Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ

Аднаві мой край! Аднаві!

* * *
«Тэхніка гравюр — выдатная і выключная… мастацтва для ўсіх».

Уладзімір Караткевіч

Адкрыццё — гэта заўсёды хвалююча. Нават калі вы чалавек стрыманы і ўмееце хаваць свае пачуцці, у рэдкі момант адкрыцця ў вашай душы ад спазнання таго, чаго раней не ведалі, усё роўна гарачай хваляй разальецца радаснае пачуццё. І нават калі знаходка «запланаваная» (я такое не раз перажываў у архіўнай цішы) — бурлівая радасць аднолькава адчуецца кóлкай цеплынёй на шчоках і выльецца гучным тахканнем крыві ў венах. Гэта як доўга-доўга жыць худа-бедна і раптам нечакана забагацець. І пашыраюцца вашыя магчымасці матэрыяльныя і далягляды жыццёвыя.

Праўдзіва: новае спазнаць — як багацце прыдбаць.

Улетку мінулага (па-свойму гістарычнага) 2020 года беларускае мастацтвазнаўства пабагацела незвычайным выданнем — «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва». Пераклад з польскай мовы, прадмова Уладзіміра Васілевіча. Пераклад і расчытванне лацінамоўных тэкстаў і скарачэнняў Алеся Жлуткі.

Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука», што лагічна, паколькі выйшла пад грыфам «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Толькі аўтар яе жыў і выдаваў свае даследаванні ў пазамінулым, ХІХ стагоддзі.

Імя яго — граф Канстанцін Тышкевіч (1806—1868). І па сваіх «палітычных поглядах» ён наўрад ці б сёння затрымаўся ў сценах сучаснай Акадэміі навук…

Наогул тады, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, на нашых акупаваных землях не тое каб пра Акадэмію айчынную марылася, а проста атрымаць дазвол на аднаўленне закрытага ў 1832 годзе слыннага Віленскага ўніверсітэта было немагчыма. Увесь вялікі наш край, усю Літву-Беларусь, пазбавілі магчымасці займець для сваіх сыноў і дачок вышэйшую адукацыю. Гэта значыць — цэлы народ пазбаўлялі асветнай, еўрапейскай будучыні, хоць на самым пачатку ХІХ стагоддзя Віленскі ўніверсітэт па праву лічыўся найпершым светачам навукі ва ўсёй Беларусі-Літве, Жмудзі, Польшчы, Украіне. І, як ні дзіўна, нават у аграмаднай акупанцкай Расійскай імперыі. Да прыкладу, у 1808 годзе (год нараджэння Дуніна-Марцінкевіча) у маскоўскай школьнай акрузе, у склад якой уваходзіла 10 губерняў, у гімназіях навучалася 447 вучняў, у пецярбургскай — 294; у віленскай жа навучальнай акрузе (у яе склад уваходзілі ўсе беларускія гімназіі) — 1 305 навучэнцаў. І яшчэ праз паўтара дзесяцігоддзя — да самага разгрому гуртка філаматаў-філарэтаў — Віленскі ўніверсітэт заставаўся найярчэйшай паходняй асветы (заснаваны ў 1578 года вялікім князем літоўскім Стафанам Баторыем), паколькі ў маскоўскай школьнай акрузе навучалася 11 880 вучняў, у пецярбургскай — 7 812, у віленскай навучальнай акрузе (у 1822 годзе ) здабывала асвету 22 720 асобаў.

І сярод тых дваццаці двух тысячаў навучэнцаў быў сын Барысаўскага павятовага маршалка графа Пія Тышкевіча (1756—1858) і графіні Аўгусты-Марыі Плятар (1782—1834). Наогул, дзякуючы асвечаным бацькам, юнак атрымае еўрапейскую асвету, якую толькі можна было здабыць на «забраных землях». Пачаўшы з хатняй адукацыі ў родным палацы пад наглядам маці, хлапчука потым аддалі ў езуіцкую школу ў Полацку (Полацкі езуіцкі калегіум, таксама як перад тым Віленскі ўніверсітэт, узнік у 1580 г. дзякуючы прывілею таго самага вялікага князя літоўскага Сцяпана Батуры). У Полацку Кастанцін навучаўся да самога закрыцця калегіі езуітаў (1820 г.), пасля яшчэ нейкі час паглыбляў веды ў школе ксяндзоў дамініканаў у Забеллі Віцебскай губерні і ўрэшце ў Віленскай гімназіі. У Вільні К.Тышкевіч завяршыў вучобу па гімназічных дысцыплінах, каб стаць студэнтам Віленскага ўніверсітэта (на аддзяленні права; па-сучаснаму «юрыдычны факультэт»). Атрыманая на Радзіме адукацыя дала яму ўпэўненыя крылы і дазволіла ў пошуках працы апынуцца ажно ў Варшаве — у канцылярыі міністра фінансаў Польскага Каралеўства (1828 г.; варта нагадаць, што тады яго ўзначальваў Тышкевічаў зямляк з Палесся князь Францішак-Ксавэры Друцкі-Любецкі, якога потым называлі не іначай як «геніяльны міністар скарбу»). Казённая служба працягвалася нядоўга: да Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў. У ім, як сведчаць некаторыя крыніцы, граф паспеў прыняць удзел. Пасля разгрому вярнуўся на Радзіму, асеў у родавым Лагойску… Як канстатуюць даследнікі, «прысвяціў сябе асабістаму жыццю».

А жыццё такіх асобаў як Тышкевіч належала Айчыне, а Бацькаўшчына, як вядома — нясмяротная. Patria Immortale!

Разам з братам Яўстахам (1814–1873) Канстанцін лічыцца «заснавальнікам беларускай археалогіі і музеязнаўства». Апроч музея ў лагойскім палацы, багатыя, унікальныя зборы Тышкевічаў сталі падмуркам і для адкрыцця Віленскага музея старажытнасцяў (сярэдзіна 1850-х гадоў), а пазней, у міжваенны час, леглі ў аснову Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве. З тых тысячаў экспанатаў (матэрыяльных сведчанняў нашай самабытнай культуры) цяпер на Радзіме мы не маем нічога. Толькі духовае, і тое яшчэ не ў поўным аб’ёме, паколькі не ўся навуковая й творчая спадчына братоў Тышкевічаў дачакалася свайго часу, бо хоць першы біяграфічны нарыс пра аднаго з іх, Яўстаха, паўстаў яшчэ напрыканцы мінулага тысячагоддзя (1991) 1, аднак і праз тры дзесяцігоддзі (траціну стагоддзя!) мы не дачакаліся выдання важкага тому аўтара «Апісання Барысаўскага павета» (1847). Затое дзякуючы намаганням нашага сучасніка, выдатнага фалькларыста-этнографа Уладзіміра Васілевіча ў слынным «Беларускім кнігазборы» выйшаў том «Канстанцін Тышкевіч» (2018). Але нават і гэтае капітальнае выданне на 636 старонак не ўвабрала ўсю творчую спадчыну К. Тышкевіча. Да прыкладу, у томе змешчаны падраздзел з прыгаданым тут вышэй загалоўкам «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва» (с. 411–415), і толькі праз некалькі гадоў тыя 5 кнігазбораўскіх старонак увасобіліся ў самавітую кнігу на 230 старонак, хоць і гэтая някідкая кніга ў фармаце «стандартнага тома» (84×108132) не перадае важкасць адкрыцця, якое здзейсніў К. Тышкевіч у сярэдзіне пазамінулага стагоддзя.

«Цяжка вытлумачыць, чаму менавіта гэтай кнізе славутага беларускага вучонага — гісторыка, археолага, этнографа, фалькларыста, краязнаўца, аднаго з заснавальнікаў музейнай справы ў нашым краі Канстанціна Тышкевіча, чые іншыя кнігі вядомы не толькі па назвах — суджана было застацца ў ценю забыцця? Чаму яна, гэтая кніга «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва», выдадзеная ў Вільні ў 1858 годзе, заўсёды, нават у энцыклапедычных артыкулах, прысвечаных яе аўтару, выпадала са спісу яго асноўных выданняў? Чаму да яе паўтара стагоддзі не звярталіся навукоўцы, даследчыкі-мастацтвазнаўцы?» — гэткім эмацыйным зваротам распачынае свой уступ укладальнік У. Васілевіч. У анатацыі слушна адзначана: дадзенае выданне ўпершыню знаёміць беларускага чытатача з кнігай, якая аказалася незаслужана забытаю і нават не згадваецца ў энцыклапедычных даведніках і даследаваннях, прысвечаных дзейнасці славутага навукоўца. Аўтар сваёй кароткай прадмоваю да яе раскрыў цалкам невядомую старонку, звязаную з зараджэннем айчыннай графікі, расказаўшы пра яе пачатковыя крокі на нашай зямлі. Ён таксама пакінуў выяўнае ўяўленне пра гравюры, сабраўшы ў кнізе блізу 180-ці твораў, зробленых пераважна віленскімі мастакамі. Дзякуючы гэтаму сучаснікі могуць азнаёміцца хоць бы з часткаю найбагацейшых калекцый, што экспанаваліся ў Лагойскім і Віленскім музеях.

Пра структуру кнігі адносна поўна паінфармаваў ва ўступе сам аўтар граф К.Тышкевіч: «…я змясціў 173 адбіткі з блях (часткова таксама дэфектных), якія, аднак, прадстаўляюць вялікую навуковую цікавасць. Я падзяліў гэты раздзел на 4 часткі. У 1-й я змясціў бляхі з прозвішчамі і без іх, але вядомых мне гравёраў Літвы; шэраг гэтых гравюр пачынае датавацца сярэдзінай мінулага стагоддзя і працягваецца да нашых дзён; змяшчае яна ў сабе 103 творы з кароткім паведамленнем пра некаторых нашых гравёраў. 2-я частка змяшчае ў сабе 50 выяў святых, выгравіраваных у Літве невядомымі майстрамі; да іх я далучыў некалькі абразкоў, выгравіраваных у Любліне і ў Віндаве. У 3-ю частку я ўключыў абразкі, выгравіраваныя ў Англіі і Францыі для нашых манаскіх ордэнаў. У 4-й частцы пад назваю «Разнастайныя гравюры» знаходзяцца разнастайныя адбіткі, якія не маюць між сабою ніякага блізкага сваяцтва і не маюць на сабе прозвішча аўтараў».

Багацце ілюстрацыйнага матэрыялу сваёю навізною выклікае шок: побач з вядомымі замежнымі выявамі св. Антонія з Падуі; св. Разаліі; св. Андрэя Баболі; св. Антонія Падуанскага; св. Дж. Бонавэнтуры; св. Пятра з Алькантары і іншых суседзяць найарыгінальнейшыя карціны мясцовага паходжання: «Выява цудатворнай статуі ў касцёле айцоў дамініканаў у Чашніках»; «Выява святога пакутніка Інакенція з надпісам унізе: «Св. Інакенцій, цела якога з ампулкай крыві змешчана ў парафіяльным Дрысвяцкім касцёле ў 1803 годзе»» і дзясяткі іншых.

Значную інфармацыйную каштоўнасць маюць і подпісы да мастацкіх выяваў: «Найяснейшаму, найдастойнейшаму вяльможнаму пану, пану Станіславу Быкоўскаму Лопату, бабруйскаму старосту, графу ў Чашніках і Горвалі, мецэнату, дабрадзею з канвента Чашнікі: дар прысвечаны Ордэну прапаведнікаў [дамініканцаў ?], 1754 г., выгравіраваў Ян Ануфрый Пятроўскі, літоўскі шляхціц»; «Партрэт Лапацінскага з Лапаціна, мінскага старосты»; «Партрэт Тадэвуша Касцюшкі»; унізе надпіс: «У Шаркаўшчыне»».

Айчынныя мастацтвазнаўцы цяпер маюць магчымасць поруч з вывучэннем не вядомых раней адбіткаў заняцца пошукамі біяграмаў майстроў-гравёраў: «Выгравіраваў С. Н. Навіцкі»; «М. Жукоўскі гравіраваў’’»; «J. Filipoіwicz sc. Lublin[i]» («Выгравіраваў Ян Філіповіч у Любліне») ды інш. Не менш займальнаю і каштоўнаю бачыцца расшыфроўка гісторыкамі мастацтва ініцыялаў і крыптанімаў гравёраў, пакінутых пад адбіткамі: J. М., F. В., Byks (Biks). Таму, бясспрэчна: арыгінальнае даследаванне графа К.Тышкевіча, якое набыло другое дыханне дзякуючы Уладзіміру Васілевічу, выкліча інтарэс у гісторыкаў, краязнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, рэлігіязнаўцаў і ўсіх, каго цікавіць мінуўшчына Беларусі. Яно нібы запрашае ў далёкія вандроўкі, прапаноўваючы: паедзьце ў Вільню або Пецярбург, у Кракаў ці Варшаву — там пабачыце ў музеях нашае мінулае.

Пра цікавасць да працаў графа К.Тышкевіча ў наш час сведчыць просты факт: усе перавыданні ягонай спадчыны разышліся: і паўтысячны наклад у «Беларускім кнігазборы» (2018), і вось гэты, сціплы, шэрага колеру, «пад даўніну зроблены», перавыдадзены томік «Помнікаў айчыннага гравёрнага мастацтва». Высокі навуковы ўзровень, скрупулёзнасць у дэталях і разам з тым энцыклапедычную шырыню выданню забяспечыў наш слынны лацініст Алесь Жлутка, які здзейсніў не толькі пераклад, але і расчытванне лацінамоўных тэкстаў і скарачэнняў. А такое, паверце, выканае далёка не кожны гісторык-медыявіст.

Высілкі сучасных навукоўцаў, укладальніка, а таксама перакладчыка можна падсумаваць словамі самога аўтара — графа Канстанціна Тышкевіча: «Я зрабіў усё, што было ў маіх сілах. Пацешуся ад усяго сэрца, калі гэтая публікацыя з водціскаў гравіравальных блях, якія знаходзяцца ў маёй калекцыі, трапяць да акрэсленай мною мэты — гэта значыць, калі той, хто будзе працаваць над гісторыяй мастацтва ў нашай краіне, знойдзе ў ёй матэрыял для сваёй працы».

 

* * *

У мяне ёсць магчымасць прапанаваць больш акрэслена датаваць час каштоўнага выдання К.Тышкевіча. У лісце да Старшыні Кракаўскага навуковага таварыства, адасланым з Лагойска 28 лютага 1858 г., паведамляецца: «Экзэмпляр „Помнікаў айчыннага гравёрнага мастацтва“», якія паходзяць з адбіткаў блях, што захоўваюцца ў маім зборы, ужо выйшаў з друку, і я маю гонар скласці яго на рукі спадарства» 2.

Такім чынам, выданне пабачыла свет на самым пачатку 1858 года.

Дарэчы, «поўнае» апісанне тытульнай старонкі першадруку ў арыгінале досыць інфармацыйнае: «ПОМНІКІ АЙЧЫННАГА ГРАВЁРНАГА МАСТАЦТВА — Раздзел IАдбіткі з малых дошак, якія знаходзяцца ў Лагойскай бібліятэцы графа Канстанціна Тышкевіча. Выдадзеныя накладам іх уладальніка. Вільня. Друкарня А. Марціноўскага, 1858».

Таму цалкам лагічным успрымаецца паведамленне аўтара пра спланаваны ім працяг выдання: «У другім раздзеле, ажыццяўленнем якога я задумаў заняцца адразу ж пасля апублікавання цяперашняга, і публікацыя якога павінна пайсці нашмат цяжэй, чым гэтая, з той прычыны, што раздрукоўка з блях вялікага фармату патрабуе большых клопатаў, я прадстаўлю грамадскасці творы вялікіх памераў, створаныя нашымі гравёрамі, больш глыбокія і больш смелыя паводле сваіх задум; знойдуцца сярод іх і прадметы несумненнай гістарычнай вартасці» (с. 33).

Ці дакладна яно выйшла? Укладальнік У. Васілевіч рэфлексуе над гэтым пытаннем, дзелячыся адначасова каштоўнымі высновамі: «У наступны ж, другі раздзел выдання, К. Тышкевіч намерваўся ўключыць гравюры вялікага фармату, папярэджваючы чытача, што публікацыя можа быць звязана з пэўнымі тэхнічнымі складанасцямі. Але, на жаль, нам дагэтуль так і невядома, ці ўдалося нашаму славутаму земляку адолець іх і поўнасцю ажыццявіць свой намер. Ніхто з даследчыкаў такой яго кнігі не бачыў і ніхто ніколі не згадаў яе сярод іншых друкаваных прац вучонага. Хоць, паводле сцвярджэнняў В. Каратынскага, гравюры вялікага фармату, як і малога, усё ж былі старанна адціснуты ў Лагойску (і да таго ж „нескупым тыражом“), але на час напісання ім артыкула памяці К. Тышкевіча яны яшчэ не мелі надрукаваных тлумачальных тэкстаў. Другая частка „Помнікаў айчыннага гравёрнага мастацтва“, як сцвярджаў гэты біёграф Тышкевіча, „цалкам гатовая і чакае свайго з’яўлення перад публікай“. Хацелася б спадзявацца, што і гэта частка фарматных гравюр была ў той год адціснута майстрам Леановічам і недзе ў музейных ці архіўных фондах усё яшчэ чакае свайго адкрывальніка» (с. 22).

Мне вельмі радасна прынагодна сказаць, што ведаю адказ на галоўнае пытанне (і адначасова вельмі скрушна прызнацца, што адшукаў той адказ амаль 33 гады таму!). Так, задуму сваю граф К. Тышкевіч рэалізаваў: «Гравюры вялікага фармату» аддрукаваў! Што праўда, не ў той самы год, як мяркуе ўкладальнік. І яны насамрэч «не мелі надрукаваных тлумачальных тэкстаў», хоць у апошнім аўтар ані на макавае зерне не быў вінаваты. Уся віна — на бяздушнай акупацыйнай уладзе. Чаму? Адказ у лісце К. Тышкевіча да таго ж самага адрасата, што і вышэй — Старшыні Кракаўскага навуковага таварыства Францішка Вэнжыка (1785–1862):

«Спадар Граф! Другая нізка помнікаў айчыннага гравёрнага мастацтва, якая складаецца з адбіткаў вялікіх дошак з майго збору, ужо даўно была выкананая. Сшытак той ідзе ў свет без вопісу і без адпаведных тлумачэнняў, бо мне іх краёвая цэнзура не прапусціла» 3.

Дата «1859 г. Красавіка 15 дня, з Лагойску» — сведчыць: гэта быў той самы год, калі расейская цэнзура не пусціла ў друк беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» — першы пераклад геніяльнай паэмы на славянскія мовы, як сведчаць сучаснікі, быў спалены. Гэтак «братні народ» асуджаў «малодшага брата» на марнаванне і дэградацыю. І больш чым праз стагоддзе пасля гэтага горкага прызнання мушу канстатаваць: не ўсе свае здабыткі й знаходкі, зробленыя падчас архіўных росшукаў далёкага 1988 года, меў я мажлівасць тады публікаваць.

Цяпер таксама, праз пандэмію ды забарону трапіць за мяжу «наземным шляхам», пошукі згаданых «вялікіх гравёрных адбіткаў» з калекцыі Тышкевічаў з Лагойска адкладаюцца. Таму гэта — заданне на будучыню для наступных пакаленняў нашых навукоўцаў.

Аднак у нас на Радзіме засталіся таксама нябедныя архівы, дзе можна працягваць рабіць адкрыцці. Пошукі ў іх могуць прынесці здабыткі, часам абсалютна нечаканыя. Як зрабіў я «адкрыццё» пра аўтара ўнікальнага тома, выявіўшы сувязь графа К. Тышкевіча з маім радзімым мястэчкам над Іслаччу.

«Году 1837, дня 24 студзеня, у Менску кс. Ваўжынец Лукашэвiч, дамiнiканiн, вiкары парафiльнага Траецкага касцёла, ахрысцiў з вады i святых алеяў немаўлё iмёнамi Эдмунд-Вiктар-Юлiюш народжаных Фартуната i Ганны Касават Здзяхоўскiх, маршалкаў Мiнскага павета. Сына народжанага ў Менску 26 снежня 1836 г. Хросныя бацькі («Trzymali do chrztu»): вяльможны Канстанцін Тышкевіч, граф, з вяльможнай Антанінай Мурашкаўнай»4

 

Вось такі ён, адшуканы штрых з гiсторыi майго Ракава. І не проста пра даўніну падменскага мястэчка, але пра гiсторыю беларускiх культурных зносiн ХIХ стагоддзя. Уладальнiк мястэчка над Iслаччу запрасiў уладальнiка маёнтка з-над Гайны быць хросным бацькам для свайго сына. I не ведаў тады аніхто, што браты Тышкевiчы, Кастусь i Яўстаф, застануцца (заслужана) у нашай гiсторыi сваiмi працамi. Не магу зразумець, чаму гэты дух навуковых адкрыццяў (хоць у якой-небудзь навуковай галiне) не перадаўся хрэснiку Тышкевiча, трохіменнаму Эдмунду-Вiктару-Юлiюшу. Але затое (i ў поўнай меры) перадаўся сынам Эдмунда, прафесару Мар’яну Здзяхоўскаму ды празаіку Казіміру Здзяхоўскаму). Гэта ж да іх у Ракаў пачаткам ХХ стагоддзя наведалася ў госці «каралева слова» Эліза Ажэшка, назваўшы маляўнічую мясцовасць над Іслаччу «Літоўскімі Афінамі».

Я пэўны: калi праз гадоў 20–25 Эдмунд жанiўся, хросны бацька абавязкова быў запрошаны на вяселле. Нават калi яно гулялася i не ў ракаўскiм маёнтку, малады хрэснiк мог (як падарунак) атрымаць адбіткі слыннага «вялікага гравёрнага альбому» з вялікага збору братоў Тышкевічаў у Лагойску.


  1. Каханоўскі Г. А., Каханоўскі А. Г. Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч / Серыя «Нашы славутыя землякі» — Мінск : Навука і тэхніка, 1991 г.
  2. Бібліятэка «Ossolineum» (Вроцлаў). Сігн. 12319–12321. Арк. 191.
  3. Тамсама, арк. 195.
  4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Фонд 937. Вопіс 4. Адз. зах.10. Арк. 32 адв.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY