|
|
№
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Марына ПАШУК
ЗЯМЛЯ ВЕРЫ Папа на радзіме Абрагама Тэалогія
Тэрэса КЛІМОВІЧ
САМАПРЭЗЕНТАЦЫЯ БОГА МАЙСЕЮ Ў ПАЛАЮЧЫМ КУСЦЕ Тэалагічна-літаратурны аналіз фрагмента Кнігі Зыходу (3, 1–17) Постаці
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ЗАСТАВАЎСЯ ВЕРНЫМ КАСЦЁЛУ І НАРОДУ» Святар і паэт Андрэй Зязюля ў служэнні Богу і Беларусі
Кс. Артур ЛЯШНЕЎСКІ SDB
СВЯТАР, ПАДАРАВАНЫ НАМ МАРЫЯЙ Жыццё, дзейнасць і смерць кс. Станіслава Міхальскага SJ Інтэрв’ю
Асобы
Пераклады
Проза
Іканаграфія
Віталій КОЗІНЧУК
КАНЦЭПЦЫЯ ЎКРАІНСКАГА ІКОНАГРАФІЧНАГА КАНОНУ: УСХОДНЯЯ ІКАНАГРАФІЯ, ЗАХОДНІ МАСТАЦКІ СТЫЛЬ Мастацтва
|
Спадзяюся, што калісьці, здабыты з-пад пылу забыцця, партрэт апошняга менскага ваяводы аздобіць офісы сталічных уладаў як напамін і прыклад таго, якім павінен быць адміністратар і гаспадарнік. Гледзячы на цудам ацалелы партрэт (ці гэта знешняе падабенства ці пайшло знутры), успомніў адважнага Верашчагіна з «Белага сонца пустыні». Аднак былі і паездка ў Санкт-Пецярбург, і прыкрая прамова да Кацярыны ІІ, таму неабходна перш за ўсё хаця б сцісла асвятліць ролю і месца гэтага чалавека ў кантэксце часу і падзей. У кантэксце часу і падзей... Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (як і пасля першага) Кацярына ІІ пажадала бачыць лепшых прадстаўнікоў пераможанага войска, уключанага ў склад рускай арміі. Напрыканцы ліпеня 1793 г. дэлегацыя са шматлікіх учарашніх абаронцаў Рэчы Паспалітай — ад жаўнера да старэйшага афіцэра, гатовая была стаць перад імператрыцай. Тады ж генерал-губернатар Туталмін таксама вырашыў накіраваць дэлегацыю з прадстаўнікоў захопленых (прашу прабачэння — «далучаных», ці «воссоединённых») земляў Рэчы Паспалітай па два ад кожнага ваяводства і адным ад павета — усяго 33 дэлегаты на чале з менскім ваяводам Адамам Хмарам, на якога выпаў абавязак ад імя ўсіх новых падданых выступіць перад Кацярынай ІІ з урачыстай прамовай. Менскі губернатар Няплюеў разаслаў інструкцыйныя лісты, у якіх быў распісаны рэгламент ад працэдуры абрання дэлегатаў (пры назіранні штабс-афіцэра) да адпаведных мерапрыемствам строяў (з далучэннем малюнка). Як піша Генрык Масціцкі, «усё гэта вельмі нагадвала нядаўнія соймікі для абрання паслоў на гарадзенскі сойм». Таварыства менскаму ваяводу склалі такія паважаныя людзі, як, напрыклад, ад былога Менскага ваяводства шамбелян і генерал-маёр каронных войскаў граф Казімір Завіша; ад Мазырскага павета — судовы староста Ян Яленскі, ад Браслаўскага павета — шамбелян Марцін Лапацінскі, ад Полацка — ваявода Тадэвуш Жаба і канюшы Корсак. Сустракаюцца імёны віцебскага кашталяна Адама Жавускага, валынскага ваяводы князя Януша Гераніма Сангушкі, князя Аляксандра Любамірскага і іншых асобаў. Дэлегацыю сустракалі з асабліваю пашанаю. Напэўна, прадстаўнікі «воссоединённых» земляў разам увасобілі сабою «марнатраўнага сына», сустрэтага радасным да слёз бацькам... 25 верасня, прыкладна апоўдні, менскіх дэлегатаў правялі ў тронную залу, чым таксама была выказана незвычайная пашана. Імператрыца, якая стаяла перад тронам, падышла на некалькі крокаў бліжэй, і тады Адам Хмара пачаў прамову, што магла б аздобіць бээсэсэраўскія манаграфіі, хрэстаматыі і дапаможнікі, дзе шматлікія вырваныя з кантэксту факты павінны былі б пацвярджаць неабходнасць уз’яднання Беларусі з Расеяй. Хмара параўноўвае Кацярыну ІІ з іншымі манархамі свету, што з’яўляюцца прыладамі Пана, які накіроўвае іх волю і сэрцы ў выкананні заданняў па ўладаранні народамі, ставячы яе на першае месца, бо ў адрозненне ад іншых яна пашырае сваю імперыю не сілай, а асаблівым дарам мудрасці. Прыклад шчасця старых падданых пакарыў сэрцы і розумы новых. Шматлікія народы каля падножжа трону штодзённа сведчаць аб сваім шчасці, але асаблівую хвалу выказвае народ, што «з-пад уласнага кіравання, з-пад свабодаў, да якіх прызвычаіўся з нараджэння, пад твой падходзіць скіпетр». Кацярына, расчуленая ад такога відовішча, пачала плакаць. Увесь гэты хвалебны «торт» быў абсыпаны «цукатамі здравіцаў» аб доўгім жыцці і панаванні на шчасце сваіх новых падданых... Аўдыенцыя зацягнулася, перарываючыся прыкладна на паўгадзіны, пакуль міністры супакойвалі імператрыцу, а яна на іх клопаты сярод усхліпванняў гаварыла: «Ведаю я, што гэта значыць з вольнага ўраду ісці пад абсалютны; пакуль жыву, упэўнена, што будуць яны шчаслівыя, але па маёй смерці, хто ведае, які будзе іх лёс?».
Калі Хмара скончыў, Кацярына, пашкадаваўшы, што не можа адказаць яму на яго мове, узамен прапанавала адказаць сэрцам, што «найадданейшае вашаму народу». Ведаючы расійскую імператрыцу, якую нават па мерках XVIII ст. Марыя Тэрэзія лічыла пачвараю, цяжка паверыць у шчырасць гэтых сентыментальных слёз: хутчэй гэта была натуральная рэакцыя на шчырасць Хмары, дзеянні якога (яшчэ раз трэба падкрэсліць) неабходна разглядаць у тагачасным кантэксце, а кантэкст быў наступны (калі пакінуць за дужкамі маральны ўпадак пануючага саслоўя). Барталамей Міхалоўскі ў сваіх мемуарах (падрыхтаваных да публікацыі графам Генрыхам Жавускім, які пісаў у прадмове, што «<...> пан Міхалоўскі быў шляхціцам, выхаваным на старых прынцыпах <...>, што толькі праўды рэлігійныя і маральныя лічыў абсалютнымі, <...> што акрамя Бога нічога і нікога не баяўся, і што ніколі найменшай уступкі не зрабіў ні з сумлення, ні з гонару»), піша аб тым уражанні, якое склалася ў яго з першага погляду, калі быў у Літве пасля другога падзелу, і ў якім умацаваўся падчас размоваў у Гародні з першымі грамадзянамі краіны, а потым, канчаткова, падчас падарожжа ў Валынь у Дубна на кантракты. «Кожны спадзяваўся на Бога і на сваю працу. Ніхто не надакучваў уладам, каб жыць за іх кошт, таму што грамадскія паслугі не аплачваліся. <...> Кожны быў заняты працай, з чаго вынікалі два наступствы: першае, што справы палітыкі, гэты рай гультаёў, нікога не цікавілі; і па-другое: не было вулічных жабракоў, ні яшчэ больш шкодных — жабракоў салонных. Як і перад, так і пасля падзелу ў Літве і на Русі ніхто не бачыў жабрака, толькі хіба каля касцёла. Лёгка было кіраваць народам працавітым, што ніякай свабодай не мог злоўжываць». Уражанне Міхалоўскага — гэта ўражанне пра «мірных людзей», працавітых і неканфліктных (хутчэй абыякавых). Нешта падобнае можна было назіраць у Чэхіі падчас Другой сусветнай вайны, пакуль ганьба нацыянальнага канфармізму не была змыта жудасным коштам аперацыі «Антрапоід». Можна прыгадаць і словы прысягі Касцюшкі і Ігнацыя Патоцкага на вернасць Паўлу І, гарантаваную ў Санкт-Пецярбургу 28 лістапада 1796 года, і лісты Касцюшкі да таго ж адрасата праз два гады са словамі пра «вольнасць <...> пад апекай законаў найвялікшага і найвысакароднейшага народу», але наўрад ці ў кагосьці падымецца рука кінуць камень у Начальніка.
Авансы, якімі адорвалі дэлегатаў, — празмерная пашана і пахвальствы, шчодра палітыя манаршымі слязьмі, давалі надзею на ажыццяўленне пажаданняў жыхароў новых правінцый, складзеных да трону. І хаця складзеныя былі пад уплывам пастановаў тарговіцкай канфедэрацыі, відавочна, пасля кансультацый з расейскімі вяльможамі, што павінна было павялічыць шанцы на станоўчы вынік, вярталіся дэлегаты, не атрымаўшы нічога, нават надзеі на частковае выкананне «ніжайшэ» пададзеных просьбаў аб скасаванні падатку дзясятага гроша на грамадскія мэты, аб зніжэнні транзітных пошлін да Рыгі, аб выданні прадпісанняў у справе ўцёкаў крапасных сялянаў і г.д. і г.д., не кажучы ўжо аб тых, заснаваных на соймікавых лаўдах наказах, у якіх, як піша Масціцкі, адсутнічае ўсялякая грамадская думка і рэальнае адчуванне істотных грамадскіх і нацыянальных патрэбаў. Узамен ехалі дэлегаты дамоў, абцяжараныя каштоўнымі прэзентамі, табакеркамі, пярсцёнкамі, грашыма і высокімі рангамі. Праўда, Міхалоўскі, быўшы ў тыя дні ў Санкт-Пецярбургу і зайшоўшы да Хмары на абед, піша, што: «Ласкавасць яснавяльможнага Хмары паслужыла яму і ў Пецярбургу <...>. Хаця кунтушовы старац чужых моваў не ведаў, а толькі сваю родную і лацінскую, здолеў знайсці прыхільнасць той вялікай манархіні і праз тое шмат добрага ісхадайнічаў для землякоў. <...> пан ваявода быў светлым мужам, а яго размова і мілай, і павучальнай».
На тле роднага краявіду У лістападзе 1793 г. Хмара вярнуўся на Радзіму тайным саветнікам, аздобленым чырвонаю стужкаю ордэна св. Аляксандра Неўскага з каштоўнаю табакеркаю ў кішэні. Аднак параднае палатно з выявай кацярынінскага вяльможы на тле славутасцяў Масквы ці Пецярбурга пакінем для імперскіх сталіцаў. У нас дух старасвеччыны застаў яшчэ напрыканцы ХІХ ст. Караткевічаў Андрэй Беларэцкі, таму гэта будзе сармацкі партрэт з гербам «Крыўда» ў верхнім рагу, з адпаведным надпісам, а мы згадаем, што Хмара паходзіў з незаможнага, але старога літоўскага роду, карані якога, з прыдомкам Мілоўскі, цягнуцца, па дапушчэнні Урускага, з Падляшша. Сярод продкаў — Астафі Хмарыч, шляхціц крэўскі, імя якога сустракаецца ў Літоўскай метрыцы за 1528 г.; Шымон з менскага ваяводства, што падпісаў у 1698 г. паспалітае рушэнне; нарэшце, нейкі палкоўнік войскаў ВКЛ, прыхільнік Станіслава Ляшчынскага ў 1709 г. Шчасце ўсміхнулася сям’і, калі 22 снежня 1720 года ў Антонія, скарбніка менскага, і Катарыны з Вяжэвічаў нарадзіўся сын Адам-Міхал-Станіслаў. Гэты ўбогі шляхціц (паводле словаў Урускага, які без усялякай дыпламатыі адкінуў акрэсленне «незаможны») у 23 гады стаў генеральным падскарбіем двара падканцлера літоўскага Міхала Сапегі ў Слоніме. Пратэкцыя Сапегаў адкрывала шырокія магчымасці, што і сталася дзякуючы прыроджаным здольнасцям і добрым манерам Адама Хмары, якія сапраўды вылучалі яго ў брутальнай шляхецкай масе.
Гаспадарнік і адміністратар
А вось наконт здольнасцяў, мабыць, Урускі крыху забег наперад, бо, хутчэй за ўсё, яны маглі праяўляцца тады, калі Хмара пачаў атрымліваць розныя пасады, а затым і павялічваць свой маёнтак. У 1755 г. са сціплага месца лоўчага ён перамясціўся на пасаду сакратара малой пячаткі літоўскай і ў тым жа годзе атрымаў ад Міхала Сапегі ў вечнае карыстанне ўладанні Сёмкаў Саламярэцкі пад Менскам, на прытоку Вячы — рацэ Сёмкаўцы. Паводле інвентара ад 1755 г., у фальварку былі 27 ½ валокаў зямлі (1 валока — 30 моргаў — 9000 прутоў — 21, 36 га), вінакурня, бровар, млын, карчма пры заслаўскім гасцінцы, 38 сялянскіх гаспадарак у вёсках Сёмкаў і Сялюты, што прыносілі грошы з арэнды і чыншы (у далейшым са сціплага фальварка Сёмкаў Саламярэцкі вырас у цэнтр вялізных уладанняў, што ў сярэдзіне ХІХ ст. складалі звыш 400 валокаў у прыгожым сасновым лесе). У 1757 г. Хмара дакупіў у Міхала і Аляксандра Сапегаў за 60 тыс. злотых уладанні Зацань з прылеглымі землямі — дзве вёскі і фальварак пад Менскам на рацы Цна, левым прытоку Свіслачы, пры старым тракце на Вільню. У інвентары за 1782 г. зафіксавана, што ў фальварку Зацань з 40 моргаў (1 морг літоўскі = 0,661 га) сабрана жыта 182 капы (1 капа — 52–60 25-фунтовых снапоў), пшаніцы яравой — 33 капы, ячмяню — 44 копаў, аўсу — 82 капы, грэчкі — 10 копаў, гароху — 90 копаў, канаплі — 20 копаў, сена — 200 вазоў. Калі пераводзіць на сучасныя меркі, пры самых прыблізных падліках, у сярэднім гэта складала крыху звыш 6-ці цэнтнераў з га. Для параўнання, у БССР у 1933–1940 гг. падчас прымусовай гонкі да высокіх паказчыкаў, падмацаванай паркам з 10 тысяч сельскагаспадарчых машын і 612-ці рабочых-дваццаціпяцітысячнікаў, сярэдняя ўраджайнасць зернявых культур не дацягнула і 6 цэнтнераў з га.
Адам Хмара ўмела спалучаў шматбаковыя грамадскія абавязкі з руплівай адміністрацыяй і добрым гаспадараннем. Сёмкаў і Зацань сталі ў шэраг флагманаў, раскіданых па прасторах ВКЛ. Там узносіліся касцёлы Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, будаваліся млыны, цагельні, бровары і вінакурні, быў наладжаны міжнародны гандаль. Збожжа, якім калісьці Рэч Паспалітая карміла ўсю Еўропу, Адам Хмара ўласнымі баржамі сплаўляў па Немане ў Прусію. І, канешне, пярлінаю яго ўладанняў, яго фасадам, вітрынаю быў наш «беларускі Версаль» — Сёмкаў, аздоблены ў 1772 г. пышным палацам, створаным італьянскім архітэктарам Карлам Спампані. У рэзідэнцыі, абкружанай векавымі дрэвамі, з садам у французскім стылі, змяшчаліся архіў, бібліятэка, нумізматычны збор, шмат твораў мастацтва і гістарычных помнікаў. Але ці сведчыла эфектыўнае вядзенне гаспадаркі аб хрысціянскім стаўленні да людзей працы? Цяжка казаць увогуле, хаця, як вядома, рабская праца малапрадуктыўная. Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваім класічным творы, што нездарма ж пасля забароны ў 1926 г. пыліўся амаль сем дзесяцігоддзяў у спецфондах партархіва Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, піша, што «нават знешні выгляд панскага двара 2-й пал. XVIII ст. меў на сабе адзнаку гаспадарлівасці. Колькасць пабудоваў, як жылых так і нежылых, разраслася. Акрамя панскага двара ці двара аканома, быў дом адміністрацыйны, г.зн. дом, адкуль ажыццяўлялася кіраванне. Затым ішоў большы ці меншы рад амбараў, стайняў, стадолаў, кладовак, вазоўняў, маштарняў і іншых майстэрняў, кузні, сабакарні. Збожжа захоўвалася ў гумнах. Для жывёлы рабіліся асобныя адрыны, птушнікі для маладых і дарослых птушак. Пры кухні былі скляпы і лядоўні. Тут жа пры двары сустракаем бровар». Што датычыць сялянства, то яго становішча было розным у залежнасці ад рэгіёна і гаспадара, але ў цэлым яно вельмі адрознівалася ад бээсэсэраўскай «безнадзёгі». Так, напрыклад, у Берасцейскім старостве ў 1783 г. да бедных двароў належала 37, 2%, да сярэдніх — 38, 9%, да заможных — 13, 7%, і да багатых — 6, 4%, а сярэдні сялянскі двор меў ад 2-х да 4-х галоваў рабочай жывёлы, 2 каровы, ад 1 да 5 штук маладняку, 3–4 авечкі, 2–4 свінні.
... Аднак вернемся да пытання аб хрысціянскім стаўленні да людзей працы. Частковым адказам, здаецца, можа служыць тое, што на працягу дзясяткаў гадоў у ВКЛ з Расіі збегла аграмадная колькасць сялянаў. І калі засумнявацца, гаварыла ці не Лізавета Пятроўна Аўгусту ІІІ, каб вярнуў каля мільёна збеглых, то можна пачаць з 200 тыс. пры Пятры І, і гэтая лічба ўвесь час павялічвалася. Расейскае памежжа практычна абязлюдзела (ЕГЭ. История. Универсальный справочник.; Дейниченко П. Империя. От Екатерины до Сталина. — Москва, 2007). Ад чаго беглі? Шмат ад чаго, зразумела, што не ад добрага жыцця. Зноў жа, усё пазнаецца ў параўнанні. Ключэўскі ў якасці аднаго з прыкладаў памешчыцкага кіравання, не зважаючы на асобы, згадвае вялікага рускага палкаводца, генерал-фельдмаршала, графа Пятра Аляксандравіча Румянцава, пакаранні якога былі «решительным баловством». «Румянцаў не любіў розгі, аддаючы перавагу палкам, што больш моцна дзейнічаюць на ўражанне <...>; за самы малы крадзеж крапасны селянін караўся адняццем усёй рухомай маёмасці і па цялесным пакаранні адданнем у жаўнеры без даклада барыну. Па „Рускай праўдзе“ падобнае пакаранне насіла назву „потока и разграбления“, але яно належала за самыя цяжкія крымінальныя злачынствы — разбой, падпал, канакрадства. Гэткім чынам памешчык XVIII ст. здолеў быць больш строгім, чым „Руская праўда“ ХІІ ст.». Таму ўцякалі ў ВКЛ, дзе, як піша Доўнар-Запольскі, «сялянскія павіннасці <...> былі адносна невысокія, і памешчыкі павінны былі лічыцца са старымі звычаямі, якія вызначалі сялянскія павіннасці і былі занесены ў інвентар». Пасля першага і другога падзелаў уцёкі працягваліся далей на захад. Адам Хмара, дзеянні якога вылучаліся на фоне парадкаў айчынных земляўласнікаў, таксама рэгуляваў адносіны з сялянамі, зафіксаванымі ў «Інструкцыі для аканома». У адрозненне ад тагачасных прыкладаў жорсткасці, дзе ўсё зводзілася да пераліку злачынстваў і пакаранняў, менскі ваявода разглядаў свае «інструкцыі» хутчэй як заслону ад самавольства адміністрацыі, наказваючы, што з «падданымі шмат цярплівасці, шмат нагляду, шмат працы патрэбна і мала суровасці ўжываць». Было забаронена прымушаць сялянаў да выканання павіннасцяў звыш вызначаных. Увогуле сурова забараняліся ўсялякія злоўжыванні і абцяжарванні. Праўда, для бізуноў таксама знайшлося месца, але не болей за 15 (у Расіі Ключэўскі называе 100). У важнейшых справах трэба было звяртацца да кіраўніка ці да гаспадара, на міласэрнасць якога заўсёды можна было разлічваць, не кажучы ўжо пра падзеі больш прыемныя: на вяселлі з гаспадарскага двара выдавалася багата піва і гарэлкі. Аляксандр Ельскі, наш гісторык, этнограф, краязнаўца, пісьменнік, перакладчык, публіцыст і проста руплівец на нацыянальнай ніве, чалавек цнатлівы, які сам у сваім маёнтку Замосце вёў узорную гаспадарку і дасканальна ведаў прадмет, у кнізе «Нарыс звычаяў шляхты ў супастаўленні з эканомікай і доляй народу ў Польшчы і Літве» (Кракаў, Т. 1–2, 1897–1898), робячы агляд узорных гаспадарак у менскім ваяводстве, першым адзначае ўладальніка «слаўнага Сёмкава», у якога «дзясятнікі, род вясковай паліцыі, мелі абавязак даносіць пану аб кожнай крыўдзе люду <...>. Уладальнік, прыроджаны гаспадар і адміністратар, сам пільна ўваходзіў ва ўсе дэталі, хоць меў верных і сумленных памочнікаў <...>, сёмкаўскі варштат быў узорам для Меншчыны, аб чым засталася традыцыя <...> і сведчанні цудоўнага мінулага ў каменных збудаваннях, старажытных агародах, алеях, нарэшце ў пышнай <...> рэзідэнцыі ваяводы».
Лёс спадчыны Адам Хмара быў у шлюбе з 1757 г. з Марыянай з Войнаў Аранскіх. Не пакінуўшы нашчадкаў, ён памёр 30 траўня 1805 г. у Сёмкаве і быў пахаваны ў касцёле ў Дубровах. Некралог у «Кур’еры Літоўскім» у шэрагу разнастайных заслугаў святой памяці нябожчыка аб’яўляў усім, што: «Муж той для мужычкоў быў айцом і дабрадзеем; і цяпер памятку пакінуў, дараваўшы ім гадавы ўсялякі манархічны падатак, а слугам <...> прызначыў аплаціць падвойную гадавую пенсію <...>. Быў прыкладам Касцёла, робячы новыя фундацыі ў Гіжах, Гродку <...> і Дубровах. Упаў кедр <...> чорны крэп пакрыў усё, і тую дабрачынную руку, якая шчодра адорвала сваякоў і бедных». Спадчына Адама Хмары перайшла да яго роднага брата Яахіма, войскага менскага, таксама добрага гаспадара, але далейшыя пераемнікі апошняга менскага ваяводы не здолелі стаць годнымі прадаўжальнікамі яго справы: на працягу ХІХ ст. высякаліся вялікія лясныя абшары, знішчалася дзічына, рапрадаваліся фальваркі, а ў снежні 1888 г. уладанні былі выстаўленыя на таргі. Каштоўныя зборы рассеяліся (частку збораў, у тым ліку партрэт апошняга менскага ваяводы, набыў Аляксандр Ельскі). …Нягледзячы на ўсё гэта, водбліск былой велічы яшчэ праглядваўся да таго часу, пакуль канчатковы ўдар не нанеслі саветы, якія ўсё разбурылі і апаскудзілі. «Беларускі Версаль», аздоба Меншчыны, стаў па волі новай ўлады дзіцячым прытулкам, а сёння ён ляжыць пад пылам забыцця — паўсюль брыдота запусцення…
Штрых да партрэту Барталамей Міхалоўскі прыгадвае, што яснавяльможны Хмара быў чалавекам надзвычай ласкавым, нават тады, калі найвялікшая ласкавасць характарызавала ўсё наша грамадства. Хто яго ведаў, мог быць упэўненым, што на гадавіну свайго нараджэння ці імянінаў атрымае ад яго ўласнаручны віншавальны ліст. Калі яго наведаў найубогі шляхціц, назаўтра ён чакаў візіту ў адказ. Хоць быў сенатарам і ўплывовым панам, але кожнаму нізка кланяўся. Быў паўсюдна шанаваны і любімы так, што калі кагосьці за ласкавасць хвалілі, найвялікшымі былі словы — «ён ласкавы, як пан ваявода менскі», а гэтыя якасці спалучаў з вялікаю пабожнасцю і рэдкімі цнотамі...
ЛІТАРАТУРА
|
|
|