|
|
№
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Паэзія
Пераклады
Кантрапункт
Постаці
Мастацтва
|
Дзеля выяўлення ўсяго кола рэгіянальных стылістычных адметнасцяў у кантэксце езуіцкага храмабудаўніцтва на Беларусі цяпер неабходна перанесціся ў полацка-віцебскі рэгіён, што быў адносна блізкі ад сталіцы дзяржавы Вільні і больш за іншыя рэгіёны знаходзіўся пад яе культурным уплывам. Рэзідэнцыя езуітаў у Полацку заснавана ў 1579 г., па часе другой пасля Вільні на тэрыторыі ВКЛ і першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Роля Полацка ў гісторыі гэтага ордэна унікальная: ён стаў не толькі першым, але і апошнім яго прытулкам на беларускіх землях. Летам 1580 г. пад патранатам караля Стэфана Баторыя і намаганнямі вядомага езуіта, палеміста і прапаведніка Пятра Скаргі ў Полацку быў заснаваны калегіум – 5-класная навучальная ўстанова філалагічна-тэалагічнага профілю, дзе выкладаліся лацінская і грэцкая мовы, рыторыка, паэтыка, антычная літаратура і Святое Пісанне. Навучэнцы выхоўваліся ў духу адданасці каталіцызму і справе ордэна. Каралеўскім фундушам 1582 г. полацкім езуітам былі перададзены ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры горада, за выключэннем Сафійскага сабора. Першапачаткова будынкі калегіума меркавалася ўзвесці на востраве ў цячэнні Заходняй Дзвіны, на месцы манастыра Іаана Прадцечы, аднак пазней першыя драўляныя будынкі касцёла і калегіума ўсё ж пачалі будаваць на высокім правым беразе ракі, непадалёку ад Сафійскага сабора, паміж Верхнім замкам і рынкавай плошчай горада, пра што сведчыць адпаведная каралеўская грамата. Езуіцкі касцёл быў асвечаны ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і св. Стэфана, нябеснага патрона караля-заснавальніка.
На тэрасе перад галоўным фасадам быў разбіты рэгулярны сад. Па восі параднага вестыбюля размяшчаўся вялікі выступны аб'ём, на першым паверсе якога знаходзіўся рэфектар, дзе на сценах віселі карціны і была амбона, аздобленая ў тэхніцы стука. Верхні паверх над рэфектарам займала славутая бібліятэка калегіума, у якой на час расфармавання налічвалася 40 тысяч тамоў. Гэта быў найбагацейшы кнігазбор на Беларусі. Аснову кніжнага фонда складалі выданні ХVІ–ХVІІІ стст. на польскай, лацінскай, французскай і нямецкай мовах, а таксама літаратура, выдадзеная на Беларусі, у тым ліку ва ўласнай друкарні калегіума. Сярод кніг меліся падручнікі па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма, слоўнікі, творы Я.Каханоўскага, П.Скаргі, М.Карыцкага, Н.Мусніцкага, А.Нарушэвіча і іншых слынных асобаў. У бібліятэцы зберагаліся старажытныя рукапісы, каралеўскія граматы і іншыя дакументы, дысертацыі, энцыклапедычныя выданні і дапаможнікі па асобных дысцыплінах. Бакавыя крылы калегіума мелі калідорную планіроўку. Светлыя аднабаковыя калідоры злучалі на трох паверхах 105 манаскіх келляў, перакрытых так званымі «езуіцкімі» скляпеннямі – з падвойнымі распалубкамі на вуглах. Калідор правага крыла далучаўся да алтарнай часткі касцёла, арыентаванай на захад, да Рыма. У 1773 г. булай папы Кліменція ХIV ордэн езуітаў быў скасаваны (гэта адбылося праз год пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), але Кацярына ІІ насуперак папскай буле вырашыла захаваць ордэн у сваёй дзяржаве, і цэнтрам яго знаходжання стаў Полацк, які ўвайшоў у склад Расійскай імперыі. У той жа час на астатняй тэрыторыі ВКЛ маёмасць езуітаў перайшла да Адукацыйнай камісіі на чале з І.Л.Храптовічам, а на базе езуіцкіх калегіумаў ствараліся свецкія школы. У Полацку тым часам працягвалася будаўніцтва: да 1778 г. паралельна падоўжнай восі касцёла, на поўдзень ад яго, быў пабудаваны трохпавярховы корпус, на першым паверсе якога знаходзілася друкарня, на другім – вучылішча, на трэцім – тэатр, які меў багатыя дэкарацыі. У 1780 г. Полацк наведала Кацярына ІІ, што спрыяла чарговай актывізацыі будаўніцтва калегіума: прамавугольны перыметр асноўнага корпуса замкнулі 1–2-павярховыя мураваныя гаспадарчыя будынкі з праязной брамай унутр двара. Акрамя лямусаў, стайняў, рамізніцкай, пякарні і інш., тут мясціліся сталярная і слясарная майстэрні, суконная фабрыка, аптэка з лабараторыяй і сушыльняй лекавых траваў. У лютым 1784 г. у Полацк прыехаў прафесар архітэктуры Габрыэль Грубер, славенец па паходжанні, які з 1785 г. выконваў абавязкі кіраўніка ордэна. Гэта быў чалавек выключных здольнасцяў. Ён валодаў шматлікімі еўрапейскімі мовамі, добра ведаў філасофію, тэалогію, матэматыку, фізіку, астраномію, быў доктарам медыцыны і выдатным мастаком, хаця звычайна яго характэрызуюць як архітэктара і матэматыка (прынамсі гэтыя дысцыпліны ён выкладаў у полацкім езуіцкім калегіуме). Паводле яго праекта пабудаваны новы корпус, які злучыў галоўны і тэатральны карпусы: тут знаходзіліся пінакатэка, аздобленыя ўласнымі фрэскамі Грубера, музей, дзе захоўваліся 484 архітэктурныя гравюры, хімічная лабараторыя, абсерваторыя і кабінеты па розных дысцыплінах (фізічны, прыродна-гістарычны, мінералагічны, этнаграфічны і інш.). У архітэктурным кабінеце былі паказаны мадэлі класічных ордэраў, канструкцыйныя вузлы і фундаменты збудаванняў. Прынамсі з полацкім езуіцкім калегіумам звязаны пачатак прафесійнай архітэктурнай адукацыі на Беларусі: тут існавалі два факультэты цывільнай і ваеннай архітэктуры, на якіх у 1802 г. навучалася каля 40 чалавек. У 1800 г. Габрыэль Грубер стаў першым рэктарам новага калегіума ў Пецярбургу. Ён меў вялікі ўплыў на расійскага імператара Паўла І, пры пасрэдніцтве якога ў 1801 г. атрымаў фармальны дазвол папы Пія VІІ на прызнанне ордэна ў межах Расійскай імперыі, а ў 1802 г. быў абраны яго генералам. У 1814 г. папа Пій VІІ цалкам аднавіў ордэн езуітаў ва ўсім свеце. На базе калегіума ў 1812 г. стала працаваць вышэйшая навучальная ўстанова – Полацкая езуіцкая акадэмія, якая праіснавала да 1820 г. Яна падначальвалася генералу езуіцкага ордэна і міністру асветы Расійскай імперыі. Полацкай акадэміі падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія школы ў Расіі: у Рызе, Дынабургу, Оршы, Мсціславе, Магілёве, Адэсе, Віцебску, Астрахані. Дзякуючы ёй горад квітнеў, але асабліва святочна ён выглядаў 1 жніўня, калі ў езуіцкіх школах пачыналіся вакацыі. Выхаванец полацкай езуіцкай акадэміі, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі пісаў: «У той дзень горад Полацак мог стаць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з'язджаліся абывацелі; адны – на ўрачыстасці ў дзень святога ігнацыя Лаёлы, другія – каб падзякаваць за турботы тым, хто глядзеў іхніх дзяцей, іншыя, каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкай акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з'язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары». Ахоплены вялікім пачуццём да горада свайго дзяцінства, ён працягваў: «Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю грандыёзныя купалы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем... Там, там калыска маёй маладосці!». Дзейнасць езуітаў спынілася паводле ўказа Аляксандра і ад 13 сакавіка 1820 г. аб высылцы езуітаў з Расійскай імперыі. Акадэмію зачынілі, а будынкі і маёмасць перадалі ордэну піяраў (іх ордэн існаваў да 1830 г.). Бібліятэчныя зборы раскамплектавалі і разаслалі ў Пецярбург (389 старадрукаў) і Сімбірск (2080 кніг). Частка іх праз віцебскую Духоўную семінарыю трапіла ў Кіеўскую духоўную акадэмію і г.д. У былым калегіуме размясціўся Полацкі кадэцкі корпус, касцёл жа ў лютым 1833 г. быў пераасвечаны ў праваслаўную царкву ў гонар святога Мікалая Мірлікійскага, якая пазней стала кафедральным саборам Полацка-Віцебскай епархіі. У гэты час комплекс рэканструявалі па праекце полацкага епархіяльнага архітэктара А.Порта, але, як сведчыць малюнак Н.Орды 2-й паловы ХІХ ст., значных зменаў у яго вонкавым выглядзе не адбылося. Тое ж бачна і на старых паштоўках Полацка пачатку ХХ ст. Характэрна, што за надзвычайнай сацыяльна-гістарычнай значнасцю полацкай рэзідэнцыі езуітаў, маштабамі яе культурна-асветніцкай дзейнасці, грандыёзнасцю архітэктурнага ансамбля, які адыгрываў дамінантную ролю ў забудове Полацка, мастацтвазнаўчы аналіз архітэктуры ўласна касцёла звычайна заставаўся ў ценю: самае большае – канстатаваліся яго значныя памеры (24 х 47 м у плане, вышыня вежаў – 60 м) і архітэктанічная схема: 3-нававая крыжова-купальная базыліка з 2-вежавым фасадам. Пры гэтым з прычыны пэўнай тыповасці гэтай схемы ён быццам не ўяўляў цікавасці для даследчыкаў ні як самастойнае мастацкае цэлае, ні як этапная з'ява ў развіцці беларускага барока. Ва ўсіх сучасных даведніках і навуковых даследаваннях пабудова касцёла св. Стэфана датуецца адным 1738 г., што разам з датай кансэкрацыі 1745 г. пераносіць яго ўзвядзенне на часы росквіту віленскага барока, для якога полацкая святыня выглядае вельмі архаічна і спрошчана. На самай справе, у 1738 г. яго будаўніцтва было амаль завершана і віленскае барока дачынілася да яго мастацкага аблічча толькі на апошнім этапе – узвядзенні верхніх ярусаў вежаў і аздабленні інтэр'ера. Архітэктоніка полацкага касцёла езуітаў амаль ідэнтычная крыху больш ранняму аршанскаму касцёлу таго ж ордэна і таго ж паўночнага рэгіёна Беларусі. У полацкім касцёле толькі на адзін крок слупоў павялічана даўжыня базылікі і структура 2-вежавага фасада-нартэкса выяўлена больш яскрава. Крылы трансепта ў абодвух выпадках злёгку выступаюць за межы прамавугольнага плана базылікі, а алтарнае завяршэнне цэнтральнай навы мае прамавугольны абрыс, у выніку чаго ў верхнім сячэнні яны ўтвараюць вельмі сціплы па абрысе лацінскі крыж, аднолькава павернуты сакральнай часткай на захад, да Рыма. Характэрна, што абрыс алтарнай часткі ўнутры полацкага касцёла паўцыркульны, што вядзе да значнага павелічэння масіўнасці вуглавых вузлоў, але стварае неабходную для барока пластычнасць і цякучасць прасторы, падкрэсленую мураваным алтаром. Уласцівая полацкаму комплексу камфортнасць і тэхнічная рацыянальнасць выяўлены ва ўдалым размяшчэнні прасторных маршавых лесвіц сіметрычна абапал алтарнай часткі касцёла, што дазваляе ім злучаць адначасова як паверхі калегіума, так і закрыстыю храма. Сяродкрыжжа полацкага касцёла езуітаў было ўвенчана барочным купалам на гранёным барабане, які таксама мае аналаг у аршанскай царкве базыльянак, пра што сведчаць архіўныя графічныя матэрыялы па абодвух неацалелых да нашага часу помніках. З іх відавочна, што 2-схільныя дахі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах цэнтральнай навы і трансепта значна паніжаны і мадэрнізаваны ў стылі класіцызму пры перабудове касцёла св. Стэфана пад Мікалаеўскі сабор. У інтэр'еры цыліндрычныя з распалубкамі скляпенні ўмацоўвалі адзінкавыя пілястры, што характэрна для перыяду сталага барока пачатку ХVІІІ ст., але элементы пластычнага аздаблення маюць адвольныя маляўнічыя абрысы і слаістыя крапоўкі позняга барока сярэдзіны стагоддзя. У сціплай архітэктуры галоўнага фасада аршанскага касцёла езуітаў мы адзначалі рысы стылістыкі «сармацкага» барока. У пэўнай ступені іх можна назіраць і ў вонкавым абліччы полацкага касцёла, але формы яго галоўнага фасада вызначаюцца значна большай вытанчанасцю і экспрэсіяй. Першае гарызантальнае сячэнне фасада зроблена ў ім на ўзроўні карніза цэнтральнай навы, а не бакавых наваў, як у аршанскім, што надае прапорцыям пілястраў і прасценкам паміж імі надзвычайную выцягнутасць і вертыкалізм. Сціплыя чацверыкі другога яруса вежаў таксама больш высокія і вытанчаныя, а два верхнія ярусы вежаў, тэлескапічная структура і прасторавая разгорнутасць якіх мае ўжо яскравыя прыкметы віленскага барока, надаюць галоўнаму фасаду такую ўзнёслую стромкасць, якой, відавочна, не меў ніякі іншы помнік сакральнай архітэктуры барока на Беларусі. Гэты магутны акорд рукатворнага харала ствараў галоўную сілуэтную дамінанту горада, нават больш значную за Сафійскі сабор. Магчыма, гэтая моцная горабудаўнічая актыўнасць культавага збудавання стала прычынай таго, што на піку атэістычнага варварства, у 1936 г., вежы касцёла разабралі: на адной з іх знаходзіліся званы, на другой – унікальны гадзіннік работы віленскага майстра Густава Мудні. Другая хваля вандалізму накрыла ўжо ўвесь комплекс. Гэта адбылося падчас так званай хрушчоўскай «адлігі». Рэспубліканская камісія на чале з тагачасным намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР В.Г.Каменскім і старшынёй Дзяржбуда БССР архітэктарам У.А.Каралём прыняла рашэнне аб «немэтазгоднасці і немагчымасці» аднаўлення комплексу, будынкі якога адразу былі знятыя з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх знішчэнне «целевым назначением» было вылучана 30 тысяч (тагачасных!) рублёў. У студзені 1964 г. касцёл св. Стэфана і частку калегіума ўзарвалі. Пасля ўзрыву ўтварылася каля 50 тысяч кубічных метраў цэглы і шчэбеню, якія на працягу года выкарыстоўваліся прадпрыемствамі і насельніцтвам на «добраўпарадкаванне горада». На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976–1979 гг. узняўся прэстыжны 9-павярховы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіума, схаванага за гэтай плоскай каробкай, захаваліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.
З 1756 г. пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр. Будаўніцтва будынка працягвалася аж да 1799 г. І было закончана ўжо пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай. Яго архітэктура мае рысы пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Фасад П-падобнага двухпавярховага корпуса калегіума, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы Саборнай плошчы, побач з касцёлам, быў раскрапаваны сіметрычным уваходным аб'ёмам, які завяршаўся трох'яруснай вежай з гадзіннікам. Планіроўка калегіума была калідорная з аднабаковым светлым калідорам. На 1-м паверсе размяшчаліся пакоі для вучняў, архіў, рэфектар з кухняй, на 2-м – келлі манахаў і цёплая капліца, у цокальным паверсе – гаспадарчыя службы. Памяшканні ўсіх паверхаў перакрываліся крыжовымі скляпеннямі, а залы рэфектара і капліцы над ім – люстэркавымі скляпеннямі з падугамі (найбольш распаўсюджаны тып скляпення перыяду барочнага класіцызму). У 1804–1820 гг. у будынку размяшчалася павятовае вучылішча, у 1822–1839 гг. ён часова належаў базыльянскаму ордэну.
Пры параўнанні (па архіўных графічных матэрыялах) архітэктонікі віцебскага касцёла езуітаў з полацкай і аршанскай святынямі таго ж ордэна і таго ж рэгіёна, відавочна, што ён у большай ступені набліжаецца да апошняга: тая ж колькасць апорных слупоў базылікі, тыя ж прапорцыі чляненняў галоўнага фасада. Асноўнымі адрозненнямі з'яўляюцца паўкруглае завяршэнне прэзбітэрыя і значна больш насычаная пластыка дэкаратыўнага вырашэння: слаістыя пілястры, шматлікія раскрапоўкі антаблементаў, фігурныя абрамленні праёмаў у стылі віленскага барока. У гэтых адносінах Юзафаўскі касцёл у першапачатковым варыянце меў шмат агульнага з крыху больш познім бернардзінскім касцёлам св. Антонія ў Віцебску, пабудаваным у 1737–1755 г., які, відавочна, паўтараў свайго папярэдніка ў будове і пластыцы галоўнага фасада, але ўжо не меў характэрных для езуітаў трансепта і купала на сяродкрыжжы.
У інтэр'еры цэнтральная нава перакрытая цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на адзіночных падпружных арках. Міжнававыя аркады падтрымліваюць падвойныя падпружныя аркі. Аналагічныя аркі падзяляюць травеі бакавых наваў, у выніку чаго апорныя слупы атрымліваюць складаную канфігурацыю са шматлікімі раскрапоўкамі. Уся паверхня сцен і скляпенняў дэкаравана фрэскавай размалёўкай у тэхніцы «грызайль», якая «аптычна на муры» імітавала скульптурную лепку і архітэктурны стафаж. Ніжняя частка купала запоўнена ілюзорна-перспектыўнай архітэктурнай кампазіцыяй, на ветразях – выявы евангелістаў, на консе апсіды і тарцах прэзбітэрыя – святыя і анёлы. Над уваходам размешчана пано-картуш з выявамі двух воінаў са шчытамі і воінскіх атрыбутаў. З вышэй разгледжанага відавочна, што прынамсі эстэтычна-тэалагічная канцэпцыя «езуіцкага» барока была матывуючай, стрыжнёвай, праграмнай ідэяй развіцця хрысціянскага мастацтва ва ўсім свеце на працягу ХVІ–ХVІІІ стст. Аднак яна арганічна адаптавалася да мясцовых культурных традыцый і падпарадкоўвалася заканамернасцям эвалюцыі стылю ў канкрэтным сацыяльна-гістарычным кантэксце. Мастацтвазнаўчы аналіз езуіцкага храмабудаўніцтва на Беларусі паказвае, што, магчыма, тут ордэн езуітаў у найвышэйшай ступені выявіў сваю гістарычную культурна-асветніцкую місію і стварыў высокія ўзоры дойлідства барока, пераважна рукамі мясцовых майстроў. Сакральныя збудаванні езуітаў, захоўваючы ў асноўным кананічную схему рымскага сабора Іль Джэзу, прайшлі розныя этапы станаўлення беларускага барока, набылі рысы нацыянальнай адметнасці. На гэта іх стымулявала сацыяльна-эканамічнае і канфесійна-тэалагічнае супрацьборства з праваслаўнымі, уніятамі, пратэстантамі і нават шэрагам каталіцкіх «жабрацкіх» ордэнаў. Калі на пачатку эпохі барока езуіты выступілі сцяганосцамі гэтага стылю, то на наступных этапах развіцця беларускага сакральнага дойлідства мясцовыя мастацкія плыні «сармацкага» і «віленскага» барока пачалі адваротна ўплываць на злёгку кансерватыўнае езуіцкае храмабудаўніцтва. Гэта выявілася, перш за ўсё, у паступовым фармаванні 2-вежавага галоўнага фасада-нартэкса (у Іль Джэзу і нартэкс, і вежы на галоўным фасадзе ўвогуле адсутнічаюць); у эвалюцыі фармальных пластычных характарыстык (плоскасная трактоўка ордэра, дынаміка сілуэта, перавага вертыкальных прапорцый, тэлескапічная структура вежаў і інш.); у змяншэнні клерыкальна-семантычнай ролі трансепта і купала (у кампазіцыі яны часам цалкам адсутнічаюць), што мы лічым тэндэнцыяй да кампрамісу ў поліканфесійным грамадстве ВКЛ; у выкарыстанні шэрагу выпадкаў прамавугольнай формы прэзбітэрыя пад уплывам будаўніцтва «жабрацкіх» ордэнаў з патрэбы секулярызацыі касцёльнага мастацтва. У выніку ўзоры езуіцкага храмабудаўніцтва сталі арганічнай часткай сакральнага беларускага дойлідства, а так званае «езуіцкае» барока стала для нашай зямлі, яе гісторыі і культуры сваім, нашым.
|
|
|