|
|
№
2(96)/2021
Успаміны
Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
БУДСЛАЎ. ПІЛІГРЫМКА Ў ЦІШЫНЮ… На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
Літаратурная спадчына
Паэзія
Прэзентацыя
Лідзія КАМІНСКАЯ
СЭРЦУ, НЕ ЗНЯТАМУ З КРЫЖА... Пра новую кнігу перакладаў вершаў кс. Яна Твардоўскага «Да Маці Божай» На кніжнай паліцы
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі
Мастацтва
|
Атмасфера сустрэчаў з выдатнымі людзьмі не забываецца. Можна не памятаць дэталяў размоваў і чарговасці фактаў, якія пры гэтым адбываліся, але аўра Асобы ў памяці застаецца, асабліва калі гэтыя сустрэчы праходзілі ў незвычайных акалічнасцях. Мая першая сустрэча з ксяндзом кардыналам Казімірам Свёнткам была афіцыйным візітам новапрызначанага генеральнага консула Рэспублікі Польшчы ў Мінску да Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Казіміра Свёнтка. Яна адбылася ў сакрыстыі пінскай катэдры, дзе нас чакаў ксёндз арцыбіскуп. У ясны дзень ранняй восені 1991 года мы з мужам прыехалі ў Пінск. Памятаю залаціста-зялёны каларыт палескіх дрэваў, якія раслі ўздоўж шашы і мільгалі перад нашымі вачыма на сонцы. На іх былі густа размешчаныя дошчачкі з папярэджаннем пра апраменьванне тэрыторыі, бо незадоўга да гэтага адбылася аварыя ў Чарнобылі. Мы як прадстаўнікі Польшчы ехалі выказаць пашану Чалавеку, які па-за сваім афіцыйным высокім статусам быў ахінуты легендаю пра знаходжанне ў адзіночнай камеры смерці, а пазней — пра Варкуту і іншыя лагеры. У сакрыстыі нас чакаў сур’ёзны, сціплы і непасрэдны чалавек. Пазнаёміўшыся з намі, ён коратка і канкрэтна распавёў пра лёс пінскіх святыняў, пра тое, як у пяцідзясятыя гады касцёл езуітаў узарвалі1, і ў агульным ахарактарызаваў сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ён асабіста правёў нас па катэдры, паказваючы самыя каштоўныя элементы яе інтэр’ера. Ксёндз кардынал спыніў нашую ўвагу на грабніцы пахаванага тут біскупа Зыгмунта Лазінскага (1870–1932), аднаго са сваіх папярэднікаў, якога вельмі шанаваў. Падарыў копію блакітнай Пінскай Мадонны пэндзля Альфрэда Ромера (1894) — Яе абраз вісеў даволі высока на сцяне правай навы і ўразіў мяне як сучаснае ўвасабленне мацярынства. Не памятаю, ці менавіта падчас гэтага першага візіту мы былі запрошаныя на пачастунак у славуты ўжо дом на вул. Шаўчэнкі, 12, ці мы разам на аўтамабілі выправіліся на экскурсію ў любімы лес ксяндза кардынала, размешчаны непадалёку, ці, наадварот, ён паказваў нам у той дзень страшныя спусташэнні, да якіх у палескай прыродзе прывяла неабдуманая меліярацыя. Усе згаданыя падзеі сапраўды адбываліся, але ў гэтых успамінах ужо не мае значэння тое, у якой чарговасці. Падчас некалькіх гадоў працы ў Беларусі я шмат разоў сустракалася з ксяндзом кардыналам як пасол Рэспублікі Польшча. Гэта было і ў розных афіцыйных акалічнасцях, як, напрыклад, падчас візіту Леха Валенсы ці вігіліі Божага Нараджэння для палякаў у пасольстве Рэспублікі Польшча, і ў прыватных абставінах. Гады нашага непасрэднага кантакту (1991–1995) былі важнымі для ўсяго ўсходняга блоку, у тым ліку для Беларусі і Польшчы, а таксама для развіцця польска-беларускіх адносінаў. Мы абое ў пэўнай ступені былі задзейнічаныя ў некаторых пераломных працэсах і падзеях. Аварыя на атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі (26 красавіка 1986 года) ударыла пераважна па Беларусі, выклікаўшы незваротныя экалагічныя, гаспадарчыя і сацыяльныя наступствы. Распад Савецкага Саюза (Віскулі, 8 снежня 1991 года), абвяшчэнне незалежнасці рэспублік, якія дагэтуль былі ў складзе СССР, і заснаванне СНД прынеслі адным радасць утварэння самастойнай дзяржаўнасці, другім — расчараванне і пошукі магчымасці вяртання да ранейшай формы кіравання; выклікалі таксама гаспадарчыя цяжкасці, праблемы юрыдычнага, дыпламатычнага і моўнага характару. Паўстала пытанне пра формы рэлігійнага адраджэння пасля перыяду афіцыйнага дзяржаўнага атэізму і пераследаванняў за веру. І яшчэ адна вельмі важная праблема: непадрыхтаванасць да самаарганізацыі грамадства, якому не хапала грамадзянскай свядомасці, што вельмі ўскладняла будаванне самастойнай беларускай дзяржаўнасці.
Ва ўспамінах пра ксяндза кардынала Свёнтка спынімся на справах, якія датычацца веравызнання, — мяне як генеральнага консула, а затым пасла Рэспублікі Польшча ў Беларусі яны ў вялікай ступені таксама непасрэдна датычыліся. Узгадайма, што Беларусь была і застаецца шматканфесійнаю краінаю. Паводле дадзеных Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 1993 года ў Беларусі было ў агульным 1501 рэлігійных супольнасцяў 20-ці веравызнанняў: праваслаўных супольнасцяў — 788, рыма-каталіцкіх — 305, грэка-каталіцкіх — 8, баптысцкіх — 141, пяцідзясятніцкіх — 170, адвэнтысцкіх — 19, юдаісцкіх — 7, страраабрадніцкіх — 26, мусульманскіх — 8 і іншых усяго — 292. Беларускую Праваслаўную Царкву, самую шматлікую супольнасць у Беларусі па колькасці вернікаў, падпарадкаваную Маскоўскаму Патрыярхату, улады ўзвялі ў ранг дзяржаўнай рэлігіі. Наколькі я памятаю, першую спробу ўзняць пытанне пра аўтакефалію (пастанова з’езду праваслаўнага духавенства ў Мінску ад 23 ліпеня 1922 года, дзейная да канца дваццатых гадоў і пад нямецкаю акупацыяй з 1941 года) учыніў Беларускі Народны Фронт (БНФ), калі запрасіў у Мінск у лютым 1992 года мітрапаліта Беларускай Праваслаўнай Царквы з Канады Мікалая. Пасля яго ад’езду ў Мінску ўзнікла Беларускае Праваслаўнае Брацтва, мэтаю якога было ўтварэнне нацыянальнай Праваслаўнай Царквы, аднак да аўтакефаліі БПЦ не дайшло і сёння. Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл былі ў стадыі адраджэння свайго патэнцыялу і стварэння адпаведных структураў у новых дзяржаўных умовах пасля перыяду працяглай дыскрымінацыі і пераследаванняў. Варта ўзгадаць, што беларускія католікі да часу прызначэння біскупа Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам у ліпені 1989 года не мелі кіраўніка мясцовага Касцёла. Ксяндзы для Беларусі вучыліся ў духоўнай семінарыі ў Рызе, а католікі знаходзіліся пад юрысдыкцыяй латвійскага біскупа. Кардынала Казіміра Свёнтка, наступніка скіраванага ў Маскву біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, 13 красавіка 1991 года папа Ян Павел ІІ прызначыў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Біскупскае пасвячэнне ён прыняў 21 мая 1991 года ў катэдры ў Пінску, незадоўга да нашага прыезду ў Мінск, а годнасць кардынала атрымаў 26 лістапада 1994 года. Мы з мужам удзельнічалі ў прыгожай урачыстасці інгрэсу кардынала Свёнтка ў мінскую катэдру. Са згоды беларускіх уладаў у рэспубліцы працавала ў той час звыш 50-ці святароў з Польшчы. Як генеральны консул я амаль з першай хвіліны сваёй службы была задзейнічана ў справы некаторых з іх, напрыклад, калі ўлады не працягвалі ім тэрміну прабывання ў краіне або калі ўзнікала патрэба рэагаваць на агрэсіўныя паводзіны беларускіх патрыятычных асяродкаў, якія ўспрымалі адраджэнне каталіцызму ў Беларусі як пагрозу. Самымі складанымі былі моўная праблема і папрок у тым, што Каталіцкі Касцёл займаецца паланізацыяй беларусаў. Не толькі ў прэсе, але і ў прамовах некаторых дзеячаў я сустракала абвінавачванні ў тым, што ў касцёлах вывешваюцца польскія сцягі і партрэты Прэзідэнта Леха Валенсы. Кардынал Казімір Свёнтэк катэгарычна выказваўся наконт гэтых непраўдзівых папрокаў. У кароткім артыкуле «Беларускі Касцёл не залежыць ад польскага», апублікаваным у газеце «Звязда» за 4 лютага 1993 года, звяртаецца ўвага на той факт, што абвінавачванні ў так званай «польскасці» каталіцызму ў Беларусі не спыняюцца і прыводзяцца словы кардынала: «Каталіцкі Касцёл на Беларусі — самастойны, ён напрамую залежыць толькі ад Ватыкана, ад Папы Рымскага, і ніяк не залежыць ні ад біскупаў, ні ад ксяндзоў з Польшчы. А калі і „пазычылі“ некаторых святароў на некалькі гадоў, то гэта вымушаная і часовая з’ява. З выказванняў мітрапаліта Філарэта3 можна зразумець, быццам і цяпер польскія сцягі вывешваюцца ў касцёлах, а нічога падобнага няма. Ён узяў тое, што было два гады назад, а ў мяне ўжо больш за год дзейнічае забарона, і нідзе ніводнага сцягу няма, а дзе быў, там знялі. З такіх вось і іншых выказванняў у людзей можа з’явіцца ўражанне, быццам наш Касцёл — гэта нейкі агент Польшчы на Беларусі, нейкі філіял польскага Касцёла. Нічога падобнага! Пара ўжо гэта зразумець, каб не было больш непаразуменняў на кожным кроку. Патрэбны ўрэшце добрая воля і разуменне».
Магу смела сказаць, што забарона, пра якую гаварыў ксёндз кардынал у газеце «Звязда», паўсюль захоўвалася. Прабываючы ў Беларусі і шмат падарожнічаючы па ёй, я наведвала касцёлы і капліцы, удзельнічала ў святых Імшах і нідзе не бачыла ні сцягоў, ні партрэтаў. Адзіны прыклад, калі я заўважыла польскія харугвачкі — не ў касцёле, а ў адной з групаў пілігрымаў па дарозе ў Будслаў, — я назірала ў 1992 годзе. Перад уваходам у касцёл яны, канечне, былі згорнутыя і схаваныя, бо ні ў касцёле, ні звонку я іх ужо не бачыла. Больш сур’ёзнаю і складанаю на той час была праблема мовы літургіі і катэхезы ў Каталіцкім Касцёле4. Цалкам зразумела, што беларускія патрыятычныя асяродкі (напрыклад, БНФ, Беларуская каталіцкая грамада) імкнуліся ўвесці ў літургію і іншыя рэлігійныя практыкі беларускую мову. На гэтую спрэчку — больш эмацыйную, чым сэнсоўную, — накладваўся распаўсюджаны стэрэатып пра тое, што каталіцызм — гэта «польская вера» ў апазіцыі да праваслаўя як «рускай веры», у выніку чаго некаторыя вернікі неахвотна прымалі літургію і іншыя абрады, якія здзяйсняліся па-беларуску, не зважаючы на тое, што не для ўсіх польская мова была зразумелаю. На першым этапе дадаткова ўскладняў сітуацыю недахоп адпаведных літургічных кніг і няведанне беларускай мовы прыезджымі святарамі, зрэшты, не толькі з Польшчы, але таксама, напрыклад, са Славакіі. Гэтыя крыху акрэсленыя праблемы ўжо маюць сваю багатую бібліяграфію. Я згадваю іх тут дзеля таго, каб паказаць, у якіх умовах кардынал выконваў абавязкі мітрапаліта Каталіцкага Касцёла, а я — пасла Рэспублікі Польшча ў Беларусі. Яшчэ трэба дадаць, што не толькі беларускія патрыятычныя асяродкі, але і прадстаўнікі ўлады (міністры замежных спраў Пятро Краўчанка і Уладзімір Сянько, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксей Жыльскі і іншыя) успрымалі польскую мову ў Касцёле як інструмент паланізацыі беларусаў у іх уласнай краіне і рабілі захады, каб выціснуць яе з рэлігійнага жыцця. У мяне часта пыталіся пра гэта, таму можна ўявіць, з якім націскам сутыкаўся ксёндз арцыбіскуп, хоць я не памятаю, каб ён калі-небудзь пра гэта са мною размаўляў. 15 мая 1992 года ў Мінску адбылася агульнарэспубліканская канферэнцыя з удзелам старшыні Вярхоўнага Савета, першага намесніка старшыні Савета Міністраў, міністраў і іншых высокіх прадстаўнікоў сферы культуры, навукі і палітыкі. Яна была прысвечаная тэме «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь». На канферэнцыі была прынятая пастанова, якая мела 12 канкрэтных пунктаў адносна пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы. Апошні з іх гучаў наступным чынам: «Патрабаваць ад Вярхоўнага Савета Беларусі, органа дзяржаўнага кіравання і праваахоўных органаў рэспублікі, прыняць канкрэтныя захады ў дачыненні да тых святароў праваслаўнай і каталіцкай канфесій, чыя дзейнасць скіравана на русіфікацыю і паланізацыю беларускага насельніцтва і якая па сутнасці з’яўляецца антыдзяржаўнай»5. Годнасць арцыбіскупа Казіміра Свёнтка як галавы Каталіцкага Касцёла даволі доўга не прызнавалася дзяржаўнымі ўладамі. Сітуацыя змянілася толькі ў 1993 годзе, дый то пад уплывам некалькіх фактараў: былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам; знойдзена паразуменне ў сферы дэлегавання на службу ў Беларусь святароў з іншых дзяржаваў, а не толькі з Польшчы. Ксяндзы і сёстры манашкі з Польшчы былі лепш падрыхтаваныя да выезду ў Беларусь дзякуючы спецыяльным курсам у варшаўскіх ксяндзоў палатынаў. Аднак перш за ўсё арцыбіскуп Казімір Свёнтэк праявіў сябе як годны і разважлівы іерарх, які нармалізаваў гэтыя адносіны як галава Касцёла і падчас візітацыі беларускіх парафій карыстаўся беларускаю моваю. Штотыднёвік Міністэрства культуры і Саюза беларускіх пісьменнікаў «Літаратура і мастацтва», у якім часам з’яўляліся агрэсіўныя выказванні, ужо 28 жніўня 1992 года на першай старонцы змясціў вялікі партрэт арцыбіскупа ў мітры і з пастаралам, выказаўшы яму прызнанне наступнымі словамі: «Арцыбіскуп Казімір Свёнтэк, вышэйшы каталіцкі іерарх Беларусі. Ягонае слова для падначаленых, клеру і вернікаў — закон, ягоныя ўчынкі — прыклад. Ягоная душпастырская дзейнасць спрыяе нацыянальнаму адраджэнню Беларусі. Арцыбіскуп звяртаецца да Бога з малітваю на беларускай мове. Так было на сёлетнім свяце Божага Цела і на ўрачыстым набажэнстве ў гонар святога Роха. Ужо адно гэта робіць нікчэмнай і бяссэнсавай дыскусію аб тым, якой мовай павінны карыстацца на Беларусі хрысціянскія святары. <...> Арцыбіскуп няўхільна трымаецца пастулата „Касцёл па-за палітыкай“. Пажадаем жа яму ў год вялікага свята ўсіх хрысціян Беларусі здароўя і доўгіх гадоў»6. Кардынал Казімір Свёнтэк быў святаром і іерархам Каталіцкага Касцёла, гэта значыць, Паўсюднага. Пасля вызвалення з лагера ў чэрвені 1954 года ён вярнуўся ў Пінскую дыяцэзію. Не выехаў у Польшчу, хоць у той час якраз працягваўся другі этап рэпатрыяцыі, як гэта тады называлі. Праз некалькі месяцаў са згоды рэспубліканскіх уладаў стаў пробашчам катэдральнай парафіі ў Пінску і заставаўся там да 1991 года7. Сваім служэннем галавы Каталіцкага Касцёла ў пераломныя для Беларусі і ўсяго ўсходняга блоку часы ён здабыў вялікі аўтарытэт і любоў сярод вернікаў. Да іх ён скіраваў таксама па-беларуску сваё пастырскае пасланне ў дзень святога Казіміра, 4 сакавіка 2011 года — пасланне, якое стала апошнім8. Кардынал памёр 21 ліпеня 2011 года ў Пінску і быў пахаваны ў катэдральнай крыпце. З узрушэннем чытаю яго словы: L.dz. 150/11, Успамін святога Казіміра, каралевіча, Пінск, 04.03.2011 г.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Шаноўныя вернікі дыяцэзіі! Пасля маёй адсутнасці на працягу васьмі месяцаў я вярнуўся ў Пінск і далей праходжу сваю медыцынскую рэабілітацыю пасля атрыманай траўмы і аперацыі.
Далейшая частка паслання, якое цалкам перадрукоўвае выдавецтва «Про Хрысто» ў кнізе «Deo et hominibus serviebat», на якую я раней спасылалася, — гэта праява глыбокай удзячнасці кардынала вернікам за памяць і малітвы ў яго інтэнцыі, медыцынскім работнікам Беларусі і Польшчы за прафесійную і эфектыўную апеку, а таксама Божаму Провіду за перажыты досвед і вяртанне да вернікаў і ў любімы Пінск, у катэдру з грабніцаю біскупа Зыгмунта Лазінскага, у сціплы і ціхі дом. Там ёсць выказванне, якое трэба прывесці ў арыгінале: «Так сталася, што мая хвароба спрычынілася да ажыўлення і ўмацавання еднасці ў дыяцэзіяльнай сям’і». Пад лістом стаіць подпіс — як звычайна, у польска-лацінскай версіі: «x. Kazimierz Card. Świątek». Я часта маю гэты подпіс перад вачыма, бо ён знаходзіцца таксама на першай старонцы «Biblii Ilustrowanej» (Люблін, 1989), якую я атрымала ад кардынала незадоўга да заканчэння дыпламатычнай місіі ў Беларусі, з прысвячэннем:
Pani Ambasador R.P. Prof. Elżbiecie Smułkowej w dowód wielkiej życzliwości i z wyrazami wdzięczności x. Kazimierz Card. Świątek. Mińsk – Mohylew – Pińsk 8 września 1995 r.
Дзякуем табе, шаноўны Арцыпастыр!
|
|
|