Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Лідзія КАМІНСКАЯ

СЭРЦУ, НЕ ЗНЯТАМУ З КРЫЖА...

Пра новую кнігу перакладаў вершаў кс. Яна Твардоўскага «Да Маці Божай»

Ці ведаеце вы, у чым геніяльны Рафаэль супадае з польскім ксяндзом Янам Твардоўскім? Гэта проста: яны аднолькава глядзелі на Маці Божую, аднолькава бачылі ў Ёй тую таемна прыгожую кропку адліку, тую містычную спіраль, якая закруцілася ў космасе з Беззаганнасці Яе цела — жыццядайную спіраль у тры з паловаю вечныя кругі-колы: Маці Божая, Сын і Святы Дух. Мне дапамагла зразумець гэта Паола Воўкава, якая геніяльна трактуе Рафаэля і яго не вельмі вядомы твор «Мадонна ў фатэлі», дзе Беззаганная Марыя не проста трымае Дзіця на руках, а туліць Яго да сябе з такою сілаю, што нібыта гаворыць: «Не аддам...», і гэты жэст азначае, што Яна прыняла ў сябе Яго Крыж, што Сэрца Яе засталося з Ім на Крыжы...

Пэўна ж, ксёндз Ян Твардоўскі разумеў гэта без лекцый Паолы Воўкавай і без палотнаў Рафаэля — проста геніі маюць здольнасць супадаць у сваім унутраным зроку незалежна ад часу і амаль ніколі не спрыяльных для творчасці ўмоваў, бо жыццё — гэта найперш тое, што адбываецца ўнутры, у табе, а не ў іншым, у менавіта тваім выбары. Ксёндз Ян Твардоўскі выбраў Маці Божую, і чарговая кніга перакладаў яго Марыйнай лірыкі так і называецца — «Да Маці Божай». Кніжачка выйшла ў каталіцкім выдавецтве «Про Хрысто», якое заснаваў святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк, выдавецтве, ужо вядомым сваім духоўным друкам дзякуючы працы яго калектыву і найперш дырэктаркі Аліны Новікавай. Згадаем, што ўсе беларускамоўныя выданні твораў ксяндза Яна Твардоўскага з’явіліся па ініцыятыве пані Аляксандры Іваноўскай, якая рупліва і ахвярна ўжо шмат гадоў папулярызуе спадчыну святара-паэта.

...У вершах ксяндза Яна, часам вельмі прыватных, хоць і святарскіх, часам вельмі інтымных, аголеных, амаль кожны чытач, пэўна, знойдзе нешта напісанае толькі для яго. Ксёндз Ян ніколі не імкнуўся ўражваць, знаходзіць мудрагелістыя метафары і эпітэты, каб узняць вобраз Маці Божай на недасягальныя вышыні пафасным красамоўствам. Яго геніяльна простыя словы падаюць у нашы далоні, нібы выпадковыя лісцікі з розных дрэваў і кустоўя, бездапаможна прынесеныя ветрам: хочаш — лаві, бяры, сагравай у далонях, зрабі закладкаю ў кніжцы і ў душы; а не хочаш — дай ім вольна ўпасці, праляцець міма цябе, каб знайсці іншага ці проста расцярушыцца па зямлі. У ксяндза Яна любоў былая (наша, зямная) — «старая нябожчыца», а «лісты даўнейшыя, як шчыглы, вяртаюцца», і ўсё гэта ў вершы з назваю «Жыве» — вось жа непераможнае слова, вечнае, як само жыццё — «не дадаць // не адняць нічога», а ў вершыку ўсяго восем радкоў...

Усе вершы ксяндза Яна здаюцца напісанымі адразу, лёгка выдыхнутымі, але пад многімі з іх стаяць дзве даты са значнымі прамежкамі ў часе: 1982, 1986, напрыклад (для верша гэта нямала; пэўна ж, ксёндз Ян усведамляў, што «всего прочнее на земле печаль // и долговечней царственное слово», як трапна заўважыла Ахматава). Ёсць у яго вершы, падобныя да мастацкіх палотнаў са шматфігурнай кампазіцыяй, дзе «святы Пётр пільнуе брамы // святы Мікола на ялінку клеіць анёла // Агнешка баранчыка сушыць // Ізыдар арэ //святы Рох заглядвае хворым жывёлам у пыскі <...> мучанік уздыхае як паддоследны трусік — у кожнага свой уласны занятак» (верш «Маці для ўсіх», 1982, 1986 гг.), а «маці для ўсіх» тут ён, ксёндз, які мусіць «мець час на ўсё», і здаецца, што ён і сёння не пакінуў гэтага адказнага абавязку, з усмешкаю пазіраючы з нябёсаў на нашую мітуслівую бездапаможнасць, а за спінаю ў яго топчацца «бульдог сумлення» — таксама для нас, бо часам молімся «на адной назе», бо такія заўсёды забеганыя, што шмат чаго іншага таксама робім «на адной назе»...

А яшчэ вершы ксяндза Яна нагадваюць мне ручайкі, і адсутнасць у большасці з іх знакаў прыпынку, якія б толькі заміналі іх вольнаму руху, у яго вершах цалкам натуральная, як натуральнае пакліканне святара наталяць і жывіць словамі-ручаямі, амываючы і змываючы грахі з людскіх душаў, быццам ён кожны дзень аднаўляе ў нас святы хрост, не даючы спыняцца выратавальным ручаям Божай ласкі, якія здабывае для нас Адзіная Беззаганная, чыё Сэрца, не знятае з Крыжа, застаецца міласэрным да ўсіх — і распнутых, і тых, хто працягвае распінаць...

Вядома ж, што вершы ў зборніку з назваю «Да Маці Божай» мусяць поўніцца хвалою і падзякаю Ёй, але ў гэтай хвале і падзяцы няма ні высокага п’едэсталу, ні размытасці пачуццяў, маўляў, любяць «ні за што», а «проста так», як мы часам гаворым пра свае пачуцці; пэўна ж, любяць яшчэ і за тое, за што хочацца сказаць «дзякуй»: «за Твае валасы // на абразах не маляваныя // за бровы Твае ўзнятыя пры з’яўленні анёла // <...> за тое што цела можа прывесці да Бога» (верш «Дзякую», 1984, 1986), а яшчэ за тое, што Яна «заўжды тая самая» (верш «Матуля», 1986), нават калі ў свеце «ўсё ўжо зусім іначай», і за тое, што «на месцы адным застацца Яна не можа // прайшла праз Катынь // праз роспач праходзіць» (верш «Без капліцы», 1988, 1989), і ў гэтай вечнай пілігрымцы паміж Зямлёю і Небам Яна застаецца і прыцягальнаю дзяўчынкаю Паннаю, і ўсмешліваю Матуляю, і цярпліваю Каралеваю, і ніхто не ведае пра нас больш, чым Яна і Яе Сын.

Кніжачка заканчваецца маленечкім вершам без назвы: «Пытаў я Унебаўзятую // як трапіць у неба // якім шляхам ісці // каб у нікуды не прыйсці // адказала: праз тысячы крыжыкаў», а здаецца, што Яна адказала: праз тысячы зорак — так ксёндз Ян умее выклікаць светлыя асацыяцыі, ведучы ад драмы невыносных цярпенняў да нябеснага хараства, да чыстай прыгажосці, якая ўратуе свет. Дарэчы, гэтыя словы Ф. Дастаеўскі сказаў пра Рафаэлеву Сікстынскую Мадонну, фотаздымак якой, заказаны ў Дрэздэне да дня яго народзінаў, вісеў у яго дома: і не трэба нічога выдумляць — большай дасканаласці ў свеце няма...

Калі гаварыць пра тое, што прынята называць майстэрствам перакладу, то яно відавочнае, дакладней, чутнае, і справа нават не ў майстэрстве, а ў супадзенні агульнага разумення місіі Маці Божай Хрысцінаю Лялько і ксяндзом Янам Твардоўскім — тут яны супалі, як птушкі супадаюць са сваёю натуральнаю прастораю — з небам і паветрам. Хрысціна Лялько не першы раз перакладае Яна Твардоўскага менавіта таму, што супадае з яго духоўнасцю, са стыхіяй яго мовы і пачуццяў, а той, хто чытаў яе ўласныя вершы, можа і праз іх пераканацца ў гэтым супадзенні, у шчаслівым судакрананні розных індывідуальнасцяў, якія ў галоўным амаль раўназначныя.

Кніжачка, як заўсёды густоўна, з любоўю праілюстраваная тэхнічным рэдактарам выдавецтва Алегам Глекавым, які на гэты раз узяў для мастацкага афармлення гравюры Маці Божай XVIII–XIX стагоддзяў, а ў папярэдніх перакладах, у кніжцы «Гэтыя тры...», былі творы нашага сучасніка, мастака Ігара Гардзіёнка, і гэтая рознасць і разнастайнасць толькі цешаць, бо сведчаць пра вечнасць вечных каштоўнасцяў, што існуюць па-за часам, але супадаюць з кожным часам, а значыць і з намі ў самым важным — веры, надзеі, любові, і толькі «гэтыя тры», неабходныя нам для жыцця, часам — насуперак, вось так, як у гэтым вершы, пад якім Янам Твардоўскім пазначаныя дзве даты з працягласцю больш за 20 гадоў: 1964, 1986.

* * *

Нішто мяне не зламала
ані пустка па зычлівым позірку
ані ахвяраванні
ані тое што ледзьве не звіхнуў палец
стукаючы ў спавядніцу
ані пытанні васемнаццацігадовых
ані ананімы у якіх сыкаюць канверты —
ані доказы якім трэба спачатку паверыць
ані вернікі што штурхаюцца ў трамваях
ані цнота што плача як няшчаснае шчасце
ані казнадзеі з залатымі зубамі
ані страх што рады не дам не дайду
павалюся яшчэ перад плотам
Валадарства Нябеснага
багатыя будуць усё багацейшыя
а бедныя ўсё бяднейшымі
і нават птушкі спяваюць са страху
нішто мяне не зламала
бо ўвесь час бачу я Цябе Маці Найсвяцейшая
замест скіпетра трымаеш нітак клубок —
цыруеш тэалогію

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.

* * *

Набыць кніжачку мінчанам можна ў кіёску архікатэдры, а іншагароднім можна замовіць праз рэдакцыю часопіса, а таксама праз сваіх духоўных пастыраў. Перакладчыца заўсёды гатова сустрэцца з чытачамі ў любой кропцы Беларусі пры касцёле ў парафіі.

Лідзія Камінская


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY