Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Уладзімір СІЎЧЫКАЎ

НЯБЕСНАЯ АПЯКУНКА

З нізкі «Уладзевы гісторыі»

Фота Дз. Елісеева.

Аўтары Еўфрасінні

Пабачыў, прачытаў Уладзя 23 траўня фэйсбучны пост паэткі Валянціны А., што ў дзень Святой Еўфрасінні Полацкай раніцою наведалася да помніка нябеснай апякунцы Беларусі, і схамянуўся: «Чуў пра яго раней, але ж рукі, а дакладней, ногі не даходзілі! Калі ж, як не сёння, у дзень памяці Еўфрасінні Полацкай, наведацца да манумента?!».

Завёў у пашукавік запыт «Помнік Еўфрасінні Полацкай у Мінску» і пабачыў на мапе значак пры галоўнай сталічнай транспартнай артэрыі, вонкава ўявіў тое месца: «Дык гэта ж побач з будынкам, дзе мясціўся банк, у якім калісьці абслугоўваўся!» Адклаў планаваныя напярэдадні справы і ўжо праз якія паўгадзіны быў на праспекце Незалежнасці амаль што насупраць зруйнаванага аўтавакзала «Маскоўскі». Не пабачыў помніка на шырокай адкрытай пляцоўцы і рушыў да аднаго з карпусоў, падобна прахадной электрамеханічнага завода, над якой здалёк чыталася лапідарнае «Агат».

Помнік адкрыўся ўсё ж даволі нечакана. Пад шатамі дрэваў, у кветніку з хостамі, на невысокім пастаменце, выглядае ён сцішана, камерна і велічна-ўрачыста адначасна. Бронза манумента выгодна адцянялася яшчэ пяшчотнай зеленню бярозавай лістоты. Творца падаў княгіню ў манаскім уборы, у хвіліну разваг і задумення. На каленях яна прытрымлівае важкі фаліянт і легендарны шасціканцовы крыж майстра Лазара Богшы, а на плячах яе — галубіцы з раскінутымі крыламі.

Адразу і адназначна прыняў Уладзя мастакоўскую трактоўку вобраза, а таму не раз абышоў, агледзеў немалы, відавочна большы за тры метры ўвышкі, манумент. Вычэкваў і з розных ракурсаў зрабіў не адзін дзясятак здымкаў, калі сонейка свяціла наўпрост і калі хавалася за аблокі.

Пагугліў дома звесткі пра помнік і не ўстрымаўся, падзяліўся ў інтэрнэт-прасторы ўражаннямі пра свой мастацка-гістарычны ваяж. Першай рэакцыяй быў доччын ледзь не мінамётны абстрэл па вайберы: «Хто цябе сфатаграфаваў пры помніку падчас пандэміі?! Каму ты даваў у рукі свой айфон?! Ці быў той выпадковы мінак у пальчатках і ў масцы?!»

Іншых водгукаў і каментараў атрымаў Уладзя нямала, і адзін з іх быў ад спадарыні Валянціны. Пагадзілася яна, што помнік быў створаны ў 2000 годзе і ўсталяваны праз пару гадоў, а вось аўтарства аспрэчыла. Сама ж журналістка, цвердзіла яна, што яе калегі — жывыя людзі і, як казалі мудрыя лаціняне — errare humanum est — чалавеку ўласціва памыляцца. Жывапісцы, як вядома, зазвычай падпісваюць свае палотны ў ніжнім куце, а скульптары — з тыльнага боку. Даслала журналістка ў мэсэнджар сваё фота з тыльнага боку помніка, на якім быў досыць неразборлівы подпіс, які пры жаданні можна было прачытаць і як «Жбанаў». Пагадзіўся Уладзя, што і газетныя допісы і артыкулы з Вікіпедыі трэба вывяраць, і паправіў імя скульптара ў сваім посце.

Фота А. Сіўчыкавай. 23 траўня 2020 г.

Аднак думалася яму, што Уладзімір Жбанаў знаны найперш як аўтар у жанры гарадской або садова-паркавай скульптуры. Усплывалі ў памяці найперш ягоныя «Дзяўчынка з парасонам», «Курыльшчык» і «Незнаёмка» з Міхайлаўскага скверу, «Дама з сабачкам» і «Фатограф» пры Камароўцы, а таксама «Экіпаж» каля ратушы, а таму не пакідалі сумненні і па пластыцы, і па стылістыцы «Еўфрасінні». Не кволым званочкам, а набатам грымнуў інтэлігентна-мяккі каментар скульптара Уладзіміра Слабодчыкава: «Уладзімір, прабач, памылачка атрымалася. Аўтар — Арцімовіч А. Я.».

«Тэлефон загадчыка кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў не адгукаецца, а Уладзімір Жбанаў пайшоў у лепшы свет ужо восем гадоў, таму і яму не пазвоніш. Таму варта зайсці з другога боку», — падумаў Уладзя.

Дазнаўся ён кантакты Анатоля Арцымовіча ў сакратарыяце Саюза мастакоў. Уведаў і тое, што скульптар паходзіць са старадаўняга шляхетнага роду і цікавасць яго да гістарычнай тэматыкі невыпадковая. Больш за тое, аказалася, што Уладзя завочна ведаў скульптара па ягоных творах — па «Рагнедзе і Ізяславу» ў Заслаўі дый па «Заснавальніку горада князю Барысу» ў Барысаве.

Узрадаваўся Анатоль Яфімавіч цікавасці да помніка, пацвердзіў сваё аўтарства і расказаў, што першапачаткова твор прызначаўся для манастырскага комплексу, што на вуліцы Прытыцкага. Але пазней адна з уплывовых асобаў заявіла, што абраз — выява святой і асветніцы ў храме Прападобнай Еўфрасінні Полацкай ужо ёсць, а таму скульптура будзе залішняй. Сітуацыя падавалася амаль што безнадзейнай, але выратавала нібыта выпадковае, але лёсавырашальнае знаёмства з адным з тагачасных кіраўнікоў «Агата». Знайшоў завод сродкі і на фармоўку, і на ліццё, і на архітэктурную прывязку манумента.

Ухваліў Уладзя помнік, падзякаваў творцу за яго і на развітанне пажадаў, каб на пляцоўцы перад «Агатам» спыняліся турыстычныя аўтобусы з вернікамі і экскурсантамі, каб гіды паставілі агляд выдатнага помніка ў свае маршруты па беларускае сталіцы.

Але аўтарства сталічнага помніка Еўфрасінні ў сваім фэйсбучным посце мусіў ізноў выправіць.

23 траўня 2020 года

 

Жарсны пацалунак

Казалі нядобразычліўцы ды зайздроснікі, што адной з прычын фенаменальнага поспеху драматурга Андрэя Макаёнка была ягоная дружба з тагачасным кіраўніком рэспублікі Пятром Машэравым. Нібыта вызнаваў літаратар у Першага сакратара Кампартыі Беларусі пра рашэнні будучых форумаў — нарадаў ды пленумаў, а праз тое ствараў п’есы на нібыта суперактуальныя тэмы.

Камуніст-франтавік, драматург з усесаюзнай славаю, дэпутат Вярхоўнага Савета, ардэнаносец і лаўрэат, зрабіўся Андрэй Макаёнак настолькі ўплывовым, што фактычна прызначаў галоўных рэжысёраў у найлепшыя тэатры краіны. Быў ён і даволі заможным чалавекам: атрымліваў высокія ганарары, меў выдатную кватэру ў цэнтры сталіцы, прэстыжны аўтамабіль «Победа», двухпавярховае лецішча ў Ждановічах… Але вось у сямейным жыцці здарылася была калі не бяда, дык працяглы крызіс. І асабістыя абставіны склаліся так, што Андрэй Ягоравіч на пэўны час мусіў пасяліцца на лецішчы, якое сталася яму і зімішчам.

Аднаго дня позняе восені паехаў да яго за горад выдатны рэжысёр, будучы народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка з жонкай Людмілаю. Творцам было пра што пагаварыць, бо Барыс Іванавіч на той час узяўся ставіць сатырычную камедыю-памфлет «Зацюканы апостал» на сцэне Купалаўскага тэатра, хоць Макаёнак перажываў тады не лепшыя свае часы, а п’есы ягоныя не прымаліся ў айчынных тэатрах. Драматург сустракаў свой пяцідзесяцігадовы юбілей у самоце і ў роспачы, але пасля першага кілішка за здароўе крыху павесялеў і нават паабяцаў пазнаёміць гасцей… са ждановіцкай сінічкай.

Узяў Андрэй Ягоравіч скрылік несалёнага сала ў зубы, прачыніў шыбы і вызірнуў на заснежаны двор. І тут здарыўся невялічкі цуд: амаль што адразу прыляцела ягоная прыгажунька. Быццам тая калібры пры трапічнай кветцы жывіцца жыццядайным нектарам, так і сінічка амаль што завісла ў паветры і пачала дзяўбсьці сала. А пакуль госця жывілася пачастункам, Андрэй Ягоравіч застыгнуў нерухома і дыхаў ледзь-ледзь, вельмі эканомна. Назваў ён свой не тое што тэатральны, а хутчэй цыркавы атракцыён «жарсным пацалункам» і быў вельмі задаволены эфектам, зробленым на нешматлікую публіку…

На вялікі жаль, лецішча тое у хуткім часе згарэла.

Андрэй Ягоравіч, на шчасце, начаваў у сталіцы і дзякаваў лёсу, што застаўся жывы.

Прайшоў пагарэлец па дымных галавешках папялішча, спусціўся ў ацалелы склеп, вынес зарэзерваваную бутэльку каньяку дый пусціў яе па коле паміж пажарнікаў.

Самай большай стратаю лічыў ён не згарэлыя сцены, а дзённікавыя сшыткі, накіды новых п’ес і найболей — франтавыя нататнікі, што нагадвалі пра цяжкую, але прыгожую і вабную маладосць.

11 ліпеня 2020 года

Іван Міско з медалём Ігара Лучанка. 2018. Фота У. Сіўчыкава.

Экзэрсісы

У свой час, на пачатку 50-х гадоў, Іван Міско прыехаў быў паступаць у Мінскую мастацкую вучэльню з вялікім салдацкім рэчавым мехам. Даў яго падлетку бацька Якім, які нядаўна вярнуўся з войска. У той мех маці паклала крыху грошай, сухароў дый коўдру, а сам Іван — свае вучнёўскія малюнкі.

Мясцілася тады вучэльня ў будынку Опернага тэатра. Насмеліўся падлетак падысці да вахцёра, бо ўжо вечарэла, і той міласціва дазволіў: «Ну, калі хочаш, дык можаш заночыць проста вось тут, пад сталом».

Узрадаваўся Іван, што можа пераначаваць хай сабе і на падлозе: мех — пад голаў, коўдру на плечы — і ў абдымкі да Марфея. Прачнуўся раніцою — няма ні меха, ні грошай, адно толькі коўдра дый малюнкі. Зразумеў, што ўначы хтосьці абакраў яго. Вярнуўся абітурыент-небарака ў роспачы на вакзал, сеў на цягнік «зайцам» дый дабраўся дадому, на хутар Чамяры, што на Слонімшчыне.

Праз дзесяцігоддзі, калі ўжо скончыў і вучэльню, і Акадэмію мастацтваў, і нават стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў, адзін з калегаў расказаў Івану Якімавічу праўду пра яго першае няўдалае абітурыенцтва. «А ці памятаеш, Іване, вахцёра, які падпрацоўваў у нас у вучэльні натуршчыкам? Цябе за ягоны бюст дужа хвалілі на праглядзе і «пяцёрку» за яго паставілі!» — «Як не памятаць?! Гэта была мая першая сур’ёзная праца! Той натуршчык у мяне яе нават нават купіць хацеў, але я не прадаў. Бюст і сёння стаіць на паліцы ў маёй майстэрні…» — «Ну дык ведай: гэта ён абакраў цябе тае ночы, як ты прыязджаў паступаць першага разу!» — агаломшыў калега скульптар.

Іван Міско.
Партрэт Казіміра Семяновіча.
Бронза. 2005.

Прыйшоў Іван Якімавіч ўвечары ў сваю майстэрню дый размажджэрыў кувалдай бюст натуршчыка злодзея на драбнюткая аскепкі. Хоць і шкада было ўдалага партрэта, але не змог ён вынесці крыўды за тое, як жорстка абышліся з ім пры першай спробе атрымаць адукацыю і выйсці ў людзі.

У другі раз прыехаў ён у сталіцу на наступны год, даволі лёгка здаў іспыты і паступіў у вучэльню, але неўзабаве атрымаў і позву ў Слонімскі ваенкамат. Там яго паспелі пастрыгчы «пад нуль», перш чым абвясцілі, што забяруць у войска крыху пазней. Падумаў навабранец: «Зноў цэлая бяда! Як гэта пазней?! А як я вярнуся дахаты? Што скажуць вяскоўцы — такі кволы ці хворы, што нават у войска не ўзялі?!»

Тут жа рашуча заявіў ён камісіі: «Не пайду дадому! Як сабе хочаце, а забірайце мяне сёння!»

Завезлі яго ажно ў Забайкалле, і патрапіў ён у танкавую дывізію, якой камандаваў двойчы Герой Савецкага Саюза Давід Драгунскі. Палкоўнік з ваяўнічым прозвішчам, аказалася, адыграў у жыццёвым і мастакоўскім лёсе Івана Міско вельмі значную ролю.

Маляваў свежаспечаны салдат партрэты выдатнікаў баявой і палітычнай падрыхтоўкі дый пасылаў іх у газету Забайкальскай ваеннай акругі «На баявым пасту». Камандаванне агледзела яго мастакоўскі талент, ацаніла належным чынам і нават парэкамендавала навучацца завочна ва Усесаюзнай школе імя Надзеі Крупскай у Маскве.

Калі прыйшоў час дэмабілізавацца, Іван Міско напісаў алейнымі фарбамі партрэт знакамітага танкіста і разам з нампалітам аднёс яго на кватэру камдыва. Дома Другунскага не аказалася, а таму давялося ўручыць твор яго жонцы.

Праз пару дзён выклікалі Івана Міско ў штаб, дзе камандзір дывізіі ўручыў мастаку імянны гадзіннік, а таксама накіраванне на вучобу, хоць і меркаваў пакінуць дзембеля на звыштэрміновую службу. Дзякуючы таму накіраванню апынуўся Іван Міско адразу на другім курсе мастацкай вучэльні.

На той час, як скончыў ён і Беларускую акадэмію мастацтваў, былы вайсковы камандзір перабраўся ў Маскву і ачоліў Найвышэйшыя афіцэрскія курсы. Але колішні падначалены быў ужо даволі частым госцем у Зорным гарадку, знайшоў генерал-палкоўніка танкавых войск, і ў іх аднавіліся прыязныя адносіны.

Звязаны ў мастака з «земляком» (Давід Драгунскі нарадзіўся на Чарнігаўшчыне, але вайсковую службу пачаў на Міншчыне, а Другую сусветную сустрэў у крэпасці Асавец) яшчэ адзін шчымлівы эпізод. Калі скульптар ужо цалкам аддаўся ў сваёй творчасці касмічнай тэматыцы, да яго звярнуліся з просьбаю стварыць надмагільны помнік двойчы Героя Савецкага Саюза Георгія Берагавога. Просьбу-заказ Іван Міско выканаў ахвотна. Але як жа здзівіўся народны мастак Беларусі, калі прыехаў на Новадзявочыя могілкі пабачыць свой твор і агледзеў, што магіла лётчыка-касманаўта, генерал-лейтэнанта авіяцыі Георгія Берагавога размешчана побач з магілай генерал-палкоўніка танкавых войск Давіда Драгунскага!

10 жніўня 2020 года


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY