Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Ірына БАГДАНОВІЧ

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

Стаць у праўдзе…

Стану ў праўдзе сама прад сабою, заплюшчыўшы вочы,
Каб духоўна глыбіні пабачыць уласнага сэрца:
Вось гадзюка спакусаў яго задаволена смокча,
Кажаны змрочных думак абселі ўсе шчыліны й дзверцы;

Вось вужакі няздзейсненых мараў кублом распачлівым;
Вось пачварына гневу драмае ў далёкім закутку…
Але дзе ж тут любоў? Дзе струменьчык спагады зычлівы?
Дзе давер да Хрыста? Ўсё тут страхам, як лёдам, закута.

Стану ў праўдзе… Хто я? Баязліўка, пыхліўка, партачка,
Што партачыла Божую справу сваёю сваволяй.
Ціхі голас паклікаў мяне: выйдзі, выйдзі з няволі,
З паняверы свае, Я чакаю цябе…, каб прабачыць.

І, зрываючы ўсе з свайго сэрца замкі з ланцугамі,
Адчыняючы страху каморы і сораму скрыні,
Я, расплюшчыўшы вочы, пустая, іду да святыні,
Каб напоўніцца, Божа, любоўю Тваёй з берагамі.

Каб Цябе распазнаць як Таго, Хто пасланы быў з Неба,
Уцялесніўся з Дзевы, прынёс на крыжы нам збаўленне,
Каб, як вучні ў Эмаўсе, здзівіцца Твайму аб’яўленню,
І з’яднацца з Табою ў ламанні акрушыны хлеба… Я

шукала Цябе, але Ты мяне першы паклікаў,
Акунуся ў Ярдан сваіх слёз — пакаяння купеллю
Стане цуд адкуплення, і цуд неабсяжна вялікай
Ласкі Божай мяне ахіне, быццам вэлюм.

26 траўня — 3 чэрвеня 2020 г.

Нядзельная Імша ў двары касцёла
на Залатой Горцы1

Думкі пасля казання кс. Юрыя
на пятую Велікодную нядзелю.

Бэз расцвітае зноў у касцёльным двары;
Сэрца Хрыстовай любоўю поўна; гарыць
Свечка; Імшу цэлебруе натхнёны святар;
Вецер ці Дух палявы ахінае алтар…
Хрыстус сыходзіць з далоні Нябёс на яго,
Ласка над намі не мае мяжы-берагоў,
Бог прамаўляе ўсю Праўду сваю, да канца:
«Бачыш Мяне ты, дык значыць бачыш Айца», —
Хрыстус так кажа Філіпу, так кажа да нас,
Што я прамоўлю Яму, які дам я адказ?
«Сведкаю веры ідзі ў гэты свет, бо цяпер
Ты Мой апостал, сёння Я выбраў цябе…» —
Хрыстус сказаў і вярнуўся ў Нябёсы, дамоў,
Даўшы нам Цела сваё ў Хлебе, даўшы нам Кроў.
Моцаю гэтай жыву, у людской гамане
Кожнай хвілінаю Хрыстус са мною, ўва мне,
Кажа ласкава: «Не бойся! Ідзі! Я з табой... —
Той жа, Сінайскі, на Горцы цяпер Залатой, —
Кроч у штодзённасць сваю, давярай Мне яе,
Гэтак, як бэз небу кветкі даверыў свае…»

10–11 мая 2020 г.

Шукаю Беларусь…

Шукаю Беларусь…
І позірк да зямлі,
Калі па ёй на бітвы нашы продкі йшлі,
І гімн спявалі — «Багародзіцу», — і годна
У краі гаспадарылі сваім,
І дыхалі шляхетна і свабодна…
Таму ўжо колькі летаў, колькі зім!
Пан Бог у вышыні смяецца ў бараду:
— Давай, давай, шукай…
І я знайду, знайду!

Шукаю Беларусь…
І позірк да нябёс
І бачу — ў дворыку касцёльным пахкі бэз!
Іду сюды, на гэту катэхезу
Саміх нябёс — на катэхезу бэзу.
А ён, сакральным сімвалам нібыта,
З місійным Крыжам разам неба самавіта
Трымаюць над Айчынай і бяду
Адводзяць, шэпчучы малітвы тут з вятрамі;
Шукаю Беларусь…
З Хрыстом! У гэтым храме!
На роднай мове!
І знайду, знайду!

Сам Бог дае нам так у запавеце:
— Не бойцеся! Шукайце праўду, дзеці…
Я — Праўда, і Жыццё, і Шлях,
Які вас вызваліць і вывядзе з цямрэчы,
І знойдзеце вы згубленыя рэчы,
І моц адчуеце ў прыгорбленых плячах! —
…Залатагорскі бэз мацуе гэту тэзу, Услухаюся ў бэзу катэхезу…

21–26 траўня 2020 г.

Дзівосы Твае, Божа…

Верш на ўрачыстасць |
Найсвяцейшай Тройцы
ў касцёле на Залатой Горцы.

Дзівосы Твае, Божа, як спазнаць і цуды?
А Ты іх учыняеш штохвіліны!
Калі глядзець вачыма сэрца, ўсюды
Тваёй любові, Божа, бачны чыны.

Адзіны ў Тройцы, вечны, ўсёмагутны,
Ўцялесніўшыся дзеля нас у Сыне,
Спаслаўшы Духа, з намі ў ім прысутны,
Вядзеш нас да збаўлення; не загіне

Той, хто прыняў Цябе, — такое абяцанне
Нам даў, каб праўду кожная душа спазнала…
Іду з Табой, Адзіны ў Тройцы, на спатканне:
Каштан у квецені стаў канфесіяналам1.

Чарга да споведзі… Святар, Хрыстом абраны,
Нібыта Хрыстус сам, прысеў на лаве…
У гэтай спавядальні пад каштанам
Здзяйсняўся цуд — над кожным з нас — наяве.

Імша цэлебравалася пад небам,
І кожны мог з нябёсамі злучыцца…
Ізноў Ты нас насыціў, Божа, Хлебам
І прыадкрыўся — ў Тройцы таямніцы.

7 чэрвеня 2020 г., нядзеля.

Маці Божая Бэзавая

Відзежа ў дворыку
пры касцёле на Залатой Горцы.

Залатагорскім дворыкам з Імшы
Іду сабе няспешнаю хадою,
Яшчэ малітвы чыняцца ў душы
І ласка, нібы ветразь, нада мною;

Яшчэ гучаць арганы наўздагон,
Успамінальны гук: Regina caeli…
А бэз паволі свой чароўны сон
Скідае ў красавік… Лятуць арэлі

У цёплы і лагодны краявід,
Усё сагрэта Боскім тут дыханнем,
Не страшаць ані крызіс, ні кавід,
Ані трывожных думак свідраванне.

Да сонца мкнуць на могілках старых
Травой зялёнай душачкі спачылых,
Іх малітоўны шэпат ловіць слых;
Місійны Крыж па-над усімі крылы

Свае раскінуў, абдымае нас
З Крыжа — жывых і мёртвых — Уваскрослы;
А бэз яшчэ без кветкавых акрас
Тут між крыжоў і камянёў урослы.

І раптам, на вачах, зацвіў той куст,
Распушыліся голыя галінкі,
Нібы для ўсіх абвешчаны адпуст
У гэтыя найдзіўныя хвілінкі.

Зачаравана, ўзрушана стаю
І цешуся той кветкавай імпрэзаю,
І раптам хтосьці ўзяў руку маю, —
«Хто ты?» — «Маці Божая Бэзавая…

У кветкавай кароне тут Мой трон,
Даручаны касцёл залатагорскі
Маёй апецы і ўсіх спячых схрон
На цвінтары ў куточку гэтым Боскім…» —

І раптам лёгкі ветрык наляцеў,
Галінкі ў квецені затрапяталі,
Нязвыклае цяпло ў маёй руцэ
Злілося з пахкім водарам у хвалі.

І бачу: Пані мілая ідзе,
Букецік бэзавы да твару туліць,
Такая зграбнасць у Яе хадзе,
Такая любасць позірку Матулі,

Усе нябёсы — ў бэзавых вачах,
Залатагорскі дворык поўны ззяннем,
І бэзавы, містычны, цудны пах
Струменіцца анёльскім прывітаннем.

Яна ўвайшла ў касцёл… За Ёй іду,
На пацерках шапчу «Вітай, Марыя…»
А свечак — па Імшы — агонь патух,
Арганы — па Імшы — адгаварылі,

Але нібыта ўсё ж святло гарыць,
І дзіўны водар вэлюмы калыша…
Як быццам толькі што ўвайшла у нішу
Скульптура ў левабочным алтары.

22 красавіка 2021 г.

Проста будзь…

Са мною побач проста… проста будзь!
Не трэба ўзнёслых слоў, учынкаў, рухаў,
Не трэба час прыспешваць ці цягнуць
Або баяцца цішыні ці гукаў.

Не трэба ідэалаў маляваць,
Шукаць цану заслугаў дарагую,
А проста… проста побач быць, прымаць,
Як ёсць, такога, і, як ёсць, такую…

Адчуць шчакою цёплую далонь,
Падаць на просьбу лыжачку з шуфлядкі
І нахіліць над сонным чуйна скронь,
Паправіць коўдру, што спаўзла ля пяткі;

Душу ў спакой і ўдзячнасць апрануць,
У спрэчцы прыпыніцца на паўслове…
Са мною побач проста… проста будзь!
І гэтага хапае для любові.

16 снежня 2020 г.

Слухаць…
Напружыць слых

Слухаць… Напружыць слых,
Вочы закрыць. Раскоша
Сесці ля ног Тваіх,
Слухаць Твой голас, Божа…

У ноч западае дзень,
Глухне працоўны грукат,
А цішыня расце,
Пануе над гукам і рухам.

Чутна, як між галля
Ветрык спыняе гойсаць…
Уся я, шапчу, Твая,
Чую ў адказ: «Не бойся!»

І паўнатой святла
Ззяюць усе сусветы,
І цішыня вяла
Шлях мой на голас гэты,

Нават калі ён аціх
У апалых лісцейках бэзу…
Сесці ля ног Тваіх,
Слухаць Твой голас, Езу.

16 кастрычніка 2020 г.

Шлях

«Вось іду; <...> Божа мой,
выканаць волю Тваю…»
Пс 40 (39), 8–9

Прысвячаю Хрысціне Лялько

Там, дзе лечацца хутка трывога, хандра і прастуда,
Дзе калісьці матуля выглядала цябе з-пад рукі,
Мкнецца вежамі ўвысь — у нябёсы — твая Белагруда,
На зямлі гай-бярэзнік вартуе твае Хадзюкі.

На далонях любові цябе тут прасторы люлялі,
Кветкі поўнілі сэрца сяброўствам сваім і красой:
І матулін язмін, і містычная тайна канвалій,
І чаромха, і бэз… успамінам трывожылі сон…

З серабрыстай Дзітвой ты ўплывала ў нязведнае заўтра,
Дзе яшчэ толькі контурам быў «Нашай веры» каўчэг;
Проста з Ліды вярталася з вершаў паўнюткаю кайстрай,
І ўглядалася ў крыж… І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ…

Адкрывалася звыш, што з гаркавінкай смак летуценняў,
Што няма без крыві й чысціні пераможных сцягоў,
Што салодкая доля — стаяць і стаяць на каленях,
І ўставаць, і выходзіць…, каб выканаць волю Яго…

27–28 лютага 2021 г.

«Галінка бэзу». Анастасія Бяседзіна.


  1. Імшы ў нядзелі і ўрачыстасці ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску з красавіка 2020 года з-за пандэміі каранавіруса адбываліся на прылеглай да касцёла тэрыторыі, дзе быў ўсталяваны палявы алтар. Споведзь у адпустовую ўрачыстасць, 7 чэрвеня, адбывалася таксама на паветры недалёка ад палявога алтара, пад велічным каштанам, які ўсё яшчэ квітнеў і пад які была перанесена лава, што звычайна стаіць пры дарожцы насупраць каштана.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY