Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Тэалогія
Постаці

ВЕРШЫ
Інтэрв’ю

ХТО ПАТРЭБНЫ Ў ВАТЫКАНЕ
Асобы
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН
Проза
Іканаграфія
Мастацтва

НАТХНЁНЫЯ ГОРАДАМ...

Мульцімоўна

Часам я злуюся на цябе
бо ты з іншымі размаўляеш на той жа самай мове
бо ты іншым гаворыш тыя ж самыя словы
бо ў нас няма словаў
якія належаць толькі нам
і больш
нікому

Меню

Я мушу выесці
з цябе маё сэрца,

даўжэй за год не павінна трываць адзінота,
тэрмін прыдатнасці датычыцца
супавых кубікаў

Ураджай

Цяпер далікатныя машыны
выціскаюць сок
зубцы цэнтрыфугі рвуць
амаль што без сілы
амаль што белую
абрыкосавую мякаць;
я з’ела б
і лісце

Вавёркі

Знойдзеныя
жанчынай у парку

яны па чарзе
бяруць у яе
з далоняў
грэцкія арэхі

гэта сапраўдныя
дзікія, кажа яна

Імпульс

Сябе не разумею я
чаму не жыву я
як казуля
ў снезе
ніколі не было б мне
холадна ў лесе
цяпер я мерзну

Успамін

Я нахіляюся
да старога верша
ў пыле пад лаўкай
нельга думаць
кажаш ты, захавай яго

ён мае нашчадкаў,
твары, пыльныя насы
ветлівыя хвасты
як нованароджаныя мышы
ці скарпіёны

ўецца
ў светлым узоры
ўпаўшага з ног
наведвальнікаў
слою

я не хачу
прасіць іх зняць абутак,
мне падабаецца
дзьмуць на старое
пакуль яно не страціць футра;
потым скамячанае
   засунуць у бот

Mal del paese1

Часта я прагнула
зімы
сярод лета
часта вясной

дзён як вялізныя кавалкі
вільготнай ваты
якія я
абпальваю ўжо
адным-адзіным
пацеючым пальцам

Хто

Сапраўды магло б здарыцца
што я сёння
ў гэты светлы дзень
калі зоркі ўжо даўно
сцёртыя адтуль зверху
і месяц недзе ў іншым месце
зводзіць кагосьці з глузду
што я сёння
нарэшце проста
проста так
зраблюся ваўкалакам
у мяне вырастуць зубы
лапы на тоўстых падушачках
кіпцюры даўгія
нібыта лёзы
і вушы з завостранымі канцамі
з поўсці
што я сёння
ў гэты светлы дзень
стаю на даху
выю і кажу:
я больш не магу
ўспомніць

Пераходны сезон

Раптоўна наступае лета
я еду з лета ў зіму
ў зімы пяшчотны твар
няма валасоў
няма брата ці сястры

зіма шукае сабе сваё лета
ў цёплых бязветраных кутках
наверсе на роўных месцах лугу
цісне руку ўцёсу
за каленам яліны

лета трымае сваю зіму
ў ценю ў лужынах
і шэрых гурбах снегу за
аўтавакзалам; на ніжнім баку
возера

калі б яго перавярнулі
знайшлі б вечны
расплаўлены снег

Першы дзень
новага года

Усё зусім па-іншаму;
кава зроблена
сок выпіты
яйка зварана,
сонечнае святло
як першы краявід,
амаль няма машынаў

на антэнах птушка
яна памахвае хвастом,
чорная; гатовая да ўзлёту,
прызямленне на даху
насупраць нехта прадае сваю хату
вусна і пісьмова,
цудоўна было б, калі б цяпер
                                   тут быў пляж

з пачышчанымі зубамі
ты кладзешся
ў самае бяспечнае месца,
учарашняя парфума
паміж коўдрамі

Пераклад з нямецкай мовы
Алены Сямёнавай-Герцаг.

Паводле зборніка вершаў
«Шчаслівыя бастарды».
Выд. «Отто Мюлер Ферлаг», —
Зальцбург — Вена, 2011 г.


  1. «Mal del paese» (італ.) — «туга па радзіме», «настальгія» (заўв. перакл.).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY