Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Айцец Аляксандр ЖАРНАСЕК MIC

УСЕ СУДЫ ТВАЕ ПРАВЕДНЫЯ

З кнігі «Памілаваныя»

І сказаў Пан Майсею: Я пакажу табе ўсю славу Маю і выяўлю перад табою імя Яхвэ, і каго памілаваць — памілую, каго пашкадаваць — пашкадую.

Гл. Зых 33, 19.

Калі я дзялюся тым, што Бог мяне памілаваў, вызваліўшы ад страхаў, калі думаю, што Бог памілаваў таксама іншых, сярод якіх ёсць мае знаёмыя і сябры, міжволі ўзнікае пытанне: чаму Бог не памілаваў усіх? Чаму многія вернікі і надалей змагаюцца са сваімі страхамі? Чаму адных Бог цудоўна аздаравіў, а іншых — не? Перакананы, што гэтае пытанне задаюць многія, і таму хачу і нават лічу неабходным паспрабаваць адказаць на яго. Разумею, што пытанне гэтае няпростае і адказ на яго таксама не можа быць банальным. Адказ на такое пытанне — гэта мая нясмелая спроба, якая, хутчэй, вынікае з веры, а не з лагічных чалавечых разважанняў.

Найперш хачу звярнуць увагу на тое, што характар Божага дзеяння праяўляецца ў тым, што Ён выбіральна дзейнічае праз некаторых людзей і ў адпаведны час. У Яго дзеяннях няма такой жаданай нам універсальнасці — усё для ўсіх і ва ўсе часы. Мы чуем з вуснаў Хрыста: «Шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі… І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана» (гл. Лк 4, 25–27). Вядома, можна падумаць, што гэтыя людзі былі найбольш годнымі таго, каб іх памілаваў Бог, але, шчыра кажучы, асабіста мне не хочацца пагадзіцца з тым, што ва ўсім Ізраэлі не знайшлося больш ніводнага годнага чалавека, да якога мог бы наведацца Бог. Зразумела, што гэтыя словы Езус кажа для таго, каб паказаць габрэям, што язычнікі аказаліся больш годнымі перад Богам, чым габрэі. Зразумела, што гаворка тут пра агромністы крызіс веры ў выбраным народзе. І ўсё ж, ці можна з упэўненасцю сказаць, што апроч іх не знайшлося ніводнага годнага? Магу памыляцца, але падаецца, што Божыя людзі дзе-нідзе, але заўсёды былі. Асабіста я больш схільны думаць, што гаворка тут хутчэй пра свабодны і мудры выбар Бога, а не пра горшых і лепшых, вартых альбо нявартых Яго памілавання, якія заслужылі альбо не Божую спагаду да сябе сваёй святасцю і верай.

Гэтая тэма ўзнікае таксама ў шматлікіх евангельскіх гісторыях. Езус аздараўляе многіх хворых і вылечвае пракажоных, але ж і надалей у Ізраэлі заставаліся хворыя і пракажоныя. За Езусам бегалі людзі, хацелі Яго затрымаць, бо Ён не ўсіх яшчэ аздаравіў, а Ён мог спакойна дазволіць сабе адысці ў іншы горад, бо там таксама трэба было прапаведаваць і там таксама былі хворыя. Ці азначае гэта, што Ён аздаравіў самых святых і годных, а іншыя не заслужылі Яго міласці? Езус уваскрашае Лазара. Няўжо з усіх памерлых у Ізраэлі Лазар быў самым годным таго, каб Божы Сын вярнуў яго да зямнога жыцця? Езус патрабуе ад людзей веры для аздараўлення, захапляецца гераізмам веры некаторых з іх, але, разам з тым, мы чытаем, як Ён уваскрасіў сына адной удавы, якая нават не прасіла Яго аб гэтым, не праявіла аніякага гераізму веры. І ўвогуле мы нават нічога не ведаем ні пра саму яе, ні пра яе сына. Чаму ж тут Хрыстус не патрабаваў веры? «Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: „Не плач!“ І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: „Хлопча, кажу табе, устань!“ Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай» (Лк 7, 13–15). Няўжо ўсе яны былі больш годнымі за іншых? А зрэшты прыгадаем, як Хрыстус выбіраў дванаццаць апосталаў. Ці можам мы сказаць, што Ён паклікаў самых годных, святых, самых прававерных?

Думаю, што, разважаючы над усімі гэтымі пытаннямі, можна прыйсці да высновы, што выбар Божы не паддаецца чалавечай логіцы і чаканням. Бог выбірае і літуецца над намі, не ўлічваючы нашых заслугаў альбо праведнасці. Гэта проста Яго выбар, і Ён, Бог, мае на гэта права. Хіба што найбольш ярка гэтая думка гучыць у Кнізе Другазаконня: «Ты — народ, прысвечаны Пану, твайму Богу. Цябе выбраў Пан, Бог твой, каб сярод усіх народаў, якія існуюць на паверхні зямлі, ты быў Яго ўласным народам. Пан выбраў вас і знайшоў упадабанне ў вас не таму, што колькасцю ты перавысіў усе народы, бо сярод усіх ты найменшы, але таму, што Пан палюбіў вас» (гл. Дрг 7, 6–8). Бог выбраў народ не таму, што гэта быў найлепшы народ, больш магутны, больш правільны, больш святы. Выбраў, бо палюбіў.

Гэтая логіка свабоднага выбару Бога бачная і ў нашым штодзённым жыцці. Часам мы чуем пра тое, як Бог цудоўным чынам некага аздаравіў, і многія тады пачынаюць задаваць пытанні: «А чаму не мяне? Чаму не ўсіх? Чаму не таго альбо іншага чалавека?» Іншым разам мы чуем, як Бог дае камусьці заданне, нейкае асаблівае заданне, дае духоўныя дары. Напрыклад, хтосьці атрымлівае дар прароцтва, хтосьці — дар моваў, іншы пакліканы быць заступнікам у малітве, яшчэ з кімсьці Бог гаворыць праз тыя ці іншыя знакі, праз сны. І ўвесь час тады перад намі паўстаюць адны і тыя ж пытанні. Адны абурана крычаць Богу: «Чаму не я, а іншыя?» Іншыя ж у страху Божым, часам у душэўных ранах або і ў комплексах, часам з пачуццём адкінутасці крычаць: «Божа, чаму Ты даручаеш гэта мне, а не камусьці яшчэ? Адыдзі ад Мяне, Пане, бо я чалавек грэшны… Ёсць жа больш годныя Твайго выбару…» Хтосьці ўсклікае: «Божа, чаму так позна?» А іншыя: «Божа, чаму так рана? Я яшчэ не гатовы!» Так ці інакш, але нам часта бывае цяжка прымірыцца з логікай Божага выбару.

Дык што ж нам рабіць? Мабыць, усім нам трэба скарыцца і прыняць праўду пра тое, што калі Бог некага выбірае, некага памілаваў, то гэта не азначае, што Ён менш любіць іншых альбо яны менш годныя. Паўтару, што нам цяжка гэта зразумець, і таму кажу, што трэба проста скарыцца перад свабодным выбарам Бога. Думаю, што добрым прыкладам да нашых разважанняў можа быць логіка стварэння сям’і. Калі мужчына бярэ за жонку сваю абранніцу, то ці азначае гэта, што яна самая лепшая ў свеце, самая здольная, самая прыгожая і г.д.? Зразумела, што некаторыя дзяўчаты так і лічаць, але трэба згадзіцца з тым, што, напэўна ж, ёсць і больш пабожныя, прыгажэйшыя, больш здольныя. Проста мужчына пакахаў менавіта яе, выбар зроблены, і цяпер ён павінен быць верны той, якая і не самая-самая. А калі праз нейкі час ён убачыць, што ёсць жанчыны прыгажэйшыя і больш здольныя, і іх нават шмат, то гэта ж не азначае, што муж павінен разлюбіць сваю абранніцу, пакінуць яе і пабегчы за «лепшымі». Зразумела, што прыкладаў сужэнскай нявернасці і здрады шмат, але тады мы кажам пра нясталасць, павярхоўнасць, безадказнасць, пра выключна свецкі падыход у адносінах. Калі ж мы разважаем пра сапраўдную, глыбокую любоў паміж мужам і жонкай, то гаворым, што такая любоў не шукае лепшага альбо, кажучы словамі апостала Паўла, не шукае свайго (1 Кар 13, 5). Сапраўдная любоў верная свайму выбару, яна трывае (гл. 1 Кар 13, 8).

Спадзяюся, што гэтае параўнанне любові паміж мужам і жонкай дапаможа нам пераканацца, што той ці іншы выбар Бога не дзеліць людзей на больш годных і менш годных. Чаму ж мы так часта не разумеем гэтай праўды пра свабодны выбар Бога? Чаму нам так цяжка з гэтым выбарам Бога згадзіцца?

Бачу тут дзве асноўныя прычыны — грэх чалавека і раны ягонага сэрца. Калі гаворым пра раны сэрца, то маем на ўвазе балючыя перажыванні чалавека. Часам гэтыя раны вынікаюць з твайго асабістага граху, а часам ты зусім ні пры чым, проста цябе не любілі, і не твая ў гэтым віна. Гэтыя дзве катэгорыі людзей — грэшнікаў і людзей з параненымі сэрцамі — я заўсёды бачу перад сабой, калі прапаведую Божае слова. Аднойчы гэтае назіранне было вельмі яскравым і трохі нават смешным. Адна маладая дзяўчына падзялілася са мной, што маці ніяк не можа прабачыць ёй памылак, граху і ўвесь час, пры нагодзе і без нагоды, папракае яе ды асуджае. Падчас казання я хацеў звярнуць на гэта ўвагу. Тая жанчына сядзела на Імшы разам са сваёй дачкой. Я пачаў заклікаць вернікаў да пакаяння, казаць, што ўсе мы грэшнікі, і нават тыя, хто бясконца папракае іншых ды лічыць сябе праведнікамі, таксама грэшнікі. Вядома, я не мог адкрыта сказаць, што кажу гэтыя словы, думаючы менавіта пра тую жанчыну. І якім жа было маё здзіўленне, калі я заўважыў, як яна замест таго, каб задумацца над маімі словамі, узважыць свае ўчынкі, сядзела і ўсю Імшу мімікай, рэплікамі, жэстамі… папракала сваю дачку. Яна так нічога і не пачула, бо ёй гэтак хацелася яшчэ раз асудзіць сваю дачку. Затое дачка сядзела на Імшы з паніклай галавой і маўчала. Здавалася, што яна ўсе мае словы прымала на сябе. Я быў у шоку. Я назіраў цалкам адваротны эфект ад майго павучання: тая, якой былі адрасаваныя мае словы, засталася глухой, а тая, якая ўжо шмат разоў пакаялася, выплакала перад Богам свой грэх, якая ўжо нібыта і не павінна была ўспрымаць напамін аб патрэбе пакаяння, яна ўсё ж прыняла мае словы сэрцам і розумам.

Падобных яскравых гісторый даводзіцца назіраць шмат. Часам у мяне ўзнікае жаданне, каб грэшнікаў і параненых сэрцам не змешваць разам. Магчыма, гэтыя дзве катэгорыі добра было б карміць Божым словам паасобку, але гэта далёка не заўсёды атрымліваецца і таму часам дадае перажыванняў ды хваляванняў у святарскай паслузе, асабліва тады, калі трэба заклікаць да пакаяння грэшнікаў, а яны ўсе такія розныя... Адны з іх прыходзяць у святыню раз на год, а то і радзей, і лічаць гэта абсалютна нармальным. Іншыя ж, нібы нават і пабожныя, але, насамрэч, далёкія ад Божага спосабу мыслення, не разумеюць Божага Сэрца, не хочуць Яго пачуць, не засяроджваюцца над Яго словам. Яны самі стварылі для сябе камфортнага бога і пакланяюцца таму ідалу, а найчасцей пакланяюцца самім сабе. Так ці інакш, гэта розныя катэгорыі грэшнікаў, але ўсе яны грэшнікі, якім трэба прапаведаваць пакаянне, якім трэба паказваць іх эгаізм, самаўпэўненасць, залежнасць ад гэтага свету. Дзякуй Богу, мне ўжо не хочацца па дзесяць разоў казаць ім адно і тое ж і пастаянна дакараць, імкнучыся пераканаць, што яны грэшнікі. Жаданне прапаведаваць пра пакаянне і пра грэх узнікае час ад часу, і тады слова, як правіла, гучыць сурова, можа, нават для кагосьці быць балючым альбо прыкрым. Але калі падчас гэтага закліку да пакаяння побач будуць стаяць таксама і Божыя авечкі з іншай групы, тыя, з параненымі сэрцамі, то ў іх сумленні можа адбывацца зусім не пажаданы эфект. Яны і без таго лічаць сябе найгоршымі, нічога нявартымі. Ім паказалі гэта іх «блізкія», яны паверылі ў гэта, а цяпер яшчэ ў дадатак чуюць, што Бог таксама іх асуджае. І, такім чынам, Божы заклік да пакаяння для некаторых параненых можа стаць нечым накшталт апошняга цвіка ў труну.

Зразумела, што Божае слова кажа нам не толькі пра грэх. Гэта найперш Евангелле, Добрая Навіна пра Божую любоў. Часам я адчуваю Божае натхненне прапаведаваць пра Божую міласць, пра тое, што Бог не памятае нашых грахоў, што не абвінавачвае, што «трысціны надламанай не пераломіць і не пагасіць тлеючага кнота» (Мц 12, 20). Але па горкай іроніі лёсу сярод маіх слухачоў знойдуцца і такія авечкі, якія гэтымі словамі апраўдаюць усе свае грахі і беззаконні, а ім то і добра было б паслухаць пра грэх і патрэбу пакаяння, а можа нават і пра суд Божы. Такім чынам, тое, што добрае для параненых сэрцам, можа аказацца не такім і добрым для пыхлівых грэшнікаў.

Як жа ва ўсім гэтым разабрацца? Адных трэба абняць і разам з імі паплакаць, а іншых хочацца развярнуць і даць спрытнага кухталя пад адно месца. Вельмі часта ўзнікаюць думкі, што карміць адным і тым жа Божым словам прадстаўнікоў гэтых дзвюх групаў нельга. І ў гэтым уся праблема. Іх трэба раздзяляць, павінен быць індывідуальны падыход, але як да гэтага дайсці? У Евангеллі мы бачым, што Езус ніколі не ставіць людзей у адзін шэраг. Ёсць натоўпы, ёсць фарысеі, ёсць вучні Езуса, ёсць апосталы, ёсць найбольш блізкія да Яго апосталы (Пётр, Якуб і Ян). Ёсць таксама Багародзіца Марыя, ёсць месца для Нікадэма, ёсць тыя, да каго Ён ходзіць у госці, ёсць Яго сябры Марыя, Марта і Лазар. Езус таксама не ставіць у адзін шэраг і грэшнікаў. Калі Ён асуджае фарысеяў, то яўна не падбірае словаў і не гладзіць іх па галоўках, але называе іх крывадушнікамі, сляпымі, неразумнымі, пабеленымі дамавінамі. Але калі да Хрыста прыводзяць блудніцу, Ён нават вачэй не падымае, каб не дадаваць ёй сораму. Ён піша пальцам на пяску, маўчыць, а пасля кажа, што не асуджае яе (гл. Ян 8, 1–11). У размове з самаранкай таксама бачна, як Езус вельмі далікатна падыходзіць да яе граху.

Я даўно пачаў бачыць выразную наяўнасць гэтых дзвюх групаў Божых авечак — нераскаяных і параненых. Адзінае, што часта магу зрабіць, гэта маліцца перад прапаведаваннем: «Пане, Ты ведаеш, каго і чым трэба карміць, каго мілаваць, а да каго быць суровым. Ты закрывай і адкрывай ім вушы, каб чулі тое, што скіравана асабіста да іх, каб не прымалі яны чужога хлеба». Такога роду малітва для мяне часта становіцца адзіным паратункам, каб авечкі, што слухаюць мяне, не патруціліся той ежай, якую хачу ім даць.

Разважаючы над пытаннем, чаму нам іншы раз цяжка прыняць свабодны выбар Бога, прыйшоў да высновы, што нам неабходна ўлічваць асаблівасці гэтых дзвюх групаў, бо кожная з іх падыходзіць да дадзенага пытання са сваёй пазіцыі.

Тыя, каму патрэбна пакаянне

Зразумела, што ўсім нам патрэбна пакаянне, мне — таксама. Але паспрабуем паразважаць пра наяўнасць такога граху, які часам не дазваляе чалавеку самому прыняць памілаванне ад Бога альбо не дае згадзіцца з тым, што нехта з нашага асяроддзя атрымаў памілаванне.

Езус казаў, што прыйшоў на гэты свет дзеля загінулых авечак, дзеля таго, каб уратаваць чалавецтва. Чалавек, які не ўсведамляе таго, што ён не можа сам сябе ўратаваць, не можа таксама прыняць і памілавання ад Бога. А як быць памілаваным, калі ты не просіш аб памілаванні? Калі ты лічыш, што сам справішся, што табе ніхто іншы не патрэбны? Гэта як авечка, якая заблыталася ў цярністых кустах і не можа сама выбрацца адтуль. Яна павінна падаць голас, павінна даць нейкі знак, што ёй патрэбна дапамога. Інакш кажучы, такі чалавек жыве ў граху, але грэх можа так адурманіць яго, што ён ужо не бачыць неабходнасці ў памілаванні ад Бога. І ніхто з людзей гэткаму грэшніку не можа дапамагчы, бо адны размовы і разважанні пра тое, што ты ў бядзе, што ты гінеш, нічога не даюць. Грэшнік павінен сам адкрыць для сябе, што яму патрэбна памілаванне ад Бога. Гэтае памілаванне можа тычыцца як прабачэння граху, так і невырашальнай жыццёвай сітуацыі. Сутнасць у тым, што чалавек сам павінен прызнаць, што яму неабходна Божае памілаванне, сам павінен прагнуць яго і адначасна павінен зразумець, што ягоны ж грэх перашкаджае гэтаму.

Прапаную звярнуць увагу на гісторыю аднаго аздараўлення:

«Езус сказаў яму: „Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не сталася з табой чаго горшага“. Чалавек гэты пайшоў і абвясціў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго. І таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат» (Ян 5, 14–16).

Перад намі гісторыя пра чалавека, які быў памілаваны Богам. Але звернем увагу на тое, што наяўнасць граху ў жыцці гэтага чалавека не дазваляе яму прыняць памілаванне. Езус невыпадкова звяртае ўвагу на яго грэх. Думаю, што мы ведаем шмат гісторый, калі Бог памілаваў таго ці іншага чалавека, або можа памілаваць, але калі не вырашаецца праблема граху праз пакаянне, то гэтыя цуды Божыя, гэтыя памілаванні становяцца бясплённымі.

Асабліва хачу звярнуць увагу на грахі пыхі і зайздрасці. Напрыклад, Бог памілаваў кагосьці, а ў асяроддзі сяброў і знаёмых таго чалавека можа адразу ж нарадзіцца грэх зайздрасці, бо людзям часам цяжка прыняць праўду пра тое, што Бог добры, яны не могуць згадзіцца з логікай Божага дзеяння. А прычына ўсяму — пыха і зайздрасць. Але ж Бог, памілаваўшы некага, можа таксама памілаваць і цябе! Толькі трэба вучыцца чакаць, трэба маліцца, трэба даваць Богу свабоду дзеяння і не даваць нараджацца зайздрасці, крыўдам на Бога, асуджэнню, непрыязнасці ці нават нянавісці да таго, каго Бог памілаваў, каб у выніку ў тваім сэрцы найперш было месца на Божую дабрыню. Бог можа памілаваць і цябе, але твая зайздрасць ужо не дае Яму гэта зрабіць…

Езус вельмі трапна паказвае гэтую духоўную заканамернасць у прыпавесці пра нанятых на працу ў вінаграднік. Гаспадар запрашае людзей на працу ў розныя гадзіны, але плаціць усім аднолькава, як і дамаўляліся на пачатку. Некаторыя з людзей пачынаюць бачыць тут несправядлівасць, але задумаемся над заканчэннем і высновай прыпавесці:

«Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: „Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку!“ У адказ ён сказаў аднаму з іх: „Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?“ Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі» (Мц 20, 11–16).

Уражвае, што Бог называе гэтых «пакрыўджаных» сябрамі. Ён да ўсіх ставіцца аднолькава. Біблія ў многіх тэкстах кажа, што Бог не зважае на асобу (Дз 10, 34; Рым 2, 11; Гал 2, 6). У рускім перакладзе ўжываецца старое прыгожае слова «нелицеприятен» — «Бог нелицеприятен». Але ў Бога няма лепшых і горшых: перад Ім усе роўныя, усе сябры, усе Яго дзеці, нават калі некаму Ён дае больш, а іншаму менш. Ён любіць усіх аднолькава, але грэх зайздрасці часам не дазваляе чалавеку прыняць гэтую любоў і дабрыню. Якім жа дакорам павінны ў нашай свядомасці гучаць пытанні Бога: «Чаму тваё вока зайздросціць? Чаму не хочаш дазволіць Мне быць добрым? Чаму не хочаш дазволіць Мне быць Богам?». Некаторыя думаюць, што зайздрасць — не надта страшны грэх. Якія ж наіўныя тыя, хто так думае! Бо гэта зайздрасць робіць першых апошнімі! Гэта менавіта зайздрасць часта не дазваляе чалавеку быць памілаваным Богам!

Аднойчы давялося быць сведкам, як адзін святар у Польшчы запрасіў на ўрачыстасць розных святароў, каб яны паспавядалі людзей. Урачыстасць доўжылася некалькі дзён, і жадаючых паспавядацца было шмат. Ён паабяцаў кожнаму святару аплаціць прыезд і штосьці даць звыш таго. Свайму сябру ён даў больш, чым іншым. Памятаю, як уразіла мяне, калі адзін святар, доктар багаслоўя, пачаў абурацца такой «несправядлівасцю». Мне здавалася, што я на ўласныя вочы нібы бачыў тэатральную пастаноўку згаданай вышэй прыпавесці, яе адаптацыю да нашага часу. Я быў проста шакаваны. Думалася, кожны вернік павінен памятаць гэтую прыпавесць і яе мудрасць для нас. Усё ж так проста! На паверхні! А тут не проста вернік, тут святар, доктар багаслоўя, выкладчык тэалогіі! Памятаецца, я думаў тады: «Няўжо грэх можа ажно так асляпіць? Няўжо грэх зайздрасці можа кінуць такое бяльмо на вочы?»

Праблема зайздрасці таксама моцна вымалёўваецца ў іншай вядомай прыпавесці. Старэйшы сын не можа дараваць Айцу, што Ён аказаўся такім добрым у адносінах да марнатраўнага меншага брата. Прыпавесць пра міласэрнага Айца і марнатраўнага сына паказвае нам, што Айцец любіць аднолькава як аднаго, так і другога сына, не асуджае іх, не мае прэтэнзій. Проста Ён праявіў сваю дабрыню да меншага сына, які аступіўся, проста памілаваў яго, не робячы пры гэтым старэйшага сына другасным ці горшым. Але зайздрасць і крыўда не даюць старэйшаму прыняць дабрыню Айца.

Часам, на жаль, даводзіцца назіраць і здзіўляцца, наколькі глыбока ў многіх вернікаў, нягледзячы на ўсю іх пабожнасць, сядзяць грахі пыхі і зайздрасці. Часта гэтыя грахі знешне нябачныя, і патрэбна нейкая Божая правакацыя, каб яны ўскрыліся. Так адбываецца ў згаданых прыпавесцях. Немагчыма прыняць Божае памілаванне, калі чалавек не стане перад Ім у праўдзе, калі не прызнаецца перад сабой і перад Богам у гэтых грахах. І гэтае прызнанне павінна адбыцца ў пакаянні.

Тыя, чые сэрцы параненыя

Другая група людзей — гэта тыя, хто перажыў у жыцці адзіноту, пакінутасць, прыніжэнне, асуджэнне. Часта гэта не канкрэтнае перажыванне ці боль, а штосьці працяглае. Найчасцей гэтыя раны былі нанесеныя блізкімі людзьмі, якія аказаліся далёка не такімі блізкімі, бо яны пераконвалі цябе, што ты нічога не варты, нікому не патрэбны, нічога не даб’ешся ў жыцці, што ты нічога не можаш, што ты горшы за тваіх братоў, сясцёр і г.д. Спачатку ты не ведаеш, чаму ты горшы, чаму на цябе людзі касавурацца. Ты, можа, і гатовы штосьці змяніць, пачаць патрабаваць ад сябе, але ты так і не зразумеў, што ж табе трэба рабіць і за што брацца. У выніку ты і сам пачынаеш верыць у тое, што нікому не патрэбны, што ты ніхто, і што нават Бог не можа мець для цябе ніякіх добрых планаў. І гэтак год за годам, у выніку чаго хваравіты стан становіцца хранічным. І ў гэтым стане ты проста працягваеш жыць, не загаіўшы глыбокіх ранаў сэрца.

Як людзі выжываюць з такімі працяглымі праблемамі? Адны спрабуюць увесь час даказваць, што яны нечага вартыя для гэтага свету. Так нараджаецца перфекцыянізм, гіперадказнасць, а за імі крыецца дзікі жах адкінутасці. Многія пакутуюць ад скрупулёзнага хворага сумлення, калі кожная асабістая памылка ўспрымаецца як чарговы доказ добра засвоенага тэзіса: ты — нішто і нікому не патрэбны. Такія людзі спрабуюць заслужыць любоў і прызнанне грамадства, але часта ў іх гэта не атрымліваецца, а паколькі ў Беларусі цаніць і шанаваць людзей увогуле не надта прынята, нават і па заслугах, то такія асобы ўсё больш і больш упадаюць у самаасуджэнне.

Іншыя з гэтымі хранічнымі ранамі сэрца выбіраюць прасцейшы шлях — яны не спрабуюць нікому нічога даказваць, бо проста змірыліся з тым, што яны нічога нявартыя. Многія з такой пазіцыяй не дазваляюць іншым клапаціцца пра іх, адштурхоўваюць і ўцякаюць ад кожнага, хто іх спрабуе любіць, для каго яны становяцца патрэбнымі і дарагімі. Некаторыя розным чынам нават калечаць сябе, каб яшчэ больш падкрэсліць сваю «нікчэмнасць», іншыя маюць суіцыдальныя думкі.

Прадстаўнікам гэтай групы таксама патрэбнае пакаянне, як і ўсім людзям, але вельмі часта яны абвінавачваюць сябе за тое, за што, думаецца, Бог ніколі не будзе іх судзіць. Любая дробязь, любая памылка, любы самы найменшы грэх становіцца нібыта чарговым доказам, што ты самы нягодны ў гэтым свеце. Здаецца, што такія параненыя людзі найбольш адкрытыя на тое, каб Бог іх памілаваў, але на практыцы атрымліваецца, што ўсё не так проста. Такія людзі часта думаюць, што яны нявартыя таго, каб Бог нешта рабіў у іх жыцці, нявартыя памілавання. Ім вельмі цяжка прыняць тое, што Бог іх выбраў, падрыхтаваў для іх нейкае асаблівае заданне, што гэтак кліча іх. Яны лёгка прымаюць, што Бог мілуе і выбірае іншых, але толькі не іх. Думаю, што менавіта пра такіх авечак піша апостал Ян: «Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё. Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам» (1 Ян 3, 20–21).

Цяжка сказаць, каму ў жыцці прасцей: тым, хто зайздросціць і не пакаяўся, ці тым, хто са сваімі ранамі сэрца лічыць сябе нічога не вартым: здаецца, што Божае памілаванне цяжка прыняць як адным, так і другім. Аднак, па маіх сціплых назіраннях, людзі з параненымі сэрцамі часта больш богабаязненыя, больш адкрытыя на Божае дзеянне. Часам здаецца, што іх неяк асаблівым чынам падманвае злы дух, каб яны не паверылі ў добрага Бога. Ім часта трэба проста нагадваць самыя простыя праўды пра Бога, які іх любіць, нават калі яны ўжо чуюць гэта соты раз. Такім людзям вельмі патрэбны клопат з боку іншых вернікаў, патрэбна разумная падтрымка. Часам ёсць патрэба заступніцкай малітвы святара, каб сэрца, нібы чарговы раз прымаючы лек, усё больш і больш загойвала свае раны. Ва ўсім гэтым трэба шмат асцярожнасці і мудрасці Божай, і найперш у тым, каб памятаць, што ніякі чалавек не здольны залячыць такіх глыбокіх ранаў і замяніць Бога. Таму іншаму чалавеку трэба для такіх параненых душаў не столькі самому станавіцца бальзамам, колькі скіроўваць іх позірк на Айца, які іх любіць.

Некалькі парадаў для загубленых і параненых

Гаворачы пра гэтыя дзве групы, я, зразумела, разважаю пра крайнасці. Часам гэтыя групы перамешваюцца, часам нехта з адной пераходзіць у другую, часам мы самі можам убачыць сябе як у адной, так і ў другой групе. Праблему з прыняццем Бога, які хоча нас памілаваць, маюць як адны, так і другія. Але ў залежнасці ад таго, да якой групы належыць чалавек, трэба шукаць для яго і адпаведныя сродкі дапамогі. З аднымі трэба быць больш суровым, з іншымі — больш лагодным, спакойным і талерантным.

Хачу падзяліцца некаторымі важнымі для мяне правіламі, якія будуць па-рознаму пасаваць той ці іншай групе.

  1. Заўсёды памятай, што Бог добры. Што б ты ні перажываў, што б табе ні здавалася, якімі б ні былі твае эмоцыі ці выказванні розных людзей пра цябе, памятай — Бог заўсёды добры. Бог не пераставаў быць добрым тады, калі цябе прыніжалі і лічылі за нішто. Бог не перастае быць да цябе добрым, калі ты не апраўдваеш чалавечых чаканняў альбо не выконваеш сваіх асабістых пастановаў і планаў. Бог застаецца добрым, хоць кагосьці Ён аздаравіў, а цябе — не, хоць пакуль што не даў табе чаканага адказу, не дапамог так, як табе хацелася. Бог не перастае быць добрым да цябе нават тады, калі ў тваім духоўным жыцці не дзеецца нічога надзвычайнага, як гэта адбываецца з іншымі. Не дай сябе падмануць ні тваім думкам, ні тваім перажыванням, ні злым духам. Памятай — Бог заўсёды да цябе добры.
  2. Бог нічога табе не павінен. Дазволь Яму быць Богам і вырашаць, што лепшае для цябе, вырашаць, калі прыйдзе час даць табе тое ці іншае. Дазволь Яму быць Створцам гэтага свету і твайго жыцця. Ён мае права рабіць усё так, як Яму бачыцца, а не так, як табе хочацца. Маліся, прасі, задавай Яму пытанні, але не шантажуй і ніколі не абвінавачвай. Прызнай сябе Яго стварэннем, а Яму дазволь быць Створцам.
  3. Не забывай, што Бог ніколі не памыляецца. Некаторыя айцы пустыні і айцы Касцёла ў хвіліны цяжкіх перажыванняў і здарэнняў раілі маліцца словамі прарока Данііла: «Бо справядлівы Ты ва ўсім, што ўчыніў з намі, і ўсе справы Твае праўдзівыя і шляхі Твае правыя, і ўсе прысуды Твае справядлівыя» (гл. Дан 3, 27).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY