|
|
№
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Марына ПАШУК
ЗЯМЛЯ ВЕРЫ Папа на радзіме Абрагама Тэалогія
Тэрэса КЛІМОВІЧ
САМАПРЭЗЕНТАЦЫЯ БОГА МАЙСЕЮ Ў ПАЛАЮЧЫМ КУСЦЕ Тэалагічна-літаратурны аналіз фрагмента Кнігі Зыходу (3, 1–17) Постаці
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ЗАСТАВАЎСЯ ВЕРНЫМ КАСЦЁЛУ І НАРОДУ» Святар і паэт Андрэй Зязюля ў служэнні Богу і Беларусі
Кс. Артур ЛЯШНЕЎСКІ SDB
СВЯТАР, ПАДАРАВАНЫ НАМ МАРЫЯЙ Жыццё, дзейнасць і смерць кс. Станіслава Міхальскага SJ Інтэрв’ю
Асобы
Пераклады
Проза
Іканаграфія
Віталій КОЗІНЧУК
КАНЦЭПЦЫЯ ЎКРАІНСКАГА ІКОНАГРАФІЧНАГА КАНОНУ: УСХОДНЯЯ ІКАНАГРАФІЯ, ЗАХОДНІ МАСТАЦКІ СТЫЛЬ Мастацтва
|
Улетку, гуляючы ў Цэнтральным дзіцячым парку, які ў Мінску чамусьці носіць імя М. Горкага, любуючыся маладымі сужэнскімі парамі з дзеткамі, раптам падумала, што няма нічога больш кранальнага, чым малады мужчына з дзіцем на руках. На вашых тварах, мужчыны, у гэтыя хвіліны выразна чытаецца тое няўлоўна-невымоўнае, што называецца шчасцем: вы трымаеце дзяцей на руках як дарагі падарунак, як раптоўны дар Божы, і ў такія хвіліны здаецца, што менавіта вы ведаеце (толькі сказаць не можаце!) нешта толькі вам дадзенае пра таямніцу быцця і пра вялікую місію быць бацькам, татам... Ці ёсць гэтае шчасце на твары маладога мужчыны на абразе Яна Дамеля «Святы Юзаф з Дзіцяткам Езусам», змешчаным на вокладцы нашага часопіса? У звыклым для нас разуменні (хаця б усмешцы, ззянні вачэй) — няма. Усхваляванасць святога Юзафа перададзеная мастаком праз фарбы яго бела-ружовага твару (хаця цясляр мусіць быць загарэлым), амаль юначую ружовасць яго шчок. Так, ён трымае Дзіця менавіта як Дар, паказваючы Яго свету, але ўсведамляючы, што гэты Дар належыць яму толькі часова, што ён абраны апекавацца Ім, што яго місія найперш у прыняцці і адказнасці за Яго, у захаванні святасці Сям’і і непарушнай чысціні Марыі. Часовасць шчасця трымаць Дзіця на руках падкрэслена самімі рукамі — святы Юзаф трымае Немаўля так, быццам ужо гатовы перадаць-аддаць Яго свету, а наканаванасць будучай Ахвяры Дзіцяці ўвасоблена Дамелем у смяротнай бледнасці Яго цела — неістотнасці фізічнага, няважнасці плоці, якая патрэбна найперш для таго, каб змяшчаць у сабе Дух — сілу збаўчага Духу, яго пераможную чысціню, і таму маленькі Езус моцна трымае ў руцэ лілею — сімвал чысціні. Максімальная аголенасць Дзіцяці — гэта аголенасць праўды, якую Езус панясе з сабою ў свет («Я — дарога, праўда і жыццё...»), і Ён нібыта ўжо гатовы саскочыць з рук свайго апекуна — Яго маленькія ножкі ўжо прагнуць руху, а ручкі ўжо раскінутыя, каб абняць сваёй Любоўю ўвесь свет і нават быць укрыжаваным за яго. Рухам напоўненая і фігура святога Юзафа, у якой адчуваецца яго фізічная моц — у яго моцныя загарэлыя рукі, а ў лёгкасці яго маладой фігуры, у яе гатоўнасці ўзняцца ўвысь увасобленая яго абранасць, яго нечаканае пакліканне быць святым. Моцныя рукі цесляра і яго моцная постаць кантрастуюць з румянцам шчок і лёгкім попелам валасоў, але найбольш кантрастуюць з ціхай пакораю, разлітаю ў яго задуменным твары, у вачах, што глядзяць кудысьці ў нязнанае, але ўжо нібыта ведаюць таямніцу гэтага Дару. Ён трымае Дзіця, якім павінен апекавацца, але яны — прыёмны бацька і прыёмны Сын, ад пачатку — не адно, яны не разам (гэта перададзена процілеглымі разваротамі іх галоваў) — у іх цалкам розныя місіі. Місія Езуса падкрэсленая празрыста-белым, незямным святлом Яго цела — гэта Баранак Божы, ахвярнае Ягня. Німб над галавою святога Юзафа не акцэнтаваны — гэта тонкая лінія паўкругу, але хвала яму і яго ўчынку, яго даверу перададзена мастаком шчодрым залацістым колерам ніжняй часткі адзення, што абдымае фігуру цесляра ўсхваляванымі лініямі складак (жоўта-залацістае, як вядома, у колеравай сімволіцы Касцёла азначае менавіта хвалу, пашану, вечную славу). У Святым Пісанні фігура цесляра Юзафа згадваецца вельмі коратка, як другасная, усяго ў некалькіх радках, але ў сусветным мастацтве вобраз святога Юзафа займае значнае месца. Цікава, што спачатку мастакі паказвалі яго ў сталым веку (ён памрэ ў 111 гадоў, неўзабаве пасля наведвання Ерузалема з 12-гадовым Езусам), і гэтай узроставай сталасцю мастакамі як бы тлумачыліся яго платанічныя адносіны з Марыяй (ён — удавец, пакліканы захоўваць Яе непарушнасць) і спакойная мудрасць прыняць Яе цяжарнасць ад Святога Духа, але ўжо з XVI ст. святы Юзаф у выяўленчым мастацтве відавочна «маладзее» (у душы няма ўзросту!), і ў цэнтры многіх палотнаў паказаны менавіта ён, і за працаю, і з Езусам на руках. Вось і на абразе Яна Дамеля, які таксама малюе цесляра маладым, фігура Марыі фактычна другасная — маўляў, выканала сваё жаночае прызначэнне і сядзі з маўкліваю пакораю, бо галава сям’і — мужчына, бацька, няхай сабе і прыёмны. На палатне Яна Дамеля Панна Марыя менавіта так і робіць — сціпла сядзіць у баку, на другім плане, не высвечаная, і твар Яе нічым не прыкметны, і німба над Яе галавою няма. Прадвызначаная Божым Провідам святасць гэтай Сям’і падкрэсленая мастаком прысутнасцю Анёла ў выглядзе жанчыны, якая, малітоўна склаўшы рукі, кленчыць каля Юзафа (ахоўваючы!), і позірк яе напоўнены і замілаваннем, і трывогаю, і мальбою, а за яе спінаю — сімвалічны цяжар калоны, што нагадвае цяжар каменя, якім будзе завалена магіла Езуса, а яшчэ на гэтым палатне, апрача цёмнага фону, што прадвяшчае непазбежнасць Ахвяры, ёсць выразная цішыня, разлітая і ў прыглушанасці фарбаў, і ў мяккіх абрысах фігураў Святой Сям’і і Анёла. Напэўна, гэта цішыня раніцы, бо шчокі Юзафа румяныя: словамі «абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана» (Мц 1, 24) у Святым Пісанні перададзена не толькі фактычнае абуджэнне ад сну, але і згода Юзафа прыняць Божую волю, «будучы справядлівым» (Мц 1, 19). Ужо ў сне, дадзеным Юзафу, анёл Пана размяркоўвае простыя ролі ў гэтай Сям’і: Яна — народзіць, а ты дасі Яму імя Езус, і «ўсё гэта сталася»... сталася ў цішыні, бо ўсё вялікае, велічнае, прадвызначанае адбываецца менавіта ў прасторы цішыні, у яснасці ўнутранага зроку, у ціхім руху найважнейшых рашэнняў, калі сэрца напаўняецца Божай воляй і Святы Дух заклікае да дзеяння ў пакоры, а яна, пакора, заўсёды ціхая: ціхая сіла найбольш магутная з усіх сілаў. Фактычна цясляр Юзаф трымае на сваіх моцных руках давераную менавіта яму фізічную таямніцу Божага ўцелаўлення, дэманструючы нам сваю ўсвядомленую, асэнсаваную адказнасць за Дзіця — Сына Божага і за Яго Маці, чыё пакорнае ўлонне ціха дае магчымасць уцелавіцца нябеснаму ў зямным праз вялікую Любоў Бога да кожнага з нас як да Божага падабенства — вось такое кола, у якім змешчаны высокі сэнс кожнай хрысціянскай сям’і, і ёю можа быць не толькі сужэнства, але і кожная супольнасць, знітаваная хрысціянскай Любоўю, дзе ўсе — як адно... Не ўпэўненая, што неабходна расказваць вам, шаноўныя чытачы, пра гісторыю з’яўлення абраза ў вішнеўскім касцёле — большасць гэтых гісторый падобная, розныя толькі даты і імёны выратавальнікаў, а галоўнае застаецца нязменным: святыя абразы, як вядома, самі выбіраюць, дзе ім трэба з’явіцца, — прыкладаў гэтага містычнага цуду мноства... Талент — гэта, безумоўна, і маштабнасць творчасці. Ян Дамель пакінуў свой адметны след ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва. Ён распісаў касцёл у Табольску (Сібір), куды трапіў у высылку; упрыгожыў фрэскамі касцёл бэрнардынаў у далёкім ад Беларусі Томску; стварыў мноства твораў на біблейскія сюжэты; адлюстраваў у сваіх палотнах найбольш значныя моманты нашай агульнай гісторыі («Адступленне французаў праз Вільню», «Павел І вызваляе Касцюшку з няволі» і інш.), напісаў мноства розных партрэтаў, пейзажаў, працаваў як дэкаратар і нават быў вядомы ў мінскай публікі як карыкатурыст (Л. Дробаў, «Жывапіс Беларусі ХІХ — пачатку ХХ ст.», Мінск, 1974), але ў Беларусі з яго вялікай спадчыны засталося няшмат. Біяграфія Яна Кшыштафа Дамеля (1780–1840) сапраўды, як заўважыў Аркадзь Шпунт, «магла б напоўніць сюжэт аповесці або фільма» (гл. час. «Наша вера», № 1, 2017 г.), а гэта невялікая публікацыя няхай будзе для вас, шаноўныя чытачы, матывацыяй наведаць наш Нацыянальны мастацкі музей, каб убачыць геніяльнае палатно Яна Дамеля «Малітва ў садзе Аліўным» і, магчыма, паехаць у Вішнева, дзе ў касцёле святога Тадэвуша захоўваецца адзін з шэдэўраў хрысціянскага мастацтва — абраз Яна Дамеля «Святы Юзаф з Дзіцяткам Езусам». ... Астанкі фізічнага цела вялікага мастака спачываюць у Мінску на старых Кальварыйскіх могілках, а светлы дух працягвае сваё жыццё ў творах, раскіданых яго шчодрай рукою і вясёлым норавам па вялікім Божым свеце, у якім сапраўднае мастацтва, на шчасце, не мае ні межаў, ні абмежаванняў.
|
|
|