Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты

ПРАВАСЛАЎЕ І КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры

ПОШУКІ БОГА
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Вандроўкі

ВЕРЫЛІ РАЗАМ
Нашы святыні
Пераклады

КАРНЕЙ ВАСІЛЬЕЎ
Галерэя

Дадатак да артукула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

СЮЖЭТ «АПОШНЯЙ ВЯЧЭРЫ»
Ў БЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ

«Апошняя Вячэра» (Ultima Cena) - адзін з самых значных і драматычных эпізодаў зямнога жыцця Хрыста, які апісвалі ўсе евангелісты. Паводле Мацвея (26, 17-29), Езус накіраваў вучняў да пэўнага чалавека, каб там падрыхтаваць Пасху. І калі яны елі, Езус сказаў, што адзін з іх выдасць Яго. Уражаныя апосталы пачалі пытацца, хто ж гэта. «А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне…». На пытанне Юды Езус адказаў як бы сцвярджальна. Потым Езус, блаславіўшы, даў апосталам хлеб і віно, устанавіўшы тым самым Эўхарыстыю.

Марк (14, 13-15) да аповеду Мацвея дадаў толькі штрых пра тое, як вучні шукалі патрэбны дом: «...І пасылае двух вучняў сваіх і кажа ім: ідзіце ў горад і сустрэнецца вам чалавек, несучы збанок вады: пойдзеце следам за ім. ...там гаспадар пакажа святліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам».

Лука ўдакладніў, што шукаць дом і рыхтаваць Вячэру Езус паслаў Пятра і Яна. Але яшчэ раней «увайшоў сатана ў Юду» і ён пайшоў да першасвятароў і начальнікаў дамовіцца пра выдачу Езуса. Аповед Лукі адрозніваецца ад папярэдніх евангелістаў тым, што ў ім Езус спачатку дае хлеб і віно, а потым гаворыць, што рука Яго прадажніка з Ім за сталом і навучае, каб «большы быў як меншы і начальнік як слуга». На палкае абяцанне Пятра ісці за Езусам і ў цямніцу і на смерць Езус сказаў: «Не заспявае певень сёння, як ты тройчы зрачэшся, што не ведаеш Мяне» (Лк 22, 3-38).

У Евангеллі ад Яна Апошняй Вячэры і гасціне прысвечаны пяць раздзелаў. У пачатку Езус паказвае прыклад любові: распрануўся, падперазаўся ручніком, уліў ваду ў умывальніцу і пачаў абмываць вучням ногі і абціраць ручніком. Потым ён тлумачыць сэнс умывання і паведамляе, што будзе выданы адным з іх. Пётр просіць Яна даведацца імя здрадніка, і той, прыпаўшы да грудзей Езуса, задае пытанне, і Ён, умачыўшы кавалак хлеба, падае яго Юду. «І пасля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана». Адаслаўшы Юду, Езус прамовіў вялікую развітальную пропаведзь (Ян 13-17).

Сюжэт «Апошняй Вячэры» ў хрысціянскім мастацтве мае два тыпы адлюстравання: літургічны (устанаўленне Эўхарыстыі) і гістарычны. У апошнім часта паказваецца момант, калі Хрыстус прадказвае апосталам здраду аднаго з іх і, калі ўражаныя апосталы спрабуюць даведацца, «хто?», пэўным чынам паказвае на здрадніка. Раннія выявы сюжэта заснаваныя на сінаптычных Евангеллях, пазнейшыя - на Евангеллі ад Яна. Часам абодва аспекты падзеі спалучаюцца ў адно цэлае.

У візантыйскай іканаграфіі літургічны змест Апошняй Вячэры атрымаў большую значнасць, чым яе гістарычная падстава1. Упершыню такая выява з'явілася ў Кодэксе Рабулы. Хрыстус стаіць, нахіліўшыся, з келіхам у руцэ. Злева да Яго набліжаюцца адзінаццаць апосталаў, адзін з якіх прымае хлеб. У Расанскім Кодэксе кампазіцыя дзеліцца на дзве часткі: у адной Хрыстус падае шасці апосталам святы хлеб, у другой - віно ў келіху2. Выдатная мініяцюра з багатым зместам змешчана ў Псалтыры Барберыні. З ІХ ст. сцэна паказваецца як гістарычная, у момант прадказання Юдавай здрады.

Літургічныя выявы Апошняй Вячэры вядомыя з VI ст. - мазаіка ў касцёле Сан Апалінар Нуово ў Равэне. На ёй адзінаццаць апосталаў па антычным звычаі паўляжаць (так гаворыцца і ў евангеллях) за сталом-«сігмай» (форма, падобная на саляю царквы) з дзвюма рыбамі на блюдзе (у грэцкай назве рыбы «ІХТІС», як лічылі першыя хрысціяне, схавана імя Хрыста). Хрыстус у крыжовым німбе ляжыць на пярэднім плане злева, сіметрычна да Яго размешчаны адзін з апосталаў3. У манументальным царкоўным жывапісе выява Эўхарыстыі як прычасце Хрыстом апосталаў каля ахвярніка змяшчалася ў алтары на самым бачным месцы (мазаіка ў касцёле Сан Вітале ў Равэне). Выдатны даследчык евангельскай іканаграфіі М.В. Пакроўскі мяркуе, што ўжо адсюль яна перайшла ў мініяцюры і абразы4. Самы старажытны візантыйскі ўзор ва ўсходнеславянскім свеце - мазаікі ХІ ст. у Сафійскім саборы і Міхайлаўскім манастыры ў Кіеве. У апсідзе Сафіі за апосталамі, якія з двух бакоў ідуць да Езуса на прычасце, стаяць Аарон і Мельхісэдэк - старазапаветныя першавобразы святарскага сану Хрыста5.

Найбольш старажытных выяваў «Апошняй Вячэры» захавалася ў Евангеллях і Псалтырах. Іх кампазіцыя традыцыйная, але ў візантыйскіх помніках апосталы сядзяць за сталом, а не ляжаць. Могуць быць адрозненні ў размяшчэнні апосталаў. У Расанскім Кодэксе (VI ст.) - стол-сігма, 12 апосталаў і Хрыстус на левым краі, побач - малады Ян, на правым краі - апостал Пётр. Юда працягвае руку да залатога келіха на стале, тут жа ляжаць хлеб і рыбы. У пазнейшых мініяцюрах старажытны стол-сігма замяняецца авальным. У Бібліі з Брытанскага музея апосталы сядзяць у рад за выгнутым па дузе сталом, узняты над імі Хрыстус прычашчае Юду, а ўнізе абмывае ногі Пятру.

Да Джота выявы на мініяцюрах заходніх і ўсходніх рукапісаў маюць аднолькавую схему: стол-сігма, келіх, дзве рыбы. На фрэсцы ў падуанскай Капэле дэль Арэна Джота пасадзіў апосталаў двума радамі абапал прамога стала, Езус з Янам і Пятром яшчэ з краю, Юда выдзелены, але пакуль невыразна6. Самая значная своеасаблівая рыса, якая з'явілася на Захадзе, - аддзяленне Юды, таму што ў момант Вячэры ён ужо стаў адшчапенцам. Здраднік паўляжыць або стаіць па іншы бок стала. Другая характэрная рыса - прамавугольны стол, які з'яўляецца на мініяцюрах у ХІІ ст. Пры гэтым адбываецца і перамяшчэнне Езуса ў цэнтр кампазіцыі - да Яго схіліўся любімы вучань Ян. Юда выдзяляецца як здраднік праз адасобленае месца, жоўтае адзенне, працягнутай да рыбы або да міскі рукой ці тым што Езус падае яму кусок. Да ХІІІ ст. апосталы не выдзяляюцца, апрача Яна, Юды і зрэдку Пятра. Юда паказваецца з кашальком, бо ён збіраў міласціну, або з сімвалам сатаны. Вядомы ў мініяцюрах Х-ХІІІ стст. і камунійны змест пад дзвюма постацямі. З ХV ст. на Захадзе па рашэнні Канстанцкага Сабора парафіяне прычашчаюцца ўжо толькі хлебам7.

У найбольш старажытных насценных роспісах захоўваецца тая самая схема, што і ў мініяцюрах. Пазней і ў балканскім мастацтве Хрыстус змяшчаецца пасярод апосталаў за сталом прамавугольнай або авальнай формы. З'яўляецца архітэктурны фон з калонамі і скляпеннямі, дадаюцца рысы сучаснага мастаку нацыянальнага побыту. Ва ўсходнеславянскіх храмах такія ж змены характэрныя для ХVІІ-ХVІІІ стст. У гэты ж час абраз «Апошняй Вячэры» змяшчаецца над царскімі варотамі іканастаса.

У эпоху Рэнесанса «Апошняя Вячэра» становіцца любімым сюжэтам фрэсак на сцяне рэфекторыяў. Андрэа дэль Кастаньа ў кляштары св. Апалонія у Фларэнцыі (1447-1449) аддаў больш увагі інтэр'еру, чым апосталам, пасаджаным у радок на канапе. Юда - на другім баку па цэнтры насупраць Хрыста. Стол умоўны, відзён толькі звешаны бок абруса. Сусветна вядомай стала фрэска Леанарда да Вінчы ў рэфекторыі кляштара Санта Марыя дэлла Грацэ ў Мілане. На ёй паказаны драматычны момант прадказання Юдавай здрады. Хрыстус знаходзіцца ў цэнтры за прамавугольным сталом, абапал Яго па шэсць апосталаў: злева - Барталамей, Якуб Малодшы, Андрэй, Юда Іскарыёт, Сымон (Пётр) за Юдам, Ян, справа - Тамаш (ззаду), Якуб Завядзеяў, Піліп, Мацвей, Юда (Тадэвуш), Сымон Зілот8. Фрэска проста і шматзначна ўпісана ў прастору рэфекторыя: на другім канцы насупраць стаяў стол прыёра, уздоўж бакавых сценаў сядзелі манахі, і выглядала так, што пры іх трапезе прысутнічаюць апосталы і Хрыстус. «Напэўна, моцнае было ўражанне, калі ў час трапезы тыя, хто сядзеў за сталом прыёра, і тыя, хто сядзеў за сталом Хрыста, глядзелі адны на другіх нібы ў люстэрка, а манахам за іх сталамі здавалася, што яны знаходзяцца паміж гэтымі двума судружжамі»9. Міланская фрэска праз шматлікія копіі (Гётэ налічыў іх каля 30) і гравюры зрабіла значны ўплыў на выявы «Апошняй Вячэры» ў еўрапейскім мастацтве. Неўзабаве пасля таго як Леанарда да Вінчы закончыў сваю працу міланскі гравёр Джавані Пьетра да Бірага зрабіў з фрэскі дакладны рэнесансавы медзярыт. Гравюры эпохі барока вызначаліся большай свабодай, да таго ж яны часта выконваліся з капійных малюнкаў, як, да прыкладу, афорт «скарочанай рэдакцыі» Петэра Соутмана паводле Рубенса, дзе гравёр абмежаваўся пустым сталом з апосталамі, не паказаўшы леанардаўскі інтэр'ер. Апрача таго, дошка наштыхаваная з малюнка непасрэдна без патрэбнай інверсіі, таму пры друку атрымалася гравюра, павернутая справа налева адносна міланскай выявы10.

У еўрапейскім алтарным жывапісе сюжэт «Апошняй Вячэры» даволі рэдкі. Самым вядомым прыкладам з нідэрландскага мастацтва ХV ст. з'яўляецца абраз на дошцы Д. Боутса (1464-1467) у касцёле св. Пятра ў Лёвэне. Евангельская дзея перанесена ў гатычны інтэр'ер з люстрай і размаляванай падлогай. На стале з белым абрусам стаіць вялікае блюда з ахвярным ягнём, не келіх, а патэна, чаркі, ножыкі. Езус бласлаўляе перад сабою, трымае у руцэ аплатак. Два вучні сядзяць на табурэтах перад сталом, астатнія - на лавах. Ян са складзенымі перад сабою рукамі - справа ад Езуса, Пётр - злева. Апрача апосталаў (усе без німбаў) прысутнічаюць чатыры чалавекі ў гатычных уборах, якія, верагодна, належалі да Брацтва Найсвяцейшага Сакраманту11.

Архаічнасць і адчуванне навакольнай рэчаіснасці характэрныя для нямецкага мастацтва ХV ст. «Апошняя Вячэра» на знешняй створцы алтара («Майстар дамашняй кнігі») вызначаецца яркім каларытам і яшчэ адваротнай перспектывай. За квадратным сталом, засланым белым абрусам, кругам пасаджаны босыя апосталы, адзетыя часткова па-мясцоваму, з залатымі німбамі (апрача Юды), з вясёлымі тварамі. Ян паклаў галаву на калені Езусу. Не адчуваецца драматызму, сцэна мае спакойны, нават ідылічны выгляд. На стале - ягнё на талерцы і эўхарыстычныя прыборы. Юда ў доўгім жоўтым халаце сядзіць асобна ў фатэлі, бокам да стала. На пярэднім плане - плецены кораб, фон стварае сцяна з вокнамі12. Такі ж светлы настрой і яркі каларыт відзён і на карціне Ёса ван Вассенховэ (1473-1475) нідэрландскай школы. Ствараецца ўражанне, што гэтыя рысы пазней склаліся і ў беларускім сакральным жывапісе. У Веранэзэ (1570) дзея адбываецца ўнутры вялікай рэнесансавай залы з адкрытай галерэяй. Дынамічная група апосталаў дапоўнена гаспадарамі - венецыянскімі патрыцыямі і слугамі, а перад сталом - сярэднявечны плецены кораб з ручніком.

На беларускіх землях першыя выявы «Апошняй Вячэры» эўхарыстычнага тыпу былі ў фрэскавых роспісах храмаў ХІ-ХІІ стст. у Полацку, Віцебску, Гродне. Пра гэта сведчаць раскрытыя фрагменты з выявай апостала ў Полацкай Сафіі і шматфігурная «Эўхарыстыя» ў Спаса-Праабражэнскай царкве13. Гістарычна-сімвалічны змест мае выява «Апошняй Вячэры» ў Кіеўскім Псалтыры. Кніга напісана па заказе смаленскага епіскапа Міхаіла ў 1397 г. у Кіеве іераманахам Спірыдоніем, але невядома, хто выканаў мініяцюры. Гэты самы старажытны ва ўсходніх славянаў ілюстраваны Псалтыр ад пачатку ХVІ амаль да канца ХІХ ст. знаходзіўся ў віленскай царкве св. Мікалая. У цэнтры мініяцюры, падпісанай «вечеряе іс съ оучнемі своими», стаіць круглы, прыгожа засланы стол з чашай. Абапал яго наўскасяк размешчаны два ложы, на якіх ляжаць Езус і адзін з апосталаў, астатнія сядзяць ці стаяць за сталом. Юда яшчэ не выдзяляецца. Архаічнасць кампазіцыі, магчыма, паходзіць ад старажытнай фрэскі ХІ-ХІІ стст. у Сафійскім саборы, дзе Езус таксама паказаны на ложы. У тым жа Псалтыры ёсць і мініяцюра «причащение на Тайней вечери». Хрыстус стаіць пад ківорыем ахвярніка і падносіць да вуснаў схіленага апостала сасуд з віном, далей стаяць яшчэ пяць апосталаў, якія чакаюць сваёй чаргі.

«Апошняя Вячэра» і «Эўхарыстыя» захаваліся ў «візантыйска-рускіх» фрэсках ХV ст. касцёлаў у Сандаміры, Вісліцы, Любліне, Кракаве, звязаных з беларуска-ўкраінскім культурным асяроддзем. У прэзбітэрыі капліцы св. Тройцы ў Любліне невядомы майстар Андрэй каля 1418 г. паказаў Вячэру на фоне тыповых іканапісных будынкаў, падобных на вежы. Адзінаццаць апосталаў з Езусам і Янам у цэнтры пасаджаны вакол авальнага стала, на якім, апрача місы з рыбай, пакладзены гародніна і ножыкі і, што асабліва цікава, ручнік з тканым узорам (як згадка пра Хрыстова абмыванне ног апосталам). Юда - адыходзіць, ён ужо на правым краі кампазіцыі. Німб намаляваны толькі вакол галавы Хрыста. На той жа апсіднай сцяне незвычайна паказана прычашчэнне апосталаў. Яны стаяць на каленях па шэсць чалавек з двух бакоў і прымаюць камунію з рук Езуса-Дзіцяці (дакладней, двух), якіх трымае на руках велічны Старац - Бог-Айцец14. Відаць, так своеасабліва майстар нагадаў пра адзінасутнасць Бога-Айца і Сына (капліца прысвечана Тройцы).

У капліцы св. Крыжа на Вавэлі (1470 г.) апосталы раўнамерна пасаджаны вакол авальнага стала; Хрыстус - у цэнтры, абапал Ян і Юда, які, сагнуўшыся, апускае руку ў міску. На стале - маленькія келіхі, хлябы, нажы і лыжкі. Ззаду па вуглах - традыцыйныя вежы. У «Эўхарыстыі» Хрыстус у дзвюх постацях пад навесам-ківорыем каля ахвярніка прычашчае групы па шэсць чалавек. Усе яны з німбамі - мастак нібы абапіраецца на тэкст Лукі, паводле якога Эўхарыстыя адбылася раней, чым было аб'яўлена пра здраду.

У роспісах эпохі барока «Эўхарыстыя» ўваходзіць у склад цыклу пра пакуты Хрыста, як, да прыкладу, у алтары Святадухаўскай царквы Тупічаўскага манастыра. Тады ж у Богаяўленскай царкве Куцеінскага манастыра з'яўляецца сюжэт са старазапаветным правобразам камуніі апосталаў: насустрач войску Езуса Навіна выходзіць першасвятар Мельхісэдэк з келіхам і хлебам на блюдзе15. Гэтая падзея не выпадкова ўведзена ў вядомыя роспісы сярэдзіны ХVІІІ ст. у нясвіжскім касцёле Божага Цела.

Адзіны дрэварыт «Апошняй Вячэры» ў старабеларускай кніжнай графіцы выканаў магілёўскі майстар Васіль Вашчанка да «Акафістаў паўсядзённых» (1698 г.). Апосталы цесна размешчаны ўздоўж трох бакоў стала; маленькі, як падлетак, Ян сядзіць на каленях у Езуса, які паказвае пальцам на Юду, пазбаўленага німба. На заднім плане - простыя архітэктурныя пабудовы рэнесансавага выгляду.

«Апошняя Вячэра» як літургічны сюжэт з'явілася над царскімі варотамі ў царкве ў ХV-ХVІ стст. адначасова з высокім іканастасам, які закрыў ад вернікаў роспісы і мазаікі ў апсідзе. Найбольш даўнія з ацалелых ікон датуюцца сярэдзінай ХVІІІ ст. Абраз Юраўскай царквы ў Давыд-Гарадку ўпісаны ў круг на надваротным шчыце, аднак апосталы сядзяць за прамым сталом. У сюжэце спалучаны гістарычны і літургічны змест евангельскага апавядання. На стале, апрача блюда з рыбамі, келіха, талерак і прасвірак, ляжаць тры доўгія нажы (магчыма, як сімвал ахвяры ў Старым Запавеце). У цэнтры на фоне пілона пад расхінутым занавесам - Езус, які правай рукой бласлаўляе келіх, а ў левай трымае хлеб. Над самым німбам свяцільнік - сімвал прысутнасці Бога. Размяшчэнне апосталаў кананічнае: узрушаны Пётр, малы Ян схіліўся да грудзей Настаўніка, Юда на левым краі спіной да гледача, але адвярнуўшыся ад Езуса. Збан на плеценым корабе перад сталом нагадвае ці пра «Абмыванне ног» ці пра пошук дома для Вячэры.

Тры свяцільнікі (як знак Святой Тройцы?) звісаюць з-пад занавеса над апосталамі на абразе «зёлаўскага майстра» з Антопаля (магчыма, гэтая дэталь перайшла ў ікону з нейкай гравюры). Восем апосталаў пасаджаны ў рад абапал Езуса са схіленым да Яго пляча Янам, два - па краях стала з келіхам і прасвіркамі. У знак прымання ахвярнага хлеба апосталы дружна паклалі адну руку на стол, а другую прыклалі да грудзей, клянучыся ў вернасці Езусу. Падкрэслена аддзелены ад усіх Юда трымаецца за бараду нібы ў роздуме.

Своеасабліва пабудавана вертыкальная кампазіцыя абраза на дошцы са Шклова. Хрыстус і апосталы, згрупаваныя вакол стала, які ўзняты на подыум, падобны на двухступенчатую саляю праваслаўнага храма. Пад расхінутым занавесам (старазапаветным аналагам царскай брамы) прытуліўся да грудзей Езуса Ян, побач - Пётр, Юда сядзіць бокам на процілеглым баку стала. Справа ўнізе стаіць кабета са збаном пад пахаю (відавочна, гаспадыня дома) і дзяўчынка перад ёю. Да подыума паднімаецца малады чалавек (ці не той, што прывёў апосталаў у дом?). Такое незвычайнае дапаўненне не сустракаецца больш нідзе ў беларускім жывапісе, ды, магчыма, і ў еўрапейскім.

Абраз з Хоцімска мае адбітак позняга барока ў экспрэсіўных постацях апосталаў, цесна пасаджаных вакол кароткага стала. На бялюткім абрусе стаіць маленькі келіх, раскладзены прасвіркі, талеркі, сталовыя прыборы. Езус у зялёным гімаціі і пурпурным хітоне бласлаўляе эўхарыстычныя дары. Апосталы відавочна магілёўскага тыпажу: круглатварыя, з кірпатымі насамі, пераважна сівавалосыя (толькі ў Юды валасы чорныя), - здраднік сядзіць бокам да стала, апусціўшы кашэль уніз; нічога знешне злавеснага ў ім няма і адзенне найлепшых колераў: хітон - чырвоны, гімацій - цёмна-сіні. Такое ж адзенне на Якубу, які сядзіць злева ад Езуса, справа - Ян, склаўшы рукі перад сабою, і Пётр, які жэстамі пераконвае Настаўніка і сябе ў вернасці.

Трэба адзначыць, што мясцовыя мастакі імкнуліся надаць пэўныя рысы адметнасці кампазіцыі «Апошняй Вячэры», наогул вельмі кананічнай. Так, у абразе з іканастаса царквы ў вёсцы Барок (раней Баслаўцы) на Случчыне Езус не бласлаўляе келіх, але паклаў разведзеныя рукі на стол адкрытымі далонямі ўгару, нібы прадказваючы раны, якія з'явяцца на іх ужо заўтра. Стол прамы, але кампазіцыя, упісаная ў разьбяны картуш, мае авальны абрыс. Любімы вучань Ян схіліўся да Пятра, а не да Езуса; наогул у беларускіх абразах ён даволі рэдка схіляе галаву да грудзей Настаўніка. Магчыма, гэтыя дэталі бяруць пачатак ад фрэскі Леанарда да Вінчы.

Абраз з Галомыслі на Дзісеншчыне па характары жывапісу ў стылі своеасаблівага правінцыйнага класіцызму, напэўна, адначасовы драўлянаму храму 1827 г., таму што ў гэты час ва уніяцкіх цэрквах ужо абавязкова ставіліся іканастасы. Апосталы сядзяць на мясцовых лавах з гнутымі ножкамі за прамым сталом, на якім - келіх, талерка з рыбай, хлеб. Рукі Езуса пакладзены на стол уверх далонямі, але пальцы правай складзены ў блаславенні. Апосталы з вельмі выразнымі тварамі звернуты да Езуса, узрушаны толькі што пачутымі словамі пра здраду аднаго з іх. Толькі крайні справа Юда, выдзелены агрэсіўным колерам адзення, глядзіць убок. Вячэра адбываецца ў сціплым памяшканні з вокнамі толькі ў бакавых сценах.

На «Апошняй Вячэры» з Чарневічаў (той жа рэгіён і час) Езус бласлаўляе эўхарыстычнае віно і хлеб, апосталы ўспрымаюць запавет Настаўніка. Фонам служыць класіцыстычная сцяна з апсідай, над галавой Езуса - лямпа ў выглядзе лодкі з трыма агеньчыкамі. Абраз з Порплішча (каля 1794 г.) па кампазіцыі падобны да чарневіцкага, толькі малюнак яшчэ прасцейшы, а стол густа запоўнены хлябамі і кілішкамі, што нагадвае звычайную вячэру, а не літургічную. Крайні справа апостал трымае амфару значнага памеру, а каля ног Юды стаіць міса з уціральнікам.

Узорам выразнага наіўнага жывапісу 1-й паловы ХІХ ст. можна лічыць абраз з Астрыно, у якім наглядна спалучаны момант прадказання здрады і аб'яўленне Эўхарыстыі. Цікава, што Юда адкрыта трымае мяшочак з грашыма і левай рукой насыпае манеты ў чашку на стале (ён насіў казну апосталаў), а 30 сярэбранікаў тут яшчэ не фігуруюць. Келіх стаіць на супрацьлеглым ад Езуса краі стала. Езус бласлаўляе віно адкрытай далонню правай рукі, а другой паказвае на хлеб. Апосталы ўзрушаны і паказваюць гэта жэстамі. У абразе са Свіслачы Юда выдзелены тым, што па яго адзенні паўзе маленькі чорцік.

На некаторых з беларускіх абразоў адчуваецца кампазіцыйны ўплыў фрэскі Леанарда (напэўна, праз гравюры). Прыкладам з'яўляецца «Апошняя Вячэра» з Касуты на Вілейшчыне (на жаль, ужо скрадзенай з царквы). Апрача парадку, у якім апосталы (у рад) сядзяць за доўгім сталом, тут паўтораны і міланскі інтэр'ер - з трыма вокнамі ў кожнай з трох сценаў пакоя, столь з квадратнымі кесонамі. Гэтак жа шчодра застаўлены стол ежай. Верагодна, ад Леанарда пайшоў і жэст рук Хрыста, пакладзеных на стол далонямі ўверх. Аднак мастак толькі часткова паўтарыў позы і жэсты апосталаў, пры гэтым парушыў іх размяшчэнне. Ян схіляецца да Езуса, а не да суседняга апостала, Пётр перанесены на другі бок і так далей.

След міланскага роспісу відзён і ў абразе з Падгорнай (каля 1827 г.): тры акны ў сцяне, жэст рук Езуса. Ён сядзіць на фоне сярэдняга акна, левую руку паклаў на край стала з белым абрусам, правую далонню ўверх.

Абраз з-пад Ваўкавыска даволі блізкі да фрэскі Леанарда і згаданай гравюры Дж. Пьетра да Бірага, толькі мастак адрэзаў другарадную верхнюю частку кампазіцыі з рэнесансавым інтэр'ерам і тым самым наблізіўся да традыцыйнай царкоўнай выявы. Урэшце, не выключана, што ён мог бачыць нейкую іншую, «скарочаную», гравюру ці малюнак, накшталт Рубенсавага.

У беларускім алтарным жывапісе абразоў «Апошняй Вячэры» захавалася мала. Уласна кажучы, сам сюжэт дапасуецца толькі да тытула касцёлаў Божага Цела (найбольш вядомыя з іх у Нясвіжы і Крамяніцы). Знакаміты абраз вялікіх памераў (1753 г.) у Нясвіжы прыпісваюць радзівілаўскаму мастаку паходжаннем з Гесэна Ксаверыю Дамініку Гескаму. Мастак вынаходліва вырашыў праблему пераводу традыцыйнай гарызантальнай кампазіцыі з мноствам фігур у вертыкальны фармат, неабходны для новага алтара. На ніжняй палове палатна мастак рассадзіў у звычайным парадку дванаццаць апосталаў вакол авальнага стала з Хрыстом у цэнтры. Пасярэдзіне стала знаходзіцца блюда з прасвіркамі, перад апосталамі - пустыя талеркі. Езус яшчэ толькі ўзняў руку ў блаславенні над келіхам, але, відаць, паведаміў ужо пра здраду - апосталы ўсхваляваныя, Юда адвярнуўся ад стала, а Сымон Зілот гатовы кінуцца на яго. Дзея адбываецца ў інтэр'еры накштал храмавага прэзбітэрыя з калонамі, паўкруглай апсідай і рассунутым занавесам. Над Езусам у нябёсах распасцёр рукі Бог-Айцец і лунае Святы Дух у атачэнні анёлкаў - такім чынам па восі алтара паказана Святая Тройца.

Другі абраз знаходзіцца ў верхнім ярусе галоўнага алтара ў касцёле Божага Цела ў Крамяніцы (пры ім да 1832 г. існаваў кляштар канонікаў латэранскіх). Тытул касцёла ў Крамяніцы тлумачыцца такой жа назвай галоўнага касцёла канонікаў латэранскіх у Кракаве. Мастак дасягнуў вертыкальнасці кампазіцыі, рассадзіўшы за сталом толькі сем апосталаў, астатнія стаяць на заднім плане. Тут падкрэслены літургічны змест: на стале толькі келіх, хлеб у левай руцэ Езуса, абапал якога, як звычайна, - Ян і Пётр. На пярэднім плане павярнуўся спіною да гледача лысаваты, але ўсё ж цёмнавалосы Юда.

Унікальная выява «Апошняй Вячэры» захавалася на табернакулюме галоўнага алтара касцёла ў Воўпе. Яна намаляваная на задняй сцяне цыліндрычнага шкафчыка, у якім стаіць манстранцыя, і становіцца бачнай пры яго адпаведным павароце. На жаль, рэдкі роспіс з дынамічнай кампазіцыяй і выразнымі тыпажамі падноўлены, напэўна, у канцы ХІХ ст.

Падводзячы вынік разгляду найважнейшага евангельскага сюжэта, можна адзначыць, што ў старабеларускім мастацтве «Апошняя Вячэра» трактавалася перш за ўсё як літургічны акт; мастакі асуджалі здраду ў вобразе Юды, але не хацелі падкрэсліваць драматызм гістарычнай падзеі і тым самым ставіць здрадніка на пярэдні план.


  1. Покровскій Н.В. Евангелие в памятниках иконографии. М., 2001. С. 364.
  2. Тамсама. С. 366.
  3. Тамсама. С. 358.
  4. Тамсама. С. 369.
  5. История русского искусства. Т. 1. М., 1953. С. 165—166.
  6. Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1971.
  7. Майкапар А. Новый завет в искусстве. М., 1996. С. 207.
  8. Тамсама. С. 205.
  9. Гёте И.В. Об искусстве. М., 1975. С. 266—267.
  10. Флекель М.И. От Маркантонио Раймонди до Остроумовой-Лебедевой. М., 1987. С. 21—25.
  11. Vegh J. Malarstwo niderlandzkie ХV wieku. Warszawa, 1977. № 27.
  12. Государственные музеи Берлина. ГДР. М., 1983. № 183.
  13. Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс ХІ—ХVІІІ стст. Мн., 1986. С. 13—14, 35.
  14. Тамсама. С. 66, 71.
  15. Тамсама. С. 102, 99.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY