Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Андрэй ДУБІНІН

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Галерэя - дадатак да артыкула

У 2008 годзе я быў запрошаны распісваць адноўлены пасля землятрусу храм у Cava de’ Tirreni — італьянскім горадзе-пабраціме беларускага Нясвіжа. Поўны назоў храма — базыліка святых Францішка і Антонія (Convento San Francesco e Sant’Antonio Cava de’ Tirreni). У 2011 годзе падрэ Луіджы даў мне заданне на стварэнне цыклу, прысвечанага жыццю святога Францішка. Карціны паводле дзевяці сюжэтаў павінны былі заняць адмысловыя архітэктурныя нішы на сценах цэнтральнай навы базылікі. Памер кожнай нішы — 100 на 220 сантыметраў, даволі складаная задача, бо фігуры маглі быць размешчаны толькі па прынцыпе фрыза, што задавала невялікі іх рост і да таго ж абмежаванасць стужкай з назвай унізе. Падрэ Луіджы тлумачыў мне сюжэт кожнай выявы, а потым я паказ­ваў яму свае эскізы. У астатнім мне была дадзена поўная свабода…

Мне вельмі падабаецца формула «мастацкі вобраз даволіць сабе» («художественный образ доволит себе»). Гэтыя словы філосафа А. Ф. Лосева выразна паказваюць рамкі і задачы функцыянавання мастацкага вобраза, які сам па сабе і ёсць сутнасцю мастацкага твора. Дадам, што вытокі гэтага выказвання знаходзяцца ў біблійным «доволит дневи злоба его» (у сінадальным рускім перакладзе), ці «хопіць кожнаму дню свайго клопату» (Мц 6, 34). Проста кажучы, добра скампанаваны мастацкі вобраз нясе ў сабе дасканалую структуру, у якой можна «счытаць» усё важнае і неабходнае, не прыбягаючы да літаратурнай ілюстратыўнасці.

Кожная карціна ўтварае раз­дзел, які пачынаецца з кароткага літаратурнага сюжэта з жыцця св. Францішка; далей — візуальнае пераўвасабленне прачытанага і, нарэшце, апісанне кампаноўкі згаданага сюжэта. Мне хочацца пазнаёміць беларускіх чытачоў са сваёю працаю.

 

«Сустрэча св. Францішка з распяццем»

Пачну са зместу сюжэта. Святы Францішак у 1204 г. вырашае далучыцца да крыжовага паходу і едзе да месца збору войскаў, але па дарозе, у горадзе Спалета, бачыць сон, які прымушае яго вярнуцца. З гэтага часу ён праводзіць шмат гадзінаў на малітве ды цураецца старых забаваў, а таксама пачынае даглядаць хворых на праказу.

Праз некаторы час у касцёле св. Дам’яна, недалёка ад Асізі, Францішак маліўся перад выяваю Хрыста ўкрыжаванага, і нечакана Хрыстус на выяве ажыў ды звярнуўся да юнака са словамі: «Францішак, Францішак, адбудуй Мой дом, бо глядзі, ён руйнуецца»...

Першым кампазіцыйным рухам для мастацкага вырашэння сюжэта «Св. Францішак перад распяццем» была думка літаральна «зарыфмаваць» святога з апорным слупом. Гэтак я і зрабіў, перакрыўшы чатырохгранны слуп (важна, што слуп, а не круглую, таму «бязвольную», калону) зграбнай постаццю Францішка. Увесь храм зрокава нібы абапёрся на гэтую фігуру, якая нават троху «прысела» ад нечаканага цяжару. На карціне нібы спаборнічаюць дзве крыніцы святла — знешняя, мірская, і святло ад распяцця. Малады Францішак стаіць перад выбарам, але ён сам і ёсць цэнтральнай апорнай кропкай гэтых шаляў лёсу, шаляў уласнага выбару і паклікання.

 

«Св. Францішак перад папам Інакенціем ІІІ»

У лютым 1209 года Францішак чуе на Імшы чытанне з Евангелля паводле Мацвея, у якім Хрыстус заклікае вучняў ісці прапаведа­ваць Ягонае слова, нічога не беручы з сабою, і Францішак адчувае, што гэта ягонае пакліканне. З гэтага моманту ён пачынае прапаведаваць пакаянне. Хутка да яго далучаецца першы вучань, Бэрнард, які аддае ўсю сваю маё­масць на аднаўленне святыняў. За год колькасць вучняў дасягае адзінаццаці. Супольнасць называе сябе «fratres minores», што азначае «меншыя браты». Ад самага пачатку гэтыя прапаведнікі адрозніваюцца ад іншых надзвычайнай бадзёрасцю, славячы Бога не толькі казаннямі, але і спевамі. У тым жа 1209 годзе Францішак вядзе нованароджаную супольнасць у Рым, каб атрымаць благаслаўленне папы Інакенція III. Папа спачатку адмаўляе ім у аўдыенцыі, але на наступную ноч бачыць сон, у якім сцяну храма, што вось-вось абваліцца, падтрымоўвае маленькі чалавек у жабрацкай вопратцы. Ранкам ён разумее, што чалавек у сне — гэта той самы жабрак, які прыходзіў да яго днём раней, і прымае меншых братоў, і благаслаўляе іх.

Ствараючы гэтую карціну, я ўжыў прыхаваную цытату з «Паклікання Мацвея» Карава­джа, дзе ўказальны рух Хрыста ўзмоцнены паралельным яму промнем сонца, а сустрэчны рух фігуры папы Інакенція ІІІ падкрэслены падаючым снапом сонечнага святла, яно і благаслаўляе, і асвячае дзейнасць супольнасці «меншых братоў» пад кіраўніцтвам Францішка. Твор Караваджа паказвае момант паклікання Левія Мацвея, і я хацеў падкрэсліць праз гэтае папскае благаслаўленне найвышэйшы сэнс паклікання нябеснага да подзвігу прапаведавання Евангелля.

 

«Сустрэча св. Францішка і св. Клары»

Супольнасць меншых братоў працягвае прапаведніцкую дзейнасць. Казанні Францішка вельмі кранаюць Клару, дзяўчыну з высакароднай сям’і, і яна вырашае пайсці ў манашкі, але яе бацькі супраць такога выбару дачкі, і тады Францішак і ягоныя вучні дапамагаюць Клары збегчы з дому, і яна засноўвае манаскі ордэн бедных жанчын, які ў прастамоўі называюць ордэнам Кларысак.

У карціне «Сустрэча св. Францішка з распяццем» я раскрываў сюжэт пры дапамозе архітэктурнага элемента — апорнага слупа, якому прыпадобніў маладога Францішка. Паколькі з’яўленне жаночага манаскага ордэну адкрыла і жанчынам магчымасць служэння Хрысту па прыкладзе «меншых братоў», мне падалося лагічным, што ў гэтым сэнсе францішканства набыло завяршэнне накшталт архітэктурнага скляпення, што абапіраецца на дзве процілеглыя сцяны. Прадаўжэнне сілуэтаў Францішка і Клары ўтвараюць арку скляпення, гэта скляпенне крыжова-купальнае, крыж — у аснове гэтага тыпу перакрыццяў. Я разумею пэўную штучнасць, літаратурнасць такога апісання, але ў карцінным увасабленні яно не мае «літаратурнай праграмнасці». Лініі і рухі фігураў і архітэктурных матываў утвара­юць рытмічны малюнак суцэльнага мастацкага вобраза.

 

«Св. Францішак атрымлівае стыгматы»

17 верасня 1223 года, падчас малітвы на гары Альверна, Францішку з’явіўся вобраз укрыжаванага серафіма. Калі ён знік, на руках, нагах і грудзях Францішка засталіся стыгматы. Манах, які быў сведкам гэтага здарэння, расказаў аб ім толькі пасля смерці Францішка...

Для фарміравання кампазіцыйнага рашэння гэтай карціны ключавымі сталіся словы аб тым, што падзея адбывалася каля гары Альверна, што сваім сілуэтам была падобная да Галготы. У мяне адразу склаўся вобраз святога Францішка, які перажыў пакутніцкія мукі Хрыста. Звычайна ў мастацтве паказаны Францішак, які прымае стыгматы, падстаўляючы далоні пад промні. Аднак я нібы адчуў, што святы ў той момант пачуваў сябе, нібы на крыжы, з раскінутымі рукамі. На карціне ён зрокава «прыбіты» да гары Альверны-Галготы, як да крыжа. У пэўным сэнсе я падсумаваў знаходкі іншых мастакоў, і гэта мая сціплая заўвага самому сабе — я спадзяюся, што не схібіў і сумленна выказаў свае перажыванні праз пластычны вобраз. У кожнай эпохі ёсць свае агульнапрынятыя зрокавыя клішэ, кожны мастак творыць свае вобразы ў межах агульнапрынятага, парушаючы візуальны код на меру свайго таленту.

Тое, што на маім палатне св.Францішак укленчыў, тлумачыцца патрэбаю павялічыць яго фігуру ў фармаце, бо ад пачатку, паўтаруся, быў зада­дзены памер 100 сантыметраў па вышыні і 220 сантыметраў па гарызанталі, і абавязковым элементам была стужка з назваю сюжэта.

 

«Св. Францішак прапаведуе перад птушкамі»

…Ёсць мноства літаратурных клішэ, пабудаваных на параўнанні гаворкі або малітвы з журчаннем ручая ці плёскам вады. Мне падалося, што натуральна проста паказаць гэта праз зрокавую метафару. Святы гаворыць сваё казанне на фоне жыватворчага ручая, што бяжыць з гары, і гэты бег нішто не здольна спыніць — вада знойдзе сваю трыбачку-сцяжынку да кожнага. Ручай драбіцца на ручайкі: адзін бя­жыць да вучняў у схованцы, другі кіруецца да птушак. У кожным разе ён здольны спатоліць смагу высокага і духовага…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY