогія якога выводзіцца ад лацінскага слова astraзорка, насамрэч быў зорнай асобай свайго часу, але не ў сэнсе такіх паняццяў як слава ці поспех, а ў сэнсе духоўнага святла, якое ён меў у сабе і якім шчодра асвятляў усе свае справы, людзей і жыццё вакол сябе. Ён быў адданым і ахвярным святаром-патрыётам: любіў Бога, родны беларускі народ і родную зямлю; праз сваё служэнне, творчасць, грамадскую дзейнасць спрыяў узрастанню беларускай нацыянальнай свядомасці, беларускаму духоўнаму і культурнаму адраджэнню. На алтар служэння Богу і Беларусі ён паклаў усяго сябе цалкам — свае пакліканне, талент і жыццё.

У гэтым годзе, 17 студзеня, споўнілася сто гадоў з часу адыходу кс. А. Астрамовіча (Андрэя Зязюлі) у вечнасць — адыходу заўчаснага і, па ўсёй верагоднасці, мучаніцкага, што натхняе нас, сённяшніх беларусаў, разам з малітваю «Анёл Панскі...» за душу нашага слаўнага святара, аднавіць памяць аб ім, узгадаўшы яго імя і заслугі. Прыдатнымі тут будуць словы кс. Адама Станкевіча, які праз дзесяць гадоў па смерці свайго паплечніка і сябра выдаў яго творы — усё, што на той час здолеў сабраць, — зборнік вершаў «З роднага загону» са сваёй прадмовай, дзе ўпершыню зрабіў аналітычны агляд паэтычнай спадчыны Андрэя Зязюлі, акрэсліў яго ролю і значэнне ў справе беларускага рэлігійнага і грамадскага адраджэння. «Заслугі кс. А. Астрамовіча ў справе беларускай мовы ў сьвятыні велізарныя, — пісаў кс. А. Станкевіч. — Праз свае рэлігійныя вершы ён прадусім паказаў, што беларуская мова здатная цалком для жыцьця касьцельнага, а праз гэта значна яе прыблізіў да касьцёла і адчасьці ўвёў яе туды <…> Пасля расейскай рэвалюцыі 1917 году, менш аглядаючыся на праціўнікаў беларускай мовы ў касьцёле, кс. А. Астрамовіч казаньні па-беларуску гаварыў даволі часта. За сваю беларускасьць кс. А. Астрамовіч дужа шмат цярпеў ад сільных гэтага сьвету — два гады быў без парафіі і жыў на ласцы ў ксяндзоў-калегаў, — аднак заўсёды заставаўся верным і Касьцёлу, і народу»1.

Вядома, што апошнім месцам яго святарскага служэння было м. Сянно Аршанскага дэканата. З прыходам бальшавікоў святар адразу ж быў залічаны да ворагаў савецкай улады, зазнаў пераслед і быў арыштаваны. Некаторы час знаходзіўся ў віцебскай турме губчэка, адкуль пасля допытаў і катаванняў быў адпушчаны, а неўзабаве памёр. Відавочна, што яго заўчасная смерць была выклікана менавіта гэтымі акалічнасцямі, а таму кс. А. Астрамовіча можна прызнаць мучанікам за веру.

У часопісе «Наша вера» ў свой час быў змешчаны грунтоўны філасофска-аналітычны артыкул незабыўнага Уладзіміра Конана «Андрэй Зязюля: хрысціянская філасофія і асветніцкая дзейнасць»2, дзе быў прадстаўлены падрабязны жыццяпіс і зроблены цікавыя акцэнты ў асэнсаванні творчасці паэта святара. Зважаючы на гэта, каб не паўтарацца, засяродзім увагу толькі на тых аспектах яго творчай дзейнасці, якія сёння падаюцца найбольш актуальнымі.

Дваццаць гадоў назад свой артыкул У. Конан закончыў слушным пажаданнем: «Самы час (хоць тут мы спазніліся) выдаць збор твораў паэта». На жаль, гэтае пытанне застаецца пакуль не вырашаным. І гаворка не проста пра чарговае перавыданне (на гэты раз кірыліцай) зборніка «З роднага загону», першае выданне якога было ажыццёўлена яшчэ ў 1913 годзе віленскай друкарняй «Зніч» пры фундацыі Радзівілаў (Мікалая і Магдалены з Завішаў, вядомых мецэнатаў беларускага друку пачатку ХХ стагоддзя), а другое, дапоўненае, як ужо згадвалася, зрабіў кс. Адам Станкевіч у 1931 г. да 10-х угодкаў смерці паэта святара (абодва выданні былі надрукаваныя лацініцай). Відавочна, цяпер стаіць тэксталагічная задача выдаць як мага больш поўны збор літаратурных твораў Андрэя Зязюлі, для чаго трэба сабраць расцярушаныя па перыёдыцы 1910–1920-х гг. (у газетах «Наша Ніва», «Крыніца», «Bielarus» ды інш.) вершы, што не ўвайшлі ў кнігу, а таксама распачаць пошукі магчыма ацалелай і недзе захаванай рукапіснай паэтычнай спадчыны, пра існаванне якой дакладна вядома з пэўных крыніцаў. Так, А. Станкевіч пісаў, што «...многа вершаў Зязюлі знаходзіцца ў рукапісах дагэтуль нігдзе не друкаваных», згадваючы некалькіх асобаў, у якіх яны дакладна былі (у ліку іх праф. Б. Эпімах-Шыпіла, Янка Купала, некаторыя святары)3. Ці знойдуцца гэтыя рукапісы Зязюлі — вялікае пытанне, але ж пакуль мы іх, здаецца, і не шукалі. Адной з гіпотэзаў, на маю думку, можа быць тое, што менавіта пяру Андрэя Зязюлі належыць твор «Святы Андрэй Баболя, мучанік беларускі», захаваны ў архіўным машынапісным сшытку № 1 Б. І. Эпімаха-Шыпілы разам з творамі Янкі Купалы 1910 года4. З шэрагам дастаткова пераканаўчых аргументаў паэма была атрыбутаваная паважаным даследчыкам Язэпам Янушкевічам менавіта Янку Купалу5. Аднак, на маю думку, ёсць прынамсі тры мала заўважныя на першы погляд моманты, якія ўсё ж ставяць тут вялікі пытальнік: па-першае, гэта само сведчанне кс. Адама Станкевіча пра знаходжанне твораў Андрэя Зязюлі ў Б. Эпімаха-Шыпілы і Я. Купалы; найверагодней, гэта маглі быць творы прыблізна таго самага перыяду, а менавіта 1910 года, паколькі тады і Купала, і Зязюля, навучаючыся ў Пецярбургу, знаходзіліся ў коле ўплыву знакамітага прафесара. Па-другое, сам стыль падачы тэкстаў першых двух твораў у сшытку Б. Эпімаха-Шыпілы (а гэта якраз варыянты паэмы пра А. Баболю) адрозніваецца ад далейшых тэкстаў, без сумнення прыналежных Янку Купалу, дзе і пазначана яго прозвішча. І нарэшце, па-трэцяе, рытміка-інтанацыйны малюнак вершаў пра А. Баболю супадае з рытміка-інтанацыйным малюнкам пераважнай большасці паэтычных твораў Андрэя Зязюлі гэтага часу («Мая ліра», «Лірнік», «Слова праўды», «Зазімак», «Касьба» ды іншыя, напісаныя двухскладовым анапестам) і адрозніваецца ад купалаўскіх, хоць, вядома, наш вялікі класік таксама выкарыстоўваў анапест, але часцей чатырохстопны, як у паэме «Курган». Задумацца ёсць над чым.

Кс. А. Астрамовіч у групе
з Браніславам
Эпімахам-Шыпілам,
Альбертам Паўловічам
і іншымі духоўнымі
і свецкімі асобамі.
Фота 1911–1912 гг.

Пра тое, што паэзія Андрэя Зязюлі запатрабаваная ў сённяшнім часе і яе варта зрабіць больш даступнай сучаснаму чытачу, сведчыць невегарогодная папулярнасць згаданай рэлігійнай песні на яго словы «У посце», а таксама іншыя вартасці яго твораў, на якія хачу звярнуць асаблівую ўвагу. З іншага ж боку, паўстае пэўная супярэчнасць: Беларусь сёння, як ужо слушна засведчана сацыёлагамі-аналітыкамі, краіна пераважна гарадская, а творчасць Андрэя Зязюлі пачатку ХХ ст. была арыентаваная на беларускую вёску і яе жыхароў, што падкрэсліваў той жа А. Станкевіч. Ён пісаў: «Андрэй Зязюля — гэта выдатны, цалком арыгінальны, беларускі паэт, які праз увагу на змест і форму ягонай творчасьці можа быць слушна названы «вясковы лірнік», які зросься ў адно цэлае з родным сялом і бесперастанку будзіць яго ад сну векавога»6. Метафара «вясковы лірнік», аднак, не толькі «прыпісвала» А. Зязюлю да песняроў умоўна «вясковай», земляробчай тэматыкі, але і адсылала да параўнання з выбітным паэтам нашага краю ХІХ ст. Уладзіславам Сыракомлем, які, маючы шляхецкі радавод, першы атрымаў такую літаратурную мянушку, з пэўным гонарам назваўшы так сам сябе ў вершы «Лірнік вясковы». За гэтай «вясковасцю» не стаяла, аднак, нічога прыземленага, абніжанага. Наадварот, гэта было найперш сведчаннем выхаду з кола вузкай саслоўнай элітарнасці (з маёнткаў і палацаў) да ў поўным сэнсе шырокай народнасці, да сялянскіх масаў, якія станавіліся суб’ектам гісторыі і мелі анталагічную патрэбу далучэння да высокай культуры і духоўнасці.

У «вясковым» пісьменніцкім дыскурсе і шляхціца Людвіка Кандратовіча герба «Сыракомля» ў ХІХ ст., і святара Аляксандра Астрамовіча з народным «птушыным» псеўданімам Зязюля ў пачатку ХХ ст. прысутнічалі не толькі і не столькі майстэрскія знешнія апісанні вясковай прыроды, побыту, сялянскіх заняткаў і штодзённых клопатаў. За ўсім гэтым выразна прачытваецца глыбокая патрыятычная і духоўная рэфлексія абодвух «вясковых лірнікаў», якая ўводзіла прыземленае сялянскае жыццё ў сферу элітарнасці культуры і духу, а таксама праектавала запатрабаванасць гэтай рэфлексіі ў будучай, пераважна гарадской, цывілізацыйнай прасторы.

Менавіта патрыятычная дамінанта і духоўнае вымярэнне паэтычнай спадчыны Андрэя Зязюлі робяць яе запатрабаванай і актуальнай у сённяшнім часе. Гэтыя акцэнты, між іншым, заўсёды гучалі і ў ацэнках яго творчасці дасведчанымі сучаснікамі. Вось як успамінаў пра А. Зязюлю яго сябра, таксама святар і паэт, а. Язэп Германовіч (Вінцук Адважны): «Ягоная жывая, энергічная душа выяўлялася ў кожным вершы, у якіх ён клікаў народ да адраджэння, да поступу, да працы і радасьці жыцьця. Вера ў Бога і Народ, надзея на ўласную нашую здольнасьць і энэргію, а найбольш сардэчная любоў да Бацькаўшчыны — Беларускага Народу — вось прыкметы дзейнасьці і паэзіі Аляксандра Астрамовіча, сапраўды н а р о д н а г а п а э т ы» (разрадка аўтара. — А. Я. Г.)7.

Важнай у гэтым плане падаецца і думка кс. Адама Станкевіча — фактычна першага тэкстолага, крытыка і даследчыка творчасці А. Зязюлі: «Вершы Зязюлі поўны шчырага патрыятызму, сардэчнай любові [да] Беларусі, а так жа поўны глыбокай веры ў лепшую будучыню беларускага народу»8. У якасці прыкладу А. Станкевіч цытуе вядомы санет А. Зязюлі «Беларусь», канцоўкай якога аўтар упэўнена сцвярджаў, што менавіта з сялянаў, верных Маці-Беларусі, паўстане ў будучыні яе народ. Другі акцэнт А. Станкевіч робіць менавіта на рэлігійнай дамінанце творчасці А. Зязюлі: «Паэзія Зязюлі навеяна так жа жывым пачуцьцём рэлігійным. Праўда, матывы для сваіх песьняў паэт бярэ з акружаючага яго сялянскага быту і роднай прыроды, але апошняй прычынай, якая яго панукае іграць на беларускай ліры, — ёсць Бог, Тварэц сьвету як першая і апошняя падстава Красы і Справядлівасьці. Для Зязюлі ўсё беларускае адраджэньне — гэта Божая справа»9.

Тытул асобнага выдання твора
А. Зязюлі «Слова праўды
аб мове і долі Беларуса».
(Петраград, 1917 г.)

Можна сказаць, што ўся творчасць А. Зязюлі ёсць пацверджаннем слушнасці апошняй высновы А. Станкевіча. Асаблівае ж значэнне ў справе абуджэння нацыянальнай свядомасці ў тыя часы і на фоне актуалізацыі гэтага працэсу (або яго новага этапу) у сучаснасці, на маю думку, мае твор «Слова Праўды аб мове і долі Беларуса», які па форме можна лічыць паэмай, або скарочаным паэтычным курсам гісторыі Беларусі. Кампазіцыйна твор складаецца з уступу і чатырох частак, у змесце якіх паэтызуюцца розныя этапы гісторыі Беларусі ад даўніх часоў да пачатку ХХ ст. Твор быў напісаны з выразнай асветніцка-адраджэнскай мэтай і арыентаваны на беларускую моладзь, аб чым сведчыла і аўтарскае прысвячэнне пад загалоўкам твора: «Пасьвячаю беларускай моладзі». Паколькі твор раней амаль не аналізаваўся, дазволім сабе спыніцца на ім больш падрабязна. Вельмі важны ў ім уступ, у якім выразна акрэслена мэта аўтара — фармаванне нацыянальнай свядомасці праз канкрэтны адказ на пытанне аб самаідэнтыфікацыі беларусаў. Паэт выкарыстаў прыдатную ў гэтым выпадку форму пытанняў і адказаў, стварыўшы адмысловы літаратурны ўзор нацыянальна-патрыятычнай паэтычнай «катэхезы»:

Ці ты знаеш, мой браце,
У якой жывеш хаце,
У сямейцы, народзе,
Ў краю, дзенна сьвятло дзе
Першы раз ты убачыў,
Дзе табе Бог прызначыў
Жыць, багаціцца ў цноты,
Ці ты ведаеш, хто ты? —
Беларусяй завецца
Край, дзе цяжка жывецца,
Край «паўночна-заходны»,
Але ўласны твой родны.
Вось і ты, што жыць рвесься,
Беларусам завесься.
Дык жа ведай аб лёсе
Продкаў, як ім жылося10.

Фенаменальным чынам разгортваецца далей патрыятычная «катэхеза» ад Андрэя Зязюлі: для вясковай сялянскай моладзі паэт малюе аблічча новай Беларусі — Краіны, якая адраджалася з гістарычнага нябыту, якую трэба было вызваляць з каланіяльных рызманоў «Паўночна-заходняга» краю і апранаць у новыя шаты. Гэтымі «новымі шатамі» становяцца не фальклорна-каляндарныя абрады, а ўзгадка княжацка-каралеўскага мінулага краю, услаўленне яго даўняй дзяржаўнасці, моцы, незалежнасці, культуры. Так, праз аднаўленне гістарычнай памяці, будуецца падмурак нацыянальнай самасвядомасці. Як паэт А. Зязюля тонка адчуваў гэта і стварыў паэтычную «руну», годную і для сённяшняй нацыянальнай «катэхезы».

Твор мае чатыры асноўныя часткі. У першай паэт пераказвае гісторыю рассялення плямёнаў крывічоў, радзімічаў, драўлянаў, дрыгавічоў па ўзбярэжжах Дняпра, Нёмана, Сожа, Дзвіны, пакланенне іх паганскім багам Сварогу, Дажджбогу, Пяруну ды іншым. Багаты міфапаэтычны свет продкаў беларусаў насялялі русалкі, вадзянікі, лесуны, якія шанаваліся як прыродныя духі, а як апякун хатняй жывёлы шанаваўся Волас, летні ж сонцазварот адзначаўся як свята Купалля. Род у тыя даўнія часы, як піша паэт, «зжыўся з родам, стаўшы адным народам», і гэты народ жыў тады ў згодзе, быў незалежны, заможны і шчаслівы, што яшчэ больш узмацнілася з прыняццем хрысціянства. Менавіта так паказваў раннюю гісторыю нашага краю паэт:

…Меў сваіх ваяводаў,
Дык і ворагаў ходаў.
Меў князёў на загады,
Веча-сходку, нарады,
Іх суд мудры і правы
Вёў краёвыя справы
Бяз супрэчак і звадак.
Панаваў скрось парадак,
Узмацаваны новай
Божай верай Хрыстовай…11

Як бачым, тут паэт, грунтуючыся на добрым веданні гісторыі (а ў 1910 годзе ўжо выйшла «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага), апісвае дахрысціянскае мінулае, а таксама час Полацкага княства, вечавай дзяржаўнасці, асаблівы акцэнт ён робіць на прыняцці хрысціянства як ключавой падзеі, якая змяняе ход гісторыі і становіцца першай нацыянальнай счэпай, асвячаючы край і люд «праўды Божай праменнем».

Часткі другая і трэцяя твора закранаюць гісторыю часоў Вялікага Княства Літоўскага. Акцэнты паэтам робяцца на тым, што беларуская мова была дзяржаўнай, на ёй вялося афіцыйнае справаводства, быў напісаны і прыняты Статут — звод дзяржаўных законаў, пашыралася друкаванае слова. Праўда, скарынаўскіх выданняў Бібліі аўтар чамусьці не ўзгадвае. Гэта была і гераічная гісторыя, калі пра тагачасны народ роднага краю Зязюля піша: «Мусіў ён бараніцца, // З злосным ворагам біцца…» Аўтар апавядае аб шлюбе Ягайлы з польскай каралевай Ядвігай, што прывяло да першага аб’яднання Літвы і Польшчы, важнага ў стратэгічным, абарончым плане і не вельмі спрыяльнага для далейшага захавання статусу роднай мовы як дзяржаўнай, што прывяло праз пэўны час да адступлення ад яе на карысць мовы польскай. Гэта адбылося, як вядома, у 1697 г. рашэннем сейма Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на гэтую акалічнасць, паэт апісвае тагачасную гісторыю нашага краю як гісторыю свабоды і развіцця, а ў тым, што «Мова родная Польшчы // Загарнула ўплыў большы», бачыць «допуст волі Божай».

Найбольш трагічныя падзеі гісторыі апісаны ў чацвёртай частцы твора — гэта падзелы Рэчы Паспалітай і пераход яе земляў да іншых дзяржаў. Беларусь разам з Літвою апынулася ў складзе Расійскай імперыі, і марнымі былі спадзяванні мясцовага люду на адраджэнне беларускай мовы: пры захаванні польскай мовы ў касцёлах, усе іншыя сферы грамадскага жыцця пачала абслугоўваць расейская мова. Беларусы ж «ў роднай мове газеты // Ані кніжак ня мелі. // Па-расейску тыкеля // Ды па-польску чыталі…»12. Андрэй Зязюля з вялікім пачуццём тужлівасці ад горкай праўды апісвае культурны і гістарычны заняпад беларусаў у выніку такога збегу акалічнасцяў, апісвае яго як нацыянальнае гора, экзістэнцыйную катастрофу, калі беларус забыўся ўжо, хто ён, страціў сваю ідэнтычнасць, называў сябе то «рускім», то «палякам». Шанц адрадзіцца з заняпаду дае беларусам, як піша Зязюля, 1905 год — «год разрухаў багаты», калі «бліснуў прамень свабоды». Гэты час паэт вітае як пачатак нацыянальнага адраджэння, бо, сапраўды, у выніку рэвалюцыйных «зрухаў» з’яўляецца беларускі друк, у 1906 г. пачынаюць выходзіць газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва», а затым узнікаюць і іншыя інстытуцыі беларускага грамадскага і культурнага жыцця, у літаратуру прыходзіць адважная і таленавітая кагорта беларускіх песняроў, пачынаюць працаваць выдавецкія суполкі. Паэт горача вітае парасткі беларускага адраджэння і заклікае да актыўнай працы на роднай ніве: «Вось і нашая мова // Пачала жыць нанова <…> // Плён народнай прабуды // Ў Беларусі паўсюды…»13. Адраджэнскі пафас гэтага твора А. Зязюлі, яго скіраванасць на абуджэнне годнасці і самасвядомасці беларусаў у нечым былі вельмі прарочымі і сугучнымі сённяшнім працэсам, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве: «Беларускае імя // Сьцяг свой уласны падыме, // А сьвет цэлы убача: // Беларус нешта знача…»14.

Хочацца таксама звярнуць асаблівую ўвагу яшчэ на вершы А. Зязюлі, прысвечаныя розным вядомым асобам таго часу, з якімі яго сутыкаў лёс і якія таксама тварылі ў тым часе эпоху беларускага нацыянальнага адраджэння: гэта постаці Б. Эпімаха-Шыпілы, паэтаў Альберта Паўловіча і Альфонса Петрашкевіча, драматурга Уладзіслава Галубка ды іншых; ёсць у яго спадчыне прысвячэнне Святому Айцу Пію Х з нагоды благаслаўлення гэтым Папам газеты каталіцкай газеты «Bielarus»; па-свойму загадкавым выглядае прысвячэнне верша «Лірнік», пазначанае крыптонімам «М. Р.». Думаецца, што ў гэтых літарах зашыфравана постаць Мікалая або Магдалены Радзівілаў, фундатараў першага выдання яго кніжкі «З роднага загону», аб чым ужо вышэй згадвалася. Прысвячэнне было ў тым першым выданні, праўда, А. Станкевіч у выданні 1931 г. чамусьці яго зняў. З Мікалаем і Магдаленай Радзівіламі Андрэя Зязюлю звязвала не толькі справа фундацыі яго кнігі, але і іншыя стасункі. Як святар ксёндз Астрамовіч быў адзін час капеланам хатняй капліцы ў маёнтку Кухцічы княгіні Магдалены, а таксама ён адпяваў князя Мікалая Радзівіла пры яго пахаванні 26 лістапада 1914 г. у «дварэ Кухціцы» (князь Мікалай як прафесійны ваяр быў мабілізаваны на фронт адразу з пачаткам Першай сусветнай вайны, забіты 17 лістапада, яго пахавалі ў Кальвінскім зборы ў Кухцічах, у 2014 г. там была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка). Захавалася пахавальная прамова кс. А. Астрамовіча (была апублікавана ў тым жа фундаваным Радзівіламі «Беларусе»), у якой святар называў спачылага князя «праўдзівым сынам сьвятога Касьцёла», які ў «свабодных ад вайны хвілях» займаўся шырокай дабрачыннай дзейнасцю, дапамагаў бедным і церпячым. Смерць князя ён назваў стратай для ўсіх — для аўдавелай княгіні, для людзей дваровых, для ўсяго беларускага народу: «У асобе нябошчыка Князя беларусы трацяць шчырага абаронцу справы іх адраджэння, трацяць яго ў тым часе, калі займаіцца зара новага лепшаго жыцьця, калі заглядае слонцэ і ў іх ваконцэ»15. Вершаваныя прысвячэнні могуць падацца чымсьці прыватным і не вартым увагі, але насамрэч гэта важныя сведчанні паяднанасці нацыянальнага адраджэнскага руху, таго, што гэта была Богам выкліканая да жыцця шырокая і жыватворчая плынь, якая фармавала нацыю і будучыню, паколькі была творчасцю духу.

На завяршэнне нашых разважанняў прывядзем кароценькі верш Андрэя Зязюлі «Моц Ідэі», апублікаваны ў газеце «Крыніца» літаральна праз некалькі месяцаў пасля смерці паэта — 25 сакавіка 1921 г. Здаецца, гэты верш шле прамень надзеі і ў нашу трывожную сучаснасць:

Як зорка ясная на сінім небасхіле
Прыгожа ззяе у жудлівай
                  цьме начной,
Ідэя добрая ў жыцця
                  трывожнай хвілі
Надзеяй свеціць мне,
                  ўліваючы спакой.

І хоць мой пуць
                  шыпчыннікі укрылі
І цернь калючы чуць
                  пад кволаю нагой,
Усё ж дух мой ўздымаецца
                  на крыллі
І рвецца ў даль усцяж
                  да Ідэі святой16.

Сёння актуальнае значэнне творчасці Андрэя Зязюлі бачыцца не столькі ў тым, што яна дае ўзор адмысловага версіфікацыйнага майстэрства, прываблівае арыгінальнасцю і багаццем вобразаў, узнёсласцю і «моцай Ідэі», колькі ў тым, што ўсё гэта дапамагае нам сёння праз яго мастацкае слова распазнаваць веліч і красу Божай прысутнасці ва ўсім створаным свеце, а сам паэт-святар бачыцца з адлегласці часу добрым і мудрым Настаўнікам Любові — любові да нашай Айчыны, зямной і Нябёснай.

Прапануем чытачам «Нашай веры» таксама транслітараваную кірыліцай (пры транслітарацыі былі ўлічаны асаблівасці сучаснага беларускага правапісу) падборку рэлігійных і патрыятычных вершаў Андрэя Зязюлі, якія ўваходзілі ў яго кнігу «З роднага загону», што стала цяпер бібліяграфічнаю рэдкасцю.

 

* * *

У артыкуле выкарыстаны фотаматэрыялы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва:

Фатаграфія кс. Аляксандра Астрамовіча (Андрэя Зязюлі), індывідуальная (Ф. 3, воп. 3, спр. 4, арк. 1). І фатаграфія кс. А. Астрамовіча у групе з Браніславам Эпімахам-Шыпілам, Альбертам Паўловічам і іншымі духоўнымі і свецкімі асобамі

(Ф. 3, воп. 3, спр. 41, арк. 1). Абедзве фатаграфіі прыблізна датуюцца адным часам [1911– 1912 гг.] і, па ўсёй верагоднасці, былі зроблены у адным і тым самым месцы. Паводле штампіка ў правым верхнім кутку фотаздымкаў, яны раней былі экспанатамі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.

Тытул асобнага выдання твора А. Зязюлі «Слова праўды аб мове і долі Беларуса» (Петраград, 1917 г.) зроблены з арыгінала, які захоўваецца ў кніжнай калекцыі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.

 

* * *

Аўтар выказвае ўдзячнасць дырэктару архіва-музея Ганне Вячаславаўне Запартыка і загадчыку аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ, а таксама супрацоўнікам архіва і бібліятэкі за магчымасць выкарыстання дакументаў для публікацыі і зробленыя з іх копіі.


  1. Станкевіч А. З Богам да Беларусі. Збор твораў. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 418.
  2. Гл.: Наша вера, 2001, № 4. С. 16–19.
  3. Зязюля А. З роднага загону. Зборнік вершаў. — Вільня, 1931. — С. 12–13.
  4. Літаратурны музей Янкі Купалы. Ф А-542, воп. 1, р-13.
  5. Гл.: Наша вера, 2002, № 2. С. 13–19.
  6. Зязюля А. З роднага загону… С. 13.
  7. Гэрмановіч Я. Мае прыяцелі: Аляксандар Астрамовіч (Андрэй Зязюля) // Божым шляхам. Лондан. 1965. № 2. С. 7.
  8. Зязюля А. З роднага загону… С. 14–15.
  9. Тамсама. С. 15.
  10. Тамсама. С. 43.
  11. Тамсама. С. 45.
  12. Тамсама. С. 53.
  13. Тамсама. С. 53, 54.
  14. Тамсама. С. 54.
  15. Хурсік В. Белы лебедзь у промнях славы: Магдаліна Радзівіл. — Мінск: Пейто, 2001. — С. 37.
  16. Krynica. — Wilnia, 1921, 25 Sakawika, s. 2.

Гл. таксама:
АНДРЭЙ ЗЯЗЮЛЯ :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY