Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Войцех ЖМУДЗІНЬСКІ SJ

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК

Калі нявінныя пакутуюць, а злачынцам цудоўна жывецца, дзе логіка? Можа Бог не можа ўправіцца са сваім стварэннем, і таму паўсюль пануе хаос? Дзеля чаго імкнуцца жыць справядліва і дасканала, калі гэта не робіць нас шчаслівымі тут, на зямлі?

За якія грахі? Чаму гэта са мною здарылася? Гэтыя пытанні знаёмыя ўсім, хто хоць раз адчуваў бездапаможнасць, страціўшы працу або пахаваўшы блізкага чалавека, або цяжка захварэўшы, або згубіўшы ўсю маёмасць. І хацелася б заплакаць, усклікнуць да Бога, але на гэта таксама не заўжды хапае сілаў.

Ёў, герой адной з самых драматычных кнігаў Старога Запавету, не наракае на Бога з прычыны няшчасцяў, якія здарыліся з ім, але не можа прымірыцца са сваім лёсам. Ён кліча Бога сваім болем, скардзіцца не таму, што жадае абвінаваціць Бога, а для таго, каб зразумець, у чым прычына ягоных пакутаў. Плач Ёва да Бога — не шкадаванне сябе самога, у яго слязах і словах — і роспач, і надзея, што Бог прыйдзе дапамагчы яму. Горка ўсклікаючы, Ёў пералічвае свае няшчасці, і гэта прыносіць палёгку ў пакутах.

 

Тое, што мае назву, менш пужае

Некаторыя хворыя людзі, чакаючы, пакуль ім паставяць дыягназ, скардзяцца, што лепш хутчэй даведацца самую страшную праўду, чым заставацца ў няпэўнасці. Яны хочуць ведаць, што з імі адбываецца, каб падрыхтавацца да горшага. А некаторыя наадварот — да канца падманваюць сябе і жадаюць, каб іх падманвалі. Няўжо няведанне лягчэй? Гратэск і жорсткасць такога падману апісаны ў творы Льва Талстога «Смерць Івана Ільіча»:

«І яго мучыла гэтая хлусня, мучыла тое, што не хацелі прызнацца ў тым, што? ўсе ведалі і ён ведаў, а хацелі хлусіць перад ім у яго жахлівым становішчы і хацелі і прымушалі яго самога прымаць удзел у гэтае хлусні. Хлусня, хлусня гэтая, якую ўчынялі над ім напярэдадні ягонае смерці, хлусня, якая павінна звесці гэты страшны ўрачысты акт ягонае смерці да ўзроўню ўсіх іх візітаў, гардзін, асятрыны на абед... была страшэнна пакутлівая для Івана Ільіча. І — дзіўна — ён шмат разоў, калі яны выраблялі з ім свае штукі, быў на валаску ад таго, каб закрычаць ім: перастаньце маніць, і вы ведаеце, і я ведаю, што я паміраю, дык хоць перастаньце маніць. Аднак ён ніколі не меў духу зрабіць гэта»1.

Неяк даўно доктар накіраваў мяне ў шпіталь для абследавання. Ён сказаў, што мая хвароба можа быць сур’ёзнаю, і таму лепш адразу ўсё добра праверыць. Падчас ранішняга абходу дзяжурны доктар не захацеў мне нічога сказаць. Боль не змяншаўся. Медсястра завезла мяне на аналізы. Бралі кроў, мачу, пасля яшчэ давялося піць нейкую белую вадкасць, пасля рабіць рэнтген і цярпець непрыемнае глытанне зонда… А пасля было чаканне вынікаў. Да болю можна прызвычаіцца, але да няпэўнасці — ніяк. Калі ж ужо вядома, што наперадзе самае горшае, мы пачынаем размаўляць з Богам так шчыра, як, напэўна, ніколі ў жыцці не размаўлялі.

Колькі людзей кожны год, засынаючы ў шпітальным ложку, углядаюцца ў крыж і паўтараюць словы Хрыста: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Яны ўжо не спадзяюцца, што паўторыцца гісторыя Ісаака і Бог стрымае нож, прыстаўлены да горла. Доктар маўчыць, сябры нічога не кажуць, як і сям’я. Вось сапраўдная беднасць, з якою не можа справіцца ніводная дабрачынная арганізацыя. Хоць бы ў нас былі кішэні, поўныя золата, мы не зможам нікога падкупіць, не ўтрымаем жыццё ў сціснутых далонях.

 

Маўклівая прысутнасць

Ёў, не згаджаючыся са сваім лёсам, усклікае да маўклівага Бога. Ёў праклінае дзень свайго нараджэння і адначасова моліцца словамі: «Пан даў, і Пан забраў. Няхай будзе благаслаўлёнае імя Пана» (Ёв 1, 20). Ён не абвінавачвае Бога ў несправядлівасці, а просіць Яго адказаць, бо жадае зразумець сэнс незаслужаных пакутаў. Не атрымаўшы адказу, Ёў прымае страшнае рашэнне маліць Бога аб смерці.

Жонка гаворыць яму: «Зняваж Бога і памры!». А Ёў адказвае: «Калі мы прынялі добрае з рукі Бога, то як жа нам не прыняць злога?» (Ёв 2, 9–10).

У выніку жонка пакідае Ёва і той застаецца зусім адзін. Тады на дапамогу яму прыходзяць трое сяброў: Эліфаз, Балдад і Зафар. Побач з Ёвам яны праводзяць сем дзён і начэй, моўчкі седзячы побач. За гэты час сябры не прамовілі аніводнага слова (гл. Ёв 2, 13). Сем дзён маўчання — наймудрэйшае, што можна было зрабіць. У цішыні яны былі побач са сваім сябрам, падтрымліваючы яго ў цяжкіх пакутах.

Калі італьянская мафія забіла майго сябра, сямнаццацігадовага Марчэлло, я амаль усю ноч праседзеў побач з ягонай маці. Яна трымала мяне за руку і плакала, пытаючы, дзе цяпер Бог і чаму Ён забраў яе любага сыночка. У слязах яна распавядала пра сына і абвінавачвала Бога ў жорсткасці. Я таксама ў думках размаўляў з Богам, пытаючыся ў Яго, што мне сказаць гэтай маці, як абараніць Яго перад закідамі няшчаснай жанчыны, як ёй дапамагчы. Тады Бог даў мне зразумець, што нічога ад мяне не чакае, апроч прысутнасці. «Проста будзь тут», — сказаў Ён мне. — «Не трэба нічога гаварыць, не трэба нічога рабіць. Слухай і будзь побач з ёю, каб яна ўбачыла што Бог не пакінуў яе ў гэтую цяжкую хвіліну».

Я моўчкі сядзеў побач з жанчынаю. Гэтая ноч стала для мяне самым складаным, самым балючым урокам малітвы.

 

Складаныя пытанні без адказу

Загаварыўшы, сябры Ёва ўсё сапсавалі. Яны нібыта суцяшаюць, спрабуюць растлумачыць, чаму так адбылося, чаму на Ёва зваліліся ўсе гэтыя няшчасці. Але якія пустыя іх словы, якія непраўдзівыя і высмактаныя з пальца іх парады, і наколькі мудрэйшаю была проста маўклівая прысутнасць. І хто тых сяброў за язык цягнуў…

Эліфаз пачаў гаварыць: «Вядома, ты грэшнік, дык вызнай свае грахі. Нічога не бывае проста так, гэта Бог цябе карае, бо невінаватыя так не пакутуюць». Эліфаз нават думкі не дапускае, што зусім не ўчынкі Ёва сталі прычынаю пакутаў, бо гэта не вяжацца з тэалагічнымі прынцыпамі, рушыць асновы веры. Справядлівы чалавек не можа цярпець пакутаў, бо тады атрымліваецца, што Бог несправядлівы. Нават падумаць пра гэта было б блюзнерствам. Эліфаз дае нам зразумець, што калі рэчаіснасць не адпавядае тэалагічнай дактрыне, тым горш для рэчаіснасці.

Гэтак жа звяртаецца да сябра і Балдад: «Чыні дабро, і тады сітуацыя зменіцца, не можа быць такіх няшчасцяў без віны, адпакутуй і стань мудрэй. Навяртанне верне табе ўдачу». Гэта ўсё нагадвае парады тэлевізійных трэнераў паспяховага жыцця і выглядае як дэвіз на рэкламнай расцяжцы: «Бог вырашыць усе твае праблемы!». Не вырашыць!

Зафар дадае: «Ты сляпы, бо не бачыш, у чым твая віна. Ты нясеш лухту, блюзнерыш, сваім бясконцым ныццём абражаеш Бога, задаеш Яму недарэчныя пытанні. Нельга задаваць Богу такіх пытанняў!». Няўжо?

Многія пазбягаюць складаных пытанняў, баяцца задаваць іх сабе і Богу. Але «чаму вы аддаляецеся ад словаў праўды?» (Ёв 6, 25а). Многія лічаць, што сварыцца з Богам недапушчальна, нельга прыводзіць Яму свае аргументы, дзяліцца сваім меркаваннем, рабіць закіды: «За што Ты мяне так судзіш? Ці добрым Табе здаецца тое, каб прыгнятаць і ганьбіць мяне?» (Ёв 10, 2–3). У змаганні з Богам няма нічога дрэннага. Кожны раз, калі мы пачынаем гэтае змаганне, выходзячы з застою, абыякавасці, бяздзейснасці, Ён перамагае ў барацьбе, а Яго перамога над намі ёсць і нашаю перамогаю. Няўжо Бог не змагаецца за нас?

Сябры Ёва падымаюць вельмі важныя тэалагічныя пытанні і ўпэўненыя ў сваёй рацыі: «Бог пасылае цярпенні злым, а не добрым, Ён узнагароджвае верных шчаслівым жыццём і карае грэшнікаў».

Варта згадаць, што аўтары большасці кнігаў Старога Запавету не верылі ў жыццё пасля смерці, таму, вядома, не разлічвалі на ўзнагароду па-за зямным жыццём. Гэта яшчэ больш узмацняе трагедыю Ёва. Вечны — толькі Бог, а чалавек прамінае, нібы павеў ветру, і ніколі ўжо не абудзіцца. Яму горш, чым дрэву, якое «мае надзею: калі б было ссечанае, дык зноў адрасце і парасткі свае пускаць не пакіне» (Ёв 14, 7).

Да сёння даволі распаўсюджанае меркаванне, што Бог спрыяе справядлівым у зямным жыцці, і гэта часта становіцца прычынаю адыходу ад Бога. За якія грахі? Чаму са мною гэта здарылася, я ж так стараўся захоўваць усе запаведзі і рэгулярна хадзіць у касцёл: Ты ж павінен, Божа, клапаціцца пра сваіх верных! А дзе Ты быў, калі са мною гэта адбывалася? Калі нявінныя церпяць, а злачынцы цудоўна жывуць, дзе тут логіка? Можа Бог не валадарыць над светам, які сам стварыў, раз тут пануе хаос? Дзеля чаго імкнуцца жыць дасканала і справядліва, калі гэта не прыносіць шчасця на зямлі або хаця б пасля смерці? Калі здаецца, што адзінае правіла ў свеце — гэта адсутнасць усялякіх правілаў, то тады для чаго мне іх прытрымлівацца?

 

Вобраз Бога і вобраз д’ябла

Праблема няшчасця і цярпення нявіннага чалавека — важная тэма ў літаратуры XIX і XX стагоддзяў. Мяне моцна ўзрушыў у «Братах Карамазавых» Ф. Дастаеўскага маналог атэіста Івана, які не жадае мірыцца з тым, што пакутуюць дзеці, і абвінавачвае вернікаў у тым, што яны занадта проста разумеюць прычыны чалавечых цярпенняў:

«Слухай, калі ўсе мусяць пакутаваць, каб пакутамі купіць вечную гармонію, то пры чым тут дзеці, скажы мне, калі ласка? Зусім незразумела, дзеля чаго і яны мусілі пакутаваць і дзеля чаго ім купляць пакутамі гармонію? <...> І калі пакуты дзяцей дапоўнілі кошт пакутаў, неабходны, каб купіць праўду, тады я загадзя сцвярджаю, што ўся праўда не вартая такой цаны».

Пакуты без віны становяцца прычынаю евангельскага бунту супраць вобразу Бога, які можа ўсё і заўсёды павінен нам дапамагаць. У Хрысце мы спазнаем зусім іншага Бога, чыя моц крыецца ў бездапаможнасці Ягняці, якога вядуць на зарэз. Толькі той, хто верыць у таямніцу крыжа, мог напісаць словы, падобныя да тых, што знайшлі побач з целам вязня у лагеры Равенсбрук:

«Пане, Ты бачыш, як нашыя палачы здзекуюцца з нас, мучаюць нас, забіваюць. Але Ты бачыш таксама, як мы дзелім між сабою акраец хлеба, як шмат сярод нас падтрымкі і любові. Прашу Цябе, Пане, памятай не толькі пра мужчын і жанчын добрай волі, але і пра тых, хто прыніжае нас. Забудзься пра тое, што яны зрабілі нам, а памятай пра плён, які прынеслі гэтыя пакуты: пра нашае сяброўства, дабрыню, цярплівасць, велікадушнасць сэрцаў. Калі нашыя палачы стануць перад Тваім судом, дазволь, о Пане, каб плён, які далі мы, стаў прабачэннем для іх».

Вартая ўвагі постаць д’ябла, які ў гісторыі Ёва выступае як супрацоўнік Бога. Гэты феномен вельмі проста растлумачвае кс. Дарыюш Іваньскі ў кнізе «Ёў для адважных»2. У часы персідскай імперыі, калі ўзнікла аповесць пра Ёва, краіна была падзеленая на землі, якімі кіравалі князі-сатрапы. Каб упэўніцца ў вернасці сатрапа, кароль пасылаў эмісара, які мусіў праверыць, наколькі мясцовы сатрап захоўвае паслухмянасць каралю. Для гэтага эмісар дражніў яго, спрабаваў выцягнуць нейкія непаважлівыя словы пра караля, злавіць на нявернасці. Вобраз д’ябла, намаляваны аўтарам Кнігі Ёва, выкліканы менавіта вобразам эмісара-спакушальніка, які павінен даць каралю справаздачу ў вернасці ягонага сатрапа.

Д’яблава справа завяршаецца паразаю. Ёў не скардзіцца на Бога, хоць і не згаджаецца з Ім. Ён думаў, што сябры стануць на ягоны бок, засведчаць яго невінаватасць, пажадаюць яго абараніць, аднак усе ад яго адвярнуліся.

Эліфаз, Балдад і Зафар, гаворачы пра Бога, перакананыя, што гавораць ад Яго імя, але з самім Богам яны ўвогуле не размаўляюць. Толькі Ёў застаецца чалавекам малітвы, цвёрдай і балючай, але шчырай і сапраўднай. Не атрымаецца пазнаць Бога без дыялогу з Ім самім. «Ты памыліўся, Божа!» — усклікае Ёў. Ён звяртаецца да Бога на «Ты», спрабуе змусіць Яго даць адказ на пытанні, якія задае Яму. Ці прызнáе Ён, што памыліўся? Нягледзячы на тое, што мінула шмат стагоддзяў, мы і цяпер задаем Богу складаныя пытанні: «Няўжо Ён кожны раз памыляецца, калі ў свеце нараджаецца дзіця-інвалід? Няўжо жудасная лавіна, якая пахавала мноства людзей проста разам з дамамі, узнікла з прычыны Божай бяздумнасці? Ці ўвогуле Бог ведае, што робіць?»

«Не жадаю скардзіцца на лёс, не прашу больш за тое, чым Ты можаш даць, і ўсё яшчэ спадзяюся, што Ты ведаеш, што робіш, Божа!» — спяваецца ў папулярнай песні. — «Чаму Ты даў мне паверыць у цуд, а пасля ўсё адабраў?». Гэтыя словы гучаць прыгожым псальмам у стылі малітвы Ёва, што ўзносіцца да маўклівага, але добрага Бога.

 

Бог — не вораг жыцця

Бог вучыць жыццю, Ён — не вораг жыцця. Ён заўжды заставаўся на баку Ёва, які ніколі не прымаў занадта простых адказаў на цяжкія экзістэнцыяльныя пытанні. Бог не пасылае кары! Пакуты — гэта таямніца, а не няшчасце, якое дапускае Бог. Бог не здымае нас з крыжа, затое Ён побач з намі ў цяжкія хвіліны жыцця. Як сонца, што ўзыходзіць над добрымі і злымі, так і зло здараецца з добрымі і злымі людзьмі. Так створаны свет.

Кожнае цярпенне — гэта зло, але яно можа мець сэнс, яго можна перажываць прыгожа. Бог не пасылае эпідэміі і прыродныя катастрофы, каб пакараць людзей — яны могуць стаць цудоўнаю магчымасцю наблізіцца да Бога. Не існуе хваробаў, якія паходзяць ад Бога, і ніколі нельга адмаўляцца ад малітвы аб аздараўленні. Няма войнаў, катаклізмаў і трагедый, якія запланаваў Бог.

Нармальна ва ўсіх гэтых сітуацыях звяртацца па дапамогу да Бога. Аднак часта мы забываемся прасіць Бога аб святле і разуменні таго, што адбываецца. Перад тым, як паўтараць за паэтам Аляксандрам Фрэдрам: «Няхай будзе воля Неба, з ёй заўжды згаджацца трэба», паспрабуйма пазнаць, зразумець гэтую волю. Калі вакол змрок і сумненні, задавайма пытанні.

Ёў — гэта прыклад чалавека, які сутыкнуўся з найстрашнейшым выпрабаваннем, быў дарэшты змучаны болем, але ўсё ж пытаўся, усё ж хацеў зразумець. Віктор Гюго назваў яго «тытанам на навознай кучы», а мастак Оскар Какошка «бачыць у лёсе Ёва адбітак нашай экзсістэнцыі, раскрэсленай крывавымі драпінамі і бессэнсоўнасцю»3. У сваіх разважаннях над Кнігаю Ёва я не абмяжоўваюся канстатацыяй, што праз справядлівае жыццё не жывецца нам лепш. Проста я кажу, як і многія мае сябры, што «кожны добры ўчынак павінен быць пакараны». Такое жыццё. І дзе тут логіка?

Пераклад з польскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «W drodze», № 10, 2016 г.


  1. Паводле: Л. М. Талстой, «Смерць Івана Ільіча, Крэйцарава саната, Гаспадар і парабак». — Мінск, Мастацкая літаратура. — 1977. — С. 53.
  2. Гл.: Ks. Dariusz Iwański, Hiob dla odważnych. Wydawnictwo Bernardinum. — Pelplin, 2015. — S. 73–77.
  3. Паводле: Gianfranco Ravasi, Hiob czesc II. Wzdawnictwo Salvator. — Krakow, 2005. — S. 595.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY