|
|
№
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Марына ПАШУК
ЗЯМЛЯ ВЕРЫ Папа на радзіме Абрагама Тэалогія
Тэрэса КЛІМОВІЧ
САМАПРЭЗЕНТАЦЫЯ БОГА МАЙСЕЮ Ў ПАЛАЮЧЫМ КУСЦЕ Тэалагічна-літаратурны аналіз фрагмента Кнігі Зыходу (3, 1–17) Постаці
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ЗАСТАВАЎСЯ ВЕРНЫМ КАСЦЁЛУ І НАРОДУ» Святар і паэт Андрэй Зязюля ў служэнні Богу і Беларусі
Кс. Артур ЛЯШНЕЎСКІ SDB
СВЯТАР, ПАДАРАВАНЫ НАМ МАРЫЯЙ Жыццё, дзейнасць і смерць кс. Станіслава Міхальскага SJ Інтэрв’ю
Асобы
Пераклады
Проза
Іканаграфія
Віталій КОЗІНЧУК
КАНЦЭПЦЫЯ ЎКРАІНСКАГА ІКОНАГРАФІЧНАГА КАНОНУ: УСХОДНЯЯ ІКАНАГРАФІЯ, ЗАХОДНІ МАСТАЦКІ СТЫЛЬ Мастацтва
|
Упершыню ў гісторыі папства Святы Айцец Францішак 5–8 сакавіка 2021 г. наведаў далёкія землі радзімы патрыярха Абрагама — Pэспубліку Ірак. У сваёй 33-й міжнароднай пілігрымцы ён здзейсніў вілікую мару св. Яна Паўла ІІ, які яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя чыніў захады для здзяйснення гэтага далёкага і важнага падарожжа ў ісламскую дзяржаву, у якой хрысціяне складаюць меншасць.
Сучасны Ірак — гэта краіна са шматвяковай гісторыяй. Гэта калыска вялікіх старажытных культур і цывілізацый з багатай культурнай і рэлігійнай спадчынай. На яго тэрыторыі дагэтуль вядуцца самыя значныя археалагічныя працы. Назва краіны, магчыма, паходзіць ад назвы старажытнага шумерскага горада Урук, які знаходзіўся на поўдні сучаснага Ірака. Ірак — гэта старажытная Месапатамія, або інакш — краіна паміж дзвюма рэкамі — Тыграм і Еўфратам, якія згадваюцца на першых старонках Бібліі ў гісторыі стварэння свету пры апісанні саду Эдэн і яе ракі, што дзеліцца на чатыры прытокі. Трэці і чацвёрты з іх — гэта рэкі Тыгр (біблійная назва Хіддэкель) і Еўфрат (біблійная назва Ферат, або Перат) (гл. Быц 2, 14). Менавіта краіна Двурэчча, дзе шмат вады і зеляніны, а значыць квітнеючага жыцця, стала прататыпам біблійнага райскага саду як месца жылля Бога.
У нашым уяўленні Святая Зямля, з рэаліямі якой звязана Біблія, асацыіруецца зазвычай з тэрыторыяй сучаснага Ізраэля і Палестынскай Аўтаноміі. Туды пераважна марыць здзейсніць пілігрымку кожны вернік, бо гэтыя землі спалучаны з жыццём і дзейнасцю нашага Збаўцы Езуса Хрыста, з дзейнасцю першых Апосталаў, пра што распавядае нам Святое Пісанне Новага Запавету. Аднак трэба памятаць, што тэрыторыя, на якой адбываліся падзеі, апісаныя ў Бібліі, значна шырэйшая: яна ахоплівае землі ад Турцыі да Грэцыі і Італіі, а таксама ад Персідскага заліву да Егіпта, шлях да якога пралягаў праз землі г.зв. «урадлівага паўмесяца». Гэтым шляхам ішлі купецкія караваны з далёкай Месапатамі ў Егіпет, дастаўляючы шыкоўную матэрыю, каштоўныя алеі і бальзам, залатыя ўпрыгожванні, а таксама нявольнікаў, пра што нам апавядае гісторыя пра Юзафа, сына Якуба (гл. Быц 37). Хоць сучасны Ірак, на першы погляд, не выклікае ў нас асацыяцый з Бібліяй і біблійным Ізраэлем, аднак гэтая зямля мае шмат сведчанняў, звязаных з падзеямі, пра якія кажа Святое Пісанне. Тут зямля Абрагама, тут Нініва прарока Ёны, тут было месца выгнання ізраэльцянаў падчас асірыйскай і бабілёнскай няволі. У гэтай зямлі, прыкладна ў XIX ст. да Н. Х., распачынаецца гісторыя айца веры і айца выбранага народу — патрыярха Абрагама (гл. Быц 11, 31), жыхара горада Ура Халдэйскага. Яго продкі таксама жылі тут і, напэўна, мелі шляхецкае паходжанне, былі знатнымі і заможнымі людзьмі. Адсюль Абрам разам са сваім бацькам Тэрахам распачаў сваю жыццёвую пілігрымку і свой шлях веры, вандруючы ў Харан, а затым у Канаан — абяцаную зямлю.
Каля руінаў старажытнага Ура, якія знаходзяцца непадалёк ад горада Насірыі, на поўдні, на заходнім беразе Еўфрата, на гарадзішчы Тэль-эль-Мукаяр, 6 сакавіка, у другі дзень падарожжа Папы, адбылася сімвалічная міжрэлігійная малітва з яго ўдзелам.
Постаць Абрагама аб’ядноўвае тры вялікія монатэістычныя рэлігіі свету — юдаізм, хрысціянства і іслам. Для мусульманаў гэта прарок і прапаведнік Адзінага Бога, для юдэяў — айцец народу і веры, для хрысціянаў — прыклад непахіснай веры і вернасці Богу. У Новым Запавеце ёсць вельмі шмат згадак пра яго, але найбольш славутымі з’яўляюцца словы з Паслання св. апостала Паўла да Рымлянаў: «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць» (4, 3), а таксама тэкст з Паслання св. апостала Якуба: «Так споўнілася Пісанне, якое кажа: „Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць“, і ён быў названы сябрам Божым» (2, 23). У чымсьці яго постаць падобная да святога горада Ерузалема, які таксама стаў важным месцам для трох рэлігій. Відаць, у намерах Усемагутнага было стварэнне такога сімвалу адзінства, бо ўсе мы — дзеці аднаго Бога, толькі славім Яго і пакланяемся Яму па-рознаму, у залежнасці ад розных культур, традыцый і менталітэту.
У V ст. да Н. Х. у паўднёвай частцы Месапатаміі пасяліліся шумеры — таямнічы народ, які даў пачатак чарговым новым цывілізацыям. Клінапіс, ганчарнае кола, арашальныя каналы — гэта толькі некаторыя вынаходніцтвы шумераў, будаўнікоў дзяржаў-гарадоў: Ур, Урук, Сіпар, Эрыду, Кіш, Лагаш. Шумерская культура пакінула нам таксама вершаваны твор у 12-ці кнігах пад назваю «Эпас пра Гільгамеша», напісаны на гліняных таблічках. Яго галоўны герой — Гільгамеш, валадар горада Урука, у дзвюх трэціх — бог, а ў адной трэцяй — чалавек. Матывы гэтага паэтычнага помніка шумераў ёсць у біблійным аповедзе пра патоп (гл. Быц 6, 9 — 9, 17). З Шумерам можна суаднесці біблійную краіну Шынэар, пра якую згадваюць кнігі Быцця (гл. 10, 10; 11, 2; 14, 2; 14, 9), Езуса Навіна (гл. 7, 21), Даніэля (гл. 1, 2) і Захарыі (гл. 5, 11). На тэрыторыі сучаснага Ірака калісьці існавалі вялікія імперыі — Асірыйская і Бабілёнская. У Святым Пісанні Асірыя (біблійная назва Ашур, сёння гэта паўночны Ірак) і Бабілёнія (біблійная назва Арпахшад, сёння гэта паўднёвы Ірак) — гэта ворагі Ізраэля з прычыны свайго ідалапаклонства і мілітарных паходаў. Аднак біблійныя аўтары змаглі праз балючую канфрантацыю з народамі Месапатаміі ўбачыць дзеянне Божага Провіду дзеля ачышчэння народу і яго навяртання. Усё распачалося з Асірыйскай імперыі, якая захапіла ўладу на старажытным Блізкім Усходзе ў VIII ст. да Н. Х., здзяйсняючы свае захопніцкія паходы, рабуючы і дэпартуючы заваяваныя народы. Валадарства Ізраэля, або інакш Паўночнае валадарства, было захоплена Асірыяй у 722 г. да Н. Х. (гл. 2 Вал 17), а ў 701 г. да Н. Х. кароль Сенахерыб узяў у аблогу сталіцу Юды Ерузалем, які, аднак, быў цудоўным чынам уратаваны ад захопнікаў (гл. 2 Вал 18—19). Сталіцай Асірыі была легендарная Нініва, у якую Бог пасылае прарока Ёну, каб той пайшоў і заклікаў яе жыхароў да навяртання. Падзенне ж Нінівы прадказвае і так апісвае кніга прарока Навума: «Гора крываваму гораду, поўнаму падману і зла, дзе не спыняецца рабаванне. Свіст бізуноў і грукатанне колаў, галоп коней і хуткі бег калясніц. Вершнік рвецца, зіхцяць мячы і блішчаць дзіды, мноства палеглых і груды мёртвых, няма канца трупам, аж спатыкаюцца аб целы. Спустошана Нініва! Хто яе пашкадуе?» (3, 1–3. 7).
Горад Масуль, які знаходзіцца ў паўночным Іраку і які таксама наведаў Папа, — гэта старажытная Нініва. Тут на касцёльным пляцы Святы Айцец маліўся за ўсіх ахвяраў іракскай вайны.
Пасля падзення Асірыі яе месца заняла Бабілёнія, дзяржава, якая ў мінулым існавала таксама на тэрыторыі сённяшняга Ірака. Менавіта туды былі пераселеныя юдэі падчас бабілёнскага выгнання. Яе кароль Навухаданосар захапіў Валадарства Юды, або Паўднёвае валадарства, у 586 г. да Н. Х., пасля заняў Ерузалем і збурыў першую святыню, пабудаваную сынам Давіда, каралём Саламонам. Эліту з Юды ён павёў на выгнанне ў Бабілён. Так узнікла бабілёнская дыяспара габрэяў (гл. 2 Вал 24–25; Ер 52). Псальм 137 (136) так апісвае драматычную сітуацыю выгнаннікаў:
Цяжкі час выгнання ў Бабілёніі стаў пачаткам глыбокага ўсведамлення габрэямі сваёй рэлігійнай тоеснасці і асэнсавання веры, што паспрыяла фарміраванню асноваў рэдакцыі Пяцікніжжа, або Торы — першага збору габрэйскай Бібліі. На выгнанні ў Бабілёніі юдэі пачынаюць запісваць першыя старонкі Бібліі, палемізуючы з політэізмам захопнікаў, таму прадстаўляюць уласную версію гісторыі стварэння свету і чалавека, пра што сведчыць г.зв. біблійная прэгісторыя, змешчаная ў кнізе Быцця (раздзелы 1—11). Істотную ролю ў з’яўленні біблійных аповедаў адыграў напісаны на акадыйскай мове1 бабілёнскі эпас «Энума эліш» — старажытная касмагонія і касмалогія, да якой звяртаецца і з якой палемізуе натхнёны аўтар у кнізе Быцця, пішучы прыгожы рэлігійны гімн пра стварэнне свету.
Прататыпам жа біблійнай вежы Бабэль (гл. Быц 11, 1–9) магла быць адна з пабудоваў Бабілёніі, якая насамрэч існавала і называлася зікуратам. Узносіўся ён у старажытным горадзе Бабілёне. Сёння велізарныя руіны Бабілёну знаходзяцца ў паўднёвым напрамку ад Багдада, за некалькі кіламетраў на поўнач ад горада Хіла. Назва зікурата была вельмі вымоўная — Этэменанкі2 («дом падмурку зямлі і неба»). Гэтая вежа была часткай вялікай, самай важнай святыні ў Бабілёніі, называнай Эсагіла («дом, які высока ўзносіць сваю галаву»). Яна была прысвечана богу Мардуку. Вядома, што бабілёнскі зікурат меў гіганцкія памеры: складаўся з 85-ці мільёнаў штук цэглы і меў каля 91-го метра ў вышыню. Яго лічылі мастом паміж светам багоў (небам) і светам людзей (зямлёй). Гэта была шматпавярховая вежа, на вяршыні якой знаходзілася свяцілішча бога, куды маглі ўваходзіць толькі яго жрацы і куды, як верылі бабілёнцы, сыходзіў сам бог Мардук. Падобны часткова рэканструяваны зікурат можна сёння ўбачыць на раўніне Ур у Тэль-эль-Мукаяры. З часоў росквіту Бабілёна паходзяць таксама іншыя надзвычайныя пабудовы, між іншым, брама Іштар, а таксама цудоўнай прыгажосці вісячыя сады Семіраміды.
Дзесьці за 12 км ад горада Кіркук, іншага сучаснага горада ў Іраку, размяшчаўся ў мінулым горад Нузі — сталіца хурытаў, народу, чые старажытныя законы мелі месца ў гісторыі патрыярхаў (напр., сурагатнае мацярынства для бяздзетных сем’яў — гісторыя Абрагама і Агар (гл. Быц 16); продаж першародства — гісторыя Эзава і Якуба (гл. Быц 27); выдаванне жонкі за «сястру» — гісторыя Абрагама і Сары, а таксама Ісаака і Рэбэкі ў Герары (гл. Быц 20, 2; 26, 7). Месапатамскіх згадак у Бібліі яшчэ больш, а пра народы, якія там жылі, і пра іх адносіны з біблійным Ізраэлем распавядае большасць кніг Старога Запавету, між іншым, гістарычныя і прароцкія кнігі. Вяртанне выгнаннікаў з Бабілёніі ў зямлю Юды адбылося ў часы панавання персаў (539 г. да Н. Х.), што стала пачаткам новай гісторыі запавету Бога з Яго народам. Ян Хрысціцель над водамі Ярдана, заклікаючы да адновы і навяртання, цытуе заклік Ісаі, які заахвочваў народ паўторна прайсці праз пустыню з Бабілёніі ў Юду дзеля ачышчэння (гл. Іс 40, 3). Прарок жа Новага Запавету, Ян Хрысціцель, заклікае да іншага падарожжа — духоўнага (гл. Мк 1, 3), каб адкрыць свае сэрцы на голас таго, хто кліча ў пустыні, хто дапамагае выпрастоўваць крывыя сцежкі сумлення, хто вядзе да спакою і вечнага збаўлення, якое ўжо прыйшло ў асобе Езуса Хрыста.
Падчас свайго побыту ў Іраку папа Францішак не стамляўся паўтараць: «Усе мы браты, дзеці аднаго Бога». Няхай жа заклік Святога Айца адкрыцца на іншых, на братоў у веры, каб будаваць у міры і спакоі супольны дом, дом сэрцаў, якія вызнаюць веру ў адзінага Бога, будзе сёння пачуты тымі, хто надалей не шукае шляхоў да еднасці, любові і міру. Няхай нішто не стане на перашкодзе, няхай будзе пачуты голас таго, хто паклікаў Абрагама, хто пасылаў з місіяй навяртання Ёну, хто правёў праз выгнанне і балючае выпрабаванне свой выбраны народ, але пасля адарыў яго радасцю вяртання на радзіму. Хочацца спадзявацца, што нашыя браты праваслаўныя, хрысціяне, возьмуць прыклад з мусульманаў і дазволяць, каб Наступнік св. Пятра, Пантыфік, які застаецца для народаў знакам духоўнай еднасці, згоды, як той, хто будуе масты, змог наведаць таксама і Беларусь. Зямля веры, зямля Абрагама, няхай натхніць іхнія сэрцы зрабіць крок насустрач хрысціянскаму братэрству.
|
|
|