Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Айцец Аркадзь КУЛЯХА

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ

Святы Юзаф — гэта пакорны святы! Ён ціхі, маўклівы, нібы з боку, хоць заўсёды рашучы, працавіты і актыўны. Такім паказвае яго Евангелле і Традыцыя Касцёла, а таксама сведчанні святых. З нагоды 150-й гадавіны абвяшчэння святога Юзафа Апекуном паўсюднага Касцёла папа Францішак напісаў, што Юзаф, які стаў бацькам у цені, знайшоў шчасце ў дары самога сябе1. Святы Айцец дадае, што такі дар магчымы ў выпадку ахвярнай сталасці чалавечай асобы, бо калі «пакліканне ці то сужэнскае, ці да цэлібату, ці да дзявоцтва не дасягае сталасці ў дары сябе, затрымліваючыся толькі на логіцы ахвяры, то замест таго каб быць знакам прыгажосці і радасці любові, можа стаць выразам няшчасця, смутку і расчаравання»2. Варта асаблівым чынам у год, прысвечаны св. Юзафу, паглядзець на «аздобу сямейнага жыцця» не толькі духоўна, але таксама праз творы сакральнага мастацтва, сярод якіх шмат алтароў, абразоў, фігураў і ферэтронаў, што з розных бакоў паказваюць асобу зямнога бацькі Божага Сына.

 

З гісторыі Гудагая

Мястэчка Гудагай вядомае не толькі ў нашай краіне дзякуючы славутаму ласкамі абразу Маці Божай. Згодна з жаданнем фундатараў касцёла, задумай архітэктара ды кармэлітаў босых, апекуноў санктуарыя, Марыя змешчана ў галоўным алтары над табэрнакулюмам з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Яна глядзіць са свайго абраза на кожнага, хто заходзіць у святыню, а вернікі адразу кіруюць свой позірк на Яе. З правага боку ў касцёле ёсць алтар Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а ў ім, на самым версе, абраз Маці Божай з касцёла ў Слабодцы. Насупраць — святы Казімір, які заахвочвае да вернасці Пану Богу. Амаль незаўважным застаецца змешчаны ў пераносным алтарыку ў канцы касцёла абраз св. Юзафа, які пакорна і ціха трывае ў адарацыі Езуса Хрыста. Святы пастаянна знаходзіцца побач з канфесіяналам, нават крыху схаваны за ім. Калі наступае час працэсіі з нагоды розных урачыстасцяў, алтарык здымаюць і нясуць, і тады ва ўсёй красе можна убачыць прыгажосць св. Юзафа на гудагайскім абразе...

Гудагай — гэта вёска ў Астравецкім раёне, якая ў XVIII стагоддзі належала роду Развадоўскіх, а з 1735 года стала ўласнасцю Людвікі Войны з Сулістроўскіх, жонкі дзісненскага старосты. Менавіта Войны пабудавалі тут касцёл і кляштар для кармэлітаў босых. З акта фундацыі кляштара, які датаваны 19 студзеня1764 г., даведваемся, што ў касцёле быў змешчаны абраз Маці Божай Гудагайскай, які славіўся «цудамі ўжо сто гадоў». Ужо ў 1736 годзе фундатарка пабудавала ў Гудагаі новую капліцу, у якой змясцілі абраз Маці Божай. Папярэднюю каплічку спалілі шведы ў 1656 годзе. Часта бывала так, што фундатары будавалі касцёлы як дар (votum) для Бога з мэтаю выпрасіць нейкую ласку або падзякаваць за яе. Ганна Война хацела такім чынам выпрасіць вечнае збаўленне для свайго першага мужа Міхала Козела-Паклеўскага, які трагічна загінуў падчас нападу разбойнікаў, калі вяртаўся з Варшаўскага сейма. Памерлы адышоў з гэтага свету без святых сакрамэнтаў і ў сне турбаваў жонку, таму яна хацела, каб вернікі маліліся падчас набажэнстваў аб вечным супакоі для яго. Войны ў 1763 годзе пабудавалі ў Гудагаі касцёл, у якім быў змешчаны славуты ласкамі абраз Маці Божай і запрасілі для апекі над ім кармэлітаў босых, якія служылі ў недалёкай Вострай Браме ў Вільні. Паколькі навакольныя вёскі і сам Гудагай былі дастаткова люднымі, то ў 1777 годзе касцёл стаў парафіяльным3. Пасля Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў парафія, касцёл і кляштар былі ліквідаваныя царскімі ўладамі. Касцёл аднавіў сваю дзейнасць толькі ў 1907 годзе, а кармэліты босыя вярнуліся ў Гудагай у 1990 годзе.

 

Культ св. Юзафа ў кармэліцкім ордэне

Кармэліты босыя, якія апекаваліся святыняй, клапаціліся таксама пра ўбранства касцёла і Божы культ. Асаблівай рысай духоўнасці і пастырскага служэння кармэліцкага ордэну з’яўляецца набажэнства да св. Юзафа. На пачатку ХІІІ стагоддзя на гары Кармэль манахі, якіх называлі братамі Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудавалі касцёл і кляштар у гонар Маці Божай. Адтуль па волі Божай ордэн пакрочыў па Еўропе, а з цягам часу па ўсім свеце. Кармэліты развівалі культ Багародзіцы, а таксама св. Юзафа, аб чым сведчаць гістарычныя дакументы. Адзін з аўтараў, кармэліцкі тэолаг і гуманіст Арнольд Бостый (Bostius), у 1479 годзе напісаў, што ордэн з асаблівай павагай ушаноўвае Маці Божую, Яе бацькоў св. Ганну і св. Яўхіма, а таксама Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, апекуна Святой Сям’і — св. Юзафа. Аўтар называе святога Юзафа «нявіннікам і некранутым чалавекам, намеснікам вечнага Бога, карміцелем і самым клапатлівым эканомам і зямным прыёмным бацькам, узлюбленым абраннікам Марыі, найвярнейшым апекуном і сведкам Яе дзявоцтва; па прыкладзе сваёй Абранніцы — самым руплівым у справе збаўлення душаў і дасканалым у любой цноце»4. Прыведзеныя словы сведчаць аб тым, што кармэліты ўсведамлялі ролю св. Юзафа ў таямніцы Езуса, Марыі і Касцёла, які называе св. Юзафа слугою збаўлення5. У выдадзеным у другой палове XV стагоддзя кармэліцкім Брэвіярыі св. Юзаф меў свой уласны афіцый з гімнамі, антыфонамі і чытаннямі. Асаблівым чынам развіццю культу св. Юзафа паспрыяла св. Тэрэза ад Езуса (1515–1582 гг.), фундатарка кармэлітак босых і інспіратар рэформы кармэлітаў, у выніку якой з’явіліся кармэліты босыя. Св. Тэрэза даручыла сваё жыццё і справу рэформы менавіта св. Юзафу. На пачатку манаскага жыцця святая моцна захварэла, а выздараўленне прыпісвала заступніцтву св. Юзафа: «Убачыўшы сябе ў такім маладым узросце нямоглай, пакінутай зямнымі ўрачамі, я вырашыла звярнуцца да нябесных лекараў, каб яны вылечылі мяне, бо я так хацела здароўя. <...> Я абрала сабе заступнікам і патронам хвалебнага св. Юзафа, шчыра даручаючыся Яму. І я дакладна даведалася, што, як у гэтай патрэбе, так і ў іншых больш пільных справах, якія датычылі майго гонару і згубы маёй душы, гэты мой Айцец і Апякун выратаваў мяне ды зрабіў мне больш дабра, чым я магла прасіць»6. Наследуючы сваю настаўніцу і маці, духоўныя сыны св. Тэрэзы ва ўсіх супольнасцях пашыралі набажэнства да св. Юзафа ды імкнуліся праз іканаграфію, малітвы, навучанне, казанні ды іншым чынам аддзячыць магутнаму святому Заступніку і засведчыць яго апеку вернікам. Безумоўна, таксама было і ў Гудагаі, куды кармэліты босыя прыбылі з кляштара св. Тэрэзы ад Езуса ў Вільні, які меў ужо шматгадовую традыцыю, паколькі быў заснаваны ў 1654 годзе. У самой Вільні кармэліты босыя пасяліліся яшчэ раней, у 1626 годзе.

 

Гудагайскія ферэтроны

У гудагайскім касцёле, які, згодна з фундатарскай традыцыяй, быў забяспечаны ўсім неабходным для правядзення набажэнстваў, ёсць два ферэтроны. Відавочна, звязана гэта з брацтвамі Маці Божай Шкаплернай і св. Юзафа, якія існавалі пры кармэліцкіх святынях. Прадстаўнікі паасобных брацтваў насілі ферэтроны ў працэсіях і дбалі пра іх належны стан у касцёле. Слова «ферэтрон» паходзіць ад лацінскага «fero» — «нясу» і «thronus» — «трон» і азначае розных памераў алтарык, у якім змешчаны дзве выявы, пераважна Езуса, Маці Божай, св. Юзафа або іншых святых, напрыклад, апекуноў дадзенай мясцовасці. Гудагайскія ферэтроны не аднолькавыя: адзін з іх, у эклектычным стылі, змяшчае намаляваны на блясе па два бакі абраз Маці Божай Шкаплернай і св. Юзафа з Дзіцяткам Езусам. Разьбяны ажурны картуш змешчаны на невысокім століку з прыгожа выгнутымі ножкамі, аздобленым пазалочанымі расліннымі элементамі. Багатая рама з рысамі неабарока надае ферэтрону ўзнёсласць і лёгкасць.

 

Старажытны абраз св. Юзафа

Выява св. Юзафа знаходзіцца ў алтарыку, выкананым у стылі ракако. Ён значна большы і здаецца, што старэйшы. Рама з арнаментам ракайль з ажурнымі, увагнутымі па баках элементамі з валютавым аздабленнем, змешчана на плоскім пастаменце ў форме падоўжанага прастакутнага паралелепіпеда з дзвюма адтулінамі для змяшчэння парэнчаў, на якіх трымаюць ферэтрон у часе працэсіі. На версе рэтабло з двух бакоў выкананыя профільныя гзымсы, пад якімі змешчаныя хрыстаграма і манаграма імя Марыі. Ферэтрон звянчаны адкрытай каронай. У ніжняй частцы картуша ў сярэдзіне поля з абодвух бакоў — разьбяны герб кармэліцкага ордэну. Ажурная рама пры абразах сіметрычна аздоблена разьбянымі элементамі ў форме кветак. Прамавугольная акантоўка абразоў па баках становіцца выгнутаю ўнізе і імітуе скляпенне ўверсе, дзякуючы чаму здаецца лёгкай і ўрачыстай. Арнаментальна-дэкаратыўная разьба алтарыка часткова пазалочаная, часткова пакрытая серабром. Ферэтрон сваёй формай нагадвае шчыт, у цэнтры якога змешчаны абразы Марыі і Юзафа, аднак чалавек з душой паэта можа ўбачыць тут таксама контуры сэрца. Разьбяны дэкор алтарыка гарманічна спалучаецца з абразамі. На аверсе змясцілі абраз Маці Божай Гудагайскай, намаляваны на палатне. Яго аўтар імкнуўся перадаць дабрыню і любоў Маці Божай, якая трымае на руках Дзіцятка Езуса, якое туліцца да Яе шчакі. Абедзве постаці пранікнёным позіркам глядзяць наперад, непасрэдна на тых, хто перад абразом. Пан Езус праваю рукою пяшчотна дакранаецца да падбародка Маці, абдымаючы Яе. Абраз упрыгожылі стальным чаканным акладам. На галаве Езуса і Марыі бачым закрытыя кароны, звянчаныя крыжамі. На рэверсе ферэтрона знаходзіцца абраз св. Юзафа з Дзіцяткам Езусам. Кампазіцыя выявы нагадвае абразы Маці Божай: тут зямны тата трымае на каленях Сына — Езуса Хрыста, які выцягнутаю праваю рукою благаслаўляе, а леваю далоняю трымаецца за руку св. Юзафа. Зямны бацька Езуса з сур’ёзным, чулым і спакойным тварам, у задуме, якая нагадвае кантэмпляцыю, глядзіць у тым жа напрамку, што і Езус. На заднім фоне Боскага Збавіцеля змешчаны чаканны скіпетр як сімвал вечнай улады. Папа Францішак напісаў, што Езус бачыў пяшчоту Бога ў св. Юзафе7. Здаецца, што гудагайскі абраз дакладна паказвае менавіта такога св. Юзафа. Як і выява Маці Божай на аверсе, абраз зямнога Апекуна Сына Божага намаляваны на палатне і ўпрыгожаны стальным чаканным акладам. Даволі багаты дэкор аклада напоўнены расліннымі і кветкавымі матывамі. Ад галавы Езуса і св. Юзафа сыходзяць чаканеныя ў блясе праменні. Босыя стопы Езуса можна інтэрпрэтаваць такім чынам, што Збавіцель спадзяецца на дапамогу свайго зямнога таты, якога папа Францішак называе адважным, працавітым, творчым і рашучым.

Звестак пра паходжанне і аўтарства гудагайскага абраз св. Юзафа і ферэтрона няма ні ў фундацыйным акце, ні ў апісанні асвячэння касцёла. Адсутнічаюць таксама мастацкія даследаванні. Мяркуем, што алтарык паходзіць з XVIII ст. Абраз можа быць часткаю большай выявы, намаляванай у іншым часе, якую выразалі і змясцілі ў ферэтроне. Пакінем гэтую справу гісторыкам і мастацтвазнаўцам. Беручы пад увагу пакручасты лёс касцёла, можна сказаць, што ферэтрон, хоць і крануты часам і абставінамі, добра захаваўся да нашых дзён.

Кармэліты босыя, якія лічаць св. Юзафа апекуном свайго ордэну, таксама і сёння стараюцца пашыраць яго культ у парафіях, дзе Божы Провід праз біскупа даручыў ім служэнне.

Няхай жа святы Юзаф, якога папа Францішак характарызуе як умілаванага, пяшчотнага, паслухмянага бацьку, які з творчай адвагай працуе і застаецца ў цені, у год, яму прысвечаны, стане натхненнем і ўзорам бацькоўства для мужчын нашай краіны ды апекуном для кожнага чалавека.


  1. Гл. Апостальскі ліст Святога Айца Францішка Patris Corde, 7.
  2. Тамсама.
  3. Гл. Аркадзь Куляха, «Абраз Маці Божай у Гудагаі», — Мінск, выд. «Про Хрысто», 2014.
  4. A. M. FORCADEL, Ritus carmelitarum antiquae observantiae, «Ephemerides Liturgicae», fasc. 1 (1950), s. 5–59; O. SPIKKER, Carmelitani — Rito Liturgico, [у:] Dizzionario degli istituti di perfezione, т. II, Roma 1975, s. 508–511.
  5. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Redemptoris custos, 14.
  6. Тэрэза ад Езуса, Кніга майго жыцця, 6.6–8.
  7. Пар. Апостальскі ліст Святога Айца Францішка Patris Corde, 2.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY